Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Вялікі Панядзелак


 

 

Вялікі Панядзелак

ШОСТАЯ ГАДЗІНА


Трапар прароцтва (Тон 4): З душою скрушлівай прыбягаем да Цябе і молімся Табе, Збавіцелю сьвету, бо Ты Бог тых, што каюцца.

Пракімен (Пс 125): Калі Госпад вяртаў Сыён з палону, мы былі быццам у сьне.

Верш: Тады вусны нашыя былі поўныя сьмеху.


Чытаньне кнігі прарока Езекіеля (1:1-20)

Было гэта ў трыццатым годзе, пятага дня чацьвертага месяца, калі я знаходзіўся сярод выгнанцаў над ракою Кэбар. Нябёсы адчыніліся, і я меў відзеньне Божае. У пяты дзень месяца – быў пяты год ад паняволеньня караля Якіма – было слова Гасподняе да сьвятара Езекіеля, сына Бузы, на зямлі халдэйскай над ракою Кэбар. Рука Гасподняя была над ім.

I бачыў я: вось узьняўся вялікі вецер з поўначы, вялікая хмара і агонь (і зьзяньне вакол яго), а з сярэдзіны праменіла нешта падобнае на жар расплаўленага золата. Пасярэдзіне было нешта накшталт чатырох жывых істотаў. А вось іх выгляд: мелі яны постаць чалавека. Кожная з іх мела чатыры твары і чатыры крылы. Ногі іх былі простыя; ступні, падобныя да цялячых, блішчэлі, як начышчаная медзь. Пад крыламі мелі яны рукі людзкія па чатырох бакох. Твары (і крылы) гэтых чатырох істотаў – крылы іх судатыкаліся – не паварочваліся, калі яны ішлі: кожная з іх ішла проста як глядзела перад сабою. Абліччы іх мелі такі выгляд: з правага боку кожная з чатырох істотаў мела твар чалавека і твар льва, а з левага кожная з іх мела твар вала і твар арла. Крылы былі ўзьнятыя ўгару; два з іх судатыкаліся і два пакрывалі іхнія целы. Кожная (з істотаў) ішла проста як глядзела перад сабою, куды вёў яе дух; ідучы, не аглядалася назад.

Пасярэдзіне гэтых жывых істотаў зьявіліся быццам вуглі распаленыя, падобныя да сьветачаў; яны рухаліся між гэтымі істотамі. Агонь ясна сьвяціў, і з яго выляталі іскры. Жывыя істоты бегалі туды і сюды як маланкі.

Я прыгледзеўся да гэтых жывых істотаў, (і ўбачыў, што) пры кожнай з гэтых істотаў на зямлі было кола. Выглядам і вырабам гэтыя колы былі быццам з залатога каменя, і ўсе чатыры мелі аднолькавы выгляд, і зробленыя былі так, што, здавалася, адно кола было ў другім. Маглі рухацца ў чатырох кірунках; калі рухаліся, не вярталіся назад. Абруч гэтых колаў быў вялізны. Я прыгледзеўся, і вось абручы ўсіх чатырох былі поўныя вачэй. I калі тыя істоты рухаліся, рухаліся таксама і колы; а калі істоты ўзьнімаліся, узьнімаліся і колы. Дух жыцьця быў у гэтых колах.


Пракімен (Пс 126): Калі ня Госпад збудуе дом, марныя намаганьні будаўнікоў.

Верш: Калі ня Госпад ахоўвае места, дарэмна пільнуюць яго вартаўнікі.

 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст