Галоўная > Вялікі тыдзень > Вялікі Панядзелак

Вялікі Панядзелак


18 лютага 2008.
ЮТРАНЬ


Пачатак звычайны Вялікапоснай ютрані. Пасьля шасьці псалмаў, Мірнай літаніі і "Алілуя":

Трапар (Тон 8):Вось Жаніх ідзе апоўначы, і шчасьлівы той слуга, каго Ён знойдзе нядрэмным; нягодны ж той, каго засьпее бязьдзейсным. Дык глядзі, душа мая, не засьні сном ленасьці, каб ня быць аддадзенай агню і не застацца вонках Валадарства, але ачуняй і кліч голасна: Сьвяты, сьвяты, сьвяты Ты, Божа наш, малітвамі Багародзіцы збаў нас. (Тройчы)

Сядальная песьня 1 (Тон 1): Сёньня сьвятыя Цярпеньні зьзяюць на ўвесь сьвет сьвятлом збаўленьня, бо вось Хрыстос у міласэрнасьці сваёй ідзе на мукі. Той, хто трымае ўсё ў руцэ сваёй, дабравольна аддае сябе на ўкрыжаваньне, каб збавіць род людзкі.

Слава ... Цяпер ..: Тое самае.

Сядальная песьня 2 (Тон 1): Нябачны Судзьдзя, як Ты стаўся бачным у целе, як гэта Ты ідзеш да беззаконных людзей, каб быць забітым і скасаваць наш прысуд мукамі сваімі? Дзеля гэтага хвалу, узьвялічваньне і славу аднадушна аддаем Табе, Слова.

Слава ... Цяпер ...: Тое самае.

Сядальная песьня 3(Тон 8): Сёньняшні дзень нам сьветла абвяшчае пачатак мукаў Госпада. Прыйдзіце, сьвяталюбцы, сустрэнем яго песьнямі: Вось Творца ідзе, каб прыняць крыж, зьнявагі і раны, і быць асуджаным Пілатам. Ён прымае біцьцё па галаве ад слугі, і усё церпіць, каб збавіць чалавека. Дык усклікнем Яму: "Чалавекалюбны Хрысьце Божа, даруй адпушчэньне правінаў тым, што пакланяюцца з вераю ўсячыстым мукам Тваім".

Слава ... Цяпер ...:Тое самае.


Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Мацьвея (21:18-43)

У той час Ісус, вяртаючыся ў горад, захацеў есьці. I, убачыўшы смакоўніцу пры дарозе, прыйшоў да яе і нічога не знайшоў на ёй, апроч аднаго лісьця; і кажа ёй: "Няхай на табе ня будзе плоду давеку". I смакоўніца адразу засохла. Вучні, убачыўшы, зьдзівіліся, кажучы: "Як гэта адразу засохла смакоўніца?". Ісус сказаў ім у адказ: "Калі будзеце мець веру і не ўсумніцеся, то ня толькі са смакоўніцай гэта зробіце, але калі і гэтай гары скажаце: Падыміся і кінься ў мора, – станецца. I ўсё, чаго б вы ні прасілі ў малітве з вераю, атрымаеце". Калі Ён прыйшоў у сьвятыню, падышлі да Яго, пакуль Ён вучыў, першасьвятары і старшыні народу, кажучы: "Якою ўладаю гэта робіш, і хто Табе даў гэтую ўладу?". Ісус жа сказаў ім у адказ: "Спытаюся і Я ў вас: калі адкажаце Мне, то і Я вам скажу, якой уладаю гэта раблю. Янаў хрост адкуль быў: з неба ці ад людзей?". А яны разважалі між сабою: "Калі скажам «з неба», то Ён скажа нам: «Чаму ж вы не паверылі?». Калі ж скажам «ад людзей» — баімся народу, бо ўсе ўважаюць Яна за прарока". I адказалі Ісусу: "Ня ведаем". Сказаў і Ён ім: "I Я не скажу, якой уладаю раблю гэта. А як вам здаецца? Адзін чалавек меў двух сыноў. Падышоўшы да першага, сказаў: "Сыне, ідзі сёньня працаваць у маім вінаградніку". Той адказаў: "Іду, ойча", – і не пайшоў. I падышоўшы да другога, сказаў тое самае. А той адказаў: "Не хачу", а потым раскаяўся і пайшоў. Хто з двух выканаў бацькаву волю?". Яны кажуць: "Апошні". Кажа ім Ісус: "Сапраўды кажу вам, што мытнікі і блудніцы ўвойдуць перад вамі ў валадарства Божае. Паслухайце і другую прыповесьць. Быў адзін гаспадар, які насадзіў вінаграднік, абгарадзіў яго мурам, выкапаў вінапрэс, збудаваў вежу — і здаў яго вінаградарам і паехаў. Калі ж надышоў час пладоў, ён паслаў слугаў сваіх да вінаградараў узяць свой плён. Вінаградары, схапіўшы слугаў, аднаго зьбілі, а іншага камянямі прыбілі. Зноў паслаў ён іншых слугаў, больш чым першых: і зрабілі з імі тое самае. Пасьля паслаў ён да іх свайго сына, кажучы: «Пасаромеюцца майго сына». А вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: «Гэта спадкаемца. Хадзем, заб'ем яго і авалодаем ягонаю спадчынаю». I, схапіўшы яго, выкінулі вон з вінаградніка і забілі. Дык калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што ён зробіць тым вінаградарам?". Яны кажуць Яму: "Злыдняў гэтых аддасьць лютай сьмерці, а вінаграднік перадасьць іншым вінаградарам, якія будуць даваць яму плады ў свой час". Кажа ім Ісус: "Хіба ж вы не чыталі: «Камень, які адкінулі будаўнікі, стаўся асноваю вугла; ад Госпада гэта, і ёсьць дзіўнае ў нашых вачох?». Таму кажу вам, што адымецца ад вас Божае валадарства і дасца людзям, якія будуць прыносіць свае плады".


Псалом 50.

Малітва: "Збаў, Божа, людзей Тваіх..."


Трысьпеў (Тон 2)

Песьня 1


Ірмас: Госпаду, які непраходнае бурнае мора Боскім загадам высушыў і загадаў ізраільскім людзям ісьці праз яго пехатою, пяём, бо Ён уславіўся.

Прыпеў: Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Невыказная спагадлівасьць Слова Божага: сам Хрыстос Бог стаўся чалавекам. Будучы прыродаю Богам, Ён прыняў выгляд слугі, аб'явіўся вучням сваім і ўславіўся.

Багаты Боствам, Я прыйшоў паслужыць Адаму, які зьбяднеў; Я стварыў яго, а цяпер дабравольна прыняў ягоны выгляд і, будучы Богам, непадуладным цярпеньням, прыйшоў аддаць жыцьцё Маё як выкуп за яго.

Кандак (Тон 8): Якуб плача па Язэпе, якога страціў. Тымчасам ягоны праведны сын здабыў павагу ў караля і сядзеў на калясьніцы. Ён не паддаўся салодкім спакусам егіпцянкі і быў праслаўлены Богам, які бачыць сэрцы людзей і дае нятленны вянец.

Ікас: Заплачам горкімі сьлязьмі разам з Якубам і прыгадаем годнага памяці цнатлівага Язэпа, які, хоць палонены целам, захаваў душу свабоднаю і быў пастаўлены кіраваць усім Ягіптам. Так вось Бог дае слугам сваім нятленны вянец.


Песьня 8

Ірмас: Нясьцерпны агонь, што падтрымліваўся няспынна палівам, адхінуўся ад чыстых целаў і душаў сьвятых юнакоў; і, калі полымя крыху сунімалася, быў чутны іхні сьпеў: "Усе стварэньні, слаўце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!".

"Людзі будуць знаць, што вы вучні мае, калі будзеце захоўваць Мае запаветы, – сказаў Госпад, ідучы на мукі, прыяцелям сваім. – Захавайце мір між сабою і з іншымі людзямі; будзьце пакорнымі, каб быць ўзвышанымі; і, ведаючы Мяне як Бога, слаўце і ўзьвялічвайце праз усе вякі".

Вашая ўлада не павінна быць такой, як у паганаў. Іхняя самаўпэўненая гордасьць і насільле – гэта ня тое, што Я ўстанавіў. Хай першы з вас будзе як апошні. Прызнайце Мяне Госпадам, слаўце і ўзьвялічвайце праз усе вякі.


Песьня 9

Ірмас: Ты, Хрысьце, узьвялічыў Багародзіцу, якая нарадзіла Цябе і ад якой Ты прыняў цела, падуладнае, як і наша, цярпеньням, але вольнае ад граху. Дзеля гэтага называем Яе шчасьліваю і славім Цябе.

"Адкіньце ўсякі бруд і грэшныя жаданьні, каб атрымаць разуменьне, годнае Боскага валадарства, – Ты, Мудрасьць усіх, сказаў апосталам сваім, – і будзеце зьзяць у славе ярчэй за сонца".

"Гляньце на Мяне, – Ты, Госпадзе, сказаў вучням сваім, – пакіньце гордыя думкі, здавольцеся малым, піце чашу, якую Я п'ю, каб быць праслаўленымі ў валадарстве Айца Майго".

Экзапастылар (Тон 3): Сьвятліцу бачу, Збавіцелю, упрыгожаную, але вопраткі ня маю, каб увайсьці ў яе: прасьвятлі вопратку душы маёй, Сьветладайны, і збаў мяне.


Пахвальныя псалмы

(Тон 1): Ідучы на дабравольную муку, Госпад сказаў вучням сваім: "Вось уваходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены, як напісана аб Ім". Дык хадзеце, пойдзем разам з Ім з ачышчаным розумам; будзем укрыжаваныя разам з Ім, і памрэм дзеля Яго для асалодаў гэтага жыцьця, каб нам жыць разам з Ім і пачуць Ягоныя словы: "Ужо больш не ўваходжу ў зямны Ерусалім, але ўзыходжу да Айца майго і Айца вашага, і да Бога майго і Бога вашага; і Я ўздыму вас да Ерусаліму высокага ў нябесным валадарстве". (Двойчы)

(Тон 5): Вось мы, верныя, дажылі да збавенных мукаў Хрыста Бога нашага; уславім Ягоную доўгацярплівасьць, каб у сваёй дабрасардэчнасьці Ён узьняў нас, амярцьвелых грахом, бо Ён добры і Чалавекалюбец. (Двойчы)

Слава ... Цяпер ...

(Тон 5): Ідучы на мукі, Ты, Госпадзе, умацоўваў веру вучняў сваіх. Адвёўшы іх у бок, Ты казаў ім: "Ці ж ня памятаеце, што Я раней казаў вам? Напісана, што прарок толькі ў Ерусаліме можа быць забіты. Цяпер прыйшоў час, пра які Я вам казаў. Вось буду выдадзены ў рукі грэшнікаў; яны назьдзекуюцца з Мяне і прыб'юць да крыжа; і, аддаўшы на пахаваньне, будуць глядзець на Мяне з агідаю, як на мёртвага. Але вы ня падайце духам, бо на трэці дзень уваскросну і дам усім верным радасьць і жыцьцё вечнае".


Вершапесьні

(Тон 5): Маці сыноў Забэдэявых не зразумела тайніцы невыказнага провіду Твайго, Госпадзе, і прасіла Цябе даць ейным сыном гонар дачаснага валадарства. Ты ж, замест гэтага, абяцаў прыяцелям Тваім, што і яны будуць піць са сьмяротнае чашы, з якой Табе першаму трэба было пакаштаваць, каб ачысьціць людзей ад граху. Таму голасна клічам: "Збаўленьне душаў нашых, слава Табе!".

Ты, Госпадзе, навучаў вучняў Тваіх дасканаламу разуменьню, кажучы: "Ня будзьце як пагане, якія пануюць над слабейшымі. Хай так ня будзе сярод вас, вучні мае, бо Я дабравольна зьбяднеў. Дык хай першы сярод вас будзе слугою ўсім, уладар як падуладны, а найбольшы як найменшы. Бо і Я сам прыйшоў, каб паслужыць Адаму ў ягонай беднасьці і даць жыцьцё Маё як выкуп за многіх, якія ўсклікаюць: Госпадзе, слава Табе!".

(Тон 8): Баючыся лёсу смакоўніцы, якая зьвяла, бо ня мела пладоў, пастараемся, браты, прынесьці Хрысту, што дае нам веліч зьмілаваньня, годныя плады пакаяньня.

Слава ... Цяпер ...

(Тон 8): Зьмяя знайшла другую Эву ў егіпцянцы, якая лісьлівымі словамі хацела спакусіць Язэпа. Але той, пакінуўшы сваю вопратку, уцёк ад граху. Хоць быў голы, як першы чалавек перад сваім падзеньнем, ён не адчуваў сораму. Малітвамі яго, Хрысьце, зьмілуйся над намі.


Далей – парадак ютрані ў Вялікі Пост


ШОСТАЯ ГАДЗІНА


Трапар прароцтва (Тон 4): З душою скрушлівай прыбягаем да Цябе і молімся Табе, Збавіцелю сьвету, бо Ты Бог тых, што каюцца.

Пракімен (Пс 125): Калі Госпад вяртаў Сыён з палону, мы былі быццам у сьне.

Верш: Тады вусны нашыя былі поўныя сьмеху.


Чытаньне кнігі прарока Езекіеля (1:1-20)

Было гэта ў трыццатым годзе, пятага дня чацьвертага месяца, калі я знаходзіўся сярод выгнанцаў над ракою Кэбар. Нябёсы адчыніліся, і я меў відзеньне Божае. У пяты дзень месяца – быў пяты год ад паняволеньня караля Якіма – было слова Гасподняе да сьвятара Езекіеля, сына Бузы, на зямлі халдэйскай над ракою Кэбар. Рука Гасподняя была над ім.

I бачыў я: вось узьняўся вялікі вецер з поўначы, вялікая хмара і агонь (і зьзяньне вакол яго), а з сярэдзіны праменіла нешта падобнае на жар расплаўленага золата. Пасярэдзіне было нешта накшталт чатырох жывых істотаў. А вось іх выгляд: мелі яны постаць чалавека. Кожная з іх мела чатыры твары і чатыры крылы. Ногі іх былі простыя; ступні, падобныя да цялячых, блішчэлі, як начышчаная медзь. Пад крыламі мелі яны рукі людзкія па чатырох бакох. Твары (і крылы) гэтых чатырох істотаў – крылы іх судатыкаліся – не паварочваліся, калі яны ішлі: кожная з іх ішла проста як глядзела перад сабою. Абліччы іх мелі такі выгляд: з правага боку кожная з чатырох істотаў мела твар чалавека і твар льва, а з левага кожная з іх мела твар вала і твар арла. Крылы былі ўзьнятыя ўгару; два з іх судатыкаліся і два пакрывалі іхнія целы. Кожная (з істотаў) ішла проста як глядзела перад сабою, куды вёў яе дух; ідучы, не аглядалася назад.

Пасярэдзіне гэтых жывых істотаў зьявіліся быццам вуглі распаленыя, падобныя да сьветачаў; яны рухаліся між гэтымі істотамі. Агонь ясна сьвяціў, і з яго выляталі іскры. Жывыя істоты бегалі туды і сюды як маланкі.

Я прыгледзеўся да гэтых жывых істотаў, (і ўбачыў, што) пры кожнай з гэтых істотаў на зямлі было кола. Выглядам і вырабам гэтыя колы былі быццам з залатога каменя, і ўсе чатыры мелі аднолькавы выгляд, і зробленыя былі так, што, здавалася, адно кола было ў другім. Маглі рухацца ў чатырох кірунках; калі рухаліся, не вярталіся назад. Абруч гэтых колаў быў вялізны. Я прыгледзеўся, і вось абручы ўсіх чатырох былі поўныя вачэй. I калі тыя істоты рухаліся, рухаліся таксама і колы; а калі істоты ўзьнімаліся, узьнімаліся і колы. Дух жыцьця быў у гэтых колах.


Пракімен (Пс 126): Калі ня Госпад збудуе дом, марныя намаганьні будаўнікоў.

Верш: Калі ня Госпад ахоўвае места, дарэмна пільнуюць яго вартаўнікі.


ЛІТУРГІЯ РАНЕЙ АСЬВЯЧАНЫХ ДАРОЎ


На "Госпадзе, Цябе клічу..." – дзесяць песняў з пахвальных псалмаў і вершапесьняў ютрані.

(Тон 1): Ідучы на дабравольную муку, Госпад сказаў вучням сваім: "Вось уваходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены, як напісана аб Ім". Дык хадзеце, пойдзем разам з Ім з ачышчаным розумам; будзем укрыжаваныя разам з Ім, і памрэм дзеля Яго для асалодаў гэтага жыцьця, каб нам жыць разам з Ім і пачуць Ягоныя словы: "Ужо больш не ўваходжу ў зямны Ерусалім, але ўзыходжу да Айца майго і Айца вашага, і да Бога майго і Бога вашага; і Я ўздыму вас да Ерусаліму высокага ў нябесным валадарстве". (Двойчы)

(Тон 5): Вось мы, верныя, дажылі да збавенных мукаў Хрыста Бога нашага; уславім Ягоную доўгацярплівасьць, каб у сваёй дабрасардэчнасьці Ён узьняў нас, амярцьвелых грахом, бо Ён добры і Чалавекалюбец. (Двойчы)

(Тон 5): Ідучы на мукі, Ты, Госпадзе, умацоўваў веру вучняў сваіх. Адвёўшы іх у бок, Ты казаў ім: "Ці ж ня памятаеце, што Я раней казаў вам? Напісана, што прарок толькі ў Ерусаліме можа быць забіты. Цяпер прыйшоў час, пра які Я вам казаў. Вось буду выдадзены ў рукі грэшнікаў; яны назьдзекуюцца з Мяне і прыб'юць да крыжа; і, аддаўшы на пахаваньне, будуць глядзець на Мяне з агідаю, як на мёртвага. Але вы ня падайце духам, бо на трэці дзень уваскросну і дам усім верным радасьць і жыцьцё вечнае".

(Тон 5): Маці сыноў Забэдэявых не зразумела тайніцы невыказнага провіду Твайго, Госпадзе, і прасіла Цябе даць ейным сыном гонар дачаснага валадарства. Ты ж, замест гэтага, абяцаў прыяцелям Тваім, што і яны будуць піць са сьмяротнае чашы, з якой Табе першаму трэба было пакаштаваць, каб ачысьціць людзей ад граху. Таму голасна клічам: "Збаўленьне душаў нашых, слава Табе!".

Ты, Госпадзе, навучаў вучняў Тваіх дасканаламу разуменьню, кажучы: "Ня будзьце як пагане, якія пануюць над слабейшымі. Хай так ня будзе сярод вас, вучні мае, бо Я дабравольна зьбяднеў. Дык хай першы сярод вас будзе слугою ўсім, уладар як падуладны, а найбольшы як найменшы. Бо і Я сам прыйшоў, каб паслужыць Адаму ў ягонай беднасьці і даць жыцьцё Маё як выкуп за многіх, якія ўсклікаюць: Госпадзе, слава Табе!".

(Тон 8): Баючыся лёсу смакоўніцы, якая зьвяла, бо ня мела пладоў, пастараемся, браты, прынесьці Хрысту, што дае нам веліч зьмілаваньня, годныя плады пакаяньня.

Слава ... Цяпер ...

(Тон 8): Зьмяя знайшла другую Эву ў егіпцянцы, якая лісьлівымі словамі хацела спакусіць Язэпа. Але той, пакінуўшы сваю вопратку, уцёк ад граху. Хоць быў голы, як першы чалавек перад сваім падзеньнем, ён не адчуваў сораму. Малітвамі яго, Хрысьце, зьмілуйся над намі.

Пракімен (Пс 27): Хай блаславіць цябе Госпад з Сыёну, каб ты бачыў дабрабыт Ерусаліму праз усе дні жыцьця твайго.

Верш: Блаславёныя ўсе, што баяцца Госпада і ходзяць Ягонымі шляхамі.


Чытаньне кнігі Выхаду (1-1-20)

Вось імёны сыноў Ізраіля, якія разам з Якубам, бацькам іхнім, прыйшлі ў Ягіпет, кожны са сваёй сям'ёю: Рубін, Сямён, Леві, Юда, Ісахар, Забулён і Бэніямін, Дан і Нэфталім, Гад і Асыр. А Язэп ужо быў у Ягіпце. Было ўсіх нашчадкаў Якуба семдзесят пяць душаў. I вось памёр Язэп і браты яго, і ўсё іхняе пакаленьне. Сыны ж Ізраіля расьлі і памнажаліся, мужнелі і ўмацоўваліся, і ўся тая краіна напоўнілася імі.

Прыйшоў да ўлады ў Ягіпце новы кароль, які ня ведаў Язэпа. I сказаў ён людзям сваім: "Вось нашчадкі сыноў Ізраіля размножыліся вельмі і сталіся мацнейшымі за нас. Дык загадаем ім больш не памнажацца; інакш, калі здарыцца вайна, яны злучацца з нашымі ворагамі супраць нас, каб выйсьці з гэтай краіны". I былі пастаўленыя над імі наглядчыкі, каб іх вымучыць цяжкай працаю. I яны збудавалі фараону для складоў гарады Пітон і Рамэс, а таксама Он (ён жа Гэліёпаліс). Але чым больш прыгняталі іх, тым больш яны памнажаліся і разрасталіся, так што (егіпцяне) баяліся сыноў Ізраіля. Таму егіпцяне прымушалі бязьлітасна сыноў Ізраіля да цяжкіх працаў пры гліне, цэгле і ў полі. Да гэтых усіх працаў прымушалі яны іх бяз літасьці.

І загадаў цар ягіпскі бабам-павітухам гэбрэйскім – імя адной з іх было Шыфра, а другой Фуа, – кажучы: "Калі будзеце памагаць гэбрэйкам пры родах, то глядзіце: калі будзе сын, то забівайце яго, а калі дачка, то хай жыве". Але павітухі збаяліся Бога і не рабілі так, як загадаў цар ягіпскі, а пакідалі дзяцей жывымі. Цар паклікаў павітухаў і сказаў ім: "Чаму гэта вы так робіце і пакідаеце дзяцей жывымі?". Павітухі адказалі фараону: "Гэбрэйкі не такія, як егіпіцянкі: яны здаровыя і родзяць раней як пасьпее прыйсьці да іх павітуха". За гэта Бог чыніў дабро павітухам, а народ размнажаўся і мацнеў.


Пракімен (Пс 128): Бласлаўляем вас у імя Гасподняе.

Верш: Шмат прыгняталі мяне з маладосьці маёй, – хай прызнаецца Ізраіль.


Чытаньне кнігі Ёва (1:1-12)

Жыў у краіне Ус чалавек на імя Ёў. Гэта быў чалавек беззаганны, справядлівы і багабойны, які пазьбягаў зла. I меў ён сем сыноў і тры дачкі. Маёмасьці ў яго было сем тысяч авечак, тры тысячы вярблюдаў, пяцьсот пар валоў, пяцьсот асьліцаў і вялікая колькасьць слугаў. Быў гэты чалавек найбольш знакамітым сярод усіх людзей Усходу. Сыны ягоныя зьбіраліся і ладзілі бяседы, кожны ў свой час у сваім доме. Стараліся яны таксама запрашаць сясьцёр сваіх, каб елі і пілі разам з імі. Калі час бяседы мінаў, Ёў пасылаў па іх і асьвячаў іх: устаўшы рана, ён прыносіў цэлапальныя ахвяры паводле ліку іх (і адно цялё за грэх аб душах іх). Бо казаў ён: "Магчыма, сыны мае зграшылі і падумалі дрэннае супраць Бога ў сэрцы сваім". Так чыніў Ёў заўсёды.

I вось аднаго дня, калі прыйшлі сыны Божыя стаць перад абліччам Госпада, між імі быў і шатан. I сказаў Госпад шатану: "Адкуль ты прыйшоў?". Шатан адказаў Госпаду наступнымі словамі: "Я хадзіў па зямлі і абышоў яе ўсю". I сказаў Госпад шатану: "Ці ты зьвярнуў увагу на слугу майго Ёва? Няма на зямлі другога такога чалавека як ён – беззаганнага, справядлівага, багабойнага, які пазьбягае зла". На гэта шатан Госпаду: "Ці ж дарма багабойны Ёў? Ці ж ня Ты агарадзіў (ад зла) яго, ягоны дом і ўсю ягоную маёмасьць? Працу рук ягоных Ты блаславіў, і статкі ягоныя размножыліся на зямлі. Але вось, працягні руку і дакраніся да ўсяго, што ён мае – ці тады ён будзе бласлаўляць Цябе?". Тады сказаў Госпад шатану: "Вось адддаю ў твае рукі ўсю маёмасьць ягоную. Толькі яго самога не кранай!". I адышоў шатан ад Госпада.


Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Мацьвея (24:3-35)

Калі Ісус сядзеў на Аліўнай гары, падышлі да Яго Ягоныя вучні на адзіноце, кажучы: "Скажы нам, калі гэта будзе, і які знак Твайго прыйсьця і сканчэньня веку?". Ісус сказаў ім у адказ: "Глядзіце, каб ніхто не падмануў вас. Бо многія прыйдуць пад Маім імем, кажучы: Я Хрыстос; і шмат каго ўвядуць у зман. Будзеце чуць пра войны і ваенныя пагалоскі; глядзіце, не трывожцеся, бо так павінна быць; але гэта яшчэ не канец. Бо паўстане народ на народ і валадарства на валадарства; і будуць голад, мор і землятрусы месцамі. Але гэта толькі пачатак боляў. Тады будуць выдаваць вас на пакуты і будуць вас забіваць; і ўзьненавідзяць вас усе народы за Маё імя. I тады шмат хто пахісьнецца ў веры; і будуць выдаваць адзін аднаго і ненавідзець адзін аднаго; і паўстане шмат фальшывых прарокаў і шмат каго ўвядуць у зман. I з прычыны множаньня беззаконьня ў многіх састыне любоў. Той, хто вытрывае да канца, выратуецца. I будуць абвяшчаць гэтае Дабравесьце Ўладарства па цэлым сьвеце ў сьведчаньне ўсім народам: тады і прыйдзе канец. Дык вось, калі ўбачыце агіднасьць спусташэньня, пра якую казаў прарок Даніла, што паўстане на сьвятым месцы – хто чытае, хай разумее, – тады ўсе, хто ў Юдэі, хай уцякаюць у горы. Хто на страсе, хай не спускаецца, каб узяць што-небудзь з хаты; а хто ў полі, хай не вяртаецца назад, каб узяць адзеньне. Гора ж тым, хто мае ва ўлоньні і корміць грудзямі ў тыя дні. Маліцеся, каб ня выпала вам уцякаць узімку, або ў суботу. Бо тады будзе вялікі ўціск, якога не было ад пачатку сьвету аж дагэтуль, і ня будзе. I калі б ня былі скарочаныя тыя дні, ніхто б не ацалеў; але дзеля абраных скароцяцца тыя дні. Тады, калі хто вам скажа: «Вось тут Хрыстос», ці «Там» – ня верце. Бо паўстануць фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і пакажуць вялікія знакі і цуды, каб падмануць, калі магчыма, і абраных. Вось Я наперад сказаў вам. Таму, калі скажуць вам: «Вось Ён у пустыні» – не выходзьце; «Вось Ён ва ўнутраных пакоях» – ня верце. Бо як маланка блісьне на ўсходзе, і відаць яе аж на захадзе, такое будзе прыйсьце Сына Чалавечага. Бо дзе будзе труп, там зьбяруцца арлы. Зараз жа, пасьля дзён уціску, сонца зацьміцца, месяц ня дасьць свайго сьвятла, зоркі ўпадуць з неба, і нябесныя сілы страсянуцца. I тады пакажацца знак Сына Чалавечага на небе: і тады загалосяць усе зямныя плямёны і ўбачаць Сына Чалавечага, што будзе ісьці на хмарах нябесных з сілаю і вялікай славаю. I пашле Ён сваіх анёлаў з гучнай трубою, і зьбяруць абраных Ягоных з чатырох канцоў сьвету ад аднаго краю неба да другога. Ад смакоўніцы бярыце прыклад: калі галінкі яе ўжо робяцца мяккімі і пускаюць лісьце, ведаеце, што лета блізка. Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што ўжо блізка, пры дзьвярох. Сапраўды кажу вам: не міне гэты род, як усё гэта станецца. Неба і зямля прамінуць, а Мае словы не прамінуць".

Далей – парадак Літургіі раней асьвячаных дароў.
Вярнуцца назад