Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Вялікі Панядзелак


 

 

Вялікі Панядзелак

ЛІТУРГІЯ РАНЕЙ АСЬВЯЧАНЫХ ДАРОЎ


На "Госпадзе, Цябе клічу..." – дзесяць песняў з пахвальных псалмаў і вершапесьняў ютрані.

(Тон 1): Ідучы на дабравольную муку, Госпад сказаў вучням сваім: "Вось уваходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены, як напісана аб Ім". Дык хадзеце, пойдзем разам з Ім з ачышчаным розумам; будзем укрыжаваныя разам з Ім, і памрэм дзеля Яго для асалодаў гэтага жыцьця, каб нам жыць разам з Ім і пачуць Ягоныя словы: "Ужо больш не ўваходжу ў зямны Ерусалім, але ўзыходжу да Айца майго і Айца вашага, і да Бога майго і Бога вашага; і Я ўздыму вас да Ерусаліму высокага ў нябесным валадарстве". (Двойчы)

(Тон 5): Вось мы, верныя, дажылі да збавенных мукаў Хрыста Бога нашага; уславім Ягоную доўгацярплівасьць, каб у сваёй дабрасардэчнасьці Ён узьняў нас, амярцьвелых грахом, бо Ён добры і Чалавекалюбец. (Двойчы)

(Тон 5): Ідучы на мукі, Ты, Госпадзе, умацоўваў веру вучняў сваіх. Адвёўшы іх у бок, Ты казаў ім: "Ці ж ня памятаеце, што Я раней казаў вам? Напісана, што прарок толькі ў Ерусаліме можа быць забіты. Цяпер прыйшоў час, пра які Я вам казаў. Вось буду выдадзены ў рукі грэшнікаў; яны назьдзекуюцца з Мяне і прыб'юць да крыжа; і, аддаўшы на пахаваньне, будуць глядзець на Мяне з агідаю, як на мёртвага. Але вы ня падайце духам, бо на трэці дзень уваскросну і дам усім верным радасьць і жыцьцё вечнае".

(Тон 5): Маці сыноў Забэдэявых не зразумела тайніцы невыказнага провіду Твайго, Госпадзе, і прасіла Цябе даць ейным сыном гонар дачаснага валадарства. Ты ж, замест гэтага, абяцаў прыяцелям Тваім, што і яны будуць піць са сьмяротнае чашы, з якой Табе першаму трэба было пакаштаваць, каб ачысьціць людзей ад граху. Таму голасна клічам: "Збаўленьне душаў нашых, слава Табе!".

Ты, Госпадзе, навучаў вучняў Тваіх дасканаламу разуменьню, кажучы: "Ня будзьце як пагане, якія пануюць над слабейшымі. Хай так ня будзе сярод вас, вучні мае, бо Я дабравольна зьбяднеў. Дык хай першы сярод вас будзе слугою ўсім, уладар як падуладны, а найбольшы як найменшы. Бо і Я сам прыйшоў, каб паслужыць Адаму ў ягонай беднасьці і даць жыцьцё Маё як выкуп за многіх, якія ўсклікаюць: Госпадзе, слава Табе!".

(Тон 8): Баючыся лёсу смакоўніцы, якая зьвяла, бо ня мела пладоў, пастараемся, браты, прынесьці Хрысту, што дае нам веліч зьмілаваньня, годныя плады пакаяньня.

Слава ... Цяпер ...

(Тон 8): Зьмяя знайшла другую Эву ў егіпцянцы, якая лісьлівымі словамі хацела спакусіць Язэпа. Але той, пакінуўшы сваю вопратку, уцёк ад граху. Хоць быў голы, як першы чалавек перад сваім падзеньнем, ён не адчуваў сораму. Малітвамі яго, Хрысьце, зьмілуйся над намі.

Пракімен (Пс 27): Хай блаславіць цябе Госпад з Сыёну, каб ты бачыў дабрабыт Ерусаліму праз усе дні жыцьця твайго.

Верш: Блаславёныя ўсе, што баяцца Госпада і ходзяць Ягонымі шляхамі.


Чытаньне кнігі Выхаду (1-1-20)

Вось імёны сыноў Ізраіля, якія разам з Якубам, бацькам іхнім, прыйшлі ў Ягіпет, кожны са сваёй сям'ёю: Рубін, Сямён, Леві, Юда, Ісахар, Забулён і Бэніямін, Дан і Нэфталім, Гад і Асыр. А Язэп ужо быў у Ягіпце. Было ўсіх нашчадкаў Якуба семдзесят пяць душаў. I вось памёр Язэп і браты яго, і ўсё іхняе пакаленьне. Сыны ж Ізраіля расьлі і памнажаліся, мужнелі і ўмацоўваліся, і ўся тая краіна напоўнілася імі.

Прыйшоў да ўлады ў Ягіпце новы кароль, які ня ведаў Язэпа. I сказаў ён людзям сваім: "Вось нашчадкі сыноў Ізраіля размножыліся вельмі і сталіся мацнейшымі за нас. Дык загадаем ім больш не памнажацца; інакш, калі здарыцца вайна, яны злучацца з нашымі ворагамі супраць нас, каб выйсьці з гэтай краіны". I былі пастаўленыя над імі наглядчыкі, каб іх вымучыць цяжкай працаю. I яны збудавалі фараону для складоў гарады Пітон і Рамэс, а таксама Он (ён жа Гэліёпаліс). Але чым больш прыгняталі іх, тым больш яны памнажаліся і разрасталіся, так што (егіпцяне) баяліся сыноў Ізраіля. Таму егіпцяне прымушалі бязьлітасна сыноў Ізраіля да цяжкіх працаў пры гліне, цэгле і ў полі. Да гэтых усіх працаў прымушалі яны іх бяз літасьці.

І загадаў цар ягіпскі бабам-павітухам гэбрэйскім – імя адной з іх было Шыфра, а другой Фуа, – кажучы: "Калі будзеце памагаць гэбрэйкам пры родах, то глядзіце: калі будзе сын, то забівайце яго, а калі дачка, то хай жыве". Але павітухі збаяліся Бога і не рабілі так, як загадаў цар ягіпскі, а пакідалі дзяцей жывымі. Цар паклікаў павітухаў і сказаў ім: "Чаму гэта вы так робіце і пакідаеце дзяцей жывымі?". Павітухі адказалі фараону: "Гэбрэйкі не такія, як егіпіцянкі: яны здаровыя і родзяць раней як пасьпее прыйсьці да іх павітуха". За гэта Бог чыніў дабро павітухам, а народ размнажаўся і мацнеў.


Пракімен (Пс 128): Бласлаўляем вас у імя Гасподняе.

Верш: Шмат прыгняталі мяне з маладосьці маёй, – хай прызнаецца Ізраіль.


Чытаньне кнігі Ёва (1:1-12)

Жыў у краіне Ус чалавек на імя Ёў. Гэта быў чалавек беззаганны, справядлівы і багабойны, які пазьбягаў зла. I меў ён сем сыноў і тры дачкі. Маёмасьці ў яго было сем тысяч авечак, тры тысячы вярблюдаў, пяцьсот пар валоў, пяцьсот асьліцаў і вялікая колькасьць слугаў. Быў гэты чалавек найбольш знакамітым сярод усіх людзей Усходу. Сыны ягоныя зьбіраліся і ладзілі бяседы, кожны ў свой час у сваім доме. Стараліся яны таксама запрашаць сясьцёр сваіх, каб елі і пілі разам з імі. Калі час бяседы мінаў, Ёў пасылаў па іх і асьвячаў іх: устаўшы рана, ён прыносіў цэлапальныя ахвяры паводле ліку іх (і адно цялё за грэх аб душах іх). Бо казаў ён: "Магчыма, сыны мае зграшылі і падумалі дрэннае супраць Бога ў сэрцы сваім". Так чыніў Ёў заўсёды.

I вось аднаго дня, калі прыйшлі сыны Божыя стаць перад абліччам Госпада, між імі быў і шатан. I сказаў Госпад шатану: "Адкуль ты прыйшоў?". Шатан адказаў Госпаду наступнымі словамі: "Я хадзіў па зямлі і абышоў яе ўсю". I сказаў Госпад шатану: "Ці ты зьвярнуў увагу на слугу майго Ёва? Няма на зямлі другога такога чалавека як ён – беззаганнага, справядлівага, багабойнага, які пазьбягае зла". На гэта шатан Госпаду: "Ці ж дарма багабойны Ёў? Ці ж ня Ты агарадзіў (ад зла) яго, ягоны дом і ўсю ягоную маёмасьць? Працу рук ягоных Ты блаславіў, і статкі ягоныя размножыліся на зямлі. Але вось, працягні руку і дакраніся да ўсяго, што ён мае – ці тады ён будзе бласлаўляць Цябе?". Тады сказаў Госпад шатану: "Вось адддаю ў твае рукі ўсю маёмасьць ягоную. Толькі яго самога не кранай!". I адышоў шатан ад Госпада.


Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Мацьвея (24:3-35)

Калі Ісус сядзеў на Аліўнай гары, падышлі да Яго Ягоныя вучні на адзіноце, кажучы: "Скажы нам, калі гэта будзе, і які знак Твайго прыйсьця і сканчэньня веку?". Ісус сказаў ім у адказ: "Глядзіце, каб ніхто не падмануў вас. Бо многія прыйдуць пад Маім імем, кажучы: Я Хрыстос; і шмат каго ўвядуць у зман. Будзеце чуць пра войны і ваенныя пагалоскі; глядзіце, не трывожцеся, бо так павінна быць; але гэта яшчэ не канец. Бо паўстане народ на народ і валадарства на валадарства; і будуць голад, мор і землятрусы месцамі. Але гэта толькі пачатак боляў. Тады будуць выдаваць вас на пакуты і будуць вас забіваць; і ўзьненавідзяць вас усе народы за Маё імя. I тады шмат хто пахісьнецца ў веры; і будуць выдаваць адзін аднаго і ненавідзець адзін аднаго; і паўстане шмат фальшывых прарокаў і шмат каго ўвядуць у зман. I з прычыны множаньня беззаконьня ў многіх састыне любоў. Той, хто вытрывае да канца, выратуецца. I будуць абвяшчаць гэтае Дабравесьце Ўладарства па цэлым сьвеце ў сьведчаньне ўсім народам: тады і прыйдзе канец. Дык вось, калі ўбачыце агіднасьць спусташэньня, пра якую казаў прарок Даніла, што паўстане на сьвятым месцы – хто чытае, хай разумее, – тады ўсе, хто ў Юдэі, хай уцякаюць у горы. Хто на страсе, хай не спускаецца, каб узяць што-небудзь з хаты; а хто ў полі, хай не вяртаецца назад, каб узяць адзеньне. Гора ж тым, хто мае ва ўлоньні і корміць грудзямі ў тыя дні. Маліцеся, каб ня выпала вам уцякаць узімку, або ў суботу. Бо тады будзе вялікі ўціск, якога не было ад пачатку сьвету аж дагэтуль, і ня будзе. I калі б ня былі скарочаныя тыя дні, ніхто б не ацалеў; але дзеля абраных скароцяцца тыя дні. Тады, калі хто вам скажа: «Вось тут Хрыстос», ці «Там» – ня верце. Бо паўстануць фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і пакажуць вялікія знакі і цуды, каб падмануць, калі магчыма, і абраных. Вось Я наперад сказаў вам. Таму, калі скажуць вам: «Вось Ён у пустыні» – не выходзьце; «Вось Ён ва ўнутраных пакоях» – ня верце. Бо як маланка блісьне на ўсходзе, і відаць яе аж на захадзе, такое будзе прыйсьце Сына Чалавечага. Бо дзе будзе труп, там зьбяруцца арлы. Зараз жа, пасьля дзён уціску, сонца зацьміцца, месяц ня дасьць свайго сьвятла, зоркі ўпадуць з неба, і нябесныя сілы страсянуцца. I тады пакажацца знак Сына Чалавечага на небе: і тады загалосяць усе зямныя плямёны і ўбачаць Сына Чалавечага, што будзе ісьці на хмарах нябесных з сілаю і вялікай славаю. I пашле Ён сваіх анёлаў з гучнай трубою, і зьбяруць абраных Ягоных з чатырох канцоў сьвету ад аднаго краю неба да другога. Ад смакоўніцы бярыце прыклад: калі галінкі яе ўжо робяцца мяккімі і пускаюць лісьце, ведаеце, што лета блізка. Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што ўжо блізка, пры дзьвярох. Сапраўды кажу вам: не міне гэты род, як усё гэта станецца. Неба і зямля прамінуць, а Мае словы не прамінуць".

Далей – парадак Літургіі раней асьвячаных дароў.

Папярэдняя старонка | Старонка 3 з 3
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст