АЎТОРАК РАНІЦАЙ
Першая сядальная песьня. Я, блудны, быў зачаты ў беззаконьнях, і ня сьмею глянуць на вышыню небесную, але спадзяюся на Тваё чалавекалюбства і клічу: Божа, ачысьці і збаў мяне!
Верш. Госпадзе, у ярасьці Тваёй не судзі мяне і ў гневе Тваім не карай мяне.
Калі праведнік збаўляецца з цяжкасьцю, дык што будзе са мною, грэшным, які не перанёс цяжару і сьпёкі дня? Але Ты, Божа, залічы мяне да наёмнікаў адзінаццатай гадзіны і збаў мяне.
Слава... цяпер...
Маючы непарушную сьцяны ў Табе, Багародзіца Марыя, прыйдзіце, верныя, прыпадзем да Яе, бо Яна мае вялікую сьмеласьць маліцца да Таго, хто нарадзіўся ад Яе, і выбаўляць ад гневу і сьмерці душы нашыя.
Другая сядальная песьня. Сьпяшайся прыняць мяне ў Твае бацькоўскія абдымкі: я ў блудзе правёў маё жыцьцё, і цяпер гляджу на невычэрпнае багацьце Тваіх дабротаў, Спасе. Не пагардзі маім зьбяднелым сэрцам, бо да Цябе, Госпадзе, прачула ўсклікаю: Зграшыў я, Ойча, на неба і перад Табою, збаў мяне!
Верш. Госпадзе, у ярасьці Тваёй не судзі мяне і ў гневе Тваім не карай мяне.
Убачыўшы багацьце дабрадзейнасьцяў Ёва, вораг праведнікаў зажадаў падкапаць і ўкрасьці іх. Ён разбурыў стоўп цялесны, але духоўнага скарбу ня ўкраў, бо знайшоў душу беззаганнага ўзброенаю; затое мяне, агаліўшы, узяў у палон. Перш як прыйдзе канец, вызвалі мяне, Збавіцелю, ад хітрага і збаў мяне.
Верш. Дзіўны Бог у сьвятых сваіх, Бог Ізраіля.
Як добрыя воі, аднадушныя ў веры, вы, сьвятыя, не збаяліся пагрозаў мучыцеля, і, прыйшоўшы шчыра да Хрыста, узялі пачэсны Крыж і, скончыўшы свой шлях, атрымалі перамогу з нябёсаў. Слава Таму, хто даў вам сілу, слава Таму, хто вянчаў вас, слава Таму, хто праз вас дзейнічае аздараўленьні.
Слава... цяпер...
Апярэдзіўшы роспач ніневіцянаў, Ты ўстрымаў прадказаную кару, і міласьць Твая, Госпадзе, перамагла Твой гнеў. Дык і цяпер зьмілуйся над людзьмі Тваімі і статкам Тваім, уладарнаю рукою перамажы нашых ворагаў, і дай нам, малітвамі Багародзіцы, веліч зьмілаваньня.
Вершапесьні
Чакае цябе, душа, іншы сьвет, і судзьдзя выявіць усе Твае таемныя і паганыя ўчынкі. Дык не заставайся ў дачаснасьці, але выперадзі Судзьдзю і ўсклікні: Божа, ачысьці і збаў мяне!
Не пагардзі мною, Спасе, апанаванага грахоўнай ленасьцю, але ўздымі мае думкі да пакаяньня, і ўчыні мяне руплівым працаўніком Твайго вінаградніка, дай заплату адзінаццатай гадзіны і веліч зьмілаваньня.
Воі вялікага Ўладара супрацівіліся наказам мучыцеляў, адважна пайшлі на мучэньні, патапталі ўсе спакусы, і былі дастойна вянчаныя, а цяпер просяць Збавіцеля даць супакой для душаў нашых і веліч зьмілаваньня.
Слава... цяпер...
Ты, адзіная Чыстая, была селішчам Сьвятла, што ад Айца зазьзяла. Таму клічу да Цябе: Прасьвятлі сьвятлом дабрадзейнасьцяў маю пацямнелую душу, і ў дзень суду пасялі яе, Усячыстая, у селішчы сьветласьці Тваёй. |