Ютрань
Пасьля "Госпад – Бог ...":
Трапар Прароку (тон 4). Анёл у целе, прарокаў
аснова, другі прадвесьнік прыйсьця Хрыстовага, Ільля слаўны, з вышыні паслаў
Елісею падвойную ласку немачы адганяць і пракажоных ачышчаць, і тым, што шануюць
яго, шле аздараўленьні. (Двойчы)
Багародзічны (тон 4). Тайна спрадвеку ўкрытая і
анёлам няведамая, Табою, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю:
Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і,
пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і
выбавіў ад сьмерці душы нашы.
Сядальная песьня 1 (тон
1). На вогненнай калясьніцы, быццам на крылах ветру, ты ўзьнёсься ў
славе на неба, прароча Божы, даўшы з неба Елісею разам з плашчом тваім падвойную
ласку.
Слава ... цяпер ...: Прыбягаем з любоўю да Тваёй дабраты
і вызнаем Цябе як Маці Божую, што пасьля родаў засталася Дзеваю, і молім Цябе,
бо Ты, адзіная беззаганная, наша заступніца, і ў Табе мы знайшлі збаўленьне ад
напасьцяў.
Сядальная песьня 2 (тон 3). Сьвятыня
твая, цудоўны прароча, дае ўсім аздараўленьні, калі ты разам з Елісеем моліш
Хрыста, каб Ён паслаў сьвету супакой, і веліч зьмілаваньня людзям, якія з любоўю
шануюць цябе.
Слава ... цяпер ...: Кожны слушна прыбягае туды, дзе
збаўляецца. Дзе ж знойдзем лепшы прытулак, як у Цябе, Багародзіца, што ахоўваеш
душы нашыя?
Пасьля паліелею, узьвялічваньне:
Узьвялічваем цябе, прароча слаўны Ільля, і шануем Твой на
вогненнай калясьніцы да неба ўзыход.
Верш 1. Вось я пайшоў і пасяліўся ў пустыні.
Верш 2. Я расказаў пра Тваю вернасьць і Тваё
збаўленьне.
Слава ... цяпер ...
Алілуя, Алілуя, Алілуя. Слава Табе, Божа!
(Тройчы)
Сядальная песьня (тон 8). Палюбіўшы
мудрасьць, ты, пачэсны прароча, выкрыў неправеднага цара і пераканаў людзей,
якія ўсклікнулі: "Сапраўды Бог, якога Ільля прапаведуе, – адзіны". I Езабэлі ты
дакараў за грабежніцтва і грэхалюбства. Прароча і прадвесьніку прыйсьця
Хрыстовага, Ільля слаўны, малі цяпер Хрыста Бога даць адушчэньне грахоў тым, што
з вераю спраўляюць памяць тваю.
Слава ... цяпер ...: Усе плямёны людзкія славяць Цябе як
Дзеву і адзіную сярод жанчынаў, што без семя нарадзіла Бога ў целе. Боства агонь
пасяліўся ў Табе і Ты карміла як немаўля Тварца і Госпада. Дзела гэтага анёлы і
людзі дастойна славяць сьвятое сынараджэньне Тваё, і дружна ўсклікаюць: "Малі
Хрыста Бога, каб Ён дараваў адпушчэньне грахоў нам, якія з вераю пакланяемся
ўсесьвятом сынараджэньню Твайму".
Узыходныя песьні: першы антыфан 4 тону.
Пракімен: Ты – сьвятар давеку паводле чыну
Мальхісадэка.
Верш. Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь па правай
руцэ маёй, пакуль пакладу ворагаў Тваіх пад ногі Табе.
Евангельле: Лк 4:22-30
Пасьля Пс 50:
Слава ...
Малітвамі прарока Твайго, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў
нашых.
Цяпер ...
Малітвамі Багародзіцы ...
Зьмілуйся нада мною ...
(Тон 4). На вогненнай калясьніцы, Ільля
Тэсьбіцянін, ты быў узьнесены на хмары і перасяліўся ў сьветлую краіну,
пасароміўшы ілжывых прарокаў. Ты, што словам зьвязаў неба, разьвяжы цяпер путы
нашых правінаў малітвамі тваімі да Госпада, і збаў душы нашыя.
|