Канон
Песьня 1
Ірмас (тон 8). Перайшоўшы мора быццам сушу,
і пазьбегнуўшы ягіпскага зла, ізраільцянін усклікнуў: Збавіцелю нашаму пяём.
Катавасія. Адчыню вусны мае, і напоўняцца Духам;
слова скажу ў гонар Уладаркі Маці, і стану сьвяткаваць сьветлую ўрачыстасьць і
славіць радасна ў песьнях цуды Яе.
Песьня 3
Ірмас. Госпадзе, Творча нябеснага кругу і
Заснавальніку царквы, мэта жаданьняў і ўмацаваньне верных, умацуй мяне ў любові
Тваёй, адзіны Чалавекалюбча.
Катавасія. У боскай славе Тваёй, Багародзіца,
жывая і невычэрпная Крыніца, умацуй аднадушны хор песьняроў Тваіх і зрабі іх
дастойнымі вянцоў славы.
Сядальная песьня (тон 8). Крыніцу цудаў, прарокаў
красу, Ільлю Тэсьбіцяніна ў песьнях, верныя, усхвалім: не пакаштаваўшы сьмерці
цялеснай, ён запэўнівае мёртвых у ўваскрасеньні. Маючы ласку ў Бога, ён дае
аздараўленьні тым, што з вераю просяць, і моліцца Хрысту, каб Ён дараваў
адпушчэньне правінаў тым, што спраўляюць ягоную сьветлую памяць.
Слава ... цяпер ...
Падаючы пад нападамі бачных і нябачных ворагаў і топячыся ў
буры шматлікіх правінаў маіх, я ўцякаю да Тваёй, Чыстая, дабрыні, шукаючы
заступніцтва і аховы. Маліся, Усячыстая, да Таго, хто без семя прыняў цела ад
Цябе, за слугаў Тваіх, якія моляцца Табе, Багародзіца ўсячыстая, і прасі Яго
няспынна, каб Ён дараваў адпушчэньне правінаў тым што дастойна пяюць славу Тваю.
Песьня 4
Ірмас. Я пачуў, Госпадзе, провіду Твайго
тайну, зразумеў дзеяньні Твае і ўславіў Боства Тваё.
Катавасія. Хрыстос, Бог спрадвечны, што сядзіць у
славе на боскім пасадзе, прыходзіць на хуткай хмары і нятленнай рукою збаўляе
тых, што клічуць: "Слава, Хрысьце, сіле Тваёй!".
Песьня 5
Ірмас. Прасьвятлі нас запаветамі Тваімі,
Госпадзе, і рукою Тваёю высокаю дай нам Твой супакой, Чалавекалюбча.
Катавасія. Усё стварэньне сумелася, убачыўшы
боскую славу Тваю: Ты, Дзева, што мужа ня знала, мела ва ўлоньні Бога ўсіх і
нарадзіла спрадвечнага Сына, які дае супакой усім, што славяць Цябе.
Песьня 6
Ірмас. Малітву занясу да Госпада, і аб'яўлю
Яму жаль мой, бо душа мая напоўнілася ўсякага зла, і жыцьцё маё да пекла
наблізілася, дык малюся як Ёна: выведзі мяне, Божа, ад тленнасьці.
Катавасія. На гэтую боскую і слаўную ўрачыстасьць
Божай Маці прыйдзіце, усе багамудрыя, пляскайце ў далоні і слаўце Таго, хто
нарадзіўся ад Яе.
Кандак (тон 2). Прароча і
прадвесьніча вялікіх спраў Бога нашага, Ільля ўсяслаўны, што вадацечныя хмары
словам сваім навёў, малі за нас адзінага Чалавекалюбца.
Ікас. Вялікія беззаконьні людзей, але ж і вялікае
Божае чалавекалюбства. Дарма прарок Ільля хвалюецца і поўніцца гневам, і
неміласэрныя словы ўзносіць да Міласэрнага, клічучы: "Пакажы гнеў Твой на тых,
што адкінулі Цябе, праведны Судзьдзя!". Аднак ён ня змог пераканаць Усядобрага,
каб той пакараў тых, што адкінулі Яго, бо ня сьмерці, а пакаяньня ўсіх хоча
адзіны Чалавекалюбец.
Песьня 7
Ірмас. Юнакі юдэйскія ў Бабілёне некалі
патройнаю вераю полымя агню патушылі, пяючы: Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых.
Катавасія.. Мужныя і багамудрыя юнакі, незахацеўшы
служыць стварэньню замест Творцы, вогненнае выпрабаваньне за нішто палічыўшы,
радасна сьпявалі: "Усяхвальны Госпад і Бог айцоў, блаславёны Ты".
Песьня 8
Ірмас. Уладара нябеснага, якога хваляць
анельскія хоры, слаўце і ўзьвялічвайце праз усе вякі.
Катавасія. Народжаны ад Багародзіцы набожных
юнакоў у печы выбавіў; тады вобразна, а цяпер дзейсна натхняе Ён увесь сьвет
пяяць: "Слаўце, усе стварэньні, Госпада і ўзьвялічвайце Яго на ўсе вякі".
Песьня 9
Ірмас. Сапраўднай Багародзіцаю вызнаем
Цябе, Дзева чыстая, і з анельскімі хорамі славім Цябе.
Прыпеў. Сьвяты прароча Ільля, малі Бога за нас.
Ты быў прасьветлены сьветласьцю духоўнаю жыцьцядайнае Тройцы,
прарок Ільля. Дзеля гэтага мы ўсе вызнаем цябе як малельніка за сьвет перад
Богам.
Прыпеў. Сьвяты прароча Ільля, малі Бога за нас.
Мы пазналі цябе, боскі прароча, як анёла на зямлі і Божага
чалавека ў небе. Сам Госпад сказаў: "Ты, Ільля – чалавек жорсткі, ня можаш
цярпець Ізраіля, які зграшыў. Дык узыдзі на неба да Мяне, а Я зыду ўніз на
зямлю".
Прыпеў. Сьвяты прароча Ільля, малі Бога за нас.
Ты, прароча Божы, жыў на зямлі як бесьцялесны анёл. А цяпер,
узьнесены на неба, ты цешышся з анёламі і пазіраеш на нас, якія праслаўляем
цебе, блаславёны.
Слава ... цяпер ...
Ты, Чыстая, носіш на руках Бога, які носіць усё, і корміш
Таго, хто корміць усё стварэньне і стаўся падобным да нас. Малі Яго даць людзям
Тваім вызваленьне ад усяго злога.
Катавасія. Усе народжаныя на зямлі хай усьцешацца,
прасьветленыя Духам. Хай сьвяткуюць бесьцялесныя анельскія хоры і ўшануюць
урачыстасьць Божае Маці, і хай пяюць: "Радуйся, блаславёная Багародзіца, чыстая
заўсёды Дзева!".
Экзапастыляр: Сьветласьць, што апрамяніла цябе,
калі ты, Ільля, быццам рыцар у зброі, на чатырохконнай калясьніцы ўзносіўся на
неба, не спаліла цябе, які палымяным словам сваім зьвёў агонь на зямлю і высушыў
хмары.
Слава ...: На вогненнай калясьніцы ты ўзьняўся на
небесныя кругі. Цяпер, будучы побач са Сьвятлом і ўзіраючыся на тых, што
спраўляюць памяць тваю, прасьвятлі наш розум.
Цяпер ...: Ты, Багародзіца – прычына дабротаў, якія Бог
даў сьвету. Малі ўсядобрага Бога за збаўленьне ўсіх.
Пахвальныя псалмы
(Тон 8). Калі ты, дзіўны прароча,
дабрадзейнасьцямі і чыстым жыцьцём дагадзіў Богу, і зьяднаўся з Ім, ты атрымаў
дар пазнаваць прыроду тварэньняў, і словам зачыніў хмары і паклікаў з неба
агонь, каб зьнішчыць ворагаў. Маліся за збаўленьне душаў нашых.
Загарэўшыся руплівасьцю за Госпада, ты, блаславёны, выкрыў
беззаконных цароў, выгубіў нязбожных сьвятароў і вадою агонь распаліў. Ты
памножыў запас ежы, ня ўзрошчанай зямлёю, і воды Ярдану плашчом разьдзяліў.
Маліся за збаўленьне душаў нашых.
Жывучы на зямлі як анёл, ты, прароча, узбагаціўся духоўнымі
дарамі. Словам тваім ты мёртвага юнака ўваскрасіў, і сам не зазнаў сьмерці,
сеўшы на вогненную калясьніцу і ўзьняўшыся на вышыню. Маліся за збаўленьне душаў
нашых.
(Тон 1). Ільля руплівы, утаймаваўшы свае
пажаданьні, сёння бярэцца на неба і цудоўным спосабам накіроўвае ўсіх да
збаўленьня. Краса прарокаў і анёл у целе, ён годны нябеснай славы, бо сваімі
подзьвігамі ён явіў сябе як нябесны чалавек. Дык уславім яго, кажучы: "Будзь нам
заступнікам, мудры, у судны дзень".
Духоўнымі песьнямі ўславім прарокаў, Ільлю Тэсьбіцяніна, які
ўзышоў на неба, і Елісея, які разам з плашчом атрымаў падвойную ласку ад Бога.
Яны явіліся сьветачамі сусьветнымі, і сёньня моляцца за нашыя душы.
Падобна Давіду, сёньня, верныя, у песьнях уславім прарока
Гасподняга, Ільлю Тэсьбіцяніна, які словам зачыніў неба быццам палатку, і
ўрадлівую зямлю зрабіў няплоднаю. Слаўны цуд! Зямны чалавек не дазваляе нябёсам
дождж даць. Тленны чалавек апрануўся ў нятленнасьць, узьнёсься на неба на
вогненнай калясьніцы, разам з плашчом даў Елісею падвойную ласку, выкрыў цара, і
непакорлівых людзей голадам пакараў, мерзкіх сьвятароў пасароміў, і ўдовінага
сына словам уваскрасіў. Малітвамі яго, Хрысьце Божа наш, захавай у супакоі
прававерных хрысьціянаў і дай ім перамогу над усімі нягодамі.
Слава ...:
(Тон 8). Уславім, верныя, у песьнях Ільлю і
Елісея, вызначных прарокаў і ясныя сьветачы сусьветныя, і запяем радасна Хрысту:
Міласэрны Госпадзе, малітвамі Тваіх прарокаў дай людзям Тваім адпушчэньне
правінаў і веліч зьмілаваньня.
Цяпер ...:
Прымі, Уладарка, маленьні слугаў Тваіх, і вызваль нас ад
усякай бяды і суму.
Пасьля Вялікага ўслаўленьня:
Трапар Прароку (тон 4). Анёл у целе,
прарокаў аснова, другі прадвесьнік прыйсьця Хрыстовага, Ільля слаўны, з вышыні
паслаў Елісею падвойную ласку немачы адганяць і пракажоных ачышчаць, і тым, што
шануюць яго, шле аздараўленьні.
Слава ... цяпер ...:
Багародзічны (тон 4). Тайна спрадвеку ўкрытая і
анёлам няведамая, Табою, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю:
Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і,
пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і
выбавіў ад сьмерці душы нашы.
|