Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 20 ліпеня - сьвятога прарока Ільлі


 

 

20 ліпеня - сьвятога прарока Ільлі

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ...":

(Тон 1). Госпадзе міласэрны, Ты на вогненнай калясьніцы ўзьняў Ільлю Тэсьбіцяніна. Малітвамі ягонымі збаў нас, якія з вераю славім Цябе і ўрачыста спраўляем ягоную сьвятую і збавенную памяць.

Не ў землятрусе, а ў лагодным подыху ветру ўбачыў ты, Багавідча Ільля, прыйсьце Божае, якое цябе калісь прасьвятліла. Сеўшы на калясьніцу, ты, баганатхнёны прароча, у дзівосны спосаб быў узьняты на неба.

Ты, мудры Ільля, палаючы Божай руплівасьцю, выгубіў нязбожных паганскіх сьвятароў, словам тваім устрымаў дождж з неба на зямлю, і Елісея напоўніў падвойнаю ласкаю Божаю, аддаўшы яму свой плашч.

(Тон 2). Два сьветачы зазьзялі на ўвесь сьвет, Ільля і Елісей. Першы з іх словам сваім зачыніў дождж з неба, выкрыў крывадушнасьць цара і на калясьніцы ўзьнёсься на неба. Другі аздаравіў бясплодныя воды і, атрымаўшы падвойную ласку, разьдзяліў воды Ярданскія. Цяпер абодва яны прабываюць з анёламі і моляцца за збаўленьне душ нашых.

Быццам моцным ветрам ты, Ільля Тэсьбіцянін, быў узьняты на вогненнай калясьніцы да неба; Бог даў табе палымяную ласку цудаў і ўчыніў цябе нятленным, ня даўшы табе бачыць сьмерці, пакуль не прадскажаш канца ўсім. Дык прыйдзі цяпер, даючы нам перасьцярогу тваімі навучаньнямі.

Сьветач нязгасны царкоўны, распалены боскай руплівасьцю, Ільля прароча, ты зачыніў дождж з неба, і быў кормлены воранам, выкрыў крывадушнасьць цара, і ілжывых прарокаў умярцьвіў; ты загадаў агню зыйсьці з неба і забіў двух нязбожных начальнікаў; накарміў удосталь удаву аліваю і малою жменяю мукі, і сына яе малітваю ўваскрасіў; на вадзе ты запаліў агонь, і Ярдан, быццам па сушы, перайшоў; і, ўзьнёсшыся на вогненнай калясьніцы да неба, даў Елісею падвойную ласку. Маліся безустанку Богу за збаўленьне душ нашых.

Слава ...:

(Тон 6). Прыйдзіце, верныя, каб, сабраўшыся ў сьвятыні пачэсных прарокаў, засьпяваць стройную песьню на славу Хрыста Бога нашага, які праславіў іх; радасна ў вясельлі ўсклікнем: Радуйся, зямны анёле, і чалавеча нябесны, Ільля знамяніты; радуйся, пачэсны Елісею, што атрымаў ад Бога падвойную ласку. Радуйцеся, добрыя заступнікі, абаронцы і лекары душ і целаў Хрысталюбных людзей. Ад усякай напасьці варожай і непрыхільных абставін, і ад усіх бедаў выбаўце тых, што з вераю спраўляюць урачыста памяць вашу.

Цяпер ...:

Дагматык (тон 6). Хто Цябе не назаве шчасьліваю, Найсьвятая Дзева; хто ня будзе славіць, Чыстая, мацярынства Тваё? Адзінародны Сын, што спрадвеку зазьзяў ад Айца, ад Цябе, прыняўшы цела, у невыказны спосаб нарадзіўся. Будучы праўдзівым Богам, Ён стаўся праўдзівым чалавекам дзеля нас, непадзельны на дзьве асобы, але ў дзьвюх нязьлітных прыродах пазнавальны. Малі Яго, Чыстая і Блаславёная, даць зьмілаваньне душам нашым.


Чытаньне трэцяй кнігі Царстваў (17:1 -23)

Было слова Гасподняе да прарока Ільлі Тэсьбіцяніна, і той сказаў Ахабу: "Як жывы Госпад Бог сіл, Бог Ізраіля, якому служу, ня будзе у гэтыя гады ні расы ні дажджу, аж пакуль я не скажу". I Госпад прамовіў да Ільлі, кажучы: "Ідзі адсюль на ўсход, і затрымайся каля ручая Кэрыт, што перад Ярданам, і будзе вада ў ручаі, якую будзеш піць, і воранам загадаю карміць цябе там". Ільля пайшоў і зрабіў, як загадаў яму Госпад, і затрымаўся ля ручая Кэрыт перад Ярданам; і вораны прынасілі яму хлеб раніцай і мяса вечарам, і ён піў ваду з ручая. Але пасьля нейкага часу ручай высах, бо не было дажджу на зямлі. I Госпад сказаў Ільлі: "Устань і ідзі ў Сарэпту Сыдонскую, і заставайся там, бо я загадаў адной жанчыне ўдаве карміць цябе". I, устаўшы, пайшоў ён у Сарэпту Сыдонскую. Калі ён падыходзіў да брамы гораду, нейкая ўдава зьбірала там сабе дровы; дык ён паклікаў яе і сказаў: "Дай, прашу цябе, крыху вады ў кубку, каб мне напіцца". Яна пайшла, каб прынесьці, я ён клікнуў ёй усьлед: "Прынясі і кусок хлеба ў руцэ тваёй, каб мне зьесьці". Жанчына ж адказала: "Як жыве Госпад Бог мой, няма ў мяне больш печыва, а толькі жменя мукі ў посудзе і крыху алівы ў гляку: і вось я назьбіраю дроваў і пайду падрыхтаваць мне і сыну майму страву, каб нам пад'есьці, а пасьля памерці". Ільля ж кажа ёй: "Ня бойся, але ідзі і не рабі так, як ты казала, але сьпячы перш маленькі праснак і прынясі мне: сабе ж і дзеткам тваім зробіш пазьней. Бо Госпад Бог Ізраіля кажа: Посуд з мукою ня будзе пустым, і гляк з аліваю не апарожніцца пакуль Госпад не пашле дождж на зямлю". Жанчына пайшла і зрабіла, як сказаў ёй Ільля, і дала яму, і еў ён, і яна і сын яе. I так было кожны дзень: посуд з мукою не апусьцеў і гляк з аліваю не апаражніўся, згодна з абяцаньнем, якое даў Госпад цераз Ільлю. Хутка пасьля здарылася, што захварэў сын гэтай жанчыны, гападыні дому, і хвароба яго была так цяжкая, што ён перастаў дыхаць. Тады сказала яна Ільлі: "Што ты, чалавеча Божы, хочаш ад мяне? Ці ты прыйшоў на тое, каб прыпомніць мне маю віну і ўмарыць сына майго?". I кажа Ільля жанчыне: "Дай мне сына твайго". Тады ўзяў ён яго ад яе і, занёсшы ў сьвятліцу, дзе сам прабываў, палажыў на сваім ложку. I ўсклінуў Ільля да Госпада, кажучы: "Гора мне, Госпадзе Божа мой! Ці Ты нават на ўдаву, у якое я жыву, наводзіш няшчасьце і дапушчаеш сьмерць сына яе?". I дыхнуў на дзіця тройчы і зноў усклікнуў да Госпада, кажучы: "Госпадзе Божа мой! Прашу Цябе, хай душа гэтага дзіцяці вернецца да яго!". I Госпад пачуў голас Ільлі, і душа дзіцяці вярнулася да яго, і яно ажыла. Тады Ільля ўзяў дзіця, вынес са сьвятліцы гэтага дому і аддаў маці. I кажа ёй Ільля: "Глядзі, сын твой жывы". I кажа жанына Ільлі: "Цяпер ведаю, што ты сапраўды чалавек Божы, і вуснамі тваімі гаворыць Госпад".

Чытаньне трэцяй кнігі царстваў (18:1,17-19:16)

У трэці год панаваньня Ахаба, Госпад сказаў Ільлі: "Ідзі і пакажыся Ахабу, бо Я пушчу дождж на зямлю". Ахаб, убачыўшы Ільлю, сказаў: "Гэта ты, што зьдзекуешся над Ізраілем". Але Ільля адказаў: "Не я зьдзекуюся над Ізраілем, але ты і дом айца твайго, бо вы пакінулі Госпада Бога свайго, і пайшлі на службу паганскім ідалам. Дык цяпер дай загад, каб увесь Ізраіль сабраўся каля мяне на гары Кармэльскай, а таксама трыста пяцьдзесят прарокаў Бааля і чатырыста мерзкіх прарокаў, сталаўнікоў Езабэлі". I Ахаб даў загад усім ізраільцянам, як сказаў Ільля, і сабраў усіх прарокаў на гару Кармэльскую, і прывёў іх да Ільлі. I сказаў Ільля ім: "Як доўга будзеце кульгаць на абедзьве нагі? Калі Госпад ёсьць сапраўдным Богам, дык пакланяйцеся Яму, калі ж Бааль, то яму служыце!". На гэта не адказалі яму ні словам. Тады Ільля зноў сказаў людзям: "З прарокаў Госпада застаўся я адзін, а прарокаў Бааля тут трыста пяцьдзесят, і прарокаў мерзкіх чатырыста". I сказаў зноў Ільля: "Дайце мне двух цялят. Хай яны выбяруць сабе адно цяля, заб'юць яго і паложаць на дровы, але агня хай не раскладаюць. Я таксама заб'ю адно цяля, палажу яго на дровы і таксама агня не запалю. Тады вы будзеце клікаць вашага бога, а пасьля я буду клікаць самога Госпада Бога майго: і Бог, які выслухае і адкажа агнём, той – сапраўдны Бог". I адказалі ўсе людзі: "Добрую думку даў Ільля, хай будзе так". Тады Ільля сказаў прарокам мерзкім: "Выбірайце вы першыя, бо вас больш. Тады клічце вашага бога, але агня не раскладайце". Яны ўзялі цяля і забілі яго, а пасьля клікалі Бааля ад раніцы да паўдня, крычачы: "Бааль, выслухай нас!". Але не было ні голасу, ні адказу. Тады пачалі біць паклоны перад ахвярнікам, які яны прыгатавалі. Настаў поўдзень, і Ільля пачаў насьміхацца з іх, кажучы: "Крычыце мацней, бо можа бог ваш не чуе: магчыма ён размаўляе, або заняты, або выбіраецца ў дарогу? А можа ён сьпіць, дык няхай прачнецца!". Тады яны пачалі крычаць яшчэ мацней і, паводле звычаю свайго, калечыць сябе нажамі і бічавацца аж да крыві. I прарочылі яны, аж пакуль прыйшоў вечар і настаў час ахвяры вячэрняй, а ўсё не было адказу. Тады Ільля сказаў прарокам: "Адступіцеся цяпер, і я прынясу маю ахвяру". I яны адступіліся і замоўклі. Ільля сказаў людзям: "Падыдзіце да мяне". І ўсе людзі падышлі да яго. I ўзяў Ільля дванаццаць каменяў, паводле ліку пакаленьняў сыноў Ізраіля, якому Госпад сказаў: "Імя тваё будзе Ізраіль". I паклаў камяні ў імя Госпада, і направіў развалены ахвярнік, і выкапаў вакол ахвярніка роў, у якім можна было пасеяць дзьве меры насеньня. Потым палажыў дровы і, забіўшы цяля, палажыў яго на дровах і загадаў: "Напоўніце чатыры збаны вадою і вылійце яе на дровы і ў роў". Так яны і зрабілі. Тады ён зноў загадаў: "Паўтарыце тое самае!". I яны паўтарылі. I зноў загадаў: "Яшчэ трэці раз!". Яны зрабілі тое самае трэці раз, так што вада абліла ўвесь ахвярнік і напоўніла роў.

I ўсклікнуў Ільля да неба, кажучы: "Госпадзе Божа Абрагама, Ісаака і Якуба! Выслухай мяне, Госпадзе! Выслухай мяне агнём! Хай сёньня станецца вядомым, што Ты адзіны Госпад Бог Ізраіля, а я, слуга Твой, на Твой загад усё гэта ўчыніў. І навярні сэрцы людзей гэтых да Цябе". I вось агонь зышоў з неба ад Госпада, і спаліў цэласпальныя ахвяры і дровы і камяні, а балота і ваду, што была ў рове, высушыў. Усе людзі, бачыўшы гэта, палі тварам ніц, і сказалі: "Сапраўды Госпад Бог зьяўляецца Богам праўдзівым!". Ільля ж загадаў ім: "Хапайце прарокаў Бааля! Няхай ніхто з іх не застанецца!". I адразу схапілі іх. I Ільля завёў іх да ручая Кішон і там іх пазабіваў. Тады Ільля сказаў Ахабу: "Чую шум дажджу, сядзь на калясьніцу тваю і едзь, каб дождж цябе не застаў". I ўзышоў Ільля на Кармэльскую гару, і пахіліўся да зямлі, утуліўшы твар між каленаў, і памаліўся да Госпада. I вось неба пацямнела ад хмараў і ветру і пайшоў лівень. I заплакаў Ахаб і пайшоў да Іезрааля. I рука Гасподняя была на Ільлі, і ён падперазаўшы паясьніцу сваю, пайшоў перад Ахабам да Іезрааля. Калі Ахаб расказаў жонцы сваёй Іезабэлі усё, што ўчыніў Ільля і як ён мячом пазабіваў прарокаў, яна паслала пасланца да Ільлі, каб сказаць: "Заўтра я зраблю з жыцьцём тваім так, як ты зрабіў з жыцьцём кожнага з іх". Пачуўшы гэта Ільля спалохаўся і, ратуючыся ўцечкаю, прыйшоў у Баршэбу, што ў зямлі Юдэйскай. Там ён пакінуў слугу свайго, а сам пайшоў на дзень дарогі ў пустыню. Прыйшоўшы, сеў пад ядлаўцом і, жадаючы сьмерці, казаў: "Ужо вялікі час, Госпадзе! Вазьмі душу маю, бо я ня лепшы за маіх продкаў". Пасьля лёг і заснуў. I вось анёл, штурхнуўшы яго, сказаў: "Устань, еш!". Ільля глянуў і ўбачыў ля галавы праснак і збан вады. Тады, устаўшы, ён пад'еў і выпіў, і лёг зноў. Анёл вярнуўся і другі раз, штурхнуўшы яго, сказаў: "Устань і еш, бо цябе чакае вялікая дарога". Дык, устаўшы, зьеў і выпіў. Тады, падмацаваны ежаю, ён ішоў сорак дзён і сорак начэй аж да сьвятой гары Гарэб. Там увайшоў у пячору адпачыць. I Госпад прамовіў да яго, кажучы: "Выйдзі і стань ля гары перад Госпадам!". I вось Госпад прайшоў міма. Быў вялізны вецер, што развальваў горы і крышыў скалы, але Госпад ня быў у ветры. Пасьля ветру – землятрус: Госпад ня быў у землятрусе. Пасьля землятрусу прыйшоў агонь: Госпад ня быў у агні. А пасьля гэтага агню – подых лагоднага ветрыку. Калі Ільля пачуў яго, ён выйшаў і стаў пры ўваходзе пячоры, засланіўшы твар плашчом. Тады Госпад сказаў яму: "Ідзі назад у пустыню Дамаскаву і памаж Елісея, сына Шафата, на прарока на тваё месца!"

Чытаньне трэцяй і чацьвертай кнігаў царстваў (3 Цар. 19:19-21; 4 Цар. 2:1,6-14)

У той час Ільля пайшоў і знайшоў Елісея, сына Шафата, які араў валамі. Падышоўшы да яго, Ільля накінуў на яго свой плашч. I Елісей пакінуў валы і пайшоў усьлед за Ільлёю і служыў яму. І вось Ільля быў узяты Госпадам у ветры на неба, а сталася гэта такім чынам. Ільля і Елісей ішлі да Галгалы. I сказаў Ільля Елісею: "Застанься тут, бо Госпад паслаў мяне да Ярдану". Але Елісей адказаў: "Як жывы Госпад, і жывая душа мая, не пакіну цябе". I пайшлі абодвы яны далей і сталі ля Ярдану, а пяцьдзесят мужоў, вучняў прароцкіх, прыйшлі і сталі насупраць здалёку. I ўзяў Ільля плашч свой, скруціў яго і ударыў ім ваду, якая разьдзялілася на два бакі. I яны прайшлі па сухім дне. I калі яны прайшлі, Ільля сказаў Елісею: "Прасі, што мне зрабіць перад тым, чым буду ўзяты ад цябе". Елісей адказаў: "Хай дух, што ў табе, будзе падвойным ува мне". Кажа Ільля: "Цяжкай рэчы просіш; калі ўбачыш мяне, як буду ўзяты ад цябе, тваё жаданьне споўніцца". Калі яны так ішлі і размаўлялі, вось зьявілася вогненная калясьніца з вогненнымі канямі, і разлучыла іх. I Ільля ў ветры вялікім узьнёсься да неба. А Елісей глядзеў і крычаў: "Ойча! Ойча! Вось калясьніца Ізраіля і ягоныя ездакі!". I ўжо больш ня бачыў яго. I Елісей, узяўшы вопратку сваю, разадраў яе і ўзяў плашч Ільлі, што ўпаў згары. Вярнуўшыся, Елісей стаў на беразе Ярдану і, ўзяўшы плашч Ільлі, што ўпаў згары, ударыў ім ваду, але яна не разьдзялілася. Тады крыкнуў ён: "Дзе ж гэта Госпад Бог Ільлі, дзе Ен?". I ўдарыў ваду другі раз, і яма расступілася, і ён перайшоў па сухім дне.


Вершапесьні

(Тон 8). Ільля, прарок дзіўны, розум свой набожнасьцю прасьвятліў і, бачыўшы несправядлівы суд нягоднага цара, абурыўся і абвясьціў яму Божы прысуд, і царыцу нязбожную і залаталюбную Божаму суду аддаў. Малітвамі прарока твайго Ільлі, Хрысьце, збаў душы нашы.

Верш. Майсей і Аарон сярод сьвятароў Яго, і Самуіл сярод тых, што клічуць імя Яго.

"Дакуль, Госпадзе, шлях нязбожных будзе пасьпяваць – ты, прароча, усклікнуў. – Ты насадзіў і яны ўкараніліся і ўзрасьцілі плод неправеднасьці. I згінуць яны ў сваіх бясчынствах: будуць клікаць Цябе, але Ты не пачуеш іх. Чаму паказаў Ты мне агіднасьць судзьдзяў неправедных?".

Верш. Ты – сьвятар давеку, паводле чыну Мельхісадэка.

Пачэсны і вялікі прароча Ільля, малітвамі тваімі выбаўляй ад бедаў і суму, і варожых напасьцяў тых, што сьвяткуюць тваё ўзыходжаньне, каб усе хрысьціяне заўжды шанавалі і славілі цябе.

Слава ...:

(Тон 6). Прароча і прапаведніча прыйсьця Хрыстовага, ты заўжды прабываеш ля пасаду Велічы і, служачы на вышынях, заступаешся за ўсіх у патрэбе і, ўсюды праслаўлены, сусьвет бласлаўляеш. Прасі ачышчэньня душам нашым.

Цяпер ...:

(Тон 6). Тварэц і Збавіцель мой, Усячыстая, Госпад Хрыстос, выйшаўшы з улоньня твайго, у мяне апрануўся і ад першага Адамавага праклёну вызваліў. Дзеля гэтага табе, Бязьвінная, як Маці Божай і Дзеве, разам з анёламі нязмоўкна ўсклікаем "Радуйся!". Радуйся, Уладарка, Заступніца, Абарона і Збаўленьне душ нашых.


Адпушчальныя трапары

Трапар Прароку (тон 4). Анёл у целе, прарокаў аснова, другі прадвесьнік прыйсьця Хрыстовага, Ільля слаўны, з вышыні паслаў Елісею падвойную ласку немачы адганяць і пракажоных ачышчаць, і тым, што шануюць яго, шле аздараўленьні.

Слава ... цяпер ...

Багародзічны (тон 4). Тайна спрадвеку ўкрытая і анёлам няведамая, Табою, Багародзіца, тым, што жывуць на зямлі, сталася яўнаю: Бог прыняў цела ад Цябе, спалучыўшы ў сабе без зьліцьця дзьве прыроды і, пацярпеўшы дзеля нас дабравольна на крыжы, уваскрасіў ім першастворанага і выбавіў ад сьмерці душы нашы.


Старонка 1 з 4 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст