Ютрань
Пасьля "Госпад – Бог ...":
трапары як на вячэрні (гл. вышэй).
Далей служба нядзельная належнага. тону.
Канон
Ірмасы нядзельнага канону належнага тону і катавасія "Адчыню
вусны мае ..."
Пасьля трэцяй песьні кандак і ікас нядзельныя і наступныя
сядальныя песьні:
(Тон 4). Вы, блаславёныя і баганосныя айцы,
явіліся сьвету як ясныя сьветачы праўды Хрыстовае, высушылі агідныя і шкодныя
ерасі, і пагасілі хваляваньні нязбожных. Цяпер, як святаначальнікі Хрыстовыя,
моліцеся за наша збаўленьне.
Слава ... цяпер ...
Ты, Усячыстая, абнавіла Боскім сынараджэньнем Тваім сатлелую
людзкую прыроду, і ўзьняла яе ад сьмерці да нятленнага жыцьця. Дзеля гэтага мы
ўсе бласлаўляем Цябе завем шчасьліваю, як Ты, Дзева праслаўленая, сама
прадказала.
Пасьля шостай песьні:
Кандак Айцоў (тон 8). Апосталаў прапаведаваньне і
айцоў навучаньне ўмацавалі веру праўдзівую ў Царкве, і яна, адзеўшыся ў вопратку
праўды, вытканую з нябеснага багаслоўя, праўдзіва навучае і славіць набожнасьці
вялікую тайну.
Ікас. Мы чуем Царкву Божую, якая моцным голасам
кліча: "Хто мае смагу, хай прыходзіць да мяне і п'е з чашы, якую трымаю, бо гэта
чаша мудрасьці. Я чэрпаю ваду словам праўды, ваду не пярэчаньня але вызнаньня.
П'ючы яе, новы Ізраіль бачыць Бога, які кажа: "Гляньце, гэта Я сам, нязьменны; Я
Бог першы і назаўжды, і апроч Мяне іншага няма і ня будзе". Дык тыя, што
прычашчаюцца ёю, насыцяцца і ўсхваляць пабожнасьці вялікую тайну.
Пасьля "Больш годную пашаны ...": песьня дзевятая
нядзельная і наступная:
(Тон 6). Бога людзям немагчыма бачыць, на
Яго хоры анельскія глянуць ня сьмеюць; дзякуючы Табе, Усячыстая, Слова, што
сталася чалавекам, зьявілася людзям. Дзеля гэтага разам з нябеснымі сіламі
ўзьвялічваем Яго і Цябе шчасьліваю завем.
Верш. Сьвятыя і баганосныя айцы, маліце Бога за
нас.
Не належыць нічога мяняць – дадаваць ці адкідаць – у боскім
паданьні нашай веры, у якой мы ахрышчаныя. А тыя, што ўносяць зьмены, будуць
асуджаныя.
Верш. Сьвятыя і баганосныя айцы, маліце Бога за
нас.
Хай сэрцы нашыя напоўняцца радасьцю, сьвяткуючы памяць айцоў
сьвятых сабораў. Дзякуючы ім мы ўбачылі сьвятло правай веры. Яны явіліся
сьветачамі, што сваім навучаньнем паказалі ўсім шлях да здабыцьця праўдзівай
навукі.
Верш. Сьвятыя і баганосныя айцы, маліце Бога за
нас.
Папросім ачышчэньня душаў і пастараемся пражыць жыцьцё наша
пабожна, каб быць супольнікамі сьвятых айцоў, якія адкрылі нам, дзецям сваім,
багацьце праўдзівай навукі.
Слава ... цяпер ...:
Бог з улоньня Твайго зазьзяў, Маці Божая, абагавіў род
людзкі, і удастоіў сваёй славы і зрабіў насьледнікамі сваімі тых, што заўжды
вызнаюць Цябе сапраўды Багародзіцаю.
Экзапастыляр: нядзельны.
Слава ...: Сьвяткуем сёньня памяць боскіх айцоў, і
малітвамі іх молім Цябе, Усяшчодры: выбаў людзей тваіх ад усіх шкодных ерасяў,
Госпадзе, і ўдастой іх славіць Айца, Слова і Ўсесьвятога Духа.
Цяпер...: Радуйся, Божая палата; радуйся, гара ацененая;
радуйся, незгаральны куст; радуйся пасад славы; радуйся, Боскае застольле;
радуйся, ручка залатая; радуйся, сьветач ясны; радуйся, лёгкая хмара, Дзева Маці
Марыя.
Пахвальныя псалмы
Чатыры песьні нядзельныя належнага тону і чатыры наступныя:
(Тон 6). Пачэсныя айцы, сабраўшы ўсе духоўныя веды
і разгледзеўшы іх у Боскім Духу, баганатхнёна напісалі нябеснае і пачэснае
вызнаньне веры, у якім ясна навучаюць, што Слова субеспачатнае і адзінасутнае з
Айцом. У гэтым яны – блаславёныя і слаўныя, і сапраўды багамудрыя, – пайшлі
ўсьлед за апостальскім навучаньнем. (Двойчы)
Верш. Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых, і імя Тваё
слаўнае і ўсяхвальнае давеку.
Хрыстовыя прапаведнікі і блаславёныя настаўнікі евангельскіх
навучаньняў і пабожных паданьняў, асьветленыя духоўным зьзяньнем Сьвятога Духа,
мудра і баганатхнёна ў кароткіх словах аб'явілі звышпрыроднае багаслоўе.
Прыняўшы з вышыні адкрыцьцё праўдаў, і прасьвятліўшыся імі, яны аб'ясьнілі нам
Богам аб'яўленую веру.
Верш. Зьбярыце Яму ўсіх сьвятых Яго.
Боскія пастыры і сапраўдныя слугі Хрыстовыя, сабраўшы ўсё
пастырскае дасьведчаньне, і загарэўшыся справядлівым гневам, адагналі прашчаю
Духа злосных і згубых ваўкоў, заражаных сьмяротнай немаччу, і адлучылі іх ад
царкоўнай супольнасьці.
Слава ...:
(Тон 8). Сьвятыя айцы, сабраўшыся з усіх куткоў
зямлі, навучылі нас верыць у адзіную сутнасьць і прыроду Айца, і Сына, і Духа
Сьвятога. Яны перадалі Царкве тайну багаслоўя. Дзеля гэтага мы шануем і
бласлаўляем іх, кажучы: О Боскае войска, дабрамоўныя рыцары з Гасподняга стану;
зоркі ясныя духоўнага неба; тайнага Сыёну непахісныя стаўпы; поўныя духмянасьці
кветкі райскія; залатыя вусны Слова; пахвала Нікеі; краса сусьвету, маліцеся
няспынна за душы нашыя.
Цяпер ...:
Найблаславёная Ты, Багародзіца Дзева ... |