Галоўная > Мінэя - Ліпень > Нядзеля 13-19 ліпеня - Нядзеля сьвятых Айцоў першых шасьці Сабораў

Нядзеля 13-19 ліпеня - Нядзеля сьвятых Айцоў першых шасьці Сабораў


5 красавіка 2008.

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...": сем песьняў нядзельнык належнага тону і тры Айцоў:

(Тон 6). Перад заранкай Ты, Спрадвечны, нарадзіўся ад Айца без маці; і хоць Арый дзёрзка называе Цябе стварэньнем, а не Богам – бяздумна зьмешваючы Тварца з творамі Яго і рыхтуючы сабе нязгасны агонь, – Сабор у Нікеі прагаласіў Цябе Сынам Божым, роўнадастойным з Айцом і Духам.

Разадраную Хрыстовую вопратку, пашарпаную зубамі зьвяроў, вы, пачэсныя айцы, мудра сшылі зноў, ня могучы бачыць Яго непакрытым – як некалі Сім і Яфет бацьку, – і гэтым пасаромілі Арыя і аднадумцаў яго.

Македаніянаў і нэстарыянаў, эўтыхіянаў і дыяскарыянаў, апалінарыянаў, савеліянаў і севірыянаў – ваўкоў лютых у авечай шкуры, – вы, як сапраўдныя пастыры, адагналі ад Збавіцелевага стада, садраўшы з іх авечую маску. Дзеля гэтага шануем вас.

Слава ...

(Тон 6). Уславім сёньня баганосных айцоў, тайныя трубы Духа, што пасярод царквы засьпявалі стройную песьню багаслоўя пра адзіную і неразьдзельную прыродай і боствам Тройцу; будучы пераможцамі Арыя і абаронцамі верных, яны моляцца безустанку Госпаду за збаўленьне душ нашых.

Цяпер ...

Дагматык належнага тону.


Чытаньне кнігі Быцьця (14:14-20):

Аўрам, пачуўшы, што ягоны сваяк Лот патрапіў у палон, узяў з сабою трыста васемнаццаць найбольш дасьведчаных хатніх сваіх і кінуўся ў пагоню аж да Дана. Уночы, падзяліўшы людзей сваіх на загоны, ён напаў на ворагаў і разьбіў іх, а потым гнаўся за імі аж да Хобы, што на захад ад Дамаску. Такім чынам ён адабраў усю маёмасьць і вярнуў назад Лота з яго дабром, жонкамі і слугамі. Калі Аўрам вяртаўся з перамогі над Кедар-Лёамерам і царамі, што былі з ім, цар Садомскі выйшаў яму насустрач да даліны Шавэ, гэта значыць Каралеўскай. I Малхісадэк, цар Салімскі, вынес хлеб і віно – бо ён быў сьвятаром Бога Усявышняга, – і блаславіў Аўрама, кажучы: "Хай Бог Усявышні, Тварэц неба і зямлі, блаславіць цябе, Аўраме; і хай будзе блаславёны Бог Усявышні, які аддаў ворагаў тваіх у рукі твае".

Чытаньне кнігі Другога Закону (1:8-17):

У той час сказаў Майсей сыном Ізраілевым: "Вось даю вам зямлю – ідзеце, вазьмеце яе сабе ў спадчыну, якую Госпад кляўся даць айцом вашым Абрагаму, Ізааку і Якубу, і нашчадкам іх. У той час я сказаў вам: я не змагу адзін узяць на сябе вашыя цяжкасьці. Госпад Бог ваш размножыў вас – сёньня вас, як зорак у небе. I няхай Госпад, Бог айцоў вашых, размножыць вас яшчэ ў тысячу разоў і блаславіць вас, як абяцаў. Але як жа мне аднаму насіць вашыя цяжкасьці, вашы клопаты і непаладкі? Дык абярыце сабе спаміж каленаў вашых мужоў разумных, паважных і дасьведчаных, і я пастаўлю іх вам начальнікамі. I вы мне адказалі: добрую рэч хочаш зрабіць. Дык вось я ўзяў старшыняў з каленаў вашых, мужоў мудрых, паважных і дасьведчаных, і паставіў іх тысячаначальнікамі, сотнікамі, пяцідзесятнікамі і дзесятнікамі, каб былі кіраўнікамі ў каленах вашых. У той самы час я даў такі наказ судзьдзям вашым: Выслухоўвайце братоў вашых, судзеце справядліва справу кожнага, з братам яго ці з чужынцам. Калі судзіце, не глядзеце на аблічча, выслухоўвайце аднолькава малога і вялікага, ня бойцеся нікога, бо суд Божы ёсьць".

Чытаньне кнігі Другога Закону (10:14-21):

У той час сказаў Майсей сыном Ізраілевым: "Неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што напаўняе яе, належаць Госпаду Богу твайму. Толькі да айцоў вашых прыхіліўся Госпад і палюбіў іх, і выбраў іх і іхняе патомства сярод іншых народаў – аж па сёньняшні дзень. Дык абрэжце сэрцы вашыя, і няхай шыі вашыя ня будуць цьвёрдымі. Бо Госпад Бог ваш – Бог над багамі і ўладар над уладарамі, Бог вялікі, магутны і страшны, які не зважае на асобу і не прымае падарункаў; Ён чыніць справядлівасьць сіраце і ўдаве, мілуе чужынца, даючы яму хлеб і вопратку. Вы таксама любеце чужынцаў, бо самі былі чужынцамі ў зямлі Ягіпскай. Госпада Бога твайго бойся, Яго трымайся, Яму служы і імем Ягоным кляніся. Ён – твая слава, Ен Бог твой, што ўчыніў для цябе вялікія і страшныя рэчы, якія ты бачыў на ўласныя вочы".


Вершапесьні: нядзельныя належнага тону.

Слава ...:

(Тон 4). Сёньня ўся грамада верных набожна сьвяткуе пачэсную памяць баганосных айцоў, што з усіх куткоў сьвету сабраліся ў Нікеі. Яны багамудра абверглі нязбожную навуку Арыя і саборна адлучылі яго ад Паўсюднай Царквы. У Вызнаньні Веры яны дакладна і праўдзіва навучылі нас верыць у адзінасутнага і спрадвечнага Сына Божага. Дзеля гэтага мы, ідучы за іхнім боскім навучаньнем, з непахіснай вераю пакланяемся разам з Айцом Сыну і Духу ўсесьвятому, у еднасьці Боства Тройцы адзінасутнай.

Цяпер ...:

(Тон 4). Глянь прыхільна на маленьні слуг тваіх, Усячыстая, і адхілі ад нас цяжкія напасьці, выбаўляючы нас ад усякага смутку, бо ў табе адзінай маем цьвёрдую і пэўную абарону, і на тваё заступніцтва спадзяемся. Дык ня дай нам пасаромецца, Уладарка, калі мы зьвяртаемся да цябе, але адгукніся хутка на просьбы тых, што ў веры клічуць: Радуйся, Уладарка, дапамога, радасьць, ахова і збаўленьне душ нашых.


Адпушчальныя трапары

Трапар нядзельны належнага тону

Слава ...

Трапар Айцоў (тон 8). Ты бесканечна слаўны, Хрысьце Божа наш, бо Ты ўстанавіў айцоў нашых сьветачамі на зямлі, і цераз іх прывёў нас да веры праўдзівай. Усеміласьцівы Госпадзе, слава Табе.

Цяпер ...

Багародзічны (тон 8). Ты, што дзеля нас нарадзіўся ад Дзевы і на крыжы пацярпеў, сьмерцю зьнічыўшы сьмерць і паказаўшыся Богам ва ўваскрасеньні Тваім, не пагардзь творамі рук Тваіх, пакажы чалавекалюбства Тваё, Міласэрны, прымі малітвы за нас Багародзіцы, якая нарадзіла Цябе, і збаў, Збавіцелю добры наш, людзей бездапаможных.


Ютрань


Пасьля "Госпад – Бог ...": трапары як на вячэрні (гл. вышэй).

Далей служба нядзельная належнага. тону.


Канон

Ірмасы нядзельнага канону належнага тону і катавасія "Адчыню вусны мае ..."

Пасьля трэцяй песьні кандак і ікас нядзельныя і наступныя сядальныя песьні:

(Тон 4). Вы, блаславёныя і баганосныя айцы, явіліся сьвету як ясныя сьветачы праўды Хрыстовае, высушылі агідныя і шкодныя ерасі, і пагасілі хваляваньні нязбожных. Цяпер, як святаначальнікі Хрыстовыя, моліцеся за наша збаўленьне.

Слава ... цяпер ...

Ты, Усячыстая, абнавіла Боскім сынараджэньнем Тваім сатлелую людзкую прыроду, і ўзьняла яе ад сьмерці да нятленнага жыцьця. Дзеля гэтага мы ўсе бласлаўляем Цябе завем шчасьліваю, як Ты, Дзева праслаўленая, сама прадказала.

Пасьля шостай песьні:

Кандак Айцоў (тон 8). Апосталаў прапаведаваньне і айцоў навучаньне ўмацавалі веру праўдзівую ў Царкве, і яна, адзеўшыся ў вопратку праўды, вытканую з нябеснага багаслоўя, праўдзіва навучае і славіць набожнасьці вялікую тайну.

Ікас. Мы чуем Царкву Божую, якая моцным голасам кліча: "Хто мае смагу, хай прыходзіць да мяне і п'е з чашы, якую трымаю, бо гэта чаша мудрасьці. Я чэрпаю ваду словам праўды, ваду не пярэчаньня але вызнаньня. П'ючы яе, новы Ізраіль бачыць Бога, які кажа: "Гляньце, гэта Я сам, нязьменны; Я Бог першы і назаўжды, і апроч Мяне іншага няма і ня будзе". Дык тыя, што прычашчаюцца ёю, насыцяцца і ўсхваляць пабожнасьці вялікую тайну.


Пасьля "Больш годную пашаны ...": песьня дзевятая нядзельная і наступная:

(Тон 6). Бога людзям немагчыма бачыць, на Яго хоры анельскія глянуць ня сьмеюць; дзякуючы Табе, Усячыстая, Слова, што сталася чалавекам, зьявілася людзям. Дзеля гэтага разам з нябеснымі сіламі ўзьвялічваем Яго і Цябе шчасьліваю завем.

Верш. Сьвятыя і баганосныя айцы, маліце Бога за нас.

Не належыць нічога мяняць – дадаваць ці адкідаць – у боскім паданьні нашай веры, у якой мы ахрышчаныя. А тыя, што ўносяць зьмены, будуць асуджаныя.

Верш. Сьвятыя і баганосныя айцы, маліце Бога за нас.

Хай сэрцы нашыя напоўняцца радасьцю, сьвяткуючы памяць айцоў сьвятых сабораў. Дзякуючы ім мы ўбачылі сьвятло правай веры. Яны явіліся сьветачамі, што сваім навучаньнем паказалі ўсім шлях да здабыцьця праўдзівай навукі.

Верш. Сьвятыя і баганосныя айцы, маліце Бога за нас.

Папросім ачышчэньня душаў і пастараемся пражыць жыцьцё наша пабожна, каб быць супольнікамі сьвятых айцоў, якія адкрылі нам, дзецям сваім, багацьце праўдзівай навукі.

Слава ... цяпер ...:

Бог з улоньня Твайго зазьзяў, Маці Божая, абагавіў род людзкі, і удастоіў сваёй славы і зрабіў насьледнікамі сваімі тых, што заўжды вызнаюць Цябе сапраўды Багародзіцаю.


Экзапастыляр: нядзельны.

Слава ...: Сьвяткуем сёньня памяць боскіх айцоў, і малітвамі іх молім Цябе, Усяшчодры: выбаў людзей тваіх ад усіх шкодных ерасяў, Госпадзе, і ўдастой іх славіць Айца, Слова і Ўсесьвятога Духа.

Цяпер...: Радуйся, Божая палата; радуйся, гара ацененая; радуйся, незгаральны куст; радуйся пасад славы; радуйся, Боскае застольле; радуйся, ручка залатая; радуйся, сьветач ясны; радуйся, лёгкая хмара, Дзева Маці Марыя.


Пахвальныя псалмы

Чатыры песьні нядзельныя належнага тону і чатыры наступныя:

(Тон 6). Пачэсныя айцы, сабраўшы ўсе духоўныя веды і разгледзеўшы іх у Боскім Духу, баганатхнёна напісалі нябеснае і пачэснае вызнаньне веры, у якім ясна навучаюць, што Слова субеспачатнае і адзінасутнае з Айцом. У гэтым яны – блаславёныя і слаўныя, і сапраўды багамудрыя, – пайшлі ўсьлед за апостальскім навучаньнем. (Двойчы)

Верш. Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых, і імя Тваё слаўнае і ўсяхвальнае давеку.

Хрыстовыя прапаведнікі і блаславёныя настаўнікі евангельскіх навучаньняў і пабожных паданьняў, асьветленыя духоўным зьзяньнем Сьвятога Духа, мудра і баганатхнёна ў кароткіх словах аб'явілі звышпрыроднае багаслоўе. Прыняўшы з вышыні адкрыцьцё праўдаў, і прасьвятліўшыся імі, яны аб'ясьнілі нам Богам аб'яўленую веру.

Верш. Зьбярыце Яму ўсіх сьвятых Яго.

Боскія пастыры і сапраўдныя слугі Хрыстовыя, сабраўшы ўсё пастырскае дасьведчаньне, і загарэўшыся справядлівым гневам, адагналі прашчаю Духа злосных і згубых ваўкоў, заражаных сьмяротнай немаччу, і адлучылі іх ад царкоўнай супольнасьці.

Слава ...:

(Тон 8). Сьвятыя айцы, сабраўшыся з усіх куткоў зямлі, навучылі нас верыць у адзіную сутнасьць і прыроду Айца, і Сына, і Духа Сьвятога. Яны перадалі Царкве тайну багаслоўя. Дзеля гэтага мы шануем і бласлаўляем іх, кажучы: О Боскае войска, дабрамоўныя рыцары з Гасподняга стану; зоркі ясныя духоўнага неба; тайнага Сыёну непахісныя стаўпы; поўныя духмянасьці кветкі райскія; залатыя вусны Слова; пахвала Нікеі; краса сусьвету, маліцеся няспынна за душы нашыя.

Цяпер ...:

Найблаславёная Ты, Багародзіца Дзева ...


Літургія


Трапары:

Трапар нядзельны належнага тону;

Трапар Айцоў (тон 8). Ты бесканечна слаўны, Хрысьце Божа наш, бо Ты ўстанавіў айцоў нашых сьветачамі на зямлі, і цераз іх прывёў нас да веры праўдзівай. Усеміласьцівы Госпадзе, слава Табе.

Слава ...:

Кандак Айцоў (тон 8). Апосталаў прапаведаваньне і айцоў навучаньне ўмацавалі веру праўдзівую ў Царкве, і яна, адзеўшыся ў вопратку праўды, вытканую з нябеснага багаслоўя, праўдзіва навучае і славіць набожнасьці вялікую тайну.

Цяпер ...:

Апякунка хрысьціян бездакорная...


Пракімен (Дан. 3:26,27). Блаславёны і ўсехвальны Ты, Божа айцоў нашых, і імя Тваё хай славіцца на векі.

Верш. Бо справядлівасьць Твая яўная ва ўсім, што Ты ўчыніў для нас.


Апостал: Гэб 13:7-17


Алілуя (Пс 49:1,5). Бог багоў, Госпад, кліча зямлю ад усходу да захаду.

Верш. Зьбярыце перада мною сьвятых маіх, якія замацавалі запавет мой ахвяраю.


Евангельле: Мц 5:14-19


Прычасьнік. Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях.

Усклікніце, праведнікі, Госпаду ў радасьці: хвала пасуе праведным. Алілуя, алілуя, аллілуя.



Вярнуцца назад