пераклад узгоднены з Малітаўнікам 2002 г.
Вячэрня
з вялікім асьвячэньнем вады
Заўвага: За выняткам суботы і нядзелі, Вячэрня служыцца
разам з Літургіяй сьв. Базыля Вялікага.
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 2). Убачыўшы Прасьветніка нашага, што прасьвятляе кожнага чалавека,
калі той прыйшоў хрысьціцца, Прадвесьнік усьцешыўся душою і, паказваючы на
Яго, сказаў людзям: "Вось Той, хто збаўляе Ізраіля і вызваляе нас ад
тленнасьці". Бязгрэшны Хрысьце Божа наш, слава Табе!
(Двойчы)
Анельскія хоры жахнуліся, убачыўшы, як слуга хрысьціць Збавіцеля; Дух Сьвяты
зышоў, каб засьведчыць аб Ім, і з неба пачуўся голас Айца: "Той, каго
Прадвесьнік хрысьціць рукою сваёю – гэта Сын мой любы, якога Я ўпадабаў".
Хрысьце Божа наш, слава Табе! (Двойчы)
Струмені Ярдану прымаюць Цябе, Крыніца! Пацяшыцель зыходзіць у выглядзе
голуба; схіляе галаву Той, хто нахіліў нябёсы, і зроблены з гліны ўсклікае
Творцы: "Чаму загадваеш мне такое? Ты ж вышэйшы за мяне! Я маю патрэбу ў
хрышчэньні Тваім". Бязгрэшны Хрысьце Божа наш, слава Табе!
Калі Ты вырашыў збавіць заблуднага чалавека, Ты не адмовіўся прыняць выгляд
слугі. Даспадобы было Табе, Уладару і Богу, дзеля нас успрыняць тое, што нашае; калі ж Ты,
Збавіцелю, ахрысьціўся цялесна, Ты ўдастоіў нас прабачэньня. Дзеля гэтага мы
ўсклікаем Табе: "Хрысьце Божа наш, слава Табе!"
Слава... цяпер...:
(Тон 2). Ты схіліў галаву Тваю перад Прадвесьнікам і скрышыў
галовы зьмеяў. Увайшоўшы ў ваду, Ты прасьвятліў усіх, каб нам славіць Цябе,
Збавіцелю і Прасьветніча душаў нашых.
Уваход з Евангельлем.
Пракімен дня.
Чытаньне кнігі Роду
Спачатку Бог стварыў неба і зямлю. Зямля была неўпарадкаваная і пустая, цемра
была над безданьню, і дух Божы насіўся над водамі. І сказаў Бог: "Хай будзе
сьвятло!" І сталася сьвятло. І Бог убачыў, што сьвятло добрае і аддзяліў яго ад
цемры. І назваў Бог сьвятло днём, а цемру назваў ноччу. І настаў вечар і раніца
– дзень першы. А потым Бог сказаў: "Хай паўстане скляпеньне сярод водаў і хай
разьдзеліць назаўжды адны воды ад другіх!" І ўчыніўшы скляпеньне, Бог аддзяліў
воды пад скляпеньнем ад водаў над скляпеньнем. І назваў Бог скляпеньне небам. І
быў вечар, а за ім раніца – дзень другі. Тады Бог сказаў: "Хай зьбяруцца воды
пад скляпеньнем у адно месца і хай пакажацца суша!" І калі так сталася, Бог
назваў сушу зямлёю, а збор водаў – морам. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І сказаў
Бог: "Хай зямля праросьціць зялёныя расьліны: травы, што расьсяваюць насеньне;
фруктовыя дрэвы, што прыносяць плады з сямёнамі ў іх, кожнае паводле свайго роду
на зямлі!" І сталася так. Зямля вывела з сябе расьліны: траву, што расьсявае
насеньне, і фруктовыя дрэвы, што родзяць плады з сямёнамі паводле свайго роду. І
ўбачыў Бог, што гэта добра. І настаў вечар і раніца – дзень трэці.
(1:1-13)
Чытаньне кнігі Выхаду
Сказаў Госпад Майсею: "Чаго клічаш Мяне? Загадай сыном Ізраілевым ісьці ў
дарогу. А ты вазьмі кій твой, працягні руку сваю на мора і разьдзялі яго; і хай
сыны Ізраіля пяройдуць сушаю сярод мора. Я ўчыню ўпартым сэрца фараона і слуг
ягоных і ўсіх егіпцянаў, і пакажу на фараоне, на ягоным войску, на калясьніцах і
конях ягоных славу Маю. І калі Я пакажу славу маю на фараоне, на калясьніцах і
конях ягоных, тады егіпцяне зразумеюць, што Я – Госпад". Майсей працягнуў руку
сваю над морам, і Госпад адганяў цэлую ноч мора моцным ветрам паўдзённым, і
ўчыніў мора сухім, і вада расступілася. І сыны Ізраіля ўвайшлі сярод мора па
сушы, і вада была ім сьцяною па правай руцэ, і сьцяною па левай руцэ. Егіпцяне
пагналіся і ўвайшлі ўсьлед за імі, усе коні фараонавы, і калясьніцы і вершнікі
сярод мора. І Майсей працягнуў руку на мора, і вада зноў вярнулася на месца
сваё, а егіпцяне, уцякаючы, беглі пад вадою. Так вось кінуў Госпад егіпцянаў
сярод мора. І вада, вярнуўшыся, патапіла калясьніцы і коньнікаў і ўсё войска
фараона, што ўвайшлі ў мора ўсьлед за імі, ні адзін з іх не застаўся. Сыны ж
Ізраіля перайшлі па сушы сярод мора.
(14:15-18, 21-23, 27-29)
Чытаньне кнігі Выхаду
Майсей загадаў сыном Ізраіля ісьці ад Чырвонага мора ў напрамку пустыні Шур.
Ішлі яны тры дні цераз пустыню і не знайшлі вады. І прыйшлі да месца, якое
называлася Мара, і не маглі там піць вады, бо была горкая. Дзеля гэтага і далі
гэтаму месцу імя Мара. Людзі пачалі наракаць на Майсея і казалі: "Што будзем
піць?" Майсей паклікаў Госпада, і Госпад паказаў яму кавалак дрэва: (Майсей)
кінуў яго ў ваду, і яна сталася салодкай. Там Госпад устанавіў для іх законы і
парадкі і там іх выпрабоўваў. І сказаў: "Калі будзеш верна слухацца Госпада Бога
твайго і чыніць тое, што добрае ў вачох Ягоных, і будзеш захоўваць Ягоныя законы
і прыказаньні, то не пашлю на цябе ніякае кары, якой Я караў Ягіпет, бо Я,
Госпад, хачу быць тваім лекарам". Потым прыйшлі ў Ялім, дзе было дванаццаць
крыніцаў і семдзесят пальмаў, і там затрымаліся. Пасьля пайшлі далей з Яліму. І
прыйшла ўся грамада сыноў Ізраільскіх у пустыню Сін, што ляжыць між Ялімам і
Сынаем. (15:22-16:1)
Усе ўстаюць
Людзі (тон 5): Зьявіўся сьвету Ты, што сьвет стварыў, каб
прасьвятліць тых, што былі ў цемры. Чалавекалюбча, Слава Табе!
Чытальнік: Хай Бог зьмілуецца над намі і блаславіць нас; хай нам
зазьзяе сьвятло твару Яго, каб нам пазнаць Ягоны шлях на зямлі, і збаўленьне Яго сярод усіх народаў. (Пс 66:2-3)
Людзі: Каб прасьвятліць тых, што былі ў цемры. Чалавекалюбча,
слава Табе!
Чытальнік: Хай славяць цябе людзі, Божа, усе народы хай аддадуць
хвалу Табе: хай радуюцца ўсе народы і цешацца, бо Ты пануеш над людзьмі
справядліва, і кіруеш народамі на зямлі. (Пс 66:4-5)
Людзі: Каб прасьвятліць...
Чытальнік: Хай славяць Цябе людзі, Божа, усе народы хай аддадуць
хвалу Табе. Зямля дала плод свой: Бог наш, Бог блаславіў нас. Хай баяцца Яго
ўсе канцы зямлі! (Пс 66:6-8)
Людзі: Каб прасьвятліць...
Чытальнік: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і
на вякі вякоў. Амін.
Людзі: Зьявіўся сьвету Ты, што сьвет стварыў, каб прасьвятліць
тых, што былі ў цемры. Чалавекалюбча, Слава Табе.
Чытаньне кнігі Ісуса Навіна
Сказаў Госпад Ісусу: "Ад сёньняшняга дня пачну вывышаць цябе над усімі сынамі
Ізраіля, каб зразумелі яны, што як Я быў з Майсеем, так і з табою буду. І цяпер
загадай сьвятаром, якія нясуць Каўчэг Саюзу: Дайшоўшы да берагу Ярдану,
затрымайцеся". Як толькі тыя, што несьлі Каўчэг Саюзу, дайшлі да Ярдану, і ногі
сьвятароў, што нясьлі Каўчэг, намоклі ў прыбярэжнай вадзе, – бо Ярдан быў поўны
аж да берагоў праз цэлы час жніва, – воды, што плылі згары, затрымаліся і
сабраліся ў адну сьцяну на даволі вялікай прасторы ад горада Адам аж да краіны
Каратыарым; у тым самым часе вада, што плыла ў мора Арабскае, або Салёнае, зусім
высахла; людзі ж стаялі насупраць Ерыхону. І сталі сьвятары, якія несьлі Каўчэг
Саюзу, на сухім месцы сярод Ярдану, аж пакуль ўвесь народ не перайшоў праз
Ярдан; і ўсе сыны Ізраіля перайшлі па сушы.
(3:7-8, 15-17)
Чытаньне чацьвертай кнігі Царстваў
Сказаў Ільля Елісею: "Застанься тут, бо Госпад паслаў мяне да Ярдану". Але
Елісей адказаў: "Як жывы Госпад, і жывая душа мая, не пакіну цябе". І пайшлі
абодва далей і сталі ля Ярдану, а пяцьдзесят мужоў, вучняў прароцкіх, прыйшлі і
сталі насупраць здалёку. І ўзяў Ільля плашч свой, скруціў яго і ўдарыў ім ваду,
і яна разьдзялілася на два бакі. І яны прайшлі па сухім дне. І калі яны прайшлі,
Ільля сказаў Елісею: "Прасі, што мне зрабіць перад тым, чым буду ўзяты ад цябе".
Елісей адказаў: "Хай дух, што ў табе, будзе падвойным ува мне". Кажа Ільля:
"Цяжкай рэчы просіш; калі ўбачыш мяне, як буду ўзяты ад цябе, тваё жаданьне
споўніцца". Калі яны так ішлі і размаўлялі, вось зьявілася вогненная калясьніца
з вогненнымі коньмі, і разлучыла іх. І Ільля ў ветры вялікім узьнёсься да неба.
А Елісей глядзеў і крычаў: "Ойча! Ойча! Вось калясьніца Ізраіля і ягоныя
ездакі!" І ўжо больш ня бачыў яго. І Елісей, узяўшы вопратку сваю, разадраў яе і
ўзяў плашч Ільлі, што ўпаў згары. Вярнуўшыся, Елісей стаў на беразе Ярдану і,
узяўшы плашч Ільлі, што ўпаў згары, ударыў ім ваду, але яна не расступілася.
Тады крыкнуў ён: "Дзе ж гэта Госпад Бог Ільлі, дзе Ён?" І ўдарыў ваду другі раз,
і яна расступілася, і ён перайшоў па сухім дне.
(2:6-14)
Чытаньне чацьвертай кнігі Царстваў
Прыйшоў Нааман, начальнік войскаў караля сырыйскага, з калясьніцамі і коньмі
сваімі, і стаў перад дзьвярыма дому Елісея. Елісей сказаў яму праз пасланца:
"Ідзі, абмыйся сем разоў у Ярдане, і цела тваё зноў станецца чыстым". Але Нааман
разгневаўся і адышоў, кажучы: "Я казаў сабе: вось ён выйдзе да мяне, пакліча імя
Госпада Бога свайго, ускладзе руку сваю на хворае месца, і адыме праказу ад цела
майго. Ці ж Абана і Парпар, рэкі Дамаску, ня лепшыя за ўсе воды Ізраіля? Ці ж я
ня мог выкупацца ў іх і ачысьціцца?" І, поўны гневу, павярнуўся, каб ісьці
назад. Але слугі ягоныя падышлі да яго і сказалі: "Гаспадар, калі б прарок
загадаў табе зрабіць нешта цяжкае, ці ж бы ты не паслухаў яго? Дык чаму не
зрабіць, калі ён сказаў табе: ідзі абмыйся і будзеш чыстым?" Нааман пайшоў і
апусьціўся ўвесь сем разоў у Ярдан паводле словаў чалавека Божага, і ачысьціўся,
і цела ягонае сталася чыстым, быццам цела маленькага дзіцяці.
(5:9-14)
Людзі (тон 6): Грэшнікам і мытнікам зьявіўся Ты, Збавіцелю
наш, у вялікай міласэрнасьці Тваёй; для каго ж было зазьзяць сьвятлу, як не для
тых, што сядзелі ў цемры? Слава Табе!
Чытальнік: Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу; апрануўся Госпад у
сілу і падперазаўся. Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца. Пасад Твой
непахісны ад пачатку сьвету, Ты ж вечна існуеш.
(Пс 92:1)
Людзі: Для каго ж было зазьзяць сьвятлу, як не для тых, што
сядзелі ў цемры? Слава Табе!
Чытальнік: Узьнімаюць рэкі, Госпадзе, узьнімаюць рэкі голас свой;
узьнімаюць рэкі рокат грамавы. (Пс 92:3-4)
Людзі: Для каго ж было зазьзяць...
Чытальнік: Госпад больш магутны за хвалі марскія. Сьведчаньні Твае
праўдзівыя, дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, праз усе дні.
(Пс 92:4-5)
Людзі: Для каго ж было зазьзяць...
Чытальнік: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і
на вякі вякоў. Амін.
Людзі: Грэшнікам і мытнікам зьявіўся Ты, Збавіцелю наш у вялікай
міласэрнасьці Тваёй; для каго ж было зазьзяць сьвятлу, як не для тых, што
сядзелі ў цемры? Слава Табе!
Чытаньне кнігі прарока Ісаі
Так кажа Госпад: "Абмыйцеся і будзеце чыстымі! Адкінце зло вашых учынкаў ад
вачэй Маіх! Перастаньце рабіць благое! Навучыцеся рабіць дабро! Шукайце
справядлівасьці, дапамагайце пакрыўджанаму, бараніце сірату, заступайцеся за
ўдаву! Хадзіце, будзем судзіцца – кажа Госпад. – Калі б грахі вашыя былі як
шкарлат, яны стануцца бялейшымі за сьнег; і калі б яны былі чырвоныя, як
пурпура, яны стануцца быццам воўна. Калі будзеце паслухмянымі, будзеце цешыцца
зямнымі дабротамі. Калі ж заўпарціцеся, меч вынішчыць вас, бо так кажа Госпад".
(1:16-20)
Чытаньне кнігі Роду
Якуб глянуў і ўбачыў анёлаў Божых. Убачыўшы іх, сказаў: "Гэта стан Божы," і
назваў гэтае месца Маханаім (стан). Адтуль паслаў Якуб паслоў да брата
свайго Ісава ў зямлю Сыр, гэта значыць у Ідумэю, з такім наказам: "Скажыце
ўладару майму Ісаву: Так кажа слуга твой Якуб. Я жыў да гэтага часу ў Лабана.
Прыдбаў я валоў, аслоў і авечак, слуг і служанак, і вось пасылаю ўладару майму
вестку, каб знайсьці ласку ў вачох яго". Паслы вярнуліся да Якуба і сказалі: "Мы
былі ў брата твайго Ісава. Ён ідзе табе насустрач, а з ім чатырыста чалавек".
Якуб вельмі ўстрывожыўся, і падзяліў людзей, што былі з ім, а таксама авечак,
валоў і вярблюдаў на два станы, думаючы ў сабе: "Калі Ісаў нападзе на адзін стан
і разаб'е яго, то прынамсі другі застанецца цэлым". А пасьля пачаў маліцца:
"Божа Абрагама і Божа айца майго Ісаака, Госпадзе! Ты даў мне загад: Вяртайся ў
тваю родную краіну, і Я ўчыню табе дабро. Я нягодны ўсіх тых ласкаў, якія чыніш
няспынна слузе Твайму. Бо ж некалі я толькі з кіем перайшоў Ярдан".
(32:2-11)
Чытаньне кнігі Выхаду
Пайшла дачка Фараона на раку купацца, а яе служанкі хадзілі сабе па беразе
ракі. Убачыла яна кошык у чароце і паслала служанку, каб прынесла яго. Адчыніўшы
кошык, яна ўбачыла дзіцятка малое, якое плакала. Злітаваўшыся над ім, сказала:
"Гэта маленькі гэбрэй". Сястра ж дзіцяці сказала тады дачцэ фараона: "Калі
хочаш, пайду пашукаць сярод гэбрэйскіх жанчынаў кармільніцу, якая б выкарміла
дзіця?" "Ідзі," – сказала дачка фараона. Дзяўчына пабегла і паклікала маці
дзіцяці. Дачка фараона сказала ёй: "Вазьмі дзіця і выкармі яго для мяне, а я
табе за гэта заплачу". Тады жанчына ўзяла дзіця і выкарміла яго. Калі ж хлопчык
вырас, завяла яго да дачкі фараона, і ён быў ёй за сына. І дала яму імя Майсей,
кажучы: "З вады я выцягнула яго".
(2:5-10)
Чытаньне кнігі Судзьдзяў
Гедэон сказаў Богу: "Калі сапраўды хочаш цераз мяне выбавіць Ізраіля, як Ты
сказаў, дык дазволь, што пакладу на таку ваўнянае руна: калі раса будзе на руне,
а ўся зямля будзе сухая, тады буду ведаць, што цераз мяне хочаш збавіць Ізраіля,
як абяцаў". Так і сталася. Калі другога дня раніцай ён выйшаў і сьціснуў воўну,
то выціснуў з воўны цэлы збан вады. І сказаў Гедэон Богу: "Ня гневайся на мяне,
калі яшчэ раз зьвярнуся да Цябе. Дазволь мне, прашу Цябе, зрабіць яшчэ адну
спробу з рунам: хай раніцай яно адно застанецца сухім, а па ўсёй зямлі навокал
будзе раса". І ў тую ноч Бог учыніў так: толькі руна засталося сухім, а па ўсёй
навакольнай зямлі была раса.
(6:36-40)
Чытаньне трэцяй кнігі Царстваў
Ільля сказаў людзям: "Падыдзіце да мяне". І ўсе людзі падышлі да яго. І ўзяў
Ільля дванаццаць камянёў, паводле ліку пакаленьняў сыноў Ізраіля, якому Госпад
сказаў: "Імя тваё будзе Ізраіль". І паклаў камяні ў імя Госпада, і направіў
развалены ахвярнік, і выкапаў вакол ахвярніка роў, у якім можна было пасеяць
дзьве меры насеньня. Потым расклаў дровы і, забіўшы цяля, паклаў яго на дровах і
загадаў: "Напоўніце чатыры збаны вадою і выліце яе на дровы і ў роў". Так яны і
зрабілі. Тады ён зноў загадаў: "Паўтарыце тое самае!" І яны паўтарылі. І зноў
загадаў: "Яшчэ трэці раз!" Яны зрабілі тое самае трэці раз, так што вада абліла
ўвесь ахвярнік і напоўніла роў. І ўсклікнуў Ільля да неба, кажучы: "Госпадзе
Божа Абрагама, Ісаака і Якуба! Выслухай мяне, Госпадзе! Выслухай мяне агнём! Хай
сёньня станецца вядомым, што Ты адзіны Госпад Бог Ізраіля, а я, слуга Твой, на
Твой загад усё гэта ўчыніў. І навярні сэрцы людзей гэтых да Цябе". І вось агонь
зышоў з неба ад Госпада і спаліў цэлапальныя ахвяры, і дровы, і камяні, а балота
і ваду, што была ў рове, высушыў. Усе людзі, што бачылі гэта, палі тварам ніц, і
сказалі: "Сапраўды Госпад Бог зьяўляецца Богам праўдзівым!"
(18:30-39)
Чытаньне чацьвёртай кнігі Царстваў
Жыхары гораду Ерыхонскага сказалі Елісею: "Як сам, спадару, бачыш, палажэньне
гэтага гораду прыгожае, але вада нездаровая і зямля ня родзіць". Тады ён сказаў
ім: "Прынясіце мне новую міску і ўкіньце ў яе солі". І прынесьлі яму. Тады ён
пайшоў да крыніцы, укінуў у яе соль і сказаў: "Так кажа Госпад: раблю здароваю
гэтую ваду, ня будзе ўжо больш ад яе ні сьмерці ані неўраджаю". І вада сталася
здароваю аж да сёньняшняга дня, згодна са словамі Елісея.
(2:19-22)
Чытаньне кнігі прарока Ісаі
Так кажа Госпад: "У час спрыяльны выслухаю цябе, у дзень збаўленьня прыйду да
цябе з дапамогаю. Я зьберагу цябе і пастаўлю цябе як запавет для народу, каб
аднавіць зямлю і разьдзяліць спустошаную спадчыну, каб сказаць вязьням:
Выходзьце на свабоду; і тым, што ў цемры: Пакажыцеся. Яны будуць пасьвіцца пры
ўсіх дарогах, іх пашы будуць на ўсіх узгорках. Ня будуць цярпець ні голаду ані
смагі; ні гарачы вецер, ні сонца не паразяць іх, бо Той, хто мае літасьць над
імі, будзе ім правадыром і завядзе да водных крыніцаў. І ўсе горы зраблю іхнімі
дарогамі, і Мае шляхі ўзнясуцца высока. Вось гэтыя прыходзяць здалёку, а тыя з
Поўначы і Захаду, іншыя зноў з краіны Сын. Хай цешыцца неба, хай зямля радуецца!
Вось Госпад усьцешыў свой народ, зьлітававаўся над ягонымі ўбогімі. Сыён казаў:
Госпад пакінуў мяне, Уладар мой забыў мяне. Ці ж можа жанчына забыць дзіцятка
сваё? Ці ж ня будзе любіць сына ўлоньня свайго? Але нават калі б яна забыла, Я
не забуду цябе". Так кажа Госпад.
(49:8-15)
Малая літанія з воклікам: "Бо Ты сьвяты, Божа наш..."; "Сьвяты Божа..." і
Літургія Сьвятога Базыля Вялікага.
У суботу і нядзелю ўвечары, калі Вячэрня служыцца без Літургіі, "Сьвяты
Божа..." пасьля літаніі не сьпяваецца.
Пракімен (Пс 26:1). Госпад – прасьвятленьне маё і Збавіцель
мой: каго мне баяцца?
Верш. Госпад – умацаваньне жыцьця майго: перад кім мне дрыжаць?
Чытаньне першага лісту сьвятога Апостала Паўла да Карынцянаў
Браты, будучы свабодным, прапаведуючы Евенгельле, я стаўся слугою ўсіх, каб
прыдбаць як найбольшы лік. Для гэбрэяў я стаўся як гэбрэй, каб прыдбаць гэбрэяў.
Для тых, што пад Законам, я быў як той, што пад Законам – хоць сам я не пад
Законам, – каб прыдбаць тых, што пад Законам. Для тых, што не пад Законам, я быў
як той, што не пад законам – хоць я і ня быў без Закону Божага, бо падуладны
закону Хрыстоваму, – каб прыдбаць тых, што не пад Законам. Для слабых я быў як
слабы, каб прыдбаць слабых. Я стаўся ўсім для ўсіх, каб хоць дзеякіх збавіць.
Усё раблю дзеля Евангельля, каб мець удзел у ім. Ці ж ня ведаеце, што ўдзельнікі
ў гонках бягуць усе, але толькі адзін атрымлівае ўзнагароду? Дык бяжыце так, каб
яе атрымаць. Кожны, хто стае да спаборніцтва, адмаўляецца ад усяго (іншага):
яны, каб атрымаць вянец тленны, а мы – непрамінальны. Дык я бягу, але не
навобмацкі; змагаюся, але ня б'ю ў пустое месца: я умярцьвляю і раблю
паслухмяным маё цела, каб, прапаведуючы іншым, самому ня быць прызнаным за
няздатнага. (9:19-27)
Калі няма Літургіі, чытаецца Апостал 1 Кар 10:1-4:
Чытаньне Пасланьня сьвятога апостала Паўла да Карынцянаў
Браты, не хачу, каб вы ня ведалі, што ўсе бацькі нашы былі пад хмараю: усе
яны перайшлі цераз мора, усе хрысьціліся ў Майсея ў хмары і ў моры, усе елі тую
самую духоўную страву, усе пілі тое самае духоўнае пітво, бо пілі з духоўнае
скалы, што ішла за імі; скала ж гэтая быў Хрыстос.
(1 Кар 10:1-4)
Алілуя (Пс 44: 2,3). З сэрца майго льюцца словы прыгожыя:
песьня мая для ўладара.
Верш. Ты пераўзыходзіш красою ўсіх сыноў людзкіх.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі
У пятнаццаты год панаваньня кесара Тыбэрыя, калі Понцкі Пілат быў намесьнікам
у Юдэі, Ірад – тэтрархам Галілеі, Піліп, брат ягоны, тэтрархам Ітурыі і зямлі
Трахонскай, а Лісані – тэтрархам Абілены; пры першасьвятарох Ганьне і Каяфе,
было слова Божае да Яна, сына Захара, у пустыні. І ён абыходзіў усё навакольле
Ярдану, абвяшчаючы хрышчэньне пакаяньня для адпушчэньня грахоў, як напісана ў
кнізе прарока Ісаі: "Голас таго, хто гукае ў пустыні: Рыхтуйце дарогу Госпаду,
рабіце простымі сьцежкі Яму; кожны дол хай напоўніцца, кожная гара ці ўзгорак
зраўнаюцца, крывыя дарогі хай стануцца простымі, а выбоістыя – гладкімі. І ўсе
людзі убачаць Божае збаўленьне".
І казаў грамадам людзей, што прыходзілі хрысьціцца ў яго: "Племя гадзюкаў,
хто наказаў вам уцякаць ад гневу, што вось надыходзіць? Рабіце плады, годныя
пакаяньня, і ня спрабуйце казаць у сабе: Бацька наш Абрагам. Бо кажу вам, што
Бог можа з гэтых камянёў узьняць дзяцей Абрагаму. Ужо і сякера прыкладзеная да
кораня дрэва: кожнае дрэва, што не прыносіць добрага плоду, будзе сьсечанае і
ўкінутае ў вагонь". Людзі пыталіся ў яго: "Што ж нам рабіць?" А ён казаў ім у
адказ: "Хто мае дзьве кашулі, хай дасьць адну таму, хто ня мае; хто мае ежу, хай
робіць таксама". Прыходзілі і мытнікі хрысьціцца і казалі яму: "Настаўніку, што
нам рабіць?" Ён ім адказваў: "Не бярыце нічога больш за тое, што вам належыцца".
Пыталіся ў яго і жаўнеры, кажучы: "А нам што рабіць?" Ён адказваў: "Не чыніце
нікому крыўды, не абвінавачвайце фальшыва і будзьце задаволеныя з вашай платы".
Калі ж людзі чакалі і разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці ня ён Хрыстос, ён
прамовіў да іх: "Я хрышчу вас вадою; але вось ідзе Мацнейшы за мяне, якому я ня
годны разьвязаць рамень Ягоных сандаляў: Ён вас будзе хрысьціць Духам Сьвятым і
агнём. Ён мае ў руцэ сваёй веялку, каб ачысьціць свой умалот і сабраць пшаніцу ў
клуню, а мякіну спаліць у нязгаслым агні". Шмат чаму іншаму навучаў ён народ і
абвяшчаў Добрую Вестку. (3:1-18)
У суботу і нядзелю ўвечары пасьля Евангельля гаворыцца літанія "Скажам усе
разам...", услаўленьне "Дай, Госпадзе, у гэты вечар..." і літанія "Дапоўнім
вячэрнюю малітву..."; пасьля вокліку "Хай моц валадарства Твайго..." бывае
асьвячэньне вады.
Задастойнік (беларуская традыцыя). Не ўсумніся ўва мне,
Маці, бачачы, як я ўваходжу голы ў воды Ярданскія: на гэта Я дабравольна прыйшоў і Мне
трэба выканаць усё сказанае пра Мяне, каб усе людзі маглі славіць Цябе.
Прычасьнік. Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях.
Алілуя, алілуя, алілуя.
Пасьля заамбоннай малітвы бывае асьвячэньне вады
|