Галоўная > Мінэя - Студзень > 6 Студзеня - Богазьяўленьне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста - Вячэрня з літургіяй і асьвячэньнем вады
6 Студзеня - Богазьяўленьне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста - Вячэрня з літургіяй і асьвячэньнем вады27 чэрвеня 2008. |
|
пераклад узгоднены з Малітаўнікам 2002 г.
Вячэрня з вялікім асьвячэньнем вады
Заўвага: За выняткам суботы і нядзелі, Вячэрня служыцца
разам з Літургіяй сьв. Базыля Вялікага.
На "Госпадзе, Цябе клічу...": (Тон 2). Убачыўшы Прасьветніка нашага, што прасьвятляе кожнага чалавека, калі той прыйшоў хрысьціцца, Прадвесьнік усьцешыўся душою і, паказваючы на Яго, сказаў людзям: "Вось Той, хто збаўляе Ізраіля і вызваляе нас ад тленнасьці". Бязгрэшны Хрысьце Божа наш, слава Табе! (Двойчы) Анельскія хоры жахнуліся, убачыўшы, як слуга хрысьціць Збавіцеля; Дух Сьвяты зышоў, каб засьведчыць аб Ім, і з неба пачуўся голас Айца: "Той, каго Прадвесьнік хрысьціць рукою сваёю – гэта Сын мой любы, якога Я ўпадабаў". Хрысьце Божа наш, слава Табе! (Двойчы) Струмені Ярдану прымаюць Цябе, Крыніца! Пацяшыцель зыходзіць у выглядзе голуба; схіляе галаву Той, хто нахіліў нябёсы, і зроблены з гліны ўсклікае Творцы: "Чаму загадваеш мне такое? Ты ж вышэйшы за мяне! Я маю патрэбу ў хрышчэньні Тваім". Бязгрэшны Хрысьце Божа наш, слава Табе! Калі Ты вырашыў збавіць заблуднага чалавека, Ты не адмовіўся прыняць выгляд слугі. Даспадобы было Табе, Уладару і Богу, дзеля нас успрыняць тое, што нашае; калі ж Ты, Збавіцелю, ахрысьціўся цялесна, Ты ўдастоіў нас прабачэньня. Дзеля гэтага мы ўсклікаем Табе: "Хрысьце Божа наш, слава Табе!" Слава... цяпер...: (Тон 2). Ты схіліў галаву Тваю перад Прадвесьнікам і скрышыў галовы зьмеяў. Увайшоўшы ў ваду, Ты прасьвятліў усіх, каб нам славіць Цябе, Збавіцелю і Прасьветніча душаў нашых.
Уваход з Евангельлем.
Пракімен дня.
Чытаньне кнігі Роду Спачатку Бог стварыў неба і зямлю. Зямля была неўпарадкаваная і пустая, цемра была над безданьню, і дух Божы насіўся над водамі. І сказаў Бог: "Хай будзе сьвятло!" І сталася сьвятло. І Бог убачыў, што сьвятло добрае і аддзяліў яго ад цемры. І назваў Бог сьвятло днём, а цемру назваў ноччу. І настаў вечар і раніца – дзень першы. А потым Бог сказаў: "Хай паўстане скляпеньне сярод водаў і хай разьдзеліць назаўжды адны воды ад другіх!" І ўчыніўшы скляпеньне, Бог аддзяліў воды пад скляпеньнем ад водаў над скляпеньнем. І назваў Бог скляпеньне небам. І быў вечар, а за ім раніца – дзень другі. Тады Бог сказаў: "Хай зьбяруцца воды пад скляпеньнем у адно месца і хай пакажацца суша!" І калі так сталася, Бог назваў сушу зямлёю, а збор водаў – морам. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І сказаў Бог: "Хай зямля праросьціць зялёныя расьліны: травы, што расьсяваюць насеньне; фруктовыя дрэвы, што прыносяць плады з сямёнамі ў іх, кожнае паводле свайго роду на зямлі!" І сталася так. Зямля вывела з сябе расьліны: траву, што расьсявае насеньне, і фруктовыя дрэвы, што родзяць плады з сямёнамі паводле свайго роду. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І настаў вечар і раніца – дзень трэці. (1:1-13)
Чытаньне кнігі Выхаду Сказаў Госпад Майсею: "Чаго клічаш Мяне? Загадай сыном Ізраілевым ісьці ў дарогу. А ты вазьмі кій твой, працягні руку сваю на мора і разьдзялі яго; і хай сыны Ізраіля пяройдуць сушаю сярод мора. Я ўчыню ўпартым сэрца фараона і слуг ягоных і ўсіх егіпцянаў, і пакажу на фараоне, на ягоным войску, на калясьніцах і конях ягоных славу Маю. І калі Я пакажу славу маю на фараоне, на калясьніцах і конях ягоных, тады егіпцяне зразумеюць, што Я – Госпад". Майсей працягнуў руку сваю над морам, і Госпад адганяў цэлую ноч мора моцным ветрам паўдзённым, і ўчыніў мора сухім, і вада расступілася. І сыны Ізраіля ўвайшлі сярод мора па сушы, і вада была ім сьцяною па правай руцэ, і сьцяною па левай руцэ. Егіпцяне пагналіся і ўвайшлі ўсьлед за імі, усе коні фараонавы, і калясьніцы і вершнікі сярод мора. І Майсей працягнуў руку на мора, і вада зноў вярнулася на месца сваё, а егіпцяне, уцякаючы, беглі пад вадою. Так вось кінуў Госпад егіпцянаў сярод мора. І вада, вярнуўшыся, патапіла калясьніцы і коньнікаў і ўсё войска фараона, што ўвайшлі ў мора ўсьлед за імі, ні адзін з іх не застаўся. Сыны ж Ізраіля перайшлі па сушы сярод мора. (14:15-18, 21-23, 27-29)
Чытаньне кнігі Выхаду Майсей загадаў сыном Ізраіля ісьці ад Чырвонага мора ў напрамку пустыні Шур. Ішлі яны тры дні цераз пустыню і не знайшлі вады. І прыйшлі да месца, якое называлася Мара, і не маглі там піць вады, бо была горкая. Дзеля гэтага і далі гэтаму месцу імя Мара. Людзі пачалі наракаць на Майсея і казалі: "Што будзем піць?" Майсей паклікаў Госпада, і Госпад паказаў яму кавалак дрэва: (Майсей) кінуў яго ў ваду, і яна сталася салодкай. Там Госпад устанавіў для іх законы і парадкі і там іх выпрабоўваў. І сказаў: "Калі будзеш верна слухацца Госпада Бога твайго і чыніць тое, што добрае ў вачох Ягоных, і будзеш захоўваць Ягоныя законы і прыказаньні, то не пашлю на цябе ніякае кары, якой Я караў Ягіпет, бо Я, Госпад, хачу быць тваім лекарам". Потым прыйшлі ў Ялім, дзе было дванаццаць крыніцаў і семдзесят пальмаў, і там затрымаліся. Пасьля пайшлі далей з Яліму. І прыйшла ўся грамада сыноў Ізраільскіх у пустыню Сін, што ляжыць між Ялімам і Сынаем. (15:22-16:1)
Усе ўстаюць Людзі (тон 5): Зьявіўся сьвету Ты, што сьвет стварыў, каб прасьвятліць тых, што былі ў цемры. Чалавекалюбча, Слава Табе! Чытальнік: Хай Бог зьмілуецца над намі і блаславіць нас; хай нам зазьзяе сьвятло твару Яго, каб нам пазнаць Ягоны шлях на зямлі, і збаўленьне Яго сярод усіх народаў. (Пс 66:2-3) Людзі: Каб прасьвятліць тых, што былі ў цемры. Чалавекалюбча, слава Табе! Чытальнік: Хай славяць цябе людзі, Божа, усе народы хай аддадуць хвалу Табе: хай радуюцца ўсе народы і цешацца, бо Ты пануеш над людзьмі справядліва, і кіруеш народамі на зямлі. (Пс 66:4-5) Людзі: Каб прасьвятліць... Чытальнік: Хай славяць Цябе людзі, Божа, усе народы хай аддадуць хвалу Табе. Зямля дала плод свой: Бог наш, Бог блаславіў нас. Хай баяцца Яго ўсе канцы зямлі! (Пс 66:6-8) Людзі: Каб прасьвятліць... Чытальнік: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Людзі: Зьявіўся сьвету Ты, што сьвет стварыў, каб прасьвятліць тых, што былі ў цемры. Чалавекалюбча, Слава Табе.
Чытаньне кнігі Ісуса Навіна Сказаў Госпад Ісусу: "Ад сёньняшняга дня пачну вывышаць цябе над усімі сынамі Ізраіля, каб зразумелі яны, што як Я быў з Майсеем, так і з табою буду. І цяпер загадай сьвятаром, якія нясуць Каўчэг Саюзу: Дайшоўшы да берагу Ярдану, затрымайцеся". Як толькі тыя, што несьлі Каўчэг Саюзу, дайшлі да Ярдану, і ногі сьвятароў, што нясьлі Каўчэг, намоклі ў прыбярэжнай вадзе, – бо Ярдан быў поўны аж да берагоў праз цэлы час жніва, – воды, што плылі згары, затрымаліся і сабраліся ў адну сьцяну на даволі вялікай прасторы ад горада Адам аж да краіны Каратыарым; у тым самым часе вада, што плыла ў мора Арабскае, або Салёнае, зусім высахла; людзі ж стаялі насупраць Ерыхону. І сталі сьвятары, якія несьлі Каўчэг Саюзу, на сухім месцы сярод Ярдану, аж пакуль ўвесь народ не перайшоў праз Ярдан; і ўсе сыны Ізраіля перайшлі па сушы. (3:7-8, 15-17)
Чытаньне чацьвертай кнігі Царстваў Сказаў Ільля Елісею: "Застанься тут, бо Госпад паслаў мяне да Ярдану". Але Елісей адказаў: "Як жывы Госпад, і жывая душа мая, не пакіну цябе". І пайшлі абодва далей і сталі ля Ярдану, а пяцьдзесят мужоў, вучняў прароцкіх, прыйшлі і сталі насупраць здалёку. І ўзяў Ільля плашч свой, скруціў яго і ўдарыў ім ваду, і яна разьдзялілася на два бакі. І яны прайшлі па сухім дне. І калі яны прайшлі, Ільля сказаў Елісею: "Прасі, што мне зрабіць перад тым, чым буду ўзяты ад цябе". Елісей адказаў: "Хай дух, што ў табе, будзе падвойным ува мне". Кажа Ільля: "Цяжкай рэчы просіш; калі ўбачыш мяне, як буду ўзяты ад цябе, тваё жаданьне споўніцца". Калі яны так ішлі і размаўлялі, вось зьявілася вогненная калясьніца з вогненнымі коньмі, і разлучыла іх. І Ільля ў ветры вялікім узьнёсься да неба. А Елісей глядзеў і крычаў: "Ойча! Ойча! Вось калясьніца Ізраіля і ягоныя ездакі!" І ўжо больш ня бачыў яго. І Елісей, узяўшы вопратку сваю, разадраў яе і ўзяў плашч Ільлі, што ўпаў згары. Вярнуўшыся, Елісей стаў на беразе Ярдану і, узяўшы плашч Ільлі, што ўпаў згары, ударыў ім ваду, але яна не расступілася. Тады крыкнуў ён: "Дзе ж гэта Госпад Бог Ільлі, дзе Ён?" І ўдарыў ваду другі раз, і яна расступілася, і ён перайшоў па сухім дне. (2:6-14)
Чытаньне чацьвертай кнігі Царстваў Прыйшоў Нааман, начальнік войскаў караля сырыйскага, з калясьніцамі і коньмі сваімі, і стаў перад дзьвярыма дому Елісея. Елісей сказаў яму праз пасланца: "Ідзі, абмыйся сем разоў у Ярдане, і цела тваё зноў станецца чыстым". Але Нааман разгневаўся і адышоў, кажучы: "Я казаў сабе: вось ён выйдзе да мяне, пакліча імя Госпада Бога свайго, ускладзе руку сваю на хворае месца, і адыме праказу ад цела майго. Ці ж Абана і Парпар, рэкі Дамаску, ня лепшыя за ўсе воды Ізраіля? Ці ж я ня мог выкупацца ў іх і ачысьціцца?" І, поўны гневу, павярнуўся, каб ісьці назад. Але слугі ягоныя падышлі да яго і сказалі: "Гаспадар, калі б прарок загадаў табе зрабіць нешта цяжкае, ці ж бы ты не паслухаў яго? Дык чаму не зрабіць, калі ён сказаў табе: ідзі абмыйся і будзеш чыстым?" Нааман пайшоў і апусьціўся ўвесь сем разоў у Ярдан паводле словаў чалавека Божага, і ачысьціўся, і цела ягонае сталася чыстым, быццам цела маленькага дзіцяці. (5:9-14)
Людзі (тон 6): Грэшнікам і мытнікам зьявіўся Ты, Збавіцелю наш, у вялікай міласэрнасьці Тваёй; для каго ж было зазьзяць сьвятлу, як не для тых, што сядзелі ў цемры? Слава Табе! Чытальнік: Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу; апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся. Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца. Пасад Твой непахісны ад пачатку сьвету, Ты ж вечна існуеш. (Пс 92:1) Людзі: Для каго ж было зазьзяць сьвятлу, як не для тых, што сядзелі ў цемры? Слава Табе! Чытальнік: Узьнімаюць рэкі, Госпадзе, узьнімаюць рэкі голас свой; узьнімаюць рэкі рокат грамавы. (Пс 92:3-4) Людзі: Для каго ж было зазьзяць... Чытальнік: Госпад больш магутны за хвалі марскія. Сьведчаньні Твае праўдзівыя, дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, праз усе дні. (Пс 92:4-5) Людзі: Для каго ж было зазьзяць... Чытальнік: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Людзі: Грэшнікам і мытнікам зьявіўся Ты, Збавіцелю наш у вялікай міласэрнасьці Тваёй; для каго ж было зазьзяць сьвятлу, як не для тых, што сядзелі ў цемры? Слава Табе!
Чытаньне кнігі прарока Ісаі Так кажа Госпад: "Абмыйцеся і будзеце чыстымі! Адкінце зло вашых учынкаў ад вачэй Маіх! Перастаньце рабіць благое! Навучыцеся рабіць дабро! Шукайце справядлівасьці, дапамагайце пакрыўджанаму, бараніце сірату, заступайцеся за ўдаву! Хадзіце, будзем судзіцца – кажа Госпад. – Калі б грахі вашыя былі як шкарлат, яны стануцца бялейшымі за сьнег; і калі б яны былі чырвоныя, як пурпура, яны стануцца быццам воўна. Калі будзеце паслухмянымі, будзеце цешыцца зямнымі дабротамі. Калі ж заўпарціцеся, меч вынішчыць вас, бо так кажа Госпад". (1:16-20)
Чытаньне кнігі Роду Якуб глянуў і ўбачыў анёлаў Божых. Убачыўшы іх, сказаў: "Гэта стан Божы," і назваў гэтае месца Маханаім (стан). Адтуль паслаў Якуб паслоў да брата свайго Ісава ў зямлю Сыр, гэта значыць у Ідумэю, з такім наказам: "Скажыце ўладару майму Ісаву: Так кажа слуга твой Якуб. Я жыў да гэтага часу ў Лабана. Прыдбаў я валоў, аслоў і авечак, слуг і служанак, і вось пасылаю ўладару майму вестку, каб знайсьці ласку ў вачох яго". Паслы вярнуліся да Якуба і сказалі: "Мы былі ў брата твайго Ісава. Ён ідзе табе насустрач, а з ім чатырыста чалавек". Якуб вельмі ўстрывожыўся, і падзяліў людзей, што былі з ім, а таксама авечак, валоў і вярблюдаў на два станы, думаючы ў сабе: "Калі Ісаў нападзе на адзін стан і разаб'е яго, то прынамсі другі застанецца цэлым". А пасьля пачаў маліцца: "Божа Абрагама і Божа айца майго Ісаака, Госпадзе! Ты даў мне загад: Вяртайся ў тваю родную краіну, і Я ўчыню табе дабро. Я нягодны ўсіх тых ласкаў, якія чыніш няспынна слузе Твайму. Бо ж некалі я толькі з кіем перайшоў Ярдан". (32:2-11)
Чытаньне кнігі Выхаду Пайшла дачка Фараона на раку купацца, а яе служанкі хадзілі сабе па беразе ракі. Убачыла яна кошык у чароце і паслала служанку, каб прынесла яго. Адчыніўшы кошык, яна ўбачыла дзіцятка малое, якое плакала. Злітаваўшыся над ім, сказала: "Гэта маленькі гэбрэй". Сястра ж дзіцяці сказала тады дачцэ фараона: "Калі хочаш, пайду пашукаць сярод гэбрэйскіх жанчынаў кармільніцу, якая б выкарміла дзіця?" "Ідзі," – сказала дачка фараона. Дзяўчына пабегла і паклікала маці дзіцяці. Дачка фараона сказала ёй: "Вазьмі дзіця і выкармі яго для мяне, а я табе за гэта заплачу". Тады жанчына ўзяла дзіця і выкарміла яго. Калі ж хлопчык вырас, завяла яго да дачкі фараона, і ён быў ёй за сына. І дала яму імя Майсей, кажучы: "З вады я выцягнула яго". (2:5-10)
Чытаньне кнігі Судзьдзяў Гедэон сказаў Богу: "Калі сапраўды хочаш цераз мяне выбавіць Ізраіля, як Ты сказаў, дык дазволь, што пакладу на таку ваўнянае руна: калі раса будзе на руне, а ўся зямля будзе сухая, тады буду ведаць, што цераз мяне хочаш збавіць Ізраіля, як абяцаў". Так і сталася. Калі другога дня раніцай ён выйшаў і сьціснуў воўну, то выціснуў з воўны цэлы збан вады. І сказаў Гедэон Богу: "Ня гневайся на мяне, калі яшчэ раз зьвярнуся да Цябе. Дазволь мне, прашу Цябе, зрабіць яшчэ адну спробу з рунам: хай раніцай яно адно застанецца сухім, а па ўсёй зямлі навокал будзе раса". І ў тую ноч Бог учыніў так: толькі руна засталося сухім, а па ўсёй навакольнай зямлі была раса. (6:36-40)
Чытаньне трэцяй кнігі Царстваў Ільля сказаў людзям: "Падыдзіце да мяне". І ўсе людзі падышлі да яго. І ўзяў Ільля дванаццаць камянёў, паводле ліку пакаленьняў сыноў Ізраіля, якому Госпад сказаў: "Імя тваё будзе Ізраіль". І паклаў камяні ў імя Госпада, і направіў развалены ахвярнік, і выкапаў вакол ахвярніка роў, у якім можна было пасеяць дзьве меры насеньня. Потым расклаў дровы і, забіўшы цяля, паклаў яго на дровах і загадаў: "Напоўніце чатыры збаны вадою і выліце яе на дровы і ў роў". Так яны і зрабілі. Тады ён зноў загадаў: "Паўтарыце тое самае!" І яны паўтарылі. І зноў загадаў: "Яшчэ трэці раз!" Яны зрабілі тое самае трэці раз, так што вада абліла ўвесь ахвярнік і напоўніла роў. І ўсклікнуў Ільля да неба, кажучы: "Госпадзе Божа Абрагама, Ісаака і Якуба! Выслухай мяне, Госпадзе! Выслухай мяне агнём! Хай сёньня станецца вядомым, што Ты адзіны Госпад Бог Ізраіля, а я, слуга Твой, на Твой загад усё гэта ўчыніў. І навярні сэрцы людзей гэтых да Цябе". І вось агонь зышоў з неба ад Госпада і спаліў цэлапальныя ахвяры, і дровы, і камяні, а балота і ваду, што была ў рове, высушыў. Усе людзі, што бачылі гэта, палі тварам ніц, і сказалі: "Сапраўды Госпад Бог зьяўляецца Богам праўдзівым!" (18:30-39)
Чытаньне чацьвёртай кнігі Царстваў Жыхары гораду Ерыхонскага сказалі Елісею: "Як сам, спадару, бачыш, палажэньне гэтага гораду прыгожае, але вада нездаровая і зямля ня родзіць". Тады ён сказаў ім: "Прынясіце мне новую міску і ўкіньце ў яе солі". І прынесьлі яму. Тады ён пайшоў да крыніцы, укінуў у яе соль і сказаў: "Так кажа Госпад: раблю здароваю гэтую ваду, ня будзе ўжо больш ад яе ні сьмерці ані неўраджаю". І вада сталася здароваю аж да сёньняшняга дня, згодна са словамі Елісея. (2:19-22)
Чытаньне кнігі прарока Ісаі Так кажа Госпад: "У час спрыяльны выслухаю цябе, у дзень збаўленьня прыйду да цябе з дапамогаю. Я зьберагу цябе і пастаўлю цябе як запавет для народу, каб аднавіць зямлю і разьдзяліць спустошаную спадчыну, каб сказаць вязьням: Выходзьце на свабоду; і тым, што ў цемры: Пакажыцеся. Яны будуць пасьвіцца пры ўсіх дарогах, іх пашы будуць на ўсіх узгорках. Ня будуць цярпець ні голаду ані смагі; ні гарачы вецер, ні сонца не паразяць іх, бо Той, хто мае літасьць над імі, будзе ім правадыром і завядзе да водных крыніцаў. І ўсе горы зраблю іхнімі дарогамі, і Мае шляхі ўзнясуцца высока. Вось гэтыя прыходзяць здалёку, а тыя з Поўначы і Захаду, іншыя зноў з краіны Сын. Хай цешыцца неба, хай зямля радуецца! Вось Госпад усьцешыў свой народ, зьлітававаўся над ягонымі ўбогімі. Сыён казаў: Госпад пакінуў мяне, Уладар мой забыў мяне. Ці ж можа жанчына забыць дзіцятка сваё? Ці ж ня будзе любіць сына ўлоньня свайго? Але нават калі б яна забыла, Я не забуду цябе". Так кажа Госпад. (49:8-15)
Малая літанія з воклікам: "Бо Ты сьвяты, Божа наш..."; "Сьвяты Божа..." і
Літургія Сьвятога Базыля Вялікага. У суботу і нядзелю ўвечары, калі Вячэрня служыцца без Літургіі, "Сьвяты
Божа..." пасьля літаніі не сьпяваецца.
Пракімен (Пс 26:1). Госпад – прасьвятленьне маё і Збавіцель мой: каго мне баяцца? Верш. Госпад – умацаваньне жыцьця майго: перад кім мне дрыжаць?
Чытаньне першага лісту сьвятога Апостала Паўла да Карынцянаў Браты, будучы свабодным, прапаведуючы Евенгельле, я стаўся слугою ўсіх, каб прыдбаць як найбольшы лік. Для гэбрэяў я стаўся як гэбрэй, каб прыдбаць гэбрэяў. Для тых, што пад Законам, я быў як той, што пад Законам – хоць сам я не пад Законам, – каб прыдбаць тых, што пад Законам. Для тых, што не пад Законам, я быў як той, што не пад законам – хоць я і ня быў без Закону Божага, бо падуладны закону Хрыстоваму, – каб прыдбаць тых, што не пад Законам. Для слабых я быў як слабы, каб прыдбаць слабых. Я стаўся ўсім для ўсіх, каб хоць дзеякіх збавіць. Усё раблю дзеля Евангельля, каб мець удзел у ім. Ці ж ня ведаеце, што ўдзельнікі ў гонках бягуць усе, але толькі адзін атрымлівае ўзнагароду? Дык бяжыце так, каб яе атрымаць. Кожны, хто стае да спаборніцтва, адмаўляецца ад усяго (іншага): яны, каб атрымаць вянец тленны, а мы – непрамінальны. Дык я бягу, але не навобмацкі; змагаюся, але ня б'ю ў пустое месца: я умярцьвляю і раблю паслухмяным маё цела, каб, прапаведуючы іншым, самому ня быць прызнаным за няздатнага. (9:19-27)
Калі няма Літургіі, чытаецца Апостал 1 Кар 10:1-4:
Чытаньне Пасланьня сьвятога апостала Паўла да Карынцянаў Браты, не хачу, каб вы ня ведалі, што ўсе бацькі нашы былі пад хмараю: усе яны перайшлі цераз мора, усе хрысьціліся ў Майсея ў хмары і ў моры, усе елі тую самую духоўную страву, усе пілі тое самае духоўнае пітво, бо пілі з духоўнае скалы, што ішла за імі; скала ж гэтая быў Хрыстос. (1 Кар 10:1-4)
Алілуя (Пс 44: 2,3). З сэрца майго льюцца словы прыгожыя: песьня мая для ўладара. Верш. Ты пераўзыходзіш красою ўсіх сыноў людзкіх.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі У пятнаццаты год панаваньня кесара Тыбэрыя, калі Понцкі Пілат быў намесьнікам у Юдэі, Ірад – тэтрархам Галілеі, Піліп, брат ягоны, тэтрархам Ітурыі і зямлі Трахонскай, а Лісані – тэтрархам Абілены; пры першасьвятарох Ганьне і Каяфе, было слова Божае да Яна, сына Захара, у пустыні. І ён абыходзіў усё навакольле Ярдану, абвяшчаючы хрышчэньне пакаяньня для адпушчэньня грахоў, як напісана ў кнізе прарока Ісаі: "Голас таго, хто гукае ў пустыні: Рыхтуйце дарогу Госпаду, рабіце простымі сьцежкі Яму; кожны дол хай напоўніцца, кожная гара ці ўзгорак зраўнаюцца, крывыя дарогі хай стануцца простымі, а выбоістыя – гладкімі. І ўсе людзі убачаць Божае збаўленьне". І казаў грамадам людзей, што прыходзілі хрысьціцца ў яго: "Племя гадзюкаў, хто наказаў вам уцякаць ад гневу, што вось надыходзіць? Рабіце плады, годныя пакаяньня, і ня спрабуйце казаць у сабе: Бацька наш Абрагам. Бо кажу вам, што Бог можа з гэтых камянёў узьняць дзяцей Абрагаму. Ужо і сякера прыкладзеная да кораня дрэва: кожнае дрэва, што не прыносіць добрага плоду, будзе сьсечанае і ўкінутае ў вагонь". Людзі пыталіся ў яго: "Што ж нам рабіць?" А ён казаў ім у адказ: "Хто мае дзьве кашулі, хай дасьць адну таму, хто ня мае; хто мае ежу, хай робіць таксама". Прыходзілі і мытнікі хрысьціцца і казалі яму: "Настаўніку, што нам рабіць?" Ён ім адказваў: "Не бярыце нічога больш за тое, што вам належыцца". Пыталіся ў яго і жаўнеры, кажучы: "А нам што рабіць?" Ён адказваў: "Не чыніце нікому крыўды, не абвінавачвайце фальшыва і будзьце задаволеныя з вашай платы". Калі ж людзі чакалі і разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці ня ён Хрыстос, ён прамовіў да іх: "Я хрышчу вас вадою; але вось ідзе Мацнейшы за мяне, якому я ня годны разьвязаць рамень Ягоных сандаляў: Ён вас будзе хрысьціць Духам Сьвятым і агнём. Ён мае ў руцэ сваёй веялку, каб ачысьціць свой умалот і сабраць пшаніцу ў клуню, а мякіну спаліць у нязгаслым агні". Шмат чаму іншаму навучаў ён народ і абвяшчаў Добрую Вестку. (3:1-18)
У суботу і нядзелю ўвечары пасьля Евангельля гаворыцца літанія "Скажам усе разам...", услаўленьне "Дай, Госпадзе, у гэты вечар..." і літанія "Дапоўнім вячэрнюю малітву..."; пасьля вокліку "Хай моц валадарства Твайго..." бывае асьвячэньне вады.
Задастойнік (беларуская традыцыя). Не ўсумніся ўва мне, Маці, бачачы, як я ўваходжу голы ў воды Ярданскія: на гэта Я дабравольна прыйшоў і Мне трэба выканаць усё сказанае пра Мяне, каб усе людзі маглі славіць Цябе.
Прычасьнік. Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях. Алілуя, алілуя, алілуя. Пасьля заамбоннай малітвы бывае асьвячэньне вады
Вялікае асьвячэньне вады
Заўвага: Асьвячэньне вады можна рабіць таксама ў дзень сьвята пасьля Літургіі.
(Тон 8). Голас Гасподні над водамі гукае: "Прыйдзіце, прыміце ўсе духа мудрасьці, духа разуменьня, духа страху Божага ад Хрыста, які зьявіўся нам". Сёньня прырода вады асьвячаецца, і Ярдан разьдзяляецца і паварочвае назад цячэньне вады сваёй, бо бачыць, як Уладар прымае хрышчэньне. Добры і чалавекалюбны Уладару Хрысьце, Ты прыйшоў на раку як чалавек, каб прыняць з рук Прадвесьніка хрышчэньне слугі дзеля грахоў нашых. Слава... цяпер...: На голас таго, хто гукаў у пустыні "Рыхтуйце шлях Госпаду", Ты, Госпадзе, прыйшоў, прыняўшы выгляд слугі, і, хоць сам бязгрэшны, прасіў хрышчэньня. Воды, убачыўшы Цябе, спалохаліся, і прадвесьнік увесь задрыжэў і ўсклікнуў: "Як можа ліхтар прасьвятліць сьвятло, як асьмеліцца слуга ўскласьці руку на Уладара? Асьвяці мяне і воды гэтыя, Збавіцелю, што ўзяў на сябе грахі сьвету".
Чытаньне кнігі прарока Ісаі Так кажа Госпад: "Хай цешыцца пустыня і сасмаглая зямля, і хай праросьціць польныя лілеі, і хай зацьвіце, хай усе весяляцца! Хай радуецца пустыня Ярданская, бо ёй дадзеная хвала Лібану, і краса Кармэльская, і Мае людзі ўбачаць славу Гасподнюю, веліч Божую. Самлелыя рукі, умацуйцеся, хісткія калені, акрэпніце. Скажэце маладушным: Сьмела, ня бойцеся! Вось ваш Бог, вось ваш Судзьдзя, ваша адплата; Ён прыходзіць, каб збавіць вас. Тады вочы сьляпых адчыняцца і вушы глухіх пачнуць чуць; тады кульгавы будзе скакаць, як алень, і язык нямых весела ўсклікне, бо па пустыні пацякуць воды, і струмені па стэпе. Спапялёная зямля стане пожняй, край сасмаглы – крыніцай вады. Быльлё ў логавах, дзе ляжалі шакалы, зьменіцца ў трысьцё і чарот. Будзе там дарога чыстая, якую назавуць Дарогай сьвятою; ня пойдзе па ёй нячысты, і неразумныя ня будуць там валачыцца. Ня будзе там ні льва, ані лютага зьвера ня знойдзецца блізка яе, але вызваленыя і адкупленыя Госпадам вернуцца і пойдуць па ёй у Сыён з радасным сьпевам. Шчасьце вечнае будзе над іхнімі галовамі, радасьць і вясельле будуць з імі, сум і ўздыханьні зьнікнуць". (35:1-10)
Чытаньне кнігі прарока Ісаі Так кажа Госпад: "Усе зьнясіленыя ад смагі, хадзеце да вады. Хадзеце і тыя, у каго няма грошай! Хадзеце, купляйце і спажывайце, і піце задарма, не плацячы за віно і малако! Чаму выдаеце грошы на тое, што ня ёсьць хлебам, і вашую працу на тое, што не задавальняе? Слухайце Мяне, і будзеце есьці прысмакі, і душа ваша будзе сытая. Нахіліце вуха ваша і прыйдзіце да Мяне, слухайце, і душа вашая будзе жыць! Я даў вам саюз вечны – нязьменныя даброты, абяцаныя Давіду. Вось Я паставіў яго сьведкам для народаў, правадыром і заканадаўцам. Народы, якія ня ведалі цябе, паклічуць цябе; і людзі, якія цябе не пазналі, да цябе прыбегнуць, дзеля Госпада твайго і Сьвятога Ізраілевага, каб праславіць цябе. Шукайце Госпада, і знайшоўшы, клічце Яго, пакуль Ён блізка. Няхай нязбожны пакіне свае шляхі, і беззаконны свае благія намеры, няхай навернуцца да Госпада, і Ён зьмілуецца над імі, і ў дабрыні сваёй адпусьціць грахі іх. Бо думкі Мае ня ёсьць як думкі вашыя і шляхі Мае не як вашыя шляхі, кажа Госпад. Але як неба вышэй за зямлю, так шляхі Мае далёкія ад шляхоў вашых і думкі Мае ад думак вашых. Сапраўды, як дождж і сьнег падаюць з неба і не вяртаюцца назад, але пояць зямлю, каб яна была ўрадліваю і вырошчвала насеньне таму, хто сее, і хлеб на спажыву яму, так і слова Маё, што выходзіць з вуснаў Маіх, не вяртаецца парожным, але чыніць тое, што Я хачу, выконвае тое, на што Я яго паслаў. Вось так выйдзеце ў весялосьці, вас прывядуць у супакоі. Горы і ўзгоркі перад вамі будуць радасна ўсклікаць, і ўсе дрэвы польныя будуць пляскаць галінамі сваімі. Замест быльнёгу вырастуць кіпарысы, замест крапівы ўзыдзе мірт; і будуць яны на славу Гасподнюю, на знак вечны, непрамінальны!" (55:1-13)
Чытаньне кнігі прарока Ісаі Так кажа Госпад: "Будзеце чэрпаць ваду з радасьцю з крыніц збаўленьня. І скажаце ў той дзень: Слаўце Госпада! Клічце імя Яго! Абвясьціце ўсім народам хвалу Яго; успомніце, як цудоўнае імя Яго! Слаўце ў песьнях імя Гасподняе, бо Ён вялікія рэчы стварыў; абвясьціце гэта па ўсёй зямлі. Радуйцеся і цешцеся вы, што жывеце ў Сыёне, бо ўзьвялічыўся Сьвяты Ізраіля сярод вас". (2:3-6)
Пракімен (Пс 26:1). Госпад – прасьвятленьне маё і Збавіцель мой: каго мне баяцца? Верш. Госпад – Умацаваньне жыцьця майго: перад кім мне дрыжаць?
Чытаньне Пасланьня сьвятога апостала Паўла да Карынцянаў Браты, не хачу, каб вы ня ведалі, што ўсе бацькі нашы былі пад хмараю: усе яны перайшлі цераз мора, усе хрысьціліся ў Майсея ў хмары і ў моры, усе елі тую самую духоўную страву, усе пілі тое самае духоўнае пітво, бо пілі з духоўнае скалы, што ішла за імі; скала ж гэтая быў Хрыстос. (1 Кар 10:1-4)
Алілуя (Пс 28:3). Голас Гасподні над водамі! Загрымеў Бог славы, Госпад над водамі вялікімі! Верш. Што з табою, мора, што ты ўцякло, чаму ты, Ярдане, пацёк назад?
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Марка У тыя дні прыйшоў Ісус з Назарэту, што ў Галілеі, і быў хрышчаны Янам у Ярдане. І калі выходзіў з вады, Ён убачыў неба расчыненае і Духа, які зыходзіў на Яго ў выглядзе голуба. І голас пачуўся з неба: "Вось Сын мой любы, якога Я ўпадабаў". (1:9-11)
Вялікая літанія Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных просьбаў) Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся. – За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся. – За гэтую сьвятую царкву і ўсіх, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся. – За Сьвятога Айца нашага ..., Папу Рымскага і за дастойнага Арцыбіскупа (або: багалюбнага Біскупа) нашага ..., пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся. – За яго (яе) міласьць ... (імя галавы дзяржавы), урад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны, Госпаду памолімся. – За Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь Беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся. – За гэты горад, за ўсе гарады і краіны, і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся. – За добрае надвор'е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся. – За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся. – Каб асьвяціцца вадзе гэтай сілаю і дзеяньнем Сьвятога Духа, Госпаду памолімся – Каб на гэтую ваду зышло ачышчальнае дзеяньне Найсьвятое Тройцы, Госпаду памолімся. – Каб ёй была дадзеная ласка збаўленьня, сілаю блаславеньня Ярданскага і дзеяньнем і найсьцем Сьвятога Духа, Госпаду памолімся. – Каб быць скрышаным шатану пад нагамі нашымі, і каб у нішто абярнуўся ўсякі благі намер супраць нас, Госпаду памолімся. – Каб Госпад Бог захаваў нас ад усякай напасьці і спакусы праціўніка і зрабіў нас годнымі атрымаць абяцаныя даброты, Госпаду памолімся. – Каб прасьвятліцца нашаму розуму блаславёным найсьцем Сьвятога Духа, Госпаду памолімся. – Каб Госпад Бог паслаў блаславеньне Ярданскае і асьвяціў гэтую ваду, Госпаду памолімся. – Каб вада гэтая сталася дарам асьвячэньня для адпушчэньня грахоў, для ацаленьня душ і целаў, і для ўсякай патрэбы, Госпаду памолімся. – Каб вада гэтая прыводзіла да вечнага жыцьця, Госпаду памолімся. – Каб яна была аховаю ад напасьцяў бачных і нябачных ворагаў, Госпаду памолімся. – За тых, што чэрпаюць яе і бяруць для асьвячэньня дамоў, Госпаду памолімся. – Каб ёй служыць для ачышчэньня душ і целаў усім, хто з вераю чэрпае і п'е яе, Госпаду памолімся. – Каб нам быць годнымі асьвячэньня нябачным дзеяньнем Духа Сьвятога, цераз прыняцьце гэтай вады, Госпаду памолімся. – Каб Госпад Бог пачуў голас малітвы нас, грэшных, і зьмілаваўся над намі, Госпаду памолімся. – Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку, Госпаду памолімся. – Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю. – Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Уладарку нашу Багародзіцу і заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма. Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар (у міжчасе моліцца ціха): Госпадзе Ісусе Хрысьце, Адзінародны Сыне, які прабываеш ва ўлоньні Айца, сапраўдны Божа, Крыніца жыцьця і несьмяротнасьці, Сьвятло ад Сьвятла, што прыйшоў у сьвет, каб прасьвятліць яго! Прасьвятлі нашыя думкі Духам Тваім Сьвятым і прымі нас, якія аддаем Табе славу і падзяку за Твае спрадвеку дзіўныя вялікія дабрадзействы і за Твой провід, што стаўся яўным у апошні час, дзякуючы якому Ты апрануўся ў нашую немачную і ўбогую тленнасьць і, будучы Уладаром усіх, панізіўся да стану слугі. Ты, бязгрэшны, прыняў з рук слугі Твайго хрышчэньне ў Ярдане, каб, асьвяціўшы прыроду вады, пракласьці нам шлях да новага нараджэньня вадою і Духам, і прывесьці нас да першаснае свабоды. Успамінаючы гэтую Боскую тайну, молімся Табе, чалавекалюбны Уладару: акрапі і нас, нягодных слугаў Тваіх, згодна з Тваім абяцаньнем, чыстаю вадою, дарам Тваёй міласэрнасьці; каб нашыя просьбы над гэтай вадою былі прыемныя Тваёй дабрыні і каб блаславеньне Тваё было дараванае нам і ўсім верным людзям Тваім на славу сьвятога і пахвалы годнага імя Твайго. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, разам са спрадвечным Тваім Айцом і з Усесьвятым, Добрым і Жыцьцядайным Тваім Духам цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. (Уголас): Тройца ўсемагутная, Божа найвышэйшы ў быцьці і дабрыні! Ты ўсё бачыш, будучы нябачным і невыказным; Ты – Творца духоўных істотаў і разумнай прыроды, Бог няствораны, недасяжнае сьвятло, што асьвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на сьвет: прасьвятлі таксама Твайго нягоднага слугу; дай сьвятло вачам майго розуму, каб я мог сьмела славіць Тваю бязьмежную дабрыню і магутнасьць. Хай малітва, якую я ахвярую за тут прысутных людзей, будзе прыемнай Табе, і хай мае грахі ня будуць перашкодаю Духу Сьвятому зысьці на гэтае месца; будзь спагадлівы да мяне і дазволь мне без асуджэньня клікаць Цябе, добры Уладару, і казаць: Славім Цябе, чалавекалюбны Уладару, усемагутны спаконвечны Госпадзе! Славім Цябе, Творча ўсяго сусьвету! Славім Цябе, адзінародны Сыне Божы, які без айца ад Маці нарадзіўся, і бяз маці ад Айца! Бо ў мінулае сьвята мы бачылі Цябе дзіцём, а цяпер бачым Цябе – дасканалага Бога ад дасканалага Бога, што аб'явіўся нам – дарослым чалавекам. Бо сёньня настаў для нас час сьвяточны, і хоры сьвятых зьбіраюцца разам з намі, анёлы і людзі супольна сьвяткуюць. Сёньня ласка Духа сьвятога ў выглядзе голуба зышла на ваду. Сёньня незаходнае сонца зазьзяла і сьвет прасьвятліўся промнямі Гасподняга сьвятла. Сёньня месяц асьвятляе сьвет яснымі промнямі. Сёньня ясныя зоркі зьзяньнем сваім сусьвет упрыгожваюць. Сёньня хмары з нябёсаў росяць дождж праўды на людзей. Сёньня Няствораны дабравольна прымае ўскладаньне рук ад стварэньня. Сёньня прарок і прадвесьнік, падышоўшы да Уладара, стаіць і ўвесь дрыжыць, бо бачыць спагаду Божую да нас. Сёньня воды Ярдану ператвараюцца ў лекі для людзей прыйсьцем Гасподнім. Сёньня ўсё стварэньне поіцца тайнымі струменямі. Сёньня грахі людзкія абмываюцца Ярданскімі водамі. Сёння рай адчыняецца людзям і сонца праведнасьці зьзяе для ўсіх нас. Сёньня горкая вада, як некалі за часоў Майсея, прыйсьцем Гасподнім ператвараецца людзям у слодыч. Сёньня мы вызваляемся ад даўняга плачу і, як новы Ізраіль, збаўляемся. Сёньня вызваляемся ад цемры і прасьвятляемся сьвятлом богаразуменьня. Сёньня мана сьвету разьвейваецца зьяўленьнем Бога нашага. Сёньня прасьвятляецца ўсё стварэньне. Сёньня горняе з ніжнім сьвяткуе, і вышэйшае з ніжэйшым размаўляе. Сёньня пераможная грамада прававерных хрысьціянаў голасна радуецца. Сёньня спакуса зьніштажаецца і прыйсьце Уладара пракладае нам шлях да збаўленьня. Сёньня Уладар да хросту сьпяшаецца, каб узьняць чалавека на вышыню. Сёньня Найвышэйшы перад слугою схіляецца, каб нас вызваліць з няволі. Сёньня мы атрымалі валадарства Гасподняе, якому ня будзе канца. Сёньня зямля і мора сталіся саўдзельнікамі радасьці сьвету, і сьвет напоўніўся радасьцю. Воды ўбачылі Цябе, Божа, і спалохаліся. Ярдан павярнуўся назад, убачыўшы боскі агонь, які цялесна уваходзіў у яго. Ярдан павярнуўся назад, убачыўшы Духа Сьвятога ў выглядзе голуба, калі той зыходзіў і лётаў над Табою. Ярдан павярнуўся назад, убачыўшы, як нябачны Уладар стаўся бачным у выглядзе слугі. Ярдан павярнуўся назад і горы ўскалыхнуліся, убачыўшы Бога ў целе, і хмары загрымелі, дзівячыся як гэта Сьвятло ад Сьвятла, Бог праўдзівы ад Бога праўдзівага прыходзіць. Бо сёньня яны ўбачылі вялікую перамогу Уладара. Яны бачылі, як Ён патапіў у Ярдане сьмерць непаслушэнства, джала спакусы і путы пякельныя, і дараваў сьвету збавеннае хрышчэньне. Дзеля гэтага і я, грэшны і нягодны слуга Твой, абвяшчаючы веліч цудаў Тваіх, працяты страхам клічу благальна:
Вялікі Ты, Госпадзе, і дзівоснае ўсё, што чыніш, і няма слоў, каб належна ўславіць усе цуды Твае! (Тройчы).
Ты, прывёўшы воляю Тваёю ўсё з небыцьця да існаваньня, уладаю Тваёю ўтрымліваеш усё стварэньне і провідам Тваім кіруеш усім сьветам. Ты з чатырох пачаткаў склаў стварэньне, укаранаваў чатырма порамі круг году. Перад Табою трымцяць усе духоўныя сілы; Цябе хваліць сонца, Цябе славіць месяц, Цябе слухаецца сьвятло, перад Табою дрыжаць бездані, Табе крыніцы служаць; Ты расьцягнуў неба, быццам шацёр, Ты ўмацаваў зямлю на водах, Ты абгарадзіў мора пяском, Ты даў паветра, каб жывыя стварэньні мелі чым дыхаць; анельскія сілы служаць Табе, арханельскія хоры пакланяюцца Табе, шматвокія хэрувімы і шасьцікрылыя сэрафімы, стоячы і лётаючы навокал Цябе, хаваюць твары свае ў страху перад славаю Тваёю. Ты – Бог існы, неабдымны, спаконвечны і невыказны. Ты, Уладару, у міласэрнасьці і спагадлівасьці Тваёй, ня могучы глядзець, як д'ябал мучыць род людзкі, прыйшоў на зямлю збавіць нас. Вызнаем ласку Тваю, абвяшчаем міласэрнасьць Тваю, ня тоім Тваёй дабрыні. Ты вызваліў наш людзкі род і асьвяціў дзявочае ўлоньне нараджэньнем Тваім. Усё стварэньне славіць зьяўленьне Тваё. Ты, Божа наш, зьявіўся на зямлі і пажыў з людзьмі; Ты асьвяціў струмені Ярданскія, паслаўшы з вышыні Духа Твайго Сьвятога і скрышыўшы галовы зьмеяў, якія там гнязьдзіліся.
Робіць пальцамі правай рукі ў вадзе знак крыжа тройчы, кажучы
за кожным разам: Дык і цяпер, чалавекалюбны Уладару, будзь тут прысутны найсьцем Духа Твайго Сьвятога, і асьвяці гэтую ваду. І дай ёй ласку збаўленьня, блаславеньне Ярдану; учыні яе крыніцаю нятленнасьці – дарам асьвячэньня для адпушчэньня грахоў, аздараўленьня немачаў, згубы для дэманаў, – недаступнаю для супраціўных сілаў, поўнаю анельскае моцы: каб для тых, што чэрпаюць і п'юць яе, служыла яна для ачышчэньня душ і целаў, для суцішэньня пажадлівасьцяў, для асьвячэньня дамоў, і для ўсякай асаблівай патрэбы. Бо Ты Бог наш, які вадою і Духам абнавіў састарэлую грахом нашу прыроду; Ты Бог наш, які за часоў Ноя патапіў вадою грэх; Ты Бог наш, які морам вызваліў ад фараонскай няволі цераз Майсея гэбрайскі род. Ты Бог наш, які раскалоў скалу ў пустыні, і пацякла з яе вада, і навадніліся струмені, і Ты напаіў сасмаглых людзей Тваіх. Ты Бог наш, які вадою і агнём цераз Ільлю адвярнуў Ізраіля ад спакусы ідалапаклонства.
Кажа тройчы, дзьмухаючы за кожным разам на ваду: Дык, Уладару, Ты сам асьвяці цяпер гэтую ваду Духам Тваім Сьвятым. Дай усім, якія чэрпаюць і п'юць яе, і абмываюцца ёю асьвячэньне, здароўе, ачышчэньне і блаславеньне. Збаў, Госпадзе, і захавай Сьвятога Айца нашага ..., Папу Рымскага, усіх прававерных біскупаў, пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце і усё духавенства. Збаў, Госпаде, належныя ўлады гэтай краіны. Збаў, Госпадзе, наш беларускі народ і захавай яго пад покрывам Тваім у супакоі, даруй яму ўсё патрэбнае для збаўленьня і жыцьця вечнага; і дай, каб усе – людзі і анёлы, бачныя і нябачныя стварэньні, – славілі Тваё найсьвятое імя разам з Тваім спрадвечным Айцом і Сьвятым Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін.
Сьвятар: Мір усім. Людзі: І твайму Духу. Дыякан: Галовы вашы Госпаду схіліце. Людзі: Табе, Госпадзе. Сьвятар (моліцца ціха): Нахілі, Госпадзе, вуха Тваё і выслухай нас – Ты, што воды Ярданскія хрышчэньнем Тваім асьвяціў, – і блаславі ўсіх нас, якія, схіліўшы шыі свае, стаім пакорна перад Табою; і зрабі нас годнымі асьвячэньня Твайго праз прыняцьце гэтай вады: няхай яна будзе нам для здароўя душ і целаў. (Уголас): Бо Ты асьвячэньне наша, і Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін.
Сьвятар робіць знак крыжа над вадою сьвятым крыжам, пасьля апускае крыж у ваду, і вымае яго, сьпяваючы трапар: (Тон 1). Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане, адбылося пакланеньне Тройцы: голас Айца засьведчыў аб Табе, называючы Цябе любым Сынам; і Дух у выглядзе голуба пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых слоў. Хрысьце Божа, які зьявіўся нам і сьвет асьвяціў, слава Табе.
Гэта паўтарае тры разы. Пасьля кропіць вадою людзей, якія сьпяваюць: (Тон 6). Усхвалім, верныя, веліч Божае спагадлівасьці да нас. Дзеля нашых правінаў Ён, адзіны чысты і нятленны, стаўся чалавекам, прыняў наша ачышчэньне ў Ярдане, асьвяціўшы воды і нас, і скрышыўшы галовы зьмеяў. Дык зачэрпнем ваду з радасьцю, бо ласка Духа нябачна даецца тым, што з вераю бяруць яе, ад Хрыста Бога і Збаўцы душ нашых.
"Хай будзе імя Гасподняе..." і звычайнае заканчэньне літургіі. Вярнуцца назад |