Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 6 Студзеня - Богазьяўленьне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста - Вячэрня з літургіяй і асьвячэньнем вады


 

 

6 Студзеня - Богазьяўленьне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста - Вячэрня з літургіяй і асьвячэньнем вады

Вялікае асьвячэньне вады


Заўвага: Асьвячэньне вады можна рабіць таксама ў дзень сьвята пасьля Літургіі.


(Тон 8). Голас Гасподні над водамі гукае: "Прыйдзіце, прыміце ўсе духа мудрасьці, духа разуменьня, духа страху Божага ад Хрыста, які зьявіўся нам".

Сёньня прырода вады асьвячаецца, і Ярдан разьдзяляецца і паварочвае назад цячэньне вады сваёй, бо бачыць, як Уладар прымае хрышчэньне.

Добры і чалавекалюбны Уладару Хрысьце, Ты прыйшоў на раку як чалавек, каб прыняць з рук Прадвесьніка хрышчэньне слугі дзеля грахоў нашых.

Слава... цяпер...:

На голас таго, хто гукаў у пустыні "Рыхтуйце шлях Госпаду", Ты, Госпадзе, прыйшоў, прыняўшы выгляд слугі, і, хоць сам бязгрэшны, прасіў хрышчэньня. Воды, убачыўшы Цябе, спалохаліся, і прадвесьнік увесь задрыжэў і ўсклікнуў: "Як можа ліхтар прасьвятліць сьвятло, як асьмеліцца слуга ўскласьці руку на Уладара? Асьвяці мяне і воды гэтыя, Збавіцелю, што ўзяў на сябе грахі сьвету".


Чытаньне кнігі прарока Ісаі

Так кажа Госпад: "Хай цешыцца пустыня і сасмаглая зямля, і хай праросьціць польныя лілеі, і хай зацьвіце, хай усе весяляцца! Хай радуецца пустыня Ярданская, бо ёй дадзеная хвала Лібану, і краса Кармэльская, і Мае людзі ўбачаць славу Гасподнюю, веліч Божую. Самлелыя рукі, умацуйцеся, хісткія калені, акрэпніце. Скажэце маладушным: Сьмела, ня бойцеся! Вось ваш Бог, вось ваш Судзьдзя, ваша адплата; Ён прыходзіць, каб збавіць вас. Тады вочы сьляпых адчыняцца і вушы глухіх пачнуць чуць; тады кульгавы будзе скакаць, як алень, і язык нямых весела ўсклікне, бо па пустыні пацякуць воды, і струмені па стэпе. Спапялёная зямля стане пожняй, край сасмаглы – крыніцай вады. Быльлё ў логавах, дзе ляжалі шакалы, зьменіцца ў трысьцё і чарот. Будзе там дарога чыстая, якую назавуць Дарогай сьвятою; ня пойдзе па ёй нячысты, і неразумныя ня будуць там валачыцца. Ня будзе там ні льва, ані лютага зьвера ня знойдзецца блізка яе, але вызваленыя і адкупленыя Госпадам вернуцца і пойдуць па ёй у Сыён з радасным сьпевам. Шчасьце вечнае будзе над іхнімі галовамі, радасьць і вясельле будуць з імі, сум і ўздыханьні зьнікнуць". (35:1-10)


Чытаньне кнігі прарока Ісаі

Так кажа Госпад: "Усе зьнясіленыя ад смагі, хадзеце да вады. Хадзеце і тыя, у каго няма грошай! Хадзеце, купляйце і спажывайце, і піце задарма, не плацячы за віно і малако! Чаму выдаеце грошы на тое, што ня ёсьць хлебам, і вашую працу на тое, што не задавальняе? Слухайце Мяне, і будзеце есьці прысмакі, і душа ваша будзе сытая. Нахіліце вуха ваша і прыйдзіце да Мяне, слухайце, і душа вашая будзе жыць! Я даў вам саюз вечны – нязьменныя даброты, абяцаныя Давіду. Вось Я паставіў яго сьведкам для народаў, правадыром і заканадаўцам. Народы, якія ня ведалі цябе, паклічуць цябе; і людзі, якія цябе не пазналі, да цябе прыбегнуць, дзеля Госпада твайго і Сьвятога Ізраілевага, каб праславіць цябе. Шукайце Госпада, і знайшоўшы, клічце Яго, пакуль Ён блізка. Няхай нязбожны пакіне свае шляхі, і беззаконны свае благія намеры, няхай навернуцца да Госпада, і Ён зьмілуецца над імі, і ў дабрыні сваёй адпусьціць грахі іх. Бо думкі Мае ня ёсьць як думкі вашыя і шляхі Мае не як вашыя шляхі, кажа Госпад. Але як неба вышэй за зямлю, так шляхі Мае далёкія ад шляхоў вашых і думкі Мае ад думак вашых. Сапраўды, як дождж і сьнег падаюць з неба і не вяртаюцца назад, але пояць зямлю, каб яна была ўрадліваю і вырошчвала насеньне таму, хто сее, і хлеб на спажыву яму, так і слова Маё, што выходзіць з вуснаў Маіх, не вяртаецца парожным, але чыніць тое, што Я хачу, выконвае тое, на што Я яго паслаў. Вось так выйдзеце ў весялосьці, вас прывядуць у супакоі. Горы і ўзгоркі перад вамі будуць радасна ўсклікаць, і ўсе дрэвы польныя будуць пляскаць галінамі сваімі. Замест быльнёгу вырастуць кіпарысы, замест крапівы ўзыдзе мірт; і будуць яны на славу Гасподнюю, на знак вечны, непрамінальны!" (55:1-13)


Чытаньне кнігі прарока Ісаі

Так кажа Госпад: "Будзеце чэрпаць ваду з радасьцю з крыніц збаўленьня. І скажаце ў той дзень: Слаўце Госпада! Клічце імя Яго! Абвясьціце ўсім народам хвалу Яго; успомніце, як цудоўнае імя Яго! Слаўце ў песьнях імя Гасподняе, бо Ён вялікія рэчы стварыў; абвясьціце гэта па ўсёй зямлі. Радуйцеся і цешцеся вы, што жывеце ў Сыёне, бо ўзьвялічыўся Сьвяты Ізраіля сярод вас". (2:3-6)


Пракімен (Пс 26:1). Госпад – прасьвятленьне маё і Збавіцель мой: каго мне баяцца?

Верш. Госпад – Умацаваньне жыцьця майго: перад кім мне дрыжаць?


Чытаньне Пасланьня сьвятога апостала Паўла да Карынцянаў

Браты, не хачу, каб вы ня ведалі, што ўсе бацькі нашы былі пад хмараю: усе яны перайшлі цераз мора, усе хрысьціліся ў Майсея ў хмары і ў моры, усе елі тую самую духоўную страву, усе пілі тое самае духоўнае пітво, бо пілі з духоўнае скалы, што ішла за імі; скала ж гэтая быў Хрыстос. (1 Кар 10:1-4)


Алілуя (Пс 28:3). Голас Гасподні над водамі! Загрымеў Бог славы, Госпад над водамі вялікімі!

Верш. Што з табою, мора, што ты ўцякло, чаму ты, Ярдане, пацёк назад?


Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Марка

У тыя дні прыйшоў Ісус з Назарэту, што ў Галілеі, і быў хрышчаны Янам у Ярдане. І калі выходзіў з вады, Ён убачыў неба расчыненае і Духа, які зыходзіў на Яго ў выглядзе голуба. І голас пачуўся з неба: "Вось Сын мой любы, якога Я ўпадабаў". (1:9-11)


Вялікая літанія

Дыякан: У супакоі Госпаду памолімся.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных просьбаў)

Дыякан: За супакой з вышыняў і збаўленьне душ нашых Госпаду памолімся.

– За супакой на ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Божых цэркваў і зьяднаньне ўсіх Госпаду памолімся.

– За гэтую сьвятую царкву і ўсіх, што з вераю, пашанаю і страхам Божым уваходзяць у яе, Госпаду памолімся.

– За Сьвятога Айца нашага ..., Папу Рымскага і за дастойнага Арцыбіскупа (або: багалюбнага Біскупа) нашага ..., пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце, усё духавенства і людзей Госпаду памолімся.

– За яго (яе) міласьць ... (імя галавы дзяржавы), урад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны, Госпаду памолімся.

– За Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і ўвесь Беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і вернасьць свайму народу ўсіх нас Госпаду памолімся.

– За гэты горад, за ўсе гарады і краіны, і за верных людзей, што жывуць у іх, Госпаду памолімся.

– За добрае надвор'е, багаты ўраджай пладоў зямных і за часы спакойныя Госпаду памолімся.

– За падарожнікаў па моры, зямлі і ў паветры, за нядужых, тых што церпяць, за зьняволеных і збаўленьне іх Госпаду памолімся.

– Каб асьвяціцца вадзе гэтай сілаю і дзеяньнем Сьвятога Духа, Госпаду памолімся

– Каб на гэтую ваду зышло ачышчальнае дзеяньне Найсьвятое Тройцы, Госпаду памолімся.

– Каб ёй была дадзеная ласка збаўленьня, сілаю блаславеньня Ярданскага і дзеяньнем і найсьцем Сьвятога Духа, Госпаду памолімся.

– Каб быць скрышаным шатану пад нагамі нашымі, і каб у нішто абярнуўся ўсякі благі намер супраць нас, Госпаду памолімся.

– Каб Госпад Бог захаваў нас ад усякай напасьці і спакусы праціўніка і зрабіў нас годнымі атрымаць абяцаныя даброты, Госпаду памолімся.

– Каб прасьвятліцца нашаму розуму блаславёным найсьцем Сьвятога Духа, Госпаду памолімся.

– Каб Госпад Бог паслаў блаславеньне Ярданскае і асьвяціў гэтую ваду, Госпаду памолімся.

– Каб вада гэтая сталася дарам асьвячэньня для адпушчэньня грахоў, для ацаленьня душ і целаў, і для ўсякай патрэбы, Госпаду памолімся.

– Каб вада гэтая прыводзіла да вечнага жыцьця, Госпаду памолімся.

– Каб яна была аховаю ад напасьцяў бачных і нябачных ворагаў, Госпаду памолімся.

– За тых, што чэрпаюць яе і бяруць для асьвячэньня дамоў, Госпаду памолімся.

– Каб ёй служыць для ачышчэньня душ і целаў усім, хто з вераю чэрпае і п'е яе, Госпаду памолімся.

– Каб нам быць годнымі асьвячэньня нябачным дзеяньнем Духа Сьвятога, цераз прыняцьце гэтай вады, Госпаду памолімся.

– Каб Госпад Бог пачуў голас малітвы нас, грэшных, і зьмілаваўся над намі, Госпаду памолімся.

– Каб нам выбавіцца ад усякага гневу, суму і недастатку, Госпаду памолімся.

– Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.

– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Уладарку нашу Багародзіцу і заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.

Людзі: Табе, Госпадзе.


Сьвятар (у міжчасе моліцца ціха): Госпадзе Ісусе Хрысьце, Адзінародны Сыне, які прабываеш ва ўлоньні Айца, сапраўдны Божа, Крыніца жыцьця і несьмяротнасьці, Сьвятло ад Сьвятла, што прыйшоў у сьвет, каб прасьвятліць яго! Прасьвятлі нашыя думкі Духам Тваім Сьвятым і прымі нас, якія аддаем Табе славу і падзяку за Твае спрадвеку дзіўныя вялікія дабрадзействы і за Твой провід, што стаўся яўным у апошні час, дзякуючы якому Ты апрануўся ў нашую немачную і ўбогую тленнасьць і, будучы Уладаром усіх, панізіўся да стану слугі. Ты, бязгрэшны, прыняў з рук слугі Твайго хрышчэньне ў Ярдане, каб, асьвяціўшы прыроду вады, пракласьці нам шлях да новага нараджэньня вадою і Духам, і прывесьці нас да першаснае свабоды. Успамінаючы гэтую Боскую тайну, молімся Табе, чалавекалюбны Уладару: акрапі і нас, нягодных слугаў Тваіх, згодна з Тваім абяцаньнем, чыстаю вадою, дарам Тваёй міласэрнасьці; каб нашыя просьбы над гэтай вадою былі прыемныя Тваёй дабрыні і каб блаславеньне Тваё было дараванае нам і ўсім верным людзям Тваім на славу сьвятога і пахвалы годнага імя Твайго. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, разам са спрадвечным Тваім Айцом і з Усесьвятым, Добрым і Жыцьцядайным Тваім Духам цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

(Уголас): Тройца ўсемагутная, Божа найвышэйшы ў быцьці і дабрыні! Ты ўсё бачыш, будучы нябачным і невыказным; Ты – Творца духоўных істотаў і разумнай прыроды, Бог няствораны, недасяжнае сьвятло, што асьвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на сьвет: прасьвятлі таксама Твайго нягоднага слугу; дай сьвятло вачам майго розуму, каб я мог сьмела славіць Тваю бязьмежную дабрыню і магутнасьць. Хай малітва, якую я ахвярую за тут прысутных людзей, будзе прыемнай Табе, і хай мае грахі ня будуць перашкодаю Духу Сьвятому зысьці на гэтае месца; будзь спагадлівы да мяне і дазволь мне без асуджэньня клікаць Цябе, добры Уладару, і казаць:

Славім Цябе, чалавекалюбны Уладару, усемагутны спаконвечны Госпадзе! Славім Цябе, Творча ўсяго сусьвету! Славім Цябе, адзінародны Сыне Божы, які без айца ад Маці нарадзіўся, і бяз маці ад Айца! Бо ў мінулае сьвята мы бачылі Цябе дзіцём, а цяпер бачым Цябе – дасканалага Бога ад дасканалага Бога, што аб'явіўся нам – дарослым чалавекам. Бо сёньня настаў для нас час сьвяточны, і хоры сьвятых зьбіраюцца разам з намі, анёлы і людзі супольна сьвяткуюць. Сёньня ласка Духа сьвятога ў выглядзе голуба зышла на ваду. Сёньня незаходнае сонца зазьзяла і сьвет прасьвятліўся промнямі Гасподняга сьвятла. Сёньня месяц асьвятляе сьвет яснымі промнямі. Сёньня ясныя зоркі зьзяньнем сваім сусьвет упрыгожваюць. Сёньня хмары з нябёсаў росяць дождж праўды на людзей. Сёньня Няствораны дабравольна прымае ўскладаньне рук ад стварэньня. Сёньня прарок і прадвесьнік, падышоўшы да Уладара, стаіць і ўвесь дрыжыць, бо бачыць спагаду Божую да нас. Сёньня воды Ярдану ператвараюцца ў лекі для людзей прыйсьцем Гасподнім. Сёньня ўсё стварэньне поіцца тайнымі струменямі. Сёньня грахі людзкія абмываюцца Ярданскімі водамі. Сёння рай адчыняецца людзям і сонца праведнасьці зьзяе для ўсіх нас. Сёньня горкая вада, як некалі за часоў Майсея, прыйсьцем Гасподнім ператвараецца людзям у слодыч. Сёньня мы вызваляемся ад даўняга плачу і, як новы Ізраіль, збаўляемся. Сёньня вызваляемся ад цемры і прасьвятляемся сьвятлом богаразуменьня. Сёньня мана сьвету разьвейваецца зьяўленьнем Бога нашага. Сёньня прасьвятляецца ўсё стварэньне. Сёньня горняе з ніжнім сьвяткуе, і вышэйшае з ніжэйшым размаўляе. Сёньня пераможная грамада прававерных хрысьціянаў голасна радуецца. Сёньня спакуса зьніштажаецца і прыйсьце Уладара пракладае нам шлях да збаўленьня. Сёньня Уладар да хросту сьпяшаецца, каб узьняць чалавека на вышыню. Сёньня Найвышэйшы перад слугою схіляецца, каб нас вызваліць з няволі. Сёньня мы атрымалі валадарства Гасподняе, якому ня будзе канца. Сёньня зямля і мора сталіся саўдзельнікамі радасьці сьвету, і сьвет напоўніўся радасьцю.

Воды ўбачылі Цябе, Божа, і спалохаліся. Ярдан павярнуўся назад, убачыўшы боскі агонь, які цялесна уваходзіў у яго. Ярдан павярнуўся назад, убачыўшы Духа Сьвятога ў выглядзе голуба, калі той зыходзіў і лётаў над Табою. Ярдан павярнуўся назад, убачыўшы, як нябачны Уладар стаўся бачным у выглядзе слугі. Ярдан павярнуўся назад і горы ўскалыхнуліся, убачыўшы Бога ў целе, і хмары загрымелі, дзівячыся як гэта Сьвятло ад Сьвятла, Бог праўдзівы ад Бога праўдзівага прыходзіць. Бо сёньня яны ўбачылі вялікую перамогу Уладара. Яны бачылі, як Ён патапіў у Ярдане сьмерць непаслушэнства, джала спакусы і путы пякельныя, і дараваў сьвету збавеннае хрышчэньне. Дзеля гэтага і я, грэшны і нягодны слуга Твой, абвяшчаючы веліч цудаў Тваіх, працяты страхам клічу благальна:

Вялікі Ты, Госпадзе, і дзівоснае ўсё, што чыніш, і няма слоў, каб належна ўславіць усе цуды Твае! (Тройчы).

Ты, прывёўшы воляю Тваёю ўсё з небыцьця да існаваньня, уладаю Тваёю ўтрымліваеш усё стварэньне і провідам Тваім кіруеш усім сьветам. Ты з чатырох пачаткаў склаў стварэньне, укаранаваў чатырма порамі круг году. Перад Табою трымцяць усе духоўныя сілы; Цябе хваліць сонца, Цябе славіць месяц, Цябе слухаецца сьвятло, перад Табою дрыжаць бездані, Табе крыніцы служаць; Ты расьцягнуў неба, быццам шацёр, Ты ўмацаваў зямлю на водах, Ты абгарадзіў мора пяском, Ты даў паветра, каб жывыя стварэньні мелі чым дыхаць; анельскія сілы служаць Табе, арханельскія хоры пакланяюцца Табе, шматвокія хэрувімы і шасьцікрылыя сэрафімы, стоячы і лётаючы навокал Цябе, хаваюць твары свае ў страху перад славаю Тваёю. Ты – Бог існы, неабдымны, спаконвечны і невыказны. Ты, Уладару, у міласэрнасьці і спагадлівасьці Тваёй, ня могучы глядзець, як д'ябал мучыць род людзкі, прыйшоў на зямлю збавіць нас. Вызнаем ласку Тваю, абвяшчаем міласэрнасьць Тваю, ня тоім Тваёй дабрыні. Ты вызваліў наш людзкі род і асьвяціў дзявочае ўлоньне нараджэньнем Тваім. Усё стварэньне славіць зьяўленьне Тваё. Ты, Божа наш, зьявіўся на зямлі і пажыў з людзьмі; Ты асьвяціў струмені Ярданскія, паслаўшы з вышыні Духа Твайго Сьвятога і скрышыўшы галовы зьмеяў, якія там гнязьдзіліся.

Робіць пальцамі правай рукі ў вадзе знак крыжа тройчы, кажучы за кожным разам:

Дык і цяпер, чалавекалюбны Уладару, будзь тут прысутны найсьцем Духа Твайго Сьвятога, і асьвяці гэтую ваду.

І дай ёй ласку збаўленьня, блаславеньне Ярдану; учыні яе крыніцаю нятленнасьці – дарам асьвячэньня для адпушчэньня грахоў, аздараўленьня немачаў, згубы для дэманаў, – недаступнаю для супраціўных сілаў, поўнаю анельскае моцы: каб для тых, што чэрпаюць і п'юць яе, служыла яна для ачышчэньня душ і целаў, для суцішэньня пажадлівасьцяў, для асьвячэньня дамоў, і для ўсякай асаблівай патрэбы. Бо Ты Бог наш, які вадою і Духам абнавіў састарэлую грахом нашу прыроду; Ты Бог наш, які за часоў Ноя патапіў вадою грэх; Ты Бог наш, які морам вызваліў ад фараонскай няволі цераз Майсея гэбрайскі род. Ты Бог наш, які раскалоў скалу ў пустыні, і пацякла з яе вада, і навадніліся струмені, і Ты напаіў сасмаглых людзей Тваіх. Ты Бог наш, які вадою і агнём цераз Ільлю адвярнуў Ізраіля ад спакусы ідалапаклонства.

Кажа тройчы, дзьмухаючы за кожным разам на ваду:

Дык, Уладару, Ты сам асьвяці цяпер гэтую ваду Духам Тваім Сьвятым.

Дай усім, якія чэрпаюць і п'юць яе, і абмываюцца ёю асьвячэньне, здароўе, ачышчэньне і блаславеньне.

Збаў, Госпадзе, і захавай Сьвятога Айца нашага ..., Папу Рымскага, усіх прававерных біскупаў, пачэсных сьвятароў, дыяканаў у Хрысьце і усё духавенства. Збаў, Госпаде, належныя ўлады гэтай краіны. Збаў, Госпадзе, наш беларускі народ і захавай яго пад покрывам Тваім у супакоі, даруй яму ўсё патрэбнае для збаўленьня і жыцьця вечнага; і дай, каб усе – людзі і анёлы, бачныя і нябачныя стварэньні, – славілі Тваё найсьвятое імя разам з Тваім спрадвечным Айцом і Сьвятым Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.


Сьвятар: Мір усім.

Людзі: І твайму Духу.

Дыякан: Галовы вашы Госпаду схіліце.

Людзі: Табе, Госпадзе.

Сьвятар (моліцца ціха): Нахілі, Госпадзе, вуха Тваё і выслухай нас – Ты, што воды Ярданскія хрышчэньнем Тваім асьвяціў, – і блаславі ўсіх нас, якія, схіліўшы шыі свае, стаім пакорна перад Табою; і зрабі нас годнымі асьвячэньня Твайго праз прыняцьце гэтай вады: няхай яна будзе нам для здароўя душ і целаў.

(Уголас): Бо Ты асьвячэньне наша, і Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Людзі: Амін.


Сьвятар робіць знак крыжа над вадою сьвятым крыжам, пасьля апускае крыж у ваду, і вымае яго, сьпяваючы трапар:

(Тон 1). Калі Ты, Госпадзе, хрысьціўся ў Ярдане, адбылося пакланеньне Тройцы: голас Айца засьведчыў аб Табе, называючы Цябе любым Сынам; і Дух у выглядзе голуба пацьвердзіў праўдзівасьць гэтых слоў. Хрысьце Божа, які зьявіўся нам і сьвет асьвяціў, слава Табе.


Гэта паўтарае тры разы. Пасьля кропіць вадою людзей, якія сьпяваюць:

(Тон 6). Усхвалім, верныя, веліч Божае спагадлівасьці да нас. Дзеля нашых правінаў Ён, адзіны чысты і нятленны, стаўся чалавекам, прыняў наша ачышчэньне ў Ярдане, асьвяціўшы воды і нас, і скрышыўшы галовы зьмеяў. Дык зачэрпнем ваду з радасьцю, бо ласка Духа нябачна даецца тым, што з вераю бяруць яе, ад Хрыста Бога і Збаўцы душ нашых.


"Хай будзе імя Гасподняе..." і звычайнае заканчэньне літургіі.


Папярэдняя старонка | Старонка 2 з 2
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст