Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангелія паводле Яна


 

 

Эвангелія паводле Яна

Увядзенне0102030405060708091011121314
15161718192021


Езус у Ерузаліме ў сьвята Палатак

7.1. Потым Езус хадзіў па Галілеі, бо не хацеў прабываць у Юдэі, бо Юдэі сабіраліся забіць Яго.

2.     Надыходзіла Юдэйскае сьвята Палатак.

3.     Сказалі затым Яму Яго браты: "Адыйдзіся ад гэтуль, а ідзі ў Юдэю, каб і вучні Твае аглядалі дакананьні Твае, якія робіш.

4.     Бо ніхто не рабіў чаго колечы тайна, калі сам хацеў паказацца на публічнасьці. Калі такія рэчы чыніш, дай пазнацца сьвету".

5.     Бо і браты Яго ня верылі ў Яго.

6.     Кажа ім затым Езус: "Яшчэ не прыйшла Мая пара, а ваш час заўсёды падходзіць.

7.     Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзець, бо Я сьведчу аб ім, што яго паступкі, учынкі ліхія.

8.     Вы ідзіце на гэта сьвята, а Я не пайду на гэта сьвята, бо час Мой яшчэ не надыйшоў".

9.     Гэта сказаўшы, застаўся ў Галілеі.

10. Але калі браты Яго адправіліся і Ён пайшоў на сьвята, ня яўна, але тайком.

11. А ў час сьвята шукалі Яго Юдэі і казалі: "Дзе Ён?"

12. Гаварылася пра Яго між людзей многа. Адны казалі, што Ён добры, а другія гаварылі, што не, што зводзіць народ.

13. Але ніхто не гаварыў пра Яго яўна, бо баяліся Юдэяў.

14. А калі сьвята ўпалавіналася Езус увайшоў у сьвятыню і стаў навучаць.

15. А Юдэі дзівіліся і казалі: "Як Ён можа знаць Пісаньне, бо ж не вучоны?"

16. Езус казаў ім: "Мая навука не мая, але Таго, Хто Мяне паслаў.

17. Калі хто хоча спаўняць волю Ягоную, той з навукі пазнае, ці яна ад Бога, ці я Сам ад Сябе гавару.

18. Хто з сябе самога гаворыць, той сваёй спахвала шукае, але хто шукае хвалы Таго, Хто Яго паслаў, той праўдамоўны ды няма ў ім беззаконьня (неправасьці).

19. Ці не Майсей даў вам Закон, але ніхто з вас не спаўняе Закону.

20. Чаму хочаце Мяне забіць? - Адказала грамада, кажучы: "Чарта маеш, хто хоча Цябе забіць?"

21. У адказ сказаў Езус ім: "Я даканаў адзін пачын, а ўсе дзівіцеся.

22. Дык жа Майсей устанавіў абразаньне, хоць яно не ад Майсея, але ад вашых продкаў і вы абразаеце ў шабат.

23. Калі тады можна абразаць чалавека ў шабат, не нарушаючы Майсеявага Закону, дык чаму злуіцёся на Мяне, калі Я ўсяго чалавека вылечыў у шабат?

24. Дык не судзіце па знешнасці, але судзіце справядлівым судом".

25. Дык некаторыя з жыхароў Ерузаліма казалі: "Ці гэта Той, Каторага хочуць забіць?"

26. Бо вось яўна навучае і нічога Яму ня кажуць. Ці сапраўды пераканаліся старэйшыны, што Ён Хрыстус?

27. Але аб Ім ведаем, скуль родам, а пра Хрыстуса, калі паявіцца, ніхто ведаць ня будзе, скуль Ён прыходзіць".

28. А Езус навучаючы ў сьвятыні ў голас сказаў: "І Мяне знаеце і ведаеце скуль Я, Я Сам ад Сябе не прыйшоў, але верагодны Той, Хто Мяне паслаў, а Якога вы ня знаеце.

29. Я Яго знаю, бо Я ад Яго, бо Ён Мяне паслаў.

30. Дык маніліся Яго ўзяць, але ніхто не падняў на Яго рукі, бо яшчэ не прыйшла Яго пара.

31. А спасярод натоўпу многа ўверыла ў Яго і яны казалі: "Ці ж калі Хрыстус прыйдзе, болей цудаў даканае, чым тыя, якія Ён учыніў?"

32. А калі фарызэі пачулі, што людзі так пра Яго гавораць, дык паслалі фарызэі і князі слугаў, каб Яго ўзяць.

33. Сказаў ім тады Езус: "Кароткі толькі час буду з вамі, бо пайду да Таго, Хто Мяне паслаў.

34. Будзеце Мяне шукаць і ня знайдзеце, а дзе Я буду, вы туды ня можаце прыйсьці".

35. Ды гаварылі Юдэі між сабой: "Куды ж Ён пойдзе, што мы Яго ня знойдзем? Ці меўся пайсьці да паган разкінутых і паган навучаць?

36. Што ж гэта за навука, якую абвяшчае: "Шукаць Мяне будзеце і ня знойдзеце ды дзе Я буду, вы туды прыйсьці ня можаце?"

37. А ў апошні вялікі дзень сьвята стаў Езус і казаў у голас: "Калі хто смагне, хай прыходзіць да Мяне і п'е.

38. А хто верыць у Мяне, як кажа Пісаньне: рэкі жывой вады пацякуць з Яго нутра.

39. А так казаў аб Духу, якога мелі атрымаць веручыя ў Яго. Бо Дух ня быў яшчэ сасланы, бо Езус ня быў яшчэ праслаўлены.

40. Многія спаміж людзей, чуючы гэту навуку, казала: "Гэта сапраўды Прарок".

41. Іншыя ж казалі: "Гэта Хрыстус". А яшчэ іншыя даказвалі: "Ці ж Хрыстус прыйдзе з Галілеі?

42. Ці ж Пісаньне ня піша, што Хрыстус прыйдзе з роду Давіда, і з горада Бэтлеем, скуль быў Давід?"

43. З гэтае прычыны дайшло да раздваеньня ў народзе.

44. Дык некаторыя з іх хацелі Яго ўзяць, але ніхто не падняў на Яго рукі.

45. Прыйшлі затым слугі да перадавых сьвятароў і фарызеяў. А яны сказалі: "Чаму вы Яго не прывялі?"

46. Слугі адказалі: "Ніводзін чалавек так не гаварыў як Ён".

47. Дык адказалі ім фарызэі: "Ці і вы ім зьведзены?

48. А ці ўверыў у Яго хоць хто з фарызэяў або князёў?

49. А гэта зборышча, які ня знае Закону, пракляты".

50. Сказаў ім Мікода, той, што прыходзіў да Яго ноччу, а быў адным з іх:

51. "Ці ж закон наш асуджае чалавека, чым перш яго не праслухае і не праверыць, што ён робіць?"

52. У адказ яму сказалі: "Ці і Ты не Галілеец? Праслядзі за Пісаньнем, а пераканаешся, што Прарок не з'явіцца з Галілеі.

53. Дый разыйшліся кожны ў свой дом.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст