Увядзенне – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21
Размова з Мікодам
3.1. Між фарызэяў быў адзін фарызэй, імем Мікода, князь Юдэйскі.
2. Ноччу прыйшоў ён і сказаў Яму: "Вучыцелю, ведаем, што Ты ад Бога прыйшоў як Настаўнік; бо ніхто ня можа чыніць такіх цудаў, як Ты чыніш, калі б Бог ня быў з Табой".
3. А Езус у адказ сказаў яму: "Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі хто не народзіцца знанава, ня можа аглядаць Каралеўства Божага".
4. Сказаў яму Мікода: "Як жа можа нарадзіцца чалавек, калі ён ужо стары? Ці ж можа паўторна ўвайсьці ва ўлоньне сваёй маці дый зноў нарадзіцца?"
5. Выясьняе Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу табе, калі хто не адродзіцца з вады і з Духа Сьвятога, той ня можа ўвайсьці ў Каралеўства Божае.
6. Тое, што нарадзілася з цела - целам ёсьць, а што нарадзілася з духа - духам ёсьць.
7. Не дзівіся, што Я табе гэта сказаў: што мусіш нарадзіцца зноў.
8. Вецер, куды хоча, дзьме і шум яго чуеш, але ня ведаеш, скуль паходзіць і куды выходзіць. Таксама адбываецца з кожным, хто з духа нарадзіўся.
9. Дык спытаўся Мікода: "Як можа гэта стацца?"
10. Сказаў яму Езус у адказ: "Ты вучыцелем у Ізраеля і ня ведаеш гэтага?
11. Сапраўды, сапраўды кажу табе, што мы кажам тое, што ведаем і сьведчым пра тое, што мы бачылі, але пасьведчаньня нашага ня хочаце прымаць.
12. Калі казаў вам пра зямныя рэчы і вы ня верыце, дык як уверыце, калі вам буду гаварыць пра справы нябесныя?
13. Ніхто не ўвайшоў у неба, толькі той, хто сыйшоў з неба, Сын Чалавечы, Каторы ў небе.
14. І як Майсей падняў гужа на пустыні, так мусіць быць падняты Сын Чалавечы,
15. каб кожны, хто верыць у Яго, не прапаў, але меў жыцьцё вечнае.
16. Бо Бог так умілаваў сьвет, што Сына Свайго Адзінароднага даў, каб кожны, хто верыць у Яго, не памёр, але меў жыцьцё вечнае.
17. Бо не паслаў Бог Сына Свайго на сьвет судзіць сьвет, але каб сьвет быў Ім збаўлены.
18. Хто верыць у Яго, ня будзе асуджаны, а хто ня верыць, ужо асуджаны, што не ўверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.
19. А прысуд грунтуецца на тым, што сьвятло прыйшло на сьвет, але людзі болей узьлюбілі цемру, чым сьвятло, бо ліхімі былі іх учынкі.
20. Бо кожны, хто блага паступае, ненавідзіць сьвятла і не ідзе да сьвятла, каб не асудзілі яго ўчынкаў.
21. Але кожны, хто спачынае праўду, ідзе да святла, каб выявіліся ўчынкі ягоныя, бо ў Богу (па Божаму) былі ўчынены.
Падарожжа Езуса па Самарыі і Галілеі
Паўторнае пасьведчаньне Яна Хрысьціцеля
22. Затым прыйшоў Езус разам з вучнямі Сваімі ў зямлю Юдэю і там прабываючы з імі - хрысьціў.
23. І Ян таксама хрысьціў у Эном блізка Салім, бо там было шмат вады, а людзі прыходзілі і прыймалі хрост.
24. Бо Ян ня быў яшчэ пасаджаны ў вязьніцу.
25. Затым узьнікла спрэчка між вучнямі Яна і Юдэямі ў справе ачышчэньня.
26. Дык прыйшлі затым яны і сказалі яму: "Вучыцелю, вось жа той, што з табой быў за Ярданам і аб якім сьведчыў ты, удзяляе хросту ды ўсе ідуць да Яго".
27. А Ян адказаў ім: "Нічога ня можа атрымаць чалавек, калі яму ня будзе дадзена з неба.
28. Вы самі можаце пасьведчыць, што я вам сказаў: "Я не Хрыстус, але пасланы перад Ім.
29. Хто мае маладую (маладзіцу), той малады, а прыяцель маладога, які побач стаіць і чуе, цешыцца з усяго сэрца (з) голасам маладога. Гэтай маёй радасьці цяпер ужо нічога не бракуе (радасьць споўнілася).
30. Ён мае расьці - а я ўменшацца.
31. Хто прыходзіць з высока (з неба), Той усіх перавышае, а хто з зямлі паходзіць, зямным ёсьць і пра зямныя гаворыць справы. А хто паходзіць з неба, ён над усім.
32. Ён сьведчыць аб тым, што чуў і відзеў, а пасьведчаньня Яго ніхто ня хоча прызнаваць.
33. А хто прыняў Яго пасьведчаньне, той даказаў, што Бог праўдамоўны.
34. Бо Той, каго Бог паслаў, вясьціць слова Божае, бо не па мерцы Бог удзяляе духа.
35. Айцец мілуе Сына і ўсё аддаў у Ягоныя рукі.
36. Хто верыць у Сына мае жыцьцё вечнае, а хто ня верыць Сыну, ня будзе аглядаць жыцьця, але гнеў Божы вісіць над ім.
|