Увядзенне – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21
Заканчэньне
Пераданьне Пятру прымату, пяршынства (21-1,25)
Аб'ява Езуса Апосталам каля возера Гэнэзарэт
21.1. Далей аб'явіўся зноў Езус вучням каля Мора Тыбэрядскага. А аб'явіўся ім так:
2. Былі сабраўшыся разам: Сымон Пётр і Тамаш, званы Дыдымус, Натанаем з Каны Галілейскай, сыны Забэдэя і два іншых вучняў Ягоных.
3. Сказаў ім Сымон Пётр: "Іду лавіць рыбу". Кажуць Яму: "І мы пойдзем з Табой". Дык пайшлі, селі ў лодку і ў тую ноч нічога не злавілі.
4. А калі настала раніца, явіўся Езус на беразе, але вучні Яго не пазналі, што гэта быў Езус.
5. Сказаў ім затым Езус: "Дзеці, ці маеце што есьці?" Адказалі яму : "Не".
6. Дык сказаў ім: "Закіньце сетку па правай старане лодкі, а зловіце". Закінулі тады, але дзеля мноства рыбы чуць маглі выцягнуць сетку.
7. Тады той вучань, каторага любіў Езус, сказаў Пятру: "Гэта ж Госпад!" Дык Сымон Пётр, пачуўшы, што гэта Госпад, адзеў вопратку, бо быў голы і кінуўся ў мора.
8. Іншыя прыплылі ў лодцы, бо былі недалёка ад берагу, каля дзьвесьце стадыяў, цягнучы сетку з рыбамі.
9. А калі выйшлі на сухмень, убачылі кучу вуглёў і лежачую на іх рыбу і хлеб.
10. Кажа ім Езус: "Прынясіце тых рыбаў, што цяпер налавілі".
11. Дык пайшоў Сымон Пётр, выцягнуў на сухмень сетку. Поўную вялікіх рыбаў, якіх было сто пяцьдзесят тры. І хоць было так шмат, сетка не парвалася.
12. Кажа ім Езус: "Хадзіце і ешце". Але ніхто з седзячых не сьмеў спытацца: "Хто Ты?", бо ведалі, што гэта Госпад.
13. А Езус падыходзіць, бярэ хлеб і дае ім, падобна і рыбу.
14. І так ужо трэці раз аб'явіўся Езус вучням Сваім, з той пары як паўстаў з умёршых.
Улада Пятра
15. Дык калі яны наеліся, кажа Езус Сымону Пятру: "Сымоне, сыне Яна! Ці мілуеш Мяне больш, чым гэтыя?" Кажа Яму: "Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я Цябе мілую". Кажа яму Езус: "Пасі ягняткі Мае".
16. Паўторна пытаецца ў яго: "Сымоне, сыне Яна, ці мілуеш Мяне?" Кажа Яму: "Так, Госпадзе, Ты ведаеш, што я Цябе мілую". Кажа яму Езус: "Пасі ягняткі Мае".
17. І пытаецца ў яго трэці раз: "Сымоне, сыне Яна, ці мілуеш Мяне?" Засмуціўся Пётр, што ўжо трэці раз пытаецца ў яго: "Ці мілуеш Мяне?" Дык сказаў Езусу: "Госпадзе, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я Цябе мілую". Кажа яму Езус: "Пасі авечкі Мае".
18. Затым сапраўды, сапраўды кажу табе, калі ты быў маладым, падпаясаўся і хадзіў, дзе хацеў, а як пастарэеш, выцягнеш рукі свае ды хто іншы цябе падпаяша, і павядзе туды, куды ты не захочаш".
19. А гэта прадсказаў якою ён сьмерцю меў праславіць Бога. Ды гэта сказаўшы, загадаў яму: "Ідзі за Мной!"
20. Пётр аглянуўшыся, убачыў таго вучня, якога Езус любіў, ідучага за ім, які ў вячэру прытуліўшыся быў да грудзей Езуса і пытаўся: "Госпадзе, хто гэта, што Цябе выдасьць?"
21. Вось таго ўбачыўшы Пётр пытаецца ў Езуса: "Госпадзе, а з гэным што будзе?"
22. Сказаў яму Езус: "Хачу, каб ён застаўся пакуль прыйду, што табе да таго? Ты ідзі за Мной".
23. Разыйшлася тады вестка між братамі, што вучань той не памрэ. Але Езус не сказаў: "Не памрэ", а толькі: "Хачу, каб ён заставаўся пакуль прыйду, а што табе да таго!"
24. Ды вось той вучань сьведчыць пра гэта ды напісаў гэта, а ведаем, што пасьведчаньне яго праўдзівае.
25. Многа яшчэ іншых рэчаў учыніў Езус, але каб кожную з іх запісаць, дык думаю, не зьмясьціў бы ўвесь сьвет кніг, каторыя мелі б быць напісаны. |