Увядзенне – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21
Спайманьне Езуса
18.1. Сказаўшы гэта Езус з вучнямі Сваімі пайшоў за рэчулку Цэдрон, дзе быў сад, у які ўвайшоў сам з вучнямі Сваімі.
2. Але і Юда, які Яго выдаў, знаў гэта месца, бо часта туды хадзіў Езус з сваімі вучнямі.
3. Затым Юда ўзяўшы кагорту жаўнераў і слугаў архісьвятараў і фарызэяў прыйшоў туды з фанарамі і сьветачамі і аружжам.
4. А Езус ведаючы ўсё, што з Ім будзе, выйшаў наперад і спытаўся ў іх: "Каго шукаеце?"
5. Адказалі Яму: "Езуса Назарэйца". Кажа ім Езус: "Гэта Я". А з імі стаяў і Юда, які Яго выдаў.
6. Калі сказаў ім Езус: "Гэта Я" - яны падаліся ўзад ды палі на зямлю.
7. Спытаўся іх тады зноў: "Каго шукаеце?" А яны сказалі: "Езуса Назарэйца".
8. Адказаў Езус: "Дык жа сказаў Я вам, што гэта Я. Калі тады Мяне шукаеце, пазвольце ім пайсьці".
9. А гэта, каб споўнілася слова, якое быў ён сказаўшы: "Не загубіў ніводнага з тых, каторых Ты Мне даў" (Ян 17,12).
10. Затым Сымон Пётр, які меў меч, дастаў яго і ўдарыў слугу архісьвятара, адсякаючы яму правае вуха. Слуга той меў імя Мальхус.
11. Сказаў тады Езус Пятру: "Схавай меч свой у ножны. Ці ж ня маю піць чашу, якую даў Мне Айцец?"
Езус перад (у) Аннаніям і Каіфам
12. Затым кагорта жаўнераў і трыбун ды слугі юдэйскія ўзялі Езуса і звязалі Яго.
13. І прывялі Яго перш да Аннанія, бо быў сьвёкрам Каіфа, які быў таго года архісьвятаром.
14. Вось жа Каіф даў параду Юдэям, каб лепш адзін чалавек памёр за народ.
15. А за Езусам ішоў Сымон Пётр і другі вучань. А вучань той знаёмы быў архісьвятару і таму ўвайшоў з Езусам на дзядзінец (панадворак) архісьвятара.
16. Пётр жа застаўся навонкі пры ўваходзе. Выйшаў тады другі вучань, ведамы архісьвятару, пагаварыў з прыдзьвернай, ды ўвёў Пятра.
17. Кажа тады Пятру служанка прыдзьверніца: "Ці і не ты спасярод вучняў тога чалавека?" А ён кажа: "О не".
18. Там стаяла прыслуга і слугі пры гарачых вуглях, бо было зімна, дык грэліся. А разам з імі быў і Пётр стоячы і грэючыся.
19. У той час архісьвятар пытаўся ў Езуса пра вучняў і навуку Яго.
20. Адказаў яму Езус: "Я яўна вучыў сьвет, ды вучыў заўсёды ў сынагозе і ў сьвятыні, дзе сабіраюцца ўсе Юдэі, і нічога не гаварыў тайком.
21. Чаму Мяне пытаеш? Спытай тых, каторыя чулі, што Я ім гаварыў, вось яны ведаюць, што Я ім казаў".
22. Калі гэта сказаў, дык адзін з прыслугі, стоячы там, ударыў Езуса па твары, кажучы: "Так адказваеш архісьвятару?"
23. Адказаў яму Езус: "Калі блага сказаў, дакажы гэта, а калі добра, дык чаму Мяне б'еш?"
24. Затым адаслаў Яго Аннаній зьвязанага да архісьвятара Каіфы.
Запярэчаньне Пятра (адрачэньне)
25. А Сымон Пётр стаяў і грэўся. Сказалі яму: "Ці і ты не з ліку вучняў Ягоных?" А ён запярэчыў, кажучы: "Я не!"
26. Дык адзін са слугаў архісьвятара, сваяк таго, катораму Пётр адсёк вуха - сказаў яму: "Ці ж я цябе ня бачыў з Ім у садзе?"
27. Ды Пётр зноў запярэчыў, а зараз засьпяваў певень.
Езус перад Пілатам
28. Затым вядуць Езуса ад Каіфы ў прэторыю. А было гэта нараніцы. Але самі не ўвайшлі ў прэтор'ю, каб не спаганіцца, але каб маглі есьці Пасху.
29. Выйшаў затым Пілат да іх і сказаў: "У чым вінаваціце гэтага чалавека?"
30. Дык сказалі яму: "Калі б Ён ня быў праступнікам, ня выдалі б Яго табе".
31. Дык сказаў ім Пілат: "Вазьміце Яго і асудзіце Яго па вашаму Закону. Сказалі яму тады Юдэі: "Нам нельга нікога забіваць",
32. каб споўнілася слова Езуса сказанае ім, якою сьмерцю меў уміраць.
33. Дык увайшоў Езус зноў у прэторыю, і пазваўшы Езуса спытаўся ў Яго: "Ці Ты кароль Юдэйскі?"
34. Адказаў Езус: "Ці гэта сам ад сябе кажаш, ці табе іншыя сказалі гэта аба Мне?"
35. Адказаў Пілат: "Ці ж я Юдэй? Народ твой і архісьвятары выдалі мне Цябе. Што нарабіў?"
36. Адказаў Езус: "Маё каралеўства не з гэтага сьвету. Бо каб Маё каралеўства было з гэтага сьвету, слугі Мае ваявалі б пэўне, каб ня быў выдадзен Юдэям. Але каралеўства Маё цяпер не зсюль.
37. Сказаў Яму затым Пілат: "Дык Ты Кароль?" Адказаў Езус: "Сам кажаш, што Я Кароль. Я на тое нарадзіўся ды на тое прыйшоў на свет, каб даказаць праўду. Кожны, хто з праўды, слухае голасу Майго".
38. Дык пытаецца ў Езуса Пілат: "А што гэта праўда?" А гэта сказаўшы Пілат, зноў выйшаў да Юдэяў і сказаў ім: "Я не находжу ў Ім ніякай віны.
39. У вас жа ёсьць звычай, каб на Пасху выпусьціць вам аднаго вязьня. Дык хочаце, пушчу вам караля юдэйскага?"
40. Але яны ўсе закрычалі: "Не Яго, але Барабу!" А Бараба быў разбойнікам.
|