01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
8 Саўла ж згадзіўся на забіцьцё яго.
І таго дня паўстала вялікае перасьледаваньне царквы ў Ерузаліме, і ўсі, з выняткам апосталаў, рассыпаліся па краінах Юдэі а Самары.
2 Сьцепана ж пахавалі набожныя людзі і справілі вялікае галашэньне па ім.
3 А Саўла пустошыў царкву, уходзячы ў дамы ў вадзін за адным і выцягуючы мужчынаў і жанкі, аддаваў іх у вязьніцу.
4 Тыя ж, што рассыпаліся, хадзілі, абяшчаючы дабравесьць слова.
5 Вось, Піліп, зыходзячы да места Самары, абяшчаў ім Хрыста. 6 I ўважалі гурбы згодна на тое, што казаў Піліп, чуючы й бачачы знакі, каторыя ён чыніў; 7 Бо із шмат каго нячыстыя духі выходзілі, крычачы вялікім голасам, і шмат хто паляржаваны а кульгавы ўздараўляўся. 8 I вялікая радасьць была ў тым месьце.
9 Чалавек жа якісь, імям Сымон, быў уперад у тым месьце, чаруючы й зумяваючы народ самарскі, кажучы, што ён сам нейкі вялікі. 10 На яго зважалі ўсі ад найменшага аж да найбольшага, кажучы: „Гэта моц Божая вялікая". 11 Зважалі на яго, бо ён даўгі час зумяваў іх чарамі сваімі. 12 Але, як паверылі Піліпу, каторы абяшчаў дабравесьць праз гаспадарства Божае а імя Ісуса Хрыста, хрысьціліся мужчыны й жанкі. 13 I сам Сымон таксама ўверыў і, будучы ахрышчаны, дзяржаўся Піліпа; і, бачачы знакі а вялікія чудосы чыненыя, зумяваўся.
14 Апосталы ж, што былі ў Ерузаліме, пачуўшы, што Самара прыняла слова Божае, паслалі да іх Пётру а Яана, 15 Каторыя, зышоўшыся, памаліліся за іх, каб яны прынялі Духа Сьвятога; 16 Бо Ён ня зыходзіў яшчэ на іх, адно яны былі ахрышчаныя ў імя Спадара Ісуса. 17 Тады ўзлажылі на іх рукі свае, і яны прынялі Духа Сьвятога.
18 Сымон жа, абачыўшы, што ўскладаньням рук апостальскіх даецца Дух Сьвяты, прынёс ім грошы, кажучы: 19 „Дайце й імне гэтую ўладу, каб тый, на каго ўзлажу рукі, адзяржаў Духа Сьвятога". 20 Але Пётра сказаў яму: „Срэбла твае хай будзе на загубу з табою, бо ты падумаў, што дар Божы можа быць адзяржаны за грошы. 21 Ты ня маеш дзелі ані жэрабя ў гэтым, бо сэрца твае не пасьцівае перад Богам. 22 Дык пакайся за гэтую нягоднасьць сваю і малі Спадара, можа дараваны будзе табе гэты замер сэрца твайго; 23 Бо я бачу цябе ў жоўці гарчыні і ў путах несправядлівасьці". 24 Сымон жа, адказуючы, сказаў: „Маліце за мяне Спадара, каб нічога ня стрэла мяне з тога, што вы сказалі".
25 Дык яны, пасьветчыўшы й сказаўшы слова Спадарова, зварачаліся да Ерузаліму й абяшчалі дабравесьць шмат сёлам самарскім.
26 А Піліпу Ангіл Спадароў мовіў, кажучы: „Устань а йдзі на паўдня, на дарогу, што зыходзе ад Ерузаліму да Ґазы, яна ж пустая". 27 I ён устаў і пайшоў. I вось, Ефіоплянін, легчанец, Міністра Кандакі, караліцы Ефіопскае, што быў над усім скарбам ейным, каторы прыяжджаў пакланіцца ў Ерузаліме, 28 I зварачаючыся і седзячы на цялежках сваіх, чытаў прароку Ісаю. 29 Дух жа сказаў Піліпу: „Дабліжся а прылучыся да гэтых цялежак". 30 I, падбегшы, Піліп пачуў, што ён чытае прароку Ісаю, і сказаў: „Гля, ці разумееш, што чытаеш?" 31 А ён сказаў: „Як магу, калі хто не пакажа імне". I папрасіў Піліпа ўзыйсьці й сесьці зь ім. 32 Месца ж Пісьма, каторае ён чытаў, было гэткае: „Яго вялі як авечку на зарэз; і як ягнё безгалосае ў прытомнасьці стрыгучага яго, так Ён не адчыняе вуснаў Сваіх. 33 У паніжэньню Ягоным суд ад Яго адабраны быў. I хто зьясьніць род ягоны? бо жыцьцё Ягонае ўзята ізь зямлі". 34 А легчанец, адказуючы Піліпу, сказаў: „Калі ласка, праз каго прарока кажа гэта? празь сябе самога ці праз каго іншага?" 35 I Піліп, адчыніўшы вусны свае і пачаўшы з гэтага Пісьма, абяшчаў яму дабравесьць празь Ісуса. 36 I, як ехалі далей дарогаю, прыехалі да аднае вады, і легчанец кажа: ,,Во вада, што перакажае імне хрысьціцца?" 37 Піліп жа сказаў яму: „Калі верыш з усяго сэрца, можна". Ён, адказуючы, сказаў: „Веру, што Ісус Хрыстос ё Сын Божы". 38 I казаў спыніць цялежкі; і зышлі абодва ў ваду, Піліп а легчанец; і ахрысьціў яго. 39 Як жа яны вышлі з вады, Дух Спадароў няў Піліпа, і легчанец ня бачыў яго болей, бо паехаў сваёй дарогаю, цешачыся.
40 А Піліп апынуўся ўв Ашдодзе і, праходзячы, абяшчаў дабравесьць усім местам, пакуль прышоў да Цэсарэі.
|