01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
24 За пяць жа дзён прышоў найвышшы сьвятар Ананя із старцамі а зь якімсь прамоўцам Тэртулям, каторыя паведамілі вайводу праз Паўлу. 2 Як яго пагукалі, Тэртуль пачаў вінаваць кажучы: „Шмат супакою адзержуем перазь цябе, і палепшаньні прыходзяць гэтаму народу ад твае абачлівасьці, - 3 Мы ў вусім і ўсюдых сардэчна прыймаем гэта, найдабрачэсьліўшы Хвэліксе, зь усёй падзякаю. 4 Але каб лішне доўга не задзержаваць цябе, калі ласка, выслухай нас коратка із свае бачнасьці. 5 Бо, знайшоўшы, што гэты чалавек - болька, і падвучае да бунту ўсіх Жыдоў па сьвеце, і кіраўнік сэкты назарэцкае, 6 Каторы важыўся нават збудзеніць сьвятыню, мы яго нялі і судзілі подле права свайго; 7 Але тысячнік Ліс, прышоўшы, зь вялікім усілствам адабраў яго з рук нашых, 8 Расказаўшы пазоўнікам прыйсьці да цябе. Ты можаш сам, выпытаўшы, даведацца напэўна, у чым мы яго вінуем". 9 I Жыды таксама прылучыліся да жалабы, пацьвердзіўшы, што гэта было так.
10 Але Паўла, як вайвода кіўнуў яму гукаць, адказаў: „Ведаючы, што даўгія гады ты быў судзьдзёю народу гэтага, я тым свабадней хачу бараніцца ў сваёй справе. 11 I ты можаш балей даведацца, што адгэнуль, як я прышоў на паклон да Ерузаліму, няма больш за двананцаць дзён. 12 I не засьпелі яны мяне, каб я сьперачаўся зь кім, і ня зьбіраў я гурбы ані ў бажніцах, ані ў месьце; 13 I ня могуць давесьці таго, у чым цяпер вінуюць мяне. 14 Але ў тым прызнаюся табе, што ў тэй Дарозе, каторую яны завуць сэктаю, я служу Богу айцоў сваіх, верачы ўсяму подле Закону і ўсяму ў прароках запісанаму, 15 Маючы надзею ў Богу, што будзе ўскрысеньне справядлівых і несправядлівых, чаго й самы яны чакаюць. 16 Затым я таксама руплюся мець у вусім сумленьне беззаганнае перад Богам і людзьмі. 17 Па шмат гадох я прыбыў, прыносячы ўбожыну народу свайму й аброкі. 18 Тады знайшлі мяне ачышчанага ў сьвятыні, ня з гурбаю ані замятнёю; але некаторыя Жыды з Азі, 19 Каторыя мелі б стаць перад табою і абвінаваць, калі маюць штось супроці мяне. 20 Альбо няхай яны самы скажуць, што за бяспраўе знайшлі ў імне, як я стаяў перад сынэдрыёнам, 21 Хіба што да слова, каторае я гукнуў, стоячы памеж іх: ,Я суджаны сядні вамі за ўскрысеньне зь мертвых'." 22 I, выслухаўшы гэта, Хвэлікс адклаў ім, кажучы: „Каб праз гэту Дарогу дакладней даведацца, рассуджу вашу справу, як тысячнік Ліс прыедзе".
23 I расказаў сотніку сьцерагчы яго, і палягчыць яму, і не бараніць нікому із сваіх ягоных слугаваць яму і давядацца да яго.
24 За колькі дзён Хвэлікс, прыбыўшы з Друзілаю, жонкаю сваёй, каторая была Жыдзіца, паслаў па Паўлу і слухаў яго што да веры ў Хрыста. 25 I як ён разважаў праз справядлівасьць а ўзьдзержлівасьць а будучы суд, Хвэлікс, зьлякаўшыся, адказаў: „Цяпер ідзі, у дагодным часе пашлю па цябе". 26 У тым самым часе ён спадзяваўся, што Паўла дасьць яму грошы; затым пасылаў па яго часьцей і гутарыў зь ім. 27 Як мінулі два гады, наступнікам Хвэліксавым стаў Порц Фэст. Хочучы дагадзіць Жыдом, Хвэлікс пакінуў Паўлу ў вязьніцы.
|