01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
23 Тады Паўла, уцеміўшыся ў сынэдрыён, сказаў: „Мужы браты, я з усім добрым сумленьням жыў перад Богам дагэтуль". 2 Найвышшы ж сьвятар Ананя расказаў тым, што стаялі ля яго, біць яго па вуснах. 3 Тады Паўла сказаў яму: „Бог вытне цябе, пабеленая сьцяна; ты ж сядзіш, судзячы мяне з права, і напярэк праву расказуеш мяне біць".
4 Прытомныя ж сказалі: „На найвышшага сьвятара Божага вернеш ?" 5 I сказаў Паўла: „Я ня ведаў, браты, што ён найвышшы сьвятар; бо напісана: ,Ня гукай ліха на дзяржаўцу люду свайго' ".
6 Паўла ж, ведаючы, што адна часьць была садукеяў, а другая фарысэяў, загукаў у сынэдрыёне: „Мужы браты, я фарысэй, сын фарысэяў, мяне судзяць за спадзеву а ўскрысеньне мертвых!" 7 Як жа ён сказаў гэта, паўстала нязгода памеж фарысэяў і садукеяў, і збор падзяліўся; 8 Бо садукеі кажуць, што няма ўскрысеньня, ані ангіла, ані духа; а фарысэі вызнаюць абое. 9 I быў вялікі вераск, і кніжнікі фарысэйскае часьці, стаўшы, сьперачаліся, кажучы: „Мы не знаходзім ліха ў гэтым чалавеку. Калі дух гукаў яму альбо ангіл, не ваюйма з Богам". 10 Як жа вялікая сумятня паўстала, тысячнік, баючыся, каб яны не разарвалі Паўлы, расказаў жаўнерам зыйсьці ўзяць яго з пасярод іх і прывесьці да гораду.
11 Наступное ж ночы Спадар стаў ля яго й сказаў: „Асьмелься, бо як ты сьветчыў празь Мяне ў Ерузаліме, так маеш сьветчыць і ў Рыме".
12 А як разаднела, Жыды змовіліся, пастанавіўшы пад праклёнам, кажучы, што ня будуць есьці ані піць, пакуль не заб'юць Паўлы. 13 Было ж балей за сорак, што задзіночыліся гэтай змоваю. 14 I пайшлі яны да найвышшых сьвятароў а старцоў, кажучы: „Мы прысягнулі праклёнам нічога не паспытацца, пакуль не заб'ем Паўлы. 15 Дык вы цяпер асьветча тысячніку і сынэдрыёну, каб ён вывеў яго да вас, быццам хочаце дакладней разгледзіць справу ягоную; мы ж, уперад чымся ён дабліжыцца, гатовы забіць яго".
16 Але сын сястры Паўлавае, пачуўшы праз змову, прышоў, і ўвыйшоў да гораду, і наказаў Паўлу. 17 Паўла ж, пагукаўшы аднаго із сотнікаў, сказаў: „Вазьмі гэтага маладзёна да тысячніка, бо ён мае штось наказаць яму". 18 Дык ён, узяўшы яго, прывеў да тысячніка й кажа: „Вязень Паўла пагукаў мяне і прасіў завесьці да цябе гэтага маладзёна, каторы мае штось сказаць табе".
19 Тысячнік жа, узяўшы яго за руку і адышоўшы на бок, папытаўся: „Што ты хочаш сказаць імне?" 20 Тады ён сказаў: „Жыды змовіліся прасіць цябе, каб ты вывеў Паўлу заўтра да сынэдрыёну, быццам дакладней выпытаць празь яго; 21 Але ты ня дайся ўмовіць ім, бо зь іх цікуюць на яго больш за сорак чалавекаў, каторыя пастанавілі пад праклёнам ня есьці ані піць, пакуль не заб'юць яго; і цяпер гатовы, чакаючы твае загады". 22 Тады тысячнік адпусьціў маладзёна, расказаўшы яму: „Нікому не кажы, што ты паведаў імне гэта".
23 I, пагукаўшы двух сотнікаў, сказаў: „На трэйцюю гадзіну ночы прыгатуйце дзьвесьце жаўнераў, семдзясят коньнікаў і дзьвесьце дзіднікаў, ісьці аж да Цэсарэі. 24 I жывёла хай будзе прыгатавана, каб, пасадзіць Паўлу на іх і прывесьці бясьпечна да Хвэлікса, вайводы".
25 Напісаў і ліст гэткае хормы: 26 „Кляўд Ліс Найпачэсьліўшаму Вайводзе Хвэліксу - здарованьне. 27 Мужа гэтага Жыды, няўшы, зараз маніліся забіць; я насьпеў із жаўнерамі і выратаваў з рук іхных, даведаўшыся, што ён Рымлянін. 28 I, зычачы даведацца, у чым вінавалі яго, прывёў яго да сынэдрыёну іхнага, 29 I знайшоў, што яго вінуюць у нейкіх пытаньнях права іхнага, але няма ў ім ніякае віны, гожае сьмерці альбо зялезаў. 30 Адзяржаўшы ж ведамку праз змову на сьмерць на гэтага чалавека, я без адвалокі паслаў яго да цябе, расказаўшы й жалабнікам гукаць перад табою, што ё супроці яго. Заставайся здароў!"
31 Дык жаўнеры, за расказаньням ім, узялі Паўлу й прывялі яго ночы да Антыпатрыды. 32 А назаўтрае, пакінуўшы коньнікаў ісьці зь ім, зьвярнуліся да гораду. 33 А тыя, прышоўшы да Цэсарэі і аддаўшы ліст вайводзе, пастанавілі Паўлу таксама яму.
34 Прачытаўшы ліст, папытаўся, зь якое краіны ён быў, і даведаўшыся, што зь Кілікі, сказаў: 35 „Я выслухаю цябе, як пазоўнікі твае таксама стануць. I расказаў яго сьцерагчы ў доме Гірадавым.
|