01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
14 I сталася ў Іконі, што яны ўвыйшлі разам у жыдоўскую бажніцу, і так гукалі, што ўверыла вялікая множасьць як Жыдоў, так і Грэкаў. 2 А нявернікі Жыды падвучылі а атруцілі на братоў думкі паган. 3 Яны, адылі, заставаліся ладны час, адважна гукаючы ў Спадару, Каторы даў сьветчаньне слову лаекі Свае, даючы, каб знакі а чудосы чыніліся рукамі іхнымі.
4 I падзяліліся множасьць места: адныя былі із Жыдамі, а другія з апосталамі. 5 А як пагане й Жыды з начэльнікамі сваімі імкнуліся напасьці на іх, каб зьняважыць а ўкаменаваць іх; 6 Яны, зацеміўшы гэта, уцяклі да местаў Лікаонскіх, Лістры а Дэрвы і аколіцаў іхных; 7 I там былі, абяшчаючы дабравесьць.
8 Сядзеў жа адзін мужчына ў Лістры, каторы не валодаў нагамі сваімі, кульгавы ад улоньня маці свае, каторы ніколі не хадзіў. 9 Гэты чуў Паўлу гукаючага, каторы, уцеміўшыся ў яго і бачачы, што ён меў веру дзеля ўздараўленьня, 10 Сказаў вялікім голасам: „Стань проста на ногі свае!" і ён ускочыў, і хадзіў. 11 Гурбы ж, абачыўшы, што Паўла ўчыніў, узьнялі галасы свае палікаонску, кажучы: „Багове, перакінуўшыся ў людзёў, зышлі да нас!" 12 I назвалі Варнаву Зэўсам, а Паўлу Гэрмам, бо ён быў галоўны прамоўца.
13 Сьвятар жа Зэўсаў, што быў перад местам, прывёўшы валы і прынёсшы вянкі да брамы, хацеў з гурбамі абрачы аброк. 14 Але апосталы, Варнава а Паўла, пачуўшы, разьдзерлі адзецьці свае і кінуліся да гурбаў, крычачы а кажучы: 15 „Мужы! нашто вы гэта робіце? і мы людзі, падобныя прыродаю да вас, і прыносім вам дабравесьць, каб навярнуць вас ад марнасьцяў гэтых да жывога Бога, Каторы ўчыніў неба й зямлю, і мора, і ўсе ў іх; 16 Каторы ў мінулых пакаленьнях дазволіў усім народам хадзіць сваімі собскімі дарогамі, 17 Хоць запраўды не пакінуў Сябе бязь сьветчаньня, дзеючы дабро й даючы зь неба дождж а ўродлівыя поры, поўнячы ежаю а пацехаю сэрцы вашыя". 18 I, кажучы гэта ўсе, яны ледзь удзяржалі гурбы ад абраканьня ім.
19 Але прышлі Жыды з Антыёхі а Іконі, і пераканалі гурбы, і ўкаменавалі Паўлу, выцягнулі яго зь места, дапушчаючы, што ён памер. 20 Як жа вучанікі абступілі яго, ён устаў і пайшоў да места, а назаўтрае пайшоў з Варнаваю да Дэрвы.
21 I абясьціўшы дабравесьць гэтаму месту, і прыдбаўшы шмат вучанікаў, зьвярнуліся да Лістры а Іконі а Антыёхі, 22 Мацуючы душы вучанікаў, захочуючы іх трываць у веры і навучаючы, што шмат якімі атугамі маем увыйсьці ў гаспадарства Божае.
23 I прызначыўшы ім старшых у кажнай царкве, памаліўшыся з постам, паручылі іх Спадару, у Каторага ўверылі.
24 I, перайшоўшы перазь Пісыду, прышлі да Памфілі. 25 I, кажучы слова ў Перзе, зышлі да Аталі; 26 А стуль адплылі да Антыёхі, скуль былі паручаны ласцы Божай на працу, каторую й зьдзеялі.
27 I прыбыўшы, і зьбершы царкву, яны здалі лічбу ім з усяго, што Бог учыніў імі, і што Ён адчыніў паганам дзьверы веры. 28 I заставаліся немалы час із вучанікамі.
|