Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу ...":
(Тон 6). Сёньня беззаганная Багародзіца, якая
нарадзіла Жыцьцё, адыходзіць да вечнага жыцьця; усё стварэньне цешыцца,
анельскія хоры праводзяць Уладарку з радасьцю і пяюць сьвяточныя песьні, а
адзіны Сын Яе і Ўладар усіх прымае Яе да сябе, каб панавала над усімі.
Апосталы і прапаведнікі Божага слова, быццам на хмары, былі
сабраныя з усіх куткоў зямлі на Сыён, каб бачыць слаўнае і сьвятое ўсьпеньне
Божай Маці і пахаваць Тую, якая нарадзіла Госпада, Прытулак і непераможную
Абарону верных на зямлі.
Будзем радасна славіць Багародзіцу, якая ва ўсьпеньні сваім
прыносіць ад усяго стварэньня каштоўныя дары – веру, надзею і любоў беззаганную,
чысьціню, сьвятасьць і справядлівасьць, – якімі Яна была ўпрыгожаная. Хай Яна
зробіць нас удзельнікамі сваіх дабрадзейнасьцяў і дастойнымі нябеснага
валадарства.
Прарока (тон 4). Маці твая прынесла цябе, Самуіл,
як прыемную ахвяру. Атрымаўшы цябе як плод дастойнай малітвы, яна аддала цябе
Богу згодна з абяцаньнем. Дзеля гэтага на табе, слаўны, спачыла ласка Духа, якая
ўзрасьціла цябе ў дабрыні і ўпрыгожыла мудрасьцю.
Памазаны на сьвятарства алеем сьвятым, ты атрымаў дар
прароцтва і бачаньне таго, што мела быць, і на загад Божы памазаў алеем караля.
Ты прадказваў будучыню і чыніў справядлівы суд людзям ізраільскім, што няспынна
грашылі і аддаляліся ад Бога, дастойны і баганосны Самуіле.
Сёньня не ўяўна і ня ў сне, як раней, але тварам у твар бачыш
Таго, каго ты палюбіў, адкінуўшы цялесны змрок і цяжар, і радасна абыходзячы
неба, як прарок пачэсны, усім прарокам роўны, праведнікаў субяседнік, таварыш
анёлаў.
Слава ... цяпер ...:
(Тон 6). На Тваё несьмяротнае ўсьпеньне хмары
падхапілі ў паветра апосталаў, расьцярушаных па ўсім сьвеце. І яны, прыйшоўшы,
сталі вакол Твайго ўсесьвятога цела і, пахаваўшы яго, аднадушна сьледам за
Габрыелем усклікнулі: "Радуйся, поўная ласкі Дзева Маці, што мужа ня знала,
Госпад з Табою!". Разам з імі малі Сына Твайго і Бога нашага за збаўленьне душаў
нашых.
Вершапесьні
(Тон 6). Разам з боскім Габрыелем усклікаем:
"Радуйся, Усячыстая!". Ты ж, найсьвятая Маці Госпада, пераставіўшыся да Яго,
зьмілуйся над тымі, якія славяць Цябе.
Верш. Устань, Госпадзе, ідзі на месца спачынку
Твайго, Ты і каўчэг сьвятасьці Тваёй.
Бязьмежная мудрасьць Божая праз Духа Сьвятога невыказна
зрабіла Цябе сваёй сьвятыняю і сёньня да нябесных духоўных сялібаў пераставіла
Цябе, Багародзіца ўсяслаўная.
Верш. Кляўся Госпад Давіду праўдаю і не адступіцца
ад яе: Ад нашчадкаў тваіх пасаджу на пасадзе тваім.
Як пакорны слуга прыходжу да Цябе, Маці Бога ўсіх, і прашу:
"Ад усялякіх напасьцяў захавай хрысьціянскі род, Багародзіца, якая пануеш з
Сынам Тваім".
Слава ... цяпер ...:
(Тон 6). Калі прыйшоў час перастаўленьня Твайго
ўсячыстага цела, апосталы, што стаялі вакол ложа, з трапятаньнем і сумам
глядзелі на Цябе; а Пётра са сьлязьмі ўсклікнуў: "Бачу Цябе ясна, Дзева, жыцьцё
ўсіх, як Ты ляжыш нерухома, і дзіўлюся, бо Асалода ўсіх учыніла ў Табе жыльлё
сабе. Малі цяпер няспынна Сына і Бога Твайго, каб Ён захаваў бясьпечным статак
свой".
Адпушчальныя трапары
Прарока (тон 2). Прароку Божы Самуіле, дар пачэсны
няплоднага ўлоньня, ты быў прынесены ў дары, быццам цэлапальная ахвяра, прыемная
Госпаду твайму, якому ты служыў ў сьвятасьці і справядлівасьці. Дзеля гэтага мы
шануем цябе, як малельніка за душы нашы.
Слава ... цяпер ...:
Сьвята (Тон 1). Дзявоцтва захаваўшы ў
сынараджэньні Тваім, пасьля сьмерці сьвету не пакінула Ты, Багародзіца: да
жыцьця пераставілася Ты, будучы Маці жыцьця, і малітвамі Тваімі выбаўляеш ад
сьмерці душы нашыя. |