Галоўная > Мінэя - Жнівень > 20 жніўня - Пасьвяцьце Ўсьпеньня і памяць прарока Самуіла

20 жніўня - Пасьвяцьце Ўсьпеньня і памяць прарока Самуіла


18 красавіка 2008.

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ...":

(Тон 6). Сёньня беззаганная Багародзіца, якая нарадзіла Жыцьцё, адыходзіць да вечнага жыцьця; усё стварэньне цешыцца, анельскія хоры праводзяць Уладарку з радасьцю і пяюць сьвяточныя песьні, а адзіны Сын Яе і Ўладар усіх прымае Яе да сябе, каб панавала над усімі.

Апосталы і прапаведнікі Божага слова, быццам на хмары, былі сабраныя з усіх куткоў зямлі на Сыён, каб бачыць слаўнае і сьвятое ўсьпеньне Божай Маці і пахаваць Тую, якая нарадзіла Госпада, Прытулак і непераможную Абарону верных на зямлі.

Будзем радасна славіць Багародзіцу, якая ва ўсьпеньні сваім прыносіць ад усяго стварэньня каштоўныя дары – веру, надзею і любоў беззаганную, чысьціню, сьвятасьць і справядлівасьць, – якімі Яна была ўпрыгожаная. Хай Яна зробіць нас удзельнікамі сваіх дабрадзейнасьцяў і дастойнымі нябеснага валадарства.

Прарока (тон 4). Маці твая прынесла цябе, Самуіл, як прыемную ахвяру. Атрымаўшы цябе як плод дастойнай малітвы, яна аддала цябе Богу згодна з абяцаньнем. Дзеля гэтага на табе, слаўны, спачыла ласка Духа, якая ўзрасьціла цябе ў дабрыні і ўпрыгожыла мудрасьцю.

Памазаны на сьвятарства алеем сьвятым, ты атрымаў дар прароцтва і бачаньне таго, што мела быць, і на загад Божы памазаў алеем караля. Ты прадказваў будучыню і чыніў справядлівы суд людзям ізраільскім, што няспынна грашылі і аддаляліся ад Бога, дастойны і баганосны Самуіле.

Сёньня не ўяўна і ня ў сне, як раней, але тварам у твар бачыш Таго, каго ты палюбіў, адкінуўшы цялесны змрок і цяжар, і радасна абыходзячы неба, як прарок пачэсны, усім прарокам роўны, праведнікаў субяседнік, таварыш анёлаў.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 6). На Тваё несьмяротнае ўсьпеньне хмары падхапілі ў паветра апосталаў, расьцярушаных па ўсім сьвеце. І яны, прыйшоўшы, сталі вакол Твайго ўсесьвятога цела і, пахаваўшы яго, аднадушна сьледам за Габрыелем усклікнулі: "Радуйся, поўная ласкі Дзева Маці, што мужа ня знала, Госпад з Табою!". Разам з імі малі Сына Твайго і Бога нашага за збаўленьне душаў нашых.


Вершапесьні

(Тон 6). Разам з боскім Габрыелем усклікаем: "Радуйся, Усячыстая!". Ты ж, найсьвятая Маці Госпада, пераставіўшыся да Яго, зьмілуйся над тымі, якія славяць Цябе.

Верш. Устань, Госпадзе, ідзі на месца спачынку Твайго, Ты і каўчэг сьвятасьці Тваёй.

Бязьмежная мудрасьць Божая праз Духа Сьвятога невыказна зрабіла Цябе сваёй сьвятыняю і сёньня да нябесных духоўных сялібаў пераставіла Цябе, Багародзіца ўсяслаўная.

Верш. Кляўся Госпад Давіду праўдаю і не адступіцца ад яе: Ад нашчадкаў тваіх пасаджу на пасадзе тваім.

Як пакорны слуга прыходжу да Цябе, Маці Бога ўсіх, і прашу: "Ад усялякіх напасьцяў захавай хрысьціянскі род, Багародзіца, якая пануеш з Сынам Тваім".

Слава ... цяпер ...:

(Тон 6). Калі прыйшоў час перастаўленьня Твайго ўсячыстага цела, апосталы, што стаялі вакол ложа, з трапятаньнем і сумам глядзелі на Цябе; а Пётра са сьлязьмі ўсклікнуў: "Бачу Цябе ясна, Дзева, жыцьцё ўсіх, як Ты ляжыш нерухома, і дзіўлюся, бо Асалода ўсіх учыніла ў Табе жыльлё сабе. Малі цяпер няспынна Сына і Бога Твайго, каб Ён захаваў бясьпечным статак свой".


Адпушчальныя трапары

Прарока (тон 2). Прароку Божы Самуіле, дар пачэсны няплоднага ўлоньня, ты быў прынесены ў дары, быццам цэлапальная ахвяра, прыемная Госпаду твайму, якому ты служыў ў сьвятасьці і справядлівасьці. Дзеля гэтага мы шануем цябе, як малельніка за душы нашы.

Слава ... цяпер ...:

Сьвята (Тон 1). Дзявоцтва захаваўшы ў сынараджэньні Тваім, пасьля сьмерці сьвету не пакінула Ты, Багародзіца: да жыцьця пераставілася Ты, будучы Маці жыцьця, і малітвамі Тваімі выбаўляеш ад сьмерці душы нашыя.


Вярнуцца назад