Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу ...":
(Тон 4). Ты, Багародзіца, што зачала Жыцьцё,
паміраеш паводле законаў прыроды і воляю Таго, хто прыняў цела ад Цябе,
пераходзіш ад зямлі да неба. Дзеля гэтага апосталы, што сабраліся з усіх куткоў
зямлі на пахаваньне Тваё, стоячы перад Табою, так Цябе ў песьнях усхвалілі:
"Радуйся, духоўны Пасадзе Ўладара ўсіх і пачэсная Скарбніца сьвятасьці, адзіная
Маці Збаўцы душаў нашых!".
Пачэснага Сьвятла ахоўнікі, сьветачы, што разагналі ноч
шматбожжа, апосталы Збаўцы ўбачылі, як Ты, блаславёная Багародзіца – Хмара
боская, з якое зазьзяла незаходнае Сьвятло, – на хмары пераходзіш ад зямлі да
сусьветнай радасьці, і адыходнымі песьнямі правялі да жыцьцядайнай магілы Цябе,
Надзея ўсіх.
Хай сьвяткуе набожна ўсё стварэньне, бо вось Уладарка ўсіх
перайшла да духоўнага валадарства, каб панаваць разам з Уладаром усяго. Праз Яе
валадарства пякельнае было разбуранае, і мы былі ўзьнесеныя ад зямлі і сталіся
дастойнымі жыць разам з анёламі. Патрыярхі, прарокі і мучанікі з апосталамі
сабраліся на Яе ўсьпеньне.
Мучаніка (тон 2). Калі нязбожны закалот разгарэўся
ва ўсёй краіне, ты, блаславёны, загарэўся духам і прапаведаваў Слова, якое ў
дабрыні сваёй апранулася ў цела ад Дзевы Божай нявесты. За гэта, умацаваны
ласкаю, ты пацярпеў лютыя і вялікія катаваньні агнём аж да сьмерці.
Калі нягодны вораг хацеў ласкавымі і лісьлівымі словамі
аблутаць твой розум, ты мужна супрацівіўся яму і пацярпеў вялікія пакуты, якія
прывялі цябе, дастойны і годны пахвалы Міроне, да безбалеснага супакою,
небеснага валадарства і вечнай асалоды.
Калі цябе вораг біў бязьлітасна і хацеў закатаваць сьвятое
цела тваё, мучаніку Міроне, ты ўзіраўся на Хрыста, які працягнуў табе руку
боскай дапамогі. Ты скончыў пачэсна жыцьцё сваё як пакутнік і атрымаў пашану і
гонар.
Слава ... цяпер ...:
(Тон 2). Вышэйшая за нябёсы, слаўнейшая за
хэрувімаў, больш пачэсная за ўсе стварэньні, што дзеля чысьціні сваёй сталася
скарбніцай Вечнага, сёньня аддае сваю ўсесьвятую душу ў рукі Сына свайго. Усё
стварэньне радуецца разам з Ёю, і багацьце зьмілаваньня даецца ўсім нам.
Вершапесьні
(Тон 2). Боскія апосталы, што праводзілі Тваё
богапрыемнае цела, усклікнулі: "Куды Ты сёньня адыходзіш, Уладарка?"
Верш. Устань, Госпадзе, ідзі на месца спачынку
Твайго, Ты і каўчэг сьвятасьці Тваёй.
Прыйдзіце, народжаныя на зямлі, зробім сёньня хор, каб
уславіць перастаўленьне Багародзіцы.
Верш. Кляўся Госпад Давіду праўдаю і не адступіцца
ад яе: "Ад нашчадкаў тваіх пасаджу на пасадзе тваім".
Зямля блаславілася Тваім, Багародзіца, пахаваньнем і паветра
Тваім дзівосным узыходжаньнем асьвяцілася, калі Ты памерла паводле законаў
прыроды.
Слава ... цяпер ...:
(Тон 2). Усячыстая Дзева і Маці Таго, каго Айцец
успадабаў і каму прысьвяціў Яе дзеля нязьлітнага зьяднаньня, сёньня аддае сваю
ўсячыстую душу Тварцу і Богу. Нябесныя сілы набожна сустракаюць Яе, і вось у
жыцьцё ўваходзіць Маці Жыцьця, Сьвечка недасяжнага Сьвятла, надзея верных і
збаўленьне душаў нашых.
Адпушчальныя трапары
Мучаніка (тон 4). Мучанік Твой, Госпадзе, Мірон у
цярпеньнях вянец нятленны атрымаў ад Цябе, Бога нашага: маючы сілу Тваю, ён
перамог мучыцеляў і зьнішчыў дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі яго збаў
душы нашыя.
Слава ... цяпер ...:
Сьвята (тон 1). Дзявоцтва захаваўшы ў
сынараджэньні Тваім, пасьля сьмерці сьвету не пакінула Ты, Багародзіца: да
жыцьця пераставілася Ты, будучы Маці жыцьця, і малітвамі Тваімі выбаўляеш ад
сьмерці душы нашыя. |