Галоўная > Мінэя - Жнівень > 17 жніўня - Пасьвяцьце Ўсьпеньня і сьв. мучаніка Мірона

17 жніўня - Пасьвяцьце Ўсьпеньня і сьв. мучаніка Мірона


18 красавіка 2008.

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ...":

(Тон 4). Ты, Багародзіца, што зачала Жыцьцё, паміраеш паводле законаў прыроды і воляю Таго, хто прыняў цела ад Цябе, пераходзіш ад зямлі да неба. Дзеля гэтага апосталы, што сабраліся з усіх куткоў зямлі на пахаваньне Тваё, стоячы перад Табою, так Цябе ў песьнях усхвалілі: "Радуйся, духоўны Пасадзе Ўладара ўсіх і пачэсная Скарбніца сьвятасьці, адзіная Маці Збаўцы душаў нашых!".

Пачэснага Сьвятла ахоўнікі, сьветачы, што разагналі ноч шматбожжа, апосталы Збаўцы ўбачылі, як Ты, блаславёная Багародзіца – Хмара боская, з якое зазьзяла незаходнае Сьвятло, – на хмары пераходзіш ад зямлі да сусьветнай радасьці, і адыходнымі песьнямі правялі да жыцьцядайнай магілы Цябе, Надзея ўсіх.

Хай сьвяткуе набожна ўсё стварэньне, бо вось Уладарка ўсіх перайшла да духоўнага валадарства, каб панаваць разам з Уладаром усяго. Праз Яе валадарства пякельнае было разбуранае, і мы былі ўзьнесеныя ад зямлі і сталіся дастойнымі жыць разам з анёламі. Патрыярхі, прарокі і мучанікі з апосталамі сабраліся на Яе ўсьпеньне.

Мучаніка (тон 2). Калі нязбожны закалот разгарэўся ва ўсёй краіне, ты, блаславёны, загарэўся духам і прапаведаваў Слова, якое ў дабрыні сваёй апранулася ў цела ад Дзевы Божай нявесты. За гэта, умацаваны ласкаю, ты пацярпеў лютыя і вялікія катаваньні агнём аж да сьмерці.

Калі нягодны вораг хацеў ласкавымі і лісьлівымі словамі аблутаць твой розум, ты мужна супрацівіўся яму і пацярпеў вялікія пакуты, якія прывялі цябе, дастойны і годны пахвалы Міроне, да безбалеснага супакою, небеснага валадарства і вечнай асалоды.

Калі цябе вораг біў бязьлітасна і хацеў закатаваць сьвятое цела тваё, мучаніку Міроне, ты ўзіраўся на Хрыста, які працягнуў табе руку боскай дапамогі. Ты скончыў пачэсна жыцьцё сваё як пакутнік і атрымаў пашану і гонар.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 2). Вышэйшая за нябёсы, слаўнейшая за хэрувімаў, больш пачэсная за ўсе стварэньні, што дзеля чысьціні сваёй сталася скарбніцай Вечнага, сёньня аддае сваю ўсесьвятую душу ў рукі Сына свайго. Усё стварэньне радуецца разам з Ёю, і багацьце зьмілаваньня даецца ўсім нам.


Вершапесьні

(Тон 2). Боскія апосталы, што праводзілі Тваё богапрыемнае цела, усклікнулі: "Куды Ты сёньня адыходзіш, Уладарка?"

Верш. Устань, Госпадзе, ідзі на месца спачынку Твайго, Ты і каўчэг сьвятасьці Тваёй.

Прыйдзіце, народжаныя на зямлі, зробім сёньня хор, каб уславіць перастаўленьне Багародзіцы.

Верш. Кляўся Госпад Давіду праўдаю і не адступіцца ад яе: "Ад нашчадкаў тваіх пасаджу на пасадзе тваім".

Зямля блаславілася Тваім, Багародзіца, пахаваньнем і паветра Тваім дзівосным узыходжаньнем асьвяцілася, калі Ты памерла паводле законаў прыроды.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 2). Усячыстая Дзева і Маці Таго, каго Айцец успадабаў і каму прысьвяціў Яе дзеля нязьлітнага зьяднаньня, сёньня аддае сваю ўсячыстую душу Тварцу і Богу. Нябесныя сілы набожна сустракаюць Яе, і вось у жыцьцё ўваходзіць Маці Жыцьця, Сьвечка недасяжнага Сьвятла, надзея верных і збаўленьне душаў нашых.


Адпушчальныя трапары

Мучаніка (тон 4). Мучанік Твой, Госпадзе, Мірон у цярпеньнях вянец нятленны атрымаў ад Цябе, Бога нашага: маючы сілу Тваю, ён перамог мучыцеляў і зьнішчыў дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі яго збаў душы нашыя.

Слава ... цяпер ...:

Сьвята (тон 1). Дзявоцтва захаваўшы ў сынараджэньні Тваім, пасьля сьмерці сьвету не пакінула Ты, Багародзіца: да жыцьця пераставілася Ты, будучы Маці жыцьця, і малітвамі Тваімі выбаўляеш ад сьмерці душы нашыя.


Вярнуцца назад