Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 6). Калі ты, цудоўны Макар, зажадаў існага шчасьця, што
пераўзыходзіць розум, устрыманасьць сталася для цябе страваю, беднасьць –
багацьцем, нястача – дастаткам, і пакора – блаславенствам. Дзеля гэтага ты
дасягнуў таго, чаго жадаў, і пасяліўся ў жытлах сьвятых.
Шлях устрыманасьці ты мужна прайшоў і веру захаваў. Дзеля гэтага ты атрымаў
вянец справядлівасьці ад Хрыста, які ўзнагароджвае па заслугах, і раздае гонар і
заплату за высілкі. Маліся, каб і нам атрымаць тое самае.
Цягу да асалодаў ты, багамудры, адагнаў, утаймаваўшы цела і прытупіўшы
пачуцьці ўстрыманасьцю і строгім жыцьцём, пераносячы цярпліва ўсе напасьці і
цяжкасьці. Дзеля гэтага ты атрымаў бясконцую асалоду, і непрамінальную
невыказную радасьць.
Слава...:
(Тон 8). Цешся, Ягіпет, што прарасьціў такога грамадзяніна, –
Макара, блаславёнага сярод блаславёных. Ён, упрыгожаны мудрасьцю Сьвятога Духа,
даў усім прыклад устрыманасьці і дабрадзейнага жыцьця. Маючы яго сваім
хадайнікам, просім яго маліць Хрыста, каб Ён збавіў душы нашыя.
Цяпер...:
Багародзічны (тон 8). Глянь на ўздыханьні скрушлівага сэрца майго,
Боганявеста; прымі, Чыстая Дзева Марыя, рук маіх уздыманьне, і ў чалавекалюбстве
Тваім не адкінь мяне, Беззаганная, каб мне славіць і ўзьвялічваць Цябе, якая
ўзьвялічыла род наш.
Або:
Крыжабагародзічны (тон 8). Калі Чыстая Дзева ўбачыла, як вялі
Цябе, быццам ягнё, на ахвяру, Яна пайшла за Табою, Слова, і са сьлязьмі клікала:
"Куды сьпяшаешся, Сыне мой? Іду з Табою, Наймілейшы, бо не магу быць без Цябе,
Ісусе мой міласэрны".
Вершапесьні актойха
Слава...:
(Тон 6). Пачэсны ойча, па ўсёй зямлі разышлася вестка пра твае
ўчынкі. Таму на небе ты атрымаў заплату за твае подзьвігі, зьнішчыў сілу
дэманаў, і дасягнуў анёльскіх хораў, жыцьцё якіх ты пераймаў на зямлі. Маючы
сьмеласьць у Хрыста Бога, прасі Яго даць супакой душам нашым.
Цяпер...:
Багародзічны (тон 6). Ніхто, што прыходзіць да Цябе, не адыходзіць
пасаромлены, Найчыстая Дзева, але просіць ласкі і атрымлівае дары згодна з
просьбаю.
Або:
Крыжабагародзічны (тон 6). Калі беззаганная Багародзіца ўбачыла,
як Жыцьцё наша вісіць на дрэве, Яна па-матчынаму заплакала і ўсклікнула: "Сыне і
Божа мой, збаў тых, што з любоўю славяць Цябе".
Адпушчальны трапар
(Тон 1). Пустыні жыхарам, анёлам у целе і цудатворцам ты быў, ойча
наш Макар; пастом, нядрэмнасьцю і малітваю нябесныя дараваньні прыняўшы, ацаляеш
нядужых і душы тых, што з вераю прыходзяць да цябе. Слава Таму, хто даў табе
сілу; Слава Таму, хто ўславіў цябе; слава Таму, хто праз цябе дае ўсім
ацаленьні. |