Галоўная > Мінэя - Студзень > 19 студзеня - Пачэснага Макара Ягіпецкага

19 студзеня - Пачэснага Макара Ягіпецкага


2 ліпеня 2008.

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 6). Калі ты, цудоўны Макар, зажадаў існага шчасьця, што пераўзыходзіць розум, устрыманасьць сталася для цябе страваю, беднасьць – багацьцем, нястача – дастаткам, і пакора – блаславенствам. Дзеля гэтага ты дасягнуў таго, чаго жадаў, і пасяліўся ў жытлах сьвятых.

Шлях устрыманасьці ты мужна прайшоў і веру захаваў. Дзеля гэтага ты атрымаў вянец справядлівасьці ад Хрыста, які ўзнагароджвае па заслугах, і раздае гонар і заплату за высілкі. Маліся, каб і нам атрымаць тое самае.

Цягу да асалодаў ты, багамудры, адагнаў, утаймаваўшы цела і прытупіўшы пачуцьці ўстрыманасьцю і строгім жыцьцём, пераносячы цярпліва ўсе напасьці і цяжкасьці. Дзеля гэтага ты атрымаў бясконцую асалоду, і непрамінальную невыказную радасьць.

Слава...:

(Тон 8). Цешся, Ягіпет, што прарасьціў такога грамадзяніна, – Макара, блаславёнага сярод блаславёных. Ён, упрыгожаны мудрасьцю Сьвятога Духа, даў усім прыклад устрыманасьці і дабрадзейнага жыцьця. Маючы яго сваім хадайнікам, просім яго маліць Хрыста, каб Ён збавіў душы нашыя.

Цяпер...:

Багародзічны (тон 8). Глянь на ўздыханьні скрушлівага сэрца майго, Боганявеста; прымі, Чыстая Дзева Марыя, рук маіх уздыманьне, і ў чалавекалюбстве Тваім не адкінь мяне, Беззаганная, каб мне славіць і ўзьвялічваць Цябе, якая ўзьвялічыла род наш.

Або:

Крыжабагародзічны (тон 8). Калі Чыстая Дзева ўбачыла, як вялі Цябе, быццам ягнё, на ахвяру, Яна пайшла за Табою, Слова, і са сьлязьмі клікала: "Куды сьпяшаешся, Сыне мой? Іду з Табою, Наймілейшы, бо не магу быць без Цябе, Ісусе мой міласэрны".


Вершапесьні актойха

Слава...:

(Тон 6). Пачэсны ойча, па ўсёй зямлі разышлася вестка пра твае ўчынкі. Таму на небе ты атрымаў заплату за твае подзьвігі, зьнішчыў сілу дэманаў, і дасягнуў анёльскіх хораў, жыцьцё якіх ты пераймаў на зямлі. Маючы сьмеласьць у Хрыста Бога, прасі Яго даць супакой душам нашым.

Цяпер...:

Багародзічны (тон 6). Ніхто, што прыходзіць да Цябе, не адыходзіць пасаромлены, Найчыстая Дзева, але просіць ласкі і атрымлівае дары згодна з просьбаю.

Або:

Крыжабагародзічны (тон 6). Калі беззаганная Багародзіца ўбачыла, як Жыцьцё наша вісіць на дрэве, Яна па-матчынаму заплакала і ўсклікнула: "Сыне і Божа мой, збаў тых, што з любоўю славяць Цябе".


Адпушчальны трапар

(Тон 1). Пустыні жыхарам, анёлам у целе і цудатворцам ты быў, ойча наш Макар; пастом, нядрэмнасьцю і малітваю нябесныя дараваньні прыняўшы, ацаляеш нядужых і душы тых, што з вераю прыходзяць да цябе. Слава Таму, хто даў табе сілу; Слава Таму, хто ўславіў цябе; слава Таму, хто праз цябе дае ўсім ацаленьні.


Вярнуцца назад