Галоўная > Мінэя - Жнівень > 15 жніўня - Усьпеньне Найсьвяцейшай Багародзіцы і Заўсёды Дзевы Марыі

15 жніўня - Усьпеньне Найсьвяцейшай Багародзіцы і Заўсёды Дзевы Марыі


18 красавіка 2008.

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу ..." тры наступныя песьні, паўтараючы кожную:

(Тон 1). Дзівосны цуд! Крыніца Жыцьця ў магілу кладзецца, і магіла стаецца лесьвіцай да неба. Весяліся, Гетсіманія, дом сьвяты Маці Божае. А мы, верныя, сьледам за князем арханёлаў Габрыелем усклікнем: "Поўная ласкі, радуйся, з Табою Госпад, які дае сьвету багацьце зьмілаваньня".

Дзіўныя Твае тайны, Багародзіца! Будучы пасадам Усявышняга, Ты, Уладарка, пераставілася сёньня з зямлі на неба. Вялікая слава Твая зьзяе боскімі цудамі. Устаньце, дзевы, і ўзыдзіце на вышыню да Маці Ўладара, усклікаючы: "Поўная ласкі, радуйся, з Табою Госпад, які дае сьвету багацьце зьмілаваньня".

Усьпеньне Тваё хваляць улады і пасады, пачаткі і гаспадарствы, сілы і хэрувімы, і магутныя сэрафімы; разам з імі цешацца ўсе на зямлі і красуюцца ў зьзяньні славы Тваёй; уладары зямныя разам з арханёламі і анёламі пакланяюцца Табе і пяюць: "Поўная ласкі, радуйся, з Табою Госпад, які дае сьвету багацьце зьмілаваньня".

Слава ... цяпер ...:

(Тон 1). Божай воляю баганосныя апосталы сабраліся ад усіх краёў зямлі пахаваць усячыстае цела Тваё, у любові цалуючы яго. Найвышэйшыя нябесныя сілы, што прыйшлі з Уладаром сваім, поўныя подзіву праводзілі баганоснае і беззаганнае цела Тваё, кажучы арханёлам: "Вось ідзе ўладарка ўсіх, Божая Дзева! Адчыніце вароты і ўздыміце высока над сьветам Маці вечнага Сьвятла, бо праз Яе было дадзенае збаўленьне людзям. Ніхто ня можа на Яе глядзець і ўславіць Яе дастойна, бо веліч Яе перавышае ўяўленьне". Дзеля гэтага, усячыстая Багародзіца, цяпер, калі Ты разам з Жыцьцядаўцам Уладаром і Сынам Тваім, няспынна маліся за захаваньне і вызваленьне ад цемры і варожых подступаў дзяцей Тваіх, бо мы атрымалі ў Табе надзейную заступніцу, і Цябе ўвесь час урачыста славім.


Чытаньне кнігі Роду

Якуб выйшаў з Баршэбы і пайшоў у Харан. Дайшоў ён да аднаго месца і застаўся там начаваць, бо ўжо сонца зайшло. Ён узяў камень і паклаў сабе пад галаву, кладучыся спаць на гэтым месцы. І прысьнілася яму лесьвіца, якая стаяла на зямлі і верхам сваім даставала да неба. І бачыў ён анёлаў, якія ўзыходзілі на гару і зыходзілі ўніз; бачыў таксама Госпада, які стаяў на вышыні і казаў: "Я – Госпад, Бог Абрагама і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ляжыш, аддаю табе і тваім нашчадкам. А нашчадкі твае будуць так шматлікія, як пыл зямны. І распаўсюдзішся ты на захад і ўсход, на поўнач і поўдзень; і ўсе плямёны зямныя атрымаюць блаславеньне цераз цябе і нашчадкаў тваіх. Я буду заўжды з табою, куды ні пойдзеш, а потым прывяду цябе да гэтай зямлі. І не пакіну цябе, пакуль ня споўню ўсяго, што абяцаў". Пачуўшы гэта, Якуб падумаў: "Сапраўды Госпад ёсьць на гэтым месцы, а я ня ведаў". І, устрывожаны, сказаў: "Якое страшнае гэтае месца! Сапраўды, гэта дом Божы і брама да неба!" (28:10-17)

Чытаньне кнігі прарока Езакіеля

Так кажа Госпад: "Пасьля гэтых дзён, восьмага дня і пазьней сьвятары вашыя павінны прыносіць ахвяры цэлапаленьняў і вашыя мірныя ахвяры, і Я буду спагадлівы да іх". Тады завёў мяне да вонкавай брамы сьвятыні, што была зьвернутая на ўсход, але яна была зачыненая. І сказаў мне Госпад: "Нельга яе адчыняць, і ніхто не павінен уваходзіць праз яе, бо праз яе ўвайшоў Госпад, Бог Ізраіля. Дзеля гэтага яна павінна быць зачыненай. Толькі ўладар можа сесьці ў ёй для застольля. Але ўваходзіць ён павінен праз сені, што ля брамы, і той самай дарогай выходзіць". Пасьля павёў мяне паўночнаю брамаю да сьвятыні. Я глянуў, і вось слава Гасподняя напоўніла сьвятыню Гасподнюю. (43:27-44:4)

Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Мудрасьць збудавала сабе дом і вычасала сем стаўпоў да яго. Забіла свае ахвяры, зьмяшала віно і прыгатавала стол. Паслала слугаў сваіх склікаць голасна на пачастунак, кажучы: "Хто прастадушны, хай прыходзіць да мяне". А тым, што жадалі мудрасьці, казала: "Хадзіце, ешце мой хлеб, піце віно, што я зьмяшала; пакіньце дурасьць – і будзеце жыць; хадзіце шляхамі разважнасьці".

Хто жадае навучаць насьмешніка, накліча на галаву сваю няславу; а хто дакарае грэшніка, сам сабе шкодзіць. Не дакарай насьмешніка, бо ён цябе ўзьненавідзіць. Папраў мудрага, і ён цябе любіць будзе. Дай мудраму раду, і ён стане мудрэйшым. Навучы праведніка, і ён пабольшыць веды свае. Пачатак мудрасьці – страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога – розум. Дзякуючы мне дні твае падоўжацца, і памножыцца лік гадоў тваіх. (9:1-11)


Ліцьця

(Тон 1). Выпадала сьведкам і слугам Слова бачыць апошнюю тайну – цялеснае ўсьпеньне Маці Яго, – і быць прысутнымі ня толькі пры ўзьнясеньні Збавіцеля, але і пры пераходзе на неба Тае, якая Яго нарадзіла. Дзеля гэтага, Божай воляю, яны сабраліся з усіх куткоў зямлі на Сыёне, каб правесьці Вышэйшую за хэрувімаў, калі яна ўзыходзіла на неба. Паклонімся Ёй разам з імі і мы, бо Яна моліцца за збаўленьне душаў нашых.

(Тон 2). Вышэйшая за нябёсы, слаўнейшая за хэрувімаў, больш пачэсная за ўсе стварэньні, што дзеля чысьціні сваёй сталася скарбніцай Вечнага, сёньня аддае сваю ўсесьвятую душу ў рукі Сына свайго. Усё стварэньне радуецца разам з Ёю, і багацьце зьмілаваньня даецца ўсім нам.

Усячыстая Дзева і Маці Таго, каго Айцец успадабаў і каму прысьвяціў Яе дзеля нязьлітнага зьяднаньня, сёньня аддае сваю ўсячыстую душу Тварцу і Богу. Нябесныя сілы набожна сустракаюць Яе, і вось у жыцьцё ўваходзіць Маці Жыцьця, Сьвечка недасяжнага Сьвятла, надзея верных і збаўленьне душ нашых.

(Тон 3). Прыйдзіце, усе краі зямлі, усхвалім сьвяты адыход Божае Маці, якая аддае ў рукі Сына беззаганную душу сваю. Ейным усьпеньнем сьвет ажыў і разам з анельскімі хорамі і апосталамі радасна адзначае ўрачыстасьць у псалмах і песьнях, і пахвалах духоўных.

Слава ...:

(Тон 5). Прыйдзіце, будзем разам спраўляць урачыста сьвята і, быццам кветкамі, упрыгожым песьнямі Царкву ў дзень супачынку Божае Скарбніцы. Сёньня неба адчыняецца і прымае Маці Незьмяшчальнага; і зямля, апранутая ў веліч і блаславеньне, аддае Крыніцу Жыцьця. Хоры анёлаў і апосталаў вітаюць Яе песьнямі, і з трапятаньнем узіраюцца на Тую, што ідзе ад жыцьця да Жыцьця, якое Яна нарадзіла. Дык паклонімся ўсе Ёй, молячы Яе: "Не забудзь, Уладарка, адданых Табе людзей, якія з вераю сьвяткуюць пачэснае ўсьпеньне Тваё!".

Цяпер ...:

(Тон 5). Усклікніце голасна, людзі, і ў песьнях слаўце Маці Бога нашага, бо Яна сёньня аддае ўсячыстую душу сваю ў рукі Таго, хто бяз семя прыняў цела ад Яе, і каго Яна нястомна моліць дараваць сьвету супакой і багацьце зьмілаваньня.


Вершапесьні

(Тон 4). Прыйдзіце, людзі, будзем пяяць хвалу ўсесьвятой Дзеве, з якое невыказна прыйшло да нас у целе Слова Айца. Усклікнем разам: "Блаславёная Ты між жанчынаў, і блаславёнае ўлоньне Тваё, што зьмяшчала Хрыста. Аддаўшы ў Ягоныя сьвятыя рукі душу Тваю, маліся, Багародзіца, за збаўленьне душ нашых".

Верш. Устань, Госпадзе, ідзі на месца спачынку Твайго, Ты і каўчэг сьвятасьці Тваёй.

Засьпявайце, людзі, сёньня Хрысту Богу песьню Давідаву: "Прывядуцца – кажа ён, –Уладару дзевы ўсьлед за ёю, дружкі яе прывядуцца з радасьцю і вясельлем". Бо вось да Сына свайго і Ўладара невыказна пераходзіць Дачка з дому Давідавага, якая нарадзіла Хрыста, якім мы ўсе былі абагаўлёныя. Славячы Яе, як Маці Божую, усклікаем: "Збаў нас, якія вызнаем Цябе, як Багародзіцу, і захавай ад усіх напасьцяў і бедаў душы нашыя".

Верш. Кляўся Госпад Давіду праўдаю і не адступіцца ад яе: "Ад нашчадкаў тваіх пасаджу на пасадзе тваім".

Пачэснае Тваё ўсьпеньне, Усесьвятая Дзева чыстая, славіць безьліч анёлаў у небе і род людзкі на зямлі, бо Ты – Маці Тварца ўсіх Хрыста Бога. Дзеля гэтага просім Цябе, не пераставай маліцца за нас, бо пасьля Бога мы спадзяемся на Цябе, Багародзіца чыстая, блаславёная.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 4). Калі Ты, Багародзіца Дзева, адыходзіла да Таго, хто невыказна нарадзіўся ад Цябе, пры Табе былі Якуб, сваяк Гасподні і першы сьвятаначальнік, і пачэсны Пётра, найвышэйшы сярод апосталаў і старшыня багасловаў. Усе іншыя апосталы былі таксама там і, згодна аб'яўляючы боскае і славячы нязьведаную і страшную тайну провіду Хрыстовага, пахавалі ўрачыста Тваё, Усяслаўная, жыцьцядайнае цела, што зьмяшчала Бога. Угары ж сьвятыя найвышэйшыя анельскія хоры, схіліўшыся ў подзіве, адно аднаму казалі: "Адчыніце вароты і прыміце Маці Творцы неба і зямлі. Прыйдзіце, усхвалім у песьнях Яе пачэснае і сьвятое цела, што мела ў сабе Госпада". Дзеля гэтага і мы, сьвяткуючы Тваю, Усяхвальная, памяць, клічам: "Умацуй верных хрысьціянаў і збаў душы нашыя!"


Адпушчальны трапар

(Тон 1). Дзявоцтва захаваўшы ў сынараджэньні Тваім, пасьля сьмерці сьвету не пакінула Ты, Багародзіца: да жыцьця пераставілася Ты, будучы Маці Жыцьця, і малітвамі Тваімі выбаўляеш ад сьмерці душы нашыя. (Тройчы)


Ютрань


Пасьля "Госпад – Бог ...":

Трапар (тон 1). Дзявоцтва захаваўшы ў сынараджэньні Тваім, пасьля сьмерці сьвету не пакінула Ты, Багародзіца: да жыцьця пераставілася Ты, будучы Маці Жыцьця, і малітвамі Тваімі выбаўляеш ад сьмерці душы нашыя. (Тройчы)


Сядальная песьня 1 (тон 1). Пачэсная грамада мудрых апосталаў сабралася цудоўна, каб пахаваць усячыстае цела Тваё, Багародзіца ўсяхвальная. Мноства анёлаў сышлося разам з імі і славілі ў песьнях перастаўленьне Тваё, якое мы з вераю сьвяткуем. (Двойчы)


Сядальная песьня 2 (тон 3). У сынараджэньні Тваім, Багародзіца, зачацьце было дзявочае, ва ўсьпеньні канец Твой быў нятленным. Цуд злучыўся з цудам: як Ты, ня ведаючы мужа, сталася Маці? І як Цябе, Маці Божую, памазаную духмяным мірам, несьлі як мёртвую? Дзеля гэтага разам з анёлам клічам: "Радуйся, Поўная ласкі". (Двойчы)


Паліелей: Хваліце імя Гасподняе ...


Узьвялічваньне: Узьвялічваем Цябе, беззаганная Маці Хрыста Бога нашага, і славім ўсяхвальнае ўсьпеньне Тваё.

Верш 1. Сьпявайце Госпаду, уся зямля! Слаўце ў песьнях імя Яго, аддайце хвалу велічы Яго!

Верш 2. Слаўныя рэчы гавораць пра цябе, места Божае!

Верш 3. Асьвяціў селішча сваё Ўсявышні.

Верш 4. Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, праз усе дні.

Верш 5. Зраблю імя тваё памятным з пакаленьня ў пакаленьне.

Слава ... цяпер ...:

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)


Сядальная песьня (тон 4). Скажы, Давідзе, што за сьвята ты некалі ўславіў у кнізе псалмаў? Як гэта Хрыстос перасяліў да нябеснага жыльля Божую Дачку і Дзеву, ад якое сам бяз семя нарадзіўся? Дзеля гэтага радуюцца маткі з дочкамі і нявесты Хрыстовыя, клічучы: "Радуйся Ты, што перасялілася да Нябеснага Валадарства!"


Узыходная песьня: першы антыфан 4 тону.


Пракімен. Зраблю імя Тваё памятным з пакаленьня ў пакаленьне.

Верш. Слухай, дачка, глянь і нахілі вуха тваё.


Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі

У тыя дні Марыя, устаўшы, пайшла хутка ў горныя мясьціны ў горад (пакаленьня) Юды. І ўвайшла ў дом Захара і прывітала Альжбету. Калі Альжбета пачула прывітаньне Марыі, дзіцятка ва ўлоньні яе заварушылася, і напоўнілася Альжбета Духам Сьвятым. І ўсклікнула голасна, кажучы: "Блаславёная Ты між жанчынаў і блаславёны Плод улоньня Твайго. І адкуль мне гэта, што прыйшла да мяне Маці Госпада майго? Бо вось як толькі голас Твайго прывітаньня загучаў у вушох маіх, дзіцятка ва ўлоньні маім заварушылася з радасьці. Блаславёная Ты, што паверыла, бо споўняцца словы, сказаныя Табе ад Госпада".

Тады сказала Марыя: "Душа мая абвяшчае веліч Госпада і мой дух узрадаваўся ў Богу Збаўцы маім. Бо Ён глянуў на пакорнасьць служкі сваёй: ад гэтага часу шчасьлівай называць мяне будуць усе пакаленьні. Бо вялікае ўчыніў мне Ўсемагутны: Сьвятое імя Яго".

Марыя прабыла ў яе тры месяцы і пасьля вярнулася дамоў. (91:39-49, 56)


Псалом 50. Пасьля:

Слава ...: Малітвамі Багародзіцы, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых.

Цяпер ...: тое самае.

Зьмілуйся нада мною, Божа ...:

(Тон 6). Калі прыйшоў час перастаўленьня Твайго ўсячыстага цела, апосталы, што стаялі вакол ложа, з трапятаньнем і сумам глядзелі на Цябе; а Пётра са сьлязьмі ўсклікнуў: "Бачу Цябе ясна, Дзева, жыцьцё ўсіх, як Ты ляжыш нерухома, і дзіўлюся, бо Асалода ўсіх учыніла ў Табе жыльлё сабе. Малі цяпер няспынна Сына і Бога Твайго, каб Ён захаваў бясьпечным статак свой".


Каноны

Песьня 1

Канон 1 (тон 1). Ірмас. Сьвятая і слаўная Дзева, упрыгожаная Боскаю славаю, памяць Твая сабрала на ўрачыстасьць верных, пачынаючы ад Марыям, з песьнямі і бубнамі. Яны пяюць хвалу Твайму адзінароднаму Сыну, бо Ён праславіўся.

Анельскія сілы на Сыёне атачылі Боскае цела Тваё, Багародзіца, і мноства апосталаў, што сабраліся з усіх канцоў зямлі, стаяла побач. Разам з імі і мы славім Тваю пачэсную памяць, Чыстая Дзева.

Ты адзіная, Чыстая Дзева, перамагла прыроду, нарадзіўшы Бога; але, як Твой Сын і Творца, Ты, вышэйшая за прыроду, падпарадкавалася прыродным законам. Памёршы, Ты ўзьнялася да жыцьця вечнага з Сынам Тваім.

Канон 2 (тон 4). Ірмас. Адчыню вусны мае, і напоўняцца Духам; слова скажу ў гонар Уладаркі Маці, сьвяткуючы сьветлую ўрачыстасьць і славячы радасна ў песьнях усьпеньне Яе.

Сьпявайце, дзевы, адыходную песьню разам з прарочыцай Марыям, бо вось Дзева і адзіная Багародзіца адыходзіць да прыгатаванага Ёй жытла ў небе.

Нябеснае жыльлё Божае дастойна прыняла Цябе, духоўнае Неба, Усясьвятая Дзева. Цяпер Ты, беззаганная Нявеста, стаіш у прысутнасьці ўладара і Бога.

Катавасія: ірмасы абодвух канонаў.

Песьня 3

Канон 1 (тон 1). Ірмас. Хрысьце, Божая Мудрасьць і Сіла, што ўсё стварыў і ўтрымліваеш у існаваньні, умацуй і зрабі непахіснаю Царкву Тваю, бо Ты сьвяты і сярод сьвятых спачываеш.

Апосталы ведалі Цябе, беззаганная Дзева, як сьмяротную, што надпрыродна сталася Маці Божаю. Дзеля гэтага яны з пашанаю набліжаліся да Цябе і ўзіраліся на авеяны славаю Ківот, што зьмяшчаў Бога.

Зухвалы бязбожнік быў пакараны адсячэньнем дзёрзкай рукі, бо Госпад сьцярог сілаю Боскасьці сваёй гонар адухоўленага Ківоту, у якім Слова прыняла цела.

Канон 2 (тон 4). Ірмас. У боскай славе Тваёй, Багародзіца, жывая і невычэрпная Крыніца, умацуй адзінадушны хор песьняроў Тваіх і зрабі іх годнымі вянцоў славы.

Канец Твой, Чыстая Дзева, народжаная ад смяротных бацькоў, быў згодна з законам прыроды; але сама Ты нарадзіла існае Жыцьцё, і таму пераставілася да жыцьця Боскага і вечнага.

На ўсемагутны загад, апосталы з усіх канцоў зямлі і мноства анёлаў пасьпяшылі на Сыён, каб пахаваць дастойна Цябе, Уладарка.


Гіпакоі (тон 5). Усе пакаленьні завуць шчасьліваю Цябе, Багародзіца Дзева, бо ў Табе захацеў зьмясьціцца незьмяшчальны Хрыстос Бог наш. Шчасьлівыя і мы, бо маем Цябе нашай заступніцаю. Ты дзень і ноч молішся за нас, і мы ўмацоўваемся Тваімі малітвамі. Дзеля гэтага славім Цябе і пяём: "Радуйся, Поўная ласкі, Госпад з Табою!"

Песьня 4

Канон 1 (тон 1). Ірмас. Прадказаньні і згадкі прарокаў цьмяна прадвясьцілі, Хрысьце, уцелаўленьне Тваё ад Дзевы і зьзяньне сьвятла Твайго для прасьвятленьня народаў. Бездань славіць Цябе і радасна ўсклікае: "Слава сіле Тваёй, Чалавекалюбча".

Глядзіце, людзі, і дзівіцеся: вось гара сьвятая Гасподняя яўна перад усімі ўзносіцца вышэй за ўсе сяленьні нябесныя, і Неба зямное пасяляецца ў нятленным нябесным жыльлі.

Сьмерць Твая, Усячыстая Дзева, была пераходам да вечнасьці; Ты, Беззаганная, перайшла ад дачаснага да Боскага і непрамінальнага жыцьця, дзе застаешся ў радасьці разам з Сынам Тваім.

Дзьверы нябесныя адчыніліся шырока, і анёлы сьпявалі, калі Хрыстос прыняў Дзявочы скарб, Маці сваю. Хэрувімы служаць Табе, цешачыся, а сэрафімы радасна славяць Цябе.

Канон 2 (тон 4). Ірмас. Уведаўшы недасьледны провід Божы ва ўцелаўленьні Тваім, Усявышні, ад Дзевы, прарок Авакум усклікнуў: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"

Дзіўна было бачыць, як духоўнае Неба Ўладара ўсіх зыходзіць у глыбіню зямлі. Як цудоўныя творы Твае, Госпадзе: слава сіле Тваёй!

Недасяжны Плод Дзявочага ўлоньня, што стварыў неба, даў сябе дабравольна пакласьці мёртвым у магілу: дык як магла адмовіцца ад пахаваньня Тая, што бяз мужа нарадзіла Яго?

Пад час Твайго, Маці Божая, перастаўленьня, анельскія хоры з трапятаньнем і радасьцю пакрывалі сваімі сьвятымі крыламі цела Тваё, што зьмяшчала Бога.

Песьня 5

Канон 1 (тон 1). Ірмас. Буду вызнаваць боскую невыказную красу дабрадзействаў Тваіх, Хрысьце: Ты, спрадвечнае Сьвятло вечнай славы, зьявіўся нам, узяўшы цела ад Дзявочага ўлоньня, і зазьзяў, быццам сонца, для тых, што былі ў цемры.

Быццам на хмары, апосталы пасьпяшылі з усіх канцоў зямлі на Сыён, каб аддаць апошнюю паслугу Табе, Багародзіца – лёгкая Хмара, з якой Бог Усявышні, Сонца праведнасьці, зазьзяў тым, што былі ў цемры.

Адухаўлёныя галасы апосталаў гучалі мацней за трубы, калі яны пяялі адыходную песьню Божай Маці: "Радуйся, нятленная крыніца Божага жыцьцядайнага і збавеннага ўцелаўленьня!".

Канон 2 (тон 4). Ірмас. Усё стварэньне сумелася, убачыўшы пачэснае ўсьпеньне Тваё. Ты, Дзева, што мужа ня знала, пераставілася да вечнага жыцьця, і даеш супакой усім, што славяць Цябе.

Хай апостальскія трубы загучаць сёньня, і хай людзі пяюць хвалу на розных мовах; хай паветра абвяшчае, зьзяючы бясконцым сьвятлом, і хай анёлы славяць усьпеньне Дзевы.

Цябе, выбраны Посудзе, увесь прысьвечаны Богу, увесь богапрыемны, Багародзіца Дзева ўсяхвальная, мы ўсе ў песьнях славім.

Песьня 6

Канон 1 (тон 1). Ірмас. Прарок Ёна ў нутры марскога кіта, што дыхаў агнём, быў вобразам Твайго трохдзённага пахаваньня. Выйшаўшы адтуль цэлым і непашкоджаным, ён усклікнуў: "Прынясу Табе, Госпадзе, у ахвяру песьню хвалы!"

Госпад Бог надпрыродна захаваў Цябе Дзеваю пры сынараджэньні, і цела Тваё нятленным у магіле, і, як Сын Маці сваю, ушанаваў Цябе Боскім перастаўленьнем да неба.

Цябе, Дзева, яснае Зьзяньне духоўнага полымя і залатая Кадзільніца Боскага вугалю, Посуд з маннаю, і Палка Аарона, Табліца Закону Богам напісаная, Каўчэг сьвяты Запавету, стол Хлеба жыцьця, Сын Твой пасяліў у Сьвятым Сьвятых.

Канон 2 (тон 4). Ірмас. На гэтую боскую і пачэсную ўрачыстасьць Божай Маці, прыйдзіце, усе багамудрыя, пляскаючы ў далоні і славячы Таго, хто нарадзіўся ад Яе.

Жыцьцё зазьзяла з Цябе, пакінуўшы Цябе Дзеваю: дык як жа Тваё ўсячыстае цела пакаштавала сьмерці?

Як сьвятыня Жыцьця, Ты перайшла да жыцьця вечнага. Нарадзіўшы цялесна Жыцьцё, Ты ўзьнялася праз сьмерць да жыцьця.


Кандак (тон 2). Надзейную Заступніцу нашую Багародзіцу, што няспынна моліцца за нас, магіла і сьмерць ня здолелі ўтрымаць: паколькі Яна – Маці Жыцьця, да жыцьця перавёў Яе Той, хто пасяліўся ў дзявочым улоньні Яе.

Ікас. Аслані, Хрысьце, розум мой абароннай сьцяною, каб я мог славіць у песьнях абаронную Сьцяну сьвету, Чыстую Маці Тваю. Умацуй мае словы і ачысьці думкі, Ты, які спаўняеш малітвы тых, што з вераю клічуць Цябе. Дай мне язык, гатовы да ўслаўленьня, думкі несаромныя, бо ўсякі дар прасьвятленьня прыходзіць ад Цябе, Сьветлападаўца, які пасяліўся ў дзявочым улоньні.

Песьня 7

Канон 1 (тон 1). Ірмас. Любоў Божая супрацівілася бессаромнай лютасьці і насьмяялася з яе, згасіўшы агонь расою, і натхніўшы трохструнныя гусьлі – сьвятых юнакоў, – пяяць у адказ на музычныя прылады: "Усяхвальны Божа айцоў і Госпадзе, блаславёны Ты!".

Майсей у гневе разьбіў Богам напісаныя табліцы Закону; а Госпад захаваў непарушнаю ў сынараджэньні Маці сваю і цяпер пераставіў Яе да нябесных сялібаў. Дык цешымся разам з Ёю і клічам: "Усяхвальны Божа наш і айцоў нашых, блаславёны Ты!".

Пад гучаньне цымбалаў нашых чыстых вуснаў, суладную музыку гусьляў прасьветленых сэрцаў, і галасістых трубаў узвышаных думак, пляскаючы ў далоні, усклікнем у гэты ўрачысты дзень перастаўленьня Чыстай Дзевы: "Усяхвальны Божа наш і айцоў нашых, блаславёны Ты!".

Боганатхнёныя людзі, зьбярыцеся разам: бо вось селішча Божае славы сёньня перасяляецца з Сыёну да нябеснага жыльля, дзе чутныя чыстыя галасы, што радасна пяюць Хрысту: "Усяхвальны Божа наш і айцоў нашых, блаславёны Ты!".

Канон 2 (тон 4). Ірмас. Мужныя і багамудрыя юнакі, не захацеўшы служыць стварэньню замест Творцы, вогненнае выпрабаваньне за нішто палічылі і радасна сьпявалі: "Усяхвальны Госпадзе і Божа айцоў, блаславёны Ты!".

Юнакі і дзевы, старцы і князі, уладары і судзьдзі, сьвяткуйце памяць Дзевы і Божай Маці, і сьпявайце: "Госпадзе і Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!".

Хай заграюць на трубах духоўных горы нябесныя, хай цешацца ўзгоркі і радуюцца Боскія апосталы: Уладарка перастаўляецца да Сына свайго, каб з Ім панаваць.

Усесьвятое перастаўленьне Тваёй Боскай, усячыстай і нятленнай Маці сабрала хоры анельскіх сілаў, каб цешыліся з людзямі на зямлі і клікалі: "Божа, блаславёны Ты!".

Песьня 8

Канон 1 (тон 1). Ірмас. Усемагутны анёл Божы явіў юнаком полымя, што асьвяжала расою набожных, а бязбожнікаў нішчыла. Ён учыніў Багародзіцу жыцьцядайнай Крыніцаю, якая нішчыць сьмерць і дае жыцьцё тым, што пяюць: "Адзінага Творцу ўсіх мы, збаўленыя Ім, славім і ўзьвялічваем праз усе вякі".

Хор апосталаў суправаджаў Боскі сьвяты Каўчэг на Сыёне, клічучы: "Куды ідзеш сёньня, Скінія Бога жывога? Не пераставай ахоўваць тых, што з вераю пяюць: Адзінага Творцу ўсіх мы, збаўленыя Ім, славім і ўзьвялічваем праз усе вякі".

Як Ты, Багародзіца, сёньня адыходзіш, узьняўшы рукі, на якіх Ты некалі насіла Бога ў целе, і з матчынай сьмеласьцю кажучы Сыну Твайму: "Захавай у бясьпецы тых, якіх Ты Мне даў і якія клічуць: Адзінага Творцу ўсіх мы, збаўленыя Ім, славім і ўзьвялічваем праз усе вякі".

Канон 2 (тон 4). Ірмас. Набожных юнакоў у печы Народжаны ад Багародзіцы выбавіў; тады вобразна, а цяпер дзейсна натхняе Ён увесь сьвет пяяць: "Слаўце, усе стварэньні, Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!".

Памяць Тваю, Дзева Чыстая, сьвяткуюць пачаткі, ўлады і сілы, анёлы і арханёлы, пасады і гаспадарствы, хэрувімы і страшныя сэрафімы. І мы, людзі, славім і ўзьвялічваем Цябе праз усе вякі.

Той, хто пасяліўся ў Тваім чыстым улоньні, сам прыняў Тваю ўсесьвятую душу, і выконваючы сыноўскі абавязак, даў ёй супачынак у Сябе. Дзеля гэтага, Дзева, мы славім Цябе і ўзьвялічваем праз усе вякі.

Вышэй за ўсё разуменьне цуды Багародзіцы і заўсёды Дзевы.Пасяліўшыся ў магіле, яна ператварыла яе ў рай. Стоячы ля ейнае магілы сёньня, мы радасна пяём: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі!".

Песьня 9

"Больш годную пашаны ..." не сьпяваецца.

Прыпеў. Анёлы, убачыўшы ўсьпеньне ўсячыстае, дзіву даліся, як гэта Дзева ўзыходзіць ад зямлі на неба.

Канон 1 (тон 1). Ірмас. У Табе, Усячыстая, адмяняюцца законы прыроды: мацярынства Тваё застаецца дзявочым і сьмерць Твая аб'яўляе жыцьцё. Застаўшыся пасьля родаў дзеваю і пасьля сьмерці жывою, заўжды збаўляеш, Багародзіца, набытак Твой.

Анельскія хоры дзіву даліся, убачыўшы, як іхні ўладар на Сыёне нясе на руках душу жанчыны. Як і належала Сыну, Ён сказаў Той, што нарадзіла Яго: "Хадзі, Усячыстая, будзь праслаўленая разам з Сынам і Богам Тваім!".

Стоячы вакол цела, што зьмяшчала Бога, хор апосталаў глядзеў на яго са страхам і клікаў: "Збаўляй набытак Твой, Багародзіца, што адыходзіш да нябесных харомаў Сына Твайго".

Другі прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, перастаўленьне Маці Божае ад зямлі да неба.

Канон 2 (тон 4). Ірмас. Усе народжаныя на зямлі хай усьцешацца, прасьветленыя Духам. Хай сьвяткуюць бесьцялесныя анельскія хоры, ушаноўваючы ўрачыстасьць Божае Маці, і хай пяюць: "Радуйся, усеблаславёная Багародзіца, чыстая заўсёды Дзева!".

Пойдзем на Сыён, сьвятую гару Бога жывога, і ўзрадуемся, гледзячы на Багародзіцу: бо вось Хрыстос бярэ Яе, як сваю Маці, да лепшага боскага жыльля, да Сьвятога сьвятых.

Пойдзем, верныя, да магілы Багародзіцы і абдымем яе, дакранемся да яе вуснамі, вачыма, тварам і сэрцам, каб атрымаць багатыя дары ласкі з невычэрпнай крыніцы.

Прымі ад нас, Маці Бога жывога, гэтую адыходную песьню, і пакрый нас покрывам Тваёй прасьвятляльнай боскай ласкі. Дай нам і ўсім хрысталюбцам, што славяць Цябе, супакой, адпушчэньне грахоў і збаўленьне душаў.


Экзапастыляр (тон 3). Апосталы, сабраўшыся з усіх куткоў зямлі, пахавайце цела Маё ў Гетсыманіі, а Ты, Сыне і Божа мой, прымі душу маю. (Тройчы)


Пахвальныя псалмы

(Тон 4). Нябёсы радуюцца ў слаўным усьпеньні Тваім, і анельскія хоры цешацца, уся зямля весяліцца, пяючы адыходную песьню Табе, Маці Ўладара ўсіх, усесьвятая Дзева, што мужа ня знала, якою род людзкі вызваляецца ад прабацькавага праклёну. (Двойчы)

Пачэсныя апосталы сабраліся з усіх куткоў зямлі на загад Божы, каб пахаваць Цябе. Убачыўшы, як Ты была ўзятая ад зямлі на неба, яны, як некалі Габрыель, радасна ўсклікнулі Табе: "Радуйся, Носьбітка суцэльнага Боства; радуйся, адзіная, што сынараджэньнем Тваім злучыла зямное з нябесным!".

Дзева Маці Боганявеста, што нарадзіла Жыцьцё, пачэсным усьпеньнем сваім Ты перайшла да жыцьця ў суправаджэньні анёлаў, пачаткаў і сілаў, апосталаў і прарокаў, і ўсяго стварэньня; і Сын Твой у нятленныя рукі свае прыняў беззаганную душу Тваю.

Слава ... цяпер ...:

(Тон 6). На Тваё несьмяротнае ўсьпеньне, хмары падхапілі ў паветра апосталаў, расьцярушаных па ўсім сьвеце. І яны, прыйшоўшы, сталі вакол Твайго ўсесьвятога цела і, пахаваўшы яго, аднадушна сьледам за Габрыелем усклікнулі: "Радуйся, поўная ласкі Дзева Маці, што мужа ня знала, Госпад з Табою!" Разам з імі малі Сына Твайго і Бога нашага за збаўленьне душаў нашых.


Пасьля Вялікага ўслаўленьня:

Трапар (тон 1). Дзявоцтва захаваўшы ў сынараджэньні Тваім, пасьля сьмерці сьвету не пакінула Ты, Багародзіца: да жыцьця пераставілася Ты, будучы Маці Жыцьця, і малітвамі Тваімі выбаўляеш ад сьмерці душы нашыя.


Літургія


Трапары

Трапар (тон 1). Дзявоцтва захаваўшы ў сынараджэньні Тваім, пасьля сьмерці сьвету не пакінула Ты, Багародзіца: да жыцьця пераставілася Ты, будучы Маці Жыцьця, і малітвамі Тваімі выбаўляеш ад сьмерці душы нашыя.

Кандак (тон 2). Надзейную Заступніцу нашую Багародзіцу, што няспынна моліцца за нас, магіла і сьмерць ня здолелі ўтрымаць: паколькі Яна – Маці Жыцьця, да жыцьця перавёў Яе Той, хто пасяліўся ў дзявочым улоньні Яе.


Пракімен (Лк 46-47). Душа мая абвяшчае веліч Госпада, і мой дух узрадаваўся ў Богу Збаўцы маім.

Верш. Бо Ён глянуў на пакорнасьць служкі сваёй: ад гэтага часу шчасьлівай называць мяне будуць усе пакаленьні.


Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Філіпійцаў

Браты, хай у вас будуць тыя самыя думкі, што былі ў Хрысьце Ісусе. Ён, у Боскай постаці, не палічыў за здабытак быць роўным Богу, але спустошыў сябе самога, прыняўшы постаць слугі, стаўшыся падобным да людзей. Зьявіўшыся ў постаці чалавека, Ён панізіў сябе, стаўся паслухмяным аж да сьмерці – і то сьмерці крыжовае. Дзеля гэтага Бог узьвялічыў Яго над усіх, даўшы Яму імя, вышэйшае за ўсялякае імя, каб перад імем Ісуса схілялася кожнае калена, у небе, на зямлі і пад зямлёю, і каб кожны язык вызнаваў, што Ісус Хрыстос – Госпад на хвалу Бога Айца. (2:5-11)


Алілуя (Пс 131:8,11). Устань, Госпадзе, ідзі на месца спачынку Твайго, Ты і каўчэг сьвятасьці Тваёй.

Верш. Кляўся Госпад Давіду праўдаю і не адступіцца ад яе: "Ад нашчадкаў тваіх пасаджу на пасадзе тваім".


Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі

У той час Ісус увайшоў у адну вёску, і жанчына, на імя Марта, прыняла Яго ў свой дом. У яе была сястра, – звалася яна Марыя – якая села ля ног Ісусавых і слухала Ягонае слова. Марта ж увіхалася каля паслугі і, падышоўшы, сказала: "Госпадзе, ці ж Цябе ня рупіць, што мая сястра пакінула мяне адну паслугоўваць? Скажы ёй, каб дапамагла мне". Ісус адказаў ёй: "Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся аб многім, а адно толькі патрэбнае. Марыя выбрала лепшую частку, якая не адбярэцца ад яе".

Калі Ён гаварыў гэта, нейкая жанчына з народу, узвысіўшы голас, сказала: "Шчасьлівае ўлоньне, што насіла Цябе, і грудзі, якія Ты ссаў". А Ён адказаў: "Сапраўды, шчасьлівыя тыя, што чуюць слова Божае і захоўваюць яго". (10:38-42; 11:27-28)


Задастойнік

Прыпеў. Анёлы, убачыўшы ўсьпеньне Ўсячыстае, дзіву даліся, як гэта Дзева ўзыходзіць ад зямлі на неба.

У Табе, Усячыстая, адмяняюцца законы прыроды: мацярынства Тваё застаецца дзявочым і сьмерць Твая аб'яўляе жыцьцё. Застаўшыся пасьля родаў дзеваю і пасьля сьмерці жывою, заўжды збаўляеш, Багародзіца, набытак Твой.


Прычасьнік. Чашу збаўленьня прыму, буду клікаць імя Гасподняе. Алілуя, алілуя, алілуя.


Малітва блаславеньня духмяных зёлак

Госпадзе, Божа наш, які загадаў цераз Майсея слугам Тваім, сыном Ізраілевым, прыносіць сьвятаром пачаткі новых пладоў – узятых з найлепшых дрэваў і расьлінаў, – і радавацца перад Табою, іхнім Богам: адгукніся, Міласэрны, на наш кліч і ласкава пашлі багацьце блаславеньня Твайго на нас і на гэтыя пачаткі пладоў, сямёнаў, ягадаў і духмянага зельля, якія мы тут у гэтае вялікае і радаснае сьвята асьвячаем. Хай яны, быццам добрыя ўчынкі, напоўняць дамы нашыя духмянасьцю, і хай прыносяць дапамогу і палёгку людзям і жывёлам у хваробе, недамаганьнях, ранах і ў кожнай цялеснай патрэбе, а таксама будуць абаронаю ад спакусаў нячыстага, малітвамі найблаславёнае ўладаркі нашае Багародзіцы і заўсёды Дзевы Марыі, чыё слаўнае ўсьпеньне сёньня радасна сьвяткуем і просім, каб нам быць разам з Ёю там, куды Яна была ўзятая.

Міласэрнасьцю, дабрынёй і чалавекалюбствам адзінароднага Сына Твайго, з якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыцьцядайны Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.


Вярнуцца назад