01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 09 – 10 – 11 – 12 – 13
Разьдзел 8
1 Паведамляем вас, браты, аб ласцы Божай, што дадзена цэрквам Македонскім;
2 бо ў вялікай спробе горам у іх паддастаткам радасьцяў, і глыбокая ўбогасьць іх мае паддастаткам багацьця іх прастаты,
3 бо яны дабрахотлівыя па сілам і цераз сілу — я сьведчу гэта.
4 Яны вельмі прасілі нас прыняць дар і ўчасьце іх у служэньні сьвятым;
5 ды ня толькі, як мы спадзяваліся, але яны аддалі сябе перш Госпаду, дый і нам па волі Божай;
6 дзеля гэтага мы прасілі Ціта, каб ён, як пачаў, так і дакончыў у вас і гэтую ласку.
7 А як вы багатыя ўсім: вераю і словам, і ведаю, і ўсякай дбаласьцяй, і любоўю вашаю да нас, дык і ў гэтай ласцы мейце дастатак.
8 Кажу гэта не як загад, але дбаласьцяй другіх выпрабовую шчырасьць і вашай любві.
9 Бо вы ведаеце ласку Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, быўшы багатым, абяднеў дзеля вас, каб вы Яго ўбожствам разбагацелі.
10 Я даю ў гэтым раду: бо гэта карысна вам, якія ня толькі рабіць, але й жадаць перш пачалі з леташняга году.
11 Цяпер-жа й канчайце рабіць, каб, як была ахвота жадаць, гэтак і закончыць водле магчымасьці.
12 Бо, калі ёсьць ахвота, дык яна прыемна водле таго, як хто мае, а не водле таго, як ня мае.
13 Бо не на тое, каб другім было палягчэньне, а вам цяжар, але каб была роўнасьць.
14 Цяпер вам дастатак дзеля іх недастатку, каб і іх дастатак быў дзеля вашага недастатку; каб была роўнасьць,
15 як напісана: Хто (сабраў) многа, ня меў лішніцы; і хто — мала, ня меў недастатку (Вых. 16, 18).
16 Дзякуй Богу, які паклаў у сэрца Цітава гэткую дбаласьць аб вас;
17 бо і просьбу прыняў, і, сам больш дбалы, сваей ахвотай пайшоў да вас.
18 3 ім паслалі мы таксама брата, у-ва ўсіх цэрквах хвалёнага за дабравешчаньне;
19 дый ня толькі тое, але ён і выбраны ад цэркваў, таварыш наш з тэй ласкай, якой мы служылі на славу Самога Госпада і на вашае жаданьне,
20 высьцерагаючыся, каб не наракаў на нас хто за гэткае множства дараў, якімі мы служым,
21 бо мы думаем аб добрым ня толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі.
22 Ды паслалі мы з імі і брата нашага, якога дбаласьць мнагакротна выпрабавалі шмат у чым, які цяпер яшчэ больш дбалы ў вялікай надзеі на вас.
23 Што-ж да Ціта, дык гэта — мой таварыш і вам памочнік; а што да братоў нашых, дык яны пасланцы цэркваў, слава Хрыстовая.
24 Дык перад абліччам цэркваў пакажыце ім доказ любві вашай і (справядлівасьць) пахвальбы нашае вамі.
|