Галоўная > Новы Запавет > Другое пасланьне да Карыньцянаў сьв. ап. Паўлы
Другое пасланьне да Карыньцянаў сьв. ап. Паўлы29 лютага 2012. |
|
01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08
Пераклад Лукі Дзекуць-Малея і Антона Луцкевіча Разьдзел 1 1 Паўла, воляй Божай Апостал Ісуса Хрыста, і Цімахвей, брат, — царкве Божай, што ў Карыньце, з усімі сьвятымі па ўсёй Ахайі: 2 ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. 3 Багаслаўлены Бог і Ацец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Ацец міласэрдзя і Бог усякага пацяшэньня, 4 што пацяшае нас у кожным горы нашым, каб мы маглі пацяшаць тых, што ў усялякім горы, пацяшэньнем, якім Бог пацяшае нас самых! 5 Бо, водле таго, як памнажаюцца ў нас мукі Хрыстовыя, гэтак памнажаецца Хрыстом і пацеха нашая. 6 Ці тужым мы, дык дзеля вашае пацехі і збаўленьня, якое дзеецца перажываньнем тых жа мук, якія й мы церпім; ці ўцяшаемся, дык дзеля вашае пацехі і збаўленьня. 7 I надзея нашая аб вас цьвёрдая, бо ведаем, што вы ўчасьнікі як мук нашых, так і пацяшэньня. 8 Бо мы ня хочам, каб вы, браты, ня ведалі аб нашым горы, што сталася нам у Азіі, бо бязьмерна цяжка было нам праз сілу, ажно не спадзяваліся астацца жывымі. 9 Але самыя ў сабе мелі прыгавор сьмяротны, каб спадзявацца не на самых сябе, а на Бога, што мертвых ускрашае. 10 Які і выбавіў нас ад гэткае сьмерці і выбаўляе, і на Якога спадзяемся, што й яшчэ выбаўляць будзе 11 пры дапамозе і вашай малітве за нас, каб за дараванае нам па просьбе многіх дзякавалі за нас многія. 12 Бо пахвала нашая гэткая: пасьведчаньне сумленьня нашага, што мы ў прастаце й яснаце Божай, не ў цялеснай мудрасьці, але ў ласцы Божай жылі на сьвеце, асабліва-ж у вас. 13 I мы пішам вам ня іншае, як тое, што вы ці чытаеце, ці разумееце, дый спадзяюся, што даканца зразумееце, 14 як вы часткова і зразумелі ўжо ў нас, што будзем пахвалой вашай, таксама, як і вы нашай, у дзень Госпада Ісуса. 15 I з гэтай пэўнасьцяй меўся я прыйсьці да вас раней, каб вы другі раз мелі ласку, 16 ды праз вас прайсьці ў Македонію, з Македоніі-ж ізноў прыйсьці да вас, а вы правялі-б мяне ў Юдэю. 17 Маючы гэткае жаданьне, ці-ж я лёгкадумна нешта зрабіў? Ці, што я надумываю, водле цела надумываю, каб было ў мяне то так, так, то не, не? 18 Верны-ж Бог, што слова нашае да вас ня было так і не! 19 Бо Сын Божы, Ісус Хрыстос, пра Якога мы ў вас абвяшчалі, — і я, і Сілуан, і Цімахвей, — ня быў так і не, але было ў Ім так. 20 Бо колькі ёсьць абяцаньняў Божых, у Ім так і ў Ім амін, на славу Богу праз нас. 21 Той жа, хто ўмацоўвае нас з вамі ў Хрысьце і памазаў нас, ёсьць Бог, 22 Які і запячатаў нас, і даў задатак Духа ў сэрцах нашых. 23 Я-ж Бога клічу ў сьведкі на душу маю, што, ашчаджаючы вас, я дагэтуль ня прыходзіў у Карынт 24 не затым, што пануем над вераю вашай, — але мы дапамагаем радасьці вашай: бо верай вы цьвёрдыя. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08
Разьдзел 2 1 Дык я разважыў сам у сабе ня прыходзіць да вас ізноў у горы; 2 бо, калі я засмучаю вас, то хто пацешыць мяне, як ня той, што засмучаны мною? 3 Гэтае самае я і пісаў вам, каб, прыйшоўшы, ня мець суму ад тых, ад якіх мне трэба мець пацеху, пэўны аб усіх вас, што мая радасьць для ўсіх вас. 4 Бо з вялікага гора й тугі сэрца пісаў я вам праз многія сьлёзы, не каб вы засумавалі, але каб пазналі любоў, якую я з лішкаю маю да вас. 5 Калі-ж хто засмуціў, дык не мяне засмуціў, але часткова, — каб не сказаць многа, —> і ўсіх вас. 6 Даволі такому гэтае кары ад многіх; 7 дык вам ужо лепей дараваць Яму і пацешыць, каб гэтакі ня быў абняты сумам церазмерным. 8 Дзеля гэтага прашу вас паказаць яму любоў. 9 Бо натое я і пісаў, каб выпрабаваць вас, ці ў-ва ўсім вы паслухмяныя. 10 А каму вы што дароўваеце, таму і я; бо і я, калі што дараваў каму, дараваў дзеля вас прад абліччам Хрыста, 11 каб не перамог нас шатан; бо нам не няведамы думкі ягоныя. 12 Прыйшоўшы-ж у Троаду дзеля абвяшчаньня аб Хрысьце, калі мне былі адчынены дзьверы ў Госпадзе, 13 я ня меў супакою духу майму, бо не знайшоў там брата майго Ціта; але, разьвітаўшыся з імі, я пайшоў у Македонію. 14 Дзякуй-жа Богу, што заўседы дае нам перамогу ў Хрысьце — і пахашчы веды Сваей выяўляе праз нас у-ва ўсякім месцы. 15 Бо мы Хрыстовыя пахашчы Богу ў тых, што збаўляюцца, і ў тых, што гінуць. 16 Для адных мы пах сьмерці на сьмерць, а для другіх — пах жыцьця на жыцьцё. 17 Бо мы не таргуем словам Божым, як многія, але апавядаем шчыра, як ад Бога, перад Богам у Хрысьце. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08
Разьдзел 3 1 Няўжо-ж пачынаць нам ізноў знаёміцца? Няўжо-ж патрэбны для нас, як для некаторых, паручаючыя лісты да вас, ці паручаючыя ад вас? 2, Вы — наш ліст, напісаны ў сэрцах нашых, які пазнаюць і чытаюць усе людзі; 3 вы паказваеце сабою праз служэньне нашае, што вы ліст Хрыстовы, напісаны не чарніламі, але Духам Бога Жывога, не на каменных табліцах, але на цялесных табліцах сэрца. 4 Гэтакую пэўнасьць мы маем у Богу праз Хрыста 5 не затым, што мы здольныя думаць нешта ад сябе, быццам із сябе, але здольнасьць нашая ад Бога: 6 Ён даў нам здольнасьць быць слугамі Новага Запавету, ня літары, але духа, бо літара забівае, а дух ажыўляе. 7 Калі-ж служэньне сьмерці ў літарах, выкаванае на камнях, было ў слове, ажно сыны Ізраілявы не маглі глядзець на аблічча Майсеявае праз славу аблічча яго, якая мінае, 8 дык ці ня шмат балей будзе ў славе служэньне духа? 9 Бо, калі служэньне асуджэньня есьць слава, дык шмат балей багата славаю служэньне апраўданьня. 10 Дый услаўленае навет ня слаўнае ў тэй меры з прычыны славы, што мае выявіцца. 11 Бо, калі слаўна тое, што мінае, тым балей у славе, што астаецца. 12 Дык, маючы вось гэткую надзею, паступаем з вялікай адвагаю. 13 Але ня так, як Майсей, які пакрываў аблічча свае, каб сыны Ізраілявы не пазіралі на канец таго, што мінае. 14 Але зацьміліся розумы іх, бо тая-ж заслона да сягоньняшняга дня астаецца нязьнятай пры чытаньні старога запавету, бо яна ў Хрысьце зьніштажаецца. 15 Дагэтуль, калі яны чытаюць Майсея, заслона ляжыць на сэрцах іхніх; 16 але, калі зварачаюцца да Госпада, заслона здымаецца. 17 Бо Госпад ёсьць Дух; а гдзе Дух Гасподні, там свабода. 18 Мы-ж усе, адкрытым абліччам, як у люстры, пазіраючы на славу Гасподню, перамяняемся ў той жа абраз ад славы ў славу, як ад Гасподняга Духа. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08
Разьдзел 4 1 Дзеля гэтага, маючы такое служэньне, як памілаваныя, мы не слабеем, 2 але адракаемся тайных дзел сораму, ня ходзячы ў хітрасьці, ані падыходзячы слова Божае, а выяўленьнем праўды прадстаўляючы сябе сумленьню кожнага чалавека перад Богам. 3 Калі-ж і закрыта Эвангельле нашае, дык закрыта для пагібаючых, 4 для няверуючых, у якіх бог веку ґэтага асьляпіў думкі, каб ім не зазьяла сьвятло Эвангельля славы Хрыста, Які ёсьць абраз Бога нявідочнага. 5 Бо мы не аб сабе абвяшчаем, але аб Хрысьце Ісусе, Госпадзе; а мы —слугі вашыя дзеля Ісуса. 6 Бо Бог, Які сказаў з цемры зазьзяць сьвятлу, засьвяціў у сэрцах нашых дзеля прасьвятленьня нас пазнаньнем славы Божае ў абліччы Ісуса Хрыста. 7 Скарб-жа гэты маем у гліняных начыньнях, каб паддастаткам было сілы Божае, а ня з нас: 8 мы ў-ва ўсім уцісканыя, ды ня сьцісьненыя; мы ў роспачы, ды не ў безнадзейнасьці; 9 нас перасьледуюць, але мы не пакінены; мы павалены, ды не пагібаем. 10 Заўсёды носім у целе мёртвасьць Госпада Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава выявілася ў целе нашым. 11 Бо мы, жывыя, заўсёды на сьмерць выдаваны дзеля Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава выявілася ў сьмяротным целе нашым, 12 дык сьмерць дзее ў нас, а жыцьцё ў вас. 13 Але, маючы той самы дух веры, як напісана: Я верыў і дзеля гэтага гаварыў, (Псал. 115, 1) і мы верым, дык і гаворым, 14 ведаючы, што Той, Хто ўскрасіў Госпада Ісуса, ускрасіць праз Ісуса і нас ды з вамі паставіць. 15 Бо ўсё дзеля вас, каб багацьце ласкі тым большую ўва многіх памнажала ўдзячнасьць на славу Божую. 16 Дзеля гэтага мы ня губляем надзеі; але, калі наш вонкавы чалавек і тлее, дык унутраны з дня на дзень абнаўляецца. 17 Бо цяперашняя лёгкасьць гора нашага церазмерна вытварае вагу славы вечнае для нас, 18 якія глядзім не на відочнае, але на нявідочнае: бо відочнае — часовае, а нявідочнае — вечнае. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08
Разьдзел 5 1 Бо мы ведаем, што, калі зямны наш дом, хаціна, разваліцца, дык мы маем ад Бога будоўлю на нябёсах, дом нерукатворны, вечны. 2 Ад гэтага-ж мы і ўздыхаем, жадаючы апрануцца ў нашу будоўлю, што з нябёсаў. 3 Толькі-б нам, і апрануўшыся, не аказацца нагімі. 4 Бо мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, уздыхаем пад цяжырам, з якога ня хочам распрануцца, але адзецца, каб сьмяротнае жыцьцём было праглынена. 5 На гэтае самае і стварыў нас Бог і даў нам задатак Духа. 6 Дык мы заўсёды добрае мысьлі, ведаючы, што, жывучы ў целе, жывем па-за Госпадам, — 7 (бо ходзім вераю, а ня бачаньнем), — 8 дык будзьма добрае мысьлі і жадайма лепей жыць паза целам, ды жыць у Госпадзе. 9 Дзеля гэтага рупна стараемся, ці жывучы ў ім, ці па-за ім, быць Яму любымі; 10 бо ўсім нам трэба зьявіцца перад суд Хрыстовы, каб кожны атрымаў за тое, што ён рабіў целам, добрае, ці благое. 11 Дык, ведаючы страх Гасподні, мы пераконываем людзей, для Бога-ж мы адкрытыя; і спадзяюся, што адкрытыя і для вашых сумленьняў. 12 Бо мы не нанова прадстаўляем сябе вам, але даем спосаб хваліцца намі, каб мелі вы для тых, якія пахваляюцца абліччам, а ня сэрцам. 13 Калі-ж мы выходзім з сябе, дык дзеля Бога; калі-ж пры розуме, дык дзеля вас. 14 Бо любоў Хрыстова абыймае нас, што гэтак разважаем: калі адзін памер за ўсіх, то ўсе памерлі. 15 Ён-жа памер за ўсіх, каб жывыя ўжо не дзеля сябе жылі, але дзеля Таго, Хто памер за іх і ўскрос. 16 Гэтак мы адгэтуль нікога ня ведаем у целе; калі-ж і ведалі ў целе Хрыста, дык цяпер ужо ня ведаем. 17 Дык хто ў Хрысьце, той новае стварэньне; старое мінула, вось настала ўсё новае. 18 Усё-ж ад Бога, Які праз Ісуса Хрыста пагадзіў нас з Сабою і даў нам служэньне прымірэньня, 19 бо Бог быў у Хрысьце, годзячы з Сабою сьвет, не залічаючы ім праступкаў іхніх і кладучы ў нас слова прымірэньня. 20 Дык мы — пасланцы за Хрыста, як бы Сам Бог просіць праз нас; за Хрыста просім: пагадзіцеся з Богам. 21 Бо Таго, Хто грэху ня ведаў, Ён зрабіў за нас грэхам, каб мы ў Ім сталіся праведнасьцяй Божай. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08
Разьдзел 6 1 Мы-ж, як памочнікі, молім вас, каб ласка Божая не надарма была прынята вамі. 2 (Бо сказана: у час прыемны Я выслухаў цябе і ў дзень збаўленьня памог табе (Ісая 49, 8). Вось і цяпер час прыемны, вось цяпер дзень збаўленьня!) 3 Мы нікому не кладзем ніякага спаткненьня, каб ня было зьняважана служэньне. 4 Але ў-ва ўсім выяўляем сябе, як служкі Божыя, у вялікай цярплівасьці, у горы, у недастатках, у ўціску, 5 пад ударамі, у вастрогах, у выгнаньні, у працы, у чуваньні, у пастох, 6 у чыстасьці, у мудрасьці, у велічы душы, у дабраце, у Духу Сьвятым, у любві не" крывадушнай, 7 у слове праўды, у сіле Божай, з зброяй праўды ў правай і ў левай руцэ, 8 праз славу й ганьбу, заганы й пахвалы; нібы ашуканцы, ды справядлівыя, 9 як няведамыя, але пазнаваныя; як паміраючыя, ды вось жывем; як караныя, ды не забіваныя; 10 як засмучаныя, ды заўсёды вясёлыя; як жабракі, ды многіх збагачаючыя; як нічога ня маючыя, ды ўсім валадаючыя. 11 Вусны нашыя расчыніліся да вас, Карыньцяне, сэрца нашае расшырана. 12 Вам ня цесна ў нас, але ў сэрцах вашых цесна. 13 Дзеля гэткае-ж заплаты (кажу, як дзецям,) пашырцеся і вы. 14 Не хадзеце пад чужым ярмом з нявернымі; бо якая лучнасьць праведнасьці з беззаконьнем? Што супольнага ў сьвятла ды з цемраю? 15 Што за згода між Хрыстом і Вэліалам? Ці якая частка вернаму з няверным? 16 Дык якая супольнасьць храму Божаму з ідальскім? Бо вы храм Бога Жывога, як сказаў Бог: Пасялюся ў іх і хадзіць буду; і буду Богам іхнім, і яны народ Мне будуць (Лев. 25,16). 17 Дзеля гэтага выйдзіце спасярод іх і адлучыцеся, — кажа Госпад, — і не дакранайцеся да нячыстага, і Я прыму вас (Ісая 52, 11); 18 I буду вам за Айца, і вы будзеце Мне за сыноў і дачок, — кажа Госпад Уседзяржыцель (Ер. 3, 19; Осія 1,11). 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08
Разьдзел 7 1 Дык, умілаваныя, маючы ўсе парукі, ачысьцім сябе ад усякага бруду цела й духа, зьдзейсьняючы сьвятасьць у страху Божым. 2 Зразумейце нас. Мы нікога ня крыўдзілі, нікому не пашкодзілі, нікога не абдзіралі. 3 Не на асуджэньне кажу: бо я раней сказаў, што вы ў сэрцах нашых, каб разам і памерці, і жыць. 4 Вялікае ў мяне спадзяваньне на вас, вялікая мне пахвала за вас; я напоўнены пацехаю, маю паддастаткам радасьці пры ўсім суме нашым. 5 Бо, калі мы прышлі ў Македонію, цела нашае ня мела аніякага супакою, ды ў-ва ўсім бедавалі: звонку — напасьці, унутры — страхі. 6 Але Бог, Які пацяшае ціхіх, пацешыў нас прыходам Ціта. 7 I ня толькі прыходам яго, але і пацехаю, якою ён цешыўся з вас, пераказваючы нам аб вашай руплівасьці, аб вашым плачу, аб вашай прыхільнасьці да мяне, ажно я балей радаваўся. 8 Калі-ж я й засмуціў вас у пасланьні, не шкадую, хоць і шкадаваў быў; бо бачу, што гэнае пасланьне, хоць і на гадзіну, засмуціла вас. 9 Цяпер я цешуся не дзеля таго, што вы засмуціліся, але што вы засмуціліся на каяньне, бо засмуціліся па Богу, каб ні ў чым ня мелі ад нас шкоды. 10 Бо смутак па Богу няруплівае пакаяньне ў збаўленьне ператварае, а смутак сьвецкі сьмерць робіць. 11 Бо-ж вось самае тое, што вы засумавалі па Богу, якую дбаласьць учыніла ў вас, а апраўдываньне, а абурэньне, а страх, а жаданьне, а рупнасьць, а адплату! У-ва ўсім вы паказалі, што вы чыстыя ў гэтай справе. 12 Дык, калі я й (пісаў да вас), то не дзеля крыўдзіцеля і не дзеля пакрыўджанага, але каб вам выявілася дбаласьць наша аб вас перад Богам. 13 Дзеля гэтага мы ўцешыліся ўцехаю вашаю; а яшчэ балей узрадаваліся мы радасьцяй Ціта, што супакоіўся дух яго ад вас усіх; 14 дык я не асароміўся, калі чым пахваліўся вамі перад ім; але, як мы вам гаварылі ўсю праўду, гэтак і перад Цітам пахвала наша аказалася праўдзіваю; 15 і сэрца яго тым балей да вас, калі ен успамінае аб паслухмянасьці ўсіх вас, як вы прынялі яго з страхам і дрыжаньнем. 16 Дык я рад, што ў-ва ўсім магу на вас пакладацца. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08
Разьдзел 8 1 Паведамляем вас, браты, аб ласцы Божай, што дадзена цэрквам Македонскім; 2 бо ў вялікай спробе горам у іх паддастаткам радасьцяў, і глыбокая ўбогасьць іх мае паддастаткам багацьця іх прастаты, 3 бо яны дабрахотлівыя па сілам і цераз сілу — я сьведчу гэта. 4 Яны вельмі прасілі нас прыняць дар і ўчасьце іх у служэньні сьвятым; 5 ды ня толькі, як мы спадзяваліся, але яны аддалі сябе перш Госпаду, дый і нам па волі Божай; 6 дзеля гэтага мы прасілі Ціта, каб ён, як пачаў, так і дакончыў у вас і гэтую ласку. 7 А як вы багатыя ўсім: вераю і словам, і ведаю, і ўсякай дбаласьцяй, і любоўю вашаю да нас, дык і ў гэтай ласцы мейце дастатак. 8 Кажу гэта не як загад, але дбаласьцяй другіх выпрабовую шчырасьць і вашай любві. 9 Бо вы ведаеце ласку Госпада нашага Ісуса Хрыста, што Ён, быўшы багатым, абяднеў дзеля вас, каб вы Яго ўбожствам разбагацелі. 10 Я даю ў гэтым раду: бо гэта карысна вам, якія ня толькі рабіць, але й жадаць перш пачалі з леташняга году. 11 Цяпер-жа й канчайце рабіць, каб, як была ахвота жадаць, гэтак і закончыць водле магчымасьці. 12 Бо, калі ёсьць ахвота, дык яна прыемна водле таго, як хто мае, а не водле таго, як ня мае. 13 Бо не на тое, каб другім было палягчэньне, а вам цяжар, але каб была роўнасьць. 14 Цяпер вам дастатак дзеля іх недастатку, каб і іх дастатак быў дзеля вашага недастатку; каб была роўнасьць, 15 як напісана: Хто (сабраў) многа, ня меў лішніцы; і хто — мала, ня меў недастатку (Вых. 16, 18). 16 Дзякуй Богу, які паклаў у сэрца Цітава гэткую дбаласьць аб вас; 17 бо і просьбу прыняў, і, сам больш дбалы, сваей ахвотай пайшоў да вас. 18 3 ім паслалі мы таксама брата, у-ва ўсіх цэрквах хвалёнага за дабравешчаньне; 19 дый ня толькі тое, але ён і выбраны ад цэркваў, таварыш наш з тэй ласкай, якой мы служылі на славу Самога Госпада і на вашае жаданьне, 20 высьцерагаючыся, каб не наракаў на нас хто за гэткае множства дараў, якімі мы служым, 21 бо мы думаем аб добрым ня толькі перад Госпадам, але і перад людзьмі. 22 Ды паслалі мы з імі і брата нашага, якога дбаласьць мнагакротна выпрабавалі шмат у чым, які цяпер яшчэ больш дбалы ў вялікай надзеі на вас. 23 Што-ж да Ціта, дык гэта — мой таварыш і вам памочнік; а што да братоў нашых, дык яны пасланцы цэркваў, слава Хрыстовая. 24 Дык перад абліччам цэркваў пакажыце ім доказ любві вашай і (справядлівасьць) пахвальбы нашае вамі. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08
Разьдзел 9 1 Для мяне-ж лішне пісаць да вас аб служэньні сьвятым, 2 бо я ведаю вашу ахвоту, якой пахваляюся вамі перад Македонянамі, што Ахайя прыгатавана яшчэ з леташняга году; і рупнасьць ваша заахвоціла многіх. 3 Братоў жа я паслаў, каб маё хваленьне вас не аказалася дарэмным у гэтым выпадку, але каб вы, як я гаварыў, былі прыгатаваны, 4 каб, як прыдуць са мною Македоняне і знойдуць вас негатовымі, не асароміліся мы, — каб не сказаць: вы, — пахваліўшыся з гэткаю пэўнасьцяй. 5 Дык я палічыў патрэбным папрасіць братоў, каб яны наперад пайшлі да вас і загадзя паклапаціліся, каб абвешчаны наперад дар ваш быў прыгатаваны так, як дар, а не як прымус. 6 Вось жа: хто сее скупа, той скупа і пажне; а хто сее шчодра, той шчодра і пажне. 7 Кожны (давай) па голасу сэрца, ня з жалю або з прымусу, бо Бог любіць таго, хто рады дае. 8 Бог-жа дуж узбагаціць вас усякаю ласкаю, каб, заўседы і ў-ва ўсім маючы ўсякі дастатак, былі багаты на ўсякае добрае дзела, 9 (як напісана: Рассыпаў, раздаў убогім; праведнасьць яго астаецца навекі (Пс. 111, 9). 10 А хто дае насеньне сеючаму, дасьць і хлеб дзеля ежы, і памножыць пасеў ваш, і павялічыць плады праведнасьці вашае), 11 каб вы ўсім багатыя былі на ўсякую шчодрасьць, якая праз нас робіць падзяку Богу, 12 Бо ўпарадкаваньне служэньня гэтага ня толькі папаўняе тое, ў чым маюць недастатак сьвятыя, але і многімі дзякаваньнямі Богу багатае. 13 Бо праз выпрабаваньне служэньня гэтага яны славяць Бога за пакорнасьць вызнаванаму вамі Эвангельлю Хрыстоваму і за шчырую лучнасьць з імі і з усімі 14 і моляцца за вас, прыхіляючыся да вас праз вялікую ласку Божую ў вас. 15 Падзяка Богу за дар Яго нявымоўны. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08
Разьдзел 10 1 Сам-жа я, Паўла, што асабіста між вамі ціхі, а завочна адважны супраць вас, малю вас лагоднасьцяй і паблажлівасьцяй Хрыстовай; 2 прашу-ж, каб мне, як буду між вамі, ня быць адважным з тэй упэўненасьцяй, з якой думаю адважыцца супраць некаторых, што лічаць нас так, як быццам мы ходзім водле цела. 3 Бо мы, ходзячы ў целе, не водле цела ваюем, 4 (бо зброя змаганьня нашага не цялесная, але дужая Богам на зруйнаваньне цьвярдыняў), 5 руйнуючы замыслы і ўсякае вывышшаньне, што паўстае проці пазнаньня Божага, і бяручы ў палон усякае памышленьне на послух Хрысту, 6 і гатовыя аддмсьціць за кожную непаслухмянасьць, калі ваш послух выпаўніцца. 7 Ці на аблічча глядзіцё? Хто пэўны ў сабе, што ён Хрыстоў, той сам па сабе няхай разважае, што, як ён Хрчыстоў, гэтак і мы Хрыстовыя. 8 Бо, каб я і балей стаў хваліцца нашай уладай, якую Госпад даў нам на збудаваньне, а не на зьніштажэньне вашае, дык не асароміўся бы. 9 Каб не здалося, быццам я палохаю вас пасланьнямі, 10 бо, скажуць, пасланьні важкія і сільныя, а бытнасьць цела бяссільная і слова няважкае. 11 Гэтакі няхай ведае тое, што, якія мы словам у пасланьнях, ня будучы, гэткія і дзелам, будучы. 12 Бо мы не адважаемся стаўляць сябе побач ці раўнаваць з тымі, якія самі сябе выстаўляюць: тыя, што мераюць сябе самымі сабою і раўнуюць сябе з сабою, неразумныя. 13 А мы не бяз меры хваліцца будзем, але ў меру меркі, што назначыў нам Бог мерыць, каб дасягнуць і да вас. 14 Бо мы ня так, як быццам недасягнуўшыя да вас, лішне цягнемся: бо-ж дасяглі й Эвангельлем. 15 Мы не бяз меры хвалімся чужою працаю, але спадзяемся, што з узрастаньнем веры вашай з лішкам узьвялічымся і мы ў вас водле меркі нашае, 16 каб і далей вас навучаць Эвангельля, а не хваліцца прыгатаваным чужой меркай. 17 Бо, хто хваліцца, няхай хваліцца Госпадам (Ерам. 9, .24). 18 Бо ня той варты, хто сам сябе хваліць, але каго хваліць Госпад. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08
Разьдзел 11 1 О, каб вы хоць крыху пацярпелі маю неразумнасьць! Але вы й церпіце мяне! 2 Бо я руплюся аб вас рупнасьцяй Божай, бо я заручыў вас з адным мужам, каб паставіць перад Хрыстом чыстую дзеву. 3 Але баюся, каб, як зьмей хітрасьцяй сваей зьвёў Еву, гэтак і вашыя думкі не папсаваліся (адыйшоўшы) ад прастаты ў Хрысьце. 4 Бо, калі-б хто, прыйшоўшы, пачаў абвяшчаць другога Ісуса, якога мы не абвяшчалі, ці калі-б вы прынялі іншага духа, якога ня прымаеце, або іншае Эвангельле, якога не дасталі, дык вы былі-б вельмі цярплівымі. 5 Але я думаю, што я ні ў чым не адстаў ад вышэйшых Апосталаў, 6 бо, хоць я дурны ў слове, але ня ў ведзе, бо-ж мы ў-ва ўсім зусім ведамы вам. 7 Ці саграшыў я тым, што паніжаў сябе, каб узвысіць вас, бо задарма навучаў вас Эвангельля Божага? 8 У другіх цэркваў браў я, дастаючы ўтрыманьне дзеля служэньня вам, і, быўшы ў вас, ды церпячы недастатак, нікому не дакучаў, бо недастатак мой папоўнілі браты, што прыйшлі з Македоніі; 9 дый у-ва ўсім я стараўся і пастараюся быць вам не цяжкім. 10 Ёсьць праўда Хрыстовая ў-ва мне, дык пахвала гэтая ня будзе аднята ў мяне ў землях Ахайі. 11 Дзеля чаго? Ці што ня люблю вас? Богу ведама! 12 Але, што роблю, і буду рабіць, каб адрэзаць повад жадаючым поваду, каб, чым хваляцца, у тым аказаліся такімі ж, як і мы. 13 Бо гэтакія фальшывыя апосталы, крывадушныя працаўнікі, прыкідаюцца Апосталамі Хрыстовымі. 14 I ня дзіва: бо-ж і сам шатан прыкідаецца ангелам сьветласьці, 15 дык невялікая рэч, калі і служкі яго прыкідываюцца служкамі праўды; але канец іх будзе водле іх учынкаў. 16 Ізноў кажу: няхай ніхто не палічыць мяне дурным; а калі не; дык прымеце мяне хоць як дурнога, каб і мне крыху чым пахваліцца. 17 Што кажу, тое кажу не паводле Госпада, але як-бы ў дурноце пры гэткай адвазе на пахвалу. 18 Як многія хваляцца паводле цела, дык і я буду хваліцца. 19 Бо вы людзі разумныя, ахвотна церпіце дурных; 20 церпіце, калі хто вас паняволівае, калі хто абядае, калі хто абірае, калі хто вывышшаецца, калі хто б’е вас па твару. 21 На сорам кажу, што мы як-быццам абяссілелі. А калі хто адважаецца ў чым (кажу па дурноце), дык адважаюся і я. 22 Яны Жыды? і я. Яны Ізраільцяне? і я. Яны насеньне Аўраамавае? і я. 23 Хрыстовыя служкі? (здурэўшы кажу) я балей: шмат балей у працы, бязьмерна ў ранах, балей у вастрогах і многа разоў пры сьмерці. 24 Ад Юдэяў пяць разоў дастаў па сорак без аднаго (ўдараў); 25 тройчы білі мяне кіямі, аднойчы каменавалі; тры разы разьбіваўся карабель, ноч і дзень прабыў у глыбіні. 26 Многа быў у падарожжах, у небясьпеках на рэках, у небясьпеках ад разбойнікаў, у небясьпеках ад зямлякоў, у небясьпеках ад паганаў, у небясьпеках у месьце, у "небясьпеках між фальшывымі братамі, 27 у працы і ў зьнемажэньні, часта ня сплючы, у голадзе і смазе, часта ў пастох, у холадзе й нагаце. 28 Апрача пабочных (спраў), у мяне што-дня зборка, турбота аб усіх цэрквах. 29 Хто зьнямагаецца, каб і я не зьнямагаўся? Хто спакушаецца, каб і я не гарэў? 30 Калі мне трэба хваліцца, дык буду хваліцца маім бяссільлем. 31 Бог і Ацец Госпада нашага Ісуса Хрыста, багаслаўлены навекі, ведае, што я ня лгу. 32 У Дамаску намесьнік цара Арэты пілнаваў места Дамашчанаў, жадаючы схапіць мяне; 33 і я ў карзіне быў спушчаны з вакна па сьцяне і ўцёк ад рук ягоных. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08
Разьдзел 12 1 Некарысна мне хваліцца; перайду-ж да відзежаў і адкрыцьцяў Гасподніх. 2 Ведаю чалавека ў Хрысьце, які чатырнаццаць год назад (ці ў целе — ня ведаю, ці па-за целам — ня ведаю; Бог ведае) падхоплены быў да трэцяга неба. 3 I ведаю гэткага чалавека (ці у целе, ці па-за целам, ня ведаю: Бог ведае), 4 што быў узяты ў рай і чуў нявымоўныя словы, якіх чалавеку нельга выгаварыць. 5 Гэтакім магу хваліцца; сабою-ж не пахвалюся, хіба толькі бяссільлем маім. 6 Калі-ж захачу хваліцца, ня буду дурным, бо скажу праўду; але я стрымліваюся, каб хто не падумаў аба мне балей, чым у-ва мне бачыць або чуе ад мяне. 7 I, каб я не вывышшаўся веліччу церазьмернай адкрыцьцяў, дадзена мне калючка ў цела, ангел шатанавы, каб зьняважаці мяне, каб я не вывышшаўся. 8 Тройчы маліў я Госпада аб ім, каб адступіўся ад мяне. 9 Але Госпад сказаў мне: даволі табе ласкі Маей, бо сіла мая завяршаецца ў слабасьці. Дык ахвотна больш буду хваліцца сваімі слабасьцямі, каб увайшла ў мяне сіла Хрыстовая. 10 Дзеля гэтага я добрае мысьлі і ў слабасьцях, у крыўдах, у недастатках, у перасьледаваньнях, у ўціску за Хрыста, бо, калі я слабы, тады дужы. 11 Я адурэў хвалячыся: вы мяне прымусілі. Бо трэба было, каб вамі быў хвалены, бо ні ў чым я ня горшы за найпершых Апосталаў, хаця я й нішто. 12 Знакі Апостала сталіся ў вас у ўсякім цярпеньні, знаменьнях, цудах і сілах. 13 Бо што ў вас, чым вы горшыя за другія Цэрквы? Хіба тое, што сам я ня быў вам цяжарам. Даруйце мне гэткую крыўду. 14 Вось, трэці раз я гатоў ісьці да вас і ня буду цяжкім для вас, бо шукаю ня вашага, а вас. Бо ня дзеці мусяць зьбіраць багацьце для бацькоў, але бьцькі для дзяцей. 15 Я ахвотна буду траціць сваё і аддаваць сябе за душы вашыя, хоць, любячы вас балей, я менш карыстаюся вашай любоўю. 16 Няхай так, што сам я не абцяжаў вас; але, як хітрун, мо’ подступам браў з вас? 17 Ці-ж карыстаўся я чым ад вас праз некага з тых, каго пасылаў да вас? 18 Я папрасіў Ціта і паслаў з ім аднаго з братоў: ці скарыстаўся чым ад вас Ціт? Ці ня ў тым жа духу мы хадзілі? ня тымі-ж сьлядамі? 19 Ці мо’ ізноў думаеце, што мы апраўдываемся перад вамі? Мы гаворым перад Богам у Хрысьце і ўсё, умілаваныя, дзеля вашага збудаваньня. 20 Бо баюся, каб, прыйшоўшы, не знайсьці мне вас ня гэткімі, як хачу, дый каб і вам не знайсьці мяне, якім ня хочаце: каб не (знайсьці ў вас) калатні, зайздрасьці, гневу, сварак, абмаўляньняў, нагавораў, пыхі, бязладзьдзя, 21 каб, як ізноў прыду, не панізіў мяне Бог мой у вас, ды каб не аплаківаў я многіх, якія саграшылі раней і не пакаяліся, і ў нячыстасьці, і ў блудзе, і ў распусьце, якую рабілі. 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08
Разьдзел 13 1 Трэці гэта раз іду да вас: пры вуснах двух сьведкаў ці трох умацуецца кожнае слова (Другазак. 17, 6). 2 Я папераджаў і папераджаю так, як быўшы ў вас другі раз; і цяпер, адсутны, пішу перш да саграшыўшых і ўсіх другіх, што, калі зноў прыду, не памілую. 3 Вы шукаеце доказу, што ў-ва мне гаворыць Хрыстос, Які не слабы для вас, але дужы ў вас. 4 Бо хаця-ж Ён і раскрыжаваны ў бяссільлі, але жывы сілаю Божай; і мы таксама, хаця слабыя ў Ім, але будзем жывы з Ім сілаю Божаю ў вас. 5 Выпрабуйце самых сябе, ці вы ў веры? Самых сябе дазнавайце. Ці вы ня ведаеце самых сябе, што Ісус Хрыстос у вас? Хіба толькі вы нягодныя. 6 Спадзяюся-ж, вы даведаецеся, што мы не нягодныя. 7 Малюся-ж Богу, каб вы не рабілі ніякага зла, не каб нам паказацца годнымі, але каб вы рабілі дабро, мы-ж каб выдаваліся, як-быццам нягодныя. 8 Бо мы нічога ня можам супраць праўды, толькі за праўду 9 Бо мы цешымся, калі мы слабыя, а вы дужыя; аб гэтым вось і молімся, аб вашай дасканаласьці. 10 Дзеля гэтага я і пішу гэтае ў адсутнасьці, каб, прысутны, ня ўжыў срогасьці водле ўлады, якая дадзена мне Госпадам на будаваньне, а не на руйнаваньне. 11 Урэшце, браты, радуйцеся, рабецеся дасканалымі, пацяшайцеся, будзьце аднадумнымі, у згодзе, — і Бог любві і міру будзе з вамі. 12 Прывітайце адзін аднаго сьвятым цалаваньнем. Вітаюць вас усе сьвятыя. 13 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста і любоў Божая і лучнасьць Сьвятога Духа з усімі вамі. Амін. Да Карыньцянаў другое напісана з Філіпаў Македонскіх праз Ціта й Луку. Вярнуцца назад |