01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 09 – 10 – 11 – 12 – 13
Разьдзел 4
1 Дзеля гэтага, маючы такое служэньне, як памілаваныя, мы не слабеем,
2 але адракаемся тайных дзел сораму, ня ходзячы ў хітрасьці, ані падыходзячы слова Божае, а выяўленьнем праўды прадстаўляючы сябе сумленьню кожнага чалавека перад Богам.
3 Калі-ж і закрыта Эвангельле нашае, дык закрыта для пагібаючых,
4 для няверуючых, у якіх бог веку ґэтага асьляпіў думкі, каб ім не зазьяла сьвятло Эвангельля славы Хрыста, Які ёсьць абраз Бога нявідочнага.
5 Бо мы не аб сабе абвяшчаем, але аб Хрысьце Ісусе, Госпадзе; а мы —слугі вашыя дзеля Ісуса.
6 Бо Бог, Які сказаў з цемры зазьзяць сьвятлу, засьвяціў у сэрцах нашых дзеля прасьвятленьня нас пазнаньнем славы Божае ў абліччы Ісуса Хрыста.
7 Скарб-жа гэты маем у гліняных начыньнях, каб паддастаткам было сілы Божае, а ня з нас:
8 мы ў-ва ўсім уцісканыя, ды ня сьцісьненыя; мы ў роспачы, ды не ў безнадзейнасьці;
9 нас перасьледуюць, але мы не пакінены; мы павалены, ды не пагібаем.
10 Заўсёды носім у целе мёртвасьць Госпада Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава выявілася ў целе нашым.
11 Бо мы, жывыя, заўсёды на сьмерць выдаваны дзеля Ісуса, каб і жыцьцё Ісусава выявілася ў сьмяротным целе нашым,
12 дык сьмерць дзее ў нас, а жыцьцё ў вас.
13 Але, маючы той самы дух веры, як напісана: Я верыў і дзеля гэтага гаварыў, (Псал. 115, 1) і мы верым, дык і гаворым,
14 ведаючы, што Той, Хто ўскрасіў Госпада Ісуса, ускрасіць праз Ісуса і нас ды з вамі паставіць.
15 Бо ўсё дзеля вас, каб багацьце ласкі тым большую ўва многіх памнажала ўдзячнасьць на славу Божую.
16 Дзеля гэтага мы ня губляем надзеі; але, калі наш вонкавы чалавек і тлее, дык унутраны з дня на дзень абнаўляецца.
17 Бо цяперашняя лёгкасьць гора нашага церазмерна вытварае вагу славы вечнае для нас,
18 якія глядзім не на відочнае, але на нявідочнае: бо відочнае — часовае, а нявідочнае — вечнае.
|