01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 09 – 10 – 11 – 12 – 13
Разьдзел 10
1 Сам-жа я, Паўла, што асабіста між вамі ціхі, а завочна адважны супраць вас, малю вас лагоднасьцяй і паблажлівасьцяй Хрыстовай;
2 прашу-ж, каб мне, як буду між вамі, ня быць адважным з тэй упэўненасьцяй, з якой думаю адважыцца супраць некаторых, што лічаць нас так, як быццам мы ходзім водле цела.
3 Бо мы, ходзячы ў целе, не водле цела ваюем,
4 (бо зброя змаганьня нашага не цялесная, але дужая Богам на зруйнаваньне цьвярдыняў),
5 руйнуючы замыслы і ўсякае вывышшаньне, што паўстае проці пазнаньня Божага, і бяручы ў палон усякае памышленьне на послух Хрысту,
6 і гатовыя аддмсьціць за кожную непаслухмянасьць, калі ваш послух выпаўніцца.
7 Ці на аблічча глядзіцё? Хто пэўны ў сабе, што ён Хрыстоў, той сам па сабе няхай разважае, што, як ён Хрчыстоў, гэтак і мы Хрыстовыя.
8 Бо, каб я і балей стаў хваліцца нашай уладай, якую Госпад даў нам на збудаваньне, а не на зьніштажэньне вашае, дык не асароміўся бы.
9 Каб не здалося, быццам я палохаю вас пасланьнямі,
10 бо, скажуць, пасланьні важкія і сільныя, а бытнасьць цела бяссільная і слова няважкае.
11 Гэтакі няхай ведае тое, што, якія мы словам у пасланьнях, ня будучы, гэткія і дзелам, будучы.
12 Бо мы не адважаемся стаўляць сябе побач ці раўнаваць з тымі, якія самі сябе выстаўляюць: тыя, што мераюць сябе самымі сабою і раўнуюць сябе з сабою, неразумныя.
13 А мы не бяз меры хваліцца будзем, але ў меру меркі, што назначыў нам Бог мерыць, каб дасягнуць і да вас.
14 Бо мы ня так, як быццам недасягнуўшыя да вас, лішне цягнемся: бо-ж дасяглі й Эвангельлем.
15 Мы не бяз меры хвалімся чужою працаю, але спадзяемся, што з узрастаньнем веры вашай з лішкам узьвялічымся і мы ў вас водле меркі нашае,
16 каб і далей вас навучаць Эвангельля, а не хваліцца прыгатаваным чужой меркай.
17 Бо, хто хваліцца, няхай хваліцца Госпадам (Ерам. 9, .24).
18 Бо ня той варты, хто сам сябе хваліць, але каго хваліць Госпад.
|