Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Вячэрня ў нядзелю сырную вечарам - Прабачэньне


 

 

Вячэрня ў нядзелю сырную вечарам - Прабачэньне


На "Госпадзе, Цябе клічу..." чатыры песьні актойха належнага тону, пасьля наступныя:

Песьні Трыядзі (Тон 2): Праходзячы Боскі шлях чыстага посту, пастараемся ўтаймаваць устрыманасьцю цела, і ў малітвах будзем шукаць са сьлязьмі Госпада, Збавіцеля нашага; пакінем злосьць і ўсклікнем: "Зграшылі мы перад Табою, Хрысьце–Уладару! Збаў нас, Добрасардэчны, як некалі ніневіцянаў, і зрабі нас удзельнікамі нябеснага валадарства Твайго".

Думаю, Госпадзе, пра мае ўчынкі, годныя ўсякай кары, і трачу надзею: я пагардзіў Тваімі запаветамі, Збавіцелю, і змарнаваў жыцьцё маё ў блудзе. Дзеля гэтага малюся: "Ачысьці мяне ліўнем пакаяньня, пастом і малітваю, у міласэрнасьці Тваёй прасьвятлі мяне і ў дабрыні Тваёй не пагардзі мною, Дабрачынца ўсіх.

Пачнем сьветлы час посту, аддаўшы сябе духоўным подзьвігам, ачысьцім душу, ачысьцім і цела, устрымаймася ад усякіх пажадлівасьцяў; будзем насалоджвацца духоўнымі дабрадзейнасьцямі і ўдасканальвацца ў іх любоўю, каб нам стацца годнымі ўбачыць пачэсныя мукі Хрыста, і сьвяты Вялікдзень, радуючыся ў душы.

Тры песьні і багародзічны з мінэі.


Уваход з кадзілам. Вялікі пракімен: "Не адвярні твару Твайго..."


Вершапесьні

(Тон 4): Зазьзяла ласка Твая, Госпадзе, зазьзяла і прасьвятленьне душ нашых. Вось час падыходны, вось час пакаяньня. Дык адкладзем учынкі цемры і апранемся ў сьветлую вопратку, каб, пераплыўшы вялікае мора посту, даплыць пасьпяхова да трохдзённага ўваскрасеньня Госпада нашага Ісуса Хрыста, Збавіцеля душаў нашых. (Двойчы)

Хрысьце Божа, праслаўлены памяцьцю сьвятых Тваіх: малітвамі іх просім Цябе паслаць нам веліч зьмілаваньня Твайго.

Слава ... цяпер ...

(Тон 4): Анёлы славяць Цябе, Маці Божая, бо Ты, Усячыстая, нарадзіла Бога, спрадвечанага з Айцом і Духам, які воляю сваёю анельскія хоры ўстанавіў. Малі Яго, Усячыстая, збавіць ад тленьня і прасьвятліць душы прававерных людзей, якія славяць Цябе.


Заканчэньне як у нядзелю Вялікага посту вечарам.


ПАРАДАК ПРАБАЧЭНЬНЯ

Сьвятар робіць паклон перад людзьмі і кажа: Блаславіце, айцы сьвятыя і браты, і прабачце мне грэшнаму ўсё, што я зграшыў сёньня і праз усё маё жыцьцё словам, учынкам і думкаю і ўсімі маімі пачуцьцямі.

Людзі: Хай Бог прабачыць табе і зьмілуецца над табою, ойча сьвяты.

Робяць паклон перад сьвятаром і кажуць: Блаславі мяне ойча сьвяты, і прабач мне ўсе мае грахі, якія я ўчыніў (учыніла) словам, учынкам і думкаю і ўсімі маімі пачуцьцямі.

Сьвятар: Хай Бог у міласэрнасьці сваёй прабачыць усім нам і зьмілуецца над намі.


Пачынае літанію:

Памолімся за Сьвятога Айца Нашага ..., і ўсіх братоў і сёстраў нашых у Хрысьце.

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных просьбаў)

Сьвятар: За яго (яе) міласьць... (імя галавы дзяржавы), за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны.

– За Богам сьцеражоны Беларускі народ, за вызваленьне і збаўленьне яго.

– За тых, што ненавідзяць і любяць нас.

– За тых, што спагадаюць і служаць нам.

– За тых, што загадалі нам, недастойным, маліцца за іх.

– За вызваленьне зьняволеных.

– За адсутных айцоў і братоў нашых.

– За тых, што падарожнічаюць па моры, зямлі і ў паветры.

– За нядужых і хворых.

– Памолімся і за багаты ўраджай пладоў зямных.

– І за ўсякую душу прававерных хрысьціян.

– Успомнім нашых сьвятаначальнікаў і закладчыкаў і дабрачынцаў гэтай царквы.

– Бацькоў нашых і ўсіх раней адышоўшых у надзеі ўваскрасеньня і жыцьця вечнага айцоў і братоў нашых, якія тут і на кожным іншым месцы спачываюць. Скажам і аб іх:

Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.

Сьвятар: Малітвамі сьвятых айцоў нашых, Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, зьмілуйся над намі.

Людзі: Амін.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст