Галоўная > Першы тыдзень Посту > Вячэрня ў нядзелю сырную вечарам - Прабачэньне
Вячэрня ў нядзелю сырную вечарам - Прабачэньне19 красавіка 2008. |
|
На "Госпадзе, Цябе клічу..." чатыры песьні актойха належнага тону, пасьля наступныя: Песьні Трыядзі (Тон 2): Праходзячы Боскі шлях чыстага посту, пастараемся ўтаймаваць устрыманасьцю цела, і ў малітвах будзем шукаць са сьлязьмі Госпада, Збавіцеля нашага; пакінем злосьць і ўсклікнем: "Зграшылі мы перад Табою, Хрысьце–Уладару! Збаў нас, Добрасардэчны, як некалі ніневіцянаў, і зрабі нас удзельнікамі нябеснага валадарства Твайго". Думаю, Госпадзе, пра мае ўчынкі, годныя ўсякай кары, і трачу надзею: я пагардзіў Тваімі запаветамі, Збавіцелю, і змарнаваў жыцьцё маё ў блудзе. Дзеля гэтага малюся: "Ачысьці мяне ліўнем пакаяньня, пастом і малітваю, у міласэрнасьці Тваёй прасьвятлі мяне і ў дабрыні Тваёй не пагардзі мною, Дабрачынца ўсіх. Пачнем сьветлы час посту, аддаўшы сябе духоўным подзьвігам, ачысьцім душу, ачысьцім і цела, устрымаймася ад усякіх пажадлівасьцяў; будзем насалоджвацца духоўнымі дабрадзейнасьцямі і ўдасканальвацца ў іх любоўю, каб нам стацца годнымі ўбачыць пачэсныя мукі Хрыста, і сьвяты Вялікдзень, радуючыся ў душы. Тры песьні і багародзічны з мінэі. Уваход з кадзілам. Вялікі пракімен: "Не адвярні твару Твайго..." Вершапесьні (Тон 4): Зазьзяла ласка Твая, Госпадзе, зазьзяла і прасьвятленьне душ нашых. Вось час падыходны, вось час пакаяньня. Дык адкладзем учынкі цемры і апранемся ў сьветлую вопратку, каб, пераплыўшы вялікае мора посту, даплыць пасьпяхова да трохдзённага ўваскрасеньня Госпада нашага Ісуса Хрыста, Збавіцеля душаў нашых. (Двойчы) Хрысьце Божа, праслаўлены памяцьцю сьвятых Тваіх: малітвамі іх просім Цябе паслаць нам веліч зьмілаваньня Твайго. Слава ... цяпер ... (Тон 4): Анёлы славяць Цябе, Маці Божая, бо Ты, Усячыстая, нарадзіла Бога, спрадвечанага з Айцом і Духам, які воляю сваёю анельскія хоры ўстанавіў. Малі Яго, Усячыстая, збавіць ад тленьня і прасьвятліць душы прававерных людзей, якія славяць Цябе. Заканчэньне як у нядзелю Вялікага посту вечарам. ПАРАДАК ПРАБАЧЭНЬНЯ Сьвятар робіць паклон перад людзьмі і кажа: Блаславіце, айцы сьвятыя і браты, і прабачце мне грэшнаму ўсё, што я зграшыў сёньня і праз усё маё жыцьцё словам, учынкам і думкаю і ўсімі маімі пачуцьцямі. Людзі: Хай Бог прабачыць табе і зьмілуецца над табою, ойча сьвяты. Робяць паклон перад сьвятаром і кажуць: Блаславі мяне ойча сьвяты, і прабач мне ўсе мае грахі, якія я ўчыніў (учыніла) словам, учынкам і думкаю і ўсімі маімі пачуцьцямі. Сьвятар: Хай Бог у міласэрнасьці сваёй прабачыць усім нам і зьмілуецца над намі. Пачынае літанію: Памолімся за Сьвятога Айца Нашага ..., і ўсіх братоў і сёстраў нашых у Хрысьце. Людзі: Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных просьбаў) Сьвятар: За яго (яе) міласьць... (імя галавы дзяржавы), за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны. – За Богам сьцеражоны Беларускі народ, за вызваленьне і збаўленьне яго. – За тых, што ненавідзяць і любяць нас. – За тых, што спагадаюць і служаць нам. – За тых, што загадалі нам, недастойным, маліцца за іх. – За вызваленьне зьняволеных. – За адсутных айцоў і братоў нашых. – За тых, што падарожнічаюць па моры, зямлі і ў паветры. – За нядужых і хворых. – Памолімся і за багаты ўраджай пладоў зямных. – І за ўсякую душу прававерных хрысьціян. – Успомнім нашых сьвятаначальнікаў і закладчыкаў і дабрачынцаў гэтай царквы. – Бацькоў нашых і ўсіх раней адышоўшых у надзеі ўваскрасеньня і жыцьця вечнага айцоў і братоў нашых, якія тут і на кожным іншым месцы спачываюць. Скажам і аб іх: Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Сьвятар: Малітвамі сьвятых айцоў нашых, Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, зьмілуйся над намі. Людзі: Амін.
Вярнуцца назад |