ПАНЯДЗЕЛАК РАНІЦАЙ
Першая сядальная песьня. Я, блудны, быў зачаты ў беззаконьнях, і ня сьмею глянуць на вышыню небесную, але спадзяюся на Тваё чалавекалюбства і клічу: Божа, ачысьці і збаў мяне!
Верш. Госпадзе, у ярасьці Тваёй не судзі мяне і ў гневе Тваім не карай мяне.
Калі праведнік збаўляецца з цяжкасьцю, дык што будзе са мною, грэшным, які не перанёс цяжару і сьпёкі дня? Але Ты, Божа, залічы мяне да наёмнікаў адзінаццатай гадзіны і збаў мене.
Слава... цяпер...
Стварэньне цешыцца, Поўная Ласкі, убачыўшы цуд над цудамі. Ты нарадзіла невыказна Зачатага бяз семя, на каго анельскія хоры глядзець ня могуць. Малі Яго, Багародзіца, за збаўленьне душаў нашых.
Другая сядальная песьня. Сьпяшайся прыняць мяне ў Твае бацькоўскія абдымкі: я ў блудзе правёў маё жыцьцё, і цяпер гляджу на невычэрпнае багацьце Тваіх дабротаў, Спасе. Не пагардзі маім зьбяднелым сэрцам, бо да Цябе, Госпадзе, прачула ўсклікаю: Зграшыў я, Ойча, на неба і перад Табою, збаў мяне!
Верш. Госпадзе, у ярасьці Тваёй не судзі мяне і ў гневе Тваім не карай мяне.
Я бяздумна аддаліўся ад Цябе, Усяшчодры, блудна змарнаваў маё жыцьцё, служачы нязьменна маім пажаданьням. Але малюся: Ойча добрасардэчны! Дзеля малітваў анёлаў прымі мяне, як прыняў блуднага сына, і збаў мяне.
Верш. Дзіўны Бог у сьвятых сваіх, Бог Ізраіля.
Пераможныя мучанікі апрануліся ў Цябе, Госпадзе: Ты быў іхняй пахвалою ў цярпеньнях, іхнім вянцом і ўзнагародаю. Цярпліва перанёсшы мучэньні, яны перамаглі беззаконных, і сілаю Боскаю з нябёсаў яны аднесьлі перамогу. Малітвамі іх і мяне вызвалі ад нябачнага ворага, Збавіцелю, і збаў мяне.
Слава... цяпер...
Надзейная Правадніца і Памочніца ўсіх, непарушная надзея і Заступніца сьвету! Як добрасардэчная, зьмілуйся нада мною, дай ачышчэньне грахоў і збаўленьне душаў, і накіруй на шлях пакаяньня. Да цябе прыбягаем з вераю і Табе молімся шчыра і просім з любоўю: не адкінь нас ад міласьці Тваёй.
Канон
Песьня 1. Ірмас. Твая правая рука боская ў сіле ўславілася!
Грахоў маіх мноства, у мностве міласэрнасьці Тваёй, Хрысьце, зьнішчы, малюся табе, і дай мне наварот думак, каб мне славіць тваю невыказную дабрыню.
Ты, Хрысьце, явіўся ў міласэрнасьці і дабрыні Тваёй у целе як чалавек, дык прымі мяне, Слова Божае, што больш за іншых людзей зграшыў, і цяпер прыходжу ў каяньні да дабротаў Тваіх.
Прыпеў: Сьвятыя мучанікі, маліце Бога за нас.
Вы, усяхвальныя, былі пераймальнікамі Хрыста, які з уласнай волі пацярпеў за нас, і прынялі пакуты шматлікія і сьмерць, вечна слаўныя, і за гэта атрымалі несьмяротнае жыцьцё Мучанікі.
Прыпеў: Сьвятыя анёлы і арханёлы, маліце Бога за нас.
Сьвятыя анёлы, вы стаіце перад пасадам Уладара, суспрадвечнага з Айцом, і Ягонага Анёла Вялікай Рады: маліце Яго, каб мне, які слаўлю вас, даць мне слова сказаць.
Слава... цяпер...
Той, што як Бог устанавіў чыны анельскіх сілаў, у беззаганнае ўлоньне Тваё, Багародзіца, вышэйшая за сэрафімаў, усяліўся і, застаўшыся нязьменным, прыняў цела.
Песьня 9. Ірмас. Незгаральны куст быў вобразам Твайго чыстага нараджэньня. Дык сёньня молімся: Пагасі распаленую на нас печ напасьцяў, каб нам бязьвінна Цябе, Багарадзіца, узьвялічваць.
Як Хананейка, усклікаю Табе: Зьмілуйся нада мною, Слова! Душа мая церпіць ад дэманскіх спакусаў і бяздумна робіць беззаконьні, не адчуваючы Твайго Боскага страху, Доўгацярплівы.
Пастаў, Госпадзе, на камені загадаў Тваіх ногі душы маёй і павалі бессаромнага змяя, які жадае мяне паваліць, выбаў мяне ад ягонай злосьці, бо Ты добры і шматміласэрны.
Прыпеў: Сьвятыя мучанікі, маліце Бога за нас.
Вы, мучанікі, прайшлі ўжо воды хісткія спакусаў, буру лютых ранаў, і дасягнулі прытулку горнага валадарства, дзе насалоджваецеся Боскай цішынёй.
Прыпеў: Сьвятыя анёлы і арханёлы, маліце Бога за нас.
Ты, Спасе, учыніў духі бесьцялесныя ўдзельнікамі Тваёй славы; цяпер ахоўвай імі людзей Тваіх, якія прыходзяць да Цябе з вераю і любоўю, каб нам, Уладару, няспынна ўзьвялічваць Цябе.
Слава... цяпер...
Анельскія хоры цяпер славяць Тваё сынараджэньне, Усячыстая; яны стаяць і глядзяць, і цешацца Тваёй радасьцю, і Цябе, Багародзіца, няспынна ўзьвялічваюць.
Вершапесьні
Чакае цябе, душа, іншы сьвет, і судзьдзя выявіць усе Твае таемныя і паганыя ўчынкі. Дык не заставайся ў дачаснасьці, але выперадзі Судзьдзю і ўсклікні: Божа, ачысьці і збаў мяне!
Не пагардзі мною, Спасе, апанаванага грахоўнай ленасьцю, але ўздымі мае думкі да пакаяньня, і ўчыні мяне руплівым працаўніком Твайго вінаградніка, дай заплату адзінаццатай гадзіны і веліч зьмілаваньня.
Прыйдзіце, усе людзі, ушануем гімнамі і духоўнымі песьнямі Хрыстовых пакутнікаў, сьветачы сусьветныя, і прапаведнікаў веры, жывую крыніцу, што точыць верным ацаленьні. Іхнімі малітвамі, Хрысьце Божа наш, дай супакой Твайму сьвету, і душам нашым веліч зьмілаваньня.
Слава... цяпер...
Сьвяцейшая за ўсе нябесныя сілы, больш пачэсная за ўсё стварэньні, Уладарка сьвету! Збаў нас у добрасардэчнасьці Тваёй, Маці Збавіцеля, ад таемных грахоў і бедаў, малітвамі сваімі. |