Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 4). Сьвятая маці Макрына, ты зьберагла
нятленным дзявоцтва ў чыстым жыцьці, раздала маёмасьць бедным і пакінула гэты
сьвет і яго прынады, спаўняючы запавет Хрыста, усьлед за якім ты пайшла. Дзеля
гэтага дараваў табе нябесную радасьць Ісус Чалавекалюбец і Збавіцель душ нашых.
Сьвятым жыццём тваім ты мудра навучыла нас, што такое
несьмяротная душа. Ты ня толькі высьцерагалася усяго грэшнага, але і адмовілася
ад людзкіх добрых сувязяў, каб магчы зьявіцца беззаганнаю перад Жаніхом Хрыстом
– чыстаю, бязьвіннаю і мілаю Богу.
Тваё сьветлае аблічча, усяхвальная Макрына, зьзяе і пасьля
сьмерці. Так Хрыстос уславіў цябе, як сваю дзеву – нявесту, сьветлую,
спагадлівую і закаханую ў Богу. Анельскім жыцьцём тваім на зямлі ты спадабалася
Госпаду.
Слава ...:
(Тон 6). Прыйдзіце, набожныя людзі, гляньце на
цудоўны кветнік дабрадзейнасьцяў, насаджаны Госпадам, а не чалавекам.
Падзіўляйма душу блаславёнае маці Макрыны, каб і нашы душы захапіліся красой
кветак і запахам раю. Бо адтуль цякуць рэкі Божай ласкі на ўвесь сьвет, і між
лілеямі там пасецца Ягнё Божае. Разам з ёю паклонімся Яму.
Цяпер ...:
Багародзічны (тон 6). Радуйся чыстая скарбніца
дзявоцтва, радуйся, пачэсная боская краса; радуйся, Дзева, верных збаўленьне;
радуйся, Уладарка, Дзева Маці.
Крыжабагародзічны (тон 6). Калі Маці Твая і Дзева
ўбачыла, як беззаконныя людзі несправядліва прыбівалі Цябе да крыжа, сэрца яе,
як прадказаў Сямён, пранізаў нясьцерпны боль.
Адпушчальны трапар
(Тон 2). Бачыўшы сьмерць мужа твайго, і
пазнаўшы няпэўнасьць і марнасьць гэтага сьвету, ты абяцала сябе несьмяротнаму
Жаніху, пастом і дабрадзейным жыцьцём стараючыся заслужыць на Ягоную любоў.
Дзеля гэтага сёньня з анёламі радуецца, блаславёная Макрына, дух твой. |