Галоўная > Мінэя - Ліпень > 19 ліпеня - сьвятое маці нашае Макрыны
19 ліпеня - сьвятое маці нашае Макрыны18 красавіка 2008. |
|
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...": (Тон 4). Сьвятая маці Макрына, ты зьберагла нятленным дзявоцтва ў чыстым жыцьці, раздала маёмасьць бедным і пакінула гэты сьвет і яго прынады, спаўняючы запавет Хрыста, усьлед за якім ты пайшла. Дзеля гэтага дараваў табе нябесную радасьць Ісус Чалавекалюбец і Збавіцель душ нашых. Сьвятым жыццём тваім ты мудра навучыла нас, што такое несьмяротная душа. Ты ня толькі высьцерагалася усяго грэшнага, але і адмовілася ад людзкіх добрых сувязяў, каб магчы зьявіцца беззаганнаю перад Жаніхом Хрыстом – чыстаю, бязьвіннаю і мілаю Богу. Тваё сьветлае аблічча, усяхвальная Макрына, зьзяе і пасьля сьмерці. Так Хрыстос уславіў цябе, як сваю дзеву – нявесту, сьветлую, спагадлівую і закаханую ў Богу. Анельскім жыцьцём тваім на зямлі ты спадабалася Госпаду. Слава ...: (Тон 6). Прыйдзіце, набожныя людзі, гляньце на цудоўны кветнік дабрадзейнасьцяў, насаджаны Госпадам, а не чалавекам. Падзіўляйма душу блаславёнае маці Макрыны, каб і нашы душы захапіліся красой кветак і запахам раю. Бо адтуль цякуць рэкі Божай ласкі на ўвесь сьвет, і між лілеямі там пасецца Ягнё Божае. Разам з ёю паклонімся Яму. Цяпер ...: Багародзічны (тон 6). Радуйся чыстая скарбніца дзявоцтва, радуйся, пачэсная боская краса; радуйся, Дзева, верных збаўленьне; радуйся, Уладарка, Дзева Маці. Крыжабагародзічны (тон 6). Калі Маці Твая і Дзева ўбачыла, як беззаконныя людзі несправядліва прыбівалі Цябе да крыжа, сэрца яе, як прадказаў Сямён, пранізаў нясьцерпны боль.
Адпушчальны трапар (Тон 2). Бачыўшы сьмерць мужа твайго, і пазнаўшы няпэўнасьць і марнасьць гэтага сьвету, ты абяцала сябе несьмяротнаму Жаніху, пастом і дабрадзейным жыцьцём стараючыся заслужыць на Ягоную любоў. Дзеля гэтага сёньня з анёламі радуецца, блаславёная Макрына, дух твой. Вярнуцца назад |