Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 5 студзеня - Чаканьне Богазьяўленьня; мучанікаў Тэапэмпта і Тэоны; пачэснае Сынклітыкі Александрыйскай


 

 

5 студзеня - Чаканьне Богазьяўленьня; мучанікаў Тэапэмпта і Тэоны; пачэснае Сынклітыкі Александрыйскай

Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 4). Усхвалім мудрых Тэону і Тэапэмпта, што, верныя вучэньням Хрыстовым, шчырай і набожнай службаю адмянілі саромнае ідалапаклонства, вызнаўшы мужна адзінага Госпада і Бога перад мучыцелямі, і атрымалі за гэта вянец з вышыні.

Адмовіўшыся ад прынадаў, што цягнуць долу, і ад пераходнае славы гэтага жыцьця, вы, усяхвальныя, прыйшлі да Хрыста. Сагрэтыя Ягонай дабрынёю, вы ахвяравалі сябе, як духмяныя ружы, і атрымалі за гэта нятленныя вянцы валадарства нябеснага.

Адкінуўшы гэты сьвет і ідальскую спакусу, вы, мучанікі, пасаромілі бяздумных мучыцеляў і сталіся дзецьмі Царквы, вядомымі ва ўсім сьвеце. Цяпер вы стаіце перад Богам і пяеце разам з анёламі песьню хвалы.

(Тон 1). Пераймаючы прыклад айцоў, ты палюбіла славу нятленную, пакінула прынады сьвету і ўтаймавала жаданьні цела твайго. Сёньня ты цешышся з Хрыстом, атрымаўшы ўзнагароду за подзьвігі твае.

Той, хто прасіў дазволу спакусіць Ёва, хацеў і цябе спакусіць, але быў змушаны пакінуць у супакоі цела тваё, як золата выпрабаванае ягонымі нападкамі. Цярпліва пераносячы боль і недамаганьні, ты пасароміла яго і атрымала вянец перамогі.

Зажадаўшы вялікай красы Жаніха Хрыста, ты сталася Ягонай нявестаю і ўпрыгожыла сябе добрымі ўчынкамі і ўстрыманасьцю. Дзеля гэтага цяпер пануеш з Ім у харомах Яго.

Слава... цяпер...:

(Тон 6). Рыхтуйся, рака Ярдан, бо вось ідзе Хрыстос хрысьціцца ад Яна, каб у тваёй вадзе Боскасьцю сваёю скрышыць галаву нябачнага зьмея. Радуйся, Ярданская пустыня, горы, цешцеся, бо Жыцьцё вечнае прыходзіць паклікаць Адама. Кліч на ўвесь голас у пустыні, Прадвесьніку Яне: "Рыхтуйце шлях Госпаду, рабіце простымі сьцежкі Яго!"


Вершапесьні

(Тон 6). Зямля і ўсё, што на ёй, радуйцеся, бо вось Струмень Радасьці хрысьціцца ў рацэ, асушае крыніцу злосьці, і вылівае ўсім Боскае адпушчэньне.

Верш. Дзеля гэтага згадваю Цябе ў краіне Ярданскай і Гэрмонскай.

Сьветладаўца Ісус, ня маючы патрэбы ў хрышчэньні, уваходзіць цялесна ў ваду Ярдану, каб прасьвятліць тых, што ў цемры нецярпліва чакалі Яго.

Верш. Воды ўбачылі Цябе, Божа, воды ўбачылі Цябе і спалохаліся.

Прыняўшы вобраз слугі, Ты ідзеш хрысьціцца ад слугі ў Ярданскіх струменях, каб прасьвятліць нас і выбавіць ад няволі першага граху.

Слава... цяпер...:

(Тон 6). Хай радуецца пустыня Ярданская і хай праросьціць лілеі, бо ў ёй быў чутны голас, які гукаў: "Рыхтуйце шлях Госпаду!" Той, хто ўстанавіў горы на месцах іх і адмерыў даліны – Бог, які ўсё стварыў, – хрысьціцца ад слугі, сам стаўшыся ўбогім, каб нам даць багатыя дары. Некалі Эве сказана было: "У болях будзеш раджаць дзяцей тваіх". Сёньня ж Дзева пачула: "Радуйся, Абрадаваная, з табою Госпад, які дае нам веліч зьмілаваньня свайго".


Адпушчальныя трапары

Трапар мучанікаў (тон 4). Мучанікі Твае, Госпадзе, у цярпеньнях вянцы нятленныя атрымалі ад Цябе, Бога нашага. Маючы сілу Тваю, яны перамаглі мучыцеляў і зьнішчылі дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі іх збаў душы нашы.

Сьвятой (тон 8). У табе, маці, верна захаваўся вобраз Божы: узяўшы крыж, ты пайшла ўсьлед за Хрыстом і на справе навучала не клапаціцца аб целе, бо яно прамінае, але дбаць пра душу, рэч несьмяротную. Дзеля гэтага разам з анёламі радуецца, сьвятая Сынклітыка, дух твой.

Чаканьня (тон 4). Пасьля ўзьнясеньня Ільлі, Елісей плашчом ягоным ударыў Ярдан, і той падаўся назад: воды ягоныя разышліся на два бакі, пакідаючы пасярэдзіне сухі шлях. Вось нам вобраз хрышчэньня, якім мы праходзім шлях жыцьця нашага. Хрыстос прыходзіць на Ярдан асьвяціць ваду.


Старонка 1 з 2 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст