Галоўная > Мінэя - Студзень > 5 студзеня - Чаканьне Богазьяўленьня; мучанікаў Тэапэмпта і Тэоны; пачэснае Сынклітыкі Александрыйскай
5 студзеня - Чаканьне Богазьяўленьня; мучанікаў Тэапэмпта і Тэоны; пачэснае Сынклітыкі Александрыйскай27 чэрвеня 2008. |
|
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...": (Тон 4). Усхвалім мудрых Тэону і Тэапэмпта, што, верныя вучэньням Хрыстовым, шчырай і набожнай службаю адмянілі саромнае ідалапаклонства, вызнаўшы мужна адзінага Госпада і Бога перад мучыцелямі, і атрымалі за гэта вянец з вышыні. Адмовіўшыся ад прынадаў, што цягнуць долу, і ад пераходнае славы гэтага жыцьця, вы, усяхвальныя, прыйшлі да Хрыста. Сагрэтыя Ягонай дабрынёю, вы ахвяравалі сябе, як духмяныя ружы, і атрымалі за гэта нятленныя вянцы валадарства нябеснага. Адкінуўшы гэты сьвет і ідальскую спакусу, вы, мучанікі, пасаромілі бяздумных мучыцеляў і сталіся дзецьмі Царквы, вядомымі ва ўсім сьвеце. Цяпер вы стаіце перад Богам і пяеце разам з анёламі песьню хвалы. (Тон 1). Пераймаючы прыклад айцоў, ты палюбіла славу нятленную, пакінула прынады сьвету і ўтаймавала жаданьні цела твайго. Сёньня ты цешышся з Хрыстом, атрымаўшы ўзнагароду за подзьвігі твае. Той, хто прасіў дазволу спакусіць Ёва, хацеў і цябе спакусіць, але быў змушаны пакінуць у супакоі цела тваё, як золата выпрабаванае ягонымі нападкамі. Цярпліва пераносячы боль і недамаганьні, ты пасароміла яго і атрымала вянец перамогі. Зажадаўшы вялікай красы Жаніха Хрыста, ты сталася Ягонай нявестаю і ўпрыгожыла сябе добрымі ўчынкамі і ўстрыманасьцю. Дзеля гэтага цяпер пануеш з Ім у харомах Яго. Слава... цяпер...: (Тон 6). Рыхтуйся, рака Ярдан, бо вось ідзе Хрыстос хрысьціцца ад Яна, каб у тваёй вадзе Боскасьцю сваёю скрышыць галаву нябачнага зьмея. Радуйся, Ярданская пустыня, горы, цешцеся, бо Жыцьцё вечнае прыходзіць паклікаць Адама. Кліч на ўвесь голас у пустыні, Прадвесьніку Яне: "Рыхтуйце шлях Госпаду, рабіце простымі сьцежкі Яго!"
Вершапесьні (Тон 6). Зямля і ўсё, што на ёй, радуйцеся, бо вось Струмень Радасьці хрысьціцца ў рацэ, асушае крыніцу злосьці, і вылівае ўсім Боскае адпушчэньне. Верш. Дзеля гэтага згадваю Цябе ў краіне Ярданскай і Гэрмонскай. Сьветладаўца Ісус, ня маючы патрэбы ў хрышчэньні, уваходзіць цялесна ў ваду Ярдану, каб прасьвятліць тых, што ў цемры нецярпліва чакалі Яго. Верш. Воды ўбачылі Цябе, Божа, воды ўбачылі Цябе і спалохаліся. Прыняўшы вобраз слугі, Ты ідзеш хрысьціцца ад слугі ў Ярданскіх струменях, каб прасьвятліць нас і выбавіць ад няволі першага граху. Слава... цяпер...: (Тон 6). Хай радуецца пустыня Ярданская і хай праросьціць лілеі, бо ў ёй быў чутны голас, які гукаў: "Рыхтуйце шлях Госпаду!" Той, хто ўстанавіў горы на месцах іх і адмерыў даліны – Бог, які ўсё стварыў, – хрысьціцца ад слугі, сам стаўшыся ўбогім, каб нам даць багатыя дары. Некалі Эве сказана было: "У болях будзеш раджаць дзяцей тваіх". Сёньня ж Дзева пачула: "Радуйся, Абрадаваная, з табою Госпад, які дае нам веліч зьмілаваньня свайго".
Адпушчальныя трапары Трапар мучанікаў (тон 4). Мучанікі Твае, Госпадзе, у цярпеньнях вянцы нятленныя атрымалі ад Цябе, Бога нашага. Маючы сілу Тваю, яны перамаглі мучыцеляў і зьнішчылі дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі іх збаў душы нашы. Сьвятой (тон 8). У табе, маці, верна захаваўся вобраз Божы: узяўшы крыж, ты пайшла ўсьлед за Хрыстом і на справе навучала не клапаціцца аб целе, бо яно прамінае, але дбаць пра душу, рэч несьмяротную. Дзеля гэтага разам з анёламі радуецца, сьвятая Сынклітыка, дух твой. Чаканьня (тон 4). Пасьля ўзьнясеньня Ільлі, Елісей плашчом ягоным ударыў Ярдан, і той падаўся назад: воды ягоныя разышліся на два бакі, пакідаючы пасярэдзіне сухі шлях. Вось нам вобраз хрышчэньня, якім мы праходзім шлях жыцьця нашага. Хрыстос прыходзіць на Ярдан асьвяціць ваду.
Ютрань
Пасьля "Госпад – Бог...": трапар чаканьня тройчы
Сядальныя песьні 1 (тон 1). Весяліся, Ярдане, бо Творца ўсіх у добрасардэчнасьці сваёй прыходзіць у табе хрысьціцца ад слугі. Красуйся і цешся, Адаме, і ты, прамаці Эва, бо прыйшоў усядобры Бог, Збаўленьне ўсіх. Слава... цяпер...: Рака слодычы, Госпад, прыходзіць хрысьціцца ў струменях ракі, каб напаіць мяне водамі ачышчэньня. Убачыўшы Яго, Ян усклікнуў: "Ты той, перад кім дрыжыць усё стварэньне, дык як я ўскладу маю руку на галаву Тваю?"
Сядальныя песьні 2 (тон 3). Апрануўшы голага Адама ў вопратку славы, Ты, Добрасардэчны, ідзеш сам, каб стаць голым у Ярдане. Слаўны цуд! Як гэта вада прымае Цябе, Уладару і Госпадзе, які водамі пакрыў скляпеньне нябеснае, як напісана. Славім у песьнях Тваё зьяўленьне, Ісусе Дабрачынца наш. Слава... цяпер...: Вялікае Сонца, што зазьзяла ад Дзевы, Хрыстос Бог наш, ідзе, каб зазьзяць у Ярдане, разагнаць грахоўны змрок, і прасьвятліць усе куткі зямлі. Молімся набожна, каб і нам быць прасьветленымі Ягоным зьзяньнем і атрымаць веліч зьмілаваньня.
Канон (тон 1) Песьня 1 Ірмас. Вызваліўшыся ад горкай няволі, Ізраіль перайшоў непраходнае мора, быццам сушу. Убачыўшы, як утапіўся вораг, ён запяяў песьню Дабрачынцу Богу, які цуды творыць рукою сваёю, бо Ён уславіўся. Хрыстос ідзе хрысьціцца, Хрыстос на Ярдан прыходзіць, Хрыстос сёньня ў дабрыні сваёй хавае ў вадзе нашыя грахі. Дык радасна запяем Яму, бо Ён уславіўся. Хай хмары ліюць кроплі вечнай радасьці: Хрыстос Ісус ідзе патапіць у Ярдане грахі нашыя і даць усім прасьвятленьне. Вось сьвятло зьяўляецца, вось прыходзіць ачышчэньне. Збавіцель ідзе, каб зазьзяць Боскім сьвятлом для тых, што ў цемры. З чыстымі думкамі радасна сустрэнем Яго! Песьня 3 Ірмас. Хай ніхто сьмяротны ня хваліцца сваім розумам ці багацьцем, але хай з вераю праўдзіваю ўсклікне Хрысту Богу і запяе: "На камені Тваіх запаветаў умацуй мяне, Уладару!" Хрыстос, які спрадвеку сядзіць з Айцом і Духам, у апошні час, узяўшы цела ад Дзевы, ідзе хрысьціцца, каб дараваць усім несьмяротнасьць праз Боскае абмыцьцё . Хрыстос Бог наш у сваёй спагадлівасьці і міласэрнасьці прыходзіць, каб у Ярдане пахаваць грахі нашыя, і хростам аднавіць нас, сатлелых. Сёньня Ты, Хрысьце, адзіны міласэрны, з уласнай волі стаешся ўбогім, каб пакрыць саромную аголенасьць праайца Адама. Ты, што водамі пакрыў нябеснае скляпеньне, пакрываешся вадою Ярданскаю.
Кандак (тон 2). Хрысьце добрасардэчны, што адымаеш мноства правінаў усіх, Ты ў бязьмежнай міласэрнасьці сваёй ідзеш хрысьціцца ў водах Ярдану як чалавек, і апранаеш мяне зноў у вопратку славы, якой я некалі быў пазбаўлены. Слава... цяпер...: (тон 1). Вялікі Дождж цялесна прыходзіць да ракі, каб ахрысьціцца. Боскі прадвесьнік сумеўся, убачыўшы Яго, і ўсклікнуў: "Як гэта я буду хрысьціць Цябе, бязгрэшнага, і як ускладу руку маю на галаву, перад якой усё стварэньне дрыжыць?"
Песьня 4 Ірмас. Некалі Авакум чуў Твой, Хрысьце, голас, і са страхам усклікнуў: "Бог прыходзіць з поўдня, з гары, ацененай гаем, збавіць памазанцаў". Слава сіле Тваёй, Госпадзе! Чэрпайце ваду жыцьця, бо вось сёньня прыходзіць існая Рака міру, каб высушыць каламутныя воды няверства і даць прасьвятленьне тым, што пяюць: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!" Весяліся, людзкая прырода, што, як пустыня, была няплоднаю і сасмаглаю. Рака радасьці зьявілася ў водах Ярдану і адмяніла сьпёку граху. Дык запяём Яму з вераю: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!" Голас прароцкі загрымеў у думках тых, што былі няплодныя, як пустыня: "Рыхтуйце сьцежкі і рабеце іх простымі для Хрыста, які прыходзіць, каб праз хрост ачысьціць сатлелых і адмяніць першасны праклён".
Песьня 5 Ірмас. Хай незаходнае сьвятло Тваё, Хрысьце, зазьзяе ў сэрцах верных, што пяюць славу Тваю. Дай нам Твой супакой, які пераўзыходзіць розум, каб мы, уцякаючы ад ночы няведаньня да дня запаветаў Тваіх, прасьветленыя Тваім сьвятлом, славілі Цябе, Чалавекалюбча. Ты, Хрысьце, Князь міру, зьявіўся на зямлі ў целе і разбурыў сьцяну варожасьці. Ян убачыў прыйсьце Тваё і сумеўся, калі Ты загадаў яму хрысьціць Цябе. Хрыстос сьпяшаецца да вады, каб скрышыць галовы зьмеяў. Хрысьціцель ўвесь задрыжэў у страху, калі Ён яму загадаў: "Працягні руку тваю і дакраніся да Маёй галавы, адкінь страх, бо ты спаўняеш тое, што загадана". Некалі прарок Духам прадказаў ласку хрышчэньня, калі ўдарыў плашчом воды Ярдану. Яны зноў расступіліся, калі Хрыстос увайшоў у іх, каб пракласьці нам шлях да Боскага адраджэньня.
Песьня 6 Ірмас. Я ахоплены бязьлікімі пажаданьнямі, кіт злосьці паглынае мяне, але Ты, Госпадзе, уздымі мяне ад тленнасьці, як некалі Ёну, і дай мне вызваленьне ад страсьцяў, каб я мог прынесьці Табе ў духу ахвяру хвалы. Хрыстос, будучы нязьменным, паказвае веліч міласэрнасьці сваёй; у выглядзе слугі Ён прыходзіць да слугі прасіць хрышчэньня, каб выхапіць людзей з няволі. І той, зьдзівіўшыся з Ягонага прыйсьця, сумеўся і напоўніўся страхам. Як гэта рака прыме Цябе, нясьцерпны агонь? Як анёлы будуць глядзець на Тваё спусташэньне, і як Ян асьмеліцца ўскласьці руку на Цябе, Творча зямлі, Божа-Слова беспачатнае? Мора разьдзялілася і ўцякло і паказала людзям Боскі шлях, калі прыйшоў да ракі Той, хто у пустыні з каменя загадаў вадзе пацячы. Дык уславім Яго як Бога, бо Ён аднавіў нашую скалечаную прыроду.
Кандак (тон 4). Сёньня Хрыстос, стаўшы ў Ярдане, кажа Яну: "Ня бойся хрысьціць Мяне, бо Я прыйшоў збавіць Адама першастворанага". Ікас. Не прашу цябе, Хрысьціцелю, пераступаць межы; не кажу табе: "Гавары мне тое, што гаворыш беззаконным, навучай Мяне, як навучаеш грэшнікаў". Ахрысьці мяне толькі моўчкі ў чаканьні ўсяго, што прынясе хрост. Ты будзеш мець годнасьць, якое анёлы ня маюць, і Я зраблю цябе найбольшым з прарокаў. Бо ніводзін з іх ня бачыў Мяне на свае вочы, а толькі цьмяна ў вобразах і ў сне. Ты ж бачыў Мяне, як Я стаяў перад Табою. Бо Я прыйшоў збавіць Адама першастворанага.
Песьня 7 Ірмас. Сьвятыя юнакі, вядомыя сваёй пабожнасьцю, у нясьцерпнае полымя печы ўвайшлі, быццам у хорам, і суладна запяялі: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!" Хрыстос, наша Збаўленьне, явіўся, каб даць нам прасьвятленьне. Хай радуецца неба, хмары хай кропяць праведнасьць на тых, што клічуць: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!" Елісей ацаліў сольлю няплодныя воды, прадказваючы вобразна нараджэньне праз пачэсны хрост шматлікіх дзяцей, якія пяюць: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!"
Песьня 8 Ірмас. Агонь, акроплены расою, не спаліў юнакоў у печы. Гэта быў вобраз звышпрыроднага цуду – Боскага бясьсменнага нараджэньня Хрыста ад Дзевы. Дзеля гэтага пяём: "Хай усё стварэньне бласлаўляе Госпада, і ўзьвялічвае Яго праз усе вякі!" Усхвалім усе Ўладара, які прыходзіць і яўляецца нам. Той, хто апранае неба ў хмары, уваходзіць у ваду і паніжаецца; прымае хрост Той, хто ачышчае нас, якія пяём: "Хай усё стварэньне бласлаўляе Госпада, і ўзьвялічвае Яго праз усе вякі!" Хадзіце, пойдзем у духу на Ярдан бачыць вялікія і дзіўныя рэчы. Ісус, наша Прасьвятленьне, прыходзіць і нахіляе галаву пад руку слугі, які з трапятаньнем кліча: "Хай усё стварэньне бласлаўляе Госпада, і ўзьвялічвае Яго праз усе вякі!" Вугаль, прадбачаны Ісаем, загарэўся на водах Ярданскіх; Ён паліць грэх і аднаўляе скрушлівых. Дзеля гэтага ўсклікнем: "Хай усё стварэньне бласлаўляе Госпада, і ўзьвялічвае Яго праз усе вякі!"
Песьня 9 Ірмас. Невыказная тайна Дзевы: Яна – неба і пасад хэрувімскі, і сьветланосны хорам Хрыста Бога ўсемагутнага. Дзеля гэтага мы пабожна ўзьвялічваем Яе як Багародзіцу. Дзіўную і слаўную бачу тайну: Ісус прыходзіць дабравольна на Ярдан і кажа Яну: "Дай мне, прыяцелю, руку тваю, бо страшныя і вялікія рэчы Мне трэба споўніць, каб назваць маіх людзей маімі". Хай зацьвіце пустыня Ярданская; тыя, што ў цемры, хай узрадуюцца, бо явілася Сьвятло вялікае. Хрыстос прыходзіць з Галілеі, каб ахрысьціцца ў целе ад слугі. Весяліся сёньня, Ярдан; скачы з радасьці, Яне; увесь сусьвет хай усьцешыцца: Вось явіўся Хрыстос, Ён упакорваецца і прымае хрост, і апранае ў вопратку нятленнасьці ўвесь род людзкі.
Экзапастыляр (сьвяцільнік). Калі Ярдан убачыў Цябе, голага, ён з трапятаньнем сказаў народжанаму ад няплоднай: "Дай, Яне, ахрысьціцца Госпаду, які агнём і духам ачышчае ўсё стварэньне. Ён прыйшоў асьвяціць прыроду зямлі і вады". Слава... цяпер...: Той, хто зазьзяў ад Дзевы ў целе ў Бэтлееме, сёньня сьпяшаецца на Ярдан, каб боскім хрышчэньнем адмыць бруд з народжаных на зямлі, і прасьвятліць тых, што ў цемры.
Пахвальныя псалмы (Тон 6). "Чаму сумняешся, Хрысьціцелю, у провідзе, які Я прыйшоў споўніць для збаўленьня ўсіх? Пакінь старое, і пачні думаць па-новаму, вер Богу, які зышоў на зямлю, і, падышоўшы, зрабі мне паслугу: Я прыйшоў як Бог, каб у добрасардэчнасьці маёй узьняць з заняпаду Адама". "Узяўшы нашыя грахі на свае плечы, Ты, Ісусе, прыйшоў на Ярдан. Ян жахнуўся ад Твайго страшнага прыйсьця: "Як гэта Ты загадваеш мне хрысьціць Цябе? Ты ж прыйшоў сам ачысьціць мяне, дык як гэта Ты, ачышчэньне ўсіх, просіш хрышчэньня?" "Я, прыродай сваёй неспасьцігальны, апрануўся ў выгляд слугі і прыйшоў на Ярдан, застаўшыся нязьменным. Хадзі, ня бойся, наблізься да Мяне, ускладзі тваю правую руку на галаву Маю і ўсклікні: Блаславёны Ты Божа наш, які явіўся нам. Слава Табе!" Неспасьціглая розуму ўбогасьць Твая, Слова Божае! Ведаю, што дзеля мяне, заняпалага, Ты ў добрасардэчнасьці Тваёй апрануўся ў Адама, і абнавіў усіх нашчадкаў яго. Слухаючыся Твайго загаду, у веры ўсклікаю: "Блаславёны Ты, Божа наш, які явіўся нам. Слава Табе!" Слава...: (тон 6). З трапятаньнем служачы Уладару, Ян радуецца душою і кліча: "Радуйцеся са мною, усе нашчадкі праайца, бо Чаканы прыйшоў. Хрыстос прыходзіць на Ярдан ачысьціць усіх ад Адмавага граху ў добрасрдэчнасьці сваёй". Цяпер...: Запяём, людзі, Народжанаму ад Дзевы і ахрышчанаму ў Ярдане. Усклікнем Яму: "Уладару ўсяго стварэньня, дай нам з чыстым сумленьнем без асуджэньня прычакаць Твайго сьвятога ўваскрасеньня з мёртвых на трэці дзень!"
Вершапесьні (Тон 2). Вось Уладар, вось Чаканьне Ізраіля прыходзіць, Цешцеся, людзі, бо Сьвятло зьявілася. Верш. Дзеля гэтага згадваю Цябе ў краіне Ярданскай і Гэрмонскай. Бог стаўся бачным у целе для жыхароў зямлі, Сьвятло зьявілася тым, што ў цемры, і для ўсіх ласка зазьзяла. Верш. Воды ўбачылі Цябе, Божа, воды ўбачылі Цябе і спалохаліся. Светач Сьвятла, прамень Сонца, Прадвесьніку Слова, прыяцелю Жаніха, прароча, выканай тваё служэньне. Слава... цяпер...: (Тон 8). Яне Хрысьціцелю, які яшчэ ва ўлоньні маці пазнаў Мяне як Ягнё, паслужы Мне на рацэ з анёламі. Працягні руку тваю і дакраніся да Маёй усячыстай галавы; і калі ўбачыш, як дрыжаць горы і Ярдан паварочвае плынь вады свае, разам з імі ўсклікні: "Госпадзе, які прыняў цела ад Дзевы дзеля нашага збаўленьня, слава Табе!" Вярнуцца назад |