Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 1 Студзеня - Абрэзаньне Гасподняе; сьвятаначальніка Базыля Вялікага, арцыбіск. Кесарыі Кападакійскай


 

 

1 Студзеня - Абрэзаньне Гасподняе; сьвятаначальніка Базыля Вялікага, арцыбіск. Кесарыі Кападакійскай

і грамадзянскі новы год.

"Божым шляхам", Лёндан, 1996
узгоднена з малітаўнікам 2002.

Закон Майсея загадваў, каб кожнае нованароджанае дзіця мужчынскага полу было абрэзанае на восьмы дзень на знак саюзу між Богам і Абрагамам і ягонымі нашчадкамі. Хрыстос прыйшоў на зямлю не разбурыць, а споўніць Закон (гл. Мц 5:17), і таму на восьмы дзень быў выкананы над Ім законны абрад. У багаслужэбных тэкстах гэтага дня гаворыцца: "Творца Закону споўніў Закон і ўсё, што прадказалі прарокі пра Яго". У той самы час Яму было дадзенае імя "Ісус", што значыць "Збаўца", згодна з аб'яўленьнем анёла перад Ягоным зачацьцем (Лк 1:31, таксама 2:21).

Сьвяты Базыль (329-379) – адзін з найвялікшых усходніх айцоў Царквы. Ён быў братам сьв. Рыгора Ніскага і сьв. Макрыны, прыяцелем сьв. Рыгора Багаслова, з якім пасябраваў, калі вучыўся ў Атэнах. Вярнуўшыся ў родную Кесарыю, праз нейкі час вёў пустэльніцкае жыцьцё. Быў пастаўлены на сьвятара ў 364 г. Шэсьць гадоў пасьля, у 370 г., і заняў біскупскі пасад. Сярод шматлікіх ягоных твораў ёсьць камэнтары на шэсьць дзён тварэньня і на псалмы, трактат пра Сьвятога Духа, аскетычныя творы і правілы манастырскага жыцьця. Лічыцца аўтарам адной з Літургіяў, якая ўжываецца ў Бізантыйскай Царкве.


Вячэрня


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Абрэзаньня (тон 8). Зышоўшы да роду людзкога, Збаўца наш даў сябе спавіць у пялёны. Васьмідзённы ад Маці і спрадвечны ад Айца, Ён не адмовіўся прыняць цялеснае абрэзаньне. Дык засьпявайма Яму, верныя: "Ты Бог наш, зьмілуйся над намі".

Усядобры Бог даў нам усім збавенны вобраз і прыклад, не пасаромеўшыся прыняць цялеснае абрэзаньне. Творца Закону споўніў Закон і ўсё, што прадказалі прарокі пра Яго. Той, хто трымае ўсё ў руцэ сваёй, даў сябе спавіць у пялёны. Госпадзе, слава Табе! (Двойчы)

Сьвятога (mон 4). Імя тваё, ойча Базылю, азначае "уладарны", і ўладарным было сьвятарства тваё, уладаю якога ты пасьвіў народ Хрыстовы навукаю і прыкладам. За гэта ўладарным вянцом упрыгожыў цябе ўсемагутны Уладар уладароў, адзінасутны з Айцом спрадвечны Сын. Малі Яго за збаўленьне і прасьвятленьне душ нашых.

Апрануты ў сьвятарскую вопратку, ты, Базылю, з радасьцю прапаведаваў Евангельле Валадарства і перадаваў Царкве правую навуку. Сёньня мы, прасьветленыя ёю, вызнаем і славім адзінае і неразьдзельнае ў трох асобах Боства – Айца ўсемагутнага, адзінароднае Слова Божае і Боскага Духа. Малі Яго за збаўленьне і прасьвятленьне душ нашых.

Ойча Базылю! Калі ты жыў у целе сярод людзей, чысьцінёю нораваў тваіх ты быў падобны да бесьцялесных анёлаў. Цяпер малі Хрыста Бога, каб Ён захаваў ад небясьпекі і цемрадзі тых, што чэрпаюць асалоду з тваіх боганатхнёных навучаньняў, і збавіў і прасьвятліў душы нашыя.

Слава...:

(Тон 8). Ты, сьвяты, любіў мудрасьць і вышэй за усё цаніў еднасьць з Богам; маючы за спадарожніцу думку аб сьмерці, ты правёў жыцьцё дабрадзейна і перамог цялесныя пажаданьні ўстрыманасьцю. Навукаю Закону Божага ты захаваў душу свабоднаю, і веліччу дабрадзейнасьцяў падпарадкаваў цялеснае духоўнаму, адкінуўшы прынады і спакусы гэтага сьвету. Цяпер, малі Хрыста дараваць душам нашым веліч зьмілаваньня.

Цяпер...:

(Тон 8). Зышоўшы да роду людзкога, Збаўца наш даў сябе спавіць у пялёны. Васьмідзённы ад Маці і спрадвечны ад Айца, Ён не адмовіўся прыняць цялеснае абрэзаньне. Дык засьпявайма Яму, верныя: "Ты Бог наш, зьмілуйся над намі".


Чытаньне кнігі Роду

Госпад зьявіўся Абраму і сказаў яму: "Я Бог твой, дагадзі Мне і будзь беззаганны, бо жадаю заключыць саюз між Мною і табою, і дам табе шматлікае патомства". Абрам паў ніц на зямлю, а Бог працягваў гаварыць: "Вось Мой саюз з табою: ты станешся бацькам шматлікіх народаў. Ад гэтага часу ня будзеш называцца Абрам, але імя тваё будзе Абрагам, бо зраблю цябе бацькам многіх народаў. Зраблю цябе бязьмерна плодным, і будзеш бацькам шматлікіх народаў, і цары будуць сярод нашчадкаў тваіх. Мой саюз, які заключаю з табою і тваімі нашчадкамі, будзе трываць з пакаленьня ў пакаленьне, ён будзе саюзам вечным, і Я буду Богам тваім і нашчадкаў тваіх". Абрагам паў тварам на зямлю і пакланіўся, а Бог казаў яму: "Захавай мой саюз, ты і нашчадкі твае. Вось саюз Мой, які будзеш захоўваць ты і ўсе нашчадкі, што будуць пасьля цябе: усе мужчыны хай абрэжуць край цела свайго на знак саюзу між Мною і табою і ўсімі нашчадкамі тваімі давеку. З пакаленьня ў пакаленьне хай кожнае васьмідзённае дзіця мужчынскага роду будзе абрэзанае. І кожны мужчына, які не абрэжа канца цела свайго, будзе адлучаны ад грамады вашай, бо не захаваў саюзу са Мною". (17:1-14)


Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Бог меў мяне (мудрасьць) на пачатку шляху, перад тым, як пачаў тварыць, здавён-даўна. Спрадвеку я была ўстаноўленая, перш чым паўстала зямля. Я народжаная раней за бездань, і за крыніцы вадацечныя; раней чым былі заснаваныя горы, раней за ўзгоркі было маё нараджэньне, – калі Ён не стварыў яшчэ ні зямлі, ні палёў, ні найдрабнейшых пылінак зямных. Я з Ім была, калі Ён умацоўваў неба; калі вымяраў скляпеньне над безданьню; калі згушчаў хмары ўгары, калі ўстанаўляў крыніцы ў бездані; вызначаў межы мору, каб ягоныя воды ня выйшлі з берагоў; калі закладаў падваліны зямлі. Я была Ягонай спадарожніцаю і радасьцю з дня ў дзень, цешачыся перад Ім паўсякчасна. (8:22-30)


Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Вусны праведнага кажуць мудрасьць, а язык распусны будзе зьнішчаны. З вуснаў праведнага цячэ мілае Богу, з вуснаў няверных – распуста. Агідная Госпаду мера неправедная, вага справядлівая даспадобы Яму. З пыхаю прыходзіць ганьба, са сьціпласьцю – мудрасьць. Шчырасьць кіруе праведнымі, здрадлівых загубіць іхняя хітрасьць. У дзень гневу багацьце бескарыснае, а справядлівасьць ратуе ад сьмерці. Праведнасьць нявіннага выпрастоўвае шлях яму, а нязбожны гіне з прычыны нязбожнасьці сваёй. Праведнасьць – ратунак для справядлівых, у сваёй злосьці заблытваюцца падступныя. Памірае грэшэнік, і з ім гіне надзея яго; марныя спадзяваньні моцных. Справядлівы вызваляецца ад бяды, замест яго ў яе трапляе нязбожны. Неправедны вуснамі губіць бліжняго свайго, праніклівасьць праведных збаўляе іх. Калі праведным шчасьціць, увесь горад цешыцца; калі грэшнікі гінуць, усе скачуць з радасьці. Блаславеньнем праведнікаў горад умацоўваецца, вуснамі грэшнікаў – занепадае. Неразумны выказвае ўголас пагарду да іншых, разумны ўмее маўчаць. (10:31-11:12)


Ліцьця

(Тон 3). Богатнатхнёны Базылю, чыстым жыцьцём ты зрабіў душу тваю жыльлём Крыніцы жыцьця – Хрыста, – і выліў для сьвету рэкі набожнага навучаньня. Напоеныя ім верныя дзеці Царквы падзяку прыносяць Богу, які праславіў памяць тваю на век вякоў.

Ты, боганатхнёны Базылю, быў памазаны алеем ласкі, каб сьвятадзейнічаць Евангельле Валадарства нябеснага; быццам духмяным кадзілам, ты напоўніў сусьвет Хрыстовай навукаю. Прымі шчырую малітву слуг тваіх і выпрасі нам, якія шануем цябе, веліч зьмілаваньня.

Апрануты ў сьвятарскую вопратку, ты, Базылю, у абароне Тройцы стаў перад судом, гатовы пацярпець за веру, і сваёй непахіснасьцю пасароміў царскага намесьніка. Не спалохаўшыся злосных пагрозаў, ты быў гатовы ісьці на мучэньні, за што і атрымаў вянец ад Хрыста, адзінага міласэрнага.

Слава...:

(Тон 6). Ласка пацякла з вуснаў тваіх, ойча сьвяты, і ты быў пастырам Хрыстовае царквы, навучаючы духоўных авечак верыць у Тройцу адзінасутную ў адзіным Бостве.

Цяпер...:

(Тон 8). Зышоўшы да роду людзкога, Збаўца наш даў сябе спавіць у пялёны. Васьмідзённы ад Маці і спрадвечны ад Айца, Ён не адмовіўся прыняць цялеснае абрэзаньне. Дык засьпявайма Яму, верныя: "Ты Бог наш, зьмілуйся над намі".


Вершапесьні

(Тон 1). Боская і сьвятая пчала Хрыстовае Царквы, блаславёны Базылю! Джалам стараннасьці боскай ты перамог ганебную агіду ерасяў і даў душам верных салодкі скарб набожнасьці. Успомні нас сёньня, калі стаіш перад пасадам адзінасутнае Тройцы ў боскім раі.

Верш. Вусны мае кажуць словы мудрасьці, разважнасьць – роздум сэрца майго.

Ты, ойча Базылю, злучыў у сабе дабрадзейнасьці ўсіх сьвятых: Майсееву лагоднасьць, рупнасьць Ільлі, Пятрова вызнаньне, Янава багаслоўе. Як Павал, ты няспынна клікаў: "Хто слабы, і я не зьнемагаю; хто спакушаецца, і я не распальваюся?" З імі разам маліся цяпер за збаўленьне душ нашых.

Верш. Вусны праведнага абвяшчаюць мудрасьць, язык ягоны кажа праўду.

(Тон 2). Настаўніку сьвятасьці Базылю, ты дасьледаваў прыроду рэчаў і, упэўніўшыся ў іхняй нетрываласьці, знайшоў адзінага нязьменнага – надпрыроднага Творцу ўсяго сьвету. Прыхіліўшыся Да Яго, ты адкінуў прынаду пераходных рэчаў. Маліся цяпер, каб і нам напоўніцца жаданьнем Бога.

Слава...:

(Тон 6). Прыняўшы з неба ласку цудаў, і выкрыўшы ману ідалапаклонства вучэньнем тваім, ты, блаславёны Базылю, стаўся пахвалою і ўмацаваньнем сьвятаначальнікаў і прыкладам настаўніка для ўсіх айцоў Царквы. Маючы сьмеласьць у Бога, малі Яго за збаўленьне душ нашых.

Цяпер...:

(Тон 8). Усядобры Бог даў нам усім збавенны вобраз і прыклад, не пасаромеўшыся прыняць цялеснае абрэзаньне. Творца Закону споўніў Закон і ўсё, што прадказалі прарокі пра Яго. Той, хто трымае ўсё ў руцэ сваёй, даў сябе спавіць у пялёны. Госпадзе, слава Табе!


Адпушчальныя трапары

Трапар Базыля (тон 1). Голас твой разышоўся па ўсёй зямлі, і яна ўспрыняла словы твае, якімі ты навучаў усіх, выясьняючы сутнасьць рэчаў і выпраўляючы норавы людзей. Вышыня сьвятарства, ойча блаславёны, малі Хрыста Бога, каб Ён дараваў нам багацьце свайго зьмілаваньня.

Слава... цяпер...:

Абрэзаньня (тон 1). Ты, Ісусе, які сядзіш на вогненным пасадзе з Айцом спрадвечным і Боскім Духам Тваім, захацеў дабравольна нарадзіцца ад Чыстае Дзевы, Маці Твае, і, як чалавек, быць абрэзаным на восьмы дзень. Слава добрай волі Тваёй, слава провіду Твайму, слава Тваёй спагадлівасьці, адзіны Чалавекалюбча.


Старонка 1 з 3 | Наступная старонка
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст