Галоўная > Мінэя - Студзень > 1 Студзеня - Абрэзаньне Гасподняе; сьвятаначальніка Базыля Вялікага, арцыбіск. Кесарыі Кападакійскай
1 Студзеня - Абрэзаньне Гасподняе; сьвятаначальніка Базыля Вялікага, арцыбіск. Кесарыі Кападакійскай27 чэрвеня 2008. |
|
і грамадзянскі новы год.
"Божым шляхам", Лёндан, 1996 Закон Майсея загадваў, каб кожнае нованароджанае дзіця мужчынскага полу было абрэзанае на восьмы дзень на знак саюзу між Богам і Абрагамам і ягонымі нашчадкамі. Хрыстос прыйшоў на зямлю не разбурыць, а споўніць Закон (гл. Мц 5:17), і таму на восьмы дзень быў выкананы над Ім законны абрад. У багаслужэбных тэкстах гэтага дня гаворыцца: "Творца Закону споўніў Закон і ўсё, што прадказалі прарокі пра Яго". У той самы час Яму было дадзенае імя "Ісус", што значыць "Збаўца", згодна з аб'яўленьнем анёла перад Ягоным зачацьцем (Лк 1:31, таксама 2:21). Сьвяты Базыль (329-379) – адзін з найвялікшых усходніх айцоў Царквы. Ён быў братам сьв. Рыгора Ніскага і сьв. Макрыны, прыяцелем сьв. Рыгора Багаслова, з якім пасябраваў, калі вучыўся ў Атэнах. Вярнуўшыся ў родную Кесарыю, праз нейкі час вёў пустэльніцкае жыцьцё. Быў пастаўлены на сьвятара ў 364 г. Шэсьць гадоў пасьля, у 370 г., і заняў біскупскі пасад. Сярод шматлікіх ягоных твораў ёсьць камэнтары на шэсьць дзён тварэньня і на псалмы, трактат пра Сьвятога Духа, аскетычныя творы і правілы манастырскага жыцьця. Лічыцца аўтарам адной з Літургіяў, якая ўжываецца ў Бізантыйскай Царкве.
Вячэрня
На "Госпадзе, Цябе клічу...": Абрэзаньня (тон 8). Зышоўшы да роду людзкога, Збаўца наш даў сябе спавіць у пялёны. Васьмідзённы ад Маці і спрадвечны ад Айца, Ён не адмовіўся прыняць цялеснае абрэзаньне. Дык засьпявайма Яму, верныя: "Ты Бог наш, зьмілуйся над намі". Усядобры Бог даў нам усім збавенны вобраз і прыклад, не пасаромеўшыся прыняць цялеснае абрэзаньне. Творца Закону споўніў Закон і ўсё, што прадказалі прарокі пра Яго. Той, хто трымае ўсё ў руцэ сваёй, даў сябе спавіць у пялёны. Госпадзе, слава Табе! (Двойчы) Сьвятога (mон 4). Імя тваё, ойча Базылю, азначае "уладарны", і ўладарным было сьвятарства тваё, уладаю якога ты пасьвіў народ Хрыстовы навукаю і прыкладам. За гэта ўладарным вянцом упрыгожыў цябе ўсемагутны Уладар уладароў, адзінасутны з Айцом спрадвечны Сын. Малі Яго за збаўленьне і прасьвятленьне душ нашых. Апрануты ў сьвятарскую вопратку, ты, Базылю, з радасьцю прапаведаваў Евангельле Валадарства і перадаваў Царкве правую навуку. Сёньня мы, прасьветленыя ёю, вызнаем і славім адзінае і неразьдзельнае ў трох асобах Боства – Айца ўсемагутнага, адзінароднае Слова Божае і Боскага Духа. Малі Яго за збаўленьне і прасьвятленьне душ нашых. Ойча Базылю! Калі ты жыў у целе сярод людзей, чысьцінёю нораваў тваіх ты быў падобны да бесьцялесных анёлаў. Цяпер малі Хрыста Бога, каб Ён захаваў ад небясьпекі і цемрадзі тых, што чэрпаюць асалоду з тваіх боганатхнёных навучаньняў, і збавіў і прасьвятліў душы нашыя. Слава...: (Тон 8). Ты, сьвяты, любіў мудрасьць і вышэй за усё цаніў еднасьць з Богам; маючы за спадарожніцу думку аб сьмерці, ты правёў жыцьцё дабрадзейна і перамог цялесныя пажаданьні ўстрыманасьцю. Навукаю Закону Божага ты захаваў душу свабоднаю, і веліччу дабрадзейнасьцяў падпарадкаваў цялеснае духоўнаму, адкінуўшы прынады і спакусы гэтага сьвету. Цяпер, малі Хрыста дараваць душам нашым веліч зьмілаваньня. Цяпер...: (Тон 8). Зышоўшы да роду людзкога, Збаўца наш даў сябе спавіць у пялёны. Васьмідзённы ад Маці і спрадвечны ад Айца, Ён не адмовіўся прыняць цялеснае абрэзаньне. Дык засьпявайма Яму, верныя: "Ты Бог наш, зьмілуйся над намі".
Чытаньне кнігі Роду Госпад зьявіўся Абраму і сказаў яму: "Я Бог твой, дагадзі Мне і будзь беззаганны, бо жадаю заключыць саюз між Мною і табою, і дам табе шматлікае патомства". Абрам паў ніц на зямлю, а Бог працягваў гаварыць: "Вось Мой саюз з табою: ты станешся бацькам шматлікіх народаў. Ад гэтага часу ня будзеш называцца Абрам, але імя тваё будзе Абрагам, бо зраблю цябе бацькам многіх народаў. Зраблю цябе бязьмерна плодным, і будзеш бацькам шматлікіх народаў, і цары будуць сярод нашчадкаў тваіх. Мой саюз, які заключаю з табою і тваімі нашчадкамі, будзе трываць з пакаленьня ў пакаленьне, ён будзе саюзам вечным, і Я буду Богам тваім і нашчадкаў тваіх". Абрагам паў тварам на зямлю і пакланіўся, а Бог казаў яму: "Захавай мой саюз, ты і нашчадкі твае. Вось саюз Мой, які будзеш захоўваць ты і ўсе нашчадкі, што будуць пасьля цябе: усе мужчыны хай абрэжуць край цела свайго на знак саюзу між Мною і табою і ўсімі нашчадкамі тваімі давеку. З пакаленьня ў пакаленьне хай кожнае васьмідзённае дзіця мужчынскага роду будзе абрэзанае. І кожны мужчына, які не абрэжа канца цела свайго, будзе адлучаны ад грамады вашай, бо не захаваў саюзу са Мною". (17:1-14)
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў Бог меў мяне (мудрасьць) на пачатку шляху, перад тым, як пачаў тварыць, здавён-даўна. Спрадвеку я была ўстаноўленая, перш чым паўстала зямля. Я народжаная раней за бездань, і за крыніцы вадацечныя; раней чым былі заснаваныя горы, раней за ўзгоркі было маё нараджэньне, – калі Ён не стварыў яшчэ ні зямлі, ні палёў, ні найдрабнейшых пылінак зямных. Я з Ім была, калі Ён умацоўваў неба; калі вымяраў скляпеньне над безданьню; калі згушчаў хмары ўгары, калі ўстанаўляў крыніцы ў бездані; вызначаў межы мору, каб ягоныя воды ня выйшлі з берагоў; калі закладаў падваліны зямлі. Я была Ягонай спадарожніцаю і радасьцю з дня ў дзень, цешачыся перад Ім паўсякчасна. (8:22-30)
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў Вусны праведнага кажуць мудрасьць, а язык распусны будзе зьнішчаны. З вуснаў праведнага цячэ мілае Богу, з вуснаў няверных – распуста. Агідная Госпаду мера неправедная, вага справядлівая даспадобы Яму. З пыхаю прыходзіць ганьба, са сьціпласьцю – мудрасьць. Шчырасьць кіруе праведнымі, здрадлівых загубіць іхняя хітрасьць. У дзень гневу багацьце бескарыснае, а справядлівасьць ратуе ад сьмерці. Праведнасьць нявіннага выпрастоўвае шлях яму, а нязбожны гіне з прычыны нязбожнасьці сваёй. Праведнасьць – ратунак для справядлівых, у сваёй злосьці заблытваюцца падступныя. Памірае грэшэнік, і з ім гіне надзея яго; марныя спадзяваньні моцных. Справядлівы вызваляецца ад бяды, замест яго ў яе трапляе нязбожны. Неправедны вуснамі губіць бліжняго свайго, праніклівасьць праведных збаўляе іх. Калі праведным шчасьціць, увесь горад цешыцца; калі грэшнікі гінуць, усе скачуць з радасьці. Блаславеньнем праведнікаў горад умацоўваецца, вуснамі грэшнікаў – занепадае. Неразумны выказвае ўголас пагарду да іншых, разумны ўмее маўчаць. (10:31-11:12)
Ліцьця (Тон 3). Богатнатхнёны Базылю, чыстым жыцьцём ты зрабіў душу тваю жыльлём Крыніцы жыцьця – Хрыста, – і выліў для сьвету рэкі набожнага навучаньня. Напоеныя ім верныя дзеці Царквы падзяку прыносяць Богу, які праславіў памяць тваю на век вякоў. Ты, боганатхнёны Базылю, быў памазаны алеем ласкі, каб сьвятадзейнічаць Евангельле Валадарства нябеснага; быццам духмяным кадзілам, ты напоўніў сусьвет Хрыстовай навукаю. Прымі шчырую малітву слуг тваіх і выпрасі нам, якія шануем цябе, веліч зьмілаваньня. Апрануты ў сьвятарскую вопратку, ты, Базылю, у абароне Тройцы стаў перад судом, гатовы пацярпець за веру, і сваёй непахіснасьцю пасароміў царскага намесьніка. Не спалохаўшыся злосных пагрозаў, ты быў гатовы ісьці на мучэньні, за што і атрымаў вянец ад Хрыста, адзінага міласэрнага. Слава...: (Тон 6). Ласка пацякла з вуснаў тваіх, ойча сьвяты, і ты быў пастырам Хрыстовае царквы, навучаючы духоўных авечак верыць у Тройцу адзінасутную ў адзіным Бостве. Цяпер...: (Тон 8). Зышоўшы да роду людзкога, Збаўца наш даў сябе спавіць у пялёны. Васьмідзённы ад Маці і спрадвечны ад Айца, Ён не адмовіўся прыняць цялеснае абрэзаньне. Дык засьпявайма Яму, верныя: "Ты Бог наш, зьмілуйся над намі".
Вершапесьні (Тон 1). Боская і сьвятая пчала Хрыстовае Царквы, блаславёны Базылю! Джалам стараннасьці боскай ты перамог ганебную агіду ерасяў і даў душам верных салодкі скарб набожнасьці. Успомні нас сёньня, калі стаіш перад пасадам адзінасутнае Тройцы ў боскім раі. Верш. Вусны мае кажуць словы мудрасьці, разважнасьць – роздум сэрца майго. Ты, ойча Базылю, злучыў у сабе дабрадзейнасьці ўсіх сьвятых: Майсееву лагоднасьць, рупнасьць Ільлі, Пятрова вызнаньне, Янава багаслоўе. Як Павал, ты няспынна клікаў: "Хто слабы, і я не зьнемагаю; хто спакушаецца, і я не распальваюся?" З імі разам маліся цяпер за збаўленьне душ нашых. Верш. Вусны праведнага абвяшчаюць мудрасьць, язык ягоны кажа праўду. (Тон 2). Настаўніку сьвятасьці Базылю, ты дасьледаваў прыроду рэчаў і, упэўніўшыся ў іхняй нетрываласьці, знайшоў адзінага нязьменнага – надпрыроднага Творцу ўсяго сьвету. Прыхіліўшыся Да Яго, ты адкінуў прынаду пераходных рэчаў. Маліся цяпер, каб і нам напоўніцца жаданьнем Бога. Слава...: (Тон 6). Прыняўшы з неба ласку цудаў, і выкрыўшы ману ідалапаклонства вучэньнем тваім, ты, блаславёны Базылю, стаўся пахвалою і ўмацаваньнем сьвятаначальнікаў і прыкладам настаўніка для ўсіх айцоў Царквы. Маючы сьмеласьць у Бога, малі Яго за збаўленьне душ нашых. Цяпер...: (Тон 8). Усядобры Бог даў нам усім збавенны вобраз і прыклад, не пасаромеўшыся прыняць цялеснае абрэзаньне. Творца Закону споўніў Закон і ўсё, што прадказалі прарокі пра Яго. Той, хто трымае ўсё ў руцэ сваёй, даў сябе спавіць у пялёны. Госпадзе, слава Табе!
Адпушчальныя трапары Трапар Базыля (тон 1). Голас твой разышоўся па ўсёй зямлі, і яна ўспрыняла словы твае, якімі ты навучаў усіх, выясьняючы сутнасьць рэчаў і выпраўляючы норавы людзей. Вышыня сьвятарства, ойча блаславёны, малі Хрыста Бога, каб Ён дараваў нам багацьце свайго зьмілаваньня. Слава... цяпер...: Абрэзаньня (тон 1). Ты, Ісусе, які сядзіш на вогненным пасадзе з Айцом спрадвечным і Боскім Духам Тваім, захацеў дабравольна нарадзіцца ад Чыстае Дзевы, Маці Твае, і, як чалавек, быць абрэзаным на восьмы дзень. Слава добрай волі Тваёй, слава провіду Твайму, слава Тваёй спагадлівасьці, адзіны Чалавекалюбча.
Ютрань
Пасьля "Госпад – Бог...": трапар сьвята; Слава...: сьвятога; Цяпер...: сьвята.
Сядальныя песьні 1 (тон 5). Усхвалім Базыля, царскую красу Царквы, багатую скарбніцу навукі, што навучае нас шанаваць Тройцу сьвятую, адзіную прыродаю, розную асобамі. Слава...: (тон 1). Базылю багамудры, ты стаіш перад Тройцаю. Маліся, каб нам, якія славім цябе і шануем памяць тваю, атрымаць ласку, зьмілаваньне і ачышчэньне грахоў, і вуснамі і сэрцам славіць адзінага Чалавекалюбца. Цяпер...: Творца ўсіх і Уладар сьвету, што з Айцом і Духам угары прабывае, абрэзваецца на зямлі як васьмідзённае дзіця. Сапраўды боскія і дзівосныя дзеяньні Твае, Уладару: Ты даў сябе абрэзаць дзеля нас, каб споўніць Закон.
Сядальныя песьні 2 (тон 8). Ты пачэрпаў тайнае багацьце невычэрпнае мудрасьці, і праліў для ўсіх воды правай веры, што вяселяць сэрцы верных і топяць намеры бязбожных. Сярод тых, што змагаліся за праўдзівую веру, ты, сьвяты Базылю, явіўся абаронцам непераможным Тройцы. Маліся Хрысту Богу даць адпушчэньне правінаў тым, што спраўляюць памяць тваю. Слава...: (тон 3). Быццам вадою, ты, Базылю, напаіў увесь сьвет вучэньнямі тваімі і дабрадзейнасьцямі, бо ў табе была крыніца існая жыцьця. Малі Хрыста дараваць нам багацьце зьмілаваньня. Цяпер...: (тон 4). Нябачны прыродаю сваёю сёньня стаецца бачным у целе. Нястворанае Слова прыходзіць на сьвет, нарадзіўшыся ад Дзевы. Згодна з Законам Ён дзеля нас, людзей, абрэзваеца як васьмідзённае дзіця. Дык паклонімся Яму, як Збавіцелю нашаму.
Паліелей: Хваліце імя Гасподняе...
Уьвялічваньне: Узьвялічваем цябе, сьвяты ойча Базылю, і шануем сьвятую памяць тваю, бо ты молішся за нас Хрысту Богу нашаму. Верш 1. Вусны праведніка абвяшчаюць мудрасьць, язык яго кажа праўду. Верш 2. Сьвятары Твае апрануцца ў мудрасьць, і сьвятыя Твае ў радасьці жыць будуць. Верш 3. Шчасьлівыя тыя, што жывуць у доме Тваім: яны вечна хваляць Цябе. Слава... цяпер...: Алілуя, алілуя, алілуя, Слава Табе, Божа. (Тройчы)
Сядальныя песьні (Тон 8). Сілаю тваіх боскіх словаў ты нізьвергнуў змрочныя ерасі і выявіў памылкі Яўномія. Ты навучаў людзей, што Дух ёсьць Богам, перамог ворагаў уздыманьнем рук, разагнаў паплечнікаў Савэлія, і ўсе мудраваньні Нэсторыя ў нішто абярнуў, сьвяты ойча Базылю. Маліся Хрысту Богу, каб Ён дараваў адпушчэньне правінаў нам, якія з любоўю спраўляем сьвятую памяць тваю. Слава...: Ласка тваіх боскіх прапаведаваньняў і вышыня твайго навучаньня сталіся для нас сходамі да неба. Ты, ойча, прыдбаў духоўную трубу, каб ёю абвяшчаць боскія навукі. Таму ты і пасяліўся цяпер на квяцістым месцы, атрымаўшы ўзнагароду за подзьвігі, сьвятаначальніку Базылю. Маліся Хрысту Богу, каб Ён дараваў адпушчэньне правінаў нам, якія з любоўю спраўляем сьвятую памяць тваю. Цяпер...: Уладар і Творца ўсяго, які прыняў цела ў чыстым улоньні Тваім, зрабіў Цябе, Усебеззаганная, заступніцай людзей. Мы ўсе да Цябе прыбягаем, Уладарка, і просім ачышчэньня ад правінаў, збаўленьня ад вечнае мукі і ад злосьці князя гэтага сьвету, і ўсклікаем: "Маліся Сыну Твайму і Богу, каб Ён дараваў адпушчэньне правінаў нам, якія з вераю пакланяемся ўсесьвятому сынараджэньню Твайму".
Узыходныя песьні: першы антыфан 4 тону.
Пракімен. Вусны мае кажуць мудрасьць, разважнасьць – роздум сэрца майго. Верш. Пачуйце гэта, усе народы, слухайце, усе жыхары зямлі.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна Сказаў Госпад да гэбрэяў, якія прыйшлі да Яго: "Я – дзьверы: хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены; увойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу. Злодзей прыходзіць, толькі каб украсьці, і забіць, і загубіць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыцьцё, і мелі яго ўдосталь. Я – Добры Пастыр. Добры пастыр жыцьцё сваё кладзе за авечкі свае. А найміт, не пастыр, той, каму авечкі не свае, бачыць, як прыходзіць воўк, і пакідае авечак і ўцякае, а воўк хапае іх і разганяе; (а найміт уцякае), бо ён найміт і ня дбае пра авечак. Я – Добры Пастыр, і ведаю Маіх, і Мае ведаюць Мяне. Як ведае Мяне Айцец, і Я ведаю Айца, і сваё жыцьцё кладу за авечкі. Маю і іншыя авечкі, што ня з гэтага двара, і тых Мне трэба прывесьці, каб пачулі голас Мой. І будзе адна аўчарня і адзін Пастыр". (10:9-16)
Пасьля Пс 50: Слава...: Малітвамі сьвятога айца Базыля, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых. Цяпер...: Малітвамі Багародзіцы, Міласэрны, ачысьці мноства правінаў нашых. Зьмілуйся нада мною, Божа...: (Тон 6). Ласка пацякла з вуснаў тваіх, сьвяты ойча: ты быў пастырам Царквы Хрыстовае, навучаючы духоўныя авечкі верыць у Тройцу адзінасутную ў адзіным Бостве.
Канон (Тон 2) Песьня 1. Ірмас. Прыйдзіце, людзі, запяём песьню Хрысту Богу, які разьдзяліў мора і правёў праз яго людзей, вывеўшы іх з ягіпскай няволі, бо Ён уславіўся. Катавасія. Госпад, магутны ў бітве, раскрыў асновы глыбіні марской і правёў слуг сваіх па сухой зямлі, а ворагаў пакрыў вадою, і ўславіўся.
Песьня 3. Ірмас. Умацуй нас у Табе, Госпадзе, што дрэвам крыжовым умярцьвіў грэх, і ўзгадуй страх Твой у сэрцах нашых, каб нам славіць Цябе. Катавасія. Госпад, які дае сілу ўладаром і ўзвышае абраных сваіх, родзіцца ад Дзевы і прыходзіць хрысьціцца. Дзеля гэтага, верныя, усклікнем на ўвесь голас: "Ніхто не сьвяты, апрача Бога нашага, і ніхто ня праведны, апрача Цябе, Госпадзе!" Кандак Абрэзаньня (тон 4). Сёньня Уладар усіх церпіць абрэзаньне і ў дабрыні сваёй абрэзвае людзкія правіны, даючы сьвету збаўленьне. Радуецца ў небе сьвятаначальнік Божы, сьветлы тайнік Хрыстовы Базыль.
Сядальная песьня (Тон 8). Навучыўшыся словам мудрасьці і засвоіўшы пісаньні Закону, ты, сьвяты ойча Базылю, усім прапаведаваў слова ласкі. Каменныя скрыжалі душаў ты апрацаваў сваімі словамі, і на іх напісаў боскія вучэньні. Прайшоўшы змрок цялесны, ты зазьзяў духам. Малі Хрыста Бога, каб Ён дараваў адпушчэньне грахоў нам, якія з любоўю шануем сьвятую памяць тваю. Слава... цяпер...: (Тон 4). Ты, Уладару – Бездань чалавекалюбства, – прыняў выгляд слугі, абрэзаўся цялесна, і даў людзям багацьце свайго зьмілаваньня.
Песьня 4. Ірмас. Я пачуў, Госпадзе, вестку провіду Твайго, і праславіў Цябе, адзіны Чалавекалюбча. Катавасія. Той, каго Ты, Госпадзе, назваў "Голасам, што кліча ў пустыні", пачуў Твой голас, які загрымеў над водамі, даючы сьведчаньне Твайму Сыну. Напоўнены Духам, які зыходзіў, ён усклікнуў: "Ты – Хрыстос, Божая мудрасьць і сіла!"
Песьня 5. Ірмас. Госпадзе, сьветладаўча і Творча вякоў, прасьвятлі нас сьвятлом запаветаў Тваіх. Апроч Цябе іншага бога ня знаем. Катавасія. Ісус, Уладар жыцьця, ідзе адмяніць прысуд першастворанага Адама. Як Бог, Ён ня мае патрэбы ў ачышчэньні, але ачышчае ў Ярдане сатлелага чалавека і, зьнішчыўшы ў ягоных струменях усякую варожасьць, дае супакой, што пераўзыходзіць розум.
Песьня 6. Ірмас. Бездань грахоў акружае мяне, і таму, як прарок, клічу: "Ад тленнасьці вызваль мяне, Госпадзе!" Катавасія. Голас Слова, ліхтар Сьвятла, заранка Сонца, – Прадвесьнік гукае ў пустыні, кажучы: "Пакайцеся і ачысьціцеся, пакуль час, бо вось ідзе Хрыстос, каб збавіць сьвет ад загубы". Кандак Базыля (тон 4). Ты стаўся непахіснай асноваю Царквы, даючы людзям незьнішчальны скарб, умацоўваючы іх навучаньнем тваім, нябесных тайнаў вестуне. Ікас. Чаша чысьціні, голас мудрасьці, вышыня навукі, Базыль вялікі, усіх асьвятляе зьзяньнем духоўным. Дык прыйдзіце ўсе, станем у доме Божым, будзем дзівіцца і цешыцца. Прасьветленыя прыкладам ягонага жыцьця, пераймайма ягоную веру, адданасьць і пакору, дзякуючы якім ён стаўся жыльлём Божым. Будзем радасна клікаць і славіць Базыля сьвятога, нябесных тайнаў вестуна.
Песьня 7. Ірмас. Калі ўсе пакланяліся залатому ідалу на полі Дэір, тры юнакі Твае не паслухаліся бязбожнага загаду. Сярод агню, у які яны былі ўкінутыя, асьвежаныя расою з вышыні, яны пяялі: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых". Катавасія. Подых ветру і раса, і зыход анёла захавалі непашкоджанымі набожных юнакоў, што хадзілі па распаленай агнём печы. Асьвежаныя расою, яны пяялі з удзячнасьцю: "Усяслаўны Госпадзе і Божа айцоў, блаславёны Ты!"
Песьня 8. Ірмас. Бога Слова, што ў невыказнай мудрасьці стварыў усё і прывёў ад нябыту да быцьця, блаславіце, стварэньні, як Госпада, і ўзьвялічвайце праз усе вякі. Катавасія. Слаўную тайну паказала нам бабілёнская печ, калі напоўнілася расою. У падобны спосаб Ярдан прыняў духоўны Агонь і пакрыў Творцу, які ахрысьціўся цялесна ў ім. Людзі бласлаўляюць Яго і ўзьвялічваюць праз усе вякі.
На дзевятай песьні замест "Больш годную пашаны..." сьпяваем, наступныя прыпевы. Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, Госпада, згодна з законам цялесна абрэзанага. Песьня 9. Ірмас. Бог, які зазьзяў раней за сонца, прыйшоў да нас, прыняўшы невыказна цела, з улоньня дзявочага Твайго, Усячыстая і Блаславёная. Дзеля гэтага Цябе, Багародзіца, узьвялічваем. Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, Хрыста, які на восьмы дзень прыняў абрэзаньне. Хрыстос пераходзіць межы людзкой прыроды, надпрыродна родзіцца ад Дзевы і, як Закон загадвае, прымае цялеснае абрэзаньне, бо Ён – спаўненьне Закону. Прыпеў. Сёньня Уладар прымае абрэзаньне, і атрымлівае імя Ісус. Прыйдзіце, уславім сьвятое імя Ісус, якое сёньня ў сьвятыні даецца Уладару, і адначасна адзначым памяць сьвятога Базыля. Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, сярод сьвятаначальнікаў вялікага Базыля. Як вернае ягнё Хрыстовае, ты, блаславёны Базылю, пайшоў па жыцьцядайных сьлядох Першага Пастыра, і адважна аддаў душу сваю ў рукі мучыцеля, думаючы толькі пра дабро Царквы, блаславёны. Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, сьветач сусьветны, Базыля. Вораг убачыў сьвятую супольнасьць Царкоўную, упрыгожаную тваім сьвятарствам, мудры Базылю. Ён задрыжэў, быццам ад грому, і ўпаў, бо ня мог трываць зьзяньня Духа, якое Ты выпраменьваў. Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, Базыля вялікага з Кесарыі. Ты, Базылю, удастоіўся пасаду апостальскага, хору мучанікаў Хрыстовых, патрыярхаў скініі, слодычы праведнікаў і радасьці праведных, бо ты быў слугою Багародзіцы і знаўцам Усесьвятое Тройцы. Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, больш пачэсную за анельскія хоры Дзеву Усячыстую Багародзіцу. Адзіны Госпад, які пакрывае водамі вышыні, устанаўляе моры, сушыць бездані, ад Цябе, Усячыстая, прыняў цела і з Бэтлеему спяшаецца на Ярдан, каб там ахрысьціцца цялесна. Катавасія. Ніякі язык ня ў стане дастойна ўсхваліць Цябе, і нават сілы нябесныя, стоячы ў подзіве, ня ведаюць як пяяць славу Тваю, Багародзіца. Але Ты, добрая, што ведаеш набожныя жаданьні нашыя, веру нашую прымі. Апякунка хрысьціянаў, Цябе мы ўзьвялічваем.
Экзапастыляр. Багамудры ойча Базылю, тайны Тройцы Сьвятое прапаведнік і слуга Багародзіцы, жаданьнем мудрасьці ты абрэзаў душы тваёй покрыва, і цудамі тваімі ты явіўся сьвету як сонца, што прасьвятляе розумы верных. Слава... цяпер...: У целе абрэзваецца як васьмідзённае дзіця вякоў Творца для спаўненьня закону, і ў пялёнкі спавіваецца як чалавек. Малаком корміцца Бог, які сілаю сваёю ўсё ўтрымлівае ў быцьці і словам сваім узносіць.
Пахвальныя псалмы (Тон 5). Церпіць цялеснае абрэзаньне Той, хто ад Айца невыказна нарадзіўся, Слова і Бог ад Бога, які прабывае нязьменна ў Бостве. Закону падпарадкоўваецца Той, хто вышэй за Закон, збаўляе ўсіх ад праклёну законнага, і дае блаславеньне з вышыняў. Славім Ягоны ласкавы зыход, пяем і дзякуем Яму, і молімся дараваць душам нашым веліч зьмілаваньня. (Двойчы) Ласкаю боскага хросту, ты, сьвяты Базылю, быў нанова народжаны як сын Божы. Ты прапаведаваў спрадвечнага і беспачатнага Сына і Слова Божае, адзінасутнага з Айцом. Сьвятлом тваіх навучаньняў ты замкнуў вусны гэрэтыкаў. За гэта ты апынуўся ў валадарстве нябесным, дзе пануеш разам з Хрыстом, адзіным сапраўдным Уладаром, што раздае шчодра багацьце ласкі. Як сьвятаначальнік, ты ўвайшоў у нябесную сьвятыню, апрануты ў вопратку дабрадзейнасьці і богасузіраньня, што былі асновамі твайго розуму. Сёньня ты стаіш ля ахвярніка найвышэйшага Бога і правіш духоўную службу. Згадай ласкава, блаславёны Базылю, тых, што сьвяткуюць тваю сьвятую і сьветлую памяць, і малі Хрыста Бога даць сьвету веліч зьмілаваньня. Прысьвечаны Богу з дзяцінства, ты быў прасьветлены промнямі боскай мудрасьці. Ты выясьніў сутнасьць рэчаў, мудра патлумачыў іхні лад, і паклаў моцныя асновы для пазнаньня Бога. Шануем цябе, як багамоўнага і боскага настаўніка, сьветлы сьветач Царквы, бо ты молішся за нас Хрысту, які дае сьвету веліч зьмілаваньня. Зьведаўшы страх Божы, ты, ойча Базылю, дакрануўся да пачатку мудрасьці. Ты перамог страх мудрасьцю і дабрадзейным жыцьцём, і расплыўся ў любові да Бога, стаўшыся сам як Ён. Навучаны боскім наказам і прысудам, ты вывучыў звычаі людзей, удасканаліў розумы верных, і сабор прасьвятліў духоўнымі парадамі. Малі Хрыста даць душам нашым веліч зьмілаваньня. Слава...: (тон 6). Ласка пацякла з вуснаў тваіх, сьвяты ойча Базылю. Ты быў пастырам Царквы Хрыстовае, і навучыў духоўныя авечкі верыць у адзінасутную Тройцу ў адзіным Бостве. Цяпер...: (тон 8). Зышоўшы да роду людзкога, Збаўца наш даў сябе спавіць у пялёны. Васьмідзённы ад Маці і спрадвечны ад Айца, Ён не адмовіўся прыняць цялеснае абрэзаньне. Дык засьпявайма Яму, верныя: "Ты Бог наш, зьмілуйся над намі".
Пасьля Вялікага ўслаўленьня: Трапар сьвятога; Слава... цяпер...: трапар сьвята.
Літургія сьв. Базыля Вялікага
Трапары: Трапар Абрэзаньня (тон 1). Ты, Ісусе, які сядзіш на вогненным пасадзе з Айцом спрадвечным і Боскім Духам Тваім, захацеў дабравольна нарадзіцца ад Чыстае Дзевы, Маці Твае, і, як чалавек, быць абрэзаным на восьмы дзень. Слава добрай волі Тваёй, слава провіду Твайму, слава Тваёй спагадлівасьці, адзіны Чалавекалюбча. Трапар Базыля (тон 1). Голас твой разышоўся па ўсёй зямлі, і яна ўспрыняла словы твае, якімі ты навучаў усіх, выясьняючы сутнасьць рэчаў і выпраўляючы норавы людзей. Вышыня сьвятарства, ойча блаславёны, малі Хрыста Бога, каб Ён дараваў нам багацьце свайго зьмілаваньня. Слава...: Кандак Базыля (тон 4). Ты стаўся непахіснай асноваю Царквы, даючы людзям незьнішчальны скарб, умацоўваючы іх навучаньнем тваім, нябесных тайнаў вестуне. Цяпер...: Кандак Абрэзаньня (тон 4). Сёньня Уладар усіх церпіць абрэзаньне і ў дабрыні сваёй абрэзвае людзкія правіны, даючы сьвету збаўленьне. Радуецца ў небе сьвятаначальнік Божы, сьветлы тайнік Хрыстовы Базыль.
Пракімен: Абрэзаньня (Пс 27:9,1). Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой. Верш. Цябе, Госпадзе клічу: Божа мой, не змаўчы. Базыля (Пс 48:4). Вусны мае кажуць словы мудрасьці, разважнасьць – роздум сэрца майго.
Апостал: 1. Апостал Абрэзаньня Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Каласянаў Браты, сьцеражыцеся, каб хто вас ня зьвёў філасофіяй, што ёсьць пустой хлусьнёю, аснованай на людзкім пераказе, на стыхіях сьвету, а не на Хрысьце. Бо ў Ягоным целе жыве ўся поўня Боства. І вы – прычасьнікі гэтай Ягонай поўні. Ён – галава ўсякага пачатку і ўлады. У ім вы атрымалі абрэзаньне не ад рукі чалавека, але абрэзаньне Хрыстовае, калі вы скінулі з сябе гэтае грэшнае цела. Пахаваныя з Ім у хрышчэньні, вы ўваскрэсьлі разам з Ім праз веру ў сілу Бога, які ўваскрасіў Яго. (Кал 2:8-12)
2. Апостал Базыля Чытаньне лісту сьвятога апостала Паўла да Гэбрэяў Браты, такі нам патрэбны архісьвятар: сьвяты, нязлосны, беззаганны, адлучаны ад грэшнікаў і ўзвышаны панад нябёсы; які ня мае патрэбы, як іншыя архісьвятары, штодня прыносіць ахвяры сьпярша за свае грахі, а пасьля за грахі народу. Бо Ён зрабіў гэта раз назаўсёды, прынёсшы ў ахвяру Сябе. Бо закон стаўляў архісьвятарамі людзей, абцяжаных слабасьцю, а слова прырачэньня, што пасьля закону, паставіла Сына, дасканалага давеку. Галоўнае ж у сказаным ёсьць, што мы маем такога Архісьвятара, які сеў па паравай руцэ пасаду Велічы на нябёсах, як слуга сьвятыні і праўдзівай скініі, якую збудаваў Госпад, а не чалавек. (Гэб 7:26-8:2)
Алілуя (Пс 79:2; 36:30). Пачуй нас, Пастыру Ізраіля, які кіруеш, быццам статкам, Язэпавым родам. Верш. Вусны праведнага абвяшчаюць мудрасьць, язык яго кажа праўду.
Евангельле: 1. Евангельле Абрэзаньня Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Лукі Таго часу вярнуліся пастухі, сьпяваючы і славячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, так, як ім было сказана. І пасьля васьмі дзён, калі трэба было абрэзаць Дзіцятка, далі Яму імя Ісус, якім Яго назваў анёл, перш як было зачатае ва ўлоньні. Дзіця ж расло і мацнела, напаўняючыся розумам, і ласка Божая была на Ім. Ягоныя бацькі кожны год хадзілі ў Ерусалім на сьвята Пасхі. І калі яму было дванаццаць гадоў, прыйшлі яны туды як звычайна на сьвята. Калі ж па сканчэньні дзён сьвята яны вярталіся, застаўся хлопец у Ерусаліме, але бацькі ягоныя не заўважылі гэтага, думаючы, што Ён ідзе з другімі. Прайшоўшы ж дзённую дарогу, сталі шукаць Яго сярод сваякоў і знаёмых. Не знайшоўшы, вярнуліся ў Ерусалім, шукаючы Яго. І вось пасьля трох дзён знайшлі Яго ў сьвятыні, дзе сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы і пытаючыся ў іх. Усе, што слухалі, дзівіліся з Ягонага розуму і адкбзаў. Угледзеўшы Яго, яны зьдзівіліся. Маці Ягоная сказала Яму: "Сыне, чаму гэта Ты так зрабіў нам? Вось твой бацька і я з вялікай трывогай шукалі Цябе". А Ён адказаў ім: "Нашто вы Мяне шукалі? Ці ж вы ня ведалі, што мне трэба быць пры справах Айца Майго?" Але яны не разумелі слоў, што сказаў ім. Ён пайшоў з імі і вярнуўся ў Назарэт; і быў паслухмяны ім. А Ягоная Маці захоўвала ўсе гэтыя словы ў сваім сэрцы. Ісус жа рос розумам і гадамі, дый ласкаю ў Бога і ў людзей. (Лк 2:20-21, 40-52)
2. Евангельле Базыля Чытаньне сьвятога Евангельле паводле Лукі Таго часу Ісус стаў на роўным месцы. Там было мноства Ягоных вучняў і шмат народу з усяе Юдэі і Ерусаліму і з ўзьбярэжжа Тыру і Сыдону, што прыйшлі паслухаць Яго і атрымаць аздараўленьне ад сваіх немачаў; таксама і тыя, што цярпелі ад нячыстых духаў, аздараўляліся. І ўвесь натоўп стараўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго выходзіла сіла і аздараўляла ўсіх. І Ён узьняў вочы на вучняў сваіх і казаў: "Шчасьлівыя ўбогія, бо ваша ёсьць валадарства Божае. Шчасьлівыя галодныя цяпер, бо насыціцеся. Шчасьлівыя, што плачаце цяпер, бо засьмяецеся. Шчасьлівыя вы, калі людзі ўзьненавідзяць вас і калі адлучаць вас, і будуць зьневажаць вас і пагарджаць імем вашым, як нягодным, дзеля Сына Чалавечага: радуйцеся ў той дзень і цешцеся, бо вялікая вашая ўзнагарода ў небе". (Лк 6:17-23)
Задастойнік. У Табе радуецца, Поўная ласкі, усякае стварэньне – сабор анёлаў і род людзкі, – асьвячаны Хораме і Раю духоўны, Пахвала дзеваў; ад Цябе Бог прыняў цела і стаўся дзіцяткам, Бог наш спрадвечны: улоньне Тваё Ён зрабіў пасадам сваім, і нутро Тваё ўчыніў больш прасторным за неба. У Табе радуецца, Поўная ласкі, усякае стварэньне: слава Табе!
Прычасьнік. Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях. Памяць праведніка жыць будзе вечна, благое весткі ён не збаіцца. Алілуя, алілуя, алілуя. Вярнуцца назад |