Блаславеньне мясных страваў
Глянь, Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, на гэтыя мясныя
стравы і асьвяці іх, як Ты некалі асьвяціў барана, якога прынёс Табе Твой верны
Абрагам, і як ягнё, якое Табе ахвяраваў у цэлапаленьні Абэль. Хай яны будуць
падобнымі да кормленага цяляці, якое Ты загадаў зарэзаць, калі сын Твой блудны
вярнуўся да Цябе. I як ён удастоіўся насыціцца Тваімі дабротамі, так няхай гэтыя
стравы, якія Ты асьвяціў і блаславіў, будуць нам на карысьць. Бо Ты сапраўдны
спажытак і падаўца ўсяго добрага, і мы Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім
Айцом, і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер, і заўсёды, і на
вякі вякоў. Амін.
Блаславеньне сыру і яек
Госпадзе Ўладару Божа наш, які стварыў усё і кіруеш усім,
блаславі гэтае згусьцелае малако, а з ім і яйкі, і нас захавай у Тваёй ласцы,
каб мы, спажываючы іх, напоўніліся Тваімі дарамі, якія даеш не шкадуючы, і
ўведалі Тваю дабрату. Бо Твая ёсьць дзяржава, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і
Сьвятога Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Блаславеньне хлеба (Артаса)
Божа ўсемагутны, Госпадзе ўсяўладны, Ты загадаў праз слугу
Твайго Майсея перад выхадам Ізраіля з Ягіпту і вызваленьнем народу Твайго з
горкай няволі фараонавай зарэзаць ягнё, як правобраз Ягняці, што ўзяло на сябе
грахі сьвету – любага Сына Твайго, Госпада нашага Ісуса Хрыста. Сёньня молімся
Табе: глянь ласкава на гэты хлеб і блаславі, і асьвяці яго, бо мы, слугі Твае,
прыносім яго Тваёй велічы ў гэты сьветлы і збавенны дзень Пасхі ў гонар, на
славу і ўспамін слаўнага ўваскрасеньня Сына Твайго, Госпада нашага Ісуса Хрыста,
якім мы вызваліліся ад вечнай варожай няволі і неразрыўных пякельных путаў, і
атрымалі свабоду і пераход да жыцьця. Зрабі ўсіх нас, якія прыносім, цалуем і
спажываем гэты хлеб, удзельнікамі Твайго нябеснага шчасьця, адгані ад нас сілаю
Тваёю ўсялякую хваробу і немач, і дай нам усім здароўе. Бо Ты – крыніца
блаславеньняў і падаўца аздараўленьняў, і Табе, спрадвечнаму Айцу, славу аддаем,
разам з адзінародным Тваім Сынам і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім
Духам, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. |