Галоўная > Сьветлы тыдзень > Велікоднае блаславеньне страваў
Велікоднае блаславеньне страваў24 красавіка 2008. |
|
Блаславеньне мясных страваў Глянь, Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, на гэтыя мясныя стравы і асьвяці іх, як Ты некалі асьвяціў барана, якога прынёс Табе Твой верны Абрагам, і як ягнё, якое Табе ахвяраваў у цэлапаленьні Абэль. Хай яны будуць падобнымі да кормленага цяляці, якое Ты загадаў зарэзаць, калі сын Твой блудны вярнуўся да Цябе. I як ён удастоіўся насыціцца Тваімі дабротамі, так няхай гэтыя стравы, якія Ты асьвяціў і блаславіў, будуць нам на карысьць. Бо Ты сапраўдны спажытак і падаўца ўсяго добрага, і мы Табе славу аддаем, разам з адвечным Тваім Айцом, і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Блаславеньне сыру і яек Госпадзе Ўладару Божа наш, які стварыў усё і кіруеш усім, блаславі гэтае згусьцелае малако, а з ім і яйкі, і нас захавай у Тваёй ласцы, каб мы, спажываючы іх, напоўніліся Тваімі дарамі, якія даеш не шкадуючы, і ўведалі Тваю дабрату. Бо Твая ёсьць дзяржава, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Блаславеньне хлеба (Артаса) Божа ўсемагутны, Госпадзе ўсяўладны, Ты загадаў праз слугу Твайго Майсея перад выхадам Ізраіля з Ягіпту і вызваленьнем народу Твайго з горкай няволі фараонавай зарэзаць ягнё, як правобраз Ягняці, што ўзяло на сябе грахі сьвету – любага Сына Твайго, Госпада нашага Ісуса Хрыста. Сёньня молімся Табе: глянь ласкава на гэты хлеб і блаславі, і асьвяці яго, бо мы, слугі Твае, прыносім яго Тваёй велічы ў гэты сьветлы і збавенны дзень Пасхі ў гонар, на славу і ўспамін слаўнага ўваскрасеньня Сына Твайго, Госпада нашага Ісуса Хрыста, якім мы вызваліліся ад вечнай варожай няволі і неразрыўных пякельных путаў, і атрымалі свабоду і пераход да жыцьця. Зрабі ўсіх нас, якія прыносім, цалуем і спажываем гэты хлеб, удзельнікамі Твайго нябеснага шчасьця, адгані ад нас сілаю Тваёю ўсялякую хваробу і немач, і дай нам усім здароўе. Бо Ты – крыніца блаславеньняў і падаўца аздараўленьняў, і Табе, спрадвечнаму Айцу, славу аддаем, разам з адзінародным Тваім Сынам і з усесьвятым, добрым і жыцьцядайным Тваім Духам, цяпер, і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Вярнуцца назад |