10. У Гасподнім вінаградніку
Беларуская эміграцыя пасьля Другой сусьветнай вайны была першай масавай
нацыянальна сьведамай эміграцыяй. Калі стала зразумела, што чакаць хуткага
вяртаньня на Бацькаўшчыну не выпадае, яна пачала арганізоўваць сваё
нацыянальнае жыцьцё на чужыне. У эміграцыі апынуліся вядомыя пісьменьнікі i
паэты (Натальля Арсеньнева, Масей Сяднёў, Алесь Салавей), вучоныя i
журналісты (Вітаўт Тумаш, Антон Адамовіч, Леў Гарошка, Станіслаў Станкевіч),
кампазытары (Мікола Куліковіч, Мікола Равенскі, Алесь Карповіч), мастакі
(Пётра Мірановіч, Віктар Жаўняровіч, Міхась Наўмовіч) ды інш. Яны зрабілі
ўсімі прызнаны ўнёсак у разьвіцьцё беларускай культуры.
Рэлігійныя справы займалі значнае месца ў жыцьці беларускай дыяспары.
Гэта было тым больш важна, што на Бацькаўшчыне рэлігійнае жыцьцё, не дарэшты
зьнішчанае камуністычнай уладаю, праходзіла ў чужой беларусам форме.
Праваслаўная Царква ў Беларусі падпарадкоўвалася расейскаму Маскоўскаму
Патрыярхату – таму там пра казань ці навуку закону Божага ў беларускай мове
нават ня згадвалі. Польскія i спалянізаваныя каталіцкія сьвятары ператварылі
Каталіцкую Царкву ў Беларусі ў бастыён польскасьці. Нешматлікія сьвятары,
якія адважваліся весьці пастырскую працу па-беларуску, мелі больш
прыкрасьцяў ад сваіх братоў-сьвятароў, чым ад сьвецкіх уладаў. У найгоршым
становішчы апынулася Грэка-Каталіцкая (Вуніяцкая) Царква. Расейскія царскія
ўлады гвалтоўна зьнішчылі яе ў 1839 годзе. І надалей усе чужацкія рэжымы,
якія ix замянілі, рабілі ўсё, каб ня даць ёй адрадзіцца. Такім чынам,
беларускай дыяспары выпала бараніць права свайго народу чуць Вестку
Збаўленьня і славіць Бога ў роднай мове, а нешматлікім грэка-каталіцкім
сьвятарам і вернікам – захаваць жывою ідэю Беларускай Грэка-Каталіцкай
Царквы.
Айцы Гарошка i Сіповіч абодва былі грэка-каталіцкімі (вуніяцкімі )
сьвятарамі, або, як увайшло ў моду ix называць, сьвятарамі бізантыйска
-славянскага абраду. Абодва былі беларускімі патрыётамі. Аднак цяжка
знайсьці двох людзей, больш адрозных характарам i выхаваньнем. Айцец Гарошка
з маленства рос ва ўсходнім (бізантыйска-славянскім) абрадзе i атрымаў
духоўнае ўзгадаваньне ва Ўкраінскай грэка-каталіцкай акадэміі ў Львове.
Сьвятаром ён працаваў на розных беларускіх грэка-каталіцкіх парафіях.
Адрозна ад многіх іншых, ён ніколі не адчуваў спакусы стаць “бірытуалістам”,
г. зн. мець права служыць у залежнасьці ад патрэбы (ці выгоды) ва “ўсходнім”
ці “лацінскім” абрадах. Чалавек непахіснай веры, Гарошка зь вялікай
патрабавальнасьцю ставіўся да сябе, але з шчырай спагадаю – да іншых. Ён
вылучаўся зьдзіўляльнай працавітасьцю i глыбокімі ведамі, якія ўражвалі
ўсіх, хто зь ім сутыкаўся. Яго блізкія знаёмцы жартавалі, маўляў, айцец Леў
мае адну вялікую загану: ня ўмее адпачываць. Сваім духоўным складам ён быў
вучоны i найлепш працаваў адзін. Ён мог праяўляць упартасьць i
бескампраміснасьць у сваіх поглядах.
Сіповіч, з другога боку, нарадзіўся i выхоўваўся ў рымскім (лацінскім )
абрадзе. Няма ніякіх доказаў, каб да 1938 году ён цікавіўся Ўсходнім
Хрысьціянствам. У Рыме ён атрымаў “усходняе” ўзгадаваньне ў даволі штучнай
атмасфэры Русікуму, дзе рэдка трапляўся сапраўдны расеец, i мала не хапіла,
каб ён апынуўся ў Харбіне.
Сіповіч належаў да закону, які не абвінаваціш ва “ўсходнім” духу. Шмат у
чым ён застаўся “лаціньнікам” у сваіх поглядах i духоўнасьці. Як сьвятар,
нават атрымаўшы біскупскую годнасьць, Сіповіч застаўся “бірытуалістам”, г.
зн. мог служыць у бізантыйскім і рымскім абрадах[101].
Ён карыстаў з гэтага права асабліва пад час падарожжаў.
Законнае жыцьцё не заўсёды давалася яму лёгка. У часе гадавых духоўных
практыкаваньняў (рэкалекцыяў) 11 кастрычніка 1944 году ён зрабіў наступныя
пастановы: «1) Парадак дня як найсумленьней выконваць; 2) Нічога не рабіць
бяз ведама супэрыёраў (старэйшых. – А.Н.) або проціў ix жаданьням; 3)
старацца пакахаць цноту паслушэнства». У верасьні 1945 году прыйшла пара
разгледзець сваё стаўленьне да генэрала, г. зн. Бучыса: «Дзеля таго, што век
Айца Енэрала вельмі паважны, дзеля таго, што яму можа ў чымсь i сапраўды не
ўдавацца – ніколі не крытыкаваць перад другімі яго сказаў, распараджэньняў.
Ніколі не займаць вострай пазыцыі, як са мной здаралася».
Сіповіча турбавала пытаньне, як сумясьціць унівэрсальны характар навукі
Хрыстовай зь любоўю да свайго народу. Яно паўстала асабліва востра пасьля
няўдалай спробы суіснаваньня i супрацоўніцтва ў Марыян Гаўз дзьвюх установаў
– беларускай i расейскай. Ha рэкалекцыях у кастрычніку 1950 году ён узяў да
разважаньня словы сьвятога апостала Паўла: “Я жадаў бы лепш сам быць
адлучаным ад Хрыста за братоў маіх, родных целам ізраільцянаў” (Рым 9:3–4).
Пад цытатай Сіповіч напісаў: «Israelitae [= Alborutheni]» (Ізраільцяне [=
Беларусы]).
У 1952 годзе айцец Сіповіч надрукаваў у Божым шляхам цыкль артыкулаў
“Рэлігійныя крывулі нашай інтэлігенцыі”. Магчыма, назоў быў ня вельмі ўдалы,
ён насьцярожваў. У сваім першым артыкуле Сіповіч пісаў: «Апошнім часам на
старонках прэсы i ў гутарках можна чуць нараканьні, што “нам ня вераць”,
“нас ня слухаюць”. Нядобра, што ня вераць, але падумайма толькі, як могуць
верыць людзям, якія... наракаюць, што на бацькаўшчыне лютуе прасьледаваньне
рэлігіі, a самі тут у вольным сьвеце жывуць безрэлігійным жыцьцём;
наракаюць, што на бацькаўшчыне зруйнаваныя сьвятыні, a самі тут, у вольным
сьвеце, нават у тыя нешматлікія беларускія сьвятыні, якія адчынена з
вялікімі цяжкасьцямі, амаль ніколі не заглядаюць?»
Сіповіч стараецца зразумець прычыну такога становішча: «Як ня сумна, але
некалькі пакаленьняў беларускае інтэлігенцыі ў час самага буйнага нашага
адраджэньня... змушаны былі карыстацца чужою школаю, пры варожай нам
дзяржаўнасьці i фармаваць свой рэлігійны сьветагляд паводле больш-менш
хрысьціянскіх прынцыпаў, але падаваных як пажыву, запраўленую моцным чужым
нацыянальным сосам, што было моцна адпіхаючым дзейнікам. Гэтак было ў
царскай Расеі, гэтак было пад Польшчай, але куды горш яшчэ было ў БССР... Ці
ж можна тады дзівіцца, што некаторыя з нашых інтэлігентаў ня знаюць нават
асноўных прынцыпаў хрысьціянства? Усё вышэй сказанае ў аднолькавай меры
адносіцца так да каталікоў, як i да праваслаўных... Мэтаю гэтага артыкулу ня
ёсьць вышукваць дакорныя закіды пад адрасам інтэлігенцыі, але ў меру
магчымасьцяў стацца памоцнікам сваім братом»[102].
Артыкул выклікаў даволі вострую рэакцыю ў беларускай прэсе. У велікодным
нумары газэты Бацькаўшчына зьявіўся артыкул “Некалькі словаў адказу”. Аўтар
артыкулу, які падпісаўся псэўданімам “В. Мікалаеня”, даводзіў Сіповічу:
«Калі справа ідзе пра нараканьні на факт прасьледу рэлігіі ў Савецкім Саюзе,
дык трэба сказаць ясна i адкрыта, што незадаваленьне з такога стану
выклікана шмат у каго з пасярод інтэлігенцыі не асабістай патрэбай (вылучана
мною. – А.Н.), але ўважаньнем, што павінна быць свабоднае выконваньне
рэлігійных практыкаў, але не рэлігійнага прымусу, для тых, хто гэтага
патрабуе»[103].
Айцец Сіповіч, гаворачы пра рэлігійную абыякавасьць, прыводзіць словы зь
Сьвятога Пісаньня: «I анёлу Ляодыкійскае царквы напішу... ведаю ўчынкі твае,
што ты ані сьцюдзёны, ані гарачы... дык вось дзеля таго, што ты летні, ані
сьцюдзёны, ані гарачы, Я выблюю цябе з вуснаў маіх» (Апакаліпсіс 3:14-15).
Мікалаеня, відаць, мала абазнаны ў Сьвятым Пісаньні, павучае Сіповіча: «З
пункту гледжаньня нацыянальнага, заклік да рэлігійнай гарачасьці даволі
шкодны, бо-ж, як піша а. Сіповіч, праўдзівай зьяўляецца толькі адна
рэлігія... У сувязі з гэтым... занадта вялікая гарачасьць у рэлігійных
справах зьяўляецца для беларускага народу ня вельмі пажаданай, бо вядзе
толькі да тварэньня канфліктаў ва ўлоньні народу». Ён сканчае свае
разважаньні наступным сказам: «Гісторыя навучае нас, што лепш, калі кожны
вернік будзе хоць на дне душы мець сумліў, ці зьяўляецца ягоная рэлігія
“адзінай праўдзівай”».
Праз два тыдні, 4 траўня 1952 году, у Бацькаўшчыне зьявіўся артыкул
Язэпа Каранеўскага “За згоду рэлігійную”. Язэп Каранеўскі – псэўданім
рэдактара Бацькаўшчыны Станіслава Станкевіча. Аўтар, пахваліўшы рэлігійную
згоду сярод беларусаў, далей тлумачыць, што піша пра гэтыя справы, «каб
заалярмаваць у час, што гэтую згоду сьведама ці нясьведама намагаюцца
разбурыць некаторыя нашыя беларускія сьвятары, як з боку праваслаўнага, так
i каталіцкага... Па прыклады далёка хадзіць ня трэба. Ix знойдзем, між
іншага, у... артыкуле В. Мікалаені “Некалькі словаў адказу”». Насамрэч у
артыкуле Мікалаені няма ніякіх канкрэтных прыкладаў, ёсьць толькі палеміка з
поглядамі а. Сіповіча. Затое Каранеўскі сам прыводзіць адзін прыклад: «З
абурэньнем паведамляюць нас з Ангельшчыны, што адзін беларускі каталіцкі
сьвятар адмовіўся ахрысьціць паводле каталіцкага абраду дзіця мяшанай сям’і
(бацька праваслаўны, маці каталічка) i толькі таму, што кумы былі
праваслаўныя»[104].
Адзіным беларускім каталіцкім сьвятаром у Англіі быў тады айцец Сіповіч,
i таму ён ня мог маўчаць. У лісьце за 10 траўня ў рэдакцыю Бацькаўшчыны
ён
пісаў: «Быў я ў мінулым годзе запрошаны сп-ром Р-кім з Гадэрсфільд
(прыблізна 300 кілямэтраў ад Лёндану. – A.H.), праваслаўным беларусам,
жанатым з каталічкай ірляндкай, ахрысьціць іхнае дзіцё. Запросіны я ахвотна
прыняў і, будучы ў Брадфардзе на высьвячэньні Беларускага Дому, дагаварыўся
з бацькамі дзіцяці, дзе i калі выканаем абрад хросту. Назаўтрае паехаў я ў
Гадэрсфільд. Знайшоў бацькоў... Пытаю, дзе тут найбліжэйшы каталіцкі
касьцёл... Ніхто ня ведае, ані сп. Р-кі, ані ягоная жонка (каталічка!).
Пытаемся ў людзей i знаходзім касьцёл. Дагаварваемся з тамашнім ангельскім
пробашчам, які сустрэў нас ветліва i ўслужліва. “Хто будзе кумам?” – пытаю
сп.ра Р-кага. Сп. Р-кі просіць, каб ім быў сп. Р-ц, праваслаўны. Выясьняю,
што выпадала б дзеля таго, што ў каталіцкім касьцеле хрысьцім, каб хоць
адзін з кумоў быў каталік, тым больш, што маці дзіцяці каталічка. Калі ўсе
ўступныя фармальнасьці выясьніліся, сп. Р-кі пайшоў за дзіцём, каб прынесьці
яго да хросту. Чакаў я ў касьцеле больш гадзіны часу, тады калі ўсё было
прыгатавана да сьвятога абраду. Зьдзівіліся мы, сьвятары (быў із мною цэлы
час ангельскі сьвятар), калі сп. Р-кі вярнуўся зноў із сваім толькі сябрам.
На пытаньне, дзе дзіця? – ён адказаў: Ужо пазнавата і... жонка не жадае
хрысьціць, каб не зьвязвацца з сьвятарамі!..»[105]
Трэба аддаць справядлівасьць рэдакцыі Бацькаўшчыны: яна ня толькі
надрукавала ліст Сіповіча, але i перапрасіла яго. Тым ня менш гэтае
здарэньне паказвае, у якіх умовах даводзілася працаваць сьвятару i як лёгка
ўзьнікалі абвінавачаньні ў “фанатызьме” i “неталерантнасьці”...
Дарэчы, пасьля гэтага выпадку між Бацькаўшчынай i айцом Сіповічам
усталяваліся добрыя дачыненьні. Ягоныя артыкулы i карэспандэнцыі даволі
часта зьяўляліся на старонках гэтай газэты.
Адной з галоўных цяжкасьцяў рэлігійнага жыцьця на чужыне была адсутнасьць
уласнай сьвятыні. За айцом Сіповічам у Марыян Гаўз капліца сьвятых апосталаў
Пятра i Паўла стала “парафіяльнай царквой” беларусаў у Лёндане. Спачатку яна
выглядала вельмі сьціпла: у даволі вялікім пакоі стаяў алтар, але без
іканастасу; на сьценах вісела некалькі іконаў. Аднак вернікі, якія
прыходзілі ў нядзелю, уважалі яе за сваю царкву.
Айцец Сіповіч марыў мець капліцу ў традыцыйным бізантыйскім стылі.
Усходняя Кангрэгацыя ўхваліла ягоны праект i абяцала дапамагчы грашыма. У
1951 годзе адмыслова для гэтай капліцы зрабілі іканастас. Іконы ўзяўся
намаляваць айцец Геранім Леўсінк, бэнэдыктынскі манах з Шэвэтоню i вядомы
мастак-іканапісец. Ён напісаў галоўныя іконы (Хрыстос, Маці Божая, Апошняя
Вячэра, Зьвеставаньне i чатыры эвангелісты), але, не пасьпеўшы давяршыць
пачатае, памёр у 1952 годзе. Ягоную працу працягвала сястра Лютгардзіс,
бэнэдыктынская манашка з жаночага манастыра Скотэнгоф непадалёк ад
Антвэрпэну. Яна таксама намалявала іконы на вялікія Гасподнія i
Багародзічныя сьвяты. У пачатку 1953 году капліца набыла свой канчатковы
выгляд, які мае і цяпер.
Марыян Гаўз стаў цэнтрам розных мерапрыемстваў. Перадусім там месьцілася
сядзіба БАКА “Рунь”. Да аб’яднаньня належалі беларускія каталіцкія студэнты
i выпускнікі ўнівэрсытэтаў. Зборкі “Руні”, адкрытыя для ўсіх, адбываліся
штомесяц у апошнюю нядзелю. Зборка пачыналася сьв. Літургіяй, пасьля быў
супольны абед i адзін або два даклады. Ад 1951 году “Рунь” ладзіла тыдні
студыяў. Кожны зь ix меў сваю тэму, напрыклад “Быць заадно з Хрыстом i
Царквою” (Sentire cum Christo et Ecclesia), “Хрыстос – Дарога, Праўда і
Жыцьцё”, “Хрысьціянскія элемэнты ў беларускай культуры” i г.д. Першы
тыдзень, улетку 1951 году, прайшоў у Шэвэтоні ў Бэльгіі, наступныя два – у
Лёндане ў Марыян Гаўз. 2 жніўня 1953 году, у апошні дзень трэцяга тыдня
студыяў, адбылася ўрачыстасьць пасьвячэньня іконы Сьвятых Заступнікаў
Беларускага Народу. Кампазыцыйна ікона належыць да тыпу “Дэісіс”, з выяваю
Хрыста на пасадзе, з Найсьвяцейшай Багародзіцаю па правым баку i Янам
Хрысьціцелем па левым на верхнім пляне, i зь пяцьцю беларускімі сьвятымі –
на ніжнім. Яе падараваў Андрэй Багамолец, нашчадак старажытнага роду князёў
Менскіх, а намалявала ўкраінская мастачка Ірына Караставец. Ікону пасьвяціў
апостальскі дэлегат у Вялікай Брытаніі архібіскуп Ўільям Годфрэй з удзелам
біскупа Слоскана. Цяпер яна вісіць за алтаром у капліцы сьв. Пятра i Паўла ў
Марыян Гаўз.
Ня ўсім спадабалася ікона заступнікаў беларускага народу. Дакладней, не
сама ікона, a выбар сьвятых, сярод якіх быў Язафат Кунцэвіч, вуніяцкі
архібіскуп Полацкі, забіты праваслаўнымі ў Віцебску ў 1623 годзе. Пра гэта
пісаў у газэце Бацькаўшчына С. Грынеў (псэўданім) у сваім артыкуле, дарэчы,
даволі памяркоўным, “Нятрапны выбар”[106].
Айцец Сіповіч стараўся пазьбягаць усякай палемікі, але скарыстаў з гэтай
нагоды, каб напісаць доўгі артыкул “Леў Сапега i сьв. Юзафат”, дзе як
гісторык разгледзеў асобу i дзейнасьць сьв. Язафата на фоне бурлівых падзеяў
таго часу[107].
Наступны тыдзень студыяў прайшоў у Рыме з 24 кастрычніка да лістапада
1954 году. Прысутныя ўзялі ўдзел у Міжнародным Марыйным Кангрэсе, што якраз
адбываўся ў Вечным Горадзе. На ім айцец Татарыновіч чытаў даклад пра культ
Багародзіцы ў Беларусі. Кангрэс завершыўся працэсіяй з старажытнай іконай
Божай Маці “Salus populi romani” ад базылікі Санта Марыя Маджорэ (Santa
Maria Maggiore) да базылікі сьв. Пятра, дзе папа Пій XII каранаваў ікону.
Беларусы ішлі ў працэсіі асобнай групаю, несучы выяву іконы Маці Божае
Жыровіцкае. Увечары таго дня быў міжнародны канцэрт, у якім выступіў вядомы
беларускі сьпявак Пётра Конюх.
Між іншага, пасьля першага тыдня студыяў у ліпені 1951 году некаторыя
ягоныя ўдзельнікі паехалі на кангрэс “Pax Romana” ў горадзе Рэймс у Францыі. На кангрэсе “Рунь” прынялі ў сябры гэтай міжнароднай каталіцкай
акадэмічнай арганізацыі.
Тыдні студыяў “Руні” карысталіся вялікай папулярнасьцю i прыцягвалі
ўдзельнікаў з Англіі, Бэльгіі, Францыі, Італіі, Нямеччыны i Гішпаніі.
Сьвятарам яны давалі нагоду сустрэцца, абмеркаваць цяжкасьці i вырашыць
пытаньні, зьвязаныя з пастырскай працай сярод беларусаў.
Айцец Сіповіч браў актыўны ўдзел у грамадзкай i культурнай дзейнасьці
Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі i Англа-Беларускага Таварыства.
Яго заснавалі ў 1954 годзе з мэтай пашыраць веды пра Беларусь, яе гісторыю i
культуру ў англамоўным сьвеце. Першай супольнай імпрэзай стала сьвяткаваньне
ў 1954 годзе Дня Незалежнасьці Беларусі (25 Сакавіка) з удзелам беларускага
студэнцкага хору зь Лювэну, кампазытара Алеся Карповіча з Ольдэнбургу
(Нямеччына) i сьпевака Пётры Конюха з Рыму. Сьвяткаваньне пачалося канцэртам
у сам дзень 25 сакавіка ў Крайст Чэрч Гол (Christ Church Hall) у Фінчлей,
непадалёк ад Марыян Гаўз, у прысутнасьці мэра Фінчлей i амаль усіх сяброў
гарадзкой рады. У суботу 27 сакавіка адбыўся другі канцэрт у залі пры
Ўэстмінстэрскай катэдры (Westminster Cathedral Hall) у прысутнасьці
архібіскупа Ўэстмінстэрскага кардынала Бэрнарда Грыфіна i шматлікіх
царкоўных i сьвецкіх дастойнікаў. У нядзелю 28 сакавіка айцец Сіповіч i
апякун беларускіх студэнтаў у Лювэне айцец Рабэрт ван Каўвэляэрт адслужылі
сьвятую Літургію ў капліцы сьвятых апосталаў Пятра i Паўла ў Марыян Гаўз.
Ha ўрачыстасьцях прысутнічаў беларускі праваслаўны сьвятар айцец
Аляксандар Крыт. Тады ў Лёндане не было беларускай праваслаўнай царквы, i ён
служыў Літургію ў залі Беларускага дому, які належаў Згуртаваньню Беларусаў
у Вялікай Брытаніі.
Аляксандар Крыт (1901–1983) прыехаў у Англію зь Нямеччыны y 1948 годзе як
“эўрапейскі добраахвотны работнік”. Ён браў актыўны ўдзел у беларускім
жыцьці ў Нямеччыне, дзе яго ведалі як ахвярнага працаўніка, пабожнага
праваслаўнага i шчырага беларуса. 25 чэрвеня 1950 году біскуп Васіль
Тамашчык зь Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы на Чужыне пад час
візыту ў Англію пасьвяціў Аляксандра Крыта на сьвятара. Айцец Сіповіч
падараваў яму поўныя сьвятарскія шаты i нагрудны крыж. Праз чатыры дні, 29
чэрвеня, новы сьвятар пісаў айцу Сіповічу: «Шчыра дзякую за пажаданьні i
падарунак... Апошні выбар гэтага шляху неяк адбыўся паміма волі, бо проста
не хапіла сілы волі адмовіць». Тым ня менш ён стаў добрым i ахвярным
сьвятаром. У 1961 годзе ён выехаў у ЗША, а дзесяць гадоў пазьней, у 1971
годзе, атрымаў біскупскія сьвячаньні. Паміж Сіповічам i Крытам заўсёды
існавалі сяброўскія дачыненьні.
Дарэчы, біскуп Васіль Тамашчык (1900–1970), які сьвяціў Аляксандра Крыта
на сьвятара, сам стаў біскупам толькі паўгоду раней, 19 сьнежня 1949 году.
Айцец Сіповіч даведаўся пра гэта зь беларускай прэсы i 26 студзеня
наступнага году напісаў новаму біскупу наступны ліст: «Даведаўшыся з газэт
аб хіратоніі Паважанай Вашай асобы на Біскупа, гэтым маю гонар пераслаць Вам
шчырыя беларускія прывітаньні i пажаданьні посьпехаў у Вашай працы для дабра
душ. Я перакананы, што ня раз нам прыдзецца спатыкацца ў працы так на ніве
харытатыўнай у дапамозе нашым суродзічам, як тож у дачыненьнях
культурна-грамадзкіх. Не сумняваюся, што ў гэтых галінах наша супрацоўніцтва
будзе карысным i пажаданым для Бацькаўшчыны». Біскуп Васіль адказаў 28
лютага доўгім лістом, у якім сярод іншага пісаў: «Перадусім дазвольце...
шчыра падзякаваць Вам за Вашае мілае прывітаньне з нагоды маёй хіратоніі ў
япіскапа БАПЦ, а таксама за Вашыя пажаданьні посьпехаў у маёй працы для
дабра душ... Беручы пад увагу, што нашае настаўленьне да Бога й
Маці-Беларусі поўнасьцю ідэнтычнае, цешу сябе надзеяй, што наша
супрацоўніцтва будзе гарманійным i карысным для нашай Бацькаўшчыны... Я
глыбока перакананы, што супольнымі сіламі, з дапамогаю Ўсемагутнага, мы
выканаем наша заданьне, бо – “калі Бог з намі, каго ўбаімся?”»
У 1953 годзе захварэў Лявон Рыдлеўскі, старшыня Саюзу беларусаў у Францыі
“Хаўрус”. Гэты вельмі ахвярны чалавек аддаваў усе свае сілы, каб дапамагчы
іншым, i ня дбаў пра сябе. Спачатку ўсе думалі, што ён проста ператаміўся i
яму неабходны адпачынак. Айцец Сіповіч згадзіўся ўзяць яго да сябе ў Марыян
Гаўз. У Лёндане высьветлілася, што Рыдлеўскі невылечна хворы на рак. Ён
памёр 24 кастрычніка 1953 году. Перад сьмерцю ён спавядаўся i прычасьціўся ў
айца Сіповіча. Паколькі, аднак, Рыдлеўскі быў праваслаўным, выканаць абрад
пахаваньня айцец Сіповіч папрасіў айца Крыта, які жыў у горадзе Брадфард, за
300 кілямэтраў ад Лёндану. Айцец Сіповіч зьвярнуў яму кошт падарожжа. Усё
гэта – раней, чым Каталіцкая Царква “адкрыла” экумэнізм...
Таксама ўвосень 1953 году Янка Садоўскі, якога айцец Сіповіч прыняў
кандыдатам у закон марыянаў i паслаў вучыцца ў Рым, вырашыў не аднаўляць
сваіх законных шлюбаў. Ён перайшоў зь бізантыйскага абраду на рымскі. З
дапамогаю біскупа Слоскана ўдалося знайсьці яму месца ў Францускай калегіі ў
Рыме, дзе ён працягваў сваю навуку i быў пасьвячаны на сьвятара 17 сьнежня
1955 году.
Пасьля сьмерці Сталіна ў 1953 годзе палітычны рэжым у Савецкім Саюзе
крыху зьмякчыўся. У прыватнасьці, зь перапоўненых савецкіх турмаў i лягераў
вызвалілі многіх зьняволеных, у тым ліку двох беларускіх айцоў-марыянаў, што
раней працавалі ў Харбіне. Айцец Язэп Германовіч выйшаў на свабоду ў
красавіку 1955 году. Ён хацеў вярнуцца ў Беларусь, але яго выслалі ў Польшчу
супраць ягонай волі. Неўзабаве прыехаў туды i айцец Тамаш Падзява. Айцец
Цікота не дачакаўся вызваленьня i памёр у турэмным шпіталі непадалёк ад
возера Байкал 11 лютага 1952 году. Больш дакладныя весткі пра сьмерць а.
Цікоты прывёз францускі сьвятар Поль Шалей (Chaleil), які працаваў зь
беларускімі сьвятарамі ў Харбіне i разам зь імі трапіў пад арышт. Ён
вярнуўся ў верасьні 1955 году. Айцец Сіповіч сустрэўся зь ім 12 кастрычніка
ў Рыме i запісаў усё, што Шалей ведаў пра апошнія дні Цікоты.
Усе нягоды не зламалі айцоў Германовіча i Падзяву духоўна i нацыянальна.
Асабліва бадзёра, нягледзячы на свой век, адчуваў сябе Германовіч. 23
сакавіка 1956 году ён пісаў Сіповічу: «Дзіўна, што я ўсё ператрываў i нават
саўсім памысна, a здароў лепш, чым перад выездам у 1932 годзе». Ён ня меў
ніякага жаданьня заставацца ў Польшчы, i яму ўдалося выехаць адтуль у 1959
годзе. Айцу Падзяву давялося чакаць яшчэ дзесяць гадоў.
Айцец Сіповіч вярнуўся з Рыму ў лістападзе 1955 году разам з новым
памочнікам, айцом Кастусём Маскалікам. Гэты пабожны беларус перад вайной
любіў хадзіць па розных каталіцкіх i праваслаўных сьвятынях у Заходняй
Беларусі i Ўкраіне. Ён правёў некаторы час у праваслаўным Жыровіцкім i
грэка-каталіцкім Уніўскім манастырох. У 1941 годзе яго ўзялі ў савецкую
армію, але неўзабаве пачалася нямецка-савецкая вайна. Тады Маскаліка, як
былога польскага грамадзяніна, звольнілі i дазволілі ўступіць у польскую
армію, якая арганізоўвалася ў Савецкім Саюзе. Разам з польскай арміяй ён
пакінуў Савецкі Саюз і – праз Іран, Ірак i Палестыну – трапіў у Італію, дзе
й застаўся пасьля вайны. У 1947 годзе Кастусь Маскалік паступіў у Русікум.
Ён ня меў сярэдняй адукацыі, таму навука заняла ў яго больш часу, чым
звычайна, i толькі 10 красавіка 1955 году ён стаў сьвятаром.
Па прыезьдзе з Рыму, 16 лістапада 1955 году, Сіповіч пісаў Гарошку:
«Айцец Кастусь М. прывыкае да нас, а мы да яго. Сын вёскі ўва ўсём!» Больш
пра айца Маскаліка ў лісьце за 28 сьнежня: «А. Кастусь М. маецца нязгорш,
але калі я дачакаюся ад яго запраўднай помачы? – Богу ведаць. Я ня бачу ў
яго ніякай ініцыятывы, a калі яе падсунеш, дык ня ведама, ці ён выпаўніць.
Апэтыт мае добры... Ён ёсьць вельмі нэрвовы. Выглядае, што Русікум быў для
яго не сэмінарыяй, але турмой, дзе чагосьці вучаць... Пабачым».
Праз два гады, 15 красавіка 1957 году, Сіповіч пісаў Татарыновічу: «Мой
памочнік... гадуе бараду. Абмежаванасьць, упор. Штосьці стрэліць у галаву, i
з гэтым носіцца, мучыцца, моліцца, але ўсё гэта па-своему, ня так як
людзі... Ужо хутка два гады, а ня ўмее склеіць па-ангельску сказу. Не
патрафіць з людзьмі заладзіць ніякай справы. Пішу табе i плачу ў душы, бо
сярод усіх сьвятароў, якіх я спаткаў у жыцьці, такога яшчэ ня бачыў. Ён
чытае брэвіяр, але ва ўсім іншым гэта – папок мужычок, каторы харкае ўпарта
направа i налева, на сваіх i на чужых».
Кастусь Маскалік, чалавек несумнеўна пабожны i шчыры, быў бы напэўна
добрым сьвятаром у нейкай вясковай парафіі з устаноўленым парадкам працы. Ha
эміграцыі, дзе ўсё залежыць ад ініцыятывы сьвятара, у яго не хапіла ўласнай
волі. Тым ня менш, хоць ад айца Кастуся і не адчувалася вялікай дапамогі,
ягоная прысутнасьць у Лёндане дазволіла айцу Сіповічу паехаць на даўжэйшы
час у Амэрыку. 10 верасьня 1957 году ён паплыў францускім караблём
“Normandie” ў сваё першае падарожжа на амэрыканскі кантынэнт. Зразумела,
адной з галоўных мэтаў быў збор грошай на куплю Марыян Гаўз. Але існавалі й
іншыя, ня менш важныя прычыны. З усяе беларускае дыяспары эміграцыя ў
Злучаных Штатах Амэрыкі вызначалася сваёй колькасьцю i актыўнай дзейнасьцю.
Цэнтрам беларускага жыцьця стаў Нью-Ёрк, дзе жыло шмат беларускіх
пісьменьнікаў i паэтаў, вучоных, мастакоў i г.д., многія зь якіх здабылі
вядомасьць перад вайною на Бацькаўшчыне. У Нью-Ёрку мелі свае сядзібы такія
арганізацыі, як Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (БАЗА), Беларускі
Інстытут Навукі i Мастацтва (БІНІМ) ды іншыя. Тамсама выходзілі беларускія
газэты i часопісы, як Беларус, Беларуская моладзь, Запісы БІНІМ, Конадні,
Веда ды інш. Досыць вялікія беларускія асяродкі знаходзіліся ў Чыкага,
Кліўлэндзе, Дэтройце, Лёс-Анджэлесе, а таксама ў Таронта ў Канадзе.
Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква была параўнаўча невялікая,
але добра зарганізаваная, на чале зь біскупам Васілём Тамашчыкам у Нью
-Ёрку. Яна мела парафіі ў Нью-Ёрку, Нью -Брансўіку, Дэтройце, Кліўлэндзе і
Таронта. Існавалі таксама праваслаўныя парафіі непасрэдна пад юрысдыкцыяй
Канстантынопальскага патрыярха. Беларусаў каталікоў у ЗША жыло даволі
багата, але ім не хапала зарганізаванасьці. Грэка-каталіцкая парафія ў
Чыкага толькі фармавалася. У Нью-Ёрку сярод беларусаў было шмат каталікоў
рымскага (лацінскага) абраду, але не ставала сьвятара. Айцец Францішак
Чарняўскі, які нядаўна прыехаў з Бэльгіі, працаваў у амэрыканска-польскай
парафіі i атайбаваўся даволі далёка. Перад айцом Сіповічам стаяла задача
ацаніць магчымасьці пастырскай дзейнасьці ў Амэрыцы, можа й шляхам
заснаваньня беларускага марыянскага законнага дому.
Айцец Сіповіч правёў шмат часу ў Нью -Ёрку. Ён жыў у сям ’і Кушаляў.
Францішак Кушаль – стары беларускі вайсковы i палітычны дзеяч. Ягоная жонка
больш вядомая як паэтка Натальля Арсеньнева. 20 верасьня беларусы Нью-Ёрку
ладзілі прыняцьце ў гонар айца Сіповіча. 26 кастрычніка прайшла зборка
Нью-Ёрскага аддзелу БАКА “Рунь”, на якой а. Сіповіч зрабіў даклад пра новыя
плыні ў Каталіцкай Царкве i патрэбу рэлігіі ў прыватным жыцьці. Найважнейшай
падзеяй за ўвесь час, як a. Сіповіч знаходзіўся ў Нью-Ёрку, была ягоная
багаслужба ў катэдры сьв. Патрыка, што на Пятай Авэню, у нядзелю 27
кастрычніка. Вось як ён апісвае яе ў сваім дзёньніку: «Выходжу да аўтара з
маім міністрантам, Фр. Бартулём. Перад імшой гавару: “Гэта Імша сьв. будзе
адпраўлена за ўвесь беларускі народ. Будзем маліцца за ўсіх тых, што
расьцярушаныя па ўсім сьвеце, але такжа за ўсіх знаходзячыхся ў турмах, у
лагерах i за беларускіх сірот...”. На пачатку імшы чуваць голас
амэрыканскага сьвятара, які гаворыць праз мікрафон з амбоны. Пасьля, калі ён
скончыў, граюць паціху арганы... Пасьля Імшы гавару казаньне па-беларуску.
Пару асоб (не беларусаў) выходзяць з капліцы, бо не разумеюць, аб чым
гавару, сп.ня Кушаль тлумачыць ім, хто мы тут усе сабраўшыся... Вечарам...
прыйшоў сп. Шукелайць. Паводле яго i сп.ні Арсеньневай усе беларусы вельмі
задаволеныя з Багаслужбы ў катэдры. Сп Шукелайць прынёс сьв. Эвангельле
(выд. а. др. Татарыновіча), зь якога я чытаў эвангельле ў катэдры, i
папрасіў падпісаць на памяць. Ён уважае, што багаслужба ў катэдры сьв.
Патрыка – гэта гістарычны дзень».
25 кастрычніка Сіповіч адведаў “Расейскі цэнтар” у Фордгамскім
унівэрсытэце айцоў езуітаў, дзе меў доўгую гутарку з дырэктарам цэнтру айцом
Маё (Mailleux). У дзёньніку Сіповіча чытаем: «Еду ў “Russian Center” Fordham
University. Доўгая гутарка з a. Майо. Ён паказвае мне Знамя России, № 165,
орган манархістаў, якія пішуць, што для Расеі пасьля камунізму ворагам нумар
2 – Каталіцкая Царква. Айцец Майо падводзіць вынікі: 73 езуіты пасьвяцілі
сябе працы ва ўсходнім абрадзе. Існуе 18 прыходаў. A вынікі? Апастазія
сьвятароў, няма каталіцкіх расейскіх сем’яў. Што рабіць? – пытае a. M. y
лісьце да a. прат. Рашко i пытае мяне... Зьвяртаю ўвагу а. М., што айцы
езуіты за вялікі націск палажылі вылучна на працу сярод расейцаў. Забыліся
аб украінцах i беларусах. Айцец М. кажа: калі будзе каталіцкай уся Англія,
дык ня будзе цяжкасьці навярнуць паўночную Ірляндыю... Жадае сказаць: калі
станецца каталіцкай Расея, дык ня будзе клопату з Беларусяй i Украінай. Я
кажу на гэта з моцным акцэнтам i крыху абураны: Гэтак могуць разважаць
тэарэтыкі місіянеры, якім Беларусь i беларускі народ чужыя. Для беларускага
сьвятара ў першую чаргу беларускі народ».
У Чыкага беларуская арганізацыя існавала з 1920-х гадоў. Да яе
заснаваньня спрычыніўся Язэп Варонка, першы старшыня ўраду Беларускай
Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе, які выехаў у Амэрыку ў 1922 годзе. У
Чыкага было шмат эмігрантаў зь Беларусі, у бальшыні праваслаўных. Ня маючы
ўласнага сьвятара, яны хадзілі ў расейскія праваслаўныя цэрквы, дзе
расплываліся ў расейскай масе, страціўшы рэшткі сваёй i так слабой
беларускай сьведамасьці. Каб ратаваць гэтыя “мёртвыя душы”, Варонка пачаў
выдаваць на расейскай мове газэту Белорусская Трибуна. Ён таксама адчуваў
патрэбу ў падобным выданьні на польскай мове, каб дайсьці да беларусаў
каталікоў, якія павялічвалі колькасьць вернікаў у польскіх каталіцкіх
парафіях. Ён пісаў пра гэта беларускаму каталіцкаму сьвятару айцу Яну
Тарасэвічу, сябру місіянерскага закону Ля Салет (La Salette), які прыехаў у
Амэрыку 19-гадовым юнаком у 1911 годзе. Між іншага, Варонка і Тарасэвіч
абодва разважалі пра магчымасьць заснаваць у Чыкага беларускую
грэка-каталіцкую парафію, дзеля чаго Тарасэвіч быў гатовы прыняць “усходні”
абрад. Варонка пісаў яму 25 жніўня 1931 году: «Аб вашым пераходзе на ўсходні
абрад у лісьце не абгаворыш. Справа надта важная. Наагул – справа
царкоўная-касьцельная на Беларусі (і для Беларусі) вельмі паважная. Я ёю
цікаўлюся сам даўно. У Амэрыцы ж спэцыяльна студыюю так званую “ўкраінскую
вунію”. Калі б скора ўдалося нам пабачыцца асабіста, тады абгаварылі бы ўсё,
што гэтага пытаньня датыча». Айцец Тарасэвіч зьмяніў абрад шмат гадоў
пазьней, але ў іншых абставінах i дзеля іншых мэтаў. У 1936 годзе ён пакінуў
закон Ля Салет i пасьля аднаго году навіцыяту стаў бэнэдыктынскім манахам у
манастыры (абацтве) сьвятога Пракопа ў Ляйлі, што каля Чыкага. Гэты манастыр
заснавалі чэскія бэнэдыктынцы ў 1885 годзе i назвалі яго ў гонар чэскага
сьвятога XI стагодзьдзя Пракопа. У сярэдзіне 1930-х гадоў абат Пракоп Неўжыл
заснаваў у манастыры “Славянскае Апостальства” (Slavonic Apostolate), дзе
слова “славянскае” практычна азначала тое самае, што i “расейскае”.
Афіцыйным органам “апостальства” быў дзьвюхмоўны месячнік Церковный голос –
Voice of the Church, у якім артыкулы звычайна друкаваліся паралельна на
расейскай i ангельскай мовах. Ад 1937 году рэдагаваў часопіс айцец Ян
Тарасэвіч, які прыняў манаскае імя Хрызастома, хоць падпісваўся пад сваімі
расейскамоўнымі артыкуламі як “Іеромонахъ Іоаннъ”. Каб даць уяўленьне пра
дух i зьмест часопісу, варта спыніцца над перадавіцаю гэтага самага
“іеромонаха Іоанна” ў нумары за верасень–кастрычнік 1939 году, пад назовам
“Христианский долг кафоликов в отношении к православным”. Аўтар крытыкуе
заходніх “місіянераў” царкоўнай еднасьці, якія, ня ведаючы добра ўсходняга
абраду, калечаць i лацінізуюць яго: «Той, хто бярэцца за сьвятую справу
сярод праваслаўных i ня знае добра іхнага абраду, пагарджае ім, лацінізуе i
псуе яго, той бярэцца не за сваю справу, ня ведае, дзеля чаго абрад існуе ў
Хрыстовай Царкве, i прыносіць больш шкоды, як карысьці дзеля сьвятой справы
аб’яднаньня Цэркваў».
Далей аўтар працягвае: «I тут узьнікае пытаньне наконт сьвятароў з самога
расейскага асяродзьдзя, якія б выдатна ведалі абрад i псыхалёгію расейскага
народу i працавалі, пры дапамозе з вышыні, найлепшым спосабам для Царквы
Хрыстовай i збаўленьня расейскага народу. Але дзе ж ix узяць, калі ix няма?
У адказ на гэтае пытаньне мы запярэчым: трэба неадкладна ўзгадаваць цэлы
шэраг маладых сьвятароў з асяродзьдзя расейскага народу. Усе ведаюць, што
сярод беларусаў ёсьць шмат вельмі добрых каталікоў. Зь іхнага асяродзьдзя i
трэба ўзгадаваць цэлы рад сьвятароў-манахаў. Пакліканьняў да сьвятарскага i
манаскага стану ў ix шмат, але няма каму паклапаціцца аб ix, i яны застаюцца
бескарыснымі для Царквы i для расейскага народу. Каталікі павінны падумаць
пра такіх беларускіх юнакоў i даць ім усякую матар’яльную падтрымку i
магчымасьць атрымаць у гэтым сэнсе асьвету i стаць у рады вялікіх
працаўнікоў Хрыстовых... Дый група беларускіх сьвятароў на чале з
архімандрытам Абрантовічам ужо даўно i шчыра працуе сярод вялікарусаў у
Харбіне»[108].
Notes
[101] 30 сьнежня 1963
году, ужо біскупам i генэралам закону марыянаў, Сіповіч пісаў сакаратару Ўсходняй Кангрэгацыі кардыналу Густаво Тэста: «Я люблю мой
уласны бізантыйска-славянскі абрад, i больш люблю служыць у ім сьв.
Літургію ды іншыя літургічныя службы, аднак дзеля складаных
жыцьцёвых абставінаў часам думаю, што было б лепш, каб я меў
таксама права служыць у лацінскім абрадзе (Ritum meum proprium
Byzantino-Slavum amo ac in eo S. Liturgiam caeterasque functiones liturgicas
celebrare praefero, attamen ob vitae adversas circumstantias aliquando puto
melius fore, ut etiam in ritu latino facultatem celebrandi habeam)... У часе маіх візытацыяў нашых дамоў (кляштараў. – А.Н.) як іхнага генэрала вельмі часта просяць мяне адслужыць Імшу або іншыя літургічныя службы... у лацінскім абрадзе... Калі ж ідзе пра маіх суродзічаў беларусаў, дык каталікі сярод ix у бальшыні ёсьць
лацінскага абраду, i таму нярэдка здараецца, што мяне таксама просяць адслужыць Імшу ў іхным абрадзе. Разважыўшы ўсё
гэта добра, я хацеў бы пакорна прасіць Сьвятога Айца, каб мне было дадзенае права прыносіць Сьвятое Ахвяраваньне таксама ў
лацінскім абрадзе, які я даволі добра ведаю, i як сьвятар ужо меў права служыць у абодвух абрадах».)
[102] Сіповіч Ч.
“Рэлігійныя крывулі нашае інтэлігенцыі”, Божым шляхам, № 46, Парыж,
студзень–люты 1952, с. 2–4.
[103] В. Мікалаеня.
“Некалькі словаў адказу”, Бацькаўшчына, № 15-16 (94-95), Мюнхэн,
Вялікдзень, 1952, с. 8.
[104] Каранеўскі Язэп. “За згоду рэлігійную”,
Бацькаўшчына, № 18 (97), Мюнхэн, c. 1–2.
[105] Сіповіч Ч.
“Пісьмо ў рэдакцыю”, Бацькаўшчына, № 21 (100), Мюнхэн, 25 траўня 1952, c. 8.
[106] Грынеў С.
“Нятрапны выбар”, Бацькаўшчына, № 45 (176), Мюнхэн, 15.11.1953, c. 1, 3.
[107] Сіповіч Ч.
“Леў Сапега i сьв. Юзафат”, Бацькаўшчына, № 50-51 (181-182), Мюнхэн,
25.12.1953, c. 4–8; № 1-2 (183-184), 7.1.1954, c. 6–7.
[108] «И тут вопрос
возникает касательно священников из самой русской среды, которые прекрасно
знали бы обряд и психологию русского народа и работали, при помощи свыше,
самым лучшим образом для Церкви Христовой и спасения русского народа. Но где
же взять, раз их нет? В ответ на этот вопрос мы возражаем: надо непременно
воспитать целый ряд молодых священников из той же среды русского народа.
Всем известно, что среди белоруссов есть много прекрасных кафоликов. Вот из
той среды и надо воспитать целый ряд священников-монахов. Призваний среди
них к священному и монашескому сану очень много, но некому позаботиться о
них, и так они остаются бесполезными для Церкви и для русского народа.
Кафолики должны подумать о такого рода белорусских юношах и дать им всякую
материальную поддержку и возможность получить в этом смысле образование и
стать в ряды великих работников Христовых... Ведь же группа белорусских
священников во главе с Архимандритом Абрантовичем уже давно и усердно
работает среди великоруссов в Харбине». (Иеромонах Иоанн. “Христианский долг
кафоликов в отношении к православным”. Церковный голос – Voice of the
Church, год 4, № 4-5, Ляйль, 1939, c. 2, 4.)