10. У Гасподнім вінаградніку - Працяг
А. Яна Тарасэвіча захапіла думка пра беларусаў як пра прыладу да
“навяртаньня” Расеі. Ён разьвівае яе ў артыкуле на ангельскай мове “The
White Russian (Byelorussian) Roman Catholics” (Беларускія рыма-каталікі).
Артыкул бяз даты, але зь зьместу вынікае, што напісаны ён да ўваходу ў вайну
Злучаных Штатаў Амэрыкі 7 сьнежня 1941 году. Ён сканчаецца наступнымі
словамі: «Гэтыя больш як тры мільёны беларускіх рыма-каталікоў... Яны самі,
калі б ix належна ўсьведаміць, накіраваць i навучыць, маглі б разьвязаць
пытаньне Хрысьціянскай еднасьці ў Расеі! Каталіцкі сьвет не павінен
заставацца абыякавым да іхнага лёсу, але дапамагчы ім, прынамсі маральна, у
іхных намаганьнях быць тым, кім яны самі хочуць быць – беларусамі сярод
расейцаў, у расейскім сьвеце, для дабра Царквы i ўсяго чалавецтва наагул»[109].
Дэрбіньі i Бучыс не маглі напісаць лепш...
У 1938 годзе ў Ляйль прыехаў айцец Язэп Рэшаць, які пасьля году
навіцыяту атрымаў манаскае імя Апанас. Трэцім беларусам у Ляйлі быў
пляменьнік а. Яна Тарасэвіча, Уладзімер (Уладыслаў ) Тарасэвіч, прышлы
сьвятар беларускай парафіі Хрыста Спаса ў Чыкага i біскуп, а ў 1938 годзе
юнак, якому споўнілася 16 гадоў.
Тарасэвіч i Рэшаць прынялі ўсходні абрад не адразу пасьля ўступленьня ў
манастыр, a толькі ў 1941 годзе. Харбінскі Католический вестник так пісаў
пра гэта: «Два сябры абацтва сьв. Пракопа, які зьяўляецца цэнтрам
апостальскай працы сярод расейцаў у Зл. Штатах, прынялі нядаўна ўсходні
абрад. Гэтыя два – a. Хрызастом Тарасэвіч i а. Апанас Рэшаць. Абодва яны
расейцы паводле нацыянальнасьці»[110]
(вылучана мною. – А.Н.). Два згаданыя сьвятары не адказвалі за тое, што пра
ix пісалі часопісы. Дзівіць нешта іншае: Католический вестник быў органам
Расейскай эпархіі бізантыйска-славянскага абраду, якую ўзначальваў у тым
часе айцец Андрэй Цікота. Выдаўцом часопісу выступаў другі друйскі марыянін,
Казімер Найловіч.
Увосень 1941 году Ян Тарасэвіч стаў старшынёй новазаснаванай
Беларуска-Амэрыканскай Нацыянальнай Рады (White Russian American National
Council). На той час вайна перарасла ў сапраўды сусьветную i савецкі “злосны
чырвоны мядзьведзь”(bad red bear) раптам стаў “нашым бравым расейскім
хаўрусьнікам” (our gallant Russian ally) для Дзядзькі Сэма. Аднак раман між
Захадам i Савецкім Саюзам скончыўся з завяршэньнем крывавай i пачаткам
“халоднай” вайны. Сярод нешматлікіх асобаў, якія захавалі прасавецкія
сымпатыі, быў а. Ян Тарасэвіч, хоць у ягоным выпадку дарэчней казаць пра
захапленьне, што рабіла яго сьляпым на ўсе заганы савецкай камуністычнай
сыстэмы. Адначасова зьмяніліся ягоныя погляды на расейскае праваслаўе: «З
аднаго боку, праваслаўны адчувае за сабою магутную шматвяковую Ўсходнюю
Царкву, з усімі яе тайнамі i навучаньнем Хрыстовым... i з многімі другімі
шматвяковымі хрысьціянскімі вартасьцямі, неразьдзельна зьвязанымі зь ёю: з
другога боку, той жа праваслаўны адчувае, што ўвесь час нехта спрабуе рабіць
замах на жыцьцё гэтага роднага яму i добрага Праваслаўя, што так інтымна i
цесна зьвязанае зь ягонымі расейскімі звычаямі, зь ягонай расейскай душой,
зь ягоным родным народам, i якое ў гэтым расейскім народзе ўмацавалася ў
барацьбе супраць лівонскіх i тэўтонскіх ордэнаў... a потым гартавалася ў
змаганьні з гэтак званай (так именуемой) Уніяй 1596 году (вылучана мною –
A.H.)... Шматлікія каталікі... пачалі рыхтавацца да навяртаньня расейскага
народу... У Альбэртыне ў Заходняй Беларусі, у Дубне ў Заходняй Маларасеі, i
ў іншых краінах былі заснаваныя асобыя цэнтры для гэтай справы. Расейскі
праваслаўны пачуў небясьпеку адусюль. Ён стаў асьцярожны i недаверлівы!»[111]
Ужо больш не ішла гутарка пра “навяртаньне Расеі”. Замест гэтага Тарасэвіч
заахвочвае «ўвесь час працаваць дзеля хрысьціянскай еднасьці ў далёкай
будучыні: для сапраўднага хрысьціяніна гэтага дастаткова, паколькі ён не
зьвязаны прамежкамі часу – ён жыве ў вечнасьці – навонкі ад усялякіх
абмежаваньняў часу»[112]. Ён
дае наступную раду заходнім каталіком: «Каталікі павінны праявіць асаблівую
цікавасьць да Расеі, да расейскага народу, да расейскай царквы – яны павінны
цешыцца зь іхных удачаў i дапамагаць ім у іхных магутных змаганьнях духоўна
i матар’яльна[113].
6 сьнежня 1945 году Амэрыканска-Беларуская Нацыянальная Рада даслала
прадстаўніку Маскоўскага патрыярха ў Амэрыцы, архібіскупу Яраслаўскаму i
Растоўскаму Алексію, наступны ліст : «Ваша Дастойнасьць! Амаль усе расейцы ў
горадзе Чыкага – гэта беларусы, выхадцы з былых губерняў Гарадзенскай,
Віленскай, Менскай, Віцебскай, Магілеўскай, Смаленскай. Катэдральны прыход
сьв. Юр’я Пераможцы ў горадзе Чыкага амаль поўнасьцю складаецца з нашых
дарагіх беларусаў. Беларусы гораду Чыкага ад шчырага сэрца вітаюць вялікага
i дарагога царкоўнага Прадстаўніка ў асобе Высокадастойнага Аляксея,
архіяпіскапа Яраслаўскага i Растоўскага, i жадае яму ўсякіх посьпехаў у
ягонай вялікай i цяжкай місіі на славу Госпада Бога i дзеля карысьці Царквы
Хрыстовай i для дабра народаў Савецкага Саюзу. Малітоўна з хрысьціянскай
любоўю ў Хрысьце, (–) а. праф. Ян Тарасэвіч, старшыня; Ігнат Лобач,
сакратар»[114].
Аляксей адказаў 24 студзеня 1946 году: «Дарагія майму сэрцу беларусы! Я
шчыра ўзрушаны вашай увагаю да мяне i ўдзячны вам за вашыя добрыя пажаданьні
ў справе аб’яднаньня праваслаўнага расейскага народу ў Амэрыцы з Царквою
Маці. Спадзяюся, беларусы, як сапраўдныя праваслаўныя людзі, пачуюць голас
Царквы Маці, вернуцца ў ейнае лона i тым самым аблегчаць зьдзейсьніць тую
місію, якую ўсклаў на мяне Найсьвяцейшы Аляксей, Патрыярх Маскоўскі i ўсяе
Русі. (–) Аляксей, Архібіскуп Яраслаўскі i Растоўскі»[115].
“Місія” Аляксея мела на мэце пераканаць амэрыканскіх “рускіх” (беларусы
– “тоже русские”!) прызнаць над сабою духоўную ўладу Маскоўскага патрыярха. Цяжка сказаць, якое дачыненьне яна мела да славы Божае, затое яна была
калі не на дабро “народаў Савецкага Саюзу”, то несумнеўна на карысьць
камуністычных уладаў гэтай краіны. Цікава, ці ведаў расейскі царкоўны
дастойнік, што ліст падпісалі два каталікі, адзін зь якіх – сьвятар. У тым
часе камуністычныя савецкія ўлады ў змове з Маскоўскай Праваслаўнай Царквой
рыхтавалі зьнішчэньне Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. За 8 месяцаў да
гэтага, у красавіку 1945 году, яны арыштавалі ўсіх украінскіх каталіцкіх
біскупаў на чале зь мітрапалітам Язэпам Сьліпым. Айцец Тарасэвіч ня мог пра
гэта ня ведаць.
Айцец Тарасэвіч не хаваў сваіх поглядаў i пісаў пра ix у лістох да многіх
асобаў. Напрыклад, 2 студзеня 1946 году (у лісьце памылкова напісана
“сьнежня”. – А.Н.) ён пісаў Васілю Лукашыку ў Швэцыю: «Мне здаецца, што
Савецкі Саюз найболей робіць для народа дзеля яго асьветы, культуры,
эканамічнага жыцьця. Дзеля гэтага я хачу супрацоўнічаць з Мінскам, з
Масквой... Якое становішча адносна Савецкага Саюзу займаюць нашы беларусы ў
Парыжу, у Германіі, у іншых краёх. Баюся, што яны парабіліся фашыстамі... Я
асабіста з Мінскам! Толькі вядома ж я глыбокі хрысьціянін, веруючы ў Бога –
для мяне гэта ўсё ясна нават з філёзофічнага пункту гледжаньня. Адначасна я
бачу, што ў савецкай сыстэме крыюцца глыбокія хрысьціянскія ідэі i камуністы
праводзяць ix у жыцьцё. Вельмі рад, што Праваслаўная Царква супрацоўнічае з
Савецкім урадам... Я цяпер маю кожную сераду паўгадзіны радыё-перадач... –
гавару па-расейску, па-беларуску i па-ангельску. Хвалю Савецкі Саюз, дзе
трэба яго хваліць... Вось i сягоньня за якую гадзіну паеду туды з
прамовамі... Другая мова будзець па-ангельску: што рускія народы зрабілі для
хрысьціянскае культуры на працягу вякоў – ня толькі яе стварылі, але i
баранілі хрысьціянскую культуру ад татарскіх полчышч, a ў нашыя дні
абаранілі яе ад гітлероўскіх полчышч».
Лукашык пераслаў копіі гэтага й іншых лістоў айца Тарасэвіча ў Парыж
Міколу Абрамчыку, а той – айцу Сіповічу. У лісьце за 3 сакавіка 1946 году
ён пытаўся y a. Сіповіча, як можна паўплываць на айца Тарасэвіча, каб той
зьмяніў свае погляды. Абрамчык прапанаваў перш старацца «падзеець на яго
чыста нашым хатнім-сямейным парадкам, пераканаць яго ў ягоным блудзе i
шкодніцтве для нас такой акцыі, ды змусіць яго загаварыць нашай мовай.
Словам, зрабіць усё, каб ня страціць яго для нашага руху». Калі ж гэта не
дапаможа, дык «не застаецца тады нічога іншага, як ударыць па ім, ужыць усе
засабы, якія мы маем да гэтага. Давядзецца тады публічна збэсьціць яго, як
здрадніка беларускага народу, і разшыфраваць увесь зьмест з усімі
кансэквэнцыямі ягонай бальшавіцкай прапаганды».
Адказаў на гэты ліст 22 сакавіка айцец Гарошка: «Справа праф.
Т(арасэві)ча, праўда, трагічна-горкая, але не безнадзейная. Калі не памогуць
яму тыя інфармацыі i тыя аўтарытэтныя людзі, якіх мы ім паслалі, то паканае
ix сам час i агульныя настроі, ідучыя ў нашым кірунку... Таму аб
якім-небудзь “удары” па ім кіньце думаць. Ён не прынясе ніякай карысьці».
Паводзіны айца Тарасэвіча ўстрывожылі i абурылі беларусаў, асабліва новых
эмігрантаў, якія на ўласнай скуры адчулі дабрадзействы савецкага рэжыму. У
1947 годзе ён зрокся старшынства Беларуска-Амэрыканскай Рады, магчыма, на
загад сваіх законных уладаў, i адышоў ад грамадзкай дзейнасьці[116].
Поглядаў сваіх ён не зьмяніў, хоць зрабіўся больш абачлівым у ix публічным
выказваньні i стараўся, каб яны не перашкаджалі яму выконваць сьвятарскія
абавязкі.
Тут трэба зазначыць, што, нягледзячы на свае погляды, айцец Ян Хрызастом
Тарасэвіч быў чалавек вялікай дабрыні, гатовы прыйсьці на дапамогу кожнаму ў
патрэбе. Зазнаў гэтую дабрыню i айцец Пётра Татарыновіч у свае “студэнцкія”
гады i пасьля, калі распачаў выдавецкую i перакладчыцкую дзейнасьць.
Новыя эмігранты з Эўропы пачалі прыяжджаць у Чыкага каля 1950 году. У
1952 годзе а. Тарасэвіч пачаў выдаваць для ix Лісток к беларусам, сьціплы
бюлетэнь чыста рэлігійнага зьместу. Айцец Тарасэвіч друкаваў у ім, апрача
казаняў, свае рэлігійныя паэмы, якія вызначаліся празьмернай даўжынёй. Сярод
новых беларусаў траплялася даволі шмат каталікоў. Яны ведалі адзін аднаго
яшчэ да 1939 году на Бацькаўшчыне, студэнтамі або вучнямі беларускай
гімназіі ў Вільні. Многія зь ix разумелі, як неабходна адрадзіць Беларускую
Грэка-Каталіцкую Царкву. Дзякуючы іхным стараньням паўстала ў Чыкага ядро
будучай парафіі Хрыста Спаса, духоўнае кіраўніцтва над якой прыняў а.
Тарасэвіч. Ад 1955 году рэгулярна адбываліся нядзельныя i сьвяточныя
багаслужбы ў капліцы школы для дзяўчат пры жаночым кляштары. Ці ведалі ў
манастыры сьв. Пракопа, кім былі “парафіяне” айца Тарасэвіча? Увосень 1956
году гэты манастыр зарганізаваў Першы Вунійны Кангрэс, відаць, жадаючы
аднавіць традыцыю падобных кангрэсаў, што перад вайною адбываліся ў
Вэлеградзе ў Чэхіі. Адзін з прамоўцаў, манах гэтага манастыра Клёд Д.
Віктора, у сваім дакладзе “Апостальства Зьяднаньня ў абацтве сьв. Пракопа”
(Apostolate for Reunion at St Procopius Abbey) даслоўна сказаў: «Вельмі
цікавым разьвіцьцём апостальства ў апошні час было зьяўленьне групы
праваслаўных расейцаў (вылучана мною. – А.Н.) з Чыкага i ваколіцаў, якія,
пад здольным кіраўніцтвам айца Хрызастома Тарасэвіча O.S.В., стварылі ядро,
што абяцае неўзабаве стацца самастойнай парафіяй з уласнай царквой i
памяшканьнем для сьвятара. Больш як год, штонядзелі ў капліцы Josephinum
High School in Chicago at 1515 N. Oakley Blvd., бывае Боская Літургія»[117].
Калі айцец Сіповіч прыехаў 2 лістапада ў Чыкага, яго сустрэлі
“праваслаўныя расейцы” Антон Бяленіс i Вацлаў Пануцэвіч, абодва вядомыя
беларусы i каталікі рымскага абраду. Іхныя жонкі, сёстры Людвіка i Ірэна
(Кляра), былі дочкамі Эдварда Будзькі, старога беларускага нацыянальнага i
грамадзкага дзеяча. Бяленіс, узгадаваны ў айцоў салезіянаў, сьціплы i
разважлівы чалавек, ахвярны i шчыра пабожны, не паказваючы, меў вялікі ўплыў
на разьвіцьцё беларускай парафіі. Пануцэвіч у 1956 годзе пачаў выдаваць
часопіс Беларуская Царква. У будучыні а. Сіповіч меў нагоду выказацца даволі
крытычна пра гэтае выданьне за яго “нацыяналістычны” характар i залішне
палемічны тон многіх артыкулаў.
Бяленіс i Пануцэвіч завезьлі айца Сіповіча ў манастыр сьв. Пракопа. Айца
Тарасэвіча не знайшлося, але яны сустрэліся з айцом Апанасам (Язэпам)
Рэшацем, сьціплым i вучоным сьвятаром, аўтарам некалькіх рэлігійных кніжак
на беларускай мове. Нейкі час ён быў прафэсарам у Віленскай Духоўнай
Сэмінарыі, але ў 1925 годзе яго звольнілі амаль адразу пасьля таго, як
біскуп Матулевіч зрокся Віленскага пасаду. Такім чынам Рэшаць стаў адной зь
першых ахвяраў новай антыбеларускай палітыкі ў Віленскай дыяцэзіі. Пасьля
многіх гадоў на польскай мазурскай парафіі, страціўшы надзею працаваць сярод
беларусаў, у 1938 годзе ён выехаў у Амэрыку i пайшоў у манастыр сьв.
Пракопа, дзе адразу ацанілі ягоныя веды i здольнасьці як духоўнага
кіраўніка. Неўзабаве пасьля сустрэчы з айцом Сіповічам выявілася, што айцец
Рэшаць невылечна хворы на рак. Ён памёр15 лютага 1958 году.
Пазьней у той самы дзень адбылася сустрэча ў Чыкага з айцом Тарасэвічам,
які згадзіўся, каб айцец Сіповіч на наступны дзень, г. зн. у нядзелю 3
лістапада, саслужыў зь ім сьв. Літургію. Айцец Сіповіч пакінуў наступны
запіс у сваім дзёньніку: «Прывёў мяне сп. Бяленіс у тую капліцу, дзе маемо
служьщь. Там ужо быў a. Тарасэвіч... Ён прыгатовіў праскамідыю і, як першы
сьвятар, распачаў літургію. Сьпярша мне дзіўным здалося, што ён не
запрапанаваў мне, гасьцю, першага мейсца, але пасьля я заўважыў, што ён
хворы, i служыць для яго гэта значыць жыць. Я сьпяваў ектэніі тыя, якія сам
уважаў, што павінен сьпяваць. Такжа ў час “малога выхаду” нёс велізарнае
эвангельле i такжа чытаў эвангельле. Пасьля кансэкрацыі раптам а. Тарасэвіч
кажа: “Я памыліўся, што ж мне рабіць?” Кажу яму, што ўсё ў парадку, хай не
турбуецца. Ня ведаю, дзе ён думаў, што зрабіў памылку. Я ў час кансэкрацыі
аднаго слова ня здужаў поўнасьцю сказаць, але быў перакананы, што а.
Тарасэвіч не зрабіў памылкі, i мы служылі далей... Пасьля камуніі a.
Тарасэвіч сказаў кароткае казаньне, якое можна зьмясьціць у словах: “Любіць
мы павінны ўсіх... Дзякую ўсім, асабліва хору... Вітаю айца Ч. Сіповіча,
нашага сьвятара i дзеяча, які скажыць вам казаньне”. Сапраўды мне не
хацелася ў гэтакіх абставінах нічога гаварыць, але сказаў, як умеў, аб тым,
што царква не павінна быць пустой, што, апрача хору, трэба i вернікаў. Такжа
пару слоў па-ангельску. Хор сьпяваў нядрэнна, але не адчуваецца пабожнасьць
у яго сьпеве... Пасьля літургіі спатканьне з людзьмі, з праф. Куліковічам,
Маразамі, Чарнэцкімі, Сенкевічам Г. З усімі дагаварыўся, калі ix маю
адведаць».
Пасьля Чыкага дарога айца Сіповіча вяла ў Дэтройт, затым у Канаду – у
Лёндан, Бэры i Таронта, – a адтуль зноў у ЗША, у Кліўлэнд i Нью -Ёрк.
Акрамя таго, ён наведаў Філядэльфію i Ўошынгтан. Усюды, дзе айцу Сіповічу
даводзілася быць, ён адпраўляў сьв. Літургію, прамаўляў казані, рабіў
даклады, сустракаўся з старымі знаёмымі i прыяцелямі, заводзіў новыя
знаёмствы...
Надышоў дзень 6 сьнежня, апошні дзень знаходжаньня на амэрыканскім
кантынэнце. Увечары ў Нью-Ёрку – даклад айца Сіповіча ў Інстытуце Навукі i
Мастацтва. Вось што ён напісаў у дзёньніку: «Са сп.няй Арсеньневай i Оляй
Запруднік едзем у Ўкраінскі Інстытут. Дождж зьверху, ільдзіны ўнізе па
дарозе... Прыйшло каля 30 чалавек. Адчыніў зборку сп. Адамовіч, старшыня
Інстытуту. Пасьля дакладу дыскусія i запытаньні. Сп. Шукелайць у прачулай
прамове просіць зьвярнуцца да Б(іску)па Слоскана, каб энэргічней
заапекаваўся беларусамі. У той час, калі ўсё нішчыцца на бацькаўшчыне, тут у
вольных краінах беларусы каталікі такжа без апекі! Падобна гаворыць Бартуль.
Др Я. Станкевіч указвае на мінусы беларускага жыцьця... Сп. Тулейка выказвае
погляд, што царкоўнае i грамадзкае жыцьцё могуць суіснаваць разам... Каля 12
ноччу вярнуўся да Кушаляў. Сюды прыйшоў Шукелайць, Бартулі, Запруднік. Крыху
выпілі i закусілі на разьвітаньне. Іду спаць каля гадз. 3-цяй уночы».
Раніцай наступнага дня: «Адпраўляю Імшу ў капліцы сясьцёр Назарэтанак...
Пасьля Імшы зьбіраюцца сёстры ў закрыстыі. Жадаюць мне шчасьлівай дарогі.
Далі падарак. Каля гадз. 9-ай выяжджаем машынай сп-ра Курылы, разам з Ф.
Бартулём, Арсеньневай i Запруднік да мараплава. Разьвітваемся. Сумна мне
стала, калі астаўся сам адзін, бачу на тварах некаторых сьлёзы. Разумею ix».
У пятніцу 13 сьнежня раніцай a. Сіповіч сышоў з мараплава “Normandie” y
ангельскім порце Плімут i a 3.30 гадзіне дня быў ужо ў Лёндане.
Тры месяцы далі айцу Сіповічу магчымасьць скласьці добрае ўяўленьне пра
жыцьцё i духоўныя патрэбы беларусаў на амэрыканскім кантынэнце. Ён вярнуўся
перакананы ў тым, што ў Амэрыцы патрэбны моцны беларускі рэлігійны асяродак,
падобны да Марыян Гаўз. Гэтая думка прыходзіла, відаць, i іншым людзям. 27
сьнежня 1957 году ён пісаў айцу Татарыновічу, што айцец Францішак Чарняўскі
«нагаворвае мяне (ды ня толькі ён!), каб я выяжджаў у Амэрыку i там купляў
такі ж Марыян Гауз». У той самы дзень айцец Рэшаць пісаў айцу Татарыновічу:
«A. Сіповіч – гэта на амэр. грунце мэтэор (у новым стылю “спутнік”),
пералётная птушка. У яго свае пляны марыянскія. Дужа магчыма, што, асеўшы ў
Амэр., ён мог бы шмат добрага зрабіць між беларусамі».
Амэрыканскі праект абмяркоўваўся між Сіповічам i Гарошкам, калі той
прыехаў у Лёндан у лютым 1958 году. Аднак галоўнай мэтай ягонага прыезду
было сказаць Сіповічу пра свой намер уступіць у закон марыянаў i параіцца зь
ім, як найлепш гэта зрабіць. Цяжка сказаць, ці ён сапраўды раптам пачуў
пакліканьне да законнага жыцьця. Вельмі магчыма, што, стомлены напружанай
працаю i ня маючы ніадкуль дапамогі, ён паддаўся на перакананьні Сіповіча,
што будзе лепш для ўсіх ix i для справы, калі яны злучаць свае сілы.
У Парыж на месца айца Гарошкі пастанавілі паслаць Кастуся Маскаліка, хоць
было ясна, што ён зусім няздатны для гэтай пасады. Можа таму Сіповіч i
Гарошка спрабавалі захаваць свае пляны ў сакрэце. Гэта, аднак, у ix не
атрымалася. Мікола Абрамчык нешта западозрыў i напісаў Сіповічу 14 сакавіка:
«Нядаўна да мяне дайшла вестка, што Вы плянуеце, ды ня толькі плянуеце, а
ўжо падобна пачалі захады аб пераезьдзе а. Льва з Парыжа ў Лёндан. На месца
а. Льва маеце паслаць а. Маскаліка... Вось жа калі запраўды ў Вас такія
пляны, то гэта азначае: 1) калі не фармальнае, дык прынамсі практычнае
ліквідаваньне Беларускай Каталіцкай Місіі ў Францыі; 2) больш чым цяжкі ўдар
па нашаму грамадзкаму жыцьцю ў Францыі, бо забіраеце апошняга культурнага
чалавека з францускай мовай, пакідаючы без нікога нашых работнікаў, тым
больш – чалавека, якога ўсе работнікі любяць».
Айцец Сіповіч адказаў Абрамчыку 18 сакавіка: «Вы кажаце, што ад’езд з
Францыі а. Льва – гэта ўдар па грамадзкаму там жыцьцю. Згаджаюся i з гэтым
часткова, толькі з вялікім сумам трэба сьцьвердзіць адно, што нашыя сьвецкія
дзеячы павыяжджалі з Эўропы ліха ведае куды i мы сьвятары мусімо ўваходзіць
туды, дзе трэба i ня трэба, бо няма ўжо нікога. Паколькі мне ведама, на
працу ў радыё “Вызваленьне” адусюль папрыяжджалі. A ці стараўся хтосьці
прыехаць у В. Брытанію, каб весьці беларускую палітыку н(а)пр(ыклад)?
Астроўскі – так! Але бээнэраўцы i вухам не кіўнулі. “Хтосьці будзе рабіць,
штосьці будзе рабіцца”. Няма ў нашых дзеячоў ахвярнасьці, a робіцца палітыка
самацёкам».
Таго самага дня ён напісаў айцу Гарошку: «Сталася, як ты i прадбачваў, а
наш сакрэт блізу ўжо расшыфраваны. Ня ведаю кім i як, але гэта няважна.
Пазьней ці раней справа мусіць стацца яўнай. Разумеецца, сп. Абрамчык
бароніць свайго панадворка. Toe, што ён піша аб тваёй асобе – concedo
(згаджаюся. – А.Н.) поўнасьцю, i a. Маскалік цябе не заступіць на 50%. Але
Абрамчык ня знае нашых плянаў ані адносна Амэрыкі, ані адносна марыянаў. Я
думаю ў гэтай фазе хопіць даць яму агульны адказ: мы робім з поўнай
сьведамасьцю i адказнасьцю ператасоўкі дзеля большага дабра нашага народу.
Мне адно баліць, што Абрамчык ніколі не шкадуе, што нічога беларускага
каталіцкага няма ў Зл. Штатах, i быў бы здаецца задаволены, каб мы тут усе
асталіся i там аўтакефалістам “не мяшалі”. Ці ты атрымаў такжа падобнае
пасланьне? Са сп. Абрамчыкам, як i з іншымі нашымі паважанымі дзеячамі, мы
павінны паступаць вельмі тактычна, але без ніякіх ухілаў ад нашых плянаў».
Абрамчык падзяліўся сваімі падазрэньнямі зь іншымі. Антон Шукелайць зь
Нью-Ёрку на паштоўцы зь велікоднымі віншаваньнямі пытаўся ў Сіповіча:
«Напішыце, што вы там за пэртурбацыі на становішчах робіце i што яны маюць
на мэце? Пераездам а. Льва Гарошкі ў Лёндан моцна затрывожаны прэзыдэнт.
Баіцца, гэта можа спрычыніцца да развалу бел. калёніі ў Парыжы».
Айцец Сіповіч адказаў Шукелайцю 11 красавіка 1958 году : «Ужо вельмі
надзейна, што Марыян Гауз астанецца ў руках беларускіх марыянаў. А дзе ж
яны? З Польшчы не выпускаюць ані Адважнага ані Лася. Значыць трэба тут усё
зрабіць, каб я ня быў адзін... Вы кажаце, што выезд а. Льва з Парыжа
прычыніцца да развалу калёніі нашай у Парыжы. Адзін чалавек ня творыць
калёніі, a калі яна такая, што на адным чалавеку апіраецца, дык шкада для яе
а. Льва, які сёньня патрэбны ёсьць для большай лікам публікі. Мне здаецца,
трэба браць нам сьвятаром перадусім на ўвагу патрэбу душ, а калi ўсё, што
толькі можам зробім для збаўленьня беларускіх душаў, дык усё іншае (значыць
i грамадзка-палітычныя валёры) будуць дадзеныя. Вы добра ведаеце, што за
стан каталікоў беларусаў у Амэрыцы, i хто ix абслугоўвае. Мы ня можам аб ix
ня думаць зусім незалежна ад таго, ці там нас хочуць ці не. Я асабіста
найлепш чуўся б у Лёндане, дзе згрубша наша жыцьцё ўпарадкавана, маемо свой
прытулак i дзе працы такжа хапае. Але “прыйдзе час, калі іншы цябе абвяжа, i
пойдзеш, куды ня хочаш”... У сьвятарскім жыцьці тым іншым – большая патрэба,
i дзе яна ёсьць, туды мы пойдзем».
Каб заснаваць беларускі законны дом (кляштар) у Лёндане, a пасьля,
магчыма, другі ў Амэрыцы, двох сьвятароў было замала. На пакліканьні сярод
эміграцыі не выпадала спадзявацца. Заставаліся беларускія марыяне ў Польшчы,
i таму Сіповіч даўно пачаў старацца, каб ім далі дазвол прыехаць у Лёндан.
Аднак усе ягоныя намаганьні заставаліся бяз выніку, што досыць дзіўна, бо
польскія марыяне ды іншыя сьвятары, нягледзячы на камуністычны рэжым,
выяжджалі за мяжу безь вялікіх цяжкасьцяў, асабліва пасьля 1956 году. Айцец
Сіповіч вырашыў засяродзіць свае намаганьні на айцах Язэпе Германовічу i
Антоне Лосю. Беларусы практычна ня ведалі Лося, але а. Антон, чалавек
параўнаўча малады, праявіў сябе добрым i здольным сьвятаром, таму зь яго
магла быць карысьць у Лёндане. Трэба сказаць, што Лось ніколі не выказваў
асаблівай ахвоты працаваць сярод беларусаў, тым больш сярод беларускай
эміграцыі. Айцец Германовіч, наадварот, ня меў ніякага жаданьня заставацца ў
Польшчы, як i ў 1938 годзе. Ён стаў рабіць у пачатку 1957 году захады, каб
выехаць з Польшчы, афіцыйна каб наведаць Рым, але польскія ўлады не давалі
дазволу. Дый чынілі перашкоды ня толькі дзяржаўныя ўлады. Татарыновіч пісаў
6 верасьня 1957 году Сіповічу: «Перад хвілінаю званіў на v. Corsica, пытаючы
ў справе прыезду а. Г(ерманові)ча i Лося. Пры адсутнасьці генэрала, адказаў
мне a. Лысік, які кажа, што на некалькі ягоных пісьмаў няма адтуль ніякага
адказу; калі я заўважыў, што гэта з прычын урадавых труднасьці, дык ён мне
прабаваў аб’ясьняць гэта нейкімі зыгзакамі нутранымі вашымі законнымі, што
там інакш, выглядае, на справу, каму трэба выяжджаць, заглядаюцца. Sapienti
sat... У наступны аўторак едзе туды а. Б(ол)туць, i баязно, каб гэтае
“іншасьці поглядаў” не замацаваў». Сіповіч пісаў штось падобнае Гарошку 6
лістапада 1959 году: «Пакуль быў у Рыме айцец Мрочак, дык ён вечна знаходзіў
нейкія прычыны, каб айцоў беларусаў з Польшчы ня рухаць, a польскія сьвятары
i студэнты прыяжджалі i выяжджалі, i нікому ад гэтага бяды ня сталася».
(Уладыслаў Мрочак, паляк, быў генэралам марыянаў ад 1951 да 1957 году.)
Першай “ахвярай” пастановы айца Гарошкі ўступіць да марыянаў стаў часопіс
Божым шляхам. Паводле пэрыядычнасьці ягонага выхаду можна бачыць, як
стомлены быў рэдактар. Перш часопіс выходзіў штомесяц, пасьля – празь месяц.
У 1955 годзе выйшлі толькі тры нумары, a ў 1956 годзе – адзін. З нумарам за
1957 год а. Гарошка вельмі спазьніўся i рабіў намаганьні выдаць яго перад
пачаткам навіцыяту.
У 1958 годзе замест тыдня студыяў “Руні” беларусы прынялі ўдзел у
Міжнародным Марыянскім Кангрэсе 14–18 верасьня ў Люрдзе. Апрача ўдзелу ў
агульных мерапрыемствах, яны мелі сваю праграму, у рамках якой айцец
Сіповіч прачытаў даклад на тэму “Францішак Скарына – гарачы паклоньнік
Найсьвяцейшай Дзевы Марыі”. Тэмай дакладу айца Гарошкі была “Сутнасьць
культу Найсьвяцейшай Дзевы Марыі на Беларусі”.
9 кастрычніка 1958 году памёр папа Пій XII, якому выпала кіраваць
Каталіцкай Царквою ў вельмі цяжкі час Другой сусьветнай вайны i
пасьляваеннага супрацьстаяньня між Савецкім Саюзам i Захадам. 28 кастрычніка
ягоным наступнікам быў абраны папа Ян XXIII. Ён распачаў пэрыяд больш
адкрытага кіраваньня Царквою i зьдзівіў увесь сьвет, абвясьціўшы, што жадае
склікаць новы Паўсюдны Сабор. Вялікія зьмены непасрэдна закранулі i
беларусаў, хоць, магчыма, спачатку яны гэтага не ўсьведамлялі.
У нядзелю 21 сьнежня 1958 году ў Парыжы вернікі разьвіталіся з айцом
Гарошкам i сутрэліся з новым рэктарам, айцом Кастусём Маскалікам. Гарошка
пісаў 30 сьнежня Сіповічу: «Разьвітальная Служба Божая i прыняцьцё ў
Сындыкаце былі даволі шматлюднымі. Наагул можна было заўважыць, што ўсе
стараліся прыняць а. Кастуся ветліва, запрашалі адведваць, i мы пакрысе
адведваем, каго можам, толькі маё ўражаньне, што пасьля майго выезду сам ён
да ix ня знойдзе дарогі». Прадчуваньні айца Гарошкі, на жаль,
спраўдзіліся...
У нядзелю 4 студзеня 1959 году айцец Гарошка пакінуў цягніком Парыж і
наступнага дня быў ужо ў Рыме.
Notes
[109] «These over three
million White Russian Roman Catholics... They alone, if properly
enlightened, instructed, educated, could solve the problem of Christian
Unity in Russia! The Catholic world should not remain indifferent to their
lot, but aid them, at least morally, in their efforts to be what they
themselves want to be – the Byelorussians among the Russians, in the Russian
world, for the good of the Church and that of mankind in general».
(Арыгінальны машынапіс артыкулу, нідзе не друкаванага, знаходзіцца ў
Бібліятэцы Ф. Скарыны ў Лёндане.)
[110] «Двое членов
аббатства св. Прокопия, являющегося центром апостольской работы среди
русских в Соед. Штатах, приняли недавно восточный обряд. Эти двое – о.
Хризостом Тарасевич и о. Афанасий Решец. Оба они русские по национальности»
(Католический вестник, № 7, Харбин, июль 1941, с. 164).
[111] Иеромонах Иоанн.
“Кардинал Мерсье, великий друг русских”, Церковный голос – Voice of the
Church, Vol. IX, № 9, Lisle, 1945, p. 2.
[112] Иеромонах Иоанн.
“Сверхъестественная дальнозоркость в деле христианского воссоединения”,
Церковный голос – The Voice of the Church, год 8, № 15, Ляйль, Август 1944,
c. 12.
[113] Chrysostom
Tarasevitsch. “Religious News from Moscow”, Церковный голос – Voice of
the Church, Vol. VIII, No. 12, Lisle, May 1944, p. 13.
[114] «Ваше
Преосвященство! Почти все русские в г. Чикаго – это белоруссы, выходцы из
бывших губерний Гроденской, Виленской, Минской, Витебской, Могилевской,
Смоленской. Соборный приход Св. Георгия Победоносца в г. Чикаго почти
всецело состоит из наших дорогих белоруссов. Белоруссы г. Чикаго от души
приветствуют великого и дорогого церковного Представителя в лице
Высокопреосвященнейшего Алексия Архиепископа Ярославского и Ростовского и
желает Ему всякого успеха в Его великой и трудной миссии во славу Господа
Бога и ради блага Церкви Христовой и добра народов Советского Союза.
Молитвенно с христианской любовью во Христе, (–) о. проф. Иоанн Тарасевич,
председатель; Игнатий Лобач, секретарь».
[115] «Дорогие моему
сердцу белоруссы! Искренне тронут Вашим вниманием ко мне и благодарен Вам за
Ваши добрые пожелания в деле соединения православного русского народа в
Америке с Матерью Церковью. Надеюсь, белоруссы, как истинные православные
люди, услышат голос Матери Церкви, возвратятся в лоно ея и тем самым
облегчат осуществить ту миссию, которая возложена на меня Святейшим
Алексием, Патриархом Московским и всея Руси. (–) Алексий, Архиепископ
Ярославский и Ростовский».
[116] Прасавецкая
дзейнасьць а. Хрызастома Тарасэвіча стала вядомай амэрыканскім органам
бясьпекі, якія ўстанавілі над ім нагляд. У 1963 годзе аўтарка артыкулу пра
“прыроднага расейца” (Russian by birth) a. Тарасэвіча пісала: «Першы раз ён
трапіў пад дзяржаўны нагляд з прычыны сваіх перадачаў па радыё для расейцаў
i беларусаў... Другі раз, калі Фэдэральнае Бюро Выведкі зацікавілася ім, яно
паслала сваіх агентаў да ягонага абата, i айцу Хрызастому было загадана
спыніць сваю дзейнасьць» (The first time he was placed under government
surveillance, it was because of his broadcasts to the Russians and
Byelorussians... The next time the FBI interested itself in him, they sent
agents to his Abbot, and Father Chrysostom was asked to stop his work.) Гл.
: Bisdorf Rita. “Seeker of Silence”, Columbia, No. 12, New Haven, Conn.,
December 1953, p. 17–18.
[117] «A most interesting
development of the Apostolate in recent times has been the organization of a
group of Orthodox Russian people in Chicago and vicinity, who under the able
guidance of Father Chrysostom Tarasevitch, O.S.В., have been formed into a
unit which soon promises to become a self-sustaining parochial organization
with a Church and rectory of its own. For over a year, each Sunday, the
Divine Liturgy is offered in the chapel of Name Josephinum Type High School
in Chicago at 1515 N Oakley Blvd». (Proceedings of the First Unionistic
Congress, September 28, 1956 to September 30, 1956. St Procopius Abbey,
Lisle, Illinois, p. 25.)