5. Пачатак апостальскай дзейнасьці
Па вайне ў Італіі апынулася даволі шмат беларусаў. Многія зь іх як былыя
польскія грамадзяне служылі жаўнерамі ў г. зв. польскім Другім Корпусе.
Вядомы таксама як “Армія Андэрса” – паводле прозьвішча ягонага камандзіра
генэрала Ўладыслава Андэрса – гэты Корпус уваходзіў у склад брытанскіх
узброеных сілаў. Неўзабаве па спыненьні ваенных дзеяньняў у траўні 1945 году
пачалі зьяўляцца i цывільныя ўцекачы, пераважна зь Нямеччыны ды Аўстрыі.
Увосень 1945 году ў Рым прыехалі два беларускія сьвятары. Адзін зь іх,
айцец Пётра Татарыновіч (1886–1978), сьвятар рымскага (лацінскага) абраду,
перад вайной працаваў у Пінскай дыяцэзіі, дзе яго перакідалі з парафіі ў
парафію, каб сваёй беларускасьцю не нарабіў палякам шкоды. Ён сябраваў з
айцом Адамам Станкевічам, пісаў у Хрысьціянскую думку i быў аўтарам
некалькіх кніжак. Як згадвалася вышэй, у вайну а. Татарыновіч ачольваў
беларускую парафію ў Варшаве. Улетку 1944 году з набліжэньнем савецкіх
войскаў ён пакінуў Варшаву i падаўся на Захад. Канец вайны засьпеў яго ў
Нямеччыне. Увосень 1945 году ён прыехаў у Рым, дзе, нягледзячы на свой век
(яму было 49 гадоў), пайшоў вучыцца ў Папскі Ўсходні Інстытут i ў 1949 годзе
абараніў доктарскую працу пра духоўнае вучэньне сьвятога Кірылы Тураўскага.
Айцец Татарыновіч застаўся ў Рыме да канца жыцьця.
Другі сьвятар быў айцец Леў Гарошка (1911–1977). Ён пасьпеў скончыць
Наваградзкую беларускую гімназію, перш як польскія ўлады зачынілі яе, i
пастанавіў прысьвяціць сваё жыцьцё справе адраджэньня Грэка-Каталіцкай
Царквы ў Беларусі. Багаслоўе ён вывучаў ва ўкраінскай духоўнай сэмінарыі ў
Львове, куды яго прыняў мітрапаліт Шаптыцкі. У 1937 годзе Гарошка атрымаў
сьвятарства і працаваў у розных грэка-каталіцкіх парафіях Пінскай дыяцэзіі.
Урэшце ў траўні 1939 году польскія ўлады выселілі яго з Стаўпцоў. У вайну
экзарх Антон Неманцэвіч прызначыў Гарошку другім сябрам рады Экзархату.
Пасьля арышту і сьмерці Неманцэвіча ў турме адказным за экзархат застаўся
айцец Гарошка. Пад час нямецкай акупацыі 1941–1944 гадоў Гарошка жыў у
Баранавічах, выкладаў беларускую мову i літаратуру ў беларускіх навучальных
установах, у тым ліку ў мэдычнай школе, адным з заснавальнікаў якой ён быў.
У 1944 годзе перад наступам савецкіх войскаў айцец Гарошка ўцёк у Нямеччыну.
У 1945 годзе ён напісаў ва Ўсходнюю Кангрэгацыю ў Рым справаздачу пра стан
Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі i спытаўся, што рабіць далей. Не
атрымаўшы адказу і не пытаючыся ў нікога дазволу, ён дабраўся да Рыму i
прыйшоў ва Ўсходнюю Кангрэгацыю. Там нарэшце зьвярнулі на яго ўвагу i нават
далі памяшканьне ў Русікуме за кошт Кангрэгацыі. У Рыме айцец Гарошка,
атрымаўшы дазвол ад Усходняй Кангрэгацыі, пачаў працу над беларускім
малітаўнікам Божым шляхам, які выйшаў на пачатку 1946 году. На той год
прыпалі 350-я ўгодкі Берасьцейскай Вуніі 1596 году. З гэтай нагоды папа Пій
XII выдаў 25 сьнежня энцыкліку Orientales omnes. Айцец Гарошка пераканаў
Усходнюю Кангрэгацыю, што неабходна перакласьці энцыкліку на беларускую
мову. Ён таксама настаяў, каб, беручы пад увагу абставіны XX стагодзьдзя,
лацінскае слова “Rutheni” (“рускія”) перакладалася як “беларусы i ўкраінцы”.
Кангрэгацыя доўга вагалася, але нарэшце згадзілася. Перамога была невялікая,
але важная. Да айца Гарошкі ў Рым прыяжджала даволі шмат беларускіх
сьвятароў i студэнтаў, але ніводзін зь ix не зрабіў высілкаў, каб царкоўныя
ўлады прызналі Беларусь як асобную нацыю з сваімі патрэбамі i памкненьнямі.
Можна сьмела сказаць, што назоў “Беларусь” зьявіўся на царкоўнай мапе
дзякуючы айцу Льву Гарошку.
Для Сіповіча, сем гадоў адарванага ад усяго беларускага, прыезд двох
сьвятароў, не зьвязаных з Друяй ці Вільняй, яшчэ нядаўна актыўна занятых
пастырскай працай сярод беларусаў, стаўся адкрыцьцём. Дзякуючы знаёмству зь
імі а. Чэслаў глыбей асэнсаваў беларускае пытаньне ў царкоўным i
нацыянальным аспэктах. Тым ня менш яго першая рэакцыя была даволі дзіўная.
Не пасьпеўшы добра ўведаць новапрыбылых сьвятароў, ён пад час сваіх
рэкалекцыяў ужо 20–28 верасьня 1945 году зрабіў наступныя пастановы:
«Падтрымоўваць растаропна зносіны для дабра беларускай справы, асабліва для
дабра Царквы сьв. на Беларусі. Вельмі тактычна i астарожна быць з кс.
П(ятром) Т(атарыновічам), які мае не адзін ад Бога талент, але ўжо крыху
стараваты, трусьлівы, без ініцыятывы. З палякамі працаваць астарожна i
ўцягваць пакрысе а. Л(ьва) Г(арошку)». У гэтых рэзкіх цьверджаньнях
адчуваецца самаўпэўненасьць, магчыма, спароджаная недасьведчанасьцю.
Насамрэч айца Гарошку не было патрэбы нікуды “ўцягваць”: ён ужо “ўцягнуўся”
ў беларускую рэлігійную працу, як мала хто іншы. Што ж да Татарыновіча, дык
ён паказаў ініцыятыву i сьмеласьць, калі пачаў навучаньне пасьля больш як
дваццацігадовага перапынку. Працуючы над сваёй доктарскай дысэртацыяй, ён
знайшоў час перакласьці на беларускую мову вядомую аповесьць Гэнрыка
Сянкевіча Quo vadis i падрыхтаваць да друку малітаўнік для каталікоў
рымскага абраду Голас душы. У 1950 годзе пад ягонай рэдакцыяй выйшаў першы
нумар часопісу Зьніч, а таксама, дзякуючы ягоным стараньням, распачаліся
рэгулярныя беларускамоўныя перадачы на Ватыканскім радыё.
Вайна скончылася, але тое, што прыйшло пасьля яе, нельга назваць
супакоем. Сьвет падзяліўся на два варожыя лягеры, кожны зь якіх глядзеў на
другога з падазрэньнем i недаверам, але трымаўся асьцярожна, каб не
распачаць новай сусьветнай вайны. Урэшце, яшчэ сьвежай была памяць пра
атамную бомбу, скінутую на Хірасіму. Між двох лягераў усталявалася “жалезная
заслона” – свабодны абмен думкамі або інфармацыяй стаўся немагчымы. Беларусь
трапіла ў камуністычны лягер, пад уладу Масквы, дзе панаваў таталітарны
рэжым, адсутнасьць свабоды сумленьня i непашана да правоў чалавека. Перад
беларусамі, якія апынуліся па той бок “жалезнай заслоны”, паўстала праблема
ня толькі як выжыць, але i як зрабіць Беларусь i яе патрэбы вядомымі ў
вольным сьвеце.
Тры беларускія сьвятары ў Рыме перадусім ставілі сабе задачу навязаць
сувязь зь беларусамі, якіх лёс закінуў у Італію. Сярод жаўнераў Другога
Корпусу польскай арміі (Першы Корпус месьціўся ў Вялікай Брытаніі)
налічвалася блізу 2000 беларусаў. Трапілі яны туды рознымі спосабамі. Айцец
Сіповіч пісаў пра ix 20 сьнежня 1945 году ў Парыж Міколу Абрамчыку: «Адны з
ix перайшлі цераз Сібір, Ірак, Палестыну i т. д. Гэта тыя, якія былі
вывезеныя савецкімі ўладамі. Другія прыйшлі пасьля развалу немцаў. Першыя
фігуруюць як палякі, другія запісаныя як беларусы. З аднымі i другімі
падтрымліваем зносіны». Неўзабаве пасьля вызваленьня Рыму ад немцаў туды
пачалі прыяжджаць, паасобку або групамі, жаўнеры польскай арміі. Айцец
Сіповіч, які добра ведаў Рым, часта выконваў ролю правадніка для такіх
групаў. Водзячы ix па Вечным Горадзе, ён паціху стараўся даведацца, ці няма
сярод ix беларусаў... Хутка вестка пра беларускага сьвятара ў Рыме разышлася
па ўсіх аддзелах польскага войска. Многія беларускія жаўнеры, што прыяжджалі
на адпачынак у Рым, самі знаходзілі дарогу на вія Корсіка, дзе жыў айцец
Сіповіч. У суботу 3 лістапада 1945 году там адбылася першая беларуская
зборка. Айцец Гарошка зрабіў даклад аб рэлігійным становішчы беларусаў на
Бацькаўшчыне i на выгнаньні; жаўнер Віктар Сянкевіч расказаў пра лёс
беларусаў, змушаных служыць у чужых арміях; а айцец Татарыновіч прачытаў
урыўкі з аповесьці Гэнрыка Сянкевіча Quo Vadis ва ўласным перакладзе.
Віктар Сянкевіч вучыўся тады ў гімназіі Сарнана каля гораду Мачэрата,
што ў цэнтральнай Італіі. Камандаваньне польскай арміі пад канец вайны
стварыла некалькі такіх навучальных установаў, каб жаўнеры, якім вайна
перапыніла навуку, маглі атрымаць сярэднюю адукацыю. Сярод вучняў было
даволі шмат сьведамых беларусаў. Як правіла, гэтыя маладзёны вучыліся ў
беларускіх школах у Беларусі пад час нямецкай акупацыі i трапілі ў Італію
толькі пад канец вайны, прайшоўшы празь Нямеччыну i Францыю. Яны ня толькі
трымаліся разам, але імкнуліся наладзіць сувязь зь іншымі, больш шматлікімі,
беларускімі асяродкамі. Віктар Сянкевіч, вярнуўшыся з Рыму, 15 лістапада
пісаў айцу Сіповічу: «Зараз па прыезьдзе з Рыму павінен быў пісаць аж 13
лістоў да сваіх сяброў... Што некалькі дзён робім сабраньні, на якіх
абгаворваем розныя тэмы. Апошне пастанавілі маралізаваць (так у тэксьце!
Можа “мабілізаваць”? – А.Н.) i зьбіраць у кучку ўсіх сваякоў, каб у як
найхутчэйшым часе асягнуць некаторыя мэты. Праца кіпіць. З пісём сяброў (а
якіх атрымліваю штомесячна каля 40) даведваемся, што праца над “зьбіраньнем
калосься ў адзін сноп” праводзіцца ўсюды, кожным сьведамым беларусам, дзе б
ён не паявіўся».
У канцы лістапада 1945 году айцы Сіповіч i Гарошка сустрэліся зь
Вінцэнтам Жук-Грышкевічам, вядомым беларускім грамадзкім дзеячам у
перадваеннай Вільні. У 1939 годзе яго арыштавалі камуністы, але ў 1941
годзе выпусьцілі як польскага грамадзяніна. Разам з польскім войскам,
сфармаваным тады ў Савецкім Саюзе, Жук-Грышкевіч выехаў у Іран i на Блізкі
Ўсход i ў 1944 годзе трапіў у Італію. Пад канец вайны яму запрапанавалі
месца настаўніка гісторыі ў польскай гімназіі ў горадзе Мадэна ў паўночнай
Італіі. Там атайбавалася даволі вялікая суполка беларусаў. Яны часта
зьбіраліся ў Жук-Грышкевіча – як настаўнік, ён карыстаўся афіцэрскімі
прывілеямі i жыў на прыватнай кватэры.
Сярод іншых значных беларускіх суполак варта прыгадаць польскую гімназію
ў Алесана ў паўднёвай Італіі i полк “гусараў” (танкістаў), што стаяў
непадалёк ад гораду Кеты ў цэнтральнай Італіі. Айцец Сіповіч ажыцьцяўляў
сувязь між гэтымі групамі, a таксама паасобнымі беларусамі, раскіданымі па
розных адзінках польскага войска.
Апрача жаўнераў, знайшліся таксама i цывільныя беларусы зь лягераў для
ўцекачоў у розных гарадох Італіі (Балёніі, Мадэне, Нэапалі, Бралета, Трані,
Галятонэ ды інш.). Знайшлося таксама некалькі студэнтаў у Рыме. Уцекачы
апынуліся ў даволі цяжкім матар’яльным становішчы. Беларускія жаўнеры
дапамагалі ім, звычайна празь Беларускі Камітэт Самапомачы (Comitato
Caritativo Biancoruteno), на чале якога стаяў айцец Гарошка.
Адной з найстарэйшых беларускіх эміграцыйных арганізацыяў у Заходняй
Эўропе быў Хаўрус беларусаў у Францыі, заснаваны ў 1932 годзе. У часе вайны
старшыня Хаўрусу інжынэр Лявон Рыдлеўскі ўдзельнічаў у францускім руху
супраціву. У Парыжы таксама жыў старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
(БНР) Мікола Абрамчык. 19 верасьня 1945 году яны з Рыдлеўскім зьвярнуліся да
Сьвятога Айца з просьбаю заснаваць Беларускую каталіцкую місію ў Францыі. У
лісьце гаварылася: «Зрабіўшы аналіз цяперашняга становішча беларускай
эміграцыі i ўзгадніўшы з інтэлектуальнымі i палітычнымі прадстаўнікамі
беларускай грамадзкасьці, мы бярэм на сябе сьмеласьць прасіць Вашую
Сьвятасьць паказаць нам Сваю высокую спагадлівасьць i ўстанавіць Беларускую
каталіцкую місію ў Францыі, каб захаваць беларускую эміграцыю i прывесьці яе
ў лона Каталіцкай Царквы»[74].
Зь ліста выглядае, што аўтары ня ведалі пра айца Сіповіча i думалі, што
айцец Гарошка знаходзіўся яшчэ ў Нямеччыне. Невядома, ці Сьвяты Айцец бачыў
гэты ліст. Ватыканскі Дзяржаўны Сакратарыят (Segretaria di Stato) перадаў
яго ва Ўсходнюю Кангрэгацыю, а тая пераслала копію айцу Гарошку. Той
падзяліўся весткаю зь іншымі сьвятарамі. 20 сьнежня 1945 году айцец Сіповіч
напісаў Абрамчыку, i хоць той атрымаў ліст зь вялікім спазьненьнем, між
Рымам i Парыжам усталявалася сувязь.
Дзякуючы кантактам з Парыскім цэнтрам беларускія жаўнеры сталі
атрымліваць газэту Беларускія навіны, што выходзіла ў Парыжы пад рэдакцыяй
Лявона Рыдлеўскага. Першы нумар газэты ўбачыў сьвет 25 сьнежня 1945 году.
Адказным за распаўсюд Беларускіх навінаў у Італіі быў айцец Сіповіч, які
рассылаў яе на вядомыя яму адрасы. He абышлося i бязь цяжкасьцяў.
Камандаваньне многіх польскіх вайсковых адзінак ставілася да беларусаў
непрыхільна. Беларускія жаўнеры, каб пазьбегнуць прыкрасьцяў, часта прасілі
дасылаць беларускую прэсу i лісты на прыватныя адрасы знаёмых італійцаў
(або, найчасьцей, італіек...). Такі стан рэчаў не задавальняў айцоў Сіповіча
i Гарошку – тыя хацелі афіцыйнага прызнаньня правоў беларусаў у польскім
войску. Таму 26 красавіка 1946 году яны зьвярнуліся да галоўнага
камандаваньня польскага Другога Корпусу ў Італіі з просьбай даць дазвол на
афіцыйнае распаўсюджваньне Беларускіх навінаў, а таксама дазволіць
беларускім жаўнерам належаць да “Беларускай Самапомачы”. Гэтая арганізацыя
ставіла сабе на мэце культурную i дабрачынную дзейнасьць, у прыватнасьці
матар’яльную дапамогу беларусам у лягерох уцекачоў. Праз больш як пяць
месяцаў просьбу задаволілі. Паведаміў айцу Сіповічу пра гэта шэф штабу
генэрал Вішнеўскі ў лісьце за 4 кастрычніка 1946 году. Вялікай карысьці з
гэтага дазволу ўжо не было, бо на той час шмат якія польскія вайсковыя
адзінкі, a зь імі й беларускія жаўнеры, што там служылі, пакінулі Італію.
Дарэчы, айцец Сіповіч трымаў сувязь зь беларускімі жаўнерамі ня толькі ў
Італіі. Кастусь Акула, малады беларускі пісьменьнік, які знаходзіўся тады ў
афіцэрскай школе ў далёкай Шкоцыі, пісаў 15 студзеня 1946 году, што «ад 8
месяцаў ня чуў ад асобы другой беларускага слова». Ён працягваў: «Адна
найбольш балючая справа, – гэта камплетны брак якіхколечы беларускіх кніжак
ці часапісмаў, якія былі б сяньня для мяне вельмі памоцнымі ў шматлікіх
выпадках. Другая балячка – гэта брак якойколечы арыентацыі што да беларускіх
выгнанцаў на Захадзе». Айцец Сіповіч выслаў яму Беларускія навіны. Акула
адказаў 17 лютага: «За перасылку гэную (дзе я знайшоў усё ў цэласьці) шчыра
дзякую. Уцеха мая была нязьмерная, а момант гэны буду памятаць заўсёды...
Цешуся таксама, што магу знайсьці сяньня кагосьці ў Францыі, хто вельмі
цьвяроза зрабіў, прыступаючы да выдаваньня “Б. Навін”. Думаю, што ў
недалёкай будучыні Рым пойдзе за прыкладам Парыжа, i зусім не сумляваюся,
што ператрываем напэўна».
Выдаваць Беларускія навіны было нялёгка. Абрамчык пісаў айцу Сіповічу 10
траўня 1946 году: «Справа “Б.Н.” з пункту гледжаньня маральнага в. добра –
апошняга нумару выдалі 10 000 экз. Ідзець ён буквальна на ўсе канцы сьвету –
у Афрыку, Скандынаўскія краі, Ням(еччыну), да вас i Амэрыку. Матэр’яльна
затое в. блага. Справа ў тым, што 95% абанэнтаў – гэта заграніца, скуль з
прычын дэвізовых грошы не прасылаюцца. № 3-4 выйшаў толькі таму, што а.
Франук (Чарняўскі. – А.Н.) пазычыў грошы заплаціць за №2 (папярэдні). Агулам
рэдакцыя мае даўгу 65 000 фр(анкаў). Так што, калі можаце падтрымаць
рэдакцыю, то нажміце». Беларускія жаўнеры вельмі добра адгукнуліся на заклік
падтрымаць Беларускія навіны. Паводле справаздачы ў студзеньскім нумары 1947
году, рэдакцыя атрымала ў папярэднім годзе ад чытачоў 91 124 франкаў
ахвяраваньняў, зь якіх 53 500 франкаў «ад б. беларускіх ваякаў Арміі
Андэрса, замест вянка на магілу беларускіх воінаў, паўшых пры ўзяцьці Монтэ
Касіно»[75]. Варта зазначыць,
што гэтую суму сабралі толькі ў першым паўгодзьдзі 1946 году, бо ў другім
пачалася эвакуацыя польскіх вайсковых адзінак з Італіі. Зборам i перасылкай
грошай займаўся айцец Сіповіч. Пра гэта часта згадвалася ў ліставаньні між
ім i Абрамчыкам. Напрыклад, 24 красавіка Сіповіч пісаў: «Маемо тут у касе
каля 15 тысяч ліраў ад жаўнераў, дзеля гэтага ясна i хутка просім
паведаміць, ці магчыма часткова выкарыстаць ix тут на выдавецтва, ці лепш
усе i ў якой валюце пераслаць вам?»; 22 траўня ён пісаў зноў: «Маемо для вас
тут яшчэ 7000 ліраў i пры нагодзе перашлём... Зьбіраць грошы для вас будзем
на сколькі можам»; a 15 ліпеня паведамляў: «Наагул мы маемо на ваша конта 30
000 л(іраў). Бяда толькі з перасылкай... А за саматужную ахвярнасьць
моладзі, на жаль, немагчыма публічна нават выразіць ёй падзяку!» Да гэтай
апошняй заўвагі Сіповіча падштурхнулі лісты, што прыходзілі ад беларускіх
жаўнераў. Напрыклад, Тодар Цімафейчык зьвяртаўся да а. Чэслава 11 ліпеня:
«Паведамляю, што я дня 2.7.46 г. пераказаў вам 4450 ліраў, якія сабраў ад
сяброў... Прашу пераказаць гэтую суму на нашую газэту».
Беларусам, якія праз ваенныя падзеі апынуліся далёка ад Бацькаўшчыны, не
ставала літаратуры зь беларускай гісторыі i культуры. Таму яны заўсёды
радаваліся кожнаму артыкулу на гэтую тэму ў Беларускіх навінах. Асабліва
вартасны быў № 3-4 за сакавік–красавік 1946 году з багатым матар’ялам пра
падзеі, зьвязаныя з Актам 25 Сакавіка. Айцец Сіповіч у лісьце за 2 траўня не
забыўся павіншаваць рэдактара за «сакавіты, багаты матар’ял гістарычны, за
што вам чытачы будуць удзячныя». Адначасова ён выказаў свае засьцярогі: «Я
асабіста незадаволены з “Дзесяці загадаў Беларуса” i “Сымбалю веры
Беларуса”». Аўтар згаданых твораў – Вацлаў Ластоўскі. Яны напісаныя яшчэ ў
1918 годзе на ўзор Дзесяці Божых Прыказаньняў i Вызнаньня Веры, але з чыста
нацыянальным зьместам.
Лютаўскі нумар 1946 году Беларускіх навінаў выйшаў з артыкулам
-перадавіцай “350-я ўгодкі Уніі”. У ім асьвятлялася Берасьцейская Вунія 1596
году i яе значэньне для Беларусі. Аўтар ставіцца зь вялікай прыхільнасьцю да
Вуніяцкай Царквы, але разглядае яе i сам акт Вуніі хутчэй у палітычным, чым
у рэлігійным рэчышчы. У канцы робіць выснову, якую не наважыўся б зрабіць
ніякі вуніяцкі сьвятар: «Ня будзь зьліквідавана ў нас уніяцтва, у 1918 годзе
Незалежнасьць Беларусі была б без сумліву адстоена». На жаль, артыкул не
падпісаны. Найхутчэй аўтарам быў Мікола Абрамчык. У лісьце за 3 сакавіка
1946 году да айца Сіповіча ён пісаў: «Ня ведаю, якое на вас зробіць
уражаньне наш артыкул што да 350-х угодкаў Уніі? У рэлігійных справах мы не
глыбокія, таму магчыма зрабілі нейкі ляпсус. Чакаем з нецярплівасьцю
кагосьці з вас. Была б гэта для нас вялікая падтрымка. А то так прыходзіцца
разрывацца на ўсе бакі, дый нат часамі лезьці не ў свае справы (кажу “не ў
свае” у сэнсе кампэтэнцыі)». Айцец Сіповіч адказаў 27 сакавіка: «Шчыра вітаю
Ваш артыкул з нагоды 350 г. Уніі. Ужо ператлумачылі яго на італійскую мову i
аддалі, каму трэба».
Апошні – восьмы – нумар Беларускіх навінаў выйшаў 28 чэрвеня 1947 году
дзякуючы айцу Гарошку, які тады ўжо знаходзіўся ў Парыжы. Ён пісаў айцу
Сіповічу 22 жніўня 1947 году : «Маё палажэньне... вельмі паганае, бо... калі
згадзіўся выдаць адзін нумар “Б. Н.”, які з усімі выдаткамі каштуе каля 18
тысяч (франкаў. – А.Н.), дык мне давялося пакрыць іхнія старыя даўгі, i 30
тысяч як i не было, а цяпер ліха ведае, як разрахавацца з сваімі ўладамі».
Notes
[74] «Ayant analysé
profondement la situation actuelle de 1’émigration biélorussienne et
en accord avec les personalités intellectuelles et
politiques de la société biélorussienne, nous nous permettons de
prier Sa Sainteté de nous accorder Sa Haute Bienveilance
en instituant une Mission Catholique Biélorussienne en France pour sauvegarder 1’émigration biélorussienne et la ramener dans le sein de l’église catholique».
[75] “Ахвяры на выдавецкі
фонд”, Беларускія навіны, № 1 (6), Парыж, студзень 1947, с. 4.