Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 


 

Біскуп Чэслаў Сіповіч

5. Пачатак апостальскай дзейнасьці - Працяг

Хоць Беларускія навіны праіснавалі зусім нядоўга, але газэта адыграла істотную ролю ў кансалідаваньні беларускай эміграцыі ў першы пасьляваенны пэрыяд. У прыватнасьці, рэдакцыя зрабіла добрую паслугу айцом Гарошку i Сіповічу, даючы абвесткі пра прыезд аднаго ў Парыж, а другога ў Лёндан і іхныя новыя адрасы.

У 1943 годзе Савецкі Саюз падпісаў у Ялце дамову з заходнімі хаўрусьнікамі. Згодна зь ёю, Брытанія і ЗША канчаткова пагадзіліся на далучэньне да Беларускай і Ўкраінскай ССР заходнебеларускіх і ўкраінскіх земляў. Да 1939 году тыя знаходзіліся пад польскай уладай. Палякі на эміграцыі заснавалі г. зв. Związek ziem wschodnich (Саюз усходніх земляў), каб бараніць правы Польшчы на “Ўсходнія крэсы”, як яны называлі Заходнюю Беларусь i Ўкраіну. Аддзелы “Звёнзку” паўсталі амаль ва ўсіх польскіх вайсковых адзінках. Беларускія жаўнеры, нягледзячы на часта моцны маральны ціск з боку вайсковых уладаў, звычайна адмаўляліся ўваходзіць у гэтую арганізацыю. Яны разумелі, што такім чынам прызнавалі б правы Польшчы на беларускія землі. Некаторыя зь ix раіліся ў гэтай справе зь іншымі. Так, напрыклад, Яўген Андрушкевіч пісаў 9 красавіка 1946 году айцу Сіповічу: «Ветліва прашу павядоміць мне, чы ёсьць магчымым належыць да арганізацыі, каторая робіцца між войскам, так званай Арганізацыі ўсходніх Зямель, прашу паведаміць мне дакладна, каб у разе чаго не зашкодзіць сваёй справе для Бацькаўшчыны».

Для польскіх вайсковых уладаў дзейнасьць айца Сіповіча не была сакрэтам, i хоць яны не маглі яе забараніць, але часта чынілі розныя перашкоды. Сам айцец Сіповіч пісаў 24 красавіка 1946 году Міколу Абрамчыку ў Парыж: «Прашу зьвярнуць увагу на лік жаўнераў у польскай 2-й Арміі, якога сьпіс перасылаю. Напэўна ix ёсьць больш, але не маглі мы да гэтага часу навязаць з імі зносінаў. (Чуваць, што ўжо на ўрлёпы (водпускі. – А.Н.) у Рым нашым жаўнерам ня хочаць даваць дазволу!)»

Праявы неталеранцыі да беларусаў здараліся перадусім на роўні паасобных вайсковых адзінак (ротаў, батальёнаў). Вышэйшае ваеннае камандаваньне i польскія палітычныя эміграцыйныя вярхі добра разумелі, што Ялтаўская дамова перакрэсьліла іхныя мары вярнуць Польшчу ў яе даваенных межах, i трэба шукаць іншых шляхоў суіснаваньня з суседзямі, сярод якіх яны раптам заўважылі i беларусаў. Як спроба знайсьці шляхі да такога суіснаваньня паўстала й ідэя г. зв. Intermarium (Міжмора), або фэдэрацыйнай дзяржавы народаў Сярэдняй Эўропы між Расеяй i Нямеччынай ад Балтыцкага да Чорнага мора. Яе высунулі сябры Сярэднеэўрапейскіх фэдэрацыйных клюбаў, створаных пад канец вайны ў Рыме i Лёндане. Зразумела, рэй у гэтых клюбах вялі палякі. Беларусаў там спачатку зусім не было. Адзіны беларус у Рыме айцец Сіповіч, як сьвятар, трымаўся збоку ад палітычнай дзейнасьці. Як беларус, ён асьцярожна ставіўся да розных “фэдэрацыйных” i падобных прапановаў, бо ўважаў, што Беларусь павінна найперш здабыць незалежнасьць, і толькі пасьля вызначаць дачыненьні з суседзямі. Апрача таго, насьцярожвала, што палякі пазьбягалі адкрытых размоваў пра будучыя межы між Беларусьсю i Польшчай. Іншыя беларусы думалі прыблізна гэтаксама. Айцец Сіповіч пісаў Абрамчыку 27 сакавіка 1946 году: «Мушу... заўважыць, што ўсе тутэйшыя беларусы з вялікай рэзэрвай адносяцца да самой канцэпцыі Міжмора – проста ня вераць. Тымбольш – яны паўтараюць, – што іншая справа камунізм, якога ніхто ня хоча, a іншая – лінія Керзана, каторая для нас важная i без таго, ці быў камунізм ці не»[76]. Адначасова зьмена (прынамсі вонкавая) у стаўленьні польскіх вярхоў да беларусаў давала магчымасьць зрабіць нешта карыснае для беларускай справы. Айцец Сіповіч быў ня з тых, хто б мог прапусьціць такую нагоду. I вось у ліпеньскім нумары 1945 году часопісу Na szlaku Kresowej (Ha шляху Крэсавай дывізіі) (як вядома, “Крэсамі”, або памежнымі землямі, палякі называлі Заходнюю Беларусь i Ўкраіну. – А.Н.), што выходзіў у 5-й, г. зв. “Крэсовай”, дывізіі польскага Другога Корпусу, зьявіўся артыкул “O literaturze białoruskiej XVI wieku” (Пра беларускую літаратуру ХVІ стагодзьдзя) айца Сіповіча, падпісаны ягоным традыцыйным псэўданімам “Васіль Крывічанін”[77]. Галоўныя крыніцы, якімі карыстаўся аўтар, – Гісторыя беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага i беларускі часопіс Калосьсе, што выходзіў у Вільні ў 1935–1939 гадох. Нягледзячы на свой кампіляцыйны характар, артыкул, напісаны жыва i цікава, стаўся якраз тым, што патрабавалася ў той час. Многім палякам ён расплюшчыў вочы на існаваньне народу, пра які яны нічога ня ведалі, народу з сваёй старажытнай i багатай культурай. Для сьведамых беларусаў у польскай арміі артыкул стаўся радаснай неспадзеўкай, якая падтрымала ix i дапамагла ў “зьбіраньні калосься ў адзін сноп”, як казаў Віктар Сянкевіч. Артыкул змусіў таксама задумацца тых беларусаў, якія з розных прычынаў не прызнаваліся ў сваёй нацыянальнасьці. Віктар Сянкевіч у згаданым вышэй лісьце пісаў: «Шмат падзейнічала i адкрыла вочы беларусам маласьведамым гэта “Літаратура ХVІ ст.”, якую Айцец падаў у “На шляку Крэсовай”. Выходзіць гэты часапіс у 5 дывізіі, дзе знаходзіцца маса беларусаў. I тым, хто праводзіць, як выражуся, місію (г. зн. працу над усьведамленьнем i гуртаваньнем беларусаў. – А.Н.), гэта ёсьць найлепшаю дапамогаю. Гэта ёсьць вядро халоднае вады на “іхнія” гарачыя галовы (польскія. – А.Н.). I наагул, суадносіны між палякамі i іншымі нацыянальнасьцямі палепшылі. Дзеля гэтага трэба як найбольш падаваць у газэты i часапісы». Чэславу Сіповічу ў ягоным жыцьці даводзілася не адзін раз, як ён сам любіў казаць, “гнаць першую баразну”. Адной з самых раньніх барознаў быў без сумневу згаданы артыкул, які пабачыў сьвет празь менш як два месяцы па заканчэньні ваенных дзеяньняў у Эўропе[78]

25 сакавіка 1946 году беларусы ў Рыме ўпершыню адзначылі ўгодкі абвешчаньня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Пра гэта айцец Сіповіч падаў у Беларускіх навінах кароткую зьвестку, падпісаўшы яе ініцыяламі “В. К.” (Васіль Крывічанін. – А.Н.): «Помнячы аб вялікім дню 25 Сакавіка, беларусы ў Італіі магчыма што найбольш урачыста сьвяткавалі яго тут у Вечным Горадзе. Грамадка наша тут на чужыне зрабіла ўсё магчымае, каб жыва ўявіць веліч Акту Абвешчаньня Незалежнасьці Беларусі. A гадз. 10-ай раніцы сабраліся ў катакомбах сьв. Каліста пры вія Аппія беларусы каталікі абодвух абрадаў i праваслаўныя на супольную літургію, каб памаліцца за нашу гаротную Бацькаўшчыну, што пераходзіць сяньня свае катакомбы... Пасьля палудня сабраліся ўсе беларусы пад сьцягам бел-чырвона-белым i Пагоняй, каб прыпомніць мілагучныя беларускія песьні, што нязгорш удаваліся пры скромнай чарцы віна сонечнай Італіі. З пажаданьнем да шчасьлівейшага 25 Сакавіка ў Бацькаўшчыне разьвіталіся»[79].

У сярэдзіне 1946 году стала ясна, што беларусы знаходзіліся ў Італіі толькі часова. Польскае войска мелі хутка расфармаваць. Жаўнерам даваўся выбар: вярнуцца ў Польшчу, эміграваць у заакіянскія краіны (Канаду, Аргентыну, ЗША) або пераехаць у Вялікую Брытанію. Там на аснове польскіх вайсковых адзінак утвараўся Польскі Корпус падрыхтоўкі i расьсяленьня (Polski Korpus przysposobienia i rozmieszczenia, або ў скароце PKPR; па-ангельску ён называўся Polish Resettlement Corps, або PRC), каб былыя жаўнеры маглі навучыцца прафэсіі ці здабыць асьвету i падрыхтавацца да цывільнага жыцьця на чужыне. Беларусы з зразумелых прычынаў не маглі вярнуцца на Бацькаўшчыну i ня мелі ніякага жаданьня ехаць у Польшчу. Таксама найчасьцей яны яшчэ не былі гатовыя да далейшай эміграцыі. Такім чынам, да канца 1946 году беларускія жаўнеры польскай арміі ў бальшыні сваёй апынуліся ў Вялікай Брытаніі. Перад ад’ездам многія дасылалі разьвітальныя лісты айцу Сіповічу. Адзін зь ix, Тодар Цімафейчык, які вучыўся ў гімназіі ў Алесана, пісаў 11 ліпеня 1946 году: «Паведамляю Вам, што я i ўсе сябры... выяжджаем у Англію 19.VII.46 г... Ветліва прашу Вас трымаць з намі лучнасьць аж да апошняе хвіліны... Хоць сяньня закінуў нас лёс у шэрагі чужынскае i ад вякоў варожае нам арміі, але дзе, у чым i ў якіх абставінах мы ня будзем, апрача нашага вонкавага выгляду, свайго мы ідэалу не загубім. З упавагі маіх сяброў перасылаю Вам усім Змагарам найлепшае нашае пажаданьне, каб як найхутчэй убачыліся мы ў нашай вольнай i незалежнай Бацькаўшчыне». Сувязь з айцом Сіповічам не перапынялася i пасьля іх прыезду ў Англію. Павал Бударкевіч, адзін з гусараў, пісаў 23 ліпеня 1946 году: «Пішу да Вас з Англіі, гдзе знаходзімся ўжо блізу месяц. Першыя ўражаньні, каторыя тут адчулі, гэта ўласьцівы гэтай краіне клімат... жаданьнем нашым ёсьць аседліцца больш згуртавана ў якім ліба заморскім краю i магчыма больш утрымоўваць свой нацыянальны дух. Дарагі Тата (так называлі гусары айца Сіповіча. – А.Н.), калі пасядаеце новыя намяры газэт, то калі ласка прышліце ў лісьце па адным экзэмпляры, а мы пастараемся запазнаць з імі ўсіх блізшых калегаў». Іншы гусар, Уладзімер Ваўчок, пісаў 14 жніўня: «Ад нас большая палова выяжджае да Польшчы, астаюцца толькі з нашых старон, а пераважна беларусы... Мы папісаліся на выезд да Канады. Нас беларусаў налічваецца каля 60 чалавек толькі ў нашым палку».

Перад беларускімі сьвятарамі ў Рыме паўстала пытаньне, што рабіць далей. Айцец Сіповіч у тым часе рыхтаваўся да абароны сваёй доктарскай працы, i таму пастанавілі, што ў Францыю працаваць на Беларускай Каталіцкай Місіі паедзе айцец Гарошка. Ужо 27 сакавіка 1946 году айцец Сіповіч пісаў Абрамчыку: «Айцец Гарошка выбіраецца ўжо да вас i прыедзе напэўна». Розныя фармальнасьці занялі больш часу, чым спачатку спадзяваліся. Усходняя Кангрэгацыя дала нарэшце сваю згоду, i 25 кастрычніка 1946 году айцец Гарошка апынуўся ўжо ў Парыжы. Гэта была першая Беларуская Каталіцкая Місія, афіцыйна зацьверджаная царкоўнымі ўладамі.

Перад ад’ездам у Парыж Гарошка напісаў 8 кастрычніка ліст да кардынала Тысэрана ва Ўсходнюю Кангрэгацыю з просьбаю паслаць, як толькі гэта будзе магчыма, a. Сіповіча ў Вялікую Брытанію – краіну з патэнцыйна найбольшай беларускай эміграцыяй у Эўропе. Пра гэта гаварылася яшчэ ў Рыме на сустрэчах з Жук-Грышкевічам, Сянкевічам ды іншымі беларускімі жаўнерамі, што служылі ў польскім войску. Неўзабаве пасьля прыезду ў Вялікую Брытанію група беларусаў сабралася 22 верасьня 1946 году ў Лёндане i заснавала беларускую арганізацыю пад назовам Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі, якая існуе да сёньняшняга дня. Першым старшынёй Згуртаваньня стаў Вінцэнт Жук-Грышкевіч, а сакратаром – Віктар Сянкевіч.

Аднак справа выезду айца Сіповіча ў Англію, відаць, ішла нялёгка: узьніклі нейкія сумневы ў ягоных законных уладаў. Ён пісаў 30 лістапада 1946 году айцу Гарошку ў Парыж: «Цяпер просьба: канечна напішы просьбу да Владыкі Петры (Бучыса. – A.H.), каб мяне захацеў выслаць у Лёндан, паклікаючыся на свае папярэднія разгаворы з ім, на сваю просьбу да Кардынала Тысс (эрана)... яшчэ раз паўтараю: як найхутчэй палагодзь справу : адразу пішы да нашага Владыкі, а пасьля я з ім, або адзін пойдзем у Кангрэгацыю».

19 сьнежня 1946 году Сіповіч пасьпяхова абараніў доктарскую працу ў Папскім Усходнім Інстытуце. Цяпер ужо нічога не трымала яго ў Рыме. 1 студзеня 1947 году Згуртаваньне Беларусаў у Вялікай Брытаніі зьвярнулася да Бучыса i Ўсходняй Кангрэгацыі з просьбай накіраваць айца Сіповіча ў Англію. Бучыс спачатку нават не адказаў на іхны ліст. 22 студзеня Сіповіч быў ва Ўсходняй Кангрэгацыі i ўзьняў там пытаньне пра свой выезд у Англію. У Кангрэгацыі абяцалі напісаць Бучысу, што i зрабілі 24 студзеня. Атрымаўшы ліст ад Усходняй Кангрэгацыі, Бучыс адразу зьмяніў думку i даў свой дазвол. Ён нават напісаў, або прынамсі падпісаў (тэкст склаў, напэўна, айцец Сіповіч), ліст да Згуртаваньня Беларусаў у Вялікай Брытаніі на беларускай мове.

Перад ад’ездам у Англію Сіповічу давялося заняцца дзьвюма справамі ў Рыме. Айцец Гарошка ў Парыжы меў зь мясцовым беларускім актывам нараду, на якой пастанавілі паслаць дэлегацыю ў Рым. Дэлегатамі абралі айца Францішка Чарняўскага, які ад 1929 году працаваў у Францыі сярод польскіх работнікаў, i Лявона Рыдлеўскага, старшыню беларускай арганізацыі “Хаўрус”. Айцу Сіповічу выпаў абавязак падрыхтаваць глебу для дэлегацыі ў Рыме. Ён сапраўды пастараўся, i таму ўсё прайшло пасьпяхова. Сябры дэлегацыі разам з айцамі Татарыновічам i Сіповічам наведалі ня толькі Ватыканскі Дзяржаўны Сакратарыят i Ўсходнюю Кангрэгацыю, але й мелі ў пятніцу 8 лістапада прыватную аўдыенцыю ў папы Пія XII. Гэта першы выпадак, калі Сьвяты Айцец прыняў на прыватнай аўдыенцыі беларусаў як такіх. Беларусы мелі прыватныя папскія аўдыенцыі i раней, напр. Абрантовіч i Цікота, але папа прымаў ix не таму, што яны – беларусы, а таму, што адзін зь ix ачольваў расейскую эпархію ў Манчжурыі, a другі быў генэралам закону марыянаў. Дэлегаты прасілі Сьвятога Айца даць беларусам свайго біскупа, a таксама сродкі для ўзгадаваньня сьвятароў. Першым прамаўляў па-італійску айцец Сіповіч. Ад імя прысутных ён склаў Сьвятому Айцу наступную «пакорную просьбу: 1) каб быў назначаны для нас біскуп, бо мы – сіроты; 2) каб нам дапамагчы матар’яльна ў заснаваньні інстытуту для падрыхтоўкі сьвятароў; a паколькі мы бедныя i беспрытульныя, ніхто ня рупіцца пра нас, апрача Сьвятога Пасаду»[80]. Пасьля гаварыў па-француску Лявон Рыдлеўскі, які, сярод іншага, заўважыў: «Немагчыма захаваць хрысьціянскую душу нашага народу, як толькі дзякуючы каталіцкай герархіі, пад умоваю, што нам яе дадуць у добрым часе»[81]

Папа папрасіў пакінуць яму тэксты іхных прамоваў, але выявілася, што ў ix былі толькі чарнавыя запіскі. Давялося, вярнуўшыся дамоў, перапісаць начыста, i на наступны дзень Сіповіч занёс ix у Дзяржаўны Сакратарыят. Так беларусы вучыліся правілаў дыпляматыі...

Айцец Сіповіч пісаў 15 лістапада айцу Гарошку: «Ha наступны дзень пасьля ад ’езду вашых ад нас мілых гасьцей, пайшлі мы з Пятром (Татарыновічам. – А.Н.) да Наступніка Пятра, або лепш кажучы, да аднаго з монсіньёраў, i даручылі той тэкст, які я чытаў a Леў (Рыдлеўскі. – А.Н.) гаварыў падчас аўдыенцыі. Як табе ўжо ведама, сам Сьвяцейшы нас забавязаў да пераданьня яму просьбы, якую мы даслоўна з плачам яму выявілі... У найбліжэйшы панядзелак або аўторак (17 або 18 г. месяца) едзе да вас у Парыж Владыка Слоскан. Будзе праз нейкі час там у вас... Пасьля паедзе адведаць беларусаў у Нямеччыну. Можна дагадывацца, што гэта ў сувязі з прыездам дэлегатаў у Рым».

Сапраўды, пасьля беларускай аўдыенцыі ў папы біскуп Баляслаў Слоскан, апостальскі адміністратар Менскі і Магілеўскі, атрымаў заданьне адведаць беларускія асяродкі ў Францыі i Нямеччыне i скласьці справаздачу Сьвятому Пасаду пра колькасьць беларусаў каталікоў, якія там знаходзяцца, а таксама пра іхныя духоўныя патрэбы. Ён так i зрабіў у канцы лютага 1947 году.

Менш пасьпяхова скончылася спроба вырашыць праблему былых друйскіх марыянаў, сьвятароў i клерыкаў, што знаходзіліся ў Польшчы. Гарошка пісаў прынамсі два разы Бучысу, просячы дазволіць беларускім сьвятаром марыянам выехаць на Захад, каб працаваць сярод беларускай эміграцыі. Ён нават прапанаваў паспрабаваць вярнуць айцоў з Харбіну ў Эўропу. Ягоныя прапановы засталіся без адказу.

22 сьнежня 1946 году Сіповіч напісаў Бучысу ліст, у якім даводзіў, што беларускія марыяне ў Польшчы ўклалі ў польскую правінцыю больш, чым атрымалі ад яе. Ён дабіваўся, каб улады польскай марыянскай правінцыі дазволілі некаторым маладым беларускім марыянам прыехаць вучыцца ў Рым, a іншым далі працягваць навуку ў Варшаве. Ліст гэты выклікаў буру незадаволенасьці сярод польскіх сяброў марыянскай генэральнай рады. На паседжаньні 14 студзеня 1947 году айцец Мрочак, паляк, “прыпісваючы некаторыя недакладнасьці пісаньняў i словаў маладому тэмпэрамэнту” (adscribendo aliqua inconvenientia scriptorum et verborum juvenili temperamento) прапанаваў адкінуць ліст i не рабіць пра яго ніякай згадкі ў пратаколе. Іншыя не згадзіліся. Тады Мрочак напісаў 22 студзеня ліст Бучысу, у якім падлічыў гады i месяцы працы i навукі кожнага беларускага марыяніна ў Польшчы i польскага ў Беларусі. Паводле ягоных падлікаў выйшла, што не палякі беларусам, а наадварот, беларусы палякам заставаліся ў даўгу. Напрыканцы Мрочак параіў Сіповічу ў будучыні быць больш памяркоўным у сваіх выказваньнях. Безумоўна, у сваіх падліках Мрочак ня браў пад увагу ўсялякіх “дробязяў”: што беларусы прыехалі ў Польшчу не з уласнай волі, a гвалтам выселеныя польскімі ўладамі; што беларусы ў Польшчы вялі пастырскую працу сярод палякаў па-польску, a польскія марыяне ў Беларусі, каб не аказацца горшымі, працавалі сярод беларусаў... таксама па-польску.

Нягледзячы на апазыцыю з польскага боку, айцец Сіповіч не адступіў ад сваёй задумы. Відаць, не безь ягонага ўдзелу Мікола Абрамчык напісаў Бучысу просьбу дазволіць некалькім беларускім марыянам у Польшчы прыехаць на Захад для духоўнай абслугі беларускіх выгнанцаў. Бучыс адказаў 14 лютага: «Вашу просьбу з дн. 6.II.1947 г. атрымаў... Магу Вам паведаміць, што ўжо выдаў загад двом айцом, якія да гэтага часу знаходзяцца ў нашай польскай правінцыі, каб яны via (праз. – А.Н.) Рым выбраліся на душпастырскую працу да сваіх суродзічаў. Дзеля аднак труднасьцяў, незалежных ад ix i ад нас, справа можа прадоўжыцца».

Айцец Сіповіч паслаў айцу Гарошку копію гэтага ліста з дадатковымі тлумачэньнямі: «Мне шмат каштавала тое, аб чым вас афіцыяльна паведамляем. Прашу цябе ўсьведаміць іншых у наступным: нашыя беларусы добра трымаюцца ў Поль(шчы). Калі аднак хтосьці аб ix напісаў бы заграніцай, яны хутка трапілі б у рай. Мы ix хочам адтуль узяць, i прыказ сапраўды выданы, аднак жа тыя ўлады, калі б толькі зьнюхалі ў чым справа, то можа быць вельмі балюча зьліквідована. Я маю лісты адтуль, а навет яны атрымалі Б. Навіны і малітаўнік, але ўсё гэта per vias ignotas (няведамымі шляхамі. – А.Н.). Добра аднак было б, каб вы нешта падобнае і то як найхутчэй напісалі пад адрасам: Sua Eccellenza Rev.ma Mons. Giovanni B. Montini, Sostituto Segretario di S. Santitа, просячы яго зьвярнуцца да Бучыса, які мае ў П(ольшчы) 8 сьвятароў беларусаў, то напэўна мог бы хаця некалькі адтуль вызваць. Падайце дакладны адрас, хто скуль дамагаецца сьвятароў лацінскага абраду (падкрэсьлена Сіповічам. – А.Н.). Яны нас тут дзеляць. Трудна, будзем i мы дзяліць!»

На жаль, усе стараньні айца Сіповіча засталіся дарэмнымі, i ніводнаму беларускаму марыяніну не ўдалося выехаць з Польшчы.

Айцец Сіповіч пакінуў Рым 24 сакавіка 1947 году. Замест таго, каб ехаць проста ў Лёндан, як яму было загадана, ён затрымаўся на больш як два тыдні ў Парыжы, у айца Гарошкі, i зь ім разам адведаў розныя беларускія асяродкі. Нарэшце ў сераду 9 красавіка ён сышоў з карабля ў ангельскім порце Довэр i адтуль цягніком позна ўвечары прыехаў у Лёндан. Там яму сказалі, што Бучыс чакаў яго цэлы тыдзень i выехаў, не дачакаўшыся. 25 красавіка Сіповіч атрымаў гнеўны ліст з Рыму, падпісаны Бучысам i сакратаром закону марыянаў Я. Вайткявічусам, з пагрозамі караў, прызначаных для зьбеглых законьнікаў... Ліст сканчаўся наступным сказам: «Прашу Ўсемагутнага Бога, каб сваёй ласкаю Ён сьцярог цябе ў будучыні ад ламаньня канстытуцыяў (марыянскіх. – А.Н.), на якія ты даваў твае абяцаньні»[82].

Notes

[76] “Лінія Керзана” – мяжа між Беларусьсю i Польшчай, якую прапанаваў у канцы Першай сусьветнай вайны ангельскі палітык лорд Керзан (Curson) i якая прыблізна супадае з сучаснай мяжою. Польскія нацыяналісты, якія ўважалі Заходнюю Беларусь часткаю Польшчы, не прызнавалі лініі Керзана.

[77] Krywiczanin W. “O Literaturze białoruskiej XVI wieku”, Na szlaku Kresowej, No. 6 (24), Italia, lipiec 1945, s. 49–53.

[78] Дарэчы, варта прыгадаць два іншыя артыкулы на беларускія тэмы, якія неўзабаве зьявіліся ў польскіх выданьнях у Італіі: Dryhvicz (псэўд. а. П. Татарыновіча). “Białoruskie święta”, Na szlaku Kresowej, No. 11 (29), grudzień 1945, s. 59–61; Krywiczanin W. “Zarys kulturalno-historyczny narodu białoruskiego”, Sitwa, t. III, Rzym, 1946, s. 259–261.

[79] В. К., “Беларусы ў Італіі”, Беларускія навіны, № 3-4, Парыж, сакавік–красавік 1946, с. 8.

[80] «Umile preghiera: che sia assegnato il vescovo, perché ne siamo orfani; 2. che siamo aiutati materialmente per cominciar organizzare l’istituto di preparazione al sacerdozio; e perché siamo poveri e raminghi, nessuno fuoriS. Sede si preoccupa di noi».

[81] «L’eme chretiennie de notre peuple ne peut etre sauvegardee que par l’Hierarchie catholique pourvu qu’elle soit octroyee а nous au temps opportun».

[82] «Oro Deum Omnipotentem, ut gratia Sua te a violatione Constitutionum, super quibus vota tua emisisti, in posterum praeservat».


 


 


 

 

 

Напісаць ліст