СЬВЯТАЯ ЭВАНЭЛІЯ ЕЗУСА ХРЫСТА ПАВОДЛЕ МАРКА

1 Разьдзел.

1 Пачатак эванэліі Езуса Хрыста, Сына Божага.

2 Як напісана ў Ізраіля прарока (40, 3): “Вось я пасылаю анела майго перад воблікам тваім, каторы прыгатовіць дарогу тваю перад табою.

3 Голас клічучага ў пустыні: Праўце дарогу Пана, простымі рабеце сьцежкі яго”.

4 Быў Ян у пустыні, хрысьцячы і абвяшчаючы хрост пакуты на адпушчэньне грахоў.

5 І выходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе Ерузалімцы і былі хрышчаны ім у рацэ Ярдане, спавядаючыся з грахоў сваіх.

6 І быў Ян адзеты ў вярблюдаву шэрсьць і скураны пояс каля паясьніцы ягонай, і еў саранчу і лясны мёд. І вясьціў, кажучы:

7 Ідзе за мною мацнейшы за мяне, катораму я ня варт схіліўшыся разьвязаць рамень абутку яго.

8 Я вас хрысьціў вадою, але ён будзе вас хрысьціць Духам Сьвятым.

9 І сталася, у тыя дні прыйшоў Езус з Назарэту Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане.

10 І зараз выйшаўшы з вады, убачыў адчыненае неба і Духа, як галуба, зыходзячага і прабываючага на ім.

11 І стаўся голас з неба: Ты ёсьць Сын мой мілы, у табе мне да ўспадобы.

12 І зараз Дух вывеў яго ў пустыню.

13 І быў у пустыні сорак дзён і сорак начэй, і быў спакушваны д’яблам і быў з зьвярамі, і анёлы паслугавалі яму.

14 Пасьля-ж таго, як быў выданы Ян, прыйшоў Езус у Галілею, абвяшчаючы эванэлію каралеўства Божага

15 і кажучы, што споўніўся час і прыбліжылася каралеўства Божае, пакутуйце і верце эванэліі.

16 І праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, закідаючых сеці ў мора, бо былі рыбакамі.

17 І сказаў ім Езус: Ідзеце за мною і зраблю вас, што вы станецеся рыбакамі людзей.

18 І яны, зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за ім.

19 І адыйшоўшы трохі аддтуль, убачыў Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, яны-ж парадкавалі сеці ў лодцы,

20 і зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зэбэдэя ў лодцы з наймітамі, пайшлі за ім.

21 І ўвайшлі ў Капарнаум: і зараз-жа ў суботу ўвайшоўшы ў бажніцу, навучаў іх.

22 І дзівіліся з навукі яго, бо ён вучыў іх, як маючы ўладу, а не як кніжнікі.

23 У быў у іхнай бажніцы чалавек, у каторым быў нячысты дух, і закрычаў,

24 кажучы: Што табе да нас, Езусе Назарэнскі? Прыйшоў ты згубіць нас? Ведаю, хто ты ёсьць, Сьвяты Божы!

25 І прыгразіў яму Езус, кажучы: Замоўкні і выйдзі з чалавека!

26 І страсануўшы яго і закрычаўшы вялікім голасам, дух нячысты выйшаў з яго.

27 І зьдзівіліся ўсе, так што пыталіся паміж сабою, кажучы: Што гэта такое? Што гэта за навука новая, што ён з уладай нават духам нячыстым загадывае і слухаюць яго?

28 І зараз разыйшлася слава аб ім па ўсей краіне Галілейскай.

29 І зараз, выйшаўшы з бажніцы, прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя з Якубам

30 А цешча Сымонава ляжала ў гарачцы і зараз кажуць яму аб ей.

31 І падыйшоўшы, падняў яе, узяўшы яе за руку, і зараз-жа пакінула яе гарачка, і паслугавала ім.

32 Калі-ж настаў вечар, як зайшло сонца, прыносілі да яго ўсіх нядужых і маючых д’ябэльства,

33 і быў сабраўшыся ўвесь горад каля дзьвярэй.

34 І аздаравіў многіх, каторыя былі мучаны рознымі хваробамі, і выганяў многа д’яблаў, і не пазваляў ім гаварыць, бо яны яго зналі.

35 І вельмі рана ўстаўшы, выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся.

36 І пайшоў за ім Сымон і тыя, што з ім былі.

37 І калі знайшлі яго, сказалі яму “што ўсе цябе шукаюць”.

38 І сказаў ім: Пойдзем у блізкія вёскі і гарады, каб і там мне навучаць, бо я на гэтае прыйшоў.

39 І быў навучаючы ў іхных бажніцах і ва ўсей Галілеі і выганяў д’яблаў.

40 І прыйшоў да яго пракажаны, просячы яго, і ўпаўшы на калені сказаў яму: Калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.

41 Езус-жа, зжаліўся над ім, працягнуў руку сваю і, дакрануўшыся да яго, сказаў яму: Хачу, будзь ачышчаны.

42 І калі сказаў, зараз-жа адыйшла ад яго праказа і быў ачышчаны.

43 І прыгразіў яму і зараз-жа адправіў яго

44 і сказаў яму: Глядзі, нікому не кажы, але ідзі пакажыся старшаму сьвятару і ахвяруй за сваё ачышчэньне, што загадаў Майсей на пасьведчаньне ім.

45 Але ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і пашыраць вестку, так што ўжо ня мог увайсьці ў горад, але прабываў на старане ў пустынных мясцох, і сходзіліся да яго адусюль.

2 Разьдзел.

1 І па днях ён ізноў увайшоў у Капарнаум, і пачулі, што ён ёсьць у доме.

2 І зыйшлося многа, так што не хватала месца нават каля дзьвярэй, і ён гаварыў да іх слова.

3 І прыйшлі да яго, нясучы спаралізаванага, якога нясьлі чатырох.

4 І ня могучы яго палажыць перад ім дзеля грамады, разабралі дах, дзе ён быў і зрабіўшы дзіру, спусьцілі ложа, на каторым ляжаў спаралізаваны.

5 Калі-ж Езус убачыў іх веру, сказаў спаралізаванаму: Сыне, адпушчаюцца табе грахі твае.

6 Былі-ж там некаторыя з кніжнікаў, седзячы і думаючы ў сэрцах сваіх:

7 Што гэта ён гаворыць? Ён блюзьніць. Хто можа адпусьціць грахі, апрача аднаго Бога?

8 Езус, зараз пазнаўшы гэтае духам сваім, што яны гэтак у сабе, сказаў ім: Нашто вы гэта думаеце ў сэрцах вашых?

9 Што лягчэй сказаць спаралізаванаму: “Адпушчаюцца табе грахі”, ці сказаць: “Устань, вазьмі ложа тваё і хадзі”.

10 Але каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі – сказаў спаралізаванаму:

11 Табе кажу: Устань, вазьмі ложа тваё і ідзі ў дом твой.

12 І той зараз-жа ўстаў, і падняўшы ложа, пайшоў перад усімі, так што дзівіліся ўсе і славілі Бога, кажучы: Што ніколі мы гэтак ня бачылі.

13 І выйшаў ізноў да мора, а ўся грамада прыходзіла да яго і ён вучыў іх.

14 І праходзячы, угледзеў Левія Альфэявага, сядзячага пры мытніцы і сказаў яму: Ідзі за мною. І ён устаўшы, пайшоў за ім.

15 І сталася, калі сядзеў за сталом у ягоным доме, многа мытнікаў і грэшнікаў сядзела разам з Езусам і вучнямі яго, бо іх многа было, што ішлі за ім.

16 А кніжнікі і фарызэі, бачачы, што ён еў з мытнікамі і грэшнікамі, казалі ягоным вучням: Чаму з мытнікамі і грэшнікамі есьць і п’е ваш вучыцель?

17 Езус, пачуўшы гэтае, сказаў ім: Здаровым ня трэба лекара, але хворым, бо я ня прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшных.

18 А вучні Яна і фарызэі пасьцілі. І прыйшлі і сказалі яму: Чаму вучні Янавы і фарызэявы посьцяць, а твае вучні ня посьцяць?

19 І сказаў ім Езус: Ці-ж могуць вясельныя госьці пасьціць, пакуль з імі ёсьць малады? Пакуль яны маюць з сабою маладога, ня могуць пасьціць.

20 Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога і тады будуць пасьціць у гэныя дні.

21 Ніхто не прышывае латы з сырога сукна да старое адзежы, бо інакш новая лата адрывае ад старога і робіцца большая дзіра.

22 І ніхто ня лье новага віна ў старыя мяхі, бо інакш віно разарве мяхі, і віно разальецца, і мяхі прападуць. Але новае віно трэба ліць у новыя мяхі.

23 І ізноў сталася, калі Пан праходзіў у суботу праз збожа і вучні ягоны пачалі ісьці і рваць каласы.

24 А фарызэі казалі яму: Вось што яны робяць у суботу, чаго ня можна.

25 І сказаў ім: Ці-ж вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, калі быў у патрэбе і захацеў есьці сам і тыя, што з ім былі?

26 Як ён увайшоў у дом Божы за Абіятара, архісьвятара і еў ахвярныя хлябы, якіх ня можна было есьці, як толькі сьвятарам, і даў тым, што з ім былі?

27 І сказаў ім: Субота ўстаноўлена для чалавека, а не чалавек для суботы.

28 І так Сын чалавечы ёсьць панам так-жа і суботы.

3 Разьдзел.

1 І ён увайшоў ізноз у бажніцу, і быў там чалавек, які меў сухую руку.

2 І наглядалі за ім, ці будзе аздараўляць у суботу, каб абвінаваціць яго.

3 І сказаў чалавеку, маючаму сухую руку: Стань пасярэдзіне.

4 І сказаў ім: Ці дазволена ў суботу рабіць дабро, ці зло? Жыцьцё ратаваць, ці загубіць? А яны маўчалі.

5 І спаглянуўшы на іх з гневам, засмуціўшыся дзеля сьлепаты іхнага сэрца, сказаў чалавеку: Выцягні руку тваю. І выцягнуў і была вернена рука яму.

6 А фарызэі, выйшаўшы, зараз зрабілі нараду з гэрадыянамі проціў яго, як-бы яго загубіць.

7 Езус-жа з сваімі вучнямі адыйшоў да мора і пайшла за ім вялікая грамада з Галілеі і Юдэі,

8 і з Ерузаліму, і з Ідумэі, і з-за Ярдану, і тыя што каля Тыру і Сыдону, вялікае мноства, пачуўшы, што чыніў, прыйшлі да яго.

9 І сказаў вучням сваім, каб для яго была прыгатавана лодка, дзеля грамады, каб ня ціснулі яго.

10 Бо многіх аздаравіў, так што напіралі на яго, хто-толькі меў хваробу, каб дакрануцца да яго.

11 І духі нячыстыя, бачачы яго, падалі перад ім і крычалі, кажучы:

12 Ты ёсьць Сын Божы. І многа ім гразіў, каб не выяўлялі яго.

13 І ўзыйшоўшы на гару, паклікаў да сябе тых, каго сам хацеў і прыйшлі да яго.

14 І пастанавіў, каб дванаццацёх былі з ім і каб паслаць іх на навучаньне.

15 І даў ім уладу аздараўляць немачы і выганяць д’яблаў.

16 І даў Сымону імя Пётр;

17 і Якуба Зэбэдэявага, і Яна, брата Якуба, і даў ім імёны Боанэргэз, што значыць: Сыны грому;

18 і Андрэя, і Філіпа, і Баўтрамея, і Матэуша, і Тамаша, і Якуба Альфэявага, і Тадэуша, і Сымона Канаанца,

19 і Юдаша Іскарыёта, каторы і выдаў яго.

20 І прыйшлі ў дом. І зыйшлася ізноў грамада, так што не маглі ані хлеба паесьці.

21 А калі пачулі сваякі, выйшлі, каб узяць яго, бо казалі, што ашалеў.

22 А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузаліму, казалі, што мае Бэльзэбуба і што ўладай д’ябэльскага князя выганяе д’яблаў.

23 І паклікаўшы іх, гаварыў да іх у прыповесьцях: Як-жа можа д’ябал д’ябла выганяць?

24 І калі каралеўства само ў сабе разьдзеліцца, ня можа ўстаяць тое каралеўства.

25 І калі дом проціў сябе разьдзеліцца, ня можа ўстаяць гэны дом.

26 А калі д’ябал паўстане сам проціў сябе, ён ёсьць разьдзяліўшыся, і ня зможа ўстаяць, але канец яму.

27 Ніхто ня можа, увайшоўшы ў дом дужага, разграбіць рэчы дужага, калі перш ня зьвяжа дужага і тады разграбіць ягоны дом.

28 Сапраўды кажу вам, што ўсе грахі будуць адпушчаны сыном чалавечым, і блюзьнерствы, якімі-б яны блюзьнілі,

29 але хто-б блюзьніў проціў Духа Сьвятога, ня будзе мець адпушчэньня на векі, але будзе падлеглы вечнаму граху.

30 Затым што казалі: Ён мае нячыстага духа.

31 І прыйшлі матка ягона і браты, і стоячы на дварэ, паслалі да яго паклікаць яго.

32 А грамада сядзела каля яго. І сказалі яму: Вось матка твая і браты твае на дварэ шукаюць цябе.

33 І адказваючы ім, сказаў: Хто-ж мая матка і браты мае?

34 І спаглянуўшы на тых, што навакол яго сядзелі, сказаў: Вось матка мая і браты мае.

35 Бо хто-б чыніў волю Божую, той брат мой, і сястра мая, і матка мая.

4 Разьдзел.

1 Ізноў пачаў навучаць каля мора. І сабралася да яго вялікая грамада, так што ўвайшоўшы ў лодку, сядзеў на моры, а ўся грамада была на зямлі каля мора.

2 І навучаў іх многа ў прыповесьцях і казаў ім у сваей навуцы:

3 Слухайце! Вось выйшаў сяйбіт сеяць.

4 І калі ён сеяў, адно ўпала каля дарогі і прыляцелі птушкі нябесныя і зьелі яго.

5 А другое ўпала на месца камяністае, дзе ня мела многа зямлі, і зараз узыйшло, бо зямля была няглыбокая;

6 і калі ўзыйшло сонца, завяла, і дзеля таго што ня мела кораня, зсохла.

7 А іншае ўпала ў церні, і ўзыйшлі церні і заглушылі яго і не дало плоду.

8 А іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод, каторы ўзыйшоў і рос – і адно прынясло трыццаць, другое шэсьцьдзесят, а іншае сто

9 І казаў: Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

10 І калі быў адзін, спыталіся ў яго тыя дванаццацёх, ўто з ім былі, аб прыповесьці.

11 І казаў ім: Вам дадзена пазнаць тайніцу каралеўства Божага, а для тых, каторыя ўвонках, усё адбываецца ў прыповесьцях,

12 каб “гледзячы глядзелі і ня бачылі, слухаючы слухалі і не разумелі; каб часам не навярнуліся і ня былі ім адпушчаны грахі” (Із. 6, 9–10).

13 І сказаў ім: Не разумееце гэтай прыповесьці? А якжа-ж вы зразумееце ўсе прыповесьці?

14 Той, хто сее, слова сее.

15 А тыя, што каля дарогі, дзе сеецца слова, гэта тыя, да каторых, як прачуюць, зараз прыходзіць д’ябал і забірае слова, якое было пасеена ў сэрцах іх.

16 І таксама і тыя, каторыя на месцы камяністым, яны як пачуюць слова, зараз-жа з радасьцяй прыймаюць яго,

17 але, ня маючы кораня ў сабе, яны ёсьць часовыя, потым, як падымецца ўцісьненьне і прасьлед дзеля слова, зараз горшацца.

18 І іншыя ёсьць, каторыя сеюцца ў цернях, гэта тыя, каторыя слухаюць слова,

19 але турботы сьвету і мана багацьця і іншыя пажаданьні, увайшоўшы, глушаць слова і стаецца бяз плоду.

20 А каторыя на добрай зямлі пасеяны, гэта тыя, каторыя слухаюць слова, і прыймаюць, і прыносяць плод, адно трыццаць, другое шэсьцьдзесят, а іншае сто.

21 І казаў ім: Ці-ж прыносяць сьвечку, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Ці-ж не на тое, каб паставіць яе на ліхтар?

22 Бо няма нічога скрытага, што-б ня выявілася, і нічога ня дзеецца тайнага, але каб выйшла наверх.

23 Калі хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

24 І казаў ім: Глядзеце, чаго слухаеце! Якою меркаю вы адмерыце, такою і вам будзе адмерана і будзе вам дадзена.

25 Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, у таго будзе аднята і тое, што ён мае.

26 І казаў: Гэтак ёсьць з каралеўствам Божым, як калі-б чалавек укінуў насеньне ў зямлю,

27 ён і сьпіць і ўстае, уначы і ўдзень, а насеньне ўсходзіць і расьце, калі ён ня ведае.

28 Бо зямля сама з сябе прыносіць плод: спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе.

29 А калі дасьпее плод, зараз пушчае серп, бо прыйшло жніво.

30 І казаў: Да чаго ўпадобнім каралеўства Божае, або да якое прыповесьці прыраўнаем яго?

31 Як гарчычнае зерне, каторае, калі сеецца ў зямлю, ёсьць меншае за ўсякае насеньне, якое ёсьць на зямлі.

32 А калі пасеецца, узрастае і робіцца большым за ўсе гародніны і пускае вялікія галіны, так што пад ценем яго могуць жыць птушкі нябесныя.

33 І многімі такімі прыповесьцямі гаварыў да іх слова, наколькі яны маглі слухаць,

34 а бяз прыповесьці не гаварыў да іх. Асобна-ж вучням сваім выясьняў усё.

35 І ў той дзень, калі зрабілася позна, сказаў ім: Пераплывем на той бок.

36 І яны, адпрвіўшы народ узялі яго, так як быў, у лодцы; і былі з ім другія лодкі.

37 І ўзьнялася вялікая бура ветру і гнала хвалі на лодку, так што напаўнялася лодка.

38 А ён быў на задзе лодкі сплючы на падушцы. І збудзілі яго і кажуць яму: Вучыцель, ці-ж табе ня рупіць, што мы гінем?

39 І ўстаўшы, прыгразіў ветру і сказаў мору: Маўчы, сьціхні! І перастаў вецер і зрабілася вялікая цішыня.

40 І сказаў ім: Чаму вы баязьлівыя? І яшчэ ня маеце веры? І зьняў іх вялікі страх і гаварылі адзін да другога: Хто-ж гэта такі, што вецер і мора слухаюць яго?

5 Разьдзел.

1 І прыбылі на другі бок мора ў краіну Гэразэнаў.

2 І калі ён выходзіў з лодкі, зараз-жа яго пераняў чалавек з грабоў, каторы меў нячыстага духа.

3 Ён меў памешканьне у грабох і ўжо ані ланцугамі ніхто ня мог яго зьвязаць,

4 бо часта будучы зьвязаны путамі і ланцугамі, рваў ланцугі і разьбіваў путы і ніхто ня мог супакоіць яго.

5 І заўсёды ўдзень і ўначы быў у грабох і горах, крычачы і б’ючы сябе каменьнямі.

6 Угледзеўшы-ж Езуса здалёк, прыбег, пакланіўся яму,

7 і крычачы вялікім голасам, сказаў: Што да табе да мяне Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Запрысягаю цябе Богам, каб ты мяне ня мучыў.

8 Бо ён яму казаў: Выйдзі, духу нячысты, з чалавека.

9 І пытаўся ў яго: Як тваё імя? І сказаў яму: Маё імя Легіён, бо нас многа.

10 І вельмі прасіў, каб іх не выганяў з краіны.

11 А была там каля гары пасучыся вялікая стада сьвіней.

12 І прасілі таго духі, кажучы: Пусьці нас у сьвіньні, каб мы ў іх ўвайшлі.

13 І Езус зараз-жа дазволіў ім. І выйшаўшы нячыстыя духі ўвайшлі у сьвіньні і стада з вялікім разгонам кінулася з круцізны ў мора, каля дзьвюх тысяч, і патанулі ў моры.

14 А тыя, што пасьвілі іх, уцяклі і далі знаць у горад і па палёх. І выйшлі, каб паглядзець, што сталася.

15 І прыйшлі да Езуса і ўбачылі гэнага, што быў апанаваны д’яблам, сядзячага, адзетага і пры здаровым розуме – і спалохаліся.

16 А тыя, што бачылі, расказалі ім, як сталася з тым, што меў д’ябэльства, і аб сьвіньнях.

17 І пачалі прасіць яго, каб адыйшоў з іх граніц.

18 Калі-ж уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны д’яблам, каб быць пры ім.

19 І не дапусьціў яго, але сказаў яму: Ідзі ў свой дом, да сваіх і паведамі іх, якія вялікія рэчы табе ўчыніў Пан і зжаліўся над табою.

20 І пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкаполі, якія вялікія рэчы ўчыніў яму Езус – і ўсе дзівіліся.

21 А калі Езус пераплыў на лодцы ізноў на другі бераг, зыйшлася да яго вялікая грамада; і быў ён каля мора.

22 І прыйшоў адзін з старшых над бажніцай, на імя Яір і, убачыўшы яго, упаў да ягоных ног,

23 і вельмі прасіў яго, кажучы: што дачка мая канае, прыйдзі, узлажы руку на яе, каб аздаравела і жыла.

24 І пайшоў з ім. І ішла за ім вялікая грамада і ціснулі яго.

25 А жанчына, каторая дванаццаць гадоў мела цеч крыві

26 і шмат перацярпела ад многіх дахтароў і ўсё сваё выдала і нічога её не памагло, але мелася яшчэ горай,

27 калі пачула аб Езусе, падыйшла ў грамадзе ззаду і дакранулася да адзежы ягонай;

28 бо казала: што калі толькі да адзежы ягонай дакрануся, буду здарова.

29 І зараз-жа высахла ў яе жарало крыві і пачула на целе, што аздаравела ад хваробы.

30 І зараз-жа Езус, пазнаўшы ў сабе моц, якая з яго выйшла, зьвярнуўшыся да народу, сказаў: Хто дакрануўся да маей адзежы?

31 І казалі яму ягоныя вучні: Відзіш грамаду, якая цісьне цябе і кажаш: “Хто да мяне дакрануўся?”

32 І паглядзеў навакол, каб пабачыць тую, што гэта зрабіла.

33 Жанчына-ж, спалохаўшыся і дрыжачы, ведаючы, што з ею сталася, прыйшла і ўпала перад ім і сказала ўсю праўду.

34 Ён-жа сказаў ей: Дачка, вера твая аздаравіла цябе, ідзі ў супакоі і будзь здарова ад хваробы тваей.

35 Калі ён яшчэ гаварыў, прыйшлі ад старшага над бажніцай, кажучы: Што дачка твая памярла, нашто яшчэ турбуеш Вучыцеля?

36 Езус-жа, пачуўшы слова, якое было сказана, прамовіў да старшага над бажніцай: Ня бойся, толькі вер.

37 І не дапусьціў нікога ісьці з сабою, апроч Пятра, Якуба і Яна, Якубавага брата.

38 І прыйшлі ў дом старшага над бажніцай. І ўбачыў трывогу, і плачучых і галосячых моцна.

39 І ўвайшоўшы, сказаў ім: Чаго трывожыцеся і плачаце? Дзяўчына не ўмярла, але сьпіць.

40 І насьмяхаліся з яго. Ён-жа, выправіўшы ўсіх, узяў бацьку і матку дзяўчыны, і тых, што з ім былі, і ўвайшоў, дзе ляжала дзяўчына.

41 І ўзяўшы руку дзяўчыны, сказаў ей: Таліта кумі, што значыць: Дзяўчына – табе кажу – устань.

42 І зараз-жа дзяўчына ўстала і хадзіла, а было ей дванаццаць гадоў. І астаўпянелі з вялікага дзіва.

43 І загадаў ім моцна, каб ніхто ня ведаў аб гэтым; і сказаў даць ёй есьці.

6 Разьдзел.

1 І выйшаўшы адтуль, пайшоў у сваю бацькаўшчыну, і ішлі за ім ягоныя вучні.

2 І калі настала субота, пачаў вучыць у бажніцы, многія-ж, слухаючы, дзівіліся з ягонай навкі, кажучы: Адкуль у яго ўсё гэтае? І што гэта за мудрасьць, якая яму дадзена, і такія цуды, якія дзеюцца праз ягоны рукі?

3 Ціж ён не рамесьнік, сын Марыі, брат Якуба, і Язэпа, і Юды, і Сымона? Ці-ж ня тут між намі і сёстры ягоныя? І горшыліся з яго.

4 І казаў ім Езус: Што прарок ня бывае без пашаны, апрача ў бацькаўшчыне сваей, і ўдоме сваім, і ў радні сваей.

5 І ня мог там учыніць ніводнага цуду, толькі аздаравіў некалькіх хворых, узлажыўшы рукі.

6 І дзівіўся з недаверства іх. І хадзіў навакол па сёлах, навучаючы.

7 І паклікаў дванаццацёх і пачаў іх разсылаць па двух і даў ім уладу над нячыстымі духамі.

8 І загадаў ім, каб нічога не бралі ў дарогу, апрача толькі кія: ані торбы, ані хлеба, ані грошай у паясе,

9 але каб былі абуўшыся ў сандалы, і каб не адзяваліся ў дзьве вопраткі.

10 І казаў ім: Дзе-колечы ўвойдзеце ў дом, там аставайцеся, пакуль ня выйдзяце адтуль.

11 І каторыя-б вас не прынялі, і ня слухалі вас, вы, выходзячы адтуль, абтрасеце пыл з вашых ног на пасьведчаньне ім.

12 І выйшаўшы, абвяшчалі, каб пакутавалі;

13 і выганялі многа д’яблаў, і многіх хворых памазвалі аліваю і аздараўлялі.

8 Кій на ўсходзе ёсьць заўсёдным таварышам у падарожы. Бяз кія ў даўжэйшую дарогу там ня выходзяць.

9 Сандалы былі абуткам людзей небагатых.

11 Што ласкай Бога і навукай яго ўзгардзілі.

14 І пачуў кароль Гэрад – бо імя ягонае сталася ведамае – і казаў: Што Ян Хрысьціцель устаў з умерлых і дзеля гэтага ў ім дзеюцца цуды.

15 Другія-ж казалі: Што гэта Гальяш. А іншыя казалі: Што гэта прарок, як-бы адзін з прарокаў.

16 Гэрад, пачуўшы аб гэтым, сказаў: Гэта Ян, катораму я адсек галаву, ён устаў з умерлых.

17 Бо гэты Гэрад паслаў і ўзяў Яна і зьвязаў яго ў вастрозе дзеля Гэрадыяды, жонкі свайго брата Філіпа, таму што быў узяўшы яе за жонку.

18 Бо Ян казаў Гэраду: Ня можна табе мець жонку брата твайго.

19 А Гэрадыяда рабіла подступы проціў яго і хацела яго забіць, але не магла,

20 бо Гэрад баяўся Яна, знаючы яго, як чалавека справядлівага і сьвятога, і сьцярог яго, дый слухаючы яго, шмат рабіў, і ахвотна слухаў яго.

21 І калі надарыўся адпаведны дзень, Гэрад з прычыны сваіх нарадзін справіў банкет вяльможам, тысячнікам і паном Галілеі.

22 І калі ўвайшла дачка гэнай Гэрадыяды і танцавала, і спадабалася Гэраду і тым, што разам сядзелі, кароль сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне чаго хочаш, і дам табе.

23 І прысягнуў ей: Што чаго-толькі папросіш, дам табе, хоць-бы палавіну каралеўства майго.

24 Тая, выйшаўшы, сказала матцы сваей: Чаго мне прасіць? А яна сказала: Галаву Яна Хрысьціцеля.

25 І калі зараз-жа ўвайшла з пасьпехам да караля, прасіла, кажучы: Хачу, каб ты мне зараз даў на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля.

29 І засмуціўся кароль; дзеля прысягі і дзеля тых, што разам сядзелі, не хацеў яе засмуціць,

27 але паслаўшы ката, загадаў прынясьці галаву яго на талерцы.

28 І сьцяў яго ў вастрозе, і прынёс галаву яго на талерцы, і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала сваей матцы.

29 Пачуўшы аб гэтым, вучні ягоны прыйшлі і ўзялі цела ягона і палажылі яго ў гробе.

30 І апосталы, зыйшоўшыся да Езуса, расказалі яму ўсё, што яны рабілі і чаго навучалі.

31 І сказаў ім: ідзеце асобна ў пустыннае месца і адпачыньце крыху. Бо многа было, што прыходзілі і адыходзілі, і ня мелі часу зьесьці.

32 І ўвайшоўшы ў лодку, адплылі асобна ў пустыннае месца.

33 І бачылі іх адплываючых і пазналі многія, і зьбегліся туды пехатою з усіх гарадоў і апярэдзілі іх.

34 І выйшаўшы, Езус убачыў вялікую грамаду і зжаліўся над імі, бо былі як авечкі, ня маючыя пастыра. І пачаў іх навучаць многага.

35 І калі была ўжо позная гадзіна, падыйшлі вучні ягоны, кажучы: Пустыннае гэта месца і час ужо сходзіць,

36 пусьці іх, каб пайшоўшы ў найбліжэйшыя сялібы і вёскі, купілі сабе ежы, каб зьесьці.

37 І адказваючы, сказаў ім: Дайце вы ім есьці. І сказалі яму: Пайшоўшы купім за дзьвесьце дынараў хлеба і дамо ім есьці.

38 І сказаў ім: Сколькі маеце хлябоў? Ідзеце і паглядзеце. І калі даведаліся, сказалі: Пяць і дзьве рыбы.

39 І загадаў ім, каб разсадзілі ўсіх грамадамі на зялёнай траве.

40 І паселі радамі па сто і па пяцьдзесят.

41 І ўзяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуўшы ў неба, багаславіў і ламаў хлябы і даваў вучням сваім, каб клалі перад імі; і дзьве рыбы падзяліў усім.

42 І елі ўсе і наеліся.

43 І набралі, што асталося ад кускоў і ад рыб дванаццаць поўных кашоў.

44 А тых, што елі, было пяць тысяч мужчын.

45 І зараз прымусіў вучняў сваіх увайсьці ў лодку, каб паплыць перад ім на той бераг да Бэтсайды, пакуль ён адправіць народ.

46 І калі адправіў іх, пайшоў на гару маліцца.

47 І калі было позна, была лодка пасярэдзіне мора, а ён адзін на зямлі.

48 І бачачы іх, як яны працавалі вёсламі, (бо быў ім праціўны вецер), каля чацьвертай начной варты прыйшрў да іх, ідучы па моры – і хацеў іх мінуць.

49 Яны-ж, як убачылі яго ідучага па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі.

50 Бо ўсе бачылі яго і стрывожыліся. І зараз-жа загаварыў да іх і сказаў ім: Будзьце адважны, гэта я, ня бойцеся.

51 І ўвайшоў да іх у лодку, і перастаў вецер. І яшчэ болей дзівіліся ў сабе,

52 бо не зарзумелі аб хлябох, затым што сэрца іх было закамянелае.

53 І калі пераплылі, прыбылі ў зямлю Гэнэзарэцкую і прысталі да берагу.

54 Калі-ж выйшлі з лодкі, зараз-жа пазналі яго;

55 і абягаючы ўсю тую краіну, пачалі зносіць на ложах тых, што дрэнна меліся, туды, дзе чулі, што ён ёсьць.

56 І куды-толькі ўваходзіў, у сёлы, ці ў мястэчкі, ці ў гарады, клалі хворых на вуліцах і прасілі яго, каб дакрануцца хоць краю адзежы ягонай. І сколькі дакранулася да яго, былі здаровы.

7 Разьдзел.

1 І зыйшліся да яго фарызэі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Ерузаліму.

2 І калі ўгледзелі, што некатрыя з ягоных вучняў ядзяць хлеб звычайнымі, гэта значыць, нямытымі рукамі, зганілі.

3 Бо фарызэі і ўсе жыды, калі часта не памыюць рук, не ядзяць, трымаючыся ўстановы старшых.

4 І з рынку, калі не памыюцца, не ядзяць; і шмат чаго іншага ёсьць, што ім перададзена, каб трымацца: абмываньне кубкаў, і збанкоў, і мядзянай пасуды, і ложкаў.

5 І пыталіся ў яго фарызэі і кніжнікі: Чаму вучні твае не паступаюць паводле ўстановы старшых, але звычайнымі рукамі ядзяць хлеб?

6 А ён, адказваючы, сказаў ім: Добра прарочыў аб вас, крывадушных, Ізаій (29, 13), як напісана ёсьць: “Гэты народ паважае мяне вуснамі, але сэрца іх далёка ад мяне;

7 але дарма яны пакланяюцца мне, вучачы навук і прыказаньняў чалавечых”.

8 Бо вы, пакідаючы прыказаньне Божае, трымаецеся ўстановы чалавечай, абмываньня збанкоў і кубкаў, і робіце шмат чаго іншага, падобнага да гэтага.

9 І казаў ім: Добра вы касуеце прыказаньне Божае, каб захаваць вашую ўстанову!

10 Бо Майсей сказаў: “Паважай бацьку твайго і матку тваю” і “Хто-б наругаўся бацьку або матцы, няхай сьмерцяй памрэ”.

11 А вы кажаце: Калі-б чалавек сказаў бацьку або матцы: “Корбан (гэта значыць ахвяра) ёсьць тое, што табе ад мяне належыцца” –

12 і ўжо не дапускаеце таму што-колечы рабіць для свайго бацькі або маткі,

13 касуючы слова Божае праз вашую ўстанову, якую вы ўстанавілі. І шмат падобнага да гэтага вы робіце.

14 І паклікаўшы ізноў грамаду, казаў ім: Паслухайце мяне ўсе і зразумейце.

15 Няма нічога звонку чалавека, што-б уваходзячы ў яго, магло яго зрабіць нячыстым; але тое, што з чалавека выходзіць, гэта ёсьць, што робіць чалавека нячыстым.

16 Калі хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.

17 І калі ад грамады ўвайшоў у дом, пыталіся ў яго вучні ягоны аб прыповесьці.

18 І сказаў ім: Так і вы неарзумныя? Ці-ж не разумееце, што ўсё ўваходзячае ў чалавека звонку, ня можа яго зрабіць нячыстым?

19 Бо не ўваходзіць у ягонае сэрца, але ідзе ў жывот і выходзіць вон, ачышчаючы ўсякую ежу.

20 І казаў, што тое, што з чалавека выходзіць, тое робіць чалавека нячыстым.

21 Бо з нутра, з чалавечага сэрцы выходзяць благія думкі, чужалоствы, распуста, забойствы,

22 зладзействы, прагавітасьці, злосьці, здрада, бязстыднасьці, злое ока, блюзьнерства, гордасьць, дурнота.

23 Усё гэтае благое з нутра выходзіць і робіць чалавека нячыстым.

24 І ўстаўшы, пайшоў адтуль у граніцы Тыру і Сыдону. І ўвайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто ня ведаў, ды ня мог утаіцца.

25 Бо зараз-жа жанчына, якое дачка мела нячыстага духа, як толькі пачула аб ім, прыйшла і ўпала да ягоных ног,

26 бо была яна жанчына паганская, радам Сырафэнікіянка, і прасіла яго, каб выгнаў д’ябла з дачкі яе.

27 Ён сказаў ей: Дай перш наесьціся дзецям, бо ня добра браць хлеб дзяцей і кідаць сабакам.

28 А яна адказала і сказала яму: Так, Пане, але-ж і шчаняты ядуць пад сталом крошкі ад дзяцей.

29 І сказаў ей: Дзеля гэтых слоў ідзі, выйшаў д’ябал з тваей дачкі.

30 І калі яна прыйшла ў свой дом, знайшла дзяўчыну ляжачую на ложку і што д’ябал выйшаў.

31 І выйшаўшы ізноў з граніц Тыру, прыйшоў праз Сыдон да Галілейскага мора пасярод граніцаў Дэкапольскіх.

32 І прывялі да яго глухога і нямога, і прасілі яго, каб узлажыў на яго руку.

33 І ўзяўшы яго на бок ад грамады, узлажыў пальцы свае ў ягоныя вусны і, плюнуўшы, дакрануўся да языка яго,

34 і ўзглянуўшы ў неба, уздыхнуў і сказаў яму: Эффэта, што значыць: адчыніся.

35 І зараз-жа адчыніліся вушы ягоны, і разьвязалася вязь языка ягонага і гаварыў добра.

36 І загадаў ім, каб нікому не казалі. Але чым болей ён ім загадываў, тым болей славілі

37 і тым болей дзівіліся, кажучы: Добра ўсё зрабіў: і глухіхі зрабіў, што чуюць, і нямых, што гавораць.

8 Разьдзел.

1 У тыя дні ізноў, як была вялікая грамада, і ня мелі чаго есьці, паклікаўшы вучняў сваіх, сказаў ім:

2 Шкада мне грамады, бо вось ужо тры дні трываюць пры мне і не маюць чаго есьці.

3 І калі пушчу іх галодных дамоў, аслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх здалёку прыйшлі.

4 І адказалі яму ягоныя вучні: Скуль мог-бы хто накарміць іх хлебам тут у пустыні?

5 І спытаўся ў іх: Колькі хлябоў маеце? Яны сказалі: Сем.

6 І загадаў грамадзе пасесьці на зямлі. І ўзяўшы сем хлябоў, учыніўшы падзяку, ламаў, і даваў вучням сваім, каб раздавалі, і раздавалі грамадзе.

7 І мелі некалькі рыбак, і іх багаславіў і загадаў раздаць.

8 І елі, і наеліся, і набралі, што асталося з кавалкаў, сем кашоў.

9 А тых, што елі, было каля чатырох тысяч. І адпусьціў іх.

10 І зараз увайшоўшы ў лодку са сваімі вучнямі, прыбыў у староны Дальмануцкія.

11 І выйшлі фарызэі і пачалі з ім спрачацца, дамагаючыся ад яго знаку з неба, спакушаючы яго.

12 І ўздыхнуўшы ў душы, сказаў: Нашто гэты род дамагаецца знаку? Сапраўды кажу вам, ня будзе дадзены знак гэтаму роду.

13 І адправіўшы іх, увайшоў ізноў у лодку і палыў на другі бок.

14 І забыліся ўзяць хлеба, і ня мелі з сабой у лодцы, апрача аднэй булкі хлеба.

15 І загадаў ім, кажучы: Глядзеце ды сьцеражэцеся кісьлі фарызэяў і кісьлі Гэрада.

16 І разважалі паміж сабою, кажучы: Што ня маем хлеба.

17 Пазнаўшы гэтае, Езус сказаў ім: Што вы думаеце, што хлеба ня маеце? Ці-ж яшчэ ня ведаеце і не разумееце? Ці яшчэ маеце закамянелае сэрца вашае?

18 Маючы вочы, ня бачыце і маючы вушы, ня чуеце? І ня помнеце,

19 калі я пяць хлябоў паламаў на пяць тысячаў, колькі вы поўных кашоў набралі кавалкаў? Кажуць яму: Дванаццаць.

20 А калі сем хлябоў на чатары тысячы, колькі кашоў кавалкаў вы набралі? І кажуць яму: Сем.

21 І сказаў ім: Якжа-ж яшчэ не разумееце?

22 І прыйшлі ў Бэтсайду. І прывялі да яго сьляпога і прасілі яго, каб дакрануўся да яго.

23 І ўзяўшы за руку сьляпога, вывеў яго за сяло і, плюнуўшы на вочы ягоныя, узлажыўшы свае рукі, пытаўся ў яго, ці што бачыць?

24 А ён, гледзячы, сказаў: Бачу людзей, што як дрэвы ходзяць.

25 Потым ізноў узлажыў рукі на вочы ягоны і ён пачаў відзець. І аздароўлены быў так, што бачыў усё ясна.

26 І паслаў яго ў ягоны дом, кажучы: Ідзі ў дом твой, і калі ўвойдзеш у сяло, нікому не кажы.

27 І пайшоў Езус і вучні ягоны ў сёлы Цэзарэі Філіпавай. І ў дарозе пытаўся ў сваіх вучняў, кажучы ім: За каго мяне маюць людзі?

28 Яны адказалі яму, кажучы: За Яна Хрысьціцеля, другія за Гальяша, а іншыя як за аднаго з прарокаў.

29 Тады сказаў ім: А вы за каго мяне маеце? Адказваючы Пётр сказаў яму: Ты ёсьць Хрыстус.

30 І прыгразіў ім, каб нікому не казалі аб ім.

31 І пачаў іх навучаць, што трэба, каб Сын чалавечы многа цярпеў і быў адкінуты старшымі і кніжнікамі і архісьвятарамі і кніжнікамі і быў забіты і пасьля трох дзён уваскрэснуў.

32 І гаварыў слова адкрыта. І ўзяўшы яго Пётр, пачаў дакараць яму.

33 А ён абярнуўшыся і бачачы вучняў сваіх, прыгразіў Пятру, кажучы: Адыйдзі ад мяне, шатане, бо не разумееш, што ёсьць Божае, але што чалавечае.

34 І паклікаўшы грамаду, разам з сваімі вучнямі, сказаў ім: Калі хто хоча ісьці за мною, няхай адрачэцц ад самога сябе, і няхай возьме крыж свой і ідзе за мною.

35 Бо хто-б хацеў зьберагчы жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто-ю загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне і эванэліі, зьберажэ яго.

36 Бо якая карысьць чалавеку, калі-б ён увесь сьвет здабыў, а душы сваей пашкодзіў?

37 Або што дасьць чалавек узамен за душу сваю?

38 Бо хто-б паўстыдаўся і слоў маіх паміж гэтым распусным і грэшным народам, паўстыдаецца яго і Сын чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца свайго з анеламі сваімі.

39 І казаў ім: Сапраўды кажу вам, што ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не спазнаюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць каралеўства Божага, прыходзячага ў моцы.

9 Разьдзел.

1 І пасьля шасьці дзён узяў Езус Пятра, і Якуба, і Яна і завёў іх адных на высокую гару асобна. І перамяніўся перад імі.

2 І зрабілася адзежа ягоная ясная і вельмі белая, як сьнег, якое бялільнік на зямлі ня можа выбяліць.

3 І зьявіўся ім Гальяш з Майсеем, і гаварылі з Езусам.

4 І азваўшыся Пётр сказаў Езусу: Вучыцель, добра нам тут быць, і зрабем тры палаткі: табе адну, і Майсею адну, і Гальяшу адну.

5 Бо ён ня ведаў, што гаварыў, таму што былі перапужаўшыся са страху.

6 І паўстаў воблак, каторы іх ахінуў, і выйшаў голас з воблака, кажучы: Гэта Сын мой наймілейшы, яго слухайце.

7 І зараз, аглянуўшыся кругом, нікога больш ня ўбачылі, апроч толькі Езуса з сабою.

8 І калі яны зыходзілі з гары, загадаў ім, каб нікому не расказвалі, што яны бачылі, аж пакуль Сын чалавечы не ўваскрэсьне з умерлых.

9 І затрымалі слова пры сабе, пытаючыся паміж сабою, што значыць: “Калі ўваскрэсьне з умерлых”.

10 І пыталіся ў яго, кажучы: Дык што-ж фарызэі і кніжнікі кажуць, што перш павінен прыйсьці Гальяш?

11 Ён адказваючы, сказаў ім: Гальяш, прыйшоўшы перш, наладзіць усё; а як-жа напісана ёсьць аб Сыне чалавечым, каб многа перацярпеў і быў узгарджаны?

12 Але кажу вам, што прыйшоў і Гальяш, і зрабілі яму, што хацелі, так як напісана аб ім.

13 І прыйшоўшы да вучняў сваіх, убачыў вялікую грамаду каля іх і кніжнікаў, спорачых з імі.

14 І зараз увесь народ, угледзеўшы Езуса, зьдзівіўся, і спужаліся, і прыбегшы, віталі яго.

15 І спытаўся ў іх: Аб чым вы паміж сабою спорыце?

16 І адказваючы адзін з грамады сказаў: Вучыцель, я прывёў да цябе майго сына, які мае нямога духа,

17 каторы дзе ня схопіць яго, б’е яго аб зямлю, і пеніцца, і скрыгоча зубамі, і сохне. І я казаў тваім вучням, каб выгналі яго, і не маглі.

18 Ён, адказваючы ім, сказаў: О народзе няверны, дакуль-жа я буду ў вас? Дакуль буду вас цярпець? Прывядзеце яго да мяне.

19 І прывялі яго. І калі ўбачыў яго, зараз-жа дух затрос яго і ўпаўшы на зямлю, качаўся, панячыся.

20 І спытаўся ў ягоанаг бацькі: Сколькі часу, як гэта з ім здарылася? А ён сказаў: Ад дзяцінства,

21 і часта кідаў яго ў вагонь і ў ваду, каб яго загубіць; але калі што можаш, памажы нам, зжаліўшыся над намі.

22 Езус-жа сказаў яму: Калі можаш верыць усё магчыма для веручага.

23 І зараз ускрыкнуўшы бацька хлопца сказаў са слязьмі: Веру, Пане, памажы маей няверы!

24 І калі ўбачыў Езус грамаду, што зьбяглася, прыгразіў нячыстаму духу, кажучы яму: Глухі і нямы духу, я загадываю табе, выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!

25 І закрычаўшы і моцна яго страсануўшы, выйшаў з яго; і зрабіўся як нежывы, так што многія гаварылі: Што памёр.

26 Езус-жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.

27 І калі ўвайшоў у дом, вучні ягоны пыталіся ў яго асобна: Чаму мы не маглі выгнаць яго?

28 І сказаў ім: Гэты род ніяк ня можа выйсьці, адно толькі праз малітву і пост.

29 І выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і не хацеў, каб хто ведаў.

30 А навучаў вучняў сваіх і казаў ім: Што Сын чалавечы будзе выданы ў рукі людзей, і заб’юць яго, і забіты на трэці дзень уваскрэсьне.

31 Але яны не разумелі слова і баяліся ў яго пытацца.

32 І прыйшлі ў Капарнаум. Калі яны былі ў доме, спытаўся ў іх: Аб чым вы ў дарозе гаварылі?

33 Але яны маўчалі, бо ў дарозе яны паміж сабою спрачаліся, хто з іх большы?

34 І сеўшы паклікаў дванаццацёх і сказаў ім: Калі хто хочы быць першым, будзе з усіх апошнім і слугою ўсіх.

35 І ўзяўшы дзіця, паставіў яго пасярод іх і абняўшы яго, сказаў ім:

36 Хто прыйме аднаго з гэтакіх дзяцей у імя маё, не мяне прыймае, але таго, хто паслаў мяне.

37 Адказаў яму Ян, кажучы: Вучыцель, мы бачылі нейкага, што ў імя тваё выгяняў д’яблаў, ён ня ходзіць за намі і мы яму забаранілі.

38 Езус-жа сказаў: Не забараняйце яму; бо няма нікога, хто-б чыніў у імя маё цуды і мог-бы зараз дрэнна аба мне гаврыць.

39 Бо хто ня проціў вас, той за вас.

40 Бо хто-б даў вам напіцца кубак вады ў імя маё, затым што вы Хрыстовыя, сапраўды кажу вам, ня страціць сваей нагароды.

41 А хто-б згоршыў аднаго з гэтых малых, якія вераць у мяне, лепш яму было-б, каб прывязалі млынавы камень за шыю яго і кінулі ў мора.

42 І калі горшыць цябе рука твая, адсячы яе; лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё калекім, чым маючы дзьве рукі ісьці ў пекла, у вагонь неўгасаючы,

43 дзе дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае.

44 І калі нага твая горшыць цябе, адсячы яе; лепш табе кульгаваму ўвайсьці ў жыцьцё вечнае, чым маючы дзьве нагі быць укінутым у пекла няўгаснага агню, дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае.

46 Калі-ж вока тваё горшыць цябе, вырві яго; лепш табе аднавокім увайсьці ў каралеўства Божае, чым маючы двое вачэй быць кінутым у пекла вагню,

47 дзе чарвяк іх ня ўмірае і агонь не ўгасае.

48 Бо кожны будзе агнём пасолены, кожная ахвяра будзе сольлю пасолена.

49 Соль добрая рэч; але калі соль будзе несалёная, чым яе прыправіце? Мейце ў сабе соль і супакой мейце паміж сабою.

10 Разьдзел.

1 І адтуль, устаўшы, прыйшоў за Ярданам у граніцы Юдэі. І зыйшліся ізноў да яго грамады, і ён, як меў звычай, ізноў навучаў іх.

2 І прыступіўшы фарызэі пыталіся ў яго, прабуючы яго: Ці можна мужу пакінуць жонку?

3 А ён адказваючы, сказаў ім: Што вам загадаў Майсей?

4 Яны сказалі: Майсей дазволіў напісаць разводны ліст і пакінуць.

5 Езус, адказваючы ім, сказаў: Дзеля закамянеласьці сэрца вашага напісаў ён вам гэты загад;

6 але на пачатку стварэньня Бог учыніў іх мужчынай і жанчынай.

7 “Дзеля гэтага чалавек пакіне бацьку свайго і матку і прыстане да жонкі сваей;

8 і будуць двое ў вадным целе. І так ужо ня два, але адно цела” (Гэн. 2, 24).

9 Дык што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.

10 І ў доме ізноў спыталіся ў яго вучні ягоны аб гэтым-жа.

11 І сказаў ім: Хто-б пакінуў жонку сваю і ўзяў другую, дапускаецца чужалоства адносна яе.

12 І калі-б жонка пакінула свайго мужа і выйшла за другога, чужаложыць.

13 І прыносілі да яго дзяцей, каб ён дакрануўся да іх, а вучні сварыліся на іх, што прыносілі.

14 Калі ўгледзеў іх Езус, неахвотна знёс і сказаў ім: Дазвольце дзеткам прыходзіць да мяне і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць каралеўства Божае.

15 Сапраўды кажу вам: Хто-б ня прыняў каралеўства Божага, ня ўвойдзе ў яго.

16 І абыймаючы іх і кладучы на іх рукі, багаславіў іх.

17 І калі выйшоў у дарогу, нехта прыбегшы і ўпаўшы перад ім на калені, пытаўся ў яго: Вучыцелю добры, што мне рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?

18 Езус-жа сказаў яму: Што ты завеш мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог.

19 Ведаеш прыказаньні: Не чужалож, не забівай, не крадзі, не гавары фальшывага сьведчаньня, не рабі ашуканства, паважай твайго і матку.

20 А ён адказваючы сказаў яму: Вучыцель, гэтага ўсяго я пільнаваўся ад моладасьці маей.

21 Езус-жа, паглядзеўшы на яго, узлюбіў яго і сказаў яму: Аднаго табе не стае: ідзі, прадай, што маеш і дай убогім і будзеш мець скарб у небе, ды прыходзь, ідзі за мною.

22 Той, засьмуціўшыся дзеля слова, адыйшоў сумны, бо меў вялікія маемасьці.

23 І глянуўшы навакол, Езус сказаў сваім вучням: Як цяжка будзе тым, што маюць грошы, увайсьці ў каралеўства Божае!

24 Вучні-ж вельмі зьдзівіліся са слоў яго. Але Езус ізноў адказваючы сказаў ім: Дзеткі, як цяжка тым, што маюць надзею ў грашах, увайсьці ў каралеўства Божае.

25 Лягчэй вярблюду прайсьці праз вуха ігольнае, чым багатаму ўвайсьці ў каралеўства Божае.

26 Яны тым болей дзівіліся, гаворачы самі да сябе: І хто-ж можа збавіцца?

27 А Езус, паглядзеўшы на іх, сказаў: Немагчыма ў людзей, але ня ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма.

28 І пачаў яму Пётр гаварыць: Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за табою.

29 Езус адказваючы сказаў: Сапраўды кажу вам: няма нікога, хто-б пакінуў дом, або сёстраў, або бацьку, або матку, або дзяцей, або поле дзеля мяне і дзеля эванэліі,

30 які-б не атрымаў у сто раз столькі цяпер, у гэтым часе, дамоў, і братоў, і сёстраў, і матак, і дзяцей, і палёў з прасьледамі, а ў будучым веку жыцьцё вечнае.

31 А многа першых будуць апошнімі, а апошніх першымі.

32 Былі-ж яны ў дарозе, ідучы ў Ерузалім. І Езус ішоў перад імі, а яны вельмі дзівіліся і, ідучы ззаду, баяліся. І ўзяўшы ізноў дванаццацёх, пачаў ім гаварыць, што з ім мела стацца.

33 Што вось ідзём у Ерузалім і Сын чалавечы будзе выданы архісьвятарам і кніжнікам і старшым, і асудзяць яго на сьмерць, і выдадуць яго паганам;

34 і будуць зьдзекавацца над ім, і будуць пляваць на яго, і будуць бічаваць яго, і заб’юць яго, і на трэці дзень уваскрэсьне.

35 І прыступілі да яго Якуб і Ян, сыны Зэбэдэявы, кажучы: Вучыцель, мы хочам, каб што-колечы будзем прасіць, ты зрабіў нам.

36 А ён сказаў ім: Што вы хочаце, каб я вам зрабіў?

37 І сказалі: Дай нам, каб мы сядзелі адзін па тваей правай, а другі па тваей левай руцэ ў славе тваей.

38 Езус-жа сказаў ім: Ня ведаеце, чаго просіце. Ці вы можаце піць келіх, які я піў, або быць ахрышчанымі хростам, якім я хрысьціўся.

39 Яны-ж сказалі яму: Можам. А Езус сказаў ім: Келіх, які я піў, то вы піць будзеце, і хростам, якім я хрысьціўся, будзеце ахрышчаны;

40 але сядзець па правай руцэ маей або па левай не мая справа даць вам, але каму прыгатавана.

41 І пачуўшы дзесяцёх пачалі абурацца на Якуба і Яна.

42 Езус-жа, пакілкаўшы іх, сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, якія лічацца валадарамі народаў, пануюць над імі, і іх князі маюць над імі ўладу.

43 А паміж вамі ня так; але хто-б хацеў быць большым, будзе вашым слугою;

44 і хто-б хацеў быць першым між вамі, будзе слугою ўсіх.

45 Бо і Сын чалавечы ня прыйшоў, каб яму служылі, але каб служыць і даць жыцьцё сваё на выкуп за многіх.

46 І прыйшлі ў Ерыхон. І калі ён выходзіў з Ерыхону і ягоныя вучні і вялікая грамада, сядзеў каля дарогі жабруючы сьляпы Бартымэй, сын Тымэя.

47 Ён, калі пачуў, што ёсьць Езус Назарэнскі, пачаў крычаць і казаць: Езусе, сыне Давіда, зжалься нада мною!

49 І Езус стаўшы загадаў паклікаць яго. І клікнулі яго, кажучы яму: Надзейся, устань, кліча цябе.

50 Ён, пакінуўшы сваю вопратку ускочыўшы, прыйшоў да яго.

51 І адказваючы Езус сказаў яму: Што хочаш, каб я табе зрабіў? А сьляпы сказаў яму: Вучыцель, каб мне відзець.

52 Езус-жа сказаў яму: ідзі, вера твая зрабіла цябе здаровым. І зараз-жа відзеў і пайшоў за ім дарогаю.

32 Вучні ведалі, якая ненавісьць з боку фарызэяў і кніжнікаў чакала на Езуса ў Ерузаліме і дзеля гэтага дзівіліся, што Езус ішоў у Ерузалім і баяліся.

11 Разьдзел.

1 І калі прыбліжаліся да Ерузаліму і Бэтаніі, каля Аліўнай гары, паслаў двух сваіх вучняў

2 і сказаў ім: Ідзеце ў сяло, што перад вамі, і зараз уваходзячы туды, знойдзеце прывязанае асьлянё, на каторым ніхто з людзей яшчэ не сядзеў: адвяжэце яго і прывядзеце.

3 А калі-б вам хто сказаў: Што робіце? – скажэце, што яно патрэбнае Пану, і зараз пусьціць яго сюды.

4 І пайшоўшы знайшлі асьлянё, прывязанае перад варотамі на вуліцы, пры скрыжаваньні дарог, і адвязалі яго.

5 А некаторыя з стаячых тамака сказалі ім: Што вы робіце, адвязваючы асьлянё?

6 Яны сказалі ім, як ім быў загадаў Езус, і пусьцілі ім.

7 І прывялі асьлянё да Езуса, і ўзлажылі на яго сваё адзеньне, і сеў на яго.

8 Многія-ж слалі сваё адзеньне на дарозе, а іншыя зрэзвалі галіны з дрэваў і слалі на дарозе.

9 І каторыя ішлі наперадзе і каторыя ішлі ззаду, крычалі, кажучы: Госанна!

10 Багаслаўлены, каторы ідзе ў імя Пана! Багаслаўленае, што надыходзіць, каралеўства айца нашага Давіда! Госанна на вышынах!

11 І ўвайшоў у Ерузалім у сьвятыню, і агледзеўшы ўсё, калі ўжо была позная гадзіна, выйшаў у Бэтанію з дванаццацьма.

12 А на другі дзень, калі выйшлі з Бэтаніі, захацеў есьці.

13 І калі ўгледзеў здалёк фігу, маючую лісьце, падыйшоў, мо часам што знойдзе на ей. І калі падыйшоў да яе, нічога не знайшоў, апроч лісьця, бо ня час быў на фігі.

17 І адазваўшыся сказаў ей: Няхай ужо болей ніхто ня есьць з цябе плоду навекі! І чулі вучні ягоны.

15 І прыйшлі ў Ерузалім. І калі ўвайшоў у сьвятыню, пачаў выганяць прадаючых і купляючых у сьвятыні, і абярнуў сталы мяняльнікаў і столікі тых, што прадавалі галубы;

16 і не пазваляў, каб хто насіў праз сьвятыню (якую) рэч.

17 І навучаў, кажучы ім: Ці не напісана, што “дом мой будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў”. А вы зрабілі яго пячэрай разбойнікаў.

18 Пачуўшы гэтае, архісьвятары і кніжнікі шукалі, як-бы загубіць яго, бо яны баяліся яго, таму што ўся грамада дзівілася з навукі ягонай.

19 І калі настаў вечар, выходзіў з гораду.

20 І калі раніцай праходзілі міма, убачылі фігу зсохшую ад карэньня.

21 І ўспомніўшы Пётр сказаў яму: Вучыцель, вось фіга, каторую ты пракляў, зсохла.

22 І адказваючы Езус сказаў яму: Мейце веру Божую.

23 Сапраўды кажу вам, што хто-б сказаў гэтай гарэ: “Узьніміся і кінься ў мора”, і не сумневаўся-б у сэрцы сваім, але верыў, што станецца, што-толькі ён скажа, станецца яму.

24 Дзеля гэтага кажу вам: усё, чаго-толькі молячыся просіце, верце, што атрымаеце і збудзецца вам.

25 І калі станеце на малітву, адпусьцеце, калі што маеце проціў каго, каб і Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, адпусьціў вам грахі вашы.

26 Калі-ж вы не адпусьціце, і Айцец ваш, каторы ёсьць у небе, не адпусьціць вам грахоў вашых.

27 І прыйшлі ізноў у Ерузалім. І калі хадзіў у сьвятыні, прыступілі да яго архісьвятары і кніжнікі і старшыя,

28 і казалі яму: Якою ўладаю ты гэта робіш? І хто табе даў гэтую ўладу, каб ты рабіў гэтае?

29 Езус-жа адказваючы сказаў ім: Спытаю ў вас і я аднаго слова, і адкажэце мне, то і я вам скажу, якою ўладаю я гэта раблю.

30 Хрост Янаў з неба быў, ці з людзей? Адкажэце мне.

31 Яны-ж разважалі ў сабе, кажучы: Калі скажам “з неба”, то скажа: Дык чаму-ж вы яму не паверылі?

32 Калі скажам “з людзей”, то баімся народу, бо ўсе лічылі Яна, што ён быў сапраўды прарок.

33 І адказваючы сказалі Езусу: Ня ведаем. І Езус адказваючы сказаў ім: І я вам не скажу, якою ўладаю я гэтае раблю.

12 Разьдзел.

1 І пачаў ім гаварыць у прыповесьцях: Чалавек засадзіў вінаграднік, і абгарадзіў плотам, і выкапаў вінатоку, і збудаваў вежу, і аддаў яго ў арэнду земляробам і выехаў.

2 І ў час паслаў да земляробаў слугу, каб узяць ад земляробаў з плоду вінаградніка.

3 Яны, схапіўшы яго, збілі і адаслалі бяз нічога.

4 І зноў паслаў да іх другога слугу, і таго ранілі ў галаву і зьняважылі.

5 І ізноў паслаў другога, а таго забілі; і шмат іншых, адных б’ючы, а другіх забіваючы.

6 Дык яшчэ маючы аднаго сына найдаражэйшага, і таго паслаў уканцы да іх, кажучы: Што ўшануюць сына майго.

7 Але земляробы сказалі паміж сабою: Гэта насьледнік; пойдзем, заб’ём яго, і наша будзе спадчына.

8 І схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку.

9 Дык што зробіць гаспадар вінагардніка?Прыйдзе і выгубіць земляробаў, а вінаграднік аддасьць іншым.

10 І ці вы ня чыталі гэтага пісаньня: “Той камень, каторы адкінулі будаўнічыя, стаўся галавою вугла.

11 Ад Пана гэта сталася і ёсьць дзіўным у вачох нашых?” (Пс. 117, 22).

12 І стараліся яго ўзяць, ды баяліся грамады, бо зразумелі, што да іх сказаў гэтую прыповесьць. І пакінуўшы яго, адыйшлі.

13 І паслалі да яго некаторых з фарызэяў і гэрадыянаў, каб злавіць яго на слове.

14 Яны прыйшоўшы сказалі яму: Вучыцель, мы ведаем, што ты праўдамоўны і не зважаеш на нікога, бо не глядзіш на асобу людзкую, але папраўдзе навучаеш дарогі Божай. Ці можна даваць падатак цэзару, ці не даваць?

15 Ён, ведаючы іхную хітрасьць, сказаў ім: Што вы мяне спакушаеце? Прынясеце мне дынар, каб я пабачыў.

16 Яны-ж прыняслі яму. І сказаў ім: Чый гэта воблік і надпіс? Кажуць яму: Цэзараў.

17 Езус-жа адказваючы сказаў ім: Дык аддайце, што цэзарава, цэзару, а што Божае, Богу. І дзівіліся з гэтага.

18 І прыйшлі да яго садукеі, каторыя кажуць, што няма ўкрасеньня, і пыталіся ў яго, кажучы:

19 Вучыцель, Майсей нам напісаў, што калі-б у каго памёр брат і пакінуў жонку ды не аставіў дзяцей, то няхай брат ягоны возьме ягону жонку і ўскрасіць патомства брату свайму.

20 Было-ж сем братоў, і першы ўзяў жонку і памёр, не аставіўшы патомства.

21 І ўзяў яе другі, і памёр, і ані гэты не аставіў патомства. І трэці таксама.

22 І бралі яе гэтаксама сямёх, і не аставілі патомства. Апошняй з усіх памярла і жанчына.

23 Дык ва ўскрасеньні, калі ўскрэснуць, каторага з іх яна будзе жаною? Бо сямёх мелі яе за жонку.

24 І адказваючы Езус сказаў ім: Ці ня дзеля таго вы мыляецеся, што ня ведаеце Пісаньняў ані моцы Божай?

25 Бо калі ўваскрэснуць з умерлых, ня будуць ані жаніцца, ані выхадзіць замуж, але будуць як анёлы ў небе.

26 А аб умерлых, што яны ўваскрэснуць, ці вы ня чыталі ў кнізе Майсея, як Бог ля куста сказаў яму, гаворачы: Я ёсьць Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба? (Вых. 3, 6).

27 Ня ёсьць Бог умерлых, але жывых. Дык вы дужа мыляецеся.

28 І прыступіў адзін з кніжнікаў, каторы чуў, як яны спрачаліся і бачачы, што ім добра адказаў, спытаўся ў яго: Якое ёсьць першае з усіх прыказаньне?

29 Езус-жа адказаў яму: Што першае з усіх прыказаньне ёсьць: “Слухай, Ізраіль! Пан Бог твой ёсьць адзін Бог;

30 і любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсею душою тваею, і ўсей думкай тваею, і ўсей сілай тваею” (Паўл. Пр. 6, 45). Гэта ёсьць першае прыказаньне.

31 А другое ёсьць падобнае да яго: “Любі бліжняга твайго як самога сябе” (Лев. 19, 18). Іншага прыказаньня, большага за гэтыя, няма.

32 І сказаў яму кніжнік: Добра, Вучыцель, ты праўду сказаў, што ёсьць адзін Бог і няма іншага апрача яго;

33 і каб любіць яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсею сілаю, і любіць бліжняга як самога сябе – гэты болей за ўсе жэртвы і ахвяры.

34 Езус-жа, бачачы, што разумна адказаў, сказаў яму: Ты недалёка ад каралеўства Божага. І ніхто ўжо ня сьмеў пытаць у яго.

35 І азваўшыся казаў Езус, навучаючы ў сьвятыні: Як-жа кажуць кніжнікі, што Хрыстус ёсьць Сын Давіда?

36 Бо сам Давід кажа ў Духу сьвятым: “Сказаў Пан Пану майму: сядзь праваруч мяне, пакуль палажу ворагаў тваіх падножжам ног тваіх” (Пс. 109, 1).

37 Дык сам Давід заве яго Панам, і скуль-жа ён сын ягоны? І вялікая грамада ахвотна яго слухала.

38 І казаў ім у сваей навуцы: Сьцеражэцеся кніжнікаў, якія хочуць хадзіць у даўгіх вопратках, і быць вітанымі на рынку,

39 і сядзець на першых лавах у бажніцах, і першыя месцы на вячэрах;

40 якія аб’ядаюць дамы ўдоваў пад прыкрыўкай доўгай малітвы. Гэтыя атрымаюць цяжэйшы прысуд.

41 І седзячы насупроць скарбоны, Езус глядзеў, як грамада кідала грошы ў скарбону; і многа багатых кідала шмат.

42 Калі-ж прыйшла адна бедная ўдава, яна палажыла дзьве манэткі, што выносіць грош.

43 І паклікаўшы сваіх вучняў, сказаў ім: Сапраўды кажу вам, што гэта беданая ўдава палажыла болей за ўсіх, што клалі ў скарбону.

44 Бо ўсе клалі з таго, што для іх было лішнім, а гэтая палажыла з недастатку свайго ўсё, што мела, увесь свой пражытак.

13 Разьдзел.

1 І калі выходзілі з сьвятыні, сказаў яму адзін з ягоных вучняў: Вучыцель, паглядзі, якія каменьні і якія будынкі!

2 І адказваючы Езус сказаў яму: Бачыш усе гэтыя вялікія будынкі? Не астанецца камень на камені, які-б ня быў збураны.

3 І калі сядзеў на гарэ Аліўнай насупраць сьвятыні, спыталіся ў яго асобна Пётр і Якуб, і Ян, і Андрэй:

4 Скажы нам, калі гэтае станецца, і які знак будзе, калі гэтае ўсё пачне спаўняцца?

5 І адказваючы Езус пачаў ім гаварыць: Глядзеце, каб вас хто ня зьвёў.

6 Бо многія прыйдуць у імя маё, кажучы: “Што гэта я ёсьць”, і многіх зьвядуць.

7 Калі-ж пачуеце аб войнах і ваенных вестках, ня бойцеся, бо трэба, каб гэтае сталася, але яшчэ не канец.

8 Бо паўстане народ проціў народу і каралеўства на каралеўства; і будуць мясцамі зямлетрасеньні і галады. Гэта пачатак болю.

9 А вы глядзеце самі сябе. Бо будуць вас аддаваць у суды, і біць па бажніцах, і будзеце станавіцца перад начальнікамі і каралямі дзеля мяне, на пасьведчаньне ім.

10 І трэба, каб перш была абвяшчаная эванэлія усім народам.

11 І калі вас будуць вадзіць выдаючы, ня думайце наперад, што маеце гаварыць; але што будзе вам дадзена ў гэную часіну, тое гаварэце. Бо ня вы тыя, што гаворыце, але Дух сьвяты.

12 А выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька сына, і паўстануць дзеці на бацькоў і сьмерць ім зробяць.

13 І будзеце ў ненавісьці ў усіх дзеля імені майго. Хто-ж вытрывае да канца, той будзе збаўлены.

14 А калі ўгледзіце агіду спусташэньня, стаячую там, дзе не павінна – хто чытае, няхай разумее – тады каторыя ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы;

15 а каторы на даху, няхай ня зыходзіць у дом і няхай не ўваходзіць, каб узяць што з дому свайго;

16 а каторы будзе на полі, няхай не варочаецца назад узяць адзежу сваю.

17 Гора-ж цяжарным і кормячым у гэтыя дні!

18 Малецеся-ж, каб ня сталася зімою.

19 Бо тыя дні будуць такім уцісьненьнем, якога ня было ад пачатку стварэньня, якое стварыў Бог, аж дагэтуль, і ня будзе.

20 І калі-б Пан не скараціў дзён, ня збавілася-б ніводнае цела; але дзеля выбраных, каторых выбраў, скараціў дні.

21 І тады калі-б вам хто сказаў: Вось тут ёсьць Хрыстус, вось там – ня верце.

22 Бо паўстануць фальшывыя хрыстусы і фальшывыя прарокі, і будуць паказваць знакі і дзівы, каб зьвясьці, калі магчыма, нават выбраных.

23 Вы-ж глядзеце, вось я сказаў вам наперад усё.

24 Але ў тыя дні пасьля гэнага ўцісьненьня зацьміцца сонца, і месяц ня дасьць сваей яснасьці,

25 і зоры нябесныя будуць падаць, і сілы, каторыя ёсьць на небе, зрушацца.

26 І тады ўгледзяць Сына чалавечага, прыходзячага ў воблаках, з сілай вялікай і славай.

27 І тады пашле анёлаў сваіх і зьбярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі аж да краю неба.

28 А ад фіговага дрэва вучэцеся падабенства: калі ўжо галіна яго зробіцца мяккай і пускае лісьце, вы ведаеце, што блізка лета.

29 Так і вы, калі ўгледзеце, што гэта дзеіцца, ведайце, што блізка ёсьць, у дзьвярах.

30 Сапраўды кажу вам, што не праміне гэты род, як усё гэтае станецца.

31 Неба і зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.

32 Аб дні-ж тым або гадзіне ніхто ня ведае, ані анёлы ў небе, ані Сын, толькі Айцец.

33 Глядзеце, чуйце і малецеся, бо ня ведаеце, калі час будзе.

34 Як чалавек, што ад’яжджаючы, аставіў свой дом і даў слугам сваім уладу ў кожнай справе і загадаў прыдзьверніку, каб быў чуткім.

35 Дык чуйце, што ня ведаеце, калі гаспадар дому прыйдзе: увечары, ці серад ночы, ці як пеўні запяюць, ці нараніцы:

36 каб прыйшоўшы раптам, не застаў вас сплючых.

37 А што вам кажу, усім кажу: Чуйце.

14 Разьдзел.

1 Была-ж за два дні Пасха і Праснакі. І шукалі архісьвятары і кніжнікі, як узяць яго хітрасьцяй і забіць.

2 Але казалі: Ня ў дзень сьвяточны, каб часам не паўстала забурэньне ў народзе.

3 І калі быў у Бэтаніі ў доме Сымона Пракажанага і сядзеў за сталом, прыйшла жанчына, маючы алябастар дарагога шпіканардовага алейку, і разьбіўшы алябастар, выліла на галаву яго.

4 Былі-ж некаторыя, што гневаліся ў сабе і казалі: Нашто было рабіць гэтае марнатраўства алейку?

5 Бо можна было гэты алеяк прадаць болей, як за трыста дынараў і раздаць убогім. І наракалі на яе.

6 А Езус сказаў: Пакіньце яе. Нашто вы робіце ей прыкрасьць? Яна добры ўчынак зрабіла адносна мяне.

7 Бо ўбогіх вы заўсёды маеце з сабою, і калі захочаце, можаце ім рабіць дабро; але мяне не заўсёды маеце.

8 Яна, што мела, зрабіла: наперад намасьціла маё цела на пахаваньне.

9 Сапраўды кажу вам, дзе- толькі будзе абвяшчацца гэта эванэлія па ўсім сьвеце, і што яна ўчыніла, будзе сказана на памяць аб ёй.

10 А Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, пайшоў да архісьвятараў, каб ім яго выдаць.

11 Яны пачуўшы ўсьцешыліся і абяцалі даць яму грошай. І ён шукаў, як бы зручнай часінай яго выдаць.

12 І на першы дзень Праснакоў, калі ахвяроўвалі Пасху, сказалі яму вучні: Куды хочаш, каб мы пайшлі і прыгатовілі табе есьці Пасху?

13 І паслаў двух з сваіх вучняў і сказаў ім: Ідзеце ў горад, і спаткае вас чалавек, нясучы збан вады. Ідзеце за ім;

14 і куды ён увойдзе, скажэце гаспадару дому, што Вучыцель кажа: “Дзе ёсьць мая сьвятліца, дзе-б мне спажываць Пасху з вучнямі маімі?”

15 І ён вам пакажа вялікі пакой, засланы, і там прыгатуеце нам.

16 І пайшлі вучні ягоны, і прыйшлі ў горад, і знайшлі так як ім сказаў, і прыгатовілі Пасху.

17 Калі-ж настаў вечар, прыйшоў з дванаццацьма.

18 І калі яны сядзелі і елі, сказаў Езус: Сапраўды кажу вам, што адзін з вас, каторы есьць са мною, выдасьць мяне.

19 Яны-ж пачалі смуціцца і казаць яму паасобку: Ці гэта я?

20 Ён сказаў ім: Адзін з дванаццацёх, што маеце са мною руку ў місе.

21 І Сын чалавечы, праўда, ідзе, як аб ім напісана, але гора таму чалавеку, праз каторага Сын чалавечы будзе выданы. Лепш яму было-б, каб не нарадзіўся гэны чалавек.

22 І калі яны елі, узяў Езус хлеб, і багаславячы ламаў, і даў ім, і сказаў: Бярэце, гэтае ёсьць цела маё.

23 І ўзяўшы келіх, учыніўшы падзяку, даў ім, і пілі з яго ўсе.

24 І сказаў ім: Гэтая ёсьць кроў мая новага закону, каторая за многіх будзе праліта.

25 Сапраўды кажу вам што ўжо ня буду піць з гэтага вінаграднага плоду, аж да таго дня, калі буду яго піць новы ў каралеўстве Божым.

26 І адправіўшы гімн, выйшлі на гару Аліўную.

27 І сказаў ім Езус: Усе вы згоршыцеся з мяне ў гэту ноч, бо ёсьць напісана: “Удэру пастыра і разсеюцца авечкі”.

28 Але потым, як уваскрэсну, пайду перад вамі ў Галілею.

29 А Пётр сказаў яму: І калі-б усе згоршыліся з цябе, але ня я.

30 І сказаў яму Езус: Сапраўды кажу табе, што ты сягоньня, у гэтую ноч, перш чым певень два разы падасьць голас, тры разы адрачэсься ад мяне.

31 Але ён яшчэ болей гаварыў: І калі-б мне трэба было разам умерці з табою, я не адракуся ад цябе. Гэтаксама-ж казалі і ўсе.

32 І прыйшлі да сялібы, якой імя Гэтсэмані. І сказаў сваім вучням: Сядзеце тут, пакуль я памалюся.

33 І ўзяў з сабою Пятра, і Якуба, і Яна, і пачаў баяцца і тужыць.

34 І сказаў ім: Сумная душа мая аж да сьмерці; астаньцеся тут і чуйце.

35 І адыйшоўшы трохі, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, адыйшла ад яго часіна.

36 І казаў: Абба, Ойча! Усё для цябе магчымае, аднясі ад мяне гэтую кару. Але ня што я хачу, але што ты.

37 І прыйшоў і знайшоў іх сплючых. І сказаў Пятру: Сымоне, ты сьпіш? Ты ня мог чуць аднэй гадзіны?

38 Чуйце і малецеся, каб ня ўпасьці ў пакусу. Дух-то ахвочы, але цела нядужае.

39 І ізноў адыйшоўшы маліўся, кажучы тыя самыя словы.

40 І вярнуўшыся, знайшоў іх ізноў сплючых, бо вочы іх былі абцяжэўшы, і ня ведалі, што яму адказаць.

41 І прыйшоў трэці раз і сказаў ім: Сьпеце ўжо і адпачываеце. Годзі. Прыйшла гадзіна, вось Сын чалавечы будзе выданы ў рукі грэшнікаў.

42 Устаньце, пойдзем! Вось той, каторы мяне выдасьць, блізка ёсьць.

43 І калі ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Юдаш Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, і з ім вялікая грамада з мячамі і кіямі, ад архісьвятараў і кніжнікаў і старшых.

44 Даў-жа быў здраднік ягоны ім знак, кажучы: Каго я пацалую, гэта ён, бярэце яго і вядзеце асьцярожна.

45 І калі прыйшоў, зараз прыступіўшы да яго, сказаў: Будзь прывітаны, Вучыцель! І пацалаваў яго.

46 яны-ж налажылі на яго рукі і ўзялі яго.

47 Адзін-жа, нехта з тых, што там стаялі, выняўшы меч, ударыў слугу архісьвятаравага і адсек яму вуха.

48 І адказваючы Езус сказаў яму: Так як на разбойніка выйшлі вы з мячамі і кіямі злавіць мяне?

49 Штодня быў я ў вас у сьвятыні вучачы, і вы ня ўзялі мяне. Але каб споўніліся Пісаньні.

50 Тады вучні ягоны, пакінуўшы яго, усе паўцекалі.

51 Нейкі-ж дзяцюк ішоў за ім, накінуўшы пасьцілку на голае цела і ўзялі яго,

52 але ён, пакінуўшы пасьцілку, голы ўцёк ад іх.

53 І прывялі Езуса да архісьвятара, і зыйшліся ўсе сьвятары і кніжнікі і старшыя.

54 Пётр-жа здалёку ішоў за ім аж у сярэдзіну ў двор архісьвятара, і сядзеў з слугамі каля агню і грэўся.

55 А архісьвятары і ўся Рада шукалі прціў Езуса пасьведчаньня, каб яго выдаць на сьмерць, і не знаходзілі.

56 Бо многія казалі фальшывае пасьведчаньне проціў яго, але ня былі згодныя пасьведчаньнямі

57 А некаторыя ўстаўшы, фальшыва сьведчылі проціў яго, кажучы:

58 Што мы чулі, як ён казаў: “Я развалю гэтую сьвятыню, збудаваную рукою, і за тры дні іншую, незбудаваную рукою, пастаўлю”.

59 І ня было згоднае іх пасьведчаньне.

60 І ўстаўшы архісьвятар пасярэдзіне, спытўся ў Езуса, кажучы: Не адказваеш нічога на тое, што табе гэтыя закідаюць?

61 Але ён маўчаў і нічога не адказваў. Ізноў архісьвятар спытаўся ў яго і сказаў яму: Ці Ты ёсьць Хрыстус, Сын Бога багаслаўленага?

62 Езус-жа сказаў яму: Я ёсьць, і ўбачыце Сына чалавечага, сядзячага праваруч моцы Божай і прыходзячага з воблакамі нябеснымі.

63 А архісьвятар, разрываючы адзеньне сваё, сказаў: Што-ж, нам яшчэ патрэбны сьведкі?

64 Вы чулі блюзьнерства; што вам здаецца? Яны ўсе асудзілі, што ён падлеглы сьмерці.

65 І пачалі некаторыя пляваць на яго, і закрываць твар ягоны, і біць яго кулакамі, і казаць яму: Прароч! А слугі білі яго па шчоках.

66 І калі Пётр быў унізе на дварэ, прыйшла адна з служак архісьвятара,

67 і калі ўбачыла, што Пётр грэецца, глянуўшы на яго, сказала: І ты быў з Езусам Назарэнскім.

68 Але ён адрокся, кажучы: І ня ведаю, і не разумею, што ты гаворыш. І выйшаў вон прад сені, і запяяў певень.

69 Ізноў-жа як убачыла яго служка, пачала казаць тым, што навакол стаялі: Што гэты ёсьць з іх.

70 Але ён другі раз адрокся. І крыху потым тыя, што там стаялі, ізноў сказалі Пятру: Сапраўды ты з іх, бо ты і Галілеец.

71 Але ён пачаў клясьціся і прысягаць: Што ня знаю гэтага чалавека, аб каторым вы гаворыце.

72 І зараз запяяў певень другі раз. І ўспомніў Пётр слова, якое сказаў яму Езус: Перш чым певень два разы запяе, ты тры разы ад мяне адрачэсься. І пачаў плакаць.

15 Разьдзел.

1 І зараз нараніцы, зрабіўшы нараду, архісьвятары з старшымі і кніжнікамі і ўсей Радай, зьвязаўшы Езуса, павялі і перадалі Пілату.

2 І спытаўся ў яго Пілат: Ты ёсьць кароль Юдэйскі? Ён-жа адказваючы сказаў яму: Ты кажаш.

3 І вінавацілі яго архісьвятары ў многім.

4 Пілат-жа ізноў спытаўся ў яго, кажучы: Не адказваеш нічога? Глядзі, у якіх вялікіх справах цябе вінавацяць!

5 Езус-жа болей не адказаў нічога, так што дзівіўся Пілат.

6 А на дзень сьвяточны меў звычай выпушчаць ім аднаго з вязьняў, каго-б загадалі.

7 Быў-жа, каторы называўся Барабба, каторы з бунтаўнікамі быў у вязьніцы, каторы ў бунце ўчыніў забойства.

8 І калі прыйшла грамада, пачала прасіць, каб учыніў ім, як заўсёды.

9 Пілат-жа адказаў ім і сказаў: Хочаце, выпушчу вам караля Юдэйскага?

10 Бо ведаў, што архісьвятары выдалі яго дзеля завісьці.

11 Але архісьвятары падбурылі грамаду, каб лепш пусьціў ім Бараббу.

12 Пілат-жа адказваючы ізноў сказаў ім: Што-ж хочаце, каб я зрабіў каралю Юдэйскаму?

13 А яны ізноў закрычылі: Укрыжуй яго!

14 Пілат-жа сказаў ім: Што-ж ён зрабіў благое? Але яны тым болей крычалі: Укрыжуй яго!

15 І Пілат, хочучы дагадзіць народу, пусьціў ім Бараббу, а Езуса ўбічаванага аддаў, каб быў укрыжаваны.

16 А жаўнеры завялі яго ў дварышча суду і сабралі ўсю роту.

17 І апранулі яго ў пурпур, і сплёўшы цярновы вянок узлажылі на яго.

18 І пачалі вітаць яго: Будзь прывітаны, кароль Юдэйскі!

19 І білі яго па галаве трысьцінаю, і плявалі на яго, і станавячыся на калені, кланяліся яму.

20 І калі насьмяяліся з яго, зьнялі з яго пурпур і апранулі яго ў ягонае адзеньне і вывелі яго, каб яго ўкрыжаваць.

21 І прымусілі нейкага праходзячага міма, Сымона Кірэнэйца, які ішоў з вёскі, бацьку Александра і Руфа, каб нёс крыж ягоны.

22 І прывялі яго на месца Голгота, што значыць месца Трупнога Чэрапу.

23 І давалі яму піць віно зьмяшанае з міррай, але ён ня прыняў.

24 І ўкрыжаваўшы яго, падзялілі адзеньне ягонае, кідаючы жэраб над ім, хто што меў узяць.

25 Была-ж трэцяя гадзіна; і ўкрыжавалі яго.

26 І быў надпіс віны яго напісаны: Кароль Юдэйскі.

27 І з ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго па правай, а другога па левай руцэ яго.

28 І споўнілася Пісаньне, каторае кажа: “І з злачынцамі ён палічаны” (Із. 53, 12).

29 А праходзячыя міма блюзьнілі яму, ківаючы галавамі сваімі і кажучы: Во, што развальваеш сьвятыню Божую і ў тры дні адбудоўваеш,

30 ратуй самога сябе, зыходзячы з крыжа.

31 Таксама і архісьвятары, насьміхаючыся, адзін да другога з кніжнікамі гаварылі: Другіх ратаваў, а сябе самога ня можа паратаваць.

32 Няхай-жа цяпер Хрыстус, кароль Ізраільскі, зыйдзе з крыжа, каб мы бачылі і паверылі. І тыя, што былі з ім укрыжаваныя, наругаліся з яго.

33 І калі настала шостая гадзіна, зрабілася цемра па ўсей зямлі аж да гадзіны дзевятай.

34 А ў дзевятай гадзіне закрычаў Езус вялікім голасам, кажучы: “Елоі, Елоі, ламма сабахтані”? што значыць: Божа мой, Божа мой, чаму-ж Ты мяне пакінуў?

35 А некаторыя з тых, што стаялі навакол, чуючы гаварылі: Вось Гальяша кліча.

36 Адзін-жа, пабегшы і напоўніўшы губку воцтам і насадзіўшы на трысьціну, даваў яму піць, кажучы: Чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Гальяш, каб зьняць яго.

37 Езус-жа, закрычаўшы вялікім голасам, сканаў.

38 І заслона сьвятыні разьдзёрлася надвое ад верху аж да нізу.

39 А сотнік, каторы стаяў напроціў, бачачы, што гэтак крычачы, сканаў, сказаў: Сапраўды гэты чалавек быў Сынам Божым.

40 Былі-ж і жанчыны, углядаючыся здалёку, паміж каторымі была Марыя Магдалена, і Марыя, матка Якуба Малодшага і Язэпа, і Саламея;

41 і калі быў у Галілеі, хадзілі за ім і служылі яму, і многа іншых, каторыя разам з ім былі прыйшоўшы у Ерузалім.

42 І калі ўжо настаў вечар, (бо быў дзень Прыгатаўленьня, які бывае перад суботай),

43 прыйшоў Язэп з Арыматэі, выдатны радны, каторы і сам чакаў каралеўства Божага, і сьмела ўвайшоў да Пілата, і прасіў цела Езуса,

44 а Пілат зьдзівіўся, ці ўжо памёр. І клікнуўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці ўжо памёр.

45 І калі даведаўся ад сотніка, дараваў цела Язэпу.

46 Язэп-жа, купіўшы палатно і зьняўшы яго, завярцеў у палатно і палажыў яго ў гробе, які быў высечаны з скалы, і прываліў камень да ўваходу ў гроб.

47 Марыя Магдалена і Марыя Язэпава глядзелі, дзе яго палажылі.

16 Разьдзел.

1 І калі прайшла субота, Марыя Магдалена і Марыя Якубава і Саламея купілі пахнідлаў, каб пайшоўшы намасьціць Езуса.

2 І вельмі рана ў першы дзень тыдня прыйшлі да гробу ўжо па ўсходзе сонца.

3 І гаварылі паміж сабою: Хто нам адваліць камень ад уваходу ў гроб?

4 І глянуўшы, убачылі адвалены камень; бо быў ён надта вялікі.

5 І ўвайшоўшы ў гроб, увідзелі маладзяна, сядзячага па правай старане, адзетага ў белую вопратку і астаўпянелі.

6 Ён сказаў ім: Ня бойцеся. Вы шукаеце Езуса Назарэнскага, укрыжаванага; ён ускрос, няма яго тут. Вось мейсца, дзе яго палажылі!

7 Але ідзеце, скажэце вучням ягоным і Пятру, што ідзе перад вамі ў Галілею; там яго ўбачыце, як сказаў вам.

8 Яны-ж выйшаўшы, уцяклі ад гробу, бо напала на іх дрыжаньне і страх; і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.

9 А ўскросшы рана ў першы дзень тыдня, зьявіўся сьпярша Марыі Магдалене, з каторай выгнаў сем д’яблаў.

10 Яна пайшоўшы, паведаміла тых, што з ім былі, сумных і плачучых.

11 Яны-ж, пачуўшы, што жыве і быў бачаны ёю, не паверылі.

12 Пасьля-ж гэтага паказаўся ў іншым выглядзе двум з іх ідучым, калі яны ішлі ў сяло.

13 А яны, прыйшоўшы, паведамілі другіх, і ім не паверылі.

14 Урэшце, зьявіўся гэным адзінаццацём, як сядзелі за сталом і выгаварваў недаверства іх і закамянеласьць сэрца, што ня верылі тым, каторыя відзелі яго ўскросшым.

15 І сказаў ім: Ідучы на ўвесь сьвет абвяшчайце эванэлію ўсяму стварэньню.

16 Хто ўверыць і ахрысьціцца, будзе збаўлены, а хто ня ўверыць, будзе асуджаны.

17 А за тымі, што ўвераць, будуць ісьці такія знакі: У імя маё будуць выганяць д’яблаў, будуць гаварыць новымі мовамі:

18 вужоў будуць браць і хоць-бы што сьмяротнае пілі, не пашкодзіць ім; на хворых рукі ўзложаць, і будуць мецца добра.

19 А Пан Езус, пасьля таго як гаварыў да іх, узяты ёсьць у неба і сядзіць праваруч Бога.

20 Яны-ж пайшоўшы абвяшчалі ўсюды, а Пан памагаў і ўцьвярджаў мову знакамі, якія ішлі ўсьлед за імі.