АПОСТАЛЬСКІЯ ДЗЕІ

1 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Першую-то мову я ўчыніў, Тэафілю, аб усім, што Езус пачаў чыніць і навучаць

2 аж да дня, у каторым загадаўшы апосталам праз Духа сьвятога, каторых выбраў, быў узяты;

3 дый каторым пасьля сваей мукі прадставіў сябе самога жывым у многіх доказах, праз сорак дзён зьяўляючыся ім і гаворачы аб каралеўстве Божым.

4 І з імі ядучы, загадаў ім, каб не адыходзілі з Ерузаліму, але чакалі на абяцаньне Айца, якое, кажа, вы чулі з маіх вуснаў.

5 Бо Ян то хрысьціў вадою, а вы будзеце ахрышчаны Духам сьвятым па нямногіх гэтых днях.

6 Дык тыя, што былі зыйшоўшыся, пыталіся ў яго, кажучы: Пане, ці ў гэтым часе адбудуеш каралеўства Ізраілю?

7 Ён-жа сказаў ім: Ня вам ведаць часы або хвіліны, якія Айцец пастанавіў у сваей уладзе.

8 Але вы атрымаеце моц зыходзячага на вас Духа сьвятога, і будзеце мне сьведкамі ў Ерузаліме, і ва ўсей Юдэі, і Самарыі, і аж па край зямлі.

9 І сказаўшы гэтае, калі яны глядзелі, ён быў узьнесены і воблак узяў яго з вачэй іх.

10 Калі-ж яны ўглядаліся на яго, ідучага ў неба, вось два мужы сталі каля іх у белых вопратках,

11 якія і сказалі: Мужы галілейскія, што вы стаіцё, углядаючыся ў неба? Гэты Езус, каторы ёсьць узяты ад вас у неба, так прыйдзе, як вы яго відзелі ідучага ў неба.

12 Тады вярнуліся ў Ерузалім з гары, якая завецца Аліўная, якая ёсьць блізка Ерузаліму, маючая суботнюю дарогу.

13 І ўвайшоўшы ўзыйшлі ў сьвятліцу, дзе прабывалі Пётр і Ян, Якуб і Андрэй, Філіп і Тамаш, Баўтрамей і Матэуш, Якуб Альфэяў і Сымон Зэлот і Юда Якубаў.

14 Гэтыя ўсе былі трываючы аднадушна на малітве з жанчынамі і з Марыяй, маткай Езуса, і з братамі яго.

15 У гэныя дні ўстаўшы Пётр пасярод братоў, сказаў – а была грамада людзей разам каля ста дваццацёх:

16 – Мужы браты, трэба, каб споўнілася Пісаньне, якое прадказаў Дух сьвяты праз вусны Давіда аб Юдашу, каторы быў павадыром тых, што ўзялі Езуса.

17 Ён быў палічаны з намі і дастаў частку гэтага служэньня.

18 І гэты-то атрымаў поле заплаты нягоднасьці, і павесіўшыся, лопнуў папалам і выплылі ўсе ягоныя чэравы.

19 І сталася ведамым для ўсіх жывучых у Ерузаліме, так што было названа гэнае поле ў іхнай мове: Гакэльдама, што значыць Поле Крыві.

20 Бо ёсьць напісана ў кнізе псальмаў (68,26): “Памешканьне іх няхай станецца пустым, і няхай ня будзе хто-б жыў у ім” і “Бісупства ягонае няхай возьме другі” (пс.108,8).

21 Дык трэба з гэтых мужоў, якія зьбіраліся з намі праз увесь час, у каторы Пан Езус увайшоў і выйшаў паміж нас,

22 пачаўшы ад Янавага хросту аж да дня, у каторым быў узяты ад нас, каб адзін з гэтых быў з намі сьведкай ягонага ўскрасеньня.

23 І паставілі двух: Язэпа, каторы зваўся Барсаба і каторы быў празываны Справядлівым, і Мацея.

24 І молячыся, казалі: Ты Пане, што знаеш сэрцы ўсіх, пакажы, каторага Ты выбраў з гэтых двух аднаго,

25 каб ён атрымаў месца служэньня гэтага і апостальства, ад якога адпаў Юдаш, каб адыйсьці на сваё месца.

26 І далі ім лёсы, і выпаў лёс на Мацея, і быў далічаны да адзінаццаці апосталаў.

2 РАЗЬДЗЕЛ.

1 І калі спаўняліся дні Сёмухі, былі яны ўсе разам на тым-жа месцы.

2 І стаўся раптам з неба шум, як-бы надыходзячага сільнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.

3 І паказаліся ім паразьдзяляныя языкі як-бы агню, і сеў на кожным адным з іх.

4 І былі напоўнены ўсе Духам сьвятым, і пачалі гаварыць рознымі мовамі, так як Дух сьвяты даваў ім вымаўляць.

5 Былі-ж у Ерузаліме прабываючыя жыды, мужы набожныя, з усякага народу, што ёсьць пад небам.

6 Калі-ж стаўся гэты голас, зьбеглася мноства і ўстрывожылася ў мысьлі, бо кожны чуў іх гаворачых сваей мовай.

7 Астаўпянелі-ж усе і дзівіліся, кажучы: Ці-ж вось гэтыя ўсе, што гавораць, ня ёсьць галілеяне?

8 І як-жа мы кожны чулі сваю мову, у якой нарадзіліся?

9 Парты і мэды, і эламіты, і жыхары Мэзапотаміі, Юдэі і Кападоцыі, Понту і Азіі,

10 Фрыгіі і Памфіліі, Эгіпту і старон Лібіі, каторая ёсьць каля Цырэны, і прыходжыя рымскія,

11 жыды і наверненыя, крыцяне і арабы, мы чулі іх гаворачымі нашымі мовамі вялікасьці Божыя.

12 І стаўпянелі ўсе і дзівіліся, кажучы адзін да другога: што гэта мае быць?

13 А іншыя, насьмяхаючыся, казалі: што яны напіліся маладога віна.

14 Стаўшы-ж Пётр з адзінаццацьма падняў голас свой і гаварыў ім: Мужы жыдоўскія і ўсе, што жывецё ў Ерузаліме, гэта няхай будзе вам ведама і прыймеце да вушэй словы мае.

15 Бо ня ёсьць гэтыя п’яныя, як вы думаеце, бо ёсьць трэцяя гадзіна дня; але ёсьць тое, што сказана праз прарока Ёэля (2,28 –32):

17 “І будзе ў апошнія дні (кажа Пан) вылю з Духа майго на ўсякае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя, а маладзяны вашыя будуць бачыць зьявы, а старцы вашыя сны будуць сьніць.

18 І на слуг-то маіх і на служкі мае ў гэныя дні вылю з Духа майго і будуць прарочыць.

19 І дам цуды на небе ўгары і знакі на зямлі ўнізе; кроў і агонь і курава дыму.

20 Сонца абернецца ў цемру і месяц у кроў, перш чым прыйдзе дзень Пана вялікі і яўны.

21 І будзе: усякі хто-толькі прызаве імя Пана, збаўлены будзе”.

22 Мужы ізраільскія, паслухайце слоў гэтых! Езуса Назарэнскага, мужа пацьверджанага між вамі ад Бога моцамі і цудамі і знакамі, якія ўчыніў Бог праз яго пасярод вас, як і вы ведаеце,

23 гэтага азначанай радай і празорам Божым выданага, вы рукамі нягодных замучыўшы загубілі.

24 Яго ўскрасіў Бог, разьвязаўшы болі пекла, дзеля таго што немагчыма было яму ўдзяржаць яго.

25 Бо Давід кажа аб ім: “Відзеў я Пана прад вачамі маімі заўсёды, бо ён праваруч мяне, каб я не захістаўся.

26 Дзеля гэтага ўзрадавалася сэрца маё і разьвесяліўся язык мой; дагэтага і цела маё супачыне ў надзеі.

27 Бо не пакінеш душы маей у пекле, і не дасі сьвятому твайму ўбачыць гніцьця.

28 Учыніў ты мне ведамымі дарогі жыцьця і напоўніш мяне радасьцяй перад воблікам тваім” (Пс.15,8–11).

29 Мужы браты, няхай-жа можна будзе сьмела сказаць да вас аб патрыярху Давідзе, што ён памёр і пахаваны, і гроб ягоны ёсьць у нас аж па сяньняшні дзень.

30 Дык ён, будучы прарокам і ведаючы, што яму Бог прысягай прысягнуў, што з плоду паясьніцы ягонай будзе сядзець на пасадзе яго,

31 прадбачыўшы сказаў аб ускрасеньні Хрыста, што ён ані пакінены ёсьць у пекле, ані цела ягонае ня бачыла гніцьця.

32 Гэтага Езуса ўскрасіў Бог, чаго мы ўсе ёсьць сьведкі.

33 Дык узвышаны правіцаю Божаю і атрымаўшы ад Айца абяцаньне Духа сьвятога, ён выліў таго, каго вы бачыце і чуеце.

34 Бо Давід ня ўзыйшоў у неба, але сам кажа: “Сказаў Пан Пану майму, сядзь праваруч мяне,

35 пакуль палажу ворагаў тваіх падножжам ног тваіх” (Пс.109,1).

36 Дык няхай напэўна ведае ўвесь дом Ізраіля, што Бог учыніў яго і Панам і Хрыстом, гэтага Езуса, каторага вы ўкрыжавалі.

37 Пачуўшы-ж гэтае, скрышыліся сэрцам і сказалі да Пятра і да іншых апосталаў: што нам рабіць, мужы браты?

38 А Пётр да іх: Пакутуйце (кажа) і няхай кожны з вас ахрысьціцца ў імя Езуса Хрыста на адпушчэньне грахоў вашых, і вы атрымаеце дар Духа сьвятога.

39 Бо для вас ёсьць абяцаньне і для дзяцей вашых, і для ўсіх, хто ёсьць далёка, каго-толькі пакліча Пан Бог наш.

40 Яшчэ многімі іншымі славамі сьведчыў і напамінаў іх, кажучы: Ратуйцеся ад гэтага нягоднага роду.

41 Дык тыя, што прынялі мову яго, былі ахрышчаны. І далучылася ў той дзень каля трох тысяч душ.

42 І трывалі ў навуцы апосталаў і ў супольніцтве ламаньня хлеба і ў малітвах.

43 І быў у кожнай душы страх; многа так-жа цудаў і знакаў дзеялася праз апосталаў у Ерузаліме, і вялікая баязьнь была ва ўсіх.

44 Так-жа ўсе, што верылі, былі разам і мелі ўсё супольнае.

45 Маемасьць і дабро прадавалі і дзялілі іх усім, як кожнаму трэба было.

46 Штодня так-жа аднадушна трываючы ў сьвятыні; і ламаючы хлеб па дамох, спажывлі ежу з радасьцяй і прастатой сэрца,

47 хвалячы Бога і маючы ласку ў усяго народу. Пан-жа штодня дабаўляў да супольнасьці тых, што мелі быць збаўлены.

3 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Пётр-жа і Ян ішлі на гадзіну ў сьвятыню дзевятаю малітвы.

2 І нясьлі аднаго чалавека, каторы быў кульгавы з лона маткі сваей; яго штодня клалі каля сьвятыні брамы, што завецца Прыгожай, каб прасіў дарэньня ад уваходзячых у сьвятыню.

3 Той, як убачыў Пятра і Яна, пачынаючых уваходзіць у сьвятыню, прасіў, каб атрымаць дарэньне.

4 А ўглядаючыся на яго Пётр з Янам, сказаў: Паглянь на нас.

5 Ён-жа ўзіраўся на іх, спадзяючыся нешта ад іх атрымаць.

6 А Пётр сказаў: Серабра і золата ў мяне няма, але што маю, тое табе даю: У імя Езуса Хрыста Назарэнскага ўстань і хадзі.

7 І ўзяўшы яго за правую руку, падняў яго, і зараз-жа акрэплі ногі і ступені ягоны.

8 І ўскочыўшы стаў і хадзіў; і ўвайшоў з імі ў сьвятыню, ходзячы і падскаківаючы і хвалячы Бога.

9 І відзеў яго ўвесь народ ходзячага і хвалячага Бога.

10 І пазнавалі яго, што гэта быў той, каторы дзеля дарэньня садзіўся каля Прыгожай брамы сьвятыні; і былі напоўнены здумленьнем і захопленьнем дзеля таго, што было яму сталася.

11 А калі ён дзяражаўся Пятра і Яна, зьбегся да іх увесь народ у прысенак, што завецца Саламонавым, здумлеваючыся.

12 А відзячы Пётр адазваўся да народу: Мужы Ізраільскія, што вы дзівіцёся з гэтага, або што вы ўгледаецеся на нас, быццам мы нашай моцай або ўладай зрабілі, што гэты ходзіць?

13 Бог Абрагама і Бог Ізаака і Бог Якуба, Бог айцоў нашых уславіў Сына свайго Езуса, каторага вы-то выдаля і адракліся перад Пілатам; калі той судзіў, каб быў звольнены.

14 Вы-ж адракліся ад сьвятога і справядлівага, і прасілі, каб вам падарыў мужа забойцу,

15 а спраўцу жыцьця вы забілі; каторага Бог падняў з умерлых, чаго мы ёсьць сьведкі.

16 І дзеля веры ў імя яго ўзмацавала імя ягонае гэтага, каторага вы бачыце і знаеце, і вера, каторая праз яго ёсьць, дала поўнае гэтае аздараўленьне на вачах вас усіх.

17 А цяпер, браты, ведаю, што зрабілі вы праз нясьведамасьць, так як і вашыя старшыя.

18 Бог-жа гэтак споўніў тое, што прадказаў праз вусны ўсіх прарокаў, што Хрыстус ягоны мае цярпець.

19 Дык пакутуйце і навярнецеся, каб былі зьніштожаны грахі вашы,

20 каб, калі прыйдуць часы ахалоды ад вобліку Пана, ды ён паслаў таго, каторы ёсьць абвешчаны вам, Езуса Хрыста.

21 Яго-то трэба, каб прыняло неба аж да часаў направы ўсяго, аб чым гаварыў Бог праз вусны сваіх сьвятых ад веку прарокаў.

22 Майсей-то сказаў: “што прарока падыйме вам Пан Бог ваш з братоў вашых, так як мяне; яго будзеце слухаць ва ўсім, што-колечы будзе вам гаварыць (Дл.18,15,18).

23 І будзе, што ўсякая душа, якая не паслухае гэнага прарока, будзе выкаранена з народу” (Лев.23,29).

24 І ўсе прарокі ад Самуэля і потым, каторыя гаварылі, абвяшчалі гэтыя дні.

25 Вы ёсьць сыны прарокаў і ўмовы, якую ўстанавіў Бог з нашымі айцамі, кажучы да Абрагама: “І ў патомстве тваім будуць багаслаўлены ўсе народы зямлі” (Ген.22,18).

26 Вам найперш Бог, падняўшы Сына свайго, паслаў багаславіць вам, каб кожны навярнуўся ад нягоднасьці сваей.

4 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Калі-ж яны гаварылі да народу, надыйшлі сьвятары і начальнік сьвятыні і садукеі,

2 абураныя, што яны вучылі народ і абвяшчалі ў Езусе ўскрасеньне з умерлых.

3 І налажылі на іх рукі і пасадзілі іх у вастрог да заўтра, бо быў ужо вечар.

4 Многія-ж з тых, што слухалі слова, уверылі; і было лікам мужоў пяць тысяч.

5 І сталася назаўтра, што сабраліся павадары іх і старшыя і кніжнікі ў Ерузалім,

6 і Аннаш, архісьвятар, і Каіфаш, і Ян, і Аляксандар, і сколькі іх было з сьвятарскага роду.

7 І паставіўшы іх пасярэдзіне, пыталі: Якою моцай ці якім імянем вы гэтае ўчынілі?

8 Тады Пётр, напоўнены Духам сьвятым, сказаў да іх: Павадыры народу і старшыя, слухайце!

9 Калі мы сягоньні ёсьць суджаны за дабрадзейства для нядужага чалавека, праз якое гэты быў аздароўлены,

10 няхай будзе ведама вам усім і ўсяму народу Ізраільскаму, што іменем Пана нашага Езуса Хрыста Назарэнскага, каторага вы ўкрыжавалі, каторага Бог падняў з умерлых, праз яго гэты стаіць здаровы перад вамі.

11 Гэта камень адкінуты вамі будаўнічымі, каторы стаўся галавою вугла (Пс.117,22),

12 і няма ў нікім іншым збаўленьня. Бо няма іншага імені пад небам, дадзенага людзям, у якім трэба было-б нам збаўляцца.

13 Бачучы-ж стойкасьць Пятра і Яна, зразумеўшы, што яны людзі без навукі і простыя, дзівіліся; і пазналі іх, што былі з Езусам.

14 Бачучы так-жа чалавека, стаячага з імі, каторы быў аздароўлены, нічога не маглі сказаць проціў.

15 І загадалі ім выйсьці проч з Рады і нараджаліся паміж сабою,

16 кажучы: што нам рабіць з гэтымі людзьмі? Бо-ж ведамы цуд учынены ёсьць праз іх, яўны для ўсіх жывучых у Ерузаліме, і мы ня можам запярэчыць.

17 Але каб болей не разыходзілася ў народзе, пагрозім ім, каб болей не гаварылі ў гэтае імя нікому з людзей.

18 І паклікаўшы іх, загадалі, каб яны зусім не гаварылі і не навучалі ў імя Езуса.

19 Пётр-жа і Ян адказваючы сказалі да іх: Ці справядліва гэта перад вачамі Бога вас болей слухаць, чым Бога, разсудзеце.

20 Бо мы ня можам не гаварыць, што мы бачылі і чулі.

21 Яны-ж пагразіўшы пусьцілі іх, не знаходзячы, як-бы пакараць іх, дзеля народу, бо ўсе славілі тое, што было сталася ў гэтым здарэньні.

22 Гадоў-жа было болей сарака чалавеку, з каторым стаўся гэты цуд аздараўленьня.

23 Калі-ж іх пусьцілі, яны прыйшлі да сваіх і абвясьцілі, што да іх гаварылі архісьвятары і старшыя.

24 Яны пачуўшы, аднадушна паднялі голас да Бога і казалі: Пане, гэта Ты, каторы стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх ёсьць;

25 каторы Духам сьвятым праз вусны айца нашага Давіда, слугі твайго, сказаў: чаму ўзбурыліся пагане і народы памышлялі пустое?

26 Паўсталі валадары зямлі і павадыры зыйшліся ў вадно проціў Пана і проціў Хрыстуса ягонага”? (Пс.2,1–2).

27 Бо сапраўды зыйшліся ў гэтым горадзе проціў сьвятога Сына твайго Езуса, каторага Ты намасьціў, Гэрад і Понцый Пілат з паганамі і народамі Ізраіля,

28 каб учыніць тое, што рука твая і рада твая пастанавілі, каб сталася.

29 А цяпер, Пане, узглянь на пагрозы іх і дай слугам тваім з усей адвагай гаварыць слова тваё,

30 праз тое, што працягнеш руку тваю на аздараўленьні, і каб знакі і цуды дзеяліся праз імя сьвятога Сына твайго, Езуса.

31 І калі яны маліліся, задрыжала месца, на якім яны былі сабраўшыся; і напоўнеы былі ўсе Духам сьвятым, і гаварылі слова Божае з адвагай.

32 А ў мноства веручых было адно сэрца і адна душа; і ніхто з таго, што меў, нічога не называў сваім, але было ў іх усё супольнае.

33 І з вялікай моцай давалі апосталы пасьведчаньне аб ускрасеньні Езуса Хрыста, Пана нашага; і вялікая ласка была ва ўсіх іх.

34 І ня было паміж імі нікога церпячага недастатак, бо каторыя толькі-мелі палі або дамы, прадаўшы, прыносілі заплату за тое, што прадавалі

35 і клалі ля ног апосталаў. А дзялілася кажнаму, як яму трэба было.

36 І Язэп, названы апосталамі Барнаба (што значыць: Сын пацяшэньня), левіт, родам з Цыпру,

37 маючы поле, прадаў яго і прынёс заплату і палажыў ля ног апосталаў.

5 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Адзін-жа муж, на імя Ананій, з жонкай сваею Сафірай, прадаў поле,

2 і адлажыў з заплаты за поле, з ведама сваей жонкі, і прынёсшы нейкую часьць, палажыў ля ног апосталаў.

3 І сказаў Пётр: Ананій, чаму д’ябал скусіў тваё сэрца, каб ты лгаў Духу сьвятому і адлажыў з заплаты за поле?

4 Ці-ж астаючыся яно не пры табе аставалася, а прададзенае ці-ж ня ў тваей было моцы? Чаму-ж ты пастанавіў у сэрцы сваім гэтую рэч? Ты не салгаў людзям, але Богу.

5 А пачуўшы гэтыя словы, Ананій упаў і сканаў. І зьняў вялікі страх усіх, каторыя чулі.

6 А ўстаўшы, дзяцюкі прынялі яго і вынесшы, пахавалі.

7 Прайшло-ж каля трох гадзін часу, і жонка ягона, ня ведаючы, што стала, увайшла.

8 І сказаў ей Пётр: Скажы мне жанчына, ці вы за столькі прадалі поле? Яна-ж сказала: Так за столькі.

9 Пётр-жа да яе: што гэта вы змовіліся, каб спакушваць Духа Панскага? Вось ногі тых, што пахавалі твайго мужа, ля дзьвярэй, і цябе вынясуць.

10 Яна зараз-жа ўпала ля ног ягоных і сканала. Увайшоўшы-ж дзяцюкі, знайшлі яе памёршаю і вынесьлі і пахавалі каля яе мужа.

11 І зьняў вялікі страх увесь касьцёл і ўсіх, што чулі аб гэтым.

12 Праз рукі-ж апосталаў дзеяліся многія знакі і цуды ў народзе. І былі ўсе аднадушна ў прысенку Саламона,

13 а з іншых ніхто не адважаваўся да іх далучыцца; але народ іх славіў

14 і болей павялічвалася мноства мужоў і жанок, веручых у Пану,

15 так што на вуліцы выносілі хворых і клалі на ложах і насілках, каб пры праходзе Пятра прынамся цень ягоны ацяніў каго-колечы з іх і каб былі звольнены ад сваіх хваробаў.

16 Зьбіралася-ж так-жа мноства з суседніх гарадоў да Ерузаліму, прыносячы хворых і мучаных духамі нячыстымі; усе яны былі аздароўлены.

17 І паўстаўшы архісьвятар і ўсе, што з ім былі (гэта ёсьць гэрэзыя садукеяў), былі напоўнены зайздрасьцяй,

18 і налажылі рукі на апосталаў і пасадзілі іх у вагульны вастрог.

19 Але анел Панскі, уначы адчыніўшы дзьверы вастрогу і вывеўшы іх, сказаў:

20 Ідзеце, і стаўшы гаварэце народу ў сьвятыні ўсе словы гэтага жыцьця.

21 Яны, пачуўшы, увайшлі нараніцы ў сьвятыню і навучалі. А прыйшоўшы архісьвятар і тыя, што з ім былі, склікалі Раду і ўсіх старшых з сыноў Ізраіля, і паслалі ў вастрог, каб іх прывесьці.

22 Калі-ж прыйшлі слугі, і адчыніўшы вастрог, не знайшлі іх, вярнуўшыся, абвесьцілі,

23 кажучы: Вастрог-то мы знайшлі замкнёны з усей стараннасьцяй, і стражнікаў стаячых перад дзьвярамі, але адчыніўшы, мы ўнутры нікога не знайшлі.

24 Калі-ж пачулі гэтыя словы, начальнік сьвятыні і архісьвятары сумневаліся аб іх, што-б гэта сталася?

25 Прыйшоўшы-ж нехта, сказаў ім: што вось мужы, каторых вы пасадзілі ў вастрог, ёсьць у сьвятыні, стаяць і вучаць народ.

26 Тады пайшоў начальнік з слугамі і прывёў іх бяз гвалту, бо баяліся народу, каб не закаменаваў іх.

27 І прывёўшы іх, паставілі перад Радай. І спытаўся ў іх архісьвятар,

28 кажучы: Мы вам забаронай забаранілі, каб вы ня вучылі ў гэтае імя, а вы вось напоўнілі Ерузалім вашаю навукаю і хочаце на нас узьвесьці кроў гэтага чалавека.

29 Адказваючы-ж Пётр і апосталы сказалі: Болей трэба слухаць Бога, чым людзей.

30 Бог айцоў нашых падняў Езуса, каторага вы забілі, павесіўшы на дрэве.

31 Гэтага павадыра і збаўцу ўзвысіў Бог правіцаю сваею, каб даць пакутаваньне Ізраілю і адпушчэньне грахоў.

32 І мы ёсьць сьведкі гэтых слоў і Дух сьвяты, каторага даў Бог усім паслушным яму.

33 Пачуўшы гэтае надрываліся і думалі іх забіць.

34 Устаўшы-ж у Радзе адзін фарызэй, на імя Гамаліель, вучыцель закону, паважаны ўсім народам, загадаў людзям накоратка выйсьці

35 і сказаў да іх: Мужы ізраільскія, уважайце на сябе адносна гэтых людзей, што маеце рабіць.

36 Бо прад гэтымі днямі паўстаў Тэод, кажучы, што ён ёсьць нехта; да яго прыстала лікам каля чатырохсот мужоў; ён быў забіты і ўсе, што верылі яму, былі разсеены і абернуты ў нішто.

37 Пасьля гэтага паўстаў Юда Галілеец у дні перапісу і пацягнуў за сабою народ; і ён загінуў, і ўсе, каторыя – толькі прысталі да яго, разсыпаліся.

38 Дык і цяпер кажу вам, адступеце ад гэтых людзей і пакіньце іх. Бо калі гэта рада ці справа ад людзей, яна раскідаецца;

39 але калі яна з Бога, ня зможаце яе раскінуць, каб часам вам ня прыйшлося змагацца і з Богам. І згадзіліся з ім.

40 І паклікаўшы апосталаў, набіўшы іх, загадалі, каб яны зусім не гаварылі ў імя Езуса, і пусьцілі іх.

41 А яны ішлі ад вобліку Рады, цешачыся, што сталіся годнымі цярпець зьнявагу за імя Езус.

42 І не пераставалі кожны дзень у сьвятыні і па дамох навучаць і апавяшчаць Езуса Хрыста.

6 РАЗЬДЗЕЛ.

1 У гэныя-ж дні, калі ўзрастаў лік вучняў, паднялося нараканьне грэкаў проціў жыдоў, таму што ў штодзённым паслугаваньні былі крыўджаныя іхныя ўдовы.

2 Дык дванаццацёх, склікаўшы грамаду вучняў, сказалі: Гэта ня добра, каб мы пакідалі слова Божае, а служылі для сталоў.

3 Дык нагледзьце, браты, спасярод вас, сем мужоў з добрым пасьведчаньнем, поўных Духа сьвятога і мудрасьці, каторых-бы нам паставіць над гэтай справай.

4 А мы будзем пільнавацца малітвы і паслугаваньня слова.

5 І спадабалася мова перад усей грамадой. І выбралі Сьцяпана, мужа поўнага веры і Духа сьвятога, і Філіпа, і Прахора, і Ніканора, і Тымона, і Пармэна і Мікалая Антыохійца, прозэліта.

6 Гэты паставілі перад воблікам апосталаў і памаліўшыся, узлажылі на іх рукі.

7 А слова Пана расло, і лік вучняў у Ерузаліме множыўся вельмі; вялікая так-жа грамада сьвятараў была паслушна веры.

8 Сьцяпан-жа, поўны ласкі і моцы, чыніў цуды і вялікія знакі ў народзе.

9 І паўсталі некаторыя з бажніцы, якая завецца лібэртынаў і Цырэнэяў, і Александрыйцаў, і тых, што былі з Цыліцыі і з Азіі, спрачаючыся з Сьцяпанам.

10 І не маглі устаяць супроць мудрасьці і Духа, каторы гаварыў.

11 Тады падаслалі мужоў, каб яны казалі, што чулі яго гаворачы словы блюзьнерства на Майсея і на Бога.

12 І так падбурылі народ і старшых і кніжнікаў, і зьбегшыся, хвацілі яго і прывялі ў Раду.

13 І паставілі фальшывых сьведкаў, каторыя казалі: Гэта чалавек не перастае гаварыць словы проціў месца сьвятога і закону.

14 Бо мы чулі, як ён казаў: што Езус Назарэнскі гэты зруйнуе гэтае месца і зьменіць звычаі, якія нам перадаў Майсей.

15 І ўглядаючыся на яго ўсе, што былі ў Радзе, бачылі твар ягоны, як твар анела.

7 РАЗЬДЗЕЛ.

1 І сказаў архісьвятар: Ці гэта так маецца?

2 Ён сказаў: Мужы браты і айцы, слухайце. Бог славы зьявіўся айцу нашаму Абрагаму, калі ён быў у Мэзопотаміі, перш чым пасяліўся ў Гаране,

3 і сказаў да яго: Выйдзі з зямлі тваей і з радні тваей, , і ідзі ў зямлю, якую я пакажу табе (Ген.12,1).

4 Тады выйшаў з зямлі Хальдэйскай і жыў у Гаране. І стуль, потым як памёр ягоны бацька, перанёс яго ў гэтую зямлю, у каторай вы цяпер жывецё.

5 І ня даў яму ў ей спадчыны ані на крок нагі, але абяцаўся даць яму яе ў уладаньне і патомству ягонаму пасьля яго, хоць ён ня меў сына.

6 І гаварыў яму Бог, што патомства ягонае будзе прышлым у чужой зямлі, і паддадуць іх у няволю, і будуць дрэнна з імі абходзіцца праз чатырыста гадоў.

7 А народ, катораму яны будуць служыць, я буду судзіць, сказаў Пан; а пасьля гэтага яны выйдуць і будуць служыць мне на гэтым месцы.

8 І даў яму ўмову абразаньня. І так радзіў Ізаака, і абрэзаў яго на восьмы дзень, а Ізаак Якуба, а Якуб дванаццаць патрыярхаў.

9 А патрыярхі завідуючы, прадалі Якуба ў Эгіпет. І Бог быў з ім,

10 і вырваў яго з усіх уцісьненьняў ягоных; і даў яму ласку і мудрасьць прад вачамі фараона, караля эгіпскага; і паставіў яго начальнікам над Эгіптам і над усім домам сваім.

11 І прыйшоў голад на ўвесь Эгіпет і Ханаан і вялікае ўцісьненьне і не знаходзілі ежы айцы нашыя.

12 Калі-ж пачуў Якуб, што ёсьць збожжа ў Эгіпце, паслаў айцоў нашых першы раз.

13 А за другім разам пазнаны быў Язэп братамі сваімі і выяўлены фараону род ягоны.

14 Язэп-жа, паслаўшы, паклікаў Якуба, бацьку свайго і ўсю радню сваю, семдзесят пяць душ.

25 І перайшоў Якуб у Эгіпет. І памёр ён і айцы нашы,

16 і перанесены яны ў Сыхем і паложаны ў гробе, які купіў Абрагам за цану серабра ў сыноў Гэмора, Сыхемавага сына.

17 Калі-ж прыбліжыўся час абяцаньня, якое выказаў Бог Абрагаму, узрос народ і размножыўся ў Эгіпце, каторы ня знаў Язэпа,

18 пакуль не настаў іншы кароль у Эгіпце, каторы ня знаў Язэпа.

19 Гэты, хітра выступаючы проціў нашага народу, прыціскаў айцоў нашых, каб выкідалі сваіх дзяцей, каб яны ня жылі.

20 У тым-жа часе радзіўся Майсей і быў ён мілы Богу. Праз тры месяцы быў ён гадаваны ў доме бацькі свайго,

21 а калі быў выкінуты, узяла яго дачка фараона і выгадавала яго сабе за сына.

22 І быў Майсей навучаны ўсей мудрасьці эгіпскей і быў магутны ў славах і ў чынах сваіх.

23 Калі-ж споўнілася яму сорак гадоў веку, прыйшло яму ў сэрца адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраіля.

24 І калі ўбачыў аднаго церпячага крыўду, заступіўся за яго і памсьціўся за пакрыўджанага, забіўшы эгіпцяніна.

25 Думаў-жа ён, што браты зразумеюць, што Бог ягонай рукой даець ім выбаўленьне; але яны не зразумелі.

26 А на другі дзень зьявіўся, калі яны в`адзіліся і гадзіў іх у супакою кажучы: Мужы, вы-ж браты, нашто вы адзін другога крыўдзіце?

27 Але той, каторы рабіў крыўду бліжняму, адпіхнуў яго, кажучы: Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю над намі?

28 Ці хочаш забіць мяне, так як учора забіў эгіпцяніна?

29 І ўцёк Майсей на гэтае слова і стаўся пасяленцам у Мадыянскай зямлі, дзе радзіў двух сыноў.

30 Калі-ж мінула сорак гадоў, зьявіўся яму ў пустыні Сынайскай гары Анел у полымі гаручага куста.

31 Майсей-жа, убачыўшы, дзівіўся з бачанага. І калі ён падыходзіў, каб паглядзець, стаўся да яго голас Панскі, кажучы:

32 Я ёсьць Бог айцоў тваіх, Бог Абрагама, Бог Ізаака і Бог Якуба. І задрыжаўшы Майсей, не адважваўся глядзець.

33 Пан-жа сказаў яму: Ззуй абутак ног тваіх, бо месца, на каторым стаіш, ёсьць зямля сьвятая.

34 Я відзячы відзеў уцісьненьне народу майго, што ёсьць у Эгіпце, і пачуў стагананьне іх, і зыйшоў вызваліць іх. А цяпер хадзі і пашлю цябе ў Эгіпет.

35 Гэтага Майсея, якога яны адракліся, кажучы: “Хто цябе паставіў за начальніка і судзьдзю”, гэтага Бог паслаў за начальніка і выбаўцу, з рукою Анела, каторы яму зьявіўся ў кусьце.

36 Гэты іх вывеў, учыніўшы цуды і знакі ў зямлі Эгіпскай і ў Чырвоным моры і ў пустыні праз сорак гадоў.

37 Гэта Майсей, каторы сказаў сыном Ізраіля: Прарока падыме вам Бог з братоў вашых, так як мяне, яго будзеце слухаць (Дт.18,15).

38 Гэта ён, каторы быў на сабраньні ў пустыні з Анелам, які гаварыў яму на гарэ Сынай і з айцамі нашымі; каторы атрымаў словы жыцьця, каб даць нам.

39 Каторага не хацелі слухацца айцы нашыя, але адкінулі і адвярнуліся сэрцам сваім да Эгіпту,

40 кажучы да Аарона: Зрабі нам багоў, якія-б ішлі перад намі, бо Майсей гэты, каторы нас вывеў з зямлі Эгіпскай, мы ня ведаем, што з ім сталася.

41 І зрабілі ў тыя дні цялё, і ахвяравалі балвану ахвяру, і цешыліся з учынкаў рук сваіх.

42 І адвярнуўся Бог і аддаў іх служыць войску нябеснаму, як ёсьць напісана ў кнізе прарокаў (Амос5,25–27): “Ці вы ахвяравалі мне ахвяры і жэртвы праз сорак гадоў у пустыні, доме Ізраіляў?

43 І вы прынялі палатку Молоха і зорку бога вашага Рэмфана, фігуры, каторыя вы ўчынілі, каб ім кланяцца. І перанясу вас за Бабілон”.

44 Палатка пасьведчаньня была з айцамі нашымі ў пустыні, як загадаў ім Бог, гаворачы да Майсея, каб зрабіў яе паводле формы, якую бачыў.

45 Яе прыняўшы айцы нашыя і ўвялі ў Ёзуэм у дзіржаву паганаў, каторых прагнаў Бог ад вобліку айцоў нашых, аж да дзён Давіда.

46 Ён знайшоў ласку ў Бога, і прасіў, каб знайсьці палатку Богу Якуба.

47 Саламон-жа збудаваў яму дом.

48 Але Найвышэйшы ня ў твораных рукамі жыве, як кажа прарок (Із.66,1–2):

49 “Неба для мяне пасад, а зямля падножжа ног маіх. Які дом вы для мяне збудуеце, кажа Пан, або якое мнсца майго спачынку?

50 Ці-ж не мая рука ўчыніла ўсё гэтае?”

51 Вы цьвёрдага карку і неабрэзаных сэрцаў і вушэй, вы заўсёды працівіцёся Духу сьвятому; як айцы вашыя, так і вы.

52 Каторага з прарокаў не прасьледавалі айцы вашыя? І забылі тых, каторыя прадвяшчалі прыход Справядлівага, якога вы цяпер былі здраднікамі і забойцамі;

53 вы, каторыя атрымалі закон пры распарадку анелаў, і не бераглі.

54 Слухаючы-ж гэтага, надрываліся сэрцы іх і скрыгаталі на яго зубамі.

55 А ён, будучы поўны Духа сьвятога, углядаючыся ў неба, убачыў славу Божую і Езуса, стаячага праваруч Бога. І сказаў: Вось бачу неба адчыненае і Сына чалавечага, стаячага праваруч Бога.

56 Яны-ж, закрычаўшы вялікім голасам, заткнулі свае вушы і аднадушна кінуліся на яго.

57 І выкінуўшы яго за горад, камянавалі, а сьведкі палажылі сваё адзеньне каля ног дзяцюка, каторы называўся Шавал.

58 І камянавалі Сьцяпана, усклікаючага і кажучага: Пане Езу, прыймі духа майго!

59 А стаўшы на калені, закрычаў вялікім голасам, кажучы: Пане, не палічы ім гэтага граху. І сказаўшы гэтае, заснуў у Пану. Шавал-жа быў згодны на ягону сьмерць.

8 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Стаўся-ж у той дзень вялікі прасьлед Касьцёла, які быў у Ерузаліме. І разсыпаліся ўсе па краінах Юдэі І Самарыі, апроч апосталаў.

2 І пахавалі Сьцяпана багабойнага людзі і ўчынілі над ім вялікі плач.

3 Шавал-жа пустошыў Касьцёл; уваходзячы ў дамы і цягнучы мужоў і жанчын, ён аддаваў у вастрог.

4 Дык каторыя былі разсыпаўшыся, хадзілі, абвяшчаючы слова Божае.

5 Філіп-жа, зайшоўшы ў горад Самарыі, абвяшчаў ім Хрыстуса.

6 А грамады ўважалі на тое, што казаў Філіп, аднадушна слухаючы і відзячы знакі, якія чыніў.

7 Бо з многіх тых, якія мелі духаў нячыстых, выходзілі яны, крычачы вялікім голасам; і многа спаралізаваных і кульгавых было аздароўленых.

8 Дык сталася вялікая радасьць у гэтым горадзе.

9 Адзін-жа муж, на імя Сымон, каторы быў перад гэтым у горадзе чараўніком, зводзячы народ Самарыі, кажучы, што ён ёсьць нешта вялікае.

10 Яго слухалі ўсе ад найменшага аж да найбольшага, кажучы: Ён ёсьць моц Божая, што завецца вялікая.

11 А ўважалі яго затым, што праз многа часу сваімі чарамі чмуціў іх.

12 Калі-ж уверылі Філіпу, абвяшчаючаму аб каралеўстве Божым, хрысьціліся ў імя Езуса Хрыста мужы і жанкі.

13 Тады і сам Сымон уверыў, і калі быў ахрышчаны, прыстаў да Філіпа. Бачачы так-жа, што дзеяліся дужа вялікія знакі і цуды, ён аслупянеўшы дзівіўся.

14 Калі-ж пачулі апосталы, каторыя былі ў Ерузаліме, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пятра і Яна.

15 Яны прыйшоўшы, маліліся за іх, каб атрымалі Духа сьвятога;

16 бо яшчэ ня прыйшоў на нікога з іх, але былі толькі ахрышчаны ў імя Пана Езуса.

17 Тады клалі на іх рукі і атрымоўвалі Духа сьвятога.

18 Калі-ж убачыў Сымон, што праз ускладаньне рук апосталаў даецца Дух сьвяты, прынёс ім грошы,

19 кажучы: Дайце і мне гэту ўладу, каб на каго-колечы я ўзлажу рукі, атрымаў ён Духа сьвятога. А Пётр сказаў да яго:

20 Грошы твае няхай будуць з табою на згубу, бо ты думаў, што дар Божы здабываецца за грошы.

21 Няма для цябе часьці ані долі у мове гэтай, бо сэрца тваё ня ёсьць простае перад Богам.

22 Дык кайся ў гэтай нягоднасьці тваей і прасі Бога, а можа будзе адпушчана табе гэтая думка сэрца твайго. Бо я бачу, што ты ёсьць у жоўці гарчыні і ў зьвязе нягоднасьці.

24 Адказваючы-ж Сымон сказаў: Малецеся вы за мяне да Пана, каб ня прыйшло на мяне нічога з таго, што вы сказалі.

25 Яны-ж пасьведчыўшы і расказаўшы слова Пана, варочаліся ў Ерузалім, і абвяшчалі эванэлію ў многіх краінах самаранаў.

26 Анел-жа Панскі сказаў да Філіпа, кажучы: Устань і ідзі на поўдзень на дарогу, якая з Ерузаліму ідзе ў Газу, яна пустая.

27 І ўстаўшы пайшоў. І вось муж этыопец, еўнух, вяльможа Кандакі, каралевы этыопскай, каторы быў над усімі яе скарбамі, быў прыйшоўшы у Ерузалім пакланіцца.

28 І варочаўся, седзячы на возе сваім і чытаючы Ізаія прарока.

29 І сказаў Дух Філіпу: Падыйдзі і далучыся да гэтага возу.

30 Прыбегшы-ж Філіп пачуў яго чытаючы Ізаія прарока і сказаў: Думаеш, разумеш, што чытаеш?

31 Ён сказаў: І як-жа я здолею, калі мне хто не пакажа? І прасіў Філіпа, каб узьлез і сеў з ім.

32 Месца-ж Пісаньня, якое чытаў, было гэтае (Із.53,7–8): “Як авечка на забіцьцё быў ведзены, і як баранчык бяз голасу перад стрыгучым яго, так ён не адчыніў вуснаў сваіх.

33 У паніжэньні суд ягоны быў зьнесены; род ягоны хто выкажа? Бо ўзятае будзе з зямлі жыцьцё ягонае”.

34 І адказваючы еўнух Філіпу, сказаў: Прашу цябе, аб кім прарок кажа гэта, аб сабе ці аб кім іншым?

35 А Філіп, адчыніўшы вусны свае і пачаўшы ад гэтага Пісаньня, абвяшчаў яму Езуса.

36 А калі яны ехалі дарогаю, прыехалі да нейкае вады. І сказаў еўнух: Вось вада, што мне перашкаджае ахрысьціцца?

37 Філіп-жа сказаў: Калі верыш з усяго сэрца, можна. І адказваючы сказаў: Веру, што Езус Хрыстус ёсьць Сын Божы.

38 І загадаў затрымаць воз, і ўвайшлі абодва ў ваду, Філіп і еўнух, і ахрысьціў яго.

39 А калі выйшлі з вады, Дух сьвяты хваціў Філіпа, і болей ня бачыў таго еўнух, але ехаў дарогаю сваею, радуючыся.

40 А Філіп знайшоўся ў Азоце, і праходзячы абвяшчаў эванэлію усім народам, пакуль ня прыйшоў у Цэзарэю.

9 РАЗЬДЗЕЛ.

1 А Шавал, душучы яшчэ пагрозамі і забойствам проціў вучняў Пана, прыйшоў да архісьвятара

2 і прасіў у яго пісьмаў у Дамашак да бажніц, каб есьлі-б каго знайшоў гэтага шляху мужоў і жанчын, зьвязаных прывёў у Ерузалім.

3 А калі быў у дарозе, сталася, што прыбліжаўся да Дамашку. І раптам асьвяціла яго навокал сьветласьць з неба;

4 і ўпаўшы на зямлю, пачуў голас да яго кажучы: Шавал, Шавал, чаму ты мяне прасьледуеш?

5 Ён сказаў: Хто ты ёсьць Пане? А той: Я ёсьць Езус, каторага ты прасьледуеш. Трудна табе проціў ражна брыкаць.

6 А дрыжачы і аслупянеўшы, ён сказаў: Пане, што хочаш, каб я рабіў?

7 А Пан да яго: Устань і ўвайдзі ў горад, і там скажуць табе, што трэба табе рабіць. Тыя-ж мужы, што з ім падарожнічалі, стаялі аслупянеўшы, чуючы, праўда, голас, але нікога ня бачачы.

8 І ўстаў Шавал з зямлі, і адчыніўшы вочы, нікога ня відзеў. І вядучы яго за рукі, увялі ў Дамашак.

9 І быў там праз тры дні ня відзячы, і ня еў і ня піў.

10 Быў-жа адзін вучань у Дамашку, на імя Ананій. І сказаў да яго Пан у відзеньні: Ананій! Ён-жа сказаў: Вось я, Пане.

11 А Пан да яго: Устань і ідзі на вуліцу, што завецца простая і шукай у доме Юды Шаўла па імяні, Тарсяніна, бо вось ён моліцца.

12 (А відзеў ён мужа, на імя Ананія, уваходзячага і ўкладаючага на яго рукі, каб атрымаў зрок).

13 Ананій-жа адказаў: Пане, я чуў ад многіх аб гэтым мужу, сколькі благога ён зрабіў сьвятым тваім у Ерузаліме;

14 і тут ён мае ўладу ад архісьвятараў вязаць усіх, каторыя прызываюць імя тваё.

15 А Пан сказаў да яго: Ідзі, бо ён ёсьць для мяне выбраная пасудзіна, каб насіў імя маё перад народамі і каралямі і сынамі Ізраіля;

16 бо я яму пакажу, сколькі трэба яму цярпець за імя маё.

17 І прыйшоў Ананій, і ўвайшоў у дом, і ўзлажыўшы яму рукі, сказаў: Шаўле, браце, Пан Езус, каторы зьявіўся табе ў дарозе, каторай ты ішоў, паслаў мяне, каб ты відзеў і быў напоўнены Духам сьвятым.

18 І зараз-жа апалі з вачэй ягоных быццам лускі і атрымаў зрок; і ўстаўшы, быў ахрышчаны.

19 І прыняўшы ежу, памацнеў. І быў з вучнямі, якія былі ў Дамашку, праз некалькі дзён.

20 І зараз абвяшчаў у бажніцах Езуса, што ён ёсьць Сын Божы.

21 Стаўпянелі-ж усе, каторыя слухалі, і казалі: Ці-ж гэта ня той, што ў Ерузаліме выгубляў тых, каторыя прызывалі імя гэтае. І сюды патое прыйшоў, каб іх зьвязаных весьці да архісьвятараў?

22 А Шавал штораз болей мацнеў і бянтэжыў жыдоў, каторыя жылі ў Дамашку, цьвердзячы, што гэты ёсьць Хрыстус.

23 Калі-ж прайшло многа дзён, жыды зрабілі разам нараду, каб яго забіць;

27 але сталі ведамымі Шаўлу іх подступы. Яны-ж пільнавалі і брамаў і дзень і ноч, каб яго забіць.

25 Але вучні, узяўшы яго ўначы, выпусьцілі яго праз мур, спускаючы ў кашы.

26 Калі-ж прыйшоў у Ерузалім, стараўся далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго, ня веручы, каб ён быў вучнем.

27 Але Барнаба, узяўшы яго, прывёў да апосталаў і расказаў ім, як ён у дарозе відзеў Пана і што гаварыў яму, і як у Дамашку сьмела выступаў у імя Езуса.

28 І прабываў з імі ў Ерузаліме, уваходзячы і выходзячы, і сьмела выступаючы ў імя Пана.

29 Гаварыў так-жа з паганамі і спорыў з грэкамі, але яны хацелі яго забіць.

30 Браты, даведаўшыся аб гэтым, адвялі яго ў Цэзарэю і адаслалі ў Тарс.

31 А Касьцёл па ўсей Юдэі і Галілеі і Самарыі меў супакой, і будаваўся, ходзячы ў страху Пана, і напўняўся пацяшэньнем Духа сьвятога.

32 І сталася, што Пётр, калі абходзіў усіх, прыйшоў да сваіх, што жылі ў Лідзьдзе.

33 Знайшоў-жа там аднаго чалавека, на імя Энэй, ад васьмі гадоў ляжачага на ложы, каторы быў спаралізаваны.

34 І сказаў яму Пётр: Энэй, аздараўляе цябе Пан Езус Хрыстус, устань і пасьцялі сабе. І ён зараз-жа ўстаў.

35 І бычылі яго ўсе, што жылі ў Лідзьдзе і ў Сароне; яны навярнуліся да Пана.

36 А была ў Ёппе адна вучаніца, на імя Табіта, што пераложанае значыць Сарна. Яна была поўная добрых чынаў і дарэньняў, якія чыніла.

37 І сталася ў тыя дні, што захварэўшы памярла. Абмыўшы яе, палажылі яе ў сьвятліцы.

38 А як Лідда блізка была ад Ёппы, вучні пачуўшы, што ў ёй ёсьць Пётр, паслалі да яго двух мужоў, просячы: Не марудзь прыйсьці да нас.

39 І ўстаўшы Пётр, пайшоў з імі. І калі прыйшоў, завялі яго ў сьвятліцу; і абступілі яго ўсе ўдовы, плачучы і паказваючы яму сукні і вопраткі, якія рабіла для іх Сарна.

40 Выправіўшы-ж усіх проч, Пётр стаўшы на калені маліўся; і зьвярнуўшыся да цела, сказаў: Табіта, устань. А яна адчыніла вочы свае і ўбачыўшы Пятра села.

41 І даўшы ей руку, падняў яе. І паклікаўшы сьвятых і ўдовы, аддаў яе жывую.

42 І стала ведама па ўсей Ёппе, і многія ўверылі ў Пана.

43 І сталася, што праз многа дзён прабываў у Ёппе, у нейкага Сымона, гарбара.

10 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Быў-жа ў Цэзарыі адзін муж, на імя Карнэль, сотнік роты, якая завецца Італійскай,

2 набожны і багабойны з усім домам сваім, робячы вялікае дарэньне для народу і молячыся заўсёды Богу.

3. Ён відзеў яўна ў відзеньні, каля дзевятае гадзіны дня, анела Божага ўваходзячага да яго і кажучага яму: Карнэль!

4 А ён, углядаючыся на, зьняты страхам, сказаў: Што, Пане? Ён-жа сказаў яму: Малітвы твае і дарэньні твае ўзыйшлі на памяць перад вачыма Божымі.

5 А цяпер пашлі мужоў у Ёппу і пакліч нейкага Сымона, каторы завецца Пятром,

6 ён гасьціць у нейкага Сымона гарбара, каторага дом пры моры: ён табе скажа, што табе трэба рабіць.

7 І калі адыйшоў анел, каторы гаварыў яму, ён паклікаў двух сваіх слуг і багабойнага жаўнера, з тых, што былі яму падданы.

8 Расказаўшы ім усё, ён паслаў іх у Ёппу.

9 А на заўтрашні дзень, калі яны былі ў дарозе і прыбліжаліся да гораду, узыйшоў Пётр на паверх, каб памаліцца каля гадзіны шостае.

10 І калі прагаладаўся, захацеў есьці. А калі яны гатовілі, прыйшло на яго захапленьне.

11 І ўбачыў адчыненае неба і зыходзячую нейкуб пасудзіну, як-бы вялікі настольнік, за чатары канцы спусканы з неба на зямлю,

12 у каторым былі ўсе чацьвёраногія і паўзуны і птахі нябесныя.

13 І стаўся голас да яго: Устань, Пётра, забівай і еш.

14 А Пётр сказаў: Ня дай таго, Пане, бо ніколі я ня еў нічога паганага і нячыстага.

15 А голас ізноў другі раз да яго: Што Бог ачысьціў, таго не называй паганым.

16 І сталася гэтае праз тры разы, і зараз пасудзіна была ўзятая ў неба.

17 І калі Пётр сам у сабе сумняваўся, што-б гэта было за відзеньне, якое ён бачыў, вось мужы, каторыя былі пасланы Карнэлям, пытаючыся пра дом Сымонаў, сталі ля дзьвярэй.

18 І паклікаўшы, пыталіся, ці Сымон, каторы завецца Пётр, тут мае гасьціну.

19 А калі Пётр думаў ад відзеньні, сказаў яму Дух: Вось тры мужы шукаюць цябе.

20 Дык устань, зыйдзі і ідзі з імі, нічога не сумневаючыся, бо я іх паслаў.

21 І Пётр, зыйшоўшы да мужоў, сказаў: Вось я ёсьць, каторага вы шукаеце; што за прычына, дзеля якой вы прыйшлі?

22 Яны сказалі: Карнэль сотнік, муж справядлівы і багабойны, і маючы пасьведчаньне ад усяго жыдоўскага народу, атрымаў загад ад анела сьвятога паклікаць цябе ў свой дом і пачуць ад цябе словы.

23 Дык увёўшы іх, прыняў у гасьціну. А назаўтра, устаўшы, пайшоў з імі; і некаторыя з братоў з Ёппы ішлі з ім.

24 На другіх дзень увайшоў у Цэзарэю. Карнэль-жа чакаў іх, склікаўшы сваіх сваякоў і блізкіях прыяцеляў.

25 І сталася, калі ўвайшоў Пётр, выйшаў насустрач яму Карнэль і ўпаўшы да ног яго, пакланіўся.

26 Але Пётр падняў яго, кажучы: Устань, і я сам ёсьць чалавек.

27 І гаворачы з ім, увайшоў і знайшоў многіх, што былі зыйшоўшыся,

28 і сказаў да іх: Вы ведаеце, як праціўна мужу-жыду лучыцца або прыходзіць да чужынца. Але мне паказаў Бог не называць ніводнага чалавека паганым або нячыстым.

29 Дзеля гэтага бяз сумніву прыйшоў пакліканы. Дык пытаюся, дзеля якой прычыны вы паклікалі мяне?

30 А Карнэль сказаў: Чатыры дні таму ў гэтай гадзіне маліўся я на гадзіну дзевятую ў маім доме, і вось муж стаў перада мною ў ясным адзеньні і сказаў:

31 “Карнэль, выслухана ёсьць малітва твая і дарэньні твае ўспомнены перад вачыма Божымі.

32 Дык пашлі ў Ёппу і пакліч Сымона, каторы завецца Пётр, ён гасьціць у доме Сымона гарбара каля мора”.

33 Дык зараз-жа я паслаў да цябе; і ты добра зрабіў, што прыйшоў. Дык цяпер мы ўсе ёсьць прад вачамі тваімі, каб пачуць усё, што-колечы загадана табе ад Пана.

34 Пётр-жа, адчыніўшы вусны свае, сказаў: Я папраўдзе пазнаў, што Бог не глядзіць на асобы,

35 але ў кожным народзе той, хто баіцца яго і чыніць справядлівасьць, ёсьць прыемны для яго.

36 Слова паслаў Бог для сыноў Ізраіля, абвяшчаючы супакой праз Езуса Хрыста – ён ёсьць панам усіх.

37 Вы ведаеце, якое сталася слова па ўсей Юдэі, бо пачаўшы ад Галілеі, па хросьце, які абвясьціў Ян,

38 аб Езусе з Назарэту, як яго намасьціў Бог Духам сьвятым і моцай, каторы прыйшоў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх апанаваных д’яблам, бо з ім быў Бог.

39 І мы сьведкі ўсяго, што ўчыніў у краіне Юдэйскай і Ерузаліме; яго забілі, павесіўшы на дрэве.

40 Яго Бог ускрасіў на трэці дзень і даў, што ён стаўся яўным,

41 не ўсяму народу, але сьведкам, выбраным наперад ад Бога, нам, каторыя елі і пілі з ім, пасьля таго як ускрос з умерлых.

42 І загадаў нам абвяшчаць народу і сьведчыць, што гэта ён ёсьць, каторы пастаўлены Богам судзьдзёю жывых і ўмерлых.

43 Яму ўсе прарокі даюць пасьведчаньне, што адпушчэньне грахоў атрымоўваюць праз імя яго ўсе, каторыя вераць у яго.

44 Калі Пётр яшчэ гаварыў гэтыя словы, паў Дух сьвяты на ўсіх, каторыя слухалі слова.

45 І астаўпянелі верныя з абразаньня, каторыя былі прыйшоўшы з Пятром, што і на паганаў была выліта ласка Духа сьвятога.

46 Бо чулі іх гаворачых мовамі і славячых Бога.

47 Тады адказаў Пётр: Ці-ж можа хто забараніць вады, каб ня былі ахрышчаныя гэтыя, каторыя атрымалі Духа сьвятога, так як і мы?

48 І загадаў іх ахрысьціць у імя Пана Езуса Хрыста. Тады прасілі яго, каб астаўся ў іх на некалькі дзён.

11 РАЗЬДЗЕЛ.

1 І пачулі апосталы і браты, якія былі ў Юдэі, што і пагане прынялі слова Божае.

2 Калі-ж прыйшоў Пётр у Ерузалім, спрачаліся з ім тыя, што былі з абразаньня,

3 кажучы: Чаму ты ўвайшоў да мужоў, маючых адрэзак і еў з імі?

4 А Пётр, пачаўшы, выкладаў ім папарадку, кажучы:

5 Я быў у горадзе Ёппе, молячыся, і бачыў у захопленьні відзеньне, зыходзячую нейкую пасудзіну, як-бы вялікі настольнік, за чатары канцы спусканы з неба, і прыйшоў аж да мяне.

6 Углядаючыся на яго, я прыглядаўся і ўбачыў чацьвёраногіх зямлі, і зьвяроў, і паўзуноў, і птахаў нябесных.

7 Пачуў-жа я і голас, кажучы мне: “Устань, Пётра, забівай і еш”.

8 Я-ж сказаў: О не, Пане, бо паганае або нячыстае ніколі не ўваходзіла ў вусны мае.

9 І адказаў голас другі раз з неба: “Што Бог ачысьціў, ты не называй паганым”.

10 А гэтае сталася праз тры разы, і ізноў усё было ўзята ў неба.

11 І вось зараз-жа тры мужы сталі ў доме, у каторым я быў, пасланыя з Цэзарэі да мяне.

12 А Дух сказаў мне, каб я ішоў з імі, нічога не сумневаючыся. Пайшлі-ж са мною і гэтыя шэсьць братоў, і ўвайшлі мы ў дом мужа.

13 А ён расказаў нам, як відзеў анела ў сваім доме, стаячага і кажучага яму: “Пашлі ў Ёппу і паклч Сымона, каторы завецца Пётр,

14 ён скажа табе словы, праз каторыя будзеш збаўлены ты і ўвесь твой дом”.

15 А калі я пачаў гаварыць, паў Дух сьвяты на іх, так як і на нас напачатку.

16 І прыпомніў я слова Пана, як ён казаў: “Ян-то хрысьціў вадою, але вы будзеце хрышчаны Духам сьвятым” (Ап. Дз.1,5).

17 Дык калі ім даў Бог такую-ж ласку, як і нам, каторыя верым у Пана Езуса Хрыста, хто я, што мог-бы забараніць Богу?

18 Пачуўшы гэтае, замоўклі і славілі Бога, кажучы: Дык і паганам даў Бог пакуту да жыцьця.

19 А тыя-ж, каторыя былі разьсеяны дзеля ўцісьненьня, якое сталася за Сьцяпана, перайшлі аж да Фэніцыі і Цыпру і Антыохіі, нікому ня кажучы слова, апроч толькі жыдом.

20 Былі-ж некаторыя з іх мужы Цыпрыйцы, якія, калі ўвайшлі ў Антыохію, гаварылі і да грэкаў, абвяшчаючы Пана Езуса.

21 І была рука Пана з імі, і вялікі лік веруючых навярнуўся да Пана.

22 І дайшла аб іх мова да вушэй Касьцёла, які быў у Ерузаліме, і паслалі Барнабу аж да Антыохіі.

23 Ён, прыйшоўшы і ўбачыўшы ласку Божую, узрадаваўся і напамінаў усіх, каб пры пастанове сэрца трывалі ў Пану;

24 бо быў ён муж добры і поўны Духа сьвятога і веры. І вялікая грамада прыхінулася да Пана.

25 І рушыў Барнаба ў Тарс, каб пашукаць Шаўла; знайшоўшы яго, прывёў у Антыохію.

26 І цэлы год яны прабылі там у Касьцеле і навучалі вялікую грамаду, так што вучні найперш у Антыохіі былі названы хрысьціянамі.

27 У гэтыя-ж дні надыйшлі парокі з Ерузаліму ў Антыохію.

28 І ўстаўшы адзін з іх, на імя Агаб, абвяшчаў праз Духа, што мае быць па ўсім сьвеце вялікі голад; які настаў за Клаўдыя.

29 А вучні, як хто меў, пастанавілі кожны паслаць на ўслужэньне братом, жывучым у Юдэі.

30 Што і зрабілі, паслаўшы да старшых праз рукі Барнабы і Шаўла.

12 РАЗЬДЗЕЛ.

1 А ў тым-жа часе прылажыў кароль Гэрад рукі, каб замучыць некаторых з Касьцёла.

2 І забіў Якуба, брата Янавага, мячом.

3 А бачачы, што спадабалася жыдом, дабавіў, каб узяць і Пятра. Былі-ж дні Прэснакоў.

4 Калі яго ўзяў, пасадзіў у вастрог, аддаючы чатыром чацьвёркам жаўнераў пад стражу, хочучы пасьля Пасхі вывесьці яго прад народ.

5 І трымалі Пятра ў вастрозе. А малітва бяз упынку адбывалася Касьцёлам за яго да Бога.

6 А калі Гэрад меў вывесьці яго, у тую ноч Пётр спаў паміж двух жаўнераў, зьвязаны двама ланцугамі, і стражнікі перад дзьвярыма сьцераглі вастрогу.

7 І вось анел Панскі стаў побач і яснасьць засьвяціла ў памяшканьні, і ўдарыўшы ў бок Пятра, збудзіў яго, кажучы: Устань скоранька. І апалі ланцугі з рук ягоных.

8 І сказаў да яго анел: Апаяшыся і ўзлажы абутак твой. І зрабіў так. І сказаў яму: Надзень на сябе сваю вопратку і ідзі за мною.

9 І выйшаўшы, ішоў за ім і ня ведаў, што гэта праўда, што дзеялася праз анела, але думаў, што відзеньне відзеў.

10 Прайшоўшы-ж першую і другую стражу, яны прыйшлі да жалезнай брамы, каторая вядзе ў горад, яна ім сама адчынілася. І выйшаўшы, яны прайшлі адну вуліцу, і зараз адыйшоў ад яго анел.

11 А Пётр, прыйшоўшы да сябе, сказаў: Цяпер ведаю сапраўды, што паслаў Пан свайго анела і вырваў мяне з рукі Гэрада і з усяго чаканьня жыдоўскага народу.

12 І разважыўшы прыйшоў да дому Марыі, маткі Яна, каторы зваўся Марак, дзе былі сабраўшыся многія і маліліся.

13 Калі-ж ён стукаў у дзьверцы брамы, выйшла паслухаць дзяўчына, на імя Родэ.

14 І пазнаўшы голас Пятра, з радасьці не адчыніла брамы, але ўбегшы абвясьціла, што Пётр стаіць перад брамай.

15 А яны сказалі да яе: Ты шалееш. Але яна цьвярдзіла, што гэта так. Яны-ж гаварылі: Гэта анел ягоны.

16 А Пётр не пераставаў стукаць. Калі-ж адчынілі, убачылі яго і астаўпянелі.

17 Даўшы-ж знак ім рукою, каб маўчалі, ён расказаў, як Пан вывеў яго з вастрогу, і сказаў: Паведамце Якуба і братоў адб гэтым. І выйшаўшы, пайшоў у другое месца.

18 Калі-ж настаў дзень, была немалая трывога паміж жаўнераў, што-б сталася з Пятром.

19 А Гэрад, спытаўшыся аб ім і не знайшоўшы, зрабіўшы сьледзтва над стражнікамі, загадаў іх весьці; і выехаўшы з Юдэі ў Цэзарэю, там прабываў.

20 Быў-жа ён разгневаўшыся на Тырыйцаў. А яны аднадушна прыйшлі да яго, і праканаўшы Бласта, каторы быў над спальняю караля, прасілі супакою, таму што іншыя краіны жывіліся ад яго.

21 А ў назначаны дзень Гэрад, адзеты ў каралеўскую адзежу, сеў на пасадзе і прамаўляў да іх.

22 Народ-жа крычаў: Галасы Бога, а не чалавека.

23 А зараз-жа ўдарыў яго анел Панскі, таму што не аддаў хвалу Богу, і сточаны чарвякамі, сканаў.

24 А слова Пана расло і множылася.

25 Барнаба-ж і Шавал, споўніўшы ўслужэньне, узяўшы Яна, каторы зваўся Марак, вярнуліся з Ерузаліму.

13 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Былі-ж у Касьцеле, што быў у Антыохіі, прарокі і вучыцялі, паміж імі Барнаба і Сымон, каторы зваўся Чорны, і Луцый Цырэнэец, і Манаген, каторы быў выгадаваны разам з Гэрадам тэтрархай, і Шавал.

2 А калі яны адпрўлялі службу Пану і пасьцілі, сказаў ім Дух сьвяты: Адлучэце мне Шаўла і Барнабу на справу, да якое я іх узяў.

3 Тады посьцячы і молячыся, і ўзлажыўшы на іх рукі, адправілі іх.

4 І яны-то, пасланыя Духам сьвятым, пайшлі ў Сэлеўцыю, а адтуль паплылі ў Цыпр.

5 І калі прыбылі ў Саламіну, абвяшчалі слова Божае ў бажніцах жыдоўскіх. А мелі яны і Яна на ўслужэньні.

6 А перайшоўшы ўсю выспу аж да Пафы, знайшлі аднаго мужа чараўніка, фальшывага прарока, жыда, катораму на імя было Бар’езу,

7 каторы быў пры старасьце Сяргею Паўле, разумным мужу. Гэты, паклікаўшы Барнабу і Шаўла, жадаў слухаць слова Божае.

8 Супраціўляўся-ж ім Элімас чараўнік (бо гэтак тлумачыцца імя ягонае), стараючыся адвярнуць старасту ад веры.

9 А Шавал, ён-жа і Павал, напоўнены Духам сьвятым, углядаючыся на яго,

10 сказаў: О поўны ўсякай здрады і ўсякай крывадушнасьці сыне д’ябла, ворагу ўсякай справядлівасьці, ты не перастаеш выварачываць простыя дарогі Пана.

11 І вось цяпер рука Пана над табою, і будзеш сьляпы, ня відзячы сонца аж да часу. І зараз-жа паў на яго змрок і цемра, і ходзячы навакол, шукаў, хто-б яму падаў руку.

12 Тады стараста, увідзеўшы, што сталася, уверыў, дзівячыся над навукай Пана.

13 Калі-ж Павал і тыя, што з ім былі, адплылі з Пафы, прыбылі ў Пэргу, у Памфіліі. Ян-жа, адыйшоўшы ад іх, вярнуўся ў Ерузалім.

14 А яны, прайшоўшы Пэргу, прыйшлі ў Антыохію Пізыдзкую, і ўвайшоўшы ў бажніцу ў дзень суботні, селі.

15 Пасьля-ж прачытаньня закону і прарокаў паслалі старшыя над бажніцай да іх, кажучы: Мужы браты, калі ёсьць у вас якая мова напамінаньня да народу, кажэце.

16 Устаўшы-ж Павал і рукою наказаўшы маўчаньне, сказаў: Мужы Ізраільскія і каторыя баіцёся Бога, слухайце.

17 Бог народу Ізраільскага выбраў айцоў нашых і ўзвысіў народ, калі былі жыхарамі ў зямлі Эгіпскай, і вывеў іх вышняю рукою з яе,

18 і праз сорак гадоў часу перанасіў іх абычаі ў пустыні.

19 І зьніштожыўшы сем народаў у зямлі Канаанскай, лёсам падзяліў ім зямлю іх,

20 каля чатырохсот пяцідзесяці гадоў потым; а пасьля гэтага даў судзьдзяў аж да Самуэля прарока.

21 І ад таго часу прасілі аб караля, і даў ім Бог Саула, сына Ціса, мужа з пакаленьня Бэн’яміна, сарака гадоў.

22 І адкінуўшы яго, падняў ім Давіда караля, катораму даючы пасьведчаньне, сказаў: “Знайшоў я Давіда, сына Ессага, мужа паводле сэрца майго, каторы будзе чыніць усе заданьні мае” (І Карал.13,14).

23 З яго патомства Бог, паводле абяцаньня, вывеў для Ізраіля Збаўцу Езуса,

24 калі Ян перад воблікам прыходу ягонага абвяшчаў хрост пакуты ўсяму народу Ізарільскаму.

25 Калі-ж Ян споўніў свой бег, казаў: “За каго вы мяне ўважаеце, я ня ёсьць; але вось ідзе за мною, каторага я ня годзен разьвязаць абутак з ног”.

26 Мужы браты, сыны роду Абрагама і каторыя паміж вас баяцца Бога, вам паслана слова гэтага збаўленьня.

27 Бо каторыя жылі ў Ерузаліме і павадары ягоныя, не пазнаўшы яго і асудзіўшы, выпаўнілі прарочыя галасы, якія чытаюцца кожную суботу,

28 і не занайшоўшы з ім ніякай прычыны сьмерці, прасілі ў Пілата, каб яго забіць.

29 А калі даканалі ўсё, што аб ім было напісана, зьняўшы яго з дрэва, палажылі яго ў гробе.

30 Але Бог падняў яго з умерлых трэцяга дня. Яго бачылі праз многія дні тыя,

31 каторыя разам з ім прыйшлі з Галілеі ў Ерузалім, каторыя аж дагэтуль ёсьць сьведкамі яго перад народам.

32 І мы вам абвяшчаем тое абяцаньне, якое сталася да айцоў нашых,

33 што Бог выпаўніў яго дзецям нашым, падняўшы Езуса, як і напісана ёсьць у другім псальме: “Ты ёсьць Сын мой, я сягоньня радзіў цябе”.

34 А што падняў яго з умерлых, каб болей ужо не варочаўся да гніцьця, так сказаў: Што “дам вам сьвятое Давідава вернае” (Із.55,3).

35 Дзеля таго і ў другім месцы кажа: “Ня дасі сьвятому твайму ўбачыць гніцьця” (Пс.16,10).

36 Бо Давід, на вяку сваім паслужыўшы волі Божай, заснуў і далучаны ёсьць да айцоў сваіх і ўбачыў гніцьцё.

37 Але каго Бог ускрасіў з умерлых, той ня бачыў гніцьця.

38 Няхай-жа будзе вам ведама, мужы браты, што праз яго абвяшчаецца вам адпушчэньне грахоў; і ад усяго, ад чаго вы не маглі быць апраўданымі праз закон Майсея,

39 праз яго кожны, хто верыць, бывае апраўданы.

40 Дык глядзеце, каб ня прыйшло на вас, што сказана ў прарокаў:

41 “Убачце, пагарднікі, і дзівецеся, і згіньце, бо чыню справу ў дні вашыя, справу, якой вы не паверыце, калі-б хто расказаў вам” (Аввак.1,5).

42 А калі яны выходзілі, прасілі, каб у наступную суботу гаварылі да іх гэтыя словы.

43 Калі-ж была распушчана бажніца, многа жыдоў і набожных нованаверненых пайшло за Паўлам і Барнабай, каторыя гаворачы радзілі ім трываць у ласцы Божай.

44 А ў наступную суботу блізу ўвесь горад зыйшоўся слухаць слова Божага.

45 Але жыды, убачыўшы грамады, напоўніліся зайздрасьцяй і блюзьнячы пярэчылі таму, што гаварыў Павал.

46 Тады Павал і Барнаба цьвёрда сказалі: Для вас трэба было наўперад гаварыць слова Божае, але затым што вы адкідаеце яго і прызнаецё сябе нягоднымі жыцьця вечнага, вось іы зварочваемся да паганаў.

47 Бо гэтак загадаў нам Пан: “Паставіў цябе на сьветласьць паганаў, каб быў на збаўленьне аж край зямлі” (Із.49,6).

48 Пагане-ж пачуўшы, узрадаваліся і славілі слова Пана; і ўверылі каторыя-толькі былі прызначаны да жыцьця вечнага.

49 І разсявалася слова Пана па ўсей краіне.

50 Але жыды падбурылі набожных і паважаных жанчын і першых у горадзе, і паднялі прасьлед проці Паўла і Барнабы, і выкінулі іх з сваіх граніц.

51 Яны-ж, абтросшы на іх пыл з ног, прыйшлі ў Іконію.

52 Вучні так-жа напаўняліся радасьцяй і Духам сьвятым.

14 РАЗЬДЗЕЛ.

1 І сталася ў Іконіі, што ўвайшлі яны разам у жыдоўскую бажніцу і гаварылі так, што ўверыла вялікае мноства жыдоў і грэкаў.

2 Тыя-ж жыды, што былі нявернымі, паднялі і падбурылі да гневу душы паганаў проціў братоў.

3 Дык многа часу правялі, адважна выступаючы ў Пану, каторы даваў слову пасьведчаньне сваей ласкі і чыніў, што знакі і цуды дзеяліся праз рукі іх.

4 І падзялілася мноства гораду: і былі адны з жыдамі, а другія з апосталамі.

5 Калі-ж стаўся націск паганаў і жыдоў з іншымі павадырамі, каб іх зьняважыць і закаменаваць,

6 яны, даведаўшыся, уцяклі ў лікаонскія гарады, Лістру і Дэрбу, і ўсю навакол краіну, і там абвяшчалі эванэлію.

7 І сядзеў у Лістры адзін муж хворы на ногі, кульгавы з лона маткі сваей, каторы ніколі не хадзіў.

8 Ён слухаў гаворачага Паўла. Гэты, глянуўшы на яго і бачучы, што мае веру, каб стацца здаровым,

9 сказаў вялікім голасам: Устань на твае ногі проста! І выскачыў і хадзіў.

10 Грамады-ж, калі ўбачылі, што ўчыніў Павал, паднялі свой голас, па-лікаонску кажучы: Багі, стаўшыся падобнымі да людзей,зыйшлі да нас.

11 І называлі Барнабу Юпітэрам, а Паўла Мэркурым, бо ён быў павадыром у слове.

12 Сьвятар так-жа Юпітэра, быўшага перад горадам, даставіўшы валы і вянкі да брамаў, хацеў з народам складаць ахвяру.

13 Калі аб гэтым пачулі апосталы Барнаба і Павал, разьдзёршы адзежу сваю, яны скочылі ў грамады, крычачы

14 і кажучы: Мужы, што вы гэта робіце? І мы ёсьць сьмяротныя, падобныя да вас людзі; мы абвяшчаем вам, каб вы ад гэтых марнотаў навярнуліся да Бога жывога, каторы ўчыніў неба і зямлю, і мора, і ўсё, што ў іх ёсьць;

15 каторы ў мілулых вякох дапусьціў усім паганам ісьці сваімі дарогамі.

16 Аднака-ж не пакінуў самога сябе без пасьведчаньня, чынячы дабро з неба, даючы дажджы і ўраджайныя часы, напаўняючы ежай і радасьцяй сэрцы нашыя.

17 І гэта кажучы, ледзь успакоілі грамады, каб ім не ахвяравалі.

18 А надыйшлі некаторыя жыды з Антыохіі і Іконіі і нагаварыўшы грамады ды ўкаменаваўшы Паўла, вывалаклі за горад, думаючы, што ён памёр.

19 Але калі яго абступілі вучні, ён устаўшы, увайшоў у горад і на другі дзень рушыў з Барнабай у Дэрбу.

20 Калі-ж абвесьцілі эванэлію гэнаму гораду і многіх навучылі, вярнуліся ў Лістру, і ў Іконію, і ў Антыохію,

21 уцьвярджаючы душы вучняў і напамінаючы, каб трывалі ў веры, ды што праз многа ўцісьненьняў трэба нам увайсьці ў каралеўства Божае.

22 І калі паставілі ім сьвятараў у кожным касьцеле і памаліліся з пастамі, паручылі іх Пану, у каторага ўверылі.

23 А прайшоўшы Пізыдыю, прыйшлі ў Памфілію,

24 і сказаўшы слова Пана ў Пэрзе, пайшлі ў Атлію,

25 а адтуль адплылі ў Антыохію, адкуль былі аддадзены ласцы Божай на справу, якую споўнілі.

26 А прыйшоўшы і сабраўшы касьцёл, расказалі, сколькі ўчыніў з імі Бог і што адчыніў паганам дзьверы веры.

27 І прабылі немалы час з вучнямі.

15 РАЗЬДЗЕЛ.

1 А некаторыя, прыйшоўшы з Юдэі, навучалі братоў: Што калі вы не абрэжацеся паводле Майсеявага абычаю, ня можаце збавіцца.

2 Дык калі паўстаў немалы спор у Паўла і Барнабы проціў іх, пастанавілі, каб Павал і Барнаба і некаторыя другія спаміж іншых пайшлі ў гэтай справе до апосталаў і старшых у Ерузалім.

3 Дык яны, праведзеныя касьцёлам, праходзілі Фэніцыю і Самарыю, расказваючы аб навароце паганаў, і рабілі вялікую радасьць усім братом.

4 Калі-ж прыйшлі ў Ерузалім, былі прыняты Касьцёлам і апосталамі і старшымі, абвяшчаючы, сколькі з імі ўчыніў Бог.

5 А паўсталі некаторыя з сэкты фарызэяў, каторыя ўверылі, кажучы: Што трэба іх абрэзаць і загадаць, каб захоўвалі закон Майсея.

6 І сабраліся апосталы і старшыя, каб разглядзець гэтае слова.

7 Калі-ж паўстала вялікая спрэчка, устаўшы Пётр, сказаў да іх: Мужы браты, вы ведаеце, што з даўных дзён Бог выбраў спаміж нас, каб праз мае вусны пагане слухалі слова эванэліі і верылі.

8 І Бог, каторы знае сэрцы, даў пасьведчаньне, даючы ім Духа сьвятога так як і нам,

9 і нічога не адрозьніў паміж намі і імі, верай ачышчаючы сэрцы іх.

10 Дык цяпер нашто спакушваеце Бога, каб узлажыць на шыі вучняў ярмо, якога не маглі насіць ані айцы нашы, ані мы?

11 Але праз ласку Пана Езуса Хрыста мы верым, што збавімся, так як і яны.

12 І замоўкла ўсё мноства, і слухалі Барнабу і Паўла, расказваючых, якія вялікія знакі і цуды ўчыніў Бог паміж паганаў праз іх.

13 А калі замоўклі, адказаў Якуб, кажучы: Мужы браты, паслухайце мяне!

14 Сымон расказаў, як перш Бог адведаў, каб з паганаў узяць народ для іменьня свайго.

15 І з гэтым згаджаюцца словы прарокаў (Ам.9,11–12), як ёсьць напісана:

16 “Пасьля гэтага вярнуся і адбудую палатку Давіда, каторая ўпала, і руіны яе адбудую і папраўлю яе,

17 каб другія людзі шукалі Пана і ўсе народы, над каторымі прызвана імя маё, кажа Пан, які чыніць гэта”.

18 Ведамая ёсьць Пану ад веку справа ягона.

19 Дзеля гэтага я ўважаю, не беспакоіць тых, каторыя з паганаў наварачваюцца да Бога,

20 але напісаць да іх, каб устрымоўваліся ад брыдотаў балванаў, і блуду, і душанага, і крыві.

21 Бо Майсей з даўных часоў мае ў кожным горадзе тых, што яго абвяшчаюць у бажніцах, дзе ў кожную суботу чытаецца.

22 Тады спадабалася апосталам і старшым з усім касьцёлам, каб выбраць спасярод сябе мужоў і паслаць у Антыохію з Паўлам і Барнабай: Юду, каторы называўся Барсаба, і Сылу, мужоў першых паміж братамі,

23 напісаўшы праз іх рукі: Апосталы і старшыя браты, тым, каторыя ёсьць ў Антыохіі і ў Сырыі і ў Цыліцыі, братом з паганаў, прывет.

24 Дзеля таго што мы чулі, што некаторыя з нас выйшаўшы, устрывожылі вас славамі, адварочваючы душы вашы, каторым мы не загадалі,

25 спадабаліся нам, сабраўшымся ў вадно, выбраць мужоў і паслаць да вас з найдаражэйшымі нашымі Барнабай і Паўлам, каторыя выдалі душы свае за імя Пана нашага Езуса Хрыста.

27 Дык паслалі мы Юду і Сылу, каторыя так-жа самі перакажуць вам славамі гэтае ж.

28 Бо здалося Духу сьвятому і нам не накладаць на вас болей ніякага цяжару, апроч гэтых канечных:

29 каб вы ўстрымаліся ад ахвяраваньня балваном, і крыві, і душанага, і блуду; чаго вы сьцерагучыся, добра зробіце. Бывайце здаровы.

30 Дык тыя выпраўленыя прыйшлі ў Антыохію і сабраўшы мноства, перадалі пісьмо.

31 Прачытаўшы яго, яны ўзрадаваліся з пацяшэньня.

32 А Юда і Сыла, будучы і самі прарокамі, многім словам пацяшалі братоў і ўцьвярджалі.

33 А прабыўшы там нейкі час, яны былі з супакоем выпраўлены братамі да тых, каторыя іх прыслалі.

34 Здалося-ж Сылу там астацца, а Юда адзін пайшоў у Ерузалім.

35 Павал-жа і Барнаба прабывалі ў Антыохіі, навучаючы і абвяшчаючы з многімі другімі слова Божае.

36 Пасьля-ж некалькіх дзён сказаў Павал да Барнабы: Вярнуўшыся адведайма братоў па ўсіх гарадох, у каторых мы абвяшчалі слова Пана, як яны маюцца.

37 А Барнаба хацеў узяць з сабою і Яна, каторы называўся Марак.

38 Але Павал прасіў, каб ён, як той, каторы адстаў ад іх ад Памфіліі і не хадзіў з імі на справу, ня быў прыняты.

39 Дык сталася нязгода, так што яны адыйшлі адзін ад другога, а Барнаба-то, узяўшы Марка, адплыў на Цыпр.

40 Павал-жа, выбраўшы Сылу, рушыў, паручаны братамі ласцы Божай.

41 І абходзіў Сырыю і Цыліцыю, уцьвярджаючы касьцёлы, загадваючы берагчы загады апосталаў і старшых.

16 РАЗЬДЗЕЛ.

1 І прыйшоў у Дэрбу і ў Лістру. І вось быў там адзін вучань, на імя Цімафей, сын жанчыны жыдоўкі, вернай, бацькі паганіна.

2 Гэтаму давалі добрае пасьведчаньне браты, каторыя былі ў Лістры і Іконіі.

3 Павал хацеў, каб ён з імі рушыў, і ўзяўшы абрэзаў яго дзеля жыдоў, якія былі ў тых мясцох. Бо ўсе ведалі, што бацька ягоны быў паганін.

4 А калі яны праходзілі гарады, перадавалі ім берагчы ўставы, якія былі пастаноўлены апосталамі, каторыя былі ў Ерузаліме.

5 А касьцёлы-то ўцьвярджаліся ў веры і ўзрасталі лікам штодня.

6 А калі перайшлі Фрыгію і краіну Галацкую, забарніў ім Дух сьвяты гаварыць слова Божае ў Азіі.

7 І прайшоўшы ў Мізію, маніліся ісьці ў Бітынію, і не дазволіў ім Дух Езуса.

8 Калі-ж перайшлі Мізію, прыйшлі ў Троаду.

9 І паказалася Паўлу ўначы відзеньне: Адзін муж Македонец стаў і прасіў яго і казаў: Перайшоўшы ў Македонію, памажы нам.

10 І як убачыў відзеньне, зараз пастараліся мы рушыць у Македонію, будучы пэўнымі, што Бог нас паклікаў абвяшчаць ім эванэлію.

11 І плывучы з Троады, мы ў простым кірунку прыбылі ў Самотракію, а ў наступны дзень у Нэапаль;

12 а адтуль у Філіппы, каторыя ёсьць першым горадам тае часьці Македоніі, калонія. І былі мы ў гэтым горадзе некалькі дзён, гутаручы.

13 А ўдень суботні мы выйшлі за браму да ракі, дзе, здавалася, была малітва, і сеўшы гаварылі да жанчын, якія былі зыйшоўшыся.

14 Слухала-ж адна жанчына, на імя Лідыя, з гораду Тыатыру, якая гандлявала пурпурай, паклоньніца Божая; адчыніў Пан яе сэрца, каб зважаць на тое, што гаварыў Павал.

15 Калі-ж яна была ахрышчана і дом яе, прасіла, кажучы: Калі вы судзіце, што я верная Пану, увайдзеце ў мой дом і жывеце. І прымусіла нас.

16 І сталася, калі мы ішлі на малітву, спаткалася з намі адна дзяўчына, каторага мела вешчага духа і каторая варожучы, давала сваім гаспадаром вялікі даход.

17 Яна, ідучы за Паўлам і за намі, крычала, кажучы: Гэтыя людзі ёсьць слугі найвышэйшага Бога, яны абвяшчаюць вам дарогу збаўленьня.

18 Гэтае-ж яна рабіла праз многа дзён. Але Павал, праняты болем і зьвярнуўшыся, сказаў духу: Загадываю табе ў імя Езуса Хрыста выйсьці з яе. І выйшаў у тую-ж часіну.

19 Гаспадары-ж яе, бачучы, што выйшла надзея іхнага даходу, схапіўшы Паўла і Сылу, завялі на рынак да начальнікаў,

20 і аддаючы іх уладам, сказалі: Гэтыя людзі трывожаць горад наш, бо яны жыды

21 і абвяшчаюць абычай, каторага нам ня можна прыняць ані чыніць, бо мы рымляне.

22 І зьбегся народ проціў іх, а ўлады, парваўшы іхныя вопраткі, прыказалі біць іх розгамі.

23 І даўшы ім многа ўдараў, пасадзілі іх у вастрог, загадваючы сторажу, каб пільна іх сьцярог.

24 Ён, атрымаўшы такі загад, пасадзіў іх у нутраны вастрог, а ногі іх замкнуў у калоду.

25 А ўпоўначы Павал і Сыла молячыся хвалілі Бога. І слухалі іх тыя, што былі ў вастрозе.

26 А раптам сталася вялікае зямлетрасеньне, так што зрушыліся фундамэнты вастрогу. І зараз-жа адчыніліся ўсе дзьверы, і разьвязаліся путы ўсіх.

27 А стораж вастрогу, прачнуўшыся і ўбачыўшы адчыненыя дзьверы вастрогу, выцягнуўшы меч, хацеў забіць сябе, думаючы, што вязьні паўцякалі.

28 Але Павал закрычаў вялікім голасам, кажучы: Не рабі сабе нічога дрэннага, бо мы ўсе тут.

29 І зажадаўшы сьвятла, увайшоў і дрыжучы ўпаў да ног Паўлу і Сылі.

30 І вывеўшы іх вонкі, сказаў: Паны, што мне трэба рабіць, каб збавіцца?

31 А яны сказалі: Вер у Пана Езуса і будзеш збаўлены ты і твой дом.

32 І гаварылі слова Пана яму і ўсім, каторыя былі ў яго доме.

33 І ўзяўшы іх у тую часіну ночы, абмыў раны іх; і быў ахрышчаны ён сам і ўвесь дом ягоны безадкладна.

34 І завёўшы іх у свой дом, заставіў ім стол і цешыўся з усім домам сваім, уверыўшы ў Бога.

35 Калі-ж настаў дзень, паслалі ўлады ліктараў, кажучы: Пусьці гэтых людзей.

36 І стораж вастрогу пераказаў гэтыя словы Паўлу: Што ўлады паслалі, каб вы былі выпушчаны. Дык цяпер выйшаўшы, ідзеце ў супакою.

37 Павал-жа сказаў ім: Абабіўшы публічна нас незасуджаных, людзей рымлян, пасадзілі ў вастрог, а цяпер патайком нас выкідаюць? Ня так, але няхай прыйдуць

38 і самі нас выкінуць. І збаяліся, пачуўшы, што яны рымляне.

39 І прыйшоўшы, перапрасілі іх і вывеўшы, прасілі, каб выйшлі з гораду.

40 Выйшаўшы-ж з вастрогу, зайшлі да Лідыі, і пабачыўшы братоў, пацешылі іх і вырушылі.

17 РАЗЬДЗЕЛ.

1 А калі яны прайшлі Амфіпал і Апалонію, прыйшлі ў Тэссалоніку, дзе была жыдоўская бажніца.

2 І паводле звычаю Павал увайшоў да іх і праз тры суботы гаварыў ім з Пісаньняў,

3 адкрываючы і выводзячы, што трэбы было, каб Хрыстус цярпеў і ўстаў з умерлых, і што гэты Езус ёсьць Хрыстусам, каторага я вам абвяшчаю.

4 І некаторыя з іх уверылі і далучыліся да Паўла і Сылі; і з набожных, і з паганаў вялікае мноства, і нямала знатных жанчын.

5 Але жыды, зайзруючы, і набраўшы з чэрні некатрых благіх людзей, і зрабіўшы грамаду, узбурылі горад; і напаўшы на дом Язона, шукалі іх, каб вывесьці да народу.

6 І не знайшоўшы іх, цягнулі Язона і некаторых братоў да начальнікаў гораду, крычучы: Што тыя, каторыя ўзбурваюць горад, і сюды прыйшлі,

7 іх прыняў Язон, а яны ўсе паступаюць проціў уставаў цэзара, што ёсьць іншы кароль, Езус.

8 І ўзбурылі народ і начальнікаў гораду, каторыя гэтае слухалі.

9 І ўзяўшы паруку ад Язона і ад іншых, пусьцілі іх.

10 А браты зараз-жа ўначы выправілі Паўла і Сылу ў Бэрэю. Яны, прыйшоўшы, увайшлі ў жыдоўскую бажніцу.

11 Гэтыя-ж былі шляхетнейшыя за тых, што ёсьць у Тэссалоніцы, яны прнялі слова з усей ахвотай, штодня разьбіраючы Пісаньні, ці гэта так маецца.

12 І многа-ж з іх уверыла, і жанчын паважаных і нямала мужоў.

13 Калі-ж даведаліся жыды ў Тэссалоніцы, што і ў Бэрэі Павал абвяшчае слова Божае, прыйшлі і туды, узварушваючы і падбурваючы мноства.

14 І тады зараз-жа браты выправілі Паўла, каб ішоў аж да мора, а Сыла і Цімафей асталіся там.

15 А тыя, што праводзілі Паўла, завялі яго аж у Атэны, і атрымаўшы ад яго загад да Сылі і Цімафея, каб чым-хутчэй прыйшлі да яго, вырушылі.

16 Калі-ж Павал чакаў на іх у Атэнах, бурыўся ў ім дух ягоны, бачучы горад аддадзены балвахвальству.

17 Дык гаварыў у бажніцы з жыдамі і з набожнымі, і на рынку праз усе дні да тых, што там былі.

18 Некаторыя-ж эпікурэйцы і стоікі філозафы спорылі з ім. І некаторыя казалі: што хоча сказаць гэты гаварун? А другія: Здаецца, ён ёсьць вяшчуном новых багоў; бо ён абвяшчаў ім Езуса і ўскрашеньне.

19 І ўзяўшы яго, завялі ў Арэопаг, кажучы: Ці можам ведаць, якая ёсьць гэта новая навука, якую ты кажаш?

20 Бо нешта новае ты прыносіш для нашых вушэй, дык хочам ведаць, што гэта мае быць.

21 (А ўсе атэнцы і прышлыя госьці нічым іншым не займаліся, як толькі каб або пагаварыць або паслухаць нешта новае).

22 Павал-жа, стаўшы пасярод Арэопагу, сказаў: Мужы атэнскія, з усяго я бачу, што вы як-бы надта набожныя.

23 Бо праходзячы і ўглядаючыся на вашы сьвятасьці, я знайшоў і аўтар, на каторым было напісана: Няведамаму Богу. Дык тое, чаму вы ня ведаючы пакланяецеся, я вам абвяшчаю.

24 Бог, каторы стварыў сьвет і ўсё, што ў ім ёсьць, ён, будучы Панам неба і зямлі, жыве не ў сьвятынях збудаваных рукамі,

25 і ня бывае слаўлены рукамі чалавечымі, патрабуючы нечага, бо сам дае ўсім жыцьцё, і дыханьне, і ўсё.

26 І ўчыніў з аднаго ўвесь род чалавечы, каб жылі па ўсім вобліку зямлі, абазначаючы пастаноўленыя часы і граніцы іхнага аселішча,

27 каб шукалі Бога, можа часам дакрануцца да яго або знойдуць, хоць ён недалёка ад кожнага з нас.

28 Бо ў ім мы жывём і рухаемся і існуем, як і некаторыя з вашых паэтаў сказалі: “Бо мы і род ягоны”.

29 Дык калі мы род Божы, не павінны думаць, што Боства падобнае да золата, або серабра, або каменьня, да рэзьбы рамясла і выдумкі чалавечай.

30 І не зважаючы на часы гэтага няведаньня, Бог цяпер абвяшчае людзям, каб усе ўсюды пакутывалі,

31 таму што пастанавіў дзень, у каторы мае судзіць сьвет у справядлівасьці праз Мужа, каторага пастанавіў, падаючы веру ўсім, ускрасіўшы яго з умерлых.

32 Калі- ж яны пачулі аб ускрасеньні ўмерлых, то некаторыя насьмяхаліся, а некаторыя сказалі: Аб гэтым паслухаем цябе другім разам.

33 Так Павал выйшаў спасярод іх.

34 А некаторыя мужы, прыстаўшы да яго, уверылі, паміж імі і Дзіаніс Арэопагіт, і жанчына на імя Дамара, і ішыя з імі.

18 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Пасьля гэтага выйшаўшы з Атэнаў, прыйшоў у Карынт.

2 І знайшоўшы аднаго жыда, на імя Аквілу, родам з Понту, каторы нядаўна быў прыйшоўшы з Італіі, і Прысцыллу жонку ягону, (таму што Клаўдый быў загадаўшы, каб усе жыды выйшлі з Рыму), паступіў да іх.

3 А таму што быў таго-ж самага рамясла, аставаўся ў іх і працаваў: былі-ж яны палатка-вытворчага рамясла.

4 І гаварыў у бажніцы кожную суботу, успамінаючы імя Пана Езуса і пераконываў жыдоў і грэкаў.

5 Калі-ж прыйшлі з Македоніі Сыла і Цімафей, Павал наставаў словам, сьведчучы жыдом, што Езус ёсьць Хрыстус.

6 Але калі яны пярэчылі і блюзьнілі, абтросшы сваё адзеньне, сказаў да іх: Кроў ваша на галаву вашу. Я чысты: адцяпер пайду да паганаў.

7 І перанёсшыся адтуль, увайшоў у дом аднаго, на імя Ціта Юста, паклоньніка Божага, каторага дом быў побач з бажніцай.

8 А Крысп, старшы над бажніцай, уверыў у Пана з усім домам сваім; і многія з карынцян слухаючы верылі і былі хрышчаны.

9 І сказаў Пан Паўлу ўначы праз відзеньне: Ня бойся, але гавары і не маўчы,

10 дзеля таго што я з табою, і ніхто не кране цябе, каб табе пашкодзіць, бо многа для мяне ёсьць народу ў гэтым горадзе.

11 І сядзеў там год і шэсьць месяцаў, навучаючы ў іх слова Божага.

12 Калі-ж Галліён быў старастай у Ахаі, паўсталі жыды аднадушна проціў Паўла і прывялі яго ў суд,

13 кажучы: што гэты нагаварвае людзей пакланяцца Богу проціў закону.

14 Калі-ж Павал пачынаў адчыняць вусны, сказаў Галліён да жыдоў: Калі-б было нешта нягоднае або вельмі благі паступак, я прыняў-бы вас, як трэба, мужы жыдоўскія.

15 Але калі спрэчкі ёсьць аб слове і імёнах і законе вашым, самі сябе глядзеце, я не хачу быць гэтага судзьдзёю.

16 І праганў іх ад суду.

17 І схапіўшы ўсе Састэна, старшага над бажніцай, білі яго перад судом, а Галліён зусім аб гэтым не клапаціўся.

18 Павал-жа, прабыўшы яшчэ многа дзён, разьвітаўшыся з братамі, адплыў (і з ім Прысцылла і Аквіла); ён астрыг сабе галаву ў Кенхры, бо меў шлюбаваньне.

19 І прыбыў у Эфэз і там іх пакінуў. А сам, увайшоўшы ў бажніцу, гаварыў з жыдамі.

20 Калі-ж яны прасілі, каб астаўся на даўжэйшы час, не згадзіўся,

21 але разьвітаўшыся і сказаўшы: Ізноў, вярнуся да вас, калі Бог захочы, рушыў з Эфэзу.

22 І прыбыўшы ў Цэзарэю, пайшоў і прывітаў касьцёл і пайшоў у Антыохію.

23 І прабыўшы там нейкі час, рушыў, праходзячы папарадку Галацкую краіну і Фрыгію, уцьвярджаючы ўсіх вучняў.

24 А адзін жыд, на імя Аполло, родам з Александрыі, муж вымоўны, магутны ў Пісаньнях, прыбыў у Эфэз.

25 Быў ён навучаны шляху Пана і гаручы духам гаварыў і навучаў пільна таго, што датыча Езуса, ведаючы толькі хрост Яна.

26 Дык гэты пачаў адважна выступаць у бажніцы. Калі яго пачулі Прысцыла і Аквіла, узялі яго і пільней вылажылі яму шлях Пана.

27 А калі ён хацеў ісьці ў Ахаю, браты напісалі вучням, заахвочваючы, каб прынялі яго. Ён, прыйшоўшы, многа памог тым, каторыя ўверылі.

28 Бо ён многа пераконываў жыдоў, яўна паказваючы з Пісаньняў, што Езус ёсьць Хрыстус.

19 РАЗЬДЗЕЛ.

1 І сталася, калі Аполло быў у Карынце, то Павал, абыйшоўшы горныя староны, прыйшоў у Эфэз. І знайшоў некаторых вучняў

2 і сказаў да іх: Ці ўверыўшы вы атрымалі Духа сьвятога? А яны сказалі да яго: Але мы і ня чулі, ці ёсьць Дух сьвяты.

3 Ён-жа сказаў: Дык у чым вы хрышчаны? Яны сказалі: У хросьце Яна.

4 Павал-жа сказаў: Ян хрысьціў народ хростам пакуты, кажучы, каб уверылі ў таго, каторы па ім мае прыйсьці, гэта значыць, у Езуса.

5 Пачуўшы гэтае, былі ахрышчаны ў імя Пана Езуса.

6 І калі Павал узлажыў на іх рукі, прыйшоў на іх Дух сьвяты, і гаварылі мовамі, і прарочылі.

7 Было-ж усіх мужоў каля дванаццацёх.

8 А ўвайшоўшы ў бажніцу, гаварыў з адвагай праз тры месяцы, гутаручы і пераконываючы аб каралеўстве Божым.

9 Калі-ж некаторыя ўпіраліся і ня верылі, наругаючыся з шляху Пана перад мноствам, адыйшоўшы ад іх, адлучыў вучняў, штодня гутаручы ў школе нейкага Тыранна.

10 Дзеялася-ж гэтае праз два гады, так што ўсе, каторы жылі ў Азіі, слухалі слова Пана, жыды і пагане.

11 І не абыякія цуды чыніў Бог рукою Паўла,

12 так што нават хусткі і паясы ад ягонага цела заносілі на хворых, і адыходзілі ад іх хваробы, і выходзілі злыя духі.

13 Прабавалі-ж некаторыя і з вандроўных жыдўскіх экзарцыстаў прызываць імя Пана Езуса над тымі, што мелі злых духаў, кажучы: Заклінаю вас праз Езуса, каторага абвяшчае Павал.

14 Было-ж нейкіх сем сыноў жыда Скевы, старшага сьвятара, каторыя гэтак рабілі.

15 А злы дух адказваючы сказаў ім: Езуса знаю і Паўла ведаю, але вы хто такія?

16 І ўскочыўшы на іх чалавек, у каторым быў вельмі злы дух, і абдолеўшы абодвух, паказаў над імі такую сілу, што яны голыя і параненыя ўцяклі з таго дому.

17 І гэта сталася ведамым усім жыдом і паганам, каторыя жылі ў Эфэзе; і паў на іх усіх страх, і было слаўлена імя Пана Езуса.

18 І многія з веруючых прыходзілі, спавядаючыся і выказваючы свае ўчынкі.

19 Многія-ж з тых, што займаліся чарамі, знайшлі кнігі і спалілі перад усімі. А зьлічыўшы цэны іх, знайшлі на грошы пяцьдзесят тысяч дынараў.

20 Так сільна расло слова Божае і ўмацоўвалася.

21 А споўніўшы гэта, павал намерыўся ў духу, прайшоўшы Македонію і Ахаю, ісьці ў Ерузалім, кажучы: што пасьля таго як там буду, трэба мне і Рым відзець.

22 І паслаўшы ў Македонію двух з паслугаваўшых яму, Цімафея і Эраста, сам да часу астаўся ў Азіі.

23 А ў той час сталася не малое забурэньне дзеля шляху Пана. Бо адзін сераброўнік, на імя Дзімітры, каторы вырабляў сярэбраныя сьвятынкі Дыяны, даваў рамесьнікам не малы заработак.

25 Ён, склікаўшы іх і тых, каторыя былі гэтага роду працаўнікамі, сказаў: Мужы, вы ведаеце, што з гэтага рамясла ёсьць наш даход.

26 А вы бачыце і чуеце, што ня толькі ў Эфэзе, але амаль ва ўсей Азіі гэты Павал, нагаварваючы, адвярнуў вялікую грамаду, кажучы: што гэта не багі, каторыя робяцца рукамі.

27 І гэта ня толькі пагражае нашаму рамяслу, каб яно ня прыйшло ў пагарду, але і сьвятыня вялікай Дыяны будзе лічыцца за нішто, але і пачне ніштожыцца вялікасьць тае, каторай пакланяецца ўся Азія і сьвет.

28 Пачуўшы гэтае, яны напоўніліся гневам і закрычалі, кажучы: Вялікая Дыяна Эфэская.

29 І напоўніўся горад узбурэньнем, і зрабілі аднадушна напад на тэатр, хватаючы Гая і Арыстарха, македонцаў, таварышаў Паўла.

30 А калі Павал хацеў выйсьці да народу, вучні не пазволілі.

31 Некаторыя-ж і з начальнікаў Азіі, будучы яго прыяцелямі, паслалі да яго, просячы, каб не ўваходзіў у тэатр.

32 А іншыя другое крычалі. Бо было сабраньне бурнае і большасьць ня ведалі, дзеля чаго сабраліся.

33 А з грамады выцягнулі Александра, каторага выпіхалі жыды. Аляксандар-жа, зажадаўшы рукою цішыні, хацеў здаць справу перад народам.

34 Калі яго пазналі, што ён жыд, узьняўся адзін голас усіх, крычачых каля дзьвюх гадзін: Вялікая Дыяна Эфэская.

35 А пісар, успакоіўшы грамады, сказаў: Мужы эфэскія, і хто-б з людзей ня ведаў, што горад Эфэз ёсьць паклоньнікам вялікай Дыяны, дочкі Юпітэра?

36 Дык калі гэтаму пярэчыць ня можна, трэба вам успакоіцца і нічога неразважнага не рабіць.

37 Бо вы прыявялі гэтых людзей, ані сьвятазьняважнікаў, ані блюзьнячых проціў вашае багіні.

38 А калі Дзімітры і тыя, што з ім ёсьць, рамесьнікі, маюць справу проціў каго, то адбываюцца на рынку суды, і ёсьць старасты, няхай адны другіх вінавацяць.

39 Калі-ж даходзіце іншае рэчы, то можа быць вырашана на законным сабраньні.

40 Бо і пагражае нам, каб мы нябылі абвінавачаны ў сяньняшнім бунце, бо няма нікога вінаватага (аб каторым не маглі-б здаць справу) гэтага зборышча. І сказаўшы гэтае, распусьціў сабраньне.

20 РАЗЬДЗЕЛ.

1 А пасьля таго, як перастала разруха, Павал, склікаўшы вучняў і напомніўшы іх, разьвітаўся і рушыў, каб ісьці ў Македонію.

2 Калі-ж прайшоў гэныя староны і напомніў іх многай мовай, прыйшоў у Грэцыю.

3 Дзе калі прабыў тры месяцы, жыды зрабілі яму подступы, калі меўся адплыць у Сырыю; і пастанавіў вярнуцца праз Македонію.

4 А падарожнічаў з ім Соапатэр Пырраў, Бэроанін, а з Тэссалонічан Арыстарх і Сэкунд, І Гай Дэрбеец і Цімафей, а Азійцы Тыхік і Трахім.

5 Яны, пайшоўшы наперад, чакалі на нас у Троадзе.

6 А мы адплылі з Філіппаў па днях Праснакоў і прыбылі да іх у Троаду цераз пяць дзён, дзе прабылі сем дзён.

7 А ў першы дзень па субоце, калі мы былі сабраўшыся на ламаньне хлеба, Павал гаварыў з імі, маючы вырушыць назаўтра і зацягнуў мову аж да поўначы.

8 А было многа ламп у сьвятліцы, дзе мы былі сабраўшыся.

9 Седзячы-ж на вакне адзін дзяцюк, на імя Эўтых, папаўшы ў глыбокі сон, калі Павал доўга гаварыў, кіўнуўшыся ў сьне, ўпаў з трэцяга паверху ўніз, і падняты быў умерлы.

10 Калі Павал зыйшоў да яго, кінуўся на яго і абняўшы, сказаў: Не трывожцеся, бо душа ягона ў ім.

11 І ўзыйшоў і ламаў хлеб і еў і даволі нагаварыўшы аж да сьвету, так вырушыў.

12 А хлапца прывялі жывога і ўцешыліся немала.

13 А мы, узыйшоўшы на карабель, паплылі ў Ассон, маючы адтуль забраць Паўла; бо гэтак быў пастанавіўшы сам, маючы адбыць дарогу зямлёю.

14 Калі-ж ён зыйшоўся з намі ў Ассоне, мы, забраўшы яго, прыбылі ў Мітылену.

15 І адплыўшы адтуль, мы на другі дзень прыбылі супроць Хіосу, а назаўтра мы прысталі да Самосу, а на другі дзень прыбылі ў Мілет.

16 Бо Павал быў пастанавіўшы абмінуць Эфэз, каб ня сталася яму якое спазьненьне ў Азіі. Бо сьпяшаўся, калі-б было яму магчыма, каб дзень Сёмухі абходзіць у Ерузаліме.

17 А з Мілету паслаўшы ў Эфэз, паклікаў старшых касьцёла.

17 Калі яны прыйшлі да яго і былі разам, сказаў ім: Вы ведаеце ад першага дня, у каторы я ўвайшоў у Азію, як я быў з вамі праз увесь час,

19 служачы Пану з ўсей пакорай і сьлязамі і спакушэньнямі, якія прыходзілі на мяне ад подступаў жыдоўскіх.

20 Як я нічога не прапусьціў карыснага, каб вам не абвясьціць і навучыць вас публічна і па дамох,

21 сьведчучы перад жыдамі і паганамі аб пакуце перад Богам і аб веры ў Пана нашага Езуса Хрыста.

22 І цяпер вось я зьвязаны духам іду ў Ерузалім, ня ведаючы, што ў ім мае прыйсьці на мяне;

23 адно што Дух сьвяты па ўсіх гарадох сьведчыць мне, кажучы, што чакаюць мяне ў Ерузаліме путы і ўцісьненьні.

24 Але я нічога гэтага не баюся і не раблю жыцьця майго даражэйшым за сябе, каб толькі закончыць бег мой і служэньне слова, якое я атрымаў ад Пана Езуса, каб сьведчыць аб эванэліі ласкі Божай.

25 І цяпер вось я ведаю, што болей ня ўгледзіце вобліку майго вы ўсе, праз каторых я прыйшоў, абвяшчаючы каралеўства Божае.

26 Дзеля гэтага сьведчу вам у сягоньняшні дзень, што я чысты ад крыві ўсіх,

27 бо ня ўхіляўся абвяшчаць вам усю волю Божую.

28 Уважайце на сябе і на ўсю стаду, у якой Дух сьвяты паставіў вас біскупамі, каб кіраваць Касьцёлам Божым, каторы ён здабыў крывёю сваею.

29 Я ведаю, што пасьля майго адыходу ўвойдуць між вас ваўкі рвучыя, не ашчаджаючыя стады.

30 І з вас самых паўстануць мужы, гаворачыя круцельствы, каб адвясьці за сабою вучняў.

31 Дзеля гэтага чуйце, памятаючы, што я праз тры гады ўначы і ўдзень не пераставаў напамінаць са сьлязьмі кожнага з вас.

32 І цяпер паручаю вас Богу і слову ласкі ягонай, каторы мае моц збудаваць і даць спадчыну і даць спадчыну між усіх пасьвячоных.

33 Серабра і золата або адзежы я ў нікога не пажадаў, як

34 самі ведаеце, што на мае патрэбы і тых, каторыя ёсьць са мною, служылі гэтыя рукі.

35 Усё вам паказаў, што так працуючы трэба падтрымліваць слабых і помніць слова Пана Езуса, што ён сказаў: шчасьлівей даваць, чым браць.

36 І калі гэтае сказаў, стаўшы на калені свае, маліўся з імі ўсімі.

37 І ўзьняўся вялікі плач усіх, і кідаючыся на шыю Паўла, цалавалі яго,

38 адчуваючы жаль найболей з таго слова, якое ён сказаў, што болей ня ўгледзяць вобліку ягонага. І праводзілі яго да карабля.

21 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Калі-ж сталася, што мы адплылі, растаўшыся з імі, мы напрасткі прыбылі ў Кос, а на другі дзень у Родос, а адтуль у Патару.

2 І калі знайшлі карабель, які адплываў у Фэніцыю, мы ўзыйшоўшы адплылі.

3 Калі-ж мы паказаліся перад Цыпрам, пакінуўшы яго налева, паплылі ў Сырыю. І прыбылі ў Тыр, бо там карабель меў выгрузіць цяжар.

4 А знайшоўшы вучняў, мы прабылі там сем дзён; яны казалі Паўлу праз Духа, каб ня ішоў у Ерузалім.

5 Калі- ж скончыліся дні, мы вырушыўшы ішлі. Усе праводзілі нас з жонкамі і дзяцьмі аж за горад, і стаўшы на калені на беразе, мы маліліся.

6 І разьвітаўшыся адны з другімі, мы ўзыйшлі на карабель, а яны вярнуліся да сябе.

7 А мы, скончыўшы плаваньне, з Тыру прыбылі ў Птолэмаіду, і прывітаўшыся з братамі, прабылі ў іх адзін дзень.

8 А на другі дзень вырушыўшы, прыбылі ў Цэзарэю. І ўвайшоўшы ў дом Філіпа эванэліста, каторы быў адным з сямёх, затрымаліся ў яго.

9 У яго-ж былі чатыры дочкі дзяўчаты, якія прарочылі.

10 І калі мы прабылі некалькі дзён, надыйшоў з Юдэі адзін прарок, на імя Агаб.

11 Ён, прыйшоўшы да нас, узяў пояс Паўла, і зьвязаўшы сабе ногі і рукі, сказаў: Гэтае кажа Дух сьвяты: “Мужа, да каторага належыць гэты пояс, так зьвяжуць у Ерузаліме жыды і аддадуць у рукі паганаў”.

12 Пачуўшы гэтае, прасілі мы і тыя, што былі з таго месца, каб ня ішоў у Ерузалім.

13 Тады адказаў Павал і сказаў: што вы робіце, плачучы і надрываючы маё сэрца? Бо я ня толькі быць зьвязаным, але і памёрці ў Ерузаліме гатоў дзеля імені Пана Езуса.

14 А калі мы яго не маглі пераканаць, мы супакоіліся, кажучы: Няхай станецца воля Пана.

15 Пасьля-ж гэтых дзён прыгатовіўшыся, мы ішлі ў Ерузалім.

16 Ішлі-ж з намі і вучні з Цэзарэі, вядучы з сабою аднаго цыпрыйца Мнасона, даўняга вучня, у каторага мы мелі гасьціць.

17 І калі мы прыйшлі ў Ерузалім, браты прынялі нас ахвотна.

18 А на другі дзень увайшоў Павал з намі да Якуба і сабраліся ўсе старшыя.

19 Прывітаўшы іх, расказваў падрабязна, што Бог учыніў сярод паганаў праз ягонае служэньне.

20 яны-ж выслухаўшы, славілі Бога і сказалі яму: Відзіш, браце, сколькі ёсьць тысячаў пасярод жыдоў, каторыя ўверылі, а ўсе яны рупныя слугі закону.

21 А пачулі яны аб табе, што вучыш адступніцтва ад Майсея тых жыдоў, якія ёсьць пасярод паганаў, кажучы, што яны не павінны абразаць сыноў сваіх і паступаць паводле звычаю.

22 Дык што-ж? Пэўне-ж трэба, каб сабраўся народ, бо пачуюць, што ты прыйшоў.

23 Дык зрабі гэтае, што мы табе кажам: Ёсьць у нас чатыры мужы, каторыя маюць на сабе шлюбаваньне.

24 Узяўшы іх, асьвяціся з імі і заплаці за іх, каб яны астрыглі галовы; і пазанаюць усе, што тое, што аб табе чулі, ёсьць фальш, але што і сам берагучы закон ходзіш.

25 Аб тых-жа, каторыя ўверылі з паганаў, мы напісалі, пастанаўляючы: каб яны ўстрымаліся ад ахвяраванага балваном, і крыві, і душанага, і блуду.

26 Тады Павал, узяшы мужоў, на заўтрашні дзень, будучы ачышчаны з імі, уавайшоў у сьвятыню, абвяшчаючы заканчэньне дзён ачышчэньня, як за кожнага з іх будзе зложана ахвяра.

27 Калі-ж кончыліся сем дзён, тыя жыды, што былі з Азіі, убачыўшы яго ў сьвятыні, падбурылі ўвесь народ і налажылі на яго рукі, крычачы:

28 Мужы ізраільскія, памажэце! Гэта той чалавек, каторы проціў народу і гэтага месца ўсюды усіх вучачы, яшчэ і паганаў увёў у сьвятыню і зьняважыў гэтае месца сьвятое.

29 Бо яны бачылі з ім у горадзе Трахіма Эфэзца, каторага, думалі, Павал увёў у сьвятыню.

30 І парушыўся ўвесь горад, і зрабілася зборышча народу. І ўзяўшы Паўла, цягнулі яго за сьвятыню, і зараз-жа дзьверы былі зачынены.

31 Калі-ж яны хацелі яго забіць, дана знаць тысячніку, што ўзбурыўся ўвесь Ерузалім.

32 Ён зараз-жа ўзяўшы жаўнераў і сотнікаў, прыбег да іх. Яны ўбачыўшы тысячніка і жаўнераў, перасталі біць Паўла.

33 Тады тыясчнік прыступіўшы, узяў яго і прыказаў яго зьвязаць двама ланцугамі, і пытаўся, хто ён і што зрабіў.

34 А кожны ў грамадзе крычаў што іншае. І ня могучы чаго пэўнага даведацца дзеля разрухі, прыказаў весьці яго ў лагер.

35 А калі прыйшоў да сходаў, прыйшлося жаўнерам несьці яго дзеля напору народу.

36 Бо ішло ўсьлед мноства народу, крычачы: Казьні яго!

37 І калі пачыналі ўвадзіць Паўла ў лагер, ён сказаў тысячніку: Ці можна мне нешта сказаць? Ён сказаў: Умееш па-грэцку?

38 Ці ты не эгіпцянін, што перад гэтымі днямі падняў разруху і вывеў у пустыню чатыры тысячы мужоў разбойнікаў?

39 І сказаў да яго Павал: Я-то чалавек жыд з Тарсу ў Цыліцыі, грамадзянін ведамага гораду, і прашу цябе, пазволь мне прагаварыць да народу.

40 І калі той пазволіў, Павал, стоячы на сходах, даў знак рукою народу і калі зрабілася вялікая ціш, прагаварыў у жыдоўскай мове, кажучы:

22 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Мужы браты і айцы, паслухайце, якую я цяпер здаю вам справу.

2 Калі-ж пачулі, што ў жыдоўскай мове гаварыў да іх, учынілі яшчэ большую цішыню.

3 І сказаў: Я ёсьць муж жыд, радзіўшыся ў Тарсе ў Цыліцыі, а ўзгадаваны ў гэтым горадзе, ля ног Гамалійэля навучаны паводле праўды айцоўскага закону, рупны слуга закону, так як і вы ўсе сягоньня;

4 я прасьледаваў гэты шлях аж да сьмерці, вяжучы і перадаючы ў вастрог мужоў і жанчын.

5 Як архісьвятар дае мне пасьведчаньне і ўсе старшыя, ад каторых атрымаўшы і пісьмы ад братоў, я ішоў у Дамашак, каб прывесьці адтуль зьвязаных у Ерузалім, каб іх пакараць.

6 І сталася, калі я ішоў і прыбліжаўся да Дамашку ў поўдзень, раптам асьвяціла мяне навакол вялікая сьветласьць з неба.

7 І ўпаўшы на зямлю, пачуў я голас, кажучы мне: “Шавал, Шавал, чаму ты мяне прасьледуеш”?

8 А я адказаў: Хто ты ёсьць, Пане? І сказаў да мяне: “Я ёсьць Езус Назарэнскі, каторага ты прасьледуеш”.

9 А тыя, што былі са мною, сьветласьць то бачылі, але голасу ня чулі таго, хто са мною гаварыў.

10 І я сказаў: Што мне рабіць, Пане? А Пан сказаў да мяне: “Устаўшы ідзі ў Дамашак, а там скажуць табе аб усім, што табе трэба рабіць”.

11 А калі я ня відзеў дзеля яснасьці таго сьвятла, ведзены за руку таварышамі, прыйшоў я ў Дамашак.

12 Адзін-жа Ананій, муж паводле закону, маючы пасьведчаньне ад усіх разам жывучых жыдоў,

13 прыйшоўшы да мяне, сказаў мне: “Шаўле, браце, праглянь”. І я ў тую-ж часіну глянуў на яго.

14 А ён сказаў: “Бог айцоў нашых празначыў цябе, каб ты пазнаў волю яго, і ўбачыў Справядлівага, і пачуў голас з вуснаў ягоных.

15 Бо будзеш сьведкай ягоным перад усімі людзьмі таго, што ты бачыў і чуў.

16 І цяпер чаго марудзіш? Устань, і ахрысьціся, і змый грахі твае, прызваўшы імя ягонае”.

17 А сталася, калі я вярнуўся ў Ерузалім і маліўся ў сьвятыні, я папаў у захапленьне.

18 І відзеў яго, кажучага мне: “Сьпяшайся і выйдзі скора з Ерузаліму, бо ня прыймуць твайго пасьведчаньня аба мне”.

19 А я сказаў: Пане, яны ведаюць, што я саджаў у вастрог і біў тых, што верылі ў цябе.

20 І калі лілася кроў Сьцяпана, твайго сьведкі, я стаяў там і згаджаўся і сьцярог вопратак тых, што забівалі яго.

21 І сказаў да мяне: “Ідзі, бо я да паганаў далёка пашлю цябе”.

22 І слухалі яго аж да гэтага слова, і паднялі голас свой, кажучы: зьніштож з зямлі гэтага, бо нельга, каб ён жыў!

23 А калі яны крычалі і кідалі вопраткі свае і шпурлялі пыл у паветра,

24 тысячнік загадаў увесьці яго ў лагер і біць бічамі і катаваць яго, каб даведацца, дзеля якой прычыны так на яго крычалі.

25 Калі-ж зьвязалі яго рамнямі, Павал сказаў да стаяўшага каля яго сотніка: Ці чалавека рымляніна і незасуджанага можна вам бічаваць?

26 Пачуўшы гэтае, сотнік падыйшоў да тысячніка і абвясьціў яму, кажучы: што хочаш рабіць? Бо гэты чалавек ёсьць рымскі грамадзянін.

27 І падыйшоўшы тысячнік сказаў яму: Скажы мне, ці ты рымлянін? А ён сказаў: Так.

28 І адказаў тысячнік: Я за вялікую суму здабыў гэтае грамадзянства. А Павал сказаў: А я і ўрадзіўся.

29 Дык зараз адступілі ад яго тыя, што мелі яго катаваць. Тысячнік так-жа спалохаўся, як даведаўся, што ён рымскі грамадзянін і што зьвязаў яго.

30 На другі-ж дзень, хочучы дакладней даведацца, з якой прычыны быў вінавачаны жыдамі, разьвязаў яго, і загадаў зыйсьціся сьвятарам і ўсей Радзе, і вывеўшы Паўла, паставіў паміж іх.

23 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Углядаючыся-ж на Раду, Павал сказаў: Мужы браты, ва ўсякім добрым сумленьні прабываў я перад Богам аж па сяньняшні дзень.

2 А архісьвятар Ананій загадаў тым, што стаялі каля яго, біць яго ў вусны.

3 Тады Павал сказаў да яго: Ударыць цябе Бог, сьцяна пабеленая. Ты-ж седзячы судзіш мяне паводле закону, а загадываеш мяне біць супроць закону?

4 А тыя, што стаялі пры ім, сказалі: Архісьвятару Божаму ты наругаесься?

5 А Павал сказаў: Ня ведаў я, браты, што ён архісьвятар. Бо ёсьць напісана: “Павадыру народу твайго не наругайся”. (Вых.22,28).

6 Павал-жа, ведаючы, што адна часьць была садукеяў, а другая фарызэяў, ускрыкнуў у Радзе: Мужы браты, я ёсьць фарызэй, сын фарызэяў; мяне судзяць за надзею і ўскрашэньне ўмерлых.

7 А калі гэтае сказаў, сталася спрэчка паміж фарызэямі і садукеямі і разарвалася сабраньне.

8 Бо садукеі кажуць, што няма ўскрашэньня, ані анёла, ані духа, а фарызэі прызнаюць і адно і другое.

9 І стаўся вялікі крык. А ўстаўшы некаторыя з фарызэяў, змагаліся, кажучы: Мы нічога благога не знаходзім у гэтым чалавеку. А можа з ім гаварыў дух або анёл?

10 І калі стаўся вялікі спор, тысячнік баючыся, каб яны Паўла не разарвалі, загадаў жаўнерам ісьці і вырваць яго спасярод іх і завясьці яго ў лагер.

11 А ў наступную ноч Пан, стаўшы пры ім, сказаў: Будзь стойкі, бо як ты сьведчыў аба мне ў Ерузаліме, так трэба, каб ты сьведчыў і ў Рыме.

12 Калі-ж настаў дзень, сабраліся некаторыя з жыдоў і пакаяліся сабе, кажучы, што ня будуць есьці ані піць, пакуль не заб’юць Паўла.

13 Было-ж болей як сорак мужоў, каторыя зрабілі гэту змову.

14 Яны прыйшлі да архісьвятараў і старшых і сказалі: Мы кляцьбою пакляліся, што не пакаштуем нічога, пакуль не заб’ём Паўла.

15 Дык вы цяпер паведамце тысячніка з Радаю, каб прывёў яго да вас, быццам вы маеце нешта пэнейшае даведацца аб ім. А мы, перш чым ён прыбліжыцца, прагатовіліся яго забіць.

16 Калі-ж пачуў сын Паўлавай сястры аб подступах, прыйшоў і ўвайшоў у лагер, і паведаміў Паўла.

17 Павал-жа, паклікаўшы да сябе аднаго з сотнікаў, сказаў: Гэтага дзяцюка завядзі да тысячніка, бо мае яму нешта далажыць.

18 І гэны-то ўзяўшы яго, завёў да тысячніка і сказаў: Вязень Павал прасіў мяне завясьці гэтага дзяцюка да цябе, ён мае табе нешта сказаць.

19 А тысячнік, узяўшы яго за руку, адыйшоў з ім набок і спытаўся ў яго: што такое, што ты маеш мне далажыць?

20 Ён-жа сказаў: жыды змовіліся прасіць цябе, каб ты ўзаўтра вывеў Паўла ў Раду, быцца яны маюць нешта пэўнейшае даведацца аб ім.

21 Але ты ня вер ім, бо з іх змовіліся на яго болей як сорак мужоў, каторыя пакляліся ня есьці і ня піць, пакуль не загубяць яго; і цяпер яны гатовы, чакаючы твайго абяцаньня.

22 Дык тысячнік адпусьціў дзяцюка, каб нікому не гаварыў, што аб гэтым яго паведаміў.

23 І паклікаўшы двух сотнікаў, сказаў ім: Прыгатуйце дзьвесьце жаўнераў, каб ішлі аж у Цэзарэю, і семдзесят коньнікаў і дзьвесьце дзіднікаў на трэцюю гадзіну ночы.

24 І прыгатуйце жывёлу, каб пасадзіўшы Паўла, здаровага адвялі да начальніка Фэлікса.

25 (Бо ён баяўся, каб яго часам не хвацілі жыды і не забілі, і каб ён потым ня зносіў абгавору, быццам меў атрымаць грошы).

26 Напісаў пісьмо, зьмяшчаючае гэтае: Клаўдый Лізій высокадастойнаму начальніку Фэліксу, прывет.

27 Гэтага мужа, злоўленага жыдамі, калі яны мелі яго забіць, я надыйшоўшы з войскам вырваў, пазнаўшы, што ён рымлянін.

28 А хочучы ведаць прычыну, якую яны яму закідалі, я завёў яго ў іхную Раду.

29 Знайшоў яго абвінавачанага ў справах іхнага закону, але ня маючага ніякай віны, годнай сьмерці або вастрогу.

30 А калі мне было данесена аб подступах, якія яны прыгатовілі яму, я паслаў яго да цябе, паведамлючы і тых, што яго вінавацілі, уаб гаварылі перад табою. Бывай здароў.

31 Дык жаўнеры паводле таго, як і было загадана, узяўшы Паўла, павялі ўначы ў Антыпатрыду.

32 А назаўтра, аставіўшы коньнікаў, каб ішлі з ім, вярнуліся ў лагер.

33 Калі яны прыбылі ў Цэзарэю і перадалі пісьмо начальніку, паставілі перад ім і Паўла.

34 А калі прачытаў і спытаўся, з якой быў правінцыі, і даведаўшыся, што з Цыліцыі,

35 сказаў: Выслухаю цябе, калі прыйдуць тыя, што цябе вінавацяць. І загадаў яго пільнаваць у палацы Гэрада.

24 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Пасьля-ж пяці дзён прыбыў архісьвятар Ананій з некаторымі старшымі і з нейкім рытарам Тэртуллам, каторыя зьвярнуліся да начальніка проціў Паўла.

2 І калі Павал быў пакліканы, Тэртулл пачаў вінаваціць, кажучы: Як мы праз цябе жывём у вялікім супакою і многа праз тваю празорнасьць папраўляецца,

3 заўсёды і ўсюды прыймаем, высокадастойны Фэліксе, з вялікай падзякай.

4 А каб цябе даўжэй не затрымліваць, прашу, коратка нас паслухай дзеля тваей ласкавасьці.

5 Знайшлі мы гэтага чалавека заразьлівым і падымаючым бунты проціў усіх жыдоў на ўсім сьвеце і павадыром бунтарскае сэкты,

6 які нават пробаваў зьняважыць сьвятыню; і яго мы ўзяўшы, хацелі асудзіць паводле нашага закону.

7 Але надыйшоўшы тысячнік Лізій, з вялікім гвалтам вырваў яго з нашых рук,

8 загадваючы абвініцелям ягоным ісьці да цябе. Ад яго ты сам можаш, судзячы, даведацца аб гэтым усім, у чым мы яго вінавацім.

9 А дабавілі і жыды, што яно гэтак маецца.

10 Адказаў-жа Павал, калі яму начальнік даў знак гаварыць: Ведаючы, што ты ад многіх гадоў ёсьць судзьдзя для гэтага народу, я з добрай ахвотай буду сябе бараніць.

11 Бо можаш даведацца, што няма болей як дванаццаць дзён, як я прыйшоў пакланіцца ў Ерузалім.

12 І не занйшлі яны мяне ані ў сьвятыні з кім спорачы або робячы зборышча народу, ані ў бажніцах,

13 ані ў горадзе і ня могуць даказаць табе таго, у чым цяпер мяне вінавацяць.

14 Але табе прызнаюся ў тым, што паводле сэкты, якую завуць гэрэзыяй, так служу Айцу і Богу майму, веручы ва ўсё, што ў законе і ў прарокаў напісана;

15 маючы надзею на Бога, што будзе ўскрашэньне справядлівых і несправядлівых, якога і яны самі чакаюць.

16 Дзеля гэтага і я сам стараюся, каб мець заўсёды сумленьне без абразы перад Богам і перад людзьмі.

17 Пасьля-ж многіх гадоў я прыбыў, каб чыніць дарэньні майму народу, і ахвяры, і шлюбаваньні.

18 На гэтым ачышчанага ў сьвятыні, не з грамадою, ані з забурэньнем знайшлі мяне

19 некаторыя-ж жыды з Азіі, каторым трэба было стануць перад табою і вінаваціць, калі-б што мелі проціў мяне.

20 Або гэтыя самыя няхай скажуць, ці знайшлі ўва-мне што нягоднае, калі я стаю перад Радай,

21 апроч гэтага аднаго толькі слова, якое я ўскрыкнуў, паміж імі стоючы: што вы мяне сягоньня судзіце за ўскрашэньне ўмерлых.

22 Але Фэлікс, каторы вельмі добра знаў гэты шлях, адправіў іх, кажучы: Калі прыйдзе тысячнік Лізій, выслухаю вас.

23 І загадаў сотніку сьцерагчы яго, і каб меў ён супакой, і каб не забараняў нікому з ягоных служыць яму.

24 Пасьля-ж некалькіх дзён Фэлікс, прыйшоўшы з жонкай сваею Друзыллай, якая была жыдоўкай, паклікаў Паўла і слухаў яго аб веры ў Хрыста Езуса.

25 Калі- ж ён гаварыў аб справядлівасьці, і чысьціні, і будучым судзе, Фэлікс спалохаўшыся адказаў: Адносна на цяпер, адыйдзі, а ў часе дагодным паклічу цябе,

26 разам і спадзяючыся, што Павал дасьць яму грошы; дзеля гэтага і часта яго клічучы, гаварыў з ім.

27 Калі-ж прайшлі два гады, Фэлікс атрымаў наступніка Порцыя Фэста. Хочучы-ж аказаць ласку жыдом, Фэлікс пакінуў Паўла ў вастрозе.

25 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Дык Фэст, прыбіўшы ў правінцыю, пасьля трох дзён адбыў з Цэзарэі ў Ерузалім.

2 І былі прыйшоўшы да яго архісьвятары і першыя з жыдоў проціў Паўла, і прасілі яго,

3 жадаючы ласкі проціў яго, каб загадаў яго прывесьці ў Ерузалім, маючы на мэце подступы, каб яго забіць у дарозе.

4 Але Фэст адказаў, што Паўла сьцерагуць у Цэзарэі, ён-жа мае хутка выехаць.

5 Дык каторыя з вас, кажа, маюць магчымасьць, няхай, паехаўшы разам, калі ёсьць у мужы якая віна, вінавацяць яго.

6 Пабыўшы-ж у іх ня болей як восем або дзесяць дзён, вярнуўся ў Цэзарэю і на другі дзень сеў у трыбунале і загадаў прыевесьці Паўла.

7 Калі ён быў прыведзены, абступілі яго жыды, што былі прыйшоўшы з Ерузаліму, закідаючы многа цяжкіх правінаў, якіх не маглі даказаць.

8 Павал бараніўся: што я не саграшыў нічога ані проціў жыдоўскага закону, ані проціў сьвятыні, ані проціў цэзара.

9 Але Фэст, хочучы аказаць ласку жыдом, адказваючы Паўлу, сказаў: Хочаш ехаць у Ерузалім і там за гэта быць суджаным перада мною?

10 Павал-жа сказаў: Я стаю перад трыбуналам цэзара, там мяне трэба судзіць. Жыдом я крыўды не зрабіў, як ты лепш ведаеш.

11 Бо калі-б зрабіў крыўду або ўчыніў нешта годнае сьмерці, я не адказваюся памёрці. Але калі няма нічога з таго, у чым яны мяне вінавацяць, ніхто ня можа мяне ім падарыць. Апэлюю да цэзара.

12 Тады Фэст, пагаварыўшы з Радай, адказаў: Да цэзара ты апэляваў, да цэзара пойдзеш.

13 Калі-ж прайшло некалькі дзён, кароль Агрыппа і Вэрніка прыбылі ў Цэзарэю, каб прывітаць Фэста.

14 І калі прабылі там многа дзён, Фэст далажыў каралю аб Паўле, кажучы: Адзін муж ёсьць астаўлены Фэліксам у вастрозе.

15 На яго, калі я быў у Ерузаліме, прыйшлі да мяне архісьвятары і старшыя жыдоўскія, жадаючы проціў яго асуджэньня.

16 Я ім адказаў, што ў рымлян няма звычаю асуджаць якога чалавека, перш чым той, каторага вінавацяць, будзе мець прысутных абвініцеляў і атрымае месца на абарону, каб ачысьціцца ад праступкаў.

17 Дык калі яны сюды зыйшліся бяз ніякага адкладу, я на наступны дзень, сеўшы ў трыбунале, загадаў прывясьці мужа.

18 Стаўшы абвініцелі, не прынясьлі на яго ніякай віны з тых, у каторых я падазраваў благое.

19 Але мелі проціў яго нейкія справы аб сваім вераваньні і аб нейкім памёршым Езусе, аб каторым цьвярдзіў Павал, што жыве.

20 Я-ж, не разьбіраючыся ў гэтай справе, казаў, што ці хацеў-бы ён ісьці ў Ерузалім і там за гэтае быць суджаным.

21 Але калі Павал апэляваў, каб яго захаваць на разгляд Аўгуста, я загадаў захаваць яго, пакуль не адашлю да цэзара.

22 Агрыппа-ж сказаў да Фэста: Я і сам хацеў-бы паслухаць чалавека. Заўтра, сказаў, пачуеш яго.

23 На другі-ж дзень, калі прыйшоў Агрыппа і Вэрніка з вялікай пышнасьцяй і ўвайшлі ў паслухальню з тысячнікамі і паважанейшымі мужамі гораду, па загаду Фэста быў прыведзены Павал.

24 І сказаў Фэст: Кароль Агрыппа і ўсе мужы, што разам з намі прыстутны, вы бачыце гэтага, каторага ўсё мноства жыдоў жадала ад мяне ў Ерузаліме, просячы і крычучы, што трэба, каб ён болей ня жыў.

25 Але я пазнаў, што ён не дапусьціўся нічога годнага сьмерці. А калі ён сам апэляваў да Аўгуста, я разсудзіў паслаць.

26 Што-б аб ім пэўнае напісаць пану, ня маю. Дзеля гэтага вывеў яго да вас, а найбольш да цябе, кароль Агрыппа, каб зрабіўшы допыт, меў я што пісаць.

27 Бо неразумным мне здаецца паслаць вязьня і не падаць ягоных правінаў.

26 РАЗЬДЗЕЛ.

1 Агрыппа-ж сказаў да Паўла: Дазваляецца табе гаварыць аб сабе самым. Тады Павал, працягнуўшы руку, пачаў бараніцца.

2 Я лічу сябе шчасьлівым, кароль Агрыппа, што прад табою маю сягоньня бараніць сябе ад усяго, у чым мяне вінавацяць жыды.

3 Найбольш, што ты ведаеш усё, і якія ёсьць у жыдоў звычаі і справы, дзеля гэтага прашу, каб мяне цярпліва выслухаў.

4 А жыцьцё-то маё ад моладасьці, якое было ад пачатку пасярод майго народу ў Ерузаліме, ведаюць усе жыды,

5 знаючы мяне ад пачатку (калі-б хацелі даць пасьведчаньне), што паводле найпэўнейшай сэкты нашай рэлігіі я жыў як фарызэй.

6 А цяпер у надзеі абяцаньня, якое сталася да айцоў нашых ад Бога, я стаю як падсудны,

7 да якога спадзяюцца дайсьці дванаццаць нашых пакаленьняў, служачы ўначы і ўдзень. За гэту надзею, кароль, вінавацяць мяне жыды.

8 Чаму непадобным да веры лічыцца ў вас, калі Бог ускрашае ўмерлых?

9 А я-то думаў, што я павінен зрабіць многа праціўнага супроць імені Езуса Назарэнскага.

10 Што я і зрабіў у Ерузаліме, узяўшы ўладу ад архісьвятараў, і многа сьвятых я замкнуў у вастрогах, а калі іх забівалі, я насіў прысуд.

11 І часта караючы іх па ўсіх бажніцах, я прымушаў блюзьніць, а праз меру проціў іх шалеючы, я прасьледаваў аж па чужых гарадох.

12 Калі на гэтае я ішоў у Дамашак, з уладаю і дазволам архісьвятараў,

13 я ўпоўдзень увідзеў у дарозе, кароль, як сьвятло з неба над яснасьць сонца асьвяціла мяне і тых, што былі разам са мною.

14 А калі мы ўсе ўпалі на зямлю, пачуў я голас, гаворачы да мяне ў жыдоўскай мове: “Шаўле, Шаўле, чаму ты мяне прасьледуеш? Трудна табе проціў ражна брыкаць”.

15 А я сказаў: Хто ты ёсьць, Пане? Пан-жа сказаў: “Я ёсьць Езус, каторага ты прасьледуеш.

16 Але падыміся і стань на ногі свае, бо на тое я зьявіўся табе, каб паставіць цябе слугою і сьведкай таго, што ты відзеў, і таго, ў чым табе зьяўлюся;

17 вырываючы цябе ад народу і паганаў, да каторых я цяпер пасылаю цябе

18 адчыніць ім вочы, каб зьвярнуліся ад цемры да сьвятла, а ад улады д’ябла да Бога, каб атрымалі адпушчэньне грахоў і ўдзел паміж сьвятымі праз веру ў мяне”.

19 Дзеля гэтага, кароль Агрыппа, я ня быў няверны нябеснаму відзеньню,

20 але абвяшчаю я сьпярша тым, што ёсьць у Дамашку, і ў Ерузаліме, і па ўсей жыдоўскай краіне, і паганам, каб пакутывалі і навярнуліся да Бога, чынячы ўчынкі годныя пакуты.

21 Дзеля гэтай прычыны жыды, схапіўшы мяне, калі я быў у сьвятыні, імкнуліся мяне забіць.

22 Але ўспаможаны помачай Бога я стаю аж па сягоньняшні дзень, сьведчучы і меншаму і большаму, нічога ня кажучы апроч таго, што гаварылі прарокі, што мае быць, і Майсей:

23 што Хрыстус падлеглы цярпеньню, што ён першы з ускросшых мае абвяшчаць сьвятло народу і паганам.

24 Калі ён гэта гаварыў і бараніўся, Фэст сказаў вялікім голасам: Ты шалееш, Паўле, вялікая навука даводзіць цябе да шалу.

25 А Павал сказаў: Я не шалею, высокадастойны Фэсьце, але гавару словы праўды і развагі.

26 Бо аб гэтым ведае кароль, да каторага і гавару сьмела, бо думаю, што нічога з гэтага ад яго не закрыта. Бо нічога з гэтага ня дзеялася ў кутку.

27 Ці верыш, кароль Агрыппа, прарокам? Ведаю, што верыш.

28 Агрыппа-ж да Паўла: Памалу праканаеш мяне стацца хрысьціянінам.

29 А Павал: Я жадаю ў Бога, каб і ў малым і ў вялікім, ня толькі ты, але і ўсе, каторыя слухаюць, сталіся сягоньня такімі, якім і я ёсьць, апроч гэтых путаў.

30 І ўстаў кароль, і начальнік, і Вэрніка, і каторыя сядзелі з імі.

31 І адыйшоўшы, гаварылі паміж сабою, кажучы: Што нічога ня ўчыніў гэты чалавек годнага сьмерці або путаў.

32 А Агрыппа сказаў Фэсту: Гэты чалавек мог быць звольнены, каб не апэляваў да цэзара.

27 РАЗЬДЗЕЛ.

1 А як было яму прысуджана плысьці ў Італію, дык аддалі Паўла з іншымі вязьнямі сотніку, на імя Юлію, роты аўгуставай.

2 Узыйшоўшы на адрумэцкі карабель, маючы плысьці каля мясьцін Азіі, мы вырушылі; з намі быў Арыстарх Македонец тэссалоніцкі.

3 І на другі дзень мы прыбылі ў Сыдон. Юлій-жа, палюдзку абходзячыся з Паўлам, пазволіў ісьці да прыяцеляў і парабіць стараньні каля сябе.

4 І вырушыўшы адтуль, мы падплылі да Цыпру, затым што былі праціўныя вятры.

5 І пераплыўшы мора Цыліцыі і Памфіліі, мы прыбылі ў Лістру, якая ёсьць у Ліцыі.

6 А там сотнік, знайшоўшы александрыйскі карабель, які плыў у Італію, перасадзіў нас на яго.

7 І плывучы памалу праз многа дзён, і ледзь прыплыўшы наўпроць Кніда, бо перашкаджаў нам вецер, мы прыплылі да Крыту каля Салмону.

8 І ледзь плывучы побач, мы прыбылі ў вадно месца, якое завецца Добрыя Затокі, блізка якога быў горад Таласса.

9 Калі-ж прайшло многа часу, і калі ўжо плаваньне ня было бясьпечным, затым што ўжо і пост прайшоў, Павал прасьцерагаў іх,

10 кажучы ім: Мужы, віджу, што плаваньне пачынае быць са шкодай і вялікай стратай ня толькі цяжару і карабля, але і жыцьця нашага.

11 Але сотнік болей верыў стырніку і гаспадару карабля, чым таму, што гаварыў Павал.

12 А як ня было выгоднай затокі да зімаваньня, большасьць падала раду плысьці адтуль, можа неяк змаглі-б перазімаваць, дабраўшыся да Фэніксу у Крыцкай затоцы, якая ляжыць проціў паўдзённа і паўночна-заходняга ветру.

13 Калі-ж падуў паўдзённы вецер, думаючы, што дадзержаць намеру, яны вырушыўшы з Ассону, плылі ўздоўж Крыту.

14 Але нядоўга пасьля гэтага наляцеў на яго бурны вецер, званы эўраквілон.

15 Калі-ж быў пахоплены карабель і ня мог ісьці проціў ветру, здаўшы карабель на вецер, мы панясьліся.

16 І прынёсшыся данейкага вострава, званага Каўда, мы ледзь змаглі ўдзяржаць лодку.

17 Падняўшы яе, ужывалі памоцных спосабаў, абвязваючы карабель. Баючыся, каб не папасьці ў Сырту, спусьцілі парус і так нясьліся.

18 А як моцная бура намі кідала, на другі дзень выкінулі цяжар.

19 А на трэці дзень сваімі рукамі выкінулі карабельныя прылады.

20 Калі-ж ані сонца ані зоры не паказваліся праз многа дзён, а бура налягала не малая, ужо прапала ўсякая надзея на наш ратунак.

21 А як былі доўга без яды, тады Павал, стаўшы пасярод іх, сказаў: Трэба-ж было, мужы, паслухаўшы мяне, ня зрывацца ад Крыту і ўсьцерагчыся гэтага няшчасьця і ўтраты.

22 А цяпер раджу вам быць добрай мысьлі, бо ніводнага з вас жыцьцё ня згіне, апроч толькі карабля.

23 Бо стануў пры мне ў гэту ноч анел Бога, да каторага я належу і катораму служу,

24 кажучы: “Ня бойся, Паўле, трэба табе стануць перад цэзарам, і вось падарыў табе Бог усіх, што плывуць з табою”.

25 Дзеля гэтага будзьце добрай мысьлі, мужы, бо я веру Богу, што будзе так, як мне было сказана.

26 І мы мусім прыплысьці да нейкага вострава.

27 А калі надыйшла чатырнаццатая ноч, як мы плавалі па Адрыі, каля поўначы здалося карабельнікам, што ім паказалася нейкая краіна.

28 І спусьціўшы шнур з волавам, яны знайшлі дваццаць сажняў, а трохі адтуль адплыўшы, знайшлі пятнаццаць сажняў.

29 Баючыся-ж, каб не папасьці на скалістыя мясцы, кінулі з кармы чатыры якары і жадалі, каб настаў дзень.

30 А калі карабельнікі хацелі ўцячы з карабля і спускалі ў мора лодку, пад відам быццам хочуць сьпераду закінуць якар,

31 сказаў Павел сотніку і жаўнерам: Калі гэтыя не астануцца на краблі, вы ня можаце быць выратаваны.

32 Тады жаўнеры паадсякалі вяроўкі ад лодкі і далі ей зваліцца.

33 А калі пачало сьвітаць, прасіў Павал усіх прыняць ежу, кажучы: Сягоньня, чатырнаццаты дзень чакаючы, вы трываеце ня еўшы, нічога ня прыймаючы.

34 Дзеля гэтага прашу вас прыняць ежу на вашае здароўе, бо ніводнага з вас волас з галавы ня згіне.

35 І калі гэтае сказаў, узяўшы хлеб, учыніў падзяку Богу на вачах усіх, і пераламаўшы, пачаў есьці.

36 І яны ўсе, стаўшыся болей спакойнымі, так-жа прынялі ежу.

37 А было нас усіх душ на караблі дзьвесьце семдзесят шэсьць.

38 І насыціўшыся ежай, аблягчалі карабель, выкідаючы пшаніцу ў мора.

39 Калі-ж настаў дзень, не пазнавалі зямлі, але заўважылі нейкую затоку, маючую бераг, да якога думалі, калі змогуць, прыстаць з караблём.

40 І падняўшы якараы, даручылі сябе мору, разам аслабіўшы сувязі стыраў і падняўшы на перадзе парус паводле ветру, скіраваліся да берагу.

41 А папаўшы на мелкае месца, узьбілі карабель, і перад, увязшы, астаўся нярухомы, а карма разьбівалася сілаю мора.

42 Была-ж рада ў жаўнераў, каб пазабіваць вязьняў, каб хто выплыўшы ня ўцёк.

43 Але сотнік, хочучы захаваць Паўла, забараніў рабіць і загадаў тым, каторыя маглі плаваць, кінуцца першымі і выплыць і выйсьці на зямлю,

44 а рэшту іншых на дошках несьлі, некаторых на тым, што было з карабля. І так сталася, што ўсе душы выйшлі на зямлю.

28 РАЗЬДЗЕЛ.

1 А калі мы выйшлі, тады пазналі, што востраў называўся Мэліта. А варвары паказвалі нам не малую людзкасьць.

2 Бо распаліўшы агонь, прыймалі нас усіх дзеля дажджу, каторы надыходзіў, і холаду.

3 Калі-ж Павал назьбіраў нямала хворасту і клаў на агонь, зьмяя, вылезшы ад гарачыні, прычапілася да ягонай рукі.

4 А як убачылі варвары гада, зьвісаўшага з рукі ягонай, гаварылі паміж сабою: Пэўне гэты чалавек забойца, каторы хоць выйшаў з мора, помста не дае яму жыць.

5 А ён-то абтросшы гада ў вагонь, не пацярпеў нічога благога.

6 Яны-ж думалі, што ён пачне пухнуць і раптам упадзе і памрэ. А калі яны доўга чакалі і ўбачылі, што яму не стаецца нічога дрэннага, зьмяніўшы думкі, казалі, што ён бог.

7 А ў тых мясцох былі двары князя вострава, на імя Публія, каторы прыняўшы нас, праз тры дні ласкава гасьціў.

8 І здарылася, што бацька Публія ляжаў хворы на трасцу і крываўку. Да яго ўвайшоў Павал, і памаліўшыся, і ўзлажыўшы на яго рукі, аздаравіў яго.

9 Калі гэтае сталася, усе на востраве, якія мелі хваробы, прыходзілі і былі аздароўлены.

10 Яны так-жа да нас аднасіліся з вялікай пашанай, і калі мы адплывалі, налажылі, чаго было трэба.

11 Пасьля-ж трох месяцаў мы паплылі на александрыйскім караблі, каторы зімаваў на востраве, у каторага быў знак Кастораў.

12 І прыбыўшы ў Сыракузы, прабылі там тры дні.

13 Адтуль паплыўшы вокал, прыплылі ў Рэгію, а калі цераз адзін дзень падуў паўдзённы вецер, мы на другі дзень прыбылі ў Путэолі,

14 дзе знайшоўшы братоў, мы былі прошаны астацца ў іх сем дзён. І так прыбылі ў Рым.

15 А адтуль пачуўшы браты, выйшлі нам насустрэч аж да рынку Аппія і Трох Карчмаў. Калі іх убачыў Павал, падзякаваўшы Богу, набраў адвагі.

16 Калі-ж мы прыбылі ў Рым, дазволена было Паўлу жыць асобна з сьцерагучым яго жаўнерам.

17 Пасьля-ж трох дзён склікаў першых з жыдоў і, калі яны зыйшліся, казаў ім: Мужы браты, я, нічога ня ўчыніўшы проціў народу або айцоўскага звычаю, зьвязаны з Ерузаліму быў аддадзены ў рукі рымлян.

18 Калі яны зрабілі аба мне допыт, хацелі мяне пусьціць, бо ня было ўва-мне ніякай прычыны сьмерці.

19 Калі-ж супраціўляліся жыды, я быў прымушаны апэляваць да цэзара, не каб я меў у нечым вінаваціць свой народ.

20 Дык дзеля гэтай прычыны я прасіў, каб вас пабачыць і пагаварыць. Бо дзеля надзеі Ізраіля я зьвязаны гэтым ланцугом.

21 Яны-ж сказалі да яго: Мы не атрымалі аб табе ані пісьмаў з Юдэі, ані ніхто з братоў прыйшоўшы паведаміў або гаварыў што благое аб табе.

22 Мы-ж просім, каб пачуць ад цябе, што ты думаеш; бо аб гэтай сэкце нам ведама, што ей усюды працівяцца.

23 І назначыўшы яму дзень, прыйшло да яго на кватэру вельмі многа. Ён выкладаў ім, сьведчучы аб каралеўстве Божым і пераконываючы іх аб Езусе з закону Майсея і прарокаў ад ранку аж да вечара.

24 І некаторыя верылі таму, што гаварылася, а некаторыя ня верылі.

25 І ня будучы паміж сабою згоднымі, адыходзілі. Павал казаў адно слова: Што добра Дух сьвяты гаварыў праз Ізаія прарока да айцоў нашых (6,9–10),

26 кажучы: “Ідзі да народу гэтага і скажы да іх: Вухам будзеце слухаць і не зразумееце, і гледзячы будзеце ўглядацца і ня ўгледзіце.

27 Бо агрубела сэрца гэтага народу, і вушамі трудна чулі, і заплюшчылі вочы свае, каб часам ня ўбачыць вачыма, і не пачуць вушыма, і незразумець сэрцам, і не навярнуцца, і каб я не аздаравіў іх”.

28 Дык няхай будзе вам ведама, што паганам паслана гэтае збаўленьне Божае, і яны будуць слухаць.

29 І калі ён гэтае сказаў, выйшлі ад яго жыды, маючы паміж сабою вялікую спрэчку.

30 І жыў праз цэлыя два гады ў сваей нанятай кватэры, і прыймаў усіх, якія прыходзілі да яго,

31 абвяшчаючы каралеўства Божае і вучачы аб Пану Езусе Хрысьце з усей адвагай, без перашкоды.