01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13
Разьдзел 3
1 Дык вось, браты сьвятыя, супольнікі ў нябесным прызваньні, пазнайце Пасланца і Архірэя вызнаньня нашага, Ісуса Хрыста,
2 Які верны паставіўшаму Яго, як і Майсей у-ва ўсім доме Яго (Лічб. 12, 7).
3 Бо Гэты варты тым большае славы перад Майсеем, чым большую чэсьць за дом мае той, хто яго збудаваў.
4 Бо кожны дом кім-небудзь будуецца; а хто ўсё збудаваў, ёсьць Бог.
5 I Майсей верны ў-ва ўсім доме Яго, як слуга, дзеля пасьведчаньня таго, што мела быць сказаным.
6 А Хрыстос — як Сын у доме Яго; дом жа Яго — мы, калі толькі адвагу й пахвалу надзеі цьвёрда даканца захаваем.
7 Дзеля гэтага, як кажа Дух Сьвяты: Сягоньня, калі пачуеце голас Яго,
8 не рабеце цьвёрдымі сэрцы вашыя, як у гневе, у дзень спакушэньня ў пустыні,
9 дзе спакушалі Мяне айцы вашыя, выпрабоўвалі Мяне і бачылі ўчынкі Мае сорак гадоў.
10 Дзеля гэтага угнявіўся Я на род гэны і сказаў: Заўсёды блукаюцца яны сэрцам, а самі не пазналі шляхоў Маіх;
11 дык пакляўся Я ў гневе Маім: ці ўвойдуць яны ў супачынак Мой? (Псал. 94, 7—11).
12 Глядзеце, браты, каб ня было ў кім з вас сэрца хітрага ды нявернага, каб вам не адступіцца ад Бога жывога.
13 Але заклікайце адзін аднаго што-дня, дакуль можна казаці: сягоньня, — каб хто з вас не зачарствеў праз подступ грэху;
14 бо мы сталіся супольнікамі Хрыста, калі толькі пачатак істнаваньня цьвёрда захаваем даканца,
15 дакуль гаворыцца: Сягоньня, калі пачуеце голас Яго, не рабеце цьвёрдымі сэрцы вашыя, як у гневе.
16 Бо некаторыя, пачуўшы, угнявілі; але ня ўсе, што выйшлі з Эгіпту з Майсеем.
17 На каго-ж гневаўся Ён сорак гадоў? Ці не на саграшыўшых, косьці якіх паляглі ў пустыні?
18 Каму-ж кляўся, што ня ўвойдуць у супачынак Яго, калі не непакорным?
19 I бачым, што яны ня здолелі ўвайсьці праз няверые.
|