01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13
Разьдзел 11
1 Вера-ж ёсьць зьдзейсьненьне спадзяванага, пэўнасьць у рэчах, якіх ня бачым.
2 Бо ў ёй пасьведчаны старажытныя.
3 Вераю пазнаем, што вякі складзены словам Божым, каб з нявідомага сталася бачнае.
4 Вераю Авель прынёс Богу ахвяру, лепшую за Каінаву, ды ею дастаў сьвядоцтва праведнасьці, як засьведчыў Бог аб дарох яго; ею ён яшчэ й памершы гаворыць.
5 Вераю Энох быў перанесены, каб Яму сьмерці ня бачыць; і не знайшлі яго, бо перанёс яго Бог. Бо да перанясеньня яго было пасьведчана аб ім, што дагадзіў Богу.
6 А бяз веры дагадзіць немагчыма; бо хто прыходзіць да Бога, мусіць верыць, што Ён ёсьць і шукаючым Яго дае нагароду.
7 Вераю Ной, дазнаўшыся аб ніколі ня бачаным, праз асьцярожнасьць пабудаваў карабель на спасеньне дому свайго; ею асудзіў ён сьвет і па веры ўнасьледаваў праведнасьць.
8 Вераю пакліканы Аўраам паслухаўся, каб ісьці ў месца, якое меў дастаць у спадчыну, і выйшаў, ня ведаючы, куды йдзе.
9 Вераю асеў ён на зямлі абяцанай, як на чужой, і жыў у шатрох з Ізаакам і Якубам, сунасьледнікамі таго-ж прырачэньня;
10 бо чакаў места, маючага фундамэнты, якога будаўнічы й тварэц Бог.
11 Вераю й сама Сара прыняла сілу на зачацьце насеньня і не па часе веку спарадзіла, бо верным лічыла Таго, Хто даў абяцаньне.
12 I дзеля гэтага ад аднаго, пры тым амярцьвелага, нарадзілася гэтак многа, як многа зораў на небе і як нязьлічоны пясок, што на ўзьбярэжжы мора.
13 Усе тыя памерлі водле веры, не атрымаўшы абяцанага, а толькі здалёк пабачыўшы яго, і верылі, і цешыліся, і казалі аб сабе, што яны чужынцы й прыходні на зямлі.
14 Бо тыя, што гэтак кажуць, паказваюць, што яны бацькаўшчыну шукаюць;
15 і, калі-б памяталі тую, з якое выйшлі, дык мелі-б час вярнуцца.
16 Але яны лепшага пажадалі, гэта ёсьць нябеснага; дзеля гэтага і Бог не сароміцца іх, каб іхнім Богам называцца, бо Ён прыгатаваў ім места.
17 Вераю Аўраам, спакушаны, прывёў Ізаака і, прыняўшы прырачэньне, прынёс адзінароднага,
18 аб якім было сказана: У Ізааку назьвецца насеньне табе (Быт. 21, 12);
19 бо ён думаў, што Бог мае сілу і з мёртвых ускрасіць, дзеля чаго й дастаў яго на ўзор.
20 Вераю ў будучае пабагаславіў Ізаак Якуба й Ізава.
21 Вераю Якуб, паміраючы, пабагаславіў кожнага сына Язэпавага і пакланіўся на верх кія свайго.
22 Вераю Язэп, канчаючыся, аб выхадзе сыноў Ізраілявых успамінаў і даў загад аб касьцёх сваіх.
23 Вераю Майсей па нараджэньні тры месяцы хаваны быў бацькамі сваімі, бо бачылі, што дзіця харошае, і не спалохаліся царскага загаду.
24 Вераю Майсей, як вырас, адмовіўся называцца сынам дачкі фараонавае
25 і лепей захацеў паку́́таваць з народам Божым, чым мець дачэсную раскошу грэху,
26 зьнявагу Хрыстовую палічыўшы большым багацьцем, чым скарбы эгіпскія; бо ён на нагароду аглядаўся.
27 Вераю пакінуў ён Эгіпет, не ўбаяўшыся царскага гневу: бо цьвёрды быў, быццам бачачы Нявідомага.
28 Вераю зрабіў пасху і праліцьце крыві, каб нішчыцель першакоў іх не крану́́ў.
29 Вераю перайшлі яны цераз Чырвонае мора, як па сухапуцьцю; чаго паспробаваўшы, Эгіпцяне патапіліся.
30 Вераю ўпалі сьцены Эрыхонскія, абходжаныя навакол сем дзён.
31 Вераю Рааб блудніца, з мірам прыняўшы выведчыкаў, не пагібла з нявернымі.
32 Дый што яшчэ скажу? Бо ня хопіць мне часу, каб апавядаць аб Гедэоне, аб Вараку, аб Самсоне ды Ефтаю, аб Давідзе і Самуіле, ды аб прароках,
33 якія вераю перамагалі царствы, чынілі праўду, даставалі прырачэньні, загараджалі ляпы львоў,
34 тушылі сілу агню, уцякалі ад гострага мяча, крапчэлі ад слабасьці, ставаліся дужымі на вайне, прымушалі ўцякаць палкі чужых.
35 Жоны памершых сваіх з ускрасеньня даставалі; іншыя-ж былі заму́́чаныя, ня прыняўшы вызваленьня, каб дастаці лепшае ўскрасеньне;
36 другія паспыталі зьдзекаў і біцьця, ды йшчэ путаў і вязьніцы,
37 былі каменьнямі пабіваныя, распіловываныя, мучаныя, паміралі ад мяча, туляліся ў гавечых ды казіных скурах, церпячы нэндзу, гора, нягоды,
38 (іх увесь сьвет ня быў варты), бадзяліся па пустынях і горах, па пячорах і шчылінах зямлі.
39 I ўсе гэтыя, дастаўшы пасьведчаньне праз веру, не дасталі абяцанага,
40 бо Бог прадугледзіў аб нас нешта лепшае, каб яны не бяз нас дасяглі дасканаласьці.
|